БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Алесь Пашкевіч. Выбары ў Вiленскi сойм у 1922 г. і адносiны да іх беларускай грамадскасцi


У кастрычніку 1920 г., пасля захопу Вільні войскамі польскага генерала Люцыяна Жалігоўскага, на карце Ўсходняй Еўропы афіцыйна з’явілася новая дзяржава пад назвай „Сярэдняя Літва“, якая, акрамя самога горада Вільні, уключала ў сябе Ашмянскі, Віленскі, Троцкі і Свянцянскі паветы. Самастойнага значэння гэтае ўтварэнне не мела, і фактычна яго „незалежнасць“ служыла толькі шырмаю для прыкрыцця польскай улады над спрэчнымі з Літвой тэрыторыямі. Справа вызначэння дзяржаўнай прыналежнасці гэтых тэрыторый стала на пэўны час праблемай еўрапейскага значэння. Варыянтаў вырашэння праблемы было некалькі, і ў якасці аднаго з іх адразу ж была агучана ідэя выбараў мясцовага парламента, які на сваім паседжанні прыняў бы пастанову па гэтым пытанні.

Адразу ж пасля заняцця Вільні генерал Жалігоўскі заявіў, што „мы ставім сабе за задачу скліканне прадстаўнікоў краю ў Вільні, якія ад імя ўсяго насельніцтва аб’явяць сваю, нічым не звязаную волю і вырашаць наш будучы лёс“[1]. Тады ж, на яго загад, пачалася падрыхтоўка да выбараў. 1 лістапада 1920 г. быў выдадзены адпаведны дэкрэт „у справе выбараў у сойм у Вільні“, у якім дата выбараў прызначалася на 9 студзеня 1921 г. 26 лістапада 1920 г. Жалігоўскім быў падпісаны выбарчы закон і прызначаны выбарчы камісар[2].

Віленскія беларускія арганізацыі адразу мусілі прымаць рашэнне адносна свайго стаўлення да гэтых выбараў. Сама акцыя генерала Жалігоўскага першапачаткова была прынятая дастаткова прыхільна беларускімі дзеячамі, якія непасрэдна перад ёй атрымалі запэўненні блізкіх да кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудскага колаў, што на тэрыторыі Віленшчыны будзе ўтворана дзяржава пад назвай „Заходняя Беларусь“[3]. У Варшаве быў нават сфармаваны беларускі ўрад, які, праўда, мусіў напалову складацца з палякаў, а таксама падрыхтаваны адпаведныя дэкрэты і дыпламатычныя ноты. Аднак у апошні момант польскія палітыкі адмовіліся ад сваіх першапачатковых планаў, стварыўшы „Сярэднюю Літву“, у кіраўніцтве якой, праўда, знайшлося месца беларусам Вацлаву Іваноўскаму і Браніславу Тарашкевічу. Апошні ў якасці аднаго з аргументаў за падтрымку акцыі Жалігоўскага прывёў тое, што „ў Вільні будзе створаны Краёвы Сойм па ўсёй Сярэдняй Літве. Увесь народ гэтага краю зможа выказацца і гэта нас павінна больш–менш задаволіць“[4].

Як відаць з вышэйпрыведзенага выказвання Б. Тарашкевіча, беларускія дзеячы першапачаткова спадзяваліся на тое, што краёвы сойм у Вільні сапраўды будзе прадстаўніцтвам усяго насельніцтва рэгіёну. Аднак наступныя падзеі вельмі хутка разбурылі гэтыя ілюзіі, пераканаўшы беларусаў, што палякі пераследуюць толькі ўласныя інтарэсы. Дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, падпісаны Польшчай з  Савецкай Расіяй 12 кастрычніка 1920 г., фактычна перадвызначаў будучы падзел Беларусі. Як непасрэдную рэакцыю на гэты акт можна расцэньваць адкліканне ў сярэдзіне кастрычніка 1920 г. Віленскім Беларускім нацыянальным камітэтам (БНК) раней дадзенай санкцыі на ўваход Іваноўскага і Тарашкевіча ў Часовую камісію Сярэдняй Літвы, а таксама яго выступленне з пісьмовым зваротам супраць аб’яўленай Жалігоўскім мабілізацыі 16 лістапада 1920 г. Канчаткова рысу пад прапольскімі ілюзіямі беларусаў падвёў добраахвотны выхад Іваноўскага з Часовай камісіі ў снежні 1920 г.[5]

