БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.). „Existiert das Ghetto noch?“ (Гартмут Рус)

Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.). „Existiert das Ghetto noch?“ Weißrussland: Jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft. Verlag „Assoziation A“, Berlin, Hamburg, Göttingen, 2003. 320 S., Abb.

Гэтая вартая падзіву кніга створана дзякуючы пазауніверсітэцкаму кёльнскаму праекту. У рамках завершанай у 2000 г. праграмы візітаў беларускіх ахвяраў нацысцкага тэрору „праектгрупа Беларусь“ правяла апытанне дванаццаці яўрэяў (Фрыды Райсман, Маі Крапінай, Льва Краўца, Зінаіды Нікадзімавай, Уладзіміра Трахтэнберга, Гені Савольнер, Сімы Марголінай, Эльфрыды Азлесавай, Валерыя Мызгаева, Леаніда Рубінштэйна, Розы Герасімавай, Міхаіла Трайстэра) і беларускі Інэсы Булах. Усе яны —  былыя ўдзельнікі супраціву — дзяліліся ўспамінамі пра жыццё ў мінскім гета і досведам абыходжання з імі нямецкіх акупацыйных уладаў. Атрымалася oral history ў лепшым сэнсе, — сведчанні дэтальныя і вельмі пераканаўчыя. Хоць дакументалізацыя асабістых успамінаў змяшчалася і ў нядаўніх беларускіх выданнях, прысвечаных халакосту[1], там яны вельмі часта падаваліся схематызавана і сцісла. Гэтая публікацыя выгодна адрозніваецца ад іх дыферэнцыяваным апытаннем.

Усе апытаныя на момант пачатку вайны былі дзецьмі (дзевяць мелі ад 2 да 11 гадоў) ці юнакамі (чатыры былі ва ўзросце паміж 14 і 17 гадамі). Голад, гвалт і смерць у гета сталі для іх разбуральнай нармальнасцю („Калі, напрыклад, маю маці павесілі і яна вісела на плошчы… Ну, мне тады было 7 ці 8 гадоў, гэта была восень 1943 г. Мы ўжо так наглядзеліся на пакуты і жахі, што гэта стала звычайным… Спачатку мы на ўсё дзівіліся, а потым перасталі“) і, напэўна, траўмай усяго жыцця („Усё, што я перанёс, назаўсёды застанецца ў маёй памяці як жудасны ўспамін пра… смерць родных…, смерць лепшага часу майго жыцця“). Гэта былі акурат найменш падазраваныя дзеці і юнакі, якія, не знаходзячыся пад пільным кантролем паліцыі гета, маглі прапаўзаць пад калючым дротам і прыносіць нешта такое, што можна было есці. Дванаццацігадовыя выконвалі функцыі сувязных паміж падполлем гета і партызанамі або дапамагалі арганізоўваць уцёкі. Лічыцца, што за ўвесь час з мінскага гета ўцякло 10 000 чалавек (Холендэр, с.256), але называюцца і значна меншыя лічбы (Ф.Райсман, с.15). Наогул, як відаць з разыходжанняў у ацэнках колькасці ахвяраў апытанымі (праўдападобна, яны абапіраюцца пераважна на ненадзейныя маскоўскія матэрыялы „Надзвычайнай дзяржаўнай следчай камісіі“ з 1944 г.), агульны падлік яўрэйскіх ахвяраў халакосту ў Беларусі і забітых пад час пагромаў у мінскім гета застаецца вельмі недакладным. У літаратуры гэтая агульная сума ахвяраў вагаецца паміж 245 тыс. і 1 мільёнам (Смілавіцкі, с.277).

