Аляксандр Груша. Віцебска–рыжскія акты і праблема іх выдання
Сёння, калі выданням сярэднявечных гістарычных крыніц беларускага паходжання аддаецца яшчэ так мала ўвагі, публікацыю малавядомага, а для многіх і зусім невядомага корпуса дакументаў з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Латвіі па зносінах Віцебска з Рыгай у XV—XVI ст., падрыхтаваную Алегам Дзярновічам, я назваў бы сапраўднай падзеяй. На жаль, публікатар некалькі недаацаніў значэнне гэтых дакументаў. А між тым, яны праліваюць святло на гісторыю Віцебска і Віцебскай зямлі з пункту гледжання не толькі іх міжнародных кантактаў, але і становішча ў складзе ВКЛ, а таксама формаў і кірункаў дзейнасці актыўнай часткі іх жыхароў, інстытутаў улады і кіравання. Не гаворачы пра тое, што згаданыя крыніцы змяшчаюць найкаштоўнейшы матэрыял па палеаграфіі і дыпламатыцы. І хоць у зборнік уключаны толькі 7 дакументаў, кожны з іх без перабольшання мае „вагу золата“.
Зрэшты, ацэньваць навуковую значнасць крыніцы — справа ў першую чаргу складальніка выдання, а перада мной стаіць задача вызначыць, як публікатар „Віцебска–рыжскіх актаў“[1] справіўся з пастаўленай мэтай — данесці да чытача (карыстальніка) гэтыя 7 дакументаў шляхам іх навуковай публікацыі.
Археаграфія — да гэтай галіны адносіцца абраны Дзярновічам від навуковай дзейнасці — дыктуе пэўныя агульныя прынцыпы, некаторыя з якіх я ў свой час пастараўся сфармуляваць наступным чынам: 1) паўната прадстаўлення і дакладнасць перадачы тэксту пры дапамозе шрыфтавога набору і апісальных сродкаў; 2) чытэльнасць тэксту; 3) паўната дадзеных пра сам рукапіс: яго атрыбуты як дакумента, архіўнай адзінкі, аб’екта даследчай увагі, крыніцы па гісторыі дзяржавы, народа і мовы, г. зн. тых дадзеных, якія прадстаўляюць яго як гістарычны помнік[2]; 4) сцісласць і ў той жа час паўната і дакладнасць фармулёвак публікатара; 5) лагічнае і зручнае для выкарыстання размяшчэнне структурных адзінак выдання; 6) адпаведнае шрыфтавое вылучэнне ўводных (загаловак, легенда), асноўных (тэкст), суправаджальных (заўвагі) і даведачных (навукова–даведачны апарат) частак выдання[3]. Галоўнымі з’яўляюцца першы і трэці прынцыпы, але вельмі істотнае значэнне маюць і іншыя, асабліва другі. Больш за тое, знаёмства з працай Дзярновіча падштурхнула мяне да фармулявання і яшчэ аднаго прынцыпу (пра гэта ніжэй). Усе названыя прынцыпы абумоўліваюць цэлы комплекс метадаў і прыёмаў.
Паспрабуем разгледзець, як рэалізоўваліся пералічаныя прынцыпы, дакладней, першыя тры, якая методыка выкарыстоўвалася пры гэтым. Бо ў значнай ступені менавіта ад рэалізацыі адзначаных прынцыпаў, ад выкарыстання той ці іншай методыкі залежыць, наколькі эфектыўна і аператыўна будзе весціся пошук, а таксама вывучацца і засвойвацца інфармацыя крыніцы і пра саму крыніцу.
Праца Дзярновіча складаецца з прадмовы („слова ад публікатара“; с. 7—9), нарыса па гісторыі архіўнага комплексу Moscowitica–Ruthenica (10—17), дзвюх схем (на першай схеме адлюстравана эвалюцыя комплексу, на другой — тое, што аўтар назваў „суадносінамі паняццяў аддзела і комплексу Moscowitica–Ruthenica“ (18—19), раздзела пад назвай „прынцыпы публікацыі кірылічных дакументаў“ (20—24), тэкстаў дакументаў і часткі навуковага апарату (загалоўкі, архіўныя шыфры, заўвагі па тэксце) (25—43), ілюстрацый („факсіміле“) дакументаў (44—50), каментараў да іх (51—81), пераліку скарочаных слоў, якія выкарыстоўваюцца ў крыніцах (82), тлумачальнага слоўніка (83—84) і спіса скарачэнняў (85—87).
Структура выдання даволі традыцыйная. Але чаго, здаецца, ніколі не сустракалася ў археаграфіі, дык гэта публікацыі ў адным зборніку аднаго і таго ж дакумента ў двух варыянтах. У выданні Дзярновіча адзін з іх называецца „лінгвістычным“, другі — „адаптаваным“. Для кожнага варыянта характэрныя свае метады і прыёмы перадачы тэксту (гл. табліцу).
„Лінгвістычны“ варыянт
1. Вялікая літара выкарыстоўваецца толькі ў пачатку асобных раздзелаў дакумента, якія адасабляюцца пры дапамозе больш–менш значнага інтэрвалу. 2. Радковыя знакі рознага прызначэння захоўваюцца і ўзнаўляюцца ў тэксце. 3. Выкарыстоўваецца сучасная пунктуацыя. 4. Надрадковыя знакі захоўваюцца і перадаюцца ў тэксце. 5. Абрэвіятуры не раскрываюцца. Знак цітлы захоўваецца. 6. Вынасныя літары перадаюцца з дапамогай верхняга індэкса і курсіву. Знак цітлы захоўваецца. 7. Вынасная „и“ ( Дзярновіч называе яе „паерык“) перадаецца з дапамогай верхняга індэкса. Яе форма пры перадачы набліжана да формы рукапіснай. |
„Адаптаваны“ варыянт
1. Пры ўжыванні вялікіх і малых літар выкарыстоўваюцца ў асноўным правілы сучаснай арфаграфіі. „Манархічныя тытулы (Кароль, Вялікі князь)“, геаграфічныя элементы афіцыйных тытулаў (напр., ваявода Віцебскі) пішуцца з вялікай літары. 2. Радковыя знакі рознага прызначэння не ўзнаўляюцца ў тэксце і не агаворваюцца. 3. Сучасная пунктуацыя не выкарыстоўваецца. 4. Надрадковыя знакі не перадаюцца і не агаворваюцца. 5. Абрэвіятуры раскрываюцца, прапушчаныя літары змяшчаюцца ў круглых дужках. Знак цітлы не перадаецца. 6. Вынасныя літары ўстаўляюцца ў радок і перадаюцца курсівам. Знак цітлы не захоўваецца. 7. Вынасная літара „и“ перадаецца як курсіўная „й“. |
Такім чынам, у перадачы тэксту „лінгвістычным“ і „адаптаваным“ вырыянтамі налічваецца 7 істотных адрозненняў. Прааналізуем іх. Пачнем у першую чаргу з высвятлення таго, што з пералічанага ў першым слупку табліцы мае адносіны ўласна да лінгвістыкі (бо „варыянт“ называецца „лінгвістычным“).
Калі гаварыць пра рукапісную спадчыну таго часу, да якога адносяцца апублікаваныя дакументы, то сувязь выкарыстання вялікіх і малых літар з нормамі (сучаснай) арфаграфіі прасочваецца слаба. Паводле правілаў сучаснай арфаграфіі з вялікай літары пачынаюцца[4] першае слова кожнага самастойнага сказа, уключаючы і пачатак тэксту, а таксама імёны ўласныя, г. зн. нейкія індывідуальныя назвы. У апублікаваных дакументах да арфаграфічных прыёмаў у пэўнай (і не больш) ступені можна аднесці напісанне першай літары тэксту, а таксама першай літары раздзела. Падзел тэкстаў на сказы як на нейкія сінтаксічныя і сэнсавыя часткі не практыкаваўся (калі, безумоўна, не лічыць сказамі асобныя раздзелы ці падраздзелы тэксту, якія па аб’ёме маглі дасягаць старонкі і нават болей). Выразнага ўяўлення пра сказ (а значыць, і пра пачатак сказа) не было нават у канцы XVII ст. І таму наўрад ці пра яго наяўнасць можна сцвярджальна гаварыць у адносінах да XVI ст., а тым больш да XV ст. (калі сталі нават адасабляцца асобныя часткі тэксту дакумента: інтытуляцыя, інскрыпцыя, дата, а таксама буйныя падраздзелы ўнутры раздзелаў)[5]. Правіла пісаць уласныя імёны з вялікай літары не існавала. Не ўжываўся і прыём напісання з вялікай літары слоў, што абазначалі тэолага–агіяграфічныя паняцці (nomina sacra): „Богъ“, „Богородица“, „Троица“ і г. д. (з мэтай вылучэння гэтых слоў практыкаваўся іншы прыём, пра які ніжэй).
Між тым, нельга не заўважыць выпадкі выкарыстання вялікіх і павялічаных літар на пачатку слова, якія не былі падпарадкаваны правілам арфаграфіі. З вялікіх і павялічаных літар маглі пісацца любыя словы, незалежна ад таго, у якой сінтаксічнай пазіцыі яны стаялі, азначалі ўласныя імёны або агульныя. Колькасць такіх слоў павялічваецца ў XVII ст. Як можна растлумачыць гэтую з’яву?
Справа ў тым, што даўнія пісцы імкнуліся не толькі ўдасканальваць прыёмы выканання пісьма, але адначасова рабіць яго больш лёгкачытэльным. Каб тэкст чытаўся лёгка (а значыць, і хутка), ён павінен мець выразныя памежныя сігналы, г. зн. такія сігналы, якія служаць для размежавання адзінак тэксту — слоў[6]. У літарна–гукавым пісьме (самых розных пісьмовых сістэм) быў выпрацаваны найбольш дасканалы памежны сігнал, які, дарэчы, не вычарпаў свайго патэнцыялу і сёння — прабел паміж словамі. Але пры ўсёй сваёй дасканаласці прабел не заўсёды мог дзейнічаць самастойна. Гэта адносіцца ў першую чаргу да выканання хуткага („скарапіснага“) не звязнага пісьма. Як ні стараліся пісцы ствараць паміж словамі выразныя прабелы, пры высокім тэмпе ўзнаўлення пісьма большасць з іх з гэтай задачай не спраўлялася. У выніку на розных участках тэксту атрымліваліся прабелы самых розных памераў, у тым ліку і такія, якія па памерах (па выразнасці) нічым не адрозніваліся ад прабелаў паміж літарамі. Што пры пэўных умовах ствараць названыя прабелы — не такая простая задача, можна праверыць эксперыментальным шляхам у сучасных умовах. Паспрабуем выканаць ад рукі ў высокім тэмпе пісьмо „друкаванымі“ літарамі. Упэўнены, што некаторая (а быць можа, і значная) частка эксперыментатараў атрымае прабелы самых розных памераў, у тым ліку і такія, якія, уласна кажучы, прабелам паміж словам назваць будзе цяжка. Менавіта немагчымасць ва ўсіх выпадках пісаць у хуткім тэмпе так, каб пакідаць выразныя дыферэнцаваныя прабелы (вялікія паміж словамі і малыя паміж літарамі) і прывяла да фармавання сістэмы памежных сігналаў з мноствам элементаў: вынаснымі літарамі; літарамі асаблівых формаў, якія ставіліся ў пачатку слова; кропкамі паміж словамі і групамі слоў і г. д. Адным з памежных сігналаў сталі вялікія і павялічаныя літары, якія пісаліся ў пачатку слова, як ужо адзначалася, незалежна ад таго, азначала яно ўласнае імя ці агульнае, стаяла ці не стаяла ў той ці іншай сінтаксічнай пазіцыі[7].