У такіх умовах на пазіцыю беларускіх палітыкаў усё больш  стаў уплываць другі суб’ект спрэчкі за Вільню — Літва. Улічваючы не вельмі вялікую колькасць літоўскага насельніцтва на Віленшчыне, ковенскія палітыкі з мэтай ажыццяўлення ціску на Варшаву і ўздзеяння на міжнародную грамадскую думку рашыліся на выкарыстанне беларускай карты. 11 лістапада 1920 г. была падпісана дамова паміж беларускім урадам у выгнанні на чале з Вацлавам Ластоўскім і ўрадам Літоўскай Рэспублікі, згодна з якой беларусы абавязваліся знаходзіцца на баку Літвы ў яе спрэчках з Польшчай і аддавалі ў яе распараджэнне свае вайсковыя фармаванні, а літоўцы, у сваю чаргу, пагаджаліся аказваць беларусам матэрыяльную і дыпламатычную падтрымку. Спрэчныя пытанні паміж бакамі, у тым ліку і балючае пытанне мяжы, павінны былі вырашацца шляхам перамоваў[6]. Урад Ластоўскага пасля гэтага развіў актыўную і небеспаспяховую агітацыю сярод беларускіх палітыкаў у Вільні, угаворваючы іх аб’яднацца. Пад час польска–беларускіх перамоваў у Рызе восенню 1920 г. эміграцыйны ўрад БНР прызнала Найвышэйшая Рада, якая да таго трымалася паланафільскай арыентацыі[7].

Вядома, усе гэтыя падзеі не маглі не адбіцца на пазіцыі беларускіх дзеячаў адносна выбараў у Віленскі сойм. У беларускай віленскай прэсе пачалі ўсё часцей з’яўляцца артыкулы, скіраваныя супраць удзелу ў іх. Прытым віленскія беларусы спачатку праяўлялі стрыманасць як у адносінах да Польшчы, так і ў дачыненні да Літвы. Так, у газеце „Наша Ніва“ адзначалася, што „цяперашняя спрэчка за Вільню вядзецца ў сферы вузканацыянальных інтарэсаў Польшчы і Літвы… Беларускае насельніцтва ў гэтай спрэчцы найменш зацікаўлена ў канчатковым выніку гэтай справы, бо і ў адным, і ў другім выпадку беларусы будуць адарваныя ад усяго свайго народа“[8].

Асноўнымі аргументамі супраць выбараў называліся: „1) не вярнуліся яшчэ з Расеі нашы бежанцы–беларусы; 2) тэрыторыя (правізарычная) для плебісцыту, або выбару ў Сойм, зусім штучна выкраена з абшараў беларускага і літоўскага; 3) плебісцыт, загаданы Лігай народаў, будзе вырашаць пытанне аб далучэнні ці да Польшчы, ці да Літвы, абмінаючы трэцюю страну — Беларусь…; 4) Сойм у Вільні пры сучасных варунках і пры асновах, на якіх ён склікаецца, не выкажа голасу ўсіх нацыянальнасцяў краю“[9]. Адзначаючы, што сама ідэя склікання сойму ў Вільні здаўна падтрымлівалася беларускімі дзеячамі і ўваходзіла ў праграмы многіх нацыянальных партый і арганізацый, падкрэслівалася, што „цяперашні сойм, што склікае ў Вільні Тымчасовая Камісія… грубая фальсіфікацыя таго, аб чым у свой час задумваліся лепшыя людзі нашага краю“[10].

У студзені 1921 г. у Вільні адбыўся вельмі рэпрэзентацыйны з’езд прадстаўнікоў усіх беларускіх палітычных арганізацый як з Віленшчыны, так і з іншых тэрыторый, на якім пераважна абмяркоўваліся праблемы выбараў у сойм Сярэдняй Літвы. Паміж прысутнымі на з’ездзе былі вялікія рознагалоссі. Частка палітыкаў выказвалася за ўдзел у выбарах з падтрымкай Польшчы, другая частка — за ўдзел у выбарах з антыпольскай платформай, трэцяя — за байкот. У выніку да агульнай пазіцыі беларускія палітыкі прыйсці не здолелі і рашыліся толькі на зварот да польскага ўрада са спецыяльнай дэкларацыяй з просьбай аб прызнанні правоў беларускай мовы ў арганізацыях і ўстановах, стварэнні беларускіх школ і ўліку жыццёва важных інтарэсаў беларускага насельніцтва[11].