Поруч з непазбыўным абліччам жахаў у памяць шмат каго з выжыўшых гэтаксама глыбока ўрэзаўся ўспамін пра „добрых немцаў“. Так, адзін нямецкі супрацоўнік не павёў сваю групу назад у гета і ўратаваў яе ад пэўнай смерці, папярэдзіўшы пра запланаваны пагром. („Я ведаю, … як ён дастаў вялікі кавалак хлеба, парэзаў яго на лустачкі, памазаў мёдам і раздаў усім дзецям. Смак гэтага мёду я помню да гэтага часу“). У суме з інфармацыі апытаных складваецца рознабаковая карціна ўмоў жыцця ў гета. Шкала чалавечых паводзін тут прабягала ад экстрэмальна бяздушнай загартоўкі ў барацьбе за выжыванне да вялікай узаемадапамогі і салідарнасці. Хапала як даносаў з боку неяўрэйскага насельніцтва, так і вартых здзіўлення прыкладаў вельмі спачувальнага стаўлення. У яўрэяў райху („гамбургскія яўрэі“), не меўшых ніякіх кантактаў з навакольным светам, шансы выжыць былі яшчэ меншыя, чым у мясцовых. Некаторыя яўрэйскія дзеці, перапраўленыя кантрабандай з гета ў горад, як, напрыклад, сямігадовая на той час Зінаіда Нікадзімава, у 1944 г. былі завезены эсэсаўцамі ў Нямеччыну.

Праявай прыхаванай антысеміцкай хваробы ў паваенным СССР стала тое, што падполле ў мінскім гета было афіцыйна прызнана рухам супраціву толькі ў 1959 г. „Партызаны былі героямі… У сапраўднасці яны сядзелі… у лесе і нічога не ведалі, што адбывалася ў горадзе“ (З.Нікадзімава).

Успаміны сведкаў грунтоўна дапаўняюцца інфармацыяй васьмі артыкулаў другой часткі кнігі. Сярод аўтараў — два вязні мінскага гета (Фелікс Ліпскі і Гайнц Розенберг). Хрысціян Герлах прадстаўляе сістэмную залежнасць паміж генацыдам і нацыянал–сацыялісцкай палітыкай заваёў на Ўсходзе; Даніэль Раманоўскі (Ерусалім) прапануе кароткую сацыяльную гісторыю мінскага гета, дапоўненую звесткамі Наталлі Яцкевіч з Мінска пра лагер СС на вуліцы Шырокай; Андрэас Холендэр паказвае яўрэўскі супраціў у гета і па–за ім; Дыяна Зібэрт апісвае жыццё яўрэяў напярэдадні фашысцкай акупацыі; Леанід Смілавіцкі (Тэль–Авіў) піша пра працяг антысемітызму ў савецкай Беларусі пасля 1945 г. і ролю яўрэяў у адбудове краіны; у дакладзе Гайнера Ліхтэнштайна, які займаецца прававымі аспектамі нацысцкіх злачынстваў наогул, даюцца кароткія біяграфіі вядомых фашысцкіх дзячоў у Мінску (Блобель, Эрлінгер, Гойзер, Кубэ, Рубэ, незгаданым застаўся Штраўх). Урэшце берлінскі журналіст Паўль Коль, аўтар вельмі пазнавальнай кнігі пра месцы масавых знішчэнняў насельніцтва ў Беларусі[2] і да гэтага часу малавядомага дакументальнага рамана „Schöne Grüße aus Minsk“ (2001) (пра крывавы сцэнар у беларускім цэнтры пад час нацысцкай акупацыі), выступае з артыкулам пра лагер смерці Трасцянец — адно з найбольшых месцаў знішчэння ў Беларусі, што застаецца амаль непрыкмечаным у культуры памяці ў Нямеччыне.

Несумненна, яшчэ большую вагу, чым навуковыя заключэнні рэцэнзентаў, мае ўдзячнае прызнанне аднаго ўражанага заангажаванасцю і маральным імпэтам „праектгрупы Беларусь“: „Я ўсё гэта вельмі цаню. Не толькі тое, што Вы для нас робіце, але і раскаянне, якое Вы адчуваеце, і яно ёсць важным фактарам. Вы робіце гэта незвычайна тактоўна; я цаню гэта як сапраўдны дабрачын“.

Мюнстар

Гартмут Рус


[1] Гл.: Шерман Б.П. Барановичское гетто. Колдычевский лагерь смерти. Барановичи, 1997; Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі 1941—1944. Мінск, 1995; Халакост у Беларусі: 1941—1944. Дакументы і матэрыялы. Мінск, 2002.
[2] Першае выданне — Gütersloh 1990, другое — Fischer, Frankfurt 1995.

Тэгі: ,