БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Блануца, Андрій. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (Аляксандр Доўнар)

БЛАНУЦА, АНДРІЙ. Матеріали до реєстру земельних контрактів волинської шляхти (друга половина XVI ст.). Київ: Інститут історії України, 2005. 129 с.

Даследаванне Андрэя Блануцы прысвечана аналізу кантрактаў адносна зямельнай уласнасці шляхты Луцкага павету Валынскага ваяводства другой паловы XVI ст. Крыніцазнаўчай асновай працы сталі справы Луцкага гродскага (фонд №25) і земскага судоў (фонд №26), якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Ўкраіны ў г. Кіеве. Кніга складаецца з двух раздзелаў. У першым раздзеле „Асаблівасці складання зямельных кантрактаў“ даецца кароткая характарыстыка структуры розных тыпаў зямельных кантрактаў: актаў куплі/продажу, дарэння, заставы, арэнды, абмену зямельных уладанняў.

У працы адзначаецца, што кантракты адносна зямельных уладанняў афармляліся адпаведна тагачаснаму прававому полю згодна з Статутам Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., які дзейнічаў на тэрыторыі Ўкраіны пасля Люблінскай уніі 1569 г. (так званага Валынскага Статуту). Структурна кантракты як юрыдычныя дакументы дзяліліся на ўступную частку, асноўны змест і заканчэнне. Згодна з правіламі дыпламатыкі ўнутраная структура дакумента складалася з інтытуляцыі, прамульгацыі, нарацыі, дыспазіцыі, санкцыі, карабарацыі, субскрыпцыі, датацыі. Яскравым прыкладам такой структуры выступаюць акты куплі/продажу. Адзначаецца, што не ва ўсіх кантрактах былі адзначаныя кампаненты. Кожны тып кантрактаў меў у сваім афармленні асаблівасці.

Аўтар характарызуе кожны тып зямельных кантрактаў. Так, пры аналізе актаў–застаў падкрэсліваецца павелічэнне іх колькасці ў XVI ст. Аўтар адзначае існаванне некалькіх варыянтаў застаўных кантрактаў у судовых актавых кнігах: заставы без дзяржання, заставы з дзяржаннем. Застава без дзяржання афармлялася ў выпадку, калі адна асоба пазычала ў другой пэўную суму грошай і атрымлівала гарантыю, што ў выпадку нясвоечасовай выплаты пазычальнік перадаваў у трыманне свайму крэдытору частку сваіх уладанняў. Застава з дзяржаннем афармлялася, калі крэдытор даваў пазычальніку пэўную суму грошай і адразу атрымліваў ад яго на акрэслены ў кантракце тэрмін вызначаную маёмасць. У дадзеным выпадку прыбыткі ад застаўленай маёмасці ішлі крэдытору ў якасці працэнтаў. Аўтарам падкрэсліваецца, што ў кантрактах па заставе з дзяржаннем у большасці выпадках падрабязна апісвалася зямельнае ўладанне, якое закладвалася. Крэдытору перадавалася разам з маёнткам права спагнання павіннасцяў і права суда над падданымі. Характэрнай асаблівасцю заставы з дзяржаннем была магчымасць перазаставіць маёмасць трэцяй асобе. У кантрактах заставы абавязкова пазначаўся тэрмін вяртання грошай. У працы адзначана, што ў Луцкім павеце ў другой палове XVI ст. кантракты па заставе складаліся пераважна на адзін–тры, радзей — шэсць–сем гадоў. Сярод родзічаў часта практыкаваліся пажыццёвыя застаўныя аперацыі („до живота“).

Аўтар аналізуе паводле дадзеных другой паловы XVI ст. тэрміны складання кантрактаў па зямельнай уласнасці і слушна робіць выснову, што час іх складання залежыў ад каляндарнага цыкла сельскагаспадарчых работ. У сувязі з чым найбольшая колькасць актаў па аперацыях з зямельнай уласнасцю ў Луцкім павеце афармлялася ў летне–восеньскі перыяд (летам заключалася 29% кантрактаў, восенню — 27,6%), бо ў гэты час наглядна праяўлялася вартасць зямлі — асноўнага аб’екта аперацый. У працы адзначаецца, што найбольшая колькасць кантрактаў аб зямельнай уласнасці ажыццяўлялася ў студзені (10,4%), чэрвені (12,3%), верасні (10,8%), кастрычніку (13,1%) [аўтар памылкова сцвярджае, што ў месячным цыкле найбольшая колькасць кантрактаў па зямельнай уласнасці заключалася ў чэрвені, хоць паводле яго ж дадзеных гэты тэзіс трэба аднесці да кастрычніка] ( 23—24). З лістапада да красавіка (за выключэннем студзеня) назіралася рэзкае зніжэнне колькасці заключэння кантрактаў аб зямлі. Гэтыя дадзеныя ўказваюць на яшчэ адзін аспект, які не акрэсліваецца ў працы, але які ўплываў на павелічэнне афармлення актаў па аперацыях з зямельнай уласнасцю — гэта паседжанні павятовага земскага суда, сесіі якога якраз прыпадалі на студзень, чэрвень, кастрычнік. У працы канстатуецца ўплыў восеньскіх кірмашоў і таргоў на тэрміны заключэння кантрактаў аб зямлі, але, на жаль, гэты тэзіс не падмацоўваецца аўтарам канкрэтным матэрыялам.