Зрэшты, каб пераканацца, што асобная група літар выконвала функцыю памежных сігналаў, далёка хадзіць не трэба. Дастаткова азнаёміцца з ілюстрацый дакумента №1 „Віцебска–рыжскіх актаў“ (44). Дарэчы, хоць Дзярновіч ускосна і дэклараваў, што ён адзначае вялікія літары, на практыцы гэтай дэкларацыяй ён кіруецца непаслядоўна. Значыць, нейкае сумненне ў тым, што ўжыванне ўсіх вялікіх літар адносіцца да галіны арфаграфіі, у яго ўсё ж такі было. Калі надрукаваць згаданы дакумент з усімі вялікімі літарамі, ён будзе выглядаць наступным чынам (тут і далей тэкст перададзены спрошчана; сучасныя пунктуацыя і арфаграфія — у адносінах да імёнаў уласных і пэўных сінтаксічных пазіцый — выкарыстана наўмысна, каб наглядна паказаць суадносіны сучаснай і даўняй „арфаграфіі“, вялікія і павялічаныя літары вылучаны паўтлустым шрыфтам):
«От Миколая Немировича, старосты витебског(о) и мце|нског(о), паном вашеи м(и)л(о)сти: всим бурмистром и ратманом | наше приятельство с разъоумноженьемъ м(и)л (о)сти ва|шеи.
А також, милии панове, с пана нашег(о) приказань|емъ, наосвеценеишаго короля, пишу м(и)л(о)сти вашеи, | иж ми панъ наш, наосвеценеишіи корол, казал послати | ку вашеи м(и)л(о)сти, ижбы м(и)л(о)сть ваша то для пана нашего | кроля его м(и)л(о)сти оуделали мистра, обравши такого, | на мои руки прислали, што бы мел оу Витебску склепъ | вечаныи оправити. А то бы ваша м(и)л(о)сть, не мешкая, | для пана нашег(о), наосвеценеишог(о) короля, оуделали, ижбы борзеи | его ваша м(и)л(о)сть прислали. А справу тому мистру всю | подоимуя. А он, приехаши до пана нашег(о), о том ся | змовит, што маеть за свою работу заплату взяти. А пан | нашъ, наосвеценеишіи крол, рад ему заплату дас ту: | за то, о што ся коли съ его м(и)л(о)стью змовит. А то бы ваша | м(и)л(о)сть все оуделали на мои руки и на мои листъ.“ (с. 25, факсіміле дакумента № 1, с. 44)
Зрэшты, гэты прыклад не зусім удалы: і не толькі таму, што дакумент ранні (адносіцца да другой паловы XV ст.), але таксама і па той прычыне, што яго пісец, як і іншыя пісцы гэтага часу, імкнуліся часцей за ўсё павялічваць „и“ і „н“ (што, праўда, не супярэчыць сказанаму мной вышэй), а таксама першую літару радка, ствараючы такім чынам выразную мяжу тэкставага поля.
Калі гаварыць пра першую літару тэксту, якая мела вялікі памер, то яе прызначэнне яшчэ трэба высветліць. Аднак ёсць падставы сцвярджаць, што яе ўжыванне не адносіцца толькі да лінгвістыкі. Яе вытокі, відавочна, трэба шукаць у сакральнай функцыі пісьма. Прызначэнне дадзенай літары, верагодна, мае аналогію з першай літарай алфавіта, якой надаваўся асаблівы — сакральны — сэнс[8].
Значыць, вялікія і павялічаныя літары — гэта галіна не толькі лінгвістыкі, але і палеаграфіі — спецыяльнай гістарычнай навукі, якая вывучае знешні (графічны) аспект пісьма.
Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненні да выкарыстання розных радковых знакаў, якія Дзярновіч называе „знакамі пунктуацыі“. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і я раней у дачыненні да ўсіх радковых знакаў выкарыстоўваў згаданы тэрмін. І гэта было недакладнасцю, калі не памылкай. Тэрмінам „знакі пунктуацыі“ можна абазначыць толькі асобную групу знакаў. У адносінах да актавых дакументаў XV—XVI ст. маса радковых знакаў мела іншае прызначэнне.
З пункту гледжання сінтаксісу і пунктуацыі функцыі знакаў прыпынку заключаюцца 1) у размежаванні сінтаксічных адзінак, адасабленні іх адна ад адной, адзначэнні канца адной і пачатку іншай, адзначэнні заканчэння тэксту; 2) у вылучэнні, адасабленні сінтаксічных адзінак, вылучэнні іх з іх атачэння. Пры гэтым кожны знак прыпынку патрабуе пэўнай інтанацыі. Але ці можна назваць знакамі пунктуацыі, напрыклад, тыя кропкі, якія адзначаны Дзярновічам у яго выданні (гэтыя кропкі, за выключэннем адной, у публікацыі адзначаны ў верхняй частцы радка):
„Веможнымъ · а мне ласка|вымъ · паномъ · ратма|номъ · и справцомъ · места | Ризского · пану · Юри По|дле · а пану · Ганусу · Бу|[тте] · а пану Ганусу Зба|ку ма дан быти |“ (№3, с. 30);
„Притомъ намъ ласковии и мили зычливи п(а)н(о)ве вся рада | оселая · славного · места · Ризкого поведаемъ в(а)шеи м(и)л(о)сти | штож . тых часовъ приходилъ перед насъ мещанин места · | г(о)с(по)д(а)рьского Витебского Семенъ Иванавич Митяевъ зо всими | купцами · места · Витебского обтяжливе жалуючися на бра|каровъ ваших м(и)л(о)сти тых которые бракуют селедцы в месте | в(а)шеи м(и)л(о)сти Рызскомъ так теж и на всих купцовъ места Ризког(о) | которые продают албо меняют купцомъ нашимъ витебским · | селедцы · против товаровъ нашихъ руских што ж в тых селед|цохъ · браку в(а)шеи м(и)л(о)сти ризкого мают купцы н(а)ши витеб|ские великую шкоду для браку в(а)шее м(и)л(о)сти рызкого“ (№ 7, с. 40)
Я сумняваюся. Іх функцыі заключаліся яўна ў іншым. Да таго ж як растлумачыць выпадкі, прычым нярэдкія, калі кропкі (пасярэдзіне, або на ніжняй, або на верхняй лінейцы радка) прастаўляліся ледзь не пасля кожнага слова[9]. Калі ўлічваць, што названыя кропкі знаходзілі выкарыстанне не толькі ў богаслужбовых кнігах (гэтыя кнігі прызначаліся для шматразовага чытання, чыталіся ўголас нараспеў) і чытальных кнігах (згаданыя кнігі таксама былі разлічаны на шматразовае чытанне, практыка іх чытання ўголас таксама была пашыранай), але і ў дзелавой дакументацыі (якая не прызначалася для шматразовага чытання), то за кропкамі давядзецца прызнаць не дэкаратыўнае прызначэнне, як лічыць Дзярновіч (78), а таксама функцыі памежных сігналаў.
Больш за тое, відавочна, паміж кропкамі і прабеламі існуе самая непасрэдная сувязь. Першапачаткова словы і групы слоў (унутры аднаго раздзела ці падраздзела) адасабляліся пры дапамозе адных толькі кропак. Між тым, прастаўленне кропак падразумявала вылучэнне пэўнага прабелу. Калі апошні стаў больш–менш выразны, то разам з кропкай ён стаў выконваць аднолькавыя функцыі. Паколькі і прабелы, і кропкі лакалізаваліся аднолькава, надышоў час, калі павінны былі знікнуць або прабел, або кропка. Знікла кропка. У сувязі са сказаным звяртае на сабе ўвагу наступны факт. Добра вядома, што пры дапамозе кропак адбывалася вылучэнне лічбаў (у кірыліцы яны перадаваліся пры дапамозе літар). Функцыя названай групы кропак не выклікае сумнення: яны былі патрэбны для таго, каб пры чытанні не зблытаць лічбы з літарамі. Дык вось, у тых узорах пісьма, дзе няма кропак паміж словамі (а замест іх функцыянуюць прабелы), як правіла, адсутнічаюць і кропкі, што адасабляюць лічбы (замест іх таксама ставяцца прабелы), і наадварот. У беларускім скорапісе рэгулярнае вылучэнне прабелаў не адразу адмяніла кропкі, якія ў якасці памежнага сігнала сустракаюцца да канца XV ст. Эпізадычная рэанімацыя кропак у якасці памежных сігналаў скорапісу адбываецца ў другой палове XVI ст. Такім чынам, кропкі ўваходзяць таксама ў галіну палеаграфіі[10].