Аднак выбары ў прызначаны тэрмін адбыцца не змаглі. Адной з прычын гэтага былі ўнутраныя рознагалоссі сярод польскіх палітыкаў, перш за ўсё паміж кіраўніком польскай дзяржавы Пілсудскім — у той час прыхільнікам федэрацыі Польшчы і Літвы з аднаго боку, і сеймавай большасцю, якая выказалася за непасрэднае далучэнне Віленшчыны да Польшчы — з другога. Вялікі ўплыў на развіццё падзей аказала і пазіцыя еўрапейскіх вялікіх дзяржаў, якія імкнуліся вырашыць віленскую праблему шляхам дасягнення кампрамісу паміж польскім і літоўскім урадамі. Пад ціскам Лігі нацый польскія палітыкі пагадзіліся сесці за стол перамоваў з літоўцамі. Таму тэрмін выбараў спачатку быў перанесены з 9 студзеня на 6 лютага 1921 г., а 1 лютага 1921 г. Жалігоўскі сваім дэкрэтам наогул адклаў іх правядзенне на неакрэслены тэрмін[12].

Польска–літоўскія перамовы пачаліся 20 красавіка 1921 г. у Брусэлі пад кіраўніцтвам дэлегата Лігі нацый бельгійца Поля Гіманса. Гіманс выступіў з праектам, які прадугледжваў кантанальную пабудову літоўскай дзяржавы з ковенскім і віленскім кантонамі. Агульнай сталіцай павінна была стаць Вільня, а Літва мусіла заключыць з Польшчай канвенцыі ў ваеннай, гандлёвай і знешнепалітычнай сферах. Гэты праект Гіманса прымаўся Польшчай, але адхіляўся Літвой[13]. Другі праект Гіманса больш адпавядаў жаданням літоўцаў, бо прадугледжваў толькі аўтаномію віленскай акругі ў складзе літоўскай дзяржавы. Аднак на гэта не пагадзіліся ўжо палякі. Такім чынам, польска–літоўскія перамовы да восені 1921 г. зайшлі ў тупік, і на парадак дня зноў выйшла пытанне правядзення выбараў у Віленскі краёвы сойм. Старшыня польскай дэлегацыі Шыман Ашкеназі пасля прыняцця Саветам Лігі нацый у верасні 1921 г. другога праекта Гіманса афіцыйна заявіў, што „польскі ўрад трымаецца той думкі, што лёсы Віленшчыны можа вырашыць толькі воля мясцовага насельніцтва“[14].

На працягу ўсяго перыяду польска–літоўскіх перамоваў Рада БНР з Коўна рабіла пастаянныя спробы пераадолець рознагалоссі ў беларускім нацыянальным руху і аб’яднаць усе беларускія групы пад сваім кіраўніцтвам. Ад віленскіх беларусаў бескампрамісна патрабавалася „адрачыся голасна ад змоў і супольнай працы з палякамі“[15]. Аднак частка віленчукоў, расчараваўшыся ў паляках, мела вялікія сумненні і наконт шчырасці намераў літоўскага ўрада. Гэтыя сумненні выліліся і на старонкі беларускага віленскага друку. Пад час падрыхтоўкі да польска–літоўскіх перамоваў у Брусэлі літоўскаму падыходу ў беларускім пытанні давалася наступная ацэнка: „Беларусам таксама аўтаномія… абяцаецца. Не звяртайце, беларусы, увагі на тое, што цяперашняе міністэрства беларускіх спраў у Коўне — гэта экспазытура русіфікацыі і нямецка–чарнасоценных інтрыг. Гэта ўсё нічога, пераменіцца, як дастанем Вільню, а тым часам знайце сваё дзела і на ўвесь свет крычыце проціў палякаў“[16]. Што датычыць Польшчы, то частка беларускіх дзеячоў яшчэ працягвала спадзявацца на магчымыя змены ў яе палітыцы, звязваючы іх перш за ўсё са зменамі ў верхніх эшалонах улады: „Калі ідзе гутарка аб Польшчы сучаснай, аб Польшчы Грабскіх і Дмоўскіх, дык хіба не знойдзецца ніводнага беларуса, каторы бы сказаў: так! Але апрача гэтай панскай Польшчы ёсць і тая другая — народная, тая, што на адзін момант паказала свой праўдзівы твар, выганяючы наездчыкаў і творачы сапраўды дэмакратычны ўрад Марачэўскага, стаўляючы на чале гаспадарства Язэпа Пілсудскага. З той другой Польшчай мы хочам і можам ісці. Яна цяпер таксама паняволена, як і мы. Яе таксама закавалі ў ланцугі, як і наш народ. Яе таксама вядзе да пагібелі чорны цэнтр рэакцыі ў Берліне, як і нашу Бацькаўшчыну“[17].