Прыводзячы аналіз дынамікі запісу (актыкацыі) кантрактаў аб зямлі ў актавыя судовыя кнігі, адзначаецца, што ад часу складання кантракта да часу яго актыкацыі ў судзе магло прайсці ад некалькі дзён да аднаго года (27). Высновы аўтара грунтуюцца на аналізе агульнай сукупнасці ўсіх выяўленых актаў, як з земскіх, так і гродскіх судоў, пры гэтым робіцца выснова, што ў месячным цыкле найчасцей кантракты аб зямлі ўносіліся для запісаў у судовыя актавыя кнігі ў студзені (15,6%), чэрвені (16,1%), кастрычніку (28%) і слушна падкрэсліваецца, што гэта было звязана з зімовай, вясновай і восеньскай сесіямі земскага суда, якія праходзілі ў гэты час (28). У сувязі з чым падаецца, што было б больш лагічным пры характарыстыцы дынамікі актыкацыі кантрактаў праводзіць аналіз асобна для запісаў у актавыя кнігі земскага суда і для запісаў у актавыя кнігі гродскага суда. Гэта дало б магчымасць адказаць на пытанне: „Якому суду і ў які час шляхта аддавала перавагу пры актыкацыі сваіх дакументаў?“

У другім раздзеле кнігі „Рэестр зямельных кантрактаў“ прыведзены рэестры кантрактаў аб зямельнай уласнасці па іх тыпах: рэестры актаў куплі/продажу, заставы, дарэння, абмену, арэнды. Пры іх складанні аўтарам была праведзена скрупулёзная праца з архіўнымі справамі, што дало магчымасць выявіць максімальную колькасць дакументаў па прадмеце даследавання. Рэестры кожнага тыпу зямельных кантрактаў дадзены ў выглядзе табліц, якія складзены для кожнай архіўнай справы асобна. Напрыклад, табліца–рэестр актаў дарэння справы №1 26 фонду першага вопісу, табліца–рэестр актаў дарэння справы №2 26 фонду першага вопісу і г.д. Прызнаючы права на існаванне такога спосабу падачы рэестра дакументаў па праблеме і яго зручнасці для крыніцазнаўчага аналізу асобных кніг земскіх і гродскіх судоў па выбранай праблематыцы, трэба адзначыць, што для аналізу зямельных кантрактаў лепш афармляць рэестр асобных тыпаў кантрактаў у выглядзе адной табліцы, складзенай па храналагічным прынцыпе (па даце складання дакумента), а месца знаходжання акта (фонд, вопіс, аркушы) адзначаць у калонцы „Крыніцы“. Гэта б зрабіла больш зручным працу з рэестрамі для чытача.

Структурныя элементы табліц–рэестраў прадуманы і адлюстроўваюць неабходныя дадзеныя кантрактаў. Так, пры складанні рэестра актаў куплі/продажу зямельных уладанняў пазначаецца дата складання і дата запісу ў судовыя кнігі акта, прадавец, пакупнік, аб’ект і цана аб’екта аперацыі, крыніца інфармацыі. Для актаў арэнды: дата складання і дата запісу ў судовыя кнігі акта, уласнік, хто здаваў у арэнду зямельную уласнасць, арандатар, аб’ект і цана аб’екта аперацыі, тэрмін дзеяння арэнды, крыніца інфармацыі і г.д.

Недахопам працы можна лічыць адсутнасць геаграфічнага і імяннога паказальніка. Іх наяўнасць аблегчыла б карыстанне рэестрамі кніг.

У цэлым даследаванне выканана на высокім навуковым узроўні. Яно будзе карысным для вывучэння сацыяльна–эканамічнай гісторыі Ўкраіны і можа выкарыстоўвацца для вывучэння судовага справаводства, стану прававой свядомасці шляхты ў другой палове XVI ст.

Мінск

Аляксандр Доўнар

Тэгі: , , ,