Разгледзім абрэвіятуры. Як вядома, яны падзяляюцца на два віды: 1) кантракцыя (per contractionem), ці сцяжэнне і 2) суспенсія (per suspensionem), ці ўсячэнне. Пры кантракцыі выкідаліся літары ўнутры слова, пры суспенсіі — літары ў канцы слова. Абавязкова скарачаліся словы, якія абазначалі „свяшчэнныя імёны“: „Гь“ („Господь“), „Снъ“ („Сынъ“), „Прркъ“ („пророкъ“) і інш. Нямецкі палеограф Людвіг Траўбе лічыў, што кантракцыя мае сакральнае паходжанне. На яго думку, гэты від скарачэння прыйшоў з яўрэйскага пісьма, у якім імя Бога перадавалася пры дапамозе чатырох літар — так званую „тэтраграму“ (поўнае імя Бога маглі ведаць толькі святары). Пры перакладзе Бібліі на грэцкую мову напісанне з чатырох літар спачатку захоўвалася. Аднак найбольш пашыраным стала перадача гэтага імя пры дапамозе кантракцыі „ӨС“ („ӨЕOС“ — „Бог“) і „КС“ („КYРЙОС“ — „Гасподзь“). Паводле гэтага ўзору былі створаны кантракцыі „ІНС“ і „ХРС“ і інш. Рыска над гэтымі словамі не была знакам скарачэння — так рабілася падкрэсліванне, якое прыцягвала да слова асаблівую ўвагу. Некаторыя даследчыкі аспрэчылі меркаванне Траўбе. Рутберг сцвярджаў, што nomina sacra з’явіліся спачатку ў тэксце Евангелля і толькі потым сталі выкарыстоўвацца пры перапісцы кніг Старога запавету. Ён лічыць, што прататыпам nomina sacra была скарочаная форма імя імператара ў грэцкім курсіве. Паап адзначаў, што „свяшчэнныя імёны“ фармаваліся павольна і паступова; побач са скарочанымі формамі вельмі доўга суіснавалі і поўныя[11]. Як бы там ні было, найбольш раннія паўднёваславянскія і ўсходнеславянскія кірылічныя помнікі адлюстроўваюць менавіта сакральны характар кантракцыі. Гэта праяўляецца, у прыватнасці, у строгай, кананічнай форме старажытнай цітлы — знака, які ставіўся над кантрагаваным словам: пераважна ў выглядзе прамой з дзвюма засечкамі па краях. У той жа час цітлы, што ставіліся над суспенсіямі і вынаснымі літарамі (выконвалі пераважна практычную функцыю), мелі больш „свабодную“ форму: у выглядзе двухскатнага даху, прамой лініі, крыху выгнутай лініі, раўнабаковай дугі.
Суспенсія, відавочна, з самага пачатку служыла практычным задачам: з яе дапамогай эканомілі месца на радку, прычым за кошт тых слоў, якія не адносіліся да кананічнага тэксту, ці вырашалі праблему завяршэння радка на галосную, калі перанос слова быў немагчымы ці немэтазгодны (радок заўжды павінен быў заканчвацца на галосную літару, ці на „ъ“ і „ь“, якія спачатку абазначалі паўгалосныя[12]; такая практыка існавала, у тым ліку і ў XVII ст.). Праблема эканоміі, дакладней, нават правільнага размеркавання тэксту, была тым больш актуальнай, што тэкст пісаўся ў два слупкі. Значыць, абрэвіятуры — гэта не адна лінгвістыка.
Як ужо адзначалася, вынасныя літары (per litteras suprascriptas) таксама былі элементам сістэмы памежных сігналаў[13]. Можна заўважыць, што ў найбольш старажытных кірылічных помніках прыём вынасу літар над радком выкарыстоўваўся ў спалучэнні з кантракцыяй, напрыклад, „м(и)л(о)сть“, „вл(а)д(ы)ко“, а таксама ў тых выпадках, што і суспенсія, прычым у спалучэнні з ёй: у канцы радка, напрыклад: „реч(е)“ (вынасныя літары ў прыведзеных прыкладах адзначаны курсівам). Такім чынам, у першым выпадку вынас літар над радком дапамагаў правільна прачытаць скарочанае слова (часта доўгае), у другім, як і суспенсія, служыў мэце вырашэння праблемы завяршэння радка на галосную літару. У далейшым першапачатковыя функцыі вынасных літар захоўваліся, але не дамінавалі. Даследчыкі ўкраінскага кірылічнага скарапіснага пісьма (кіеўскага скорапісу) XVII ст., якое амаль нічым не адрознівалася ад беларускага скорапісу гэтага часу, адзначаюць наступныя яго прыкметы: значную безадрыўнасць пісьма, набліжэнне яго да курсіву і адначасова наяўнасць невялікай колькасці скарачэнняў і вынасных літар[14]. Звязнае напісанне — адзін з памежных сігналаў. Павелічэнне звязнасці паміж літарамі аднаго слова натуральным чынам вяло да выразнасці прабелу паміж словамі, што рабіла непатрэбнымі іншыя памежныя сігналы. Апошняе адносіцца і да вынасных літар, колькасць якіх па меры павелічэння звязнасці пісьма зніжаецца (а ў рускім скорапісе, які, у адрозненне ад беларускага, не спыніў свайго развіцця, яны ў XVIII ст. увогуле знікаюць). Такім чынам, вынасныя літары — гэта таксама не „чыстая“ лінгвістыка.
Калі прыведзеныя тлумачэнні адносна паходжання скарачэнняў слушныя, то толькі да адной лінгвістыкі нельга аднесці і знак цітлы. Думка Траўбе, што цітла служыла для падкрэслівання слова, відавочна, мае пад сабой грунт. Можна меркаваць, што прастаўленне цітлы мела таксама і практычныя задачы: у выпадку скарачэння шляхам кантракцыі яна вылучала асобныя цэлыя словы; у выпадку суспенсіі — канец слова; вынасу літар, якія стаялі ў сярэдзіне слова — адсутнасць мяжы паміж словамі, вынасу літар у канцы слова — канец гэтага слова і адпаведна пачатак наступнага, г. зн. ва ўсіх пералічаных выпадках цітла выкарыстоўвалася ў якасці памежнага сігнала. Прымальна да вынасных літар (незалежна ад іх становішча ў слове) цітлы выконвалі дадатковую функцыю — падкрэсліваючы (у літаральным сэнсе) гэты памежны сігнал, г. зн. вылучаючы яго больш выразна.
Дзярновіч уводзіць у сферу лінгвістыкі і прыём адзначэння вынасной літары „и“, якую ён называе паеркам (23). Ён яе абазначае пры дапамозе верхняга індэкса знакам, які па форме набліжаны да графікі рукапіснай. Па першае, вынасная „и“ — гэта не паерак. Назву „паерак“ (ерак, ерчык, ерціца) меў надрадковы знак, які абазначаў прапушчаныя „ъ“ і „ь“[15]. Адзін з яго варыянтаў нагадваў варыянт вынасной „и“. Адсюль і блытаніна. Па–другое, хоць вынасная „и“ сапраўды была графемай (абазначала гук [j]), але яе графіка непасрэдна ўзыходзіць да радковай „и“. Іншымі словамі — гэта якраз графічны варыянт радковай „и“. Першапачатковы варыянт вынасной „и“ — дзве вертыкальныя або нахіленыя рысачкі ці дужкі, з другой чвэрці XVI ст. яе форма амаль нічым не адрознівалася ад „и“. Тое, што спасцігла яе далей — стала нагадваць лацінскую s — агульная з’ява для ўсіх цітлападобных літар[16]. Каб мацней наблізіць цітлападобныя літары да формы цітлы, з імі праводзілі самыя розныя графічныя маніпуляцыі: іх расцягвалі і звівалі („м“), клалі на бок („з“, „р“), ніжнія вынасныя элементы адводзілі ўбок („ц“) ці наогул выдалялі („д“) і г. д. Тое ж самае адбываецца і з вынасной „и“. Калі з апошняй трэці XVI ст. у беларускім скорапісе цітлы сталі больш вузкімі і выпуклымі, а з першай чвэрці XVII ст. часта пісаліся як перавернутыя s, вынасная „и“ набывае форму s (у апошняй трэці XVI ст. — у шэрагу выпадкаў, а з пачатку XVII ст. — рэгулярна), а таксама дужкі[17]. Дарэчы, з сярэдзіны XVI ст. для абазначэння ётаванай „і“ пачынае выкарыстоўвацца і варыянт у выглядзе дзвюх гарызантальных паралельных прамых ці крывых, якія злучаны касой рыскай. Яго вытокі, відавочна, таксама трэба шукаць у графіцы радковай „и“. Такім чынам, яшчэ раз паўторым, вынасная s — гэта ўсяго толькі графічны варыянт радковай „и“. Калі Дзярновіч абірае шлях абазначэння гука [j] пры дапамозе спецыяльнага знака, то гэты знак ва ўсіх выпадках павінен быць аднолькавым, але ім выкарыстоўваюцца тры розныя знакі (23). Значыць, такім чынам адлюстравана графіка літар. А гэта ўжо адносіцца толькі да палеаграфіі.
Зрэшты, трэба прызнаць, што ў галіне палеаграфіі міжпрадметныя сувязі гісторыі і лінгвістыкі з’яўляюцца настолькі цеснымі, што вызначыць выразную мяжу паміж дзвюма гэтымі сферамі гуманітарнай навукі (гісторыяй і лінгвістыкай) немагчыма. Натуральна, што ў сувязі са сказаным называць адзначаны спосаб перадачы тэксту „лінгвістычным“ варыянтам не выпадае. Яго больш мэтазгодна ахарактарызаваць як палеаграфічна–лінгвістычны ці лінгвістычна–палеаграфічны. Калі б Дзярновіч не стаў прыпісваць сабе права на аўтарства тэрміна „лінгвістычны варыянт“[18], то ў якасці контраргумента ён мог бы спаслацца на даўнюю традыцыю выкарыстання гэтага тэрміна. Аднак у любым выпадку падобныя традыцыі (якія не маюць пад сабой фактычных падставаў) варта абавязкова ламаць. З іншага боку, чаму пры выданні гістарычнай крыніцы павінен дамінаваць нейкі адзін яе бок, і менавіта лінгвістычны?
Больш пытанняў выклікаюць прыёмы выдання крыніцы: у двух варыянтах, а таксама перадача тэксту ў адным з варыянтаў („лінгвістычным“) з узнаўленнем у самім тэксце радковых і надрадковых знакаў, цітлаў, вынасных літар пры дапамозе верхняга індэкса, нераскрытых абрэвіятур пры ігнараванні сучасных знакаў прыпынку.
Увогуле праблема прынцыпаў, метадаў і прыёмаў перадачы тэксту з’яўляецца цэнтральнай у археаграфіі. У аснове археаграфічнай практыкі ляжыць ідэя множання навукова апрацаваных копій пісьмовай гістарычнай крыніцы пры дапамозе даступных (адносна простых і танных з пункту гледжання тэхналогіі вытворчасці і танных з пункту гледжання рэалізацыі) сродкаў. Найбольш даступным спосабам з’яўляецца на сённяшні дзень друк шрыфтавым наборным спосабам. Тэкст — найбольш важная частка пісьмовай крыніцы. Ён не толькі перадае вусную інфармацыю, якая ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, але і служыць крыніцай дадзеных па гісторыі мовы, што з’яўляецца ўжо сферай лінгвістыкі. Паколькі масты паміж гістарычнай навукай і лінгвістыкай яшчэ даволі хісткія, гэта абумовіла ўжыванне „спажывецкіх“ адносінаў да тэксту, калі кожны з названых бакоў ігнаруе інтарэсы іншага. Апошняе і прывяло да з’яўлення ў археаграфіі двух асноўных кірункаў у перадачы тэксту: першы — „лінгвістычны“ (ён называецца яшчэ і „дыпламатычным“), які мае на мэце пры дапамозе тэксту адлюстраваць у тым ліку дадзеныя пра мову, другі — „крытычны“ (адаптаваны), мэтай якога з’яўляецца ў першую чаргу перадача вуснай інфармацыі крыніцы. У цяперашні час, па меры павелічэння міжпрадметных сувязяў паміж гісторыяй і лінгвістыкай, можна канстатаваць новыя падыходы ў вывучэнні крыніц, калі набывае важнасць даследаванне ўсіх іх прыкмет (не толькі ўнутраных, але і знешніх), што ў сваю чаргу стымулюе развіццё такіх спецыяльных гістарычных навук, як палеаграфія, дыпламатыка, кадыкалогія, тэксталогія і інш. Таму сёння для гісторыка не дастаткова ўзнавіць толькі тэкст дакумента, яму патрэбна інфармацыя пра тое, якімі прыкметамі характарызуецца пісьмо тэксту, на чым выкананы гэты тэкст і г. д. Зрэшты, менавіта сукупнасць усіх прыкмет дакумента дае нам права гаварыць пра яго як пра гістарычную крыніцу. Так сталася, што лінгвісты, адзначаючы розны „дапаможны апарат“ тэксту, — розныя радковыя і надрадковыя знакі, — фіксуюць іх у публікацыі менавіта там, дзе ім належала быць у тэксце крыніцы, прычым робяць гэта з дапамогай даволі абмежаваных паліграфічных сродкаў. У пэўнай ступені пад уплывам лінгвістаў так пачалі рабіць у некаторых „гістарычных выданнях“. І хоць „магія“ тэксту даволі моцная, тым не менш няма падставаў адмаўляць права яшчэ адной спецыяльнай гістарычнай навукі — археаграфіі — карыстацца сваімі спецыяльнымі метадамі, а не толькі далёкім ад дасканаласці „фатаграфаваннем паліграфічнымі сродкамі“.
Увогуле, на чым грунтуецца прынцып, што ўсё змешчанае ў тэксце крыніцы трэба абавязкова адлюстраваць у публікацыі тэксту, прычым выконваць такім спосабам, як гэта зроблена ў крыніцы? Няўжо прыхільнікаў названага прынцыпу так моцна цісне імкненне любой цаной данесці знешні вобраз тэксту? Натуральна — гэта немагчыма, калі для прадстаўлення і перадачы тэксту абіраецца шрыфтавы наборны спосаб, а не факсімільны. Пра нейкія іншыя імкненні я здагадацца не магу.
Пры вырашэнні праблемы перадачы тэксту трэба зыходзіць з наступнага. Па–першае, публікатар перадае не проста тэкст, а вынікі яго навуковай крытыкі. Прыступаючы да працы, ён, на першы погляд, зыходзячы са сваіх прафесійных навыкаў і ўменняў, распрацоўвае нейкія агульныя падыходы, пачынаючы ад агульных прынцыпаў публікацыі і заканчваючы прыватнымі тэхнічныя прыёмамі. Але вынікам напружання яго інтэлектуальных сіл у гэтым выпадку чамусьці застаецца, па–сутнасці, механічнае капіяванне.
Па–другое, сучасны друкаваны тэкст з яго паліграфічнымі і лінгвістычнымі нормамі (сучаснай арфаграфіяй, пунктуацыяй, шрыфтамі і г. д) з’яўляецца прадуктам працяглай эвалюцыі, у выніку якой адбываўся пошук і адбор найбольш дасканалых сродкаў яго перадачы. Плёнам гэтай эвалюцыі мы і карыстаемся сёння. Якія існуюць матывы абіраць іншы шлях і ўступаць у супярэчнасць з сучаснымі дасягненнямі?
Па–трэцяе (і гэта галоўнае), пры сваёй дасканаласці сучасны шрыфт не можа адлюстраваць усіх нюансаў рукапіснага пісьма, а тым больш асаблівасцяў індывідуальнага пісьма (почырку)[19]. А сёння навука не можа задаволіцца агульнай інфармацыяй. Калі гаварыць, напрыклад, пра радковыя і надрадковыя знакі, мала толькі адзначыць іх месца размяшчэння і перадаць іх нейкім падобным знакам (а менавіта так і адбываецца пры выкарыстанні нават самых спецыялізаваных паліграфічных сродкаў), трэба даць дакладную выяву. Адныя і тыя ж надрадковыя знакі маглі мець розныя формы, памеры і іншыя прыкметы. У шэрагу выпадкаў менавіта ў дэталях гэтых прыкмет і заключаецца адказ на пытанне: што гэта за знак.
За час працы над публікацыяй гістарычных крыніц я выпрацаваў прынцып: калі не рашаецца тэхнічны бок праблемы, тады памылку трэба шукаць у агульным метадзе. Праблем тэхнічнага характару ў Дзярновіча багата, і гэтага ён не хавае. „Па тэхнічных прычынах“, нягледзячы на разнастайнасць формаў і памераў цітлаў, якія фігуруюць у апублікаваных дакументах, Дзярновіч абірае адзін — „стандартны“ — варыянт (21), надрадковыя знакі прастаўляюцца не проста над літарамі (дзе ў большасці выпадкаў яны і павінны стаяць), а ўверсе справа ад іх (21—22). Гэтыя праблемы нараджаюць у Дзярновіча думку, якую ён палічыў вельмі важнай, каб зрабіць адступленне і падзяліцца ёй з чытачом: найбольш спрошчаныя варыянты перадачы тэксту распрацоўваліся ў „эпоху“, калі кампутарныя тэхналогіі былі недаступныя (22). Праблема, на першы погляд, банальная: у табліцы сімвалаў персанальнага кампутара Дзярновіча не аказалася цітлаў патрэбнай формы і знакаў, што маглі быць размешчаны непасрэдна над літарай. У сувязі з гэтым адзначым, што публікацыя тэксту з надрадковымі знакамі, у тым ліку і з цітламі, не з’яўляецца наватарствам (пра гэта ніжэй), і што ў „эпоху“ няведання кампутарных тэхналогій такія праблемы вырашаліся куды больш паспяхова. Тэхнічныя абмежаванні ў працы археографа–публікатара, вядома, ёсць заўжды. Гэтага ніхто не адмаўляе. Аднак Дзярновіч, абраўшы згаданыя прыёмы публікацыі, яшчэ мацней звузіў кола сваіх магчымасцяў.
Па нашым глыбокім перакананні згаданыя праблемы будуць вырашаны, прычым значна больш удала, у тым выпадку, калі інфармацыя пра радковыя і надрадковыя знакі будзе размешчана ў навуковым апараце (легендзе і заўвагах па тэксце). Дарэчы, у адносінах да некаторых відаў працы з тэкстам — гэта даўно выпрацаваная і апрабаваная практыка. Ад апошняй не адмаўляецца і Дзярновіч, калі ў заўвагах паведамляе, напрыклад, пра асаблівасці размяшчэння тэксту і неразборлівыя месцы.
Між іншым, я не ведаю ніводнай публікацыі крыніцы, у тэксце якой, напрыклад, як і ў яе арыгінале была б пастаўлена клякса; літара была надрукавана па іншай літары, калі ў арыгінале выпраўленне было зроблена шляхам напісання адной літары па другой і г. д. Але калі публікатар не робіць гэтага, значыць, ён павінен быць паслядоўны ў іншых выпадках.
Пры перамяшчэнні звестак па тэксце ў навуковы апарат магчымасці публікатара даць вычарпальную інфармацыю, напрыклад, пра радковыя і надрадковыя знакі, значна павялічваюцца. Там можна надрукаваць інфармацыю пра месца размяшчэння, форму, колер чарніла і іншыя прыкметы таго ці іншага знака практычна ў любым аб’ёме, размясціць яго клішэ — выкананае ад рукі ці скапіяванае і апрацаванае на кампутары (як бачна, кампутарныя тэхналогіі не такія ўжо абмежаваныя). Менавіта так рэкамендавалася ў маіх „Метадычных рэкамендацыях“[20] (пра клішэ мы, праўда, не згадвалі), так зрабілі расійскія публікатары С. Каштанаў і Л. Сталярова ў зборніку „Россия и греческий мир в XVI веке“[21]. Магчымасці выкарыстання навуковага апарату я паспрабаваў паказаць у „Метадычных рэкамендацыях“. Дадам толькі, што гэтыя магчымасці, па–сутнасці, не абмежаваныя для прадстаўлення і перадачы не толькі тэксту, але і значнай часткі прыкмет крыніцы (у тым ліку і знешніх).
Магчымы і іншы спосаб публікацыі крыніцы, і ён, напэўна, на сёння самы перспектыўны, а менавіта: спалучэнне двух відаў публікацыі тэксту — шрыфтавым наборным спосабам і факсімільным (шляхам лічбавання крыніцы). Навуковы апарат у выглядзе легенды і заўваг па тэксце пры гэтым захоўваецца, але ён набывае дадатковы статус — кантрольны.
Такім чынам, пытанне „што важней — максімальна адэкватная перадача арыгіналу выдавецкім спосабам ці чытабельнасць зместу дакумента?“ (20), якім задаецца Дзярновіч, трэба аднесці да ліку рытарычных. Бо тое, што Дзярновіч называе „адэкватнай перадачай арыгіналу“ і чытабельнасцю „зместу“ (Дзярновіч, відаць, хацеў сказаць „тэксту“), могуць быць рэалізаваны адначасова.
Складваецца ўражанне, што ў асобе публікатара з пераменнай перавагай жорстка змагаюцца тры якасці: недастатковы вопыт працы ў галіне археаграфіі, адсутнасць самастойнага мыслення, а таксама завышаныя прэтэнзіі на першынства ў рашэнні шэрагу метадычных праблем гэтай навукі.