Частка віленскіх беларускіх дзеячоў, аднак, ужо ў той час практычна вызначылася з пытаннем пераходу да пралітоўскай арыентацыі. Так, Міхал Кахановіч у красавіку 1921 г. у сваім лісце да Вацлава Ластоўскага пісаў: „Найв[ышэйшая] Рада — нуль. Трэба весьці сваю ўласную лінію на пралом — разам з Ліцьвінамі, як бы мала яны нам не сулілі. Усе роўна, мы возьмем сваё — але толькі разам з Ліцьвінамі і проціў П[аляко]ў“[18]. З цягам часу, пад уплывам поўнага ігнаравання беларускіх інтарэсаў з боку палякаў і гаспадарання польскай адміністрацыі пераставалі верыць у шчырасць намераў палякаў у дачыненні да беларускага нацыянальнага руху і іншыя раней прыязныя да іх дзеячы. З’явілася і разуменне неабходнасці поўнага аб’яднання сіл дзеля магчымасці на нешта ўплываць. 10 ліпеня 1921 г. былыя сябры Найвышэйшай Рады Кузьма Цярэшчанка і Сымон Рак–Міхайлоўскі накіравалі ліст да Браніслава Тарашкевіча з прапановай спыніць дзейнасць гэтай арганізацыі[19]. 8 верасня 1921 г. старшыня БНК Фабіян Ярэміч выслаў ліст да В.Ластоўскага, у якім заклікаў да палагоджання ўсіх узаемных спрэчак, ад якіх „церпіць беларуская справа“[20]. Урэшце, 28 верасня 1921 г. па ініцыятыве прэм’ера беларускага ўрада ў Коўне Ластоўскага ў Празе адбылася Беларуская нацыянальна–палітычная канферэнцыя, у якой узялі ўдзел беларускія дзеячы з розных краін. У рэзалюцыях, выдадзеных па выніках гэтай канферэнцыі, усе актыўныя беларускія сілы заклікаліся да „самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі маючыміся ў іх распараджэнні спосабамі супроць падзелу Беларусі“, а ад Лігі нацый і ўсіх народаў свету вымагалася „адкінуць агідны польскі шавінізм і імперыялізм у яго этнаграфічныя межы за Буг і Нарэў“. Літва прызнавалася „векавым гістарычным сябрам беларускага народа, з якім яе звязвае агульнасць як палітычных, гэтак і эканамічных інтарэсаў“[21]. Нягледзячы на афіцыйную крытыку Лігі нацый за яе ігнараванне беларусаў пры вырашэнні віленскага пытання, у выступленнях удзельнікаў канферэнцыі падкрэслівалася вера „ў дзяржаўны розум вялікіх дзяржаў“[22]. Адзінай законнай правадаўчай уладай на Беларусі прызнавалася Рада БНР, як „вышэйшы орган беларускага народу, бяручый свой пачатак ад усебеларускага кангрэсу 1917 года“. Пастанову аб гэтым сярод іншых падпісалі, хоць і з агаворкамі, і прадстаўнікі Віленскага БНК[23]. Такім чынам, да восені 1921 г. адбылася кансалідацыя беларускага нацыянальнага руху і аб’яднанне яго вакол Рады БНР з рэзідэнцыяй у Коўне. Прапольскую арыентацыю захавала толькі арганізацыя „Краёвая сувязь“, на чале якой стаяў Павел Аляксюк.

У такім стане беларускі нацыянальны рух падышоў да моманту, калі ў сувязі з правалам польска–літоўскіх перамоваў палякі вырашылі самастойна развязаць віленскую праблему, ізноў пачаўшы падрыхтоўку да выбараў у Віленскі сойм. Іх намеры негалосна падтрымала Францыя, якая толькі зрабіла Польшчы некаторыя рэкамендацыі для палягчэння міжнