Леанід Аляксееў. Мікалай Мікалаевіч Улашчык
У наш час катастрафічнай дэвальвацыі асобы як выніку таго, што нам вельмі доўга ідэі падмянялі людзей, невымяральнае значэнне ў развіцці грамадства маюць жыццёвыя прыклады, прыклады жыцця людзей, і найперш тых вучоных, якія пакідаюць нам сваю спадчыну. Толькі тое, што зроблена чыстымі рукамі і з чыстым сумленнем, сапраўды паўнавартаснае!
Яскравым прыкладам такога вучонага з’яўляецца Мікалай Мікалаевіч Улашчык, угодкі з дня смерці якога мы зараз адзначаем.
Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў 1906 г., ён, такім чынам, належаў да равеснікаў веку, таго пакалення, на чые плечы лёг увесь цяжар пераўладкавання Расіі пасля дзвюх рэвалюцыяў 1917 г. і працэса стварэння новага грамадства. Выхадзец з вёскі Слуцкага павету Мінскай губерні, ён з юнацтва быў захоплены вывучэннем гістарычных лёсаў сваёй радзімы — Беларусі, найактыўней уключыўся ў дзейнасць Інбелкульта, а з 1928 г. — у працу Беларускай Акадэміі Навук, якая замяніла Інбелкульт. Але тут даследчыка чакала страшэнная эпоха 1930-х, якая ў Беларусі, паўтараючы ўсе рысы трагедыі, характэрнай для ўсяго СССР наогул, узмацнілася яшчэ так званай «нацдэмаўшчынай». На фоне інтэрнацыянальнага вучэння марксізму захапленне беларускай гісторыяй было расцэнена вышэйшымі беларускімі інстанцыямі як нацыяналістычны экстаз, што прывяло, у рэшце рэшт, як мы ведаем, да вельмі сумных наступстваў. Пачатак 1930-х гадоў у Беларусі азначыўся сумна вядомай барацьбой з «нацдэмаўшчынай», а дакладней, — барацьбой з толькі што сфармаванай у Беларусі інтэлігенцыяй. Не пазбег агульнай долі, як мы ведаем, і Мікалай Мікалаевіч…
З чаго ж пачаў Мікалай Улашчык навуковую дзейнасць? Дазвольце пра першыя два перыяды ягонага жыцця пасля вучобы расказаць яго ўласнымі словамі. Вось першая замалёўка, апублікаваная Мікалаем Мікалаевічам па-беларуску: «У той час мы ўсе лічылі, што краязнаўства — гэта перадусім археалогія, а ўжо потым збор матэрыялаў па фальклёры і этнаграфіі». Мікалай Мікалаевіч пачаў займацца археалогіяй і ўдзельнічаў у шэрагу раскопак і выведак. Ён піша далей: «Увесну 1925 г. пад кіраўніцтвам І.А.Сербава ў вёсках Пятроўшчына і Рылаўшчына (пад Менскам, — Л.А.) пачаліся раскопкі курганоў. Гэта быў адзін з першых досведаў па аднаўленні археалагічнай дзейнасці (пасля рэвалюцыі — Л.А.). […] На раскопкі ў Пятроўшчыну рухаліся як на свята (у той час гэтая дзейнасць насіла рамантычны характар). Невялікім натоўпам ішлі навуковыя і ненавуковыя дзеячы, сярод іх географ М.Азбукін, пісьменнік І.Барашка, быў і нейкі пахмурны, маўклівы, нікому невядомы чалавек гадоў 30, галава якога ўжо пачала сівець. Гэта быў Аляксей Каваленя, як хутка стала вядома, баец Грамадзянскай вайны, удзельнік Перакопскага штурму…».
А вось перад намі фотаздымак удзельнікаў раскопак таго часу. Сам Мікалай Мікалаевіч сваёй рукой, па маёй просьбе, назваў у часопісе ўсіх удзельнікаў: тут і суворы навуковец у гадах М.В.Доўнар-Запольскі, і людзі сярэдняга пакалення — К.М.Палікарповіч, А.Д.Каваленя, С.Дубінскі і, нарэшце, сам аўтар — Мікалай Мікалаевіч. Паглядзіце, які ў гэтага юнака радасны, шчаслівы твар! Хіба мог ён здагадвацца, што перад ім наперадзе, якія жыццёвыя выпрабаванні!
А выпрабаванні чакалі страшэнныя — тыя, у якіх выпрабоўваюцца найперш маральныя якасці чалавека. Пры жыцці М.Улашчыка пра іх шырока яшчэ не прынята было гаварыць, але ён зрэдку распавядаў пра гэта ў вузкім коле сяброў. Пры мне упершыню пра свой лагер ён загаварыў дома за сталом, толькі што вярнуўшыся са шпіталя, дзе ляжаў з інфарктам, 26 лютага 1977 г. Хвароба была для яго, відавочна, першым званком, і Мікалай Мікалаевіч лічыў цяпер патрэбным расказаць пра ўсё перажытае. Тое апавяданне я запісаў дома ў той жа вечар… […]
18 сакавіка 1985 г. было трыццацігоддзе ягонага вызваленьня. Такім чынам, з 1930 па 1955 год! Дваццаць пяць гадоў, праўда, з некалькімі перапынкамі… Нягледзячы|на страшэнны час сталінскіх лагераў смерці, зламаць яго ня ўдалося.
Мне помніцца маё першае знаёмства з ім.
20 кастрычніка 1955 г., прыехаўшы на сваю кандыдацкую абарону за гадзіну да пачатку і прывёзшы толькі-што скончаны дысертацыйны альбом, я даведваюся, што ў чытальнай зале сядзіць невядомы, які з раніцы чытае маю дысертацыю і некалькі разоў ужо пытаўся пра альбом. Я ў жаху: чалавек відавочна рвецца выступіць супраць… Нас знаёмяць. Ён усміхаецца, называе сваё прозвішча, якое ад хвалявання я не расчуў, і гаворыць, што мой рукапіс яму вельмі падабаецца…! А выступіць ён ня можа з прычыны нейкіх сваіх абставінаў і хутка павінен з’ехаць…
Так пачалося нашае знаёмства з Мікалаем Мікалаевічам, якое хутка перайшло ў цеснае сяброўства!
Мікалай Мікалаевіч быў дзіўным, непаўторным чалавекам! 30 год, якія яму былі адведзены для працы, ён з усімі сіламі, можам сказаць, магутнага арганізма аддаЎся даследаванням, звязаным з гісторыяй беларускіх земляў. Па сваёй добрасумленнасці і бескарыслівай адданасці навуцы ён можа стаць прыкладам для ўсіх нас. Але ня толькі гэта прыцягвае ў асобе Мікалая Мікалаевіча. Ён быў менавіта асобай, аб якой мы гаварылі ў пачатку, і якая ў значнай ступені ў многіх з нас страчана. Бясконца добры, чулы, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, здатны ахвотна падзяліцца проста энцыклапедычнымі ведамі ў сваёй галіне, захаваўшы, да таго ж, насуперак усяму пройдзенаму шляху, цалкам арыгінальны гумар, — такім застанецца ў нашай памяці незабыўны Мікалай Мікалаевіч Улашчык.
22.ХІ.1988.
Леанід Аляксееў