Ужо гаварылася, што Дзярновіч нясціпла прыпісаў сабе аўтарства тэрміна „лінгвістычны варыянт“. Між тым, гэты тэрмін даўно і добра вядомы ў археаграфіі (лінгвістычны метад ці спосаб). Наўрад ці Дзярновіч мог не ведаць „Правілаў лінгвістычнага выдання помнікаў старажытнарускай пісьменнасці“ (склала В. Князеўская), якія былі выдадзены яшчэ ў 1961 г. Менавіта „лінгвістычны“ спосаб падразумявае ўжыванне, у прыватнасці, такіх прыёмаў, як захаванне літар, што выйшлі з ужытку; перадачу надрадковых знакаў (у тым ліку цітлаў) і знакаў прыпынку (пад якімі часта падразумяваюць памежныя сігналы); перадачу вынасных літар пры дапамозе верхняга індэкса (над радком) — інакш кажучы ўсё тое, што і прапаноўвае Дзярновіч. „Лінгвістычны“ спосаб шырока выкарыстоўваўся раней і выкарыстоўваецца сёння пераважна лінгвістамі як у навуковых выданнях (пры публікацыі[22], апісанні крыніц[23], цытаванні[24]), так і ў навучальных[25]. Уласна кажучы, яго ўжыванне сярод лінгвістаў з’яўляецца правілам. „Лінгвістычныя“ патрабаванні адлюстраваны і ў „гістарычных выданнях“, напрыклад, у вядомых „Новгородских грамотах на бересте…“, што выходзяць з 1953 г. „Лінгвістычны“ спосаб мае і яшчэ адну назву — „дыпламатычны“. Сучасны ўкраінскі археограф Німчук прыводзіць наступныя прыёмы „дыпламатычнага“ спосабу перадачы тэксту: надрадковыя знакі захоўваюцца і друкуюцца над радком[26]; розныя літары, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння аднаго і таго ж гука, захоўваюцца[27]; абрэвіятуры не раскрываюцца[28]; перадаюцца радковыя знакі[29]; размеркаванне вялікіх і малых літар захоўваецца такім, як і ў крыніцы[30]. Гэтыя прыёмы характэрныя і для такога спосабу перадачы тэксту, які Німчук вызначае як дыпламатычна–крытычны[31]. У пэўнай ступені прадстаўлены яны ў прапанаваным тым жа аўтарам крытычна–дыпламатычным спосабе[32].
Дзярновіч не лічыць патрэбным паведаміць чытачу пра наяўную практыку. Яе як быццам не існуе, і тое, што ім прапануецца, робіцца быццам упершыню. Таму яму не даводзіцца даваць ацэнку наяўным падыходам, аналізаваць сучасныя метады і прыёмы, „чапляцца“ за спрэчныя ў тэорыі і практыцы моманты. Зразумела — іх няма. Дзярновіч задаецца простымі пытаннямі і тут жа дае на іх простыя адказы. Усё гэта робіцца спакойным і крыху прыўзнятым тонам глыбокага і аўтарытэтнага спецыяліста. Між тым, праблема ў тым і заключаецца: пытанні, на якіх акцэнтуе ўвагу Дзярновіч, маюць багатую гістарыяграфію. Аднак пра сваіх папярэднікаў ён не палічыў патрэбным сказаць ні слова.
Затое калі гаворка зайшла пра „адаптаваны“ варыянт перадачы тэксту, Дзярновіч не пашкадаваў месца ў падрадковых заўвагах для своеасаблівага „чорнага спісу“ метадычных рэкамендацый, у якіх, як ён лічыць, гэты варыянт прапануецца. Ці то з прычыны павярхоўнага знаёмства з гэтымі рэкамендацыямі, ці з–за празмернага імкнення паказаць сваё першынства ў гэты спіс трапілі працы, якія адлюстроўваюць самыя розныя спосабы перадачы тэксту. Больш за тое, спецыфіка некаторых з гэтых прац у тым, што ў іх апублікаваны рэкамендацыі адначасова для двух спосабаў перадачы тэксту: дыпламатычнага (=„лінгвістычнага“) і папулярнага (=„адаптаванага“), як, напрыклад, у „Правілах“ Страшко. Прычым апошні згаданую спецыфіку сваёй працы адлюстраваў у яе назве[33]. Усё гэта зусім не збянтэжыла Дзярновіча. Калі пазнаёміцца са зместам „Правілаў“ Страшко, то навізна методыкі Дзярновіча стане зусім уяўнай. Вось што прапануе Страшко для публікацыі тэксту дыпламатычным спосабам. Захоўваюцца ўсе кірылічныя літары, уключаючы „ъ“ і „ь“[34], вынасныя літары ўзнаўляюцца пры дапамозе верхняга індэкса[35]; перадаюцца паеркі[36], дыякрытычныя знакі[37]; скарачэнні (з цітламі ці без іх) не расшыфроўваюцца[38], выкарыстанне вялікіх і малых літар захоўваецца такім, як у крыніцы[39]; знакі пунктуацыі, ужытыя ў крыніцы, захоўваюцца[40]. У дадатку змешчаны ўзор публікацыі тэксту дыпламатычным спосабам[41]. Дык чаго ж няма ў Страшко з таго, што ёсць у Дзярновіча?
Але як „элегантна“ Дзярновіч адмежаваўся ад пералічаных выданняў: яны ў аснове сваёй (тэрмін Дзярновіча) адпавядаюць правілам адаптаванага варыянта публікацыі тэксту (22—23). Што азначае ў святле сказанага „ў аснове сваёй“: у сярэднім арыфметычным?[42]
Дасталося ад Дзярновіча і маім „Метадычным рэкамендацыям“ — яны таксама трапілі ў лік „адаптаваных“. Між тым, у раздзеле „Рэкамендацый“, прысвечаным прадстаўленню і перадачы тэксту, ясна сказана, што выкарыстоўваюцца ў асноўным усе літары, якія выйшлі з ужытку[43] (не друкуецца адна з так званых дублетных літар, бо калі адна з іх захоўваецца, другая сама сабой падразумяваецца; не ўжываецца „й“ — такой літары не існавала, а была „и“ з надрадковым знакам, якія адзначаюцца асобна, як і ўсе астатнія падобныя знакі), вынасныя літары хоць і перадаюцца ў радку, але вылучаюцца курсівам[44]; хоць прапушчаныя ў скарачэннях літары і ўносяцца ў радок, але ставяцца ў круглых дужках[45]; хоць знакі прыпынку (цяпер бы я выказаўся інакш — „радковыя знакі“), якія ёсць у тэксце, і не ўзнаўляюцца, але пра іх наяўнасць гаворыцца ў заўвагах[46]; тое ж самае адносіцца і да надрадковых знакаў[47]. Такім чынам, я абсалютна не ігнарую радковыя і надрадковыя знакі, але рэкамендую фіксаваць іх іншым (як лічу, больш дасканалым) спосабам. Акрамя таго, я рэкамендую пэўны склад элементаў, а таксама прыёмы апісання радковых і надрадковых знакаў[48]. Калі быць паслядоўным, то такому наватару, як Дзярновіч, варта было б адзначаць, апрача абрэвіятур, таксама і такі тып скарачэння, як лігатуры. Як гэта можна зрабіць — таксама напісана ў „Метадычных рэкамендацыях“[49].
У той жа час, калі спасылка даецца на Каштанава (як на прыхільніка „адаптаванага“ варыянта перадачы тэксту), то чаму адзначаюцца раннія (метадычныя рэкамендацыі па выданні „Актаў Рускай дзяржавы“ Каштанава, упершыню надрукаваныя ў 1998 г., былі распрацаваны ў 1987 г.[50]), а не апошнія яго працы (як згаданы зборнік „Россия и греческий мир в XVI в.“)?
Што тут перамагае: нястрымны „дух наватарства“ ці элементарная недасведчанасць — для мяне незразумела. У любым выпадку, стыль і асаблівасці працы Дзярновіча тут праяўляюцца надзвычай рэльефна.
Характарыстыку стылю працы публікатара „Віцебска–рыжскіх актаў“ можна дапоўніць. Мала таго, што ўзор публікацыі прыняты звонку, гэты ўзор успрымаецца публікатарам як канон, ад якога ён амаль не адыходзіць. Адсюль „фармальнасць“ (тэрмін „фармальны“ не трэба блытаць з тэрмінам „фармалізаваны“) шэрагу прыёмаў публікацыі. Незразумела, чаго дамагаецца публікатар, калі ў „лінгвістычным“ варыянце ён не раскрывае абрэвіятуры і захоўвае цітлы, пры тым, што ў „адаптаваным варыянце“ цітлы раскрываюцца, а літары, што ўносяцца ў слова, заключаюцца ў круглыя дужкі. Бо апошнія для таго і патрэбны, каб паведаміць пра склад абрэвіятуры і такім чынам адасобіць літары абрэвіятуры ад тых, што ўнесены публікатарам. Незразумела таксама, чаму вынасныя літары Дзярновіч узнаўляе пры дапамозе верхняга індэкса[51] і процістаўляе гэты прыём „адаптаванаму“ — калі вынасная літара перадаецца курсівам. І той, і іншы прыёмы выконваюць аднолькавую функцыю — абодва сігналізуюць, што літара вынесена над радком[52]. Нельга зразумець і мэтазгоднасць прыёму захавання цітлаў пры абрэвіятурах і вынасных літарах. Хто больш–менш знаёмы са старым пісьмом, ведае, што і першы, і другі прыёмы скарачэння суправаджаліся цітламі. Калі адзначаны адначасова і абрэвіятура, і вынасная літара, неабходнасць інфармаваць пра цітлу адпадае. У гэтым правіле можа быць толькі два выключэнні: калі цітла пастаўлена памылкова (наўрад ці „для прыгажосці“, як піша Дзярновіч; с. 21), і калі выносіцца цітлападобная літара. Аднак і пра тое, і пра гэта можна паінфармаваць у навуковым апараце, прычым зрабіць гэта больш дакладна.
Апрача таго, творчы запал Дзярновіча не ведае межаў там, дзе яго варта было б утаймаваць. Я маю на ўвазе два блокі інфармацыі навуковага апарату выдання. Першы блок аб’ядноўвае ў асноўным звесткі часткова пра літарнае абазначэнне гукавога складу слоў, часткова пра асаблівасці размяшчэння „дублетных“ літар, часткова пра склад радковых і надрадковых знакаў. Другі блок (ён вылучаны ў асобную частку і называецца „актавы пратакол“) змяшчае дадзеныя пра межы кампанентаў фармуляра дакументаў. Дарэчы, інфармацыя пра графічныя варыянты літар прыводзіцца ўперамешку з інфармацыяй пра графемы, як быццам гэта адно і тое ж (напрыклад, „літара к перадаецца як дзве дужкі. Для перадачы я выкарыстоўваюцца літары ѧ (пасля зычных) і ıa (пасля галосных) <…>; c.51). Зразумець сэнс некаторых фраз тыпу „характэрная функцыя літары û — злучнік паміж словамі“ (68) ці „характэрная функцыя літараў û і â — злучнік паміж словамі“ (70) без дадатковых тлумачэнняў немагчыма. Але гаворка не пра гэта. Усё, што змяшчае першы блок, адлюстравана ў „лінгвістычным“ варыянце тэксту. Таму няма неабходнасці паўторна фіксаваць гэтую інфармацыю[53].
Але чым асабліва здзівіў Дзярновіч, дык гэта другім блокам інфармацыі. Калі інфармацыя названага блока разлічана на больш–менш падрыхтаванага чытача, дык навошта яму пры наяўнасці апублікаванага тэксту адзначаць, з якіх дыпламатычных кампанентаў складаецца дакумент, а таксама „вадзіць пальцам“ і паказваць, напрыклад, дзе заканчваецца нарацыя і пачынаецца дыспазіцыя? А калі ставяцца задачы азнаямленчага характару, то варта было б, па крайняй меры, растлумачыць, што абазначаюць гэтыя мудрагелістыя словы (хаця б шляхам прывядзення беларускіх адпаведнікаў).
Сказанае дае нам падставы сфармуляваць яшчэ адзін прынцып археаграфічнай працы (што было абяцана ў самым пачатку): прынцып кампактнасці інфармацыі пра крыніцу. Іншымі словамі — інфармацыя пра крыніцу ў выданні не павінна паўтарацца (незалежна ад формы прадстаўлення). Гэтым прынцыпам Дзярновіч не кіруецца.
У святле сказанага прынцыпы і методыку працы Дзярновіча спрошчанымі назваць нельга, але прымітыўнымі — можна. Метадалагічны гібрыд, які прапанаваў Дзярновіч, негатыўным чынам адлюстроўваецца на працэсе пошуку, вывучэння і засваення той інфармацыі крыніцы і пра крыніцу, якую ён размясціў у „Віцебска–рыжскіх актах“.
Цяпер звернемся да праблемы паўнаты гэтай інфармацыі. Тое значэнне, якое Дзярновіч надае радковым і надрадковым заўвагам, прымушае пачаць менавіта з іх. Паводле ўласнага прызнання, ён не змог кампутарнымі сродкамі зафіксаваць форму цітлаў і з мэтай іх абазначэння абраў адзін яе „стандартны“ варыянт. На самай справе, такіх варыянтаў у выданні некалькі, але ў любым выпадку яны не адлюстроўваць усе тыя варыянты цітлаў, якія сустракаюцца ў тэксце апублікаваных дакументаў. Дзярновіч паспрабаваў вырашыць гэтую праблему шляхам сціслага апісання формы цітлаў у навуковым апараце. Але такое апісанне даецца, на жаль, толькі ў адносінах да дакументаў № 1 і 4, 5. У археаграфіі важнае значэнне мае прынцып фармалізаванасці структуры і зместу навуковага апарату, які праяўляецца, у прыватнасці, у тым, што падзел на структурныя адзінкі і склад апошніх у дачыненні да ўсіх дакументаў аднолькавы, за выключэннем, безумоўна, тых выпадкаў, калі прадмет адзначэння адсутнічае (г. зн., напрыклад, калі вадзяны знак ці пячатка адсутнічаюць, то іх і не апісваюць). Зусім нічога не сказана пра форму іншых надрадковых знакаў, у той час як Дзярновіч у раздзеле аб „прынцыпах публікацыі кірылічных дакументаў“ робіць намёк на ўмоўнасць іх формаў у публікацыі (бо перадаюцца машынна–кампутарнымі сродкамі; с.21).
Пісьмо ўсіх апублікаваных дакументаў у Дзярновіча апісваецца ў асноўным толькі такім чынам: „Скорапіс. Пісьмо выразнае. Націск моцны“. Гэтыя элементы апісальнага артыкула пісьма прапаўноўваліся мной у „Метадычных рэкамендацыях“[54]. Аднак у выданні Дзярновіча яны выглядаюць бязглузда, паколькі від пісьма („скорапіс“), ступень выразнасці пісьма і націск пяра („вага пісьма“) — адзінкі, якія выдраны з аб’ёмнага блока прапанаванай інфармацыі. Толькі ў каментарах да дакумента № 1 прыведзены дадатковыя звесткі пра пісьмо. Так, паведамляецца, што „ў літары а бакавая рыска значна выступае ўверх і ўніз за межы радка. W мае высокую сярэдзіну <…>. Верхнія часткі літар ъ і ѣ выступаюць за межы радка. Літара т часам мае апушчаныя да нізу радка загіны, часам яе верхняя частка выступае за межы радку. Літара к перадаецца як дзве дужкі“ (51). Па нейкай прычыне Дзярновіч спыніўся толькі на дзвюх прыкметах пісьма: ступені мінускулізацыі пісьма[55] (наяўнасць вынасных элементаў у „а“, „ъ“ і ѣ) і формах асобных літар[56]. Чаму б не ахарактарызаваць пісьмо яшчэ і па наступных прыкметах, напрыклад, па тэмпе руху; пераважнай працягласці рухаў пяра — вышыні (памеру) і прапорцыі літар; сіметрычнасці і суразмернасці літар; вуглу нахіла; агульнай (пераважнай) форме рухаў пяра; звязнасці рухаў; дукту; форме рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар паміж сабой; тыпе злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; колькасці рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; варыянтнасці літар; характару і колькасці скарачэнняў (абрэвіятур, лігатур, вензеляў і вынасных літар) у асноўным тэксце; сістэме памежных сігналаў і інш. Ці не таму, што аўтар гэтых радкоў (калі характарызаваў тыповыя прыкметы беларускага скорапісу другой паловы XV ст.) у адной з гутарак з Дзярновічам не паспеў імі падзяліцца? Я не здзіўлюся, што Дзярновічам у адной з наступных публікацый будуць „улічаны“ і толькі што прыведзеныя прыкметы пісьма (праўда, выкарыстаныя — так чамусьці думаецца — не ў адпаведнасці з іх рэальным зместам) без спасылкі на крыніцу інфармацыі.
Цікава, што Дзярновіч сапраўды ўпэўнены, што палеаграфічнае апісанне выдадзеных дакументаў дадзена ім падрабязна[57]. Напэўна, у сувязі менавіта з гэтым яго не пакідае зманлівая мара „пабудовы схемы эвалюцыі старабеларускага пісьма ў Віцебску з улікам характэрных прыёмаў арганізацыі тэксту і яго ўпрыгожваннем, з вызначэннем індывідуальных асаблівасцяў пісараў і дзякаў, а таксама іх ідэнтыфікацыя“ (22). Больш за тое, робіцца намёк на стварэнне ў перспектыве гістарычна–псіхалагічных тыпаў складальнікаў дакументаў на падставе іх почыркаў (!?) (8). Калі пад „індывідуальнымі асаблівасцямі пісараў і дзякаў“ маецца на ўвазе характарыстыка почыркаў (не пісьма), я б мог падказаць, якія прыкметы, апрача адзначаных (для пісьма), павінен фіксаваць публікатар. У любым выпадку, пры такой дасведчанасці ў галіне палеаграфіі і почырказнаўства выношваць грандыёзныя планы (некаторыя з якіх, праўда, мяжуюць з фантастыкай) — справа ненадзейная. Не варта забываць і пра тое, што каб абагульніць вынікі вывучэння якога–небудзь прадмета, апошні трэба спачатку прааналізаваць. У дадзеным выпадку рана гаварыць нават пра зародкі аналізу.
Публікатар яўна наўмысна не паведамляе, па чым зроблена публікацыя „Віцебска–рыжскіх актаў“, хоць для ўсіх іншых публікатараў размяшчэнне гэтай інфармацыі ў выданні з’яўляецца правілам. Гэтая інфармацыя для карыстальніка ўяўляе важнасць з практычнага пункту гледжання, а менавіта ў сувязі з тым, як ставіцца да вынікаў апрацоўкі апублікаванага дакумента. Асабіста для мяне відавочна, што „Віцебска–рыжскія акты“ падрыхтаваны да друку паводле не арыгінала, а мікрафільма (калі не памыляюся, пра тое, што публікацыя зроблена паводле мікрафільма, Дзярновіч паведамляў на пасяджэнні аддзела, на якім абмяркоўваўся рукапіс). Пра гэта сведчыць, напрыклад, адсутнасць звестак пра памеры носьбіта тэксту дакумента, вадзяныя знакі паперы, без якіх сёння не абыходзіцца нават самае „адаптаванае“ выданне. Лапідарныя звесткі пра пячаткі падаюцца з дапамогай стандартнай формулы: „Маюцца сляды васковай пячаткі, што змацоўвала ліст“ (51, 61, 68, 69, 71, 75). Нічога не сказана, пакінула гэтая пячатка адзін след або два ці болей, дзе яны размешчаны, якой яны формы, ці можна прачытаць па іх якія–небудзь надпісы і выявы і г. д. А шкада, бо менавіта дзякуючы гэтым звесткам чытач мог бы даведацца, напрыклад, ці быў гэты дакумент „зашытым“, г. зн. дасылаўся ў выглядзе запячатанага канверта (адпавядае заходнееўрапейскім lettres closes), або „отвореным“ (адпавядае заходнееўрапейскім lettres patentes).
Пералік праігнараванай інфармацыі можна павялічыць: няма дадзеных наконт значнай колькасці прыкмет пісьма і почырку (гл. вышэй), ліній згіну дакумента і квадратаў, што яны ўтваралі (яны могуць сведчыць, як складваўся дакумент пры адпраўцы і захаванні), тэкст не ўсіх пазнейшых паметак узноўлены (дакумент № 4, 5, 7), адсутнічаюць звесткі пра іх дакладную лакалізацыю і асаблівасці размяшчэння і інш.
Вельмі істотна і наступнае: публікацыя паводле мікрафільма дае падставу падазраваць, што не ўсе ўнутраныя і знешнія прыкметы крыніцы перададзены дакладна[58].
Некалькі слоў наконт каментараў па змесце. Усе вядомыя мне метадычныя рэкамендацыі аднагалосна сцвярджаюць: каментары не павінны быць шматслоўнымі і перагружаны залішняй інфармацыяй. „Галоўным паказчыкам якасці выдання з’яўляецца не прысутнасць падрабязных каментараў, а ўзровень парыхтоўкі тэкстаў, легенд, загалоўкаў і навукова–даведачнага апарату, — адзначае С. Каштанаў, праўда, пры гэтым дадае, — хаця безумоўна, вопыт працы па вывучэнні і каментаванні актаў можа станоўча ўплываць як на прачытанне тэкстаў, так і на іх археаграфічнае афармленне ў цэлым“[59]. Калі знаёмішся з каментарамі „Віцебска–рыжскіх актаў“, чарговы раз пераконваешся ў важнасці гэтай пазіцыі: каментары можна даваць ледзь не па кожным слове і тэрміне, што, вядома, практычна не ажыццяўляльна, ды і непатрэбна. У адваротным выпадку прадмет каментавання становіцца надзвычай адвольным. Калі гаварыць пра каментары Дзярновіча, то некаторыя яго думкі можна сфармуляваць больш сцісла, можна пазбегнуць аб’ёмных цытат (нават калі гэта цытата з крыніцы). Не думаю, у прыватнасці, што была неабходнасць даваць пералік літаратуры па праблеме гандлёвых і іншых сувязяў у Падзвінскім рэгіёне аб’ёмам амаль на цэлую старонку (кам., с. 53). Агульную карціну гістарычых рэалій, прадуктам якіх сталі апублікаваныя дакументы, было б больш мэтазгодна размясціць у гістарычнай прадмове выдання, якога, дарэчы, няма.
Мы спыніліся не на ўсіх аспектах выдання (пакінулі без увагі такія моманты, як размяшчэнне структурных адзінак выдання, іх асобных частак, паліграфічнае афармленне, якасць ілюстрацый і інш.). Каб зрабіць агульныя высновы, дастаткова і гэтага. Падсумоўваючы сказанае, адзначым наступнае. Выданне выклікае супярэчлівыя ўражанні: не прадуманы прынцыпы, метады і прыёмы перадачы тэксту, склад навуковага апарату. Карыстаючыся такім выданнем, даследчык не атрымае поўнай інфармацыі пра апублікаваныя крыніцы, а для таго, каб знайсці тое, што ўсё ж такі ёсць, яму спатрэбіцца спецыяльна папрацаваць, бо шукаць давядзецца ў масе непатрэбнай інфармацыі.
Я ўжо гаварыў[60], але паўтару яшчэ раз, іншымі словамі. Археаграфічная дзейнасць толькі на першы погляд робіць уражанне працы, якая прыносіць лёгкую навуковую славу. Гэта лёгкасць уяўная. Названая дзейнасць уводзіць даследчыка ў кола праблем спецыяльных гістарычных навук, а таксама ў галіну спецыяльнай метадалогіі, якая патрабуе сістэмных, а не ўрыўкавых ведаў, асаблівых уменняў, навыкаў і вопыту. Гэтая методыка ставіць на мэце распрацоўку сістэмнай мадэлі публікацыі, у якой кожны элемент мае сваё месца і знаходзіцца ў жорсткай сувязі з іншым, г. зн. такой мадэлі, дзе няма месца, з аднаго боку, лакунам, з другога — залішняй інфармацыі.
Я за выданне гістарычных крыніц, за выданне віцебска–рыжскіх актаў, але супраць падобных метадаў працы.
[1] Віцебска–Рыжскія акты XIII—XVII ст.: Дагаворы і службовая карэспандэнцыя паміж органамі кіравання горада Віцебска і ганзейскага горада Рыгі (з былога комплекса Ruthenica Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі). Вып. I: дакументы гаспадарча–гандлёвыя, XV — XVI ст. / Падрыхтаваў Алег Дзярновіч; НАН Беларусі, Інстытут гісторыі. Мінск: ATHENAEUM, 2005. — 88 с., іл. (Athenaeum, Том XI).
[2] Першы і трэці прынцыпы адпавядаюць прынцыпу „крыніцазнаўчай паўнацэннасці“ выдання, які абгрунтоўваў расійскі археограф Я.Дабрушкін (Добрушкин Е. М. Основы археографии: Учебное пособие. Москва, 1992).
[3] Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі рукапісных актавых кірылічных крыніц у Беларусі (XIII—XVIII стст., перыяд Вялікага княства Літоўскага) / Аўтар–складальнік А.І.Груша. Мінск, 2003 (далей — Метадычныя рэкaмендацыі). С. 3—4.
[4] Калі выключыць літарныя і гукавыя абрэвіятуры, бо літары ўсіх літарных і значнай часткі гукавых абрэвіятур пішуцца з вялікай літары.
[5] Інтытуляцыя манарха вылучалася з дапамогай прабелу ці прабелу і кропкі, у далейшым шляхам пашырэння левага і правага палёў. Інтытуляцыя службовых і прыватных асобаў, інскрыпцыя, буйныя падраздзелы ўнутры раздзелаў ад далейшага тэксту — з дапамогай, як правіла, прабелаў ці прабелаў і пэўных знакаў (у выглядзе касых ліній, кропак і косак), вялікай і павялічанай літары, з якой пачынаўся наступны тэкст. Часцей за ўсё выкарыстоўваўся адзін ці два з пералічаных прыёмаў. Адасабленне даты ад папярэдняга тэксту рабілася з дапамогай вялікай літары, з якога пачыналася гэтая частка тэксту дакумента, прабелу, прабелу і знакаў. Як і ў папярэднім выпадку, пры гэтым найчасцей выкарыстоўваўся адзін ці два з названых прыёмаў.
[6] Сморгунова Е. М. О пограничных сигналах в скорописи (наблюдения над графикой смоленских грамот XVII века) // Исследования источников по истории русского языка и письменности. Москва, 1966. С. 177 і інш. „Падзел слоў адбыўся яшчэ ў IX ст., арфаграфія ўдасканальвалася стагоддзямі і спрыяла выпрацоўцы больш дакладнага разумення тэксту. Паступова склалася сістэма расстаноўкі слоў у радку, мэтай якой было больш лёгкае ўспрыманне напісанага. Для чытання (асабліва беглага) патрэбны пастаянны рытм, паколькі вока патрабуе зрокавай роўнасці прамежкаў. Каб вылучыць слова, дастаткова яго лакалізаваць з абодвух бакоў двайнымі апрошамі, г. зн. прасветамі“ (Киселёва Л. И. Западноевропейская рукописная и печатная книга XIV—XV вв.: Кодикологический и книговедческий аспекты. Ленинград, 1985. С. 55).
[7] Вялікія і павялічаныя літары адносяцца да віду станоўчых памежных сігналаў, якія абазначалі мяжу паміж словамі — у адрозненне ад адмоўных памежных сігналаў, што знаходзяцца ўнутры слова і адзначаюць адсутнасць мяжы паміж словамі (Сморгунова. О пограничных сигналах в скорописи. С. 178).
[8] Гэтае ўяўленне звязана са словамі Хрыста ў Апакаліпсісе: „Аз есмь Альфа и Омега, … початок и конец…“.
[9] Палеографические снимки с русских грамот преимущественно XIV века / Под ред. А. И. Соболевского и С. Л. Пташицкого. С.–Петербург, 1903. № 5, 6, 11, 20, 31, 48 і інш. У гэтай сувязі даследчыкамі даўно заўважана „бессістэмнасць“ прастаўлення кропак (Карский Е. Ф. Славянская кирилловская палеография. Ленинград, 1928. С. 225; Черепнин Л. В. Русская палеография. Москва, 1956. С. 159).
[10] У сувязі з гэтым вартае ўвагі назіранне англійскага даследчыка Т. М. Клянчы. Гл.: Clanchy M. T. From Memory to Written Record. England 1066—1307. Second edition. Harvard Univercity Press, 2002. P. 130.
[11] Гл., напр.: Люблинская А. Д. Латинская палеография. Москва. 1967. C. 42—43.
[12] Аб розных прыёмах пераносу слоў на іншы радок у запісах пісцоў XIII— XV ст. гл.: Страхов А. Б. О коллекции писцовых записей М. Г. Гальченко (послесловие редактора) // Palaeoslavica, 2003. № 11. С. 145—146.
[13] Сморгунова. О пограничных сигналах в скорописи. С. 183 і інш.
[14] Щепкин В. Н. Русская палеография. 3–е доп. изд. Москва, 1999. С. 156.
[15] Колесов В. В. Знаки ударения и надстрочные знаки в русских рукописях XIV—XV вв. // Методическое пособие по описанию славяно–русских рукописей для Сводного каталога рукописей, хранящихся в СССР. Москва, 1973. Вып. 1. С. 79.
[16] Цітлападобнымі літарамі называюцца вынасныя літары, якія выносіліся над радком без цітлы, што тлумачыцца графічнай блізкасцю гэтых літар і цітлы.
[17] Нельга пагадзіцца з А. Булыкам, што форма вынасной „и“ ў выглядзе „s“ замацоўваецца ў пачатку XVI ст. (Булыка А. М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мінск, 1970. С. 53).
[18] „Найбольш адэкватны арыгіналу варыянт перадачы тэксту крыніцы, які мы называем (падкрэслена мной. — А. Г.) Лінгвістычным варыянтам…“ (с. 21).
[19] Будзе марным выкарыстанне для гэтай мэты распаўсюджаных шрыфтоў, стылізаваных пад старое пісьмо, якія адлюстроўваюць не палеаграфію пісьма, а толькі знешні эфект яго даўніны. Возьмем да прыкладу папулярны шрыфт Izhitsa. Па–першае, гэты шрыфт стылізаваны толькі пад устаў і паўустаў (не скорапіс). Па–другое, ён мае абмежаваны набор графічных варыянтаў літар, які існаваў ва ўставе і паўуставе (у розныя перыяды на працягу ўсяго часу іх функцыянавання). Па–трэцяе, тыя графічныя варыянты, якія прысутнічаюць у гэтым шрыфце, уласцівыя розным этапам развіцця ўстава і паўустава. Так, у Izhitsa „а“ ётаванае перадаецца як ІА. Устаўная ІА такога выгляду (з перакладзінай, якая праходзіла амаль па самым версе літары), выконвалася ў рукапісах беларускага паходжання толькі з апошняй трэці XIV ст. Той варыянт „амегі“, які прадстаўлены ў Izhitsa, а менавіта w (з высокай сярэдзінай), больш характэрны для XI ст.; у XII ст. сярэдзіна літары памяншаецца. Толькі ў другой палове XIV ст. у сувязі з так званым „другім паўднёваславянскім уплывам“ варыянт „амегі“ з нізкай сярэдзінай (ѡ) замяняецца на w з высокай сярэдзінай. У другой палове XV ст. у паўуставе ѡ пішацца як з высокай, так і з нізкай сярэдзінай. Тое ж самае можна сказаць і пра ѡ паўустава першай паловы XVI ст., а таксама ўстава XV — першай паловы XVI ст. У розны час існавалі і розныя варыянты e і ю. „Е“ ётаванае з перакладзінай пасярэдзіне характэрна для XI — першай паловы XIII ст. У другой палове XIII ст. у асобных выпадках перакладзіна ѥ можа падымацца і некалькі нахіляцца. Падымаецца ўверх таксама і перакладзіна ю. У апошняй трэці XIV ст. прамая перакладзіна ю можа праходзіць вельмі высока ці нават па самым версе. Такім жа чынам можа быць размешчана перакладзіна ѥ. Высокая перакладзіна ю нахіляецца. Адначасова з’яўляюцца варыянты ю з нахіленай перакладзінай пасярэдзіне. Падобныя прыклады можна памножыць. Такім чынам, названы шрыфт не можа адлюстроўваць графіку пісьма нейкага аднаго перыяду. І гэта не гаворачы пра тое, што вышэй разгледжаны толькі асаблівасці пісьма асноўнай масы, а не асобных рукапісаў і тым больш не асаблівасці асобна ўзятага почырку. Асаблівасці почырку як індывідуальнага пісьма — больш разнастайныя, чым агульная палеаграфія пісьма. Усё сказанае можна аднесці і да другога папулярнага шрыфта, Litopys New Roman. Такія шрыфты могуць быць выкарыстаны для абазначэння літар, якія выйшлі з ужытку, але не для адлюстравання палеаграфічных асаблівасцяў тэксту.
[20] Метадычныя рэкамендацыі. Вязь (с. 12—13. Арт. 17, с. 18. Арт. 43, с. 39. Арт. 123—124, с. 110. Арт. 582—584, с. 132. Арт. 783), лігатуры (с. 11. Арт. 16, с. 18. Арт. 42, с. 39. Арт. 125, с. 109. Арт. 571—572, с. 132. Арт. 783), ініцыяльныя літары (с. 18. Арт. 54, с. 39—40. Арт. 126—131, с. 132. Арт. 783), „знакі пунктуацыі“ (с. 11—12. Арт. 16, с. 18. Арт. 50, с. 40. Арт. 132—134, с. 109. Арт. 575—576, с. 132. Арт. 783); надрадковыя знакі (с. 11—12. Арт. 16, с. 18. Арт. 52, с. 109—110. Арт. 573—574, 577—578, с. 132. Арт. 783) і г. д.
[21] Россия и греческий мир в XVI веке: В 2 т. / Подгот. к публ. С. М. Каштанов, Л. В. Столярова, Б. Л. Фонкич. Москва, 2004. Т. 1. № 2. С. 129, № 5. С. 134, № 6. С. 136, № 8. С. 138, № 12. С. 140, № 14. С. 142, № 15. С. 143, № 17. С. 143, № 18. С. 143, № 20. С. 144, № 21. С. 144, № 22. С. 145, № 23. С. 145, № 26. С. 148, № 32. С. 152, № 37. С. 154, № 38. С. 157, № 39. С. 158, № 40. С. 159, № 41. С. 159, № 42. С. 161, № 43. С. 162, № 50. С. 169 і г. д., дадаткі: № 1. С. 336, № 2. С. 338 і інш.
[22] Напр.: Смоленские грамоты XIII—XIV веков / Подг. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин. Москва, 1963; Изборник 1076 года / Подг. В. С. Голышенко, В. Ф. Дубровина, В. Г. Демьянов, Г. Ф. Нефёдов. Москва, 1965 і інш.
[23] Напр.: Пергаминные рукописи собрания Виленской публичной библиотеки (Библиотека Академии наук Литовской Республики, ф. 19) / О. А. Князевская, А. Л. Лифшиц, А. А. Турилов // Krakowsko–Wileńskie studia Slawistyczne. T. 3. Kraków, 2001 і інш.
[24] Напр.: Записи писцов в датированных древнерусских рукописях XIII—XV вв. (из архива М. Г. Гальченко) / Подгот. Р. Н. Маслова // Palaeoslavica, 2003. № 11 і інш.
[25] Напр.: Хрестоматия по истории русского языка / Авторы–составители: В. В. Иванов, Т. А. Сумникова, Н. П. Панкратов. Москва, 1990.
[26] Німчук В. В. Правила видання пам’яток, писаних українською мовою та церковнослов’янською української редакциї. Ч. 1. Проект // Проблеми едиційної та камеральної археографії: історія, теорія, методика. Київ, 1995. Вип. 27. С. 22. Арт. 2.
[27] Таксама. С. 23. Арт. 3.
[28] Тамсама. С. 23. Арт. 6.
[29] Тамсама. С. 23. Арт. 7.
[30] Тамсама. С. 23. Арт. 9.
[31] Тамсама. С. 25. Арт. 4, с. 26. Арт. 5, 6, 8, с. 28. Арт. 14, 17.
[32] Тамсама. С. 31—32. Арт. 4—6, с. 32. Арт. 8.
[33] Страшко В. Правила передачі тексту кириличних документів XVI — XVIII ст. дипломатичним і популярним методами та рекомендації для застосування цих правил у виданнях наукового і науково–популярного типів (проект) // Проблеми едиційної та камеральної археографії: історія, теорія, методика. Київ, 1992. Вип. 7.
[34] Тамсама. С. 8. Арт. 1.6.
[35] Тамсама. С. 9. Арт. 1.7.
[36] Тамсама. С. 9. Арт. 1.8.
[37] Тамсама. С. 10. Арт. 1.9
[38] Тамсама. С. 10. Арт. 1.11.
[39] Тамсама. С. 11. Арт. 1.15.
[40] Тамсама. С. 12. Арт. 1.16.
[41] Тамсама. С. 17. Дадатак 1.
[42] Зрэшты, у рэкамендацыях Страшко мала што новага. Так ці інакш яны ўзыходзяць да „Правілаў лінгвістычнага выдання помнікаў старажытнарускай пісьменнасці“. Прычым па гэтых правілах выдаваліся не толькі старажытныя ўсходнеславянскія помнікі, але і больш познія крыніцы беларускага паходжання, напр. „Баркулабаўскі летапіс“, які падрыхтавала да друку Н. Вайтовіч (Вайтовіч Н. Т. Баркалабаўскі летапіс. Мінск, 1977). Вайтовіч, агаворваючы метады і прыёмы публікацыі, прама спасылаецца на „Правілы лінгвістычнага выдання…“. Па ўзоры Н. Вайтовіч У. Свяжынскім апублікаваны „Гістарычныя запіскі“ Ф. Еўлашоўскага (Свяжынскі У. М. „Гістарычныя запіскі“ Ф. Еўлашоўскага. Мінск, 1990).
[43] Метадычныя рэкамендацыі. С. 17. Арт. 37.
[44] Тамсама. С. 18. Арт. 46.
[45] Тамсама. С. 18. Арт. 48.
[46] Тамсама. С. 18. Арт. 50.
[47] Тамсама. С. 18. Арт. 52.
[48] Тамсама. С. 40. Арт. 132—134, с. 109—110. Арт. 573—578.
[49] Тамсама. С. 11. Арт. 16, с. 18. Арт. 42, с. 39. Арт. 125, с. 109. Арт. 571—572, с. 132. Арт. 783. Увогуле я параіў бы Дзярновічу пазнаёміцца з тым, што сказана на с. 4 згаданых „Рэкамендацый“: „Спалучэнне прынцыпаў паўнаты прадстаўлення і дакладнасці перадачы тэксту, з аднаго боку, і яго чытабельнасці, з другога, ажыццяўляецца за кошт уключэння характарыстык вязі і лігатур, звестак аб знаках пунктуацыі і надрадковых знаках рукапісу ў заўвагі. Адзначэнне апошніх, у прыватнасці, павінна зняць істотную розніцу, якая існуе паміж так званымі дыпламатычнымі і лінгвістычнымі выданнямі (падкрэслена мной. — А. Г.)“.
[50] Каштанов С. М. Актовая археография. Москва, 1998 (далей — Каштанов. Актовая археография). С. 285.
[51] Відавочна, вылучэння вынасных літар індэксам публікатару здалося мала, ён іх яшчэ вылучыў курсівам.
[52] „Пры наяўнасці курсіву для вынасных і дужак для прыўнесеных літар «дыпламатычнае» выданне можа выкарыстоўвацца як лінгвістычнае“ (Каштанов. Актовая археография. С. 243).
[53] Уласна гэтая інфармацыя прэтэндуе на нейкую аналітыку. Імкненне публікатараў стаць адначасова „даследчыкамі“ — адно са слабых месцаў сучаснай археаграфіі. Археограф–публікатар павінен ведаць сваю галоўную задачу — выканаць копію гістарычнай крыніцы, з якой можна было б працаваць як з крыніцай, не наведваючы месца яе захавання. А калі ўжо даследаваць крыніцу, то рабіць гэта ўсебакова, і калі, напрыклад, аналізаваць яе мову, то не толькі яе арфаграфію, але, і сінтаксіс, і фанетыку і інш. Я не праціўнік размяшчэння розных тыпаў даследаванняў у археаграфічнай працы, але трэба мець уяўленні пра іх межы. Напрыклад, уключэнне ў выданне вынікаў вывучэння архіўнага (бібліятэчнага) лёсу рукапісу не толькі пажадана, але і патрэбна, калі яны даюць магчымасць публікатару абгрунтаваць увядзенне ў склад выдання той ці іншай інфармацыі па тэксце, знешніх прыкметах рукапісу і інш.
[54] Метадычныя рэкамендацыі. С. 108. Арт. 566—568.
[55] Мы лічым мэтазгодным выкарыстанне ў адносінах да кірылічнага пісьма тэрмінаў, прынятых у лацінскай палеаграфіі. Маюскульнае (ад лац. majus вялікі) пісьмо — двухлінейнае, г. зн. усе літары займаюць прастору паміж дзвюма ўмоўнымі лінейкамі. Мінускульнае (ад лац. minus малы) пісьмо — чатырохлінейнае, г. зн. частка літар займае прастору паміж чатырма такімі лінейкамі (паміж першай і трэцяй, другой і чацвёртай, другой і трэцяй), прычым лініі, якія адыходзяць ад радковых літар уверх і ўніз (яны называюцца вынаснымі элементамі), з’яўляюцца складовымі элементамі гэтых літар.
[56] Нягледзячы на тое, што Дзярновіч і канстатуе выкарыстанне ў дакуменце № 1 літары „а“ з верхнім і ніжнім вынаснымі элементамі, ён у некаторых выпадках як бы адмаўляецца ад гэтых назіранняў і пры перадачы тэксту за „а“ памылкова прымае „о“ (якое, дарэчы, ніколі за ўсю сваю гісторыю такіх элементаў не мела) („ижбы м(и)л(о)сть ваша та (так надрукавана — трэба чытаць „то“) для пана нашего кроля“, 7 радок зверху; „што маеть за свою работу (так надрукавана — трэба чытаць „роботу“)“, 4 радок знізу) (пар. тэкст дакумента на с. 25 і ілюстрацыю на с. 44).
[57] „Такая важная задача, як падрабязнае палеаграфічнае апісанне (з прывядзеннем характарыстыкі знешняй формы дакумента), будзе рэалізоўвацца надалей…“ (7—8).
[58] Груша А. Шляхі і спосабы павышэння крыніцазнаўчай інфарматыўнасці выданняў кніг Метрыкі ВКЛ // Актуальныя пытанні вывучэння і выдання Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Матэрыялы міжнароднай навукова–практычнай канферэнцыі (Мінск, 11—12 лістапада 2003 г.). Мінск, 2005. С. 70, 83.
[59] Каштанов. Актовая археография. С. 288.
[60] Груша А. „Малапрыстасаваныя“ рэкамендацыі ці малападрыхтаваныя рэцэнзенты? // БГА. 2003. Т. 10. С. 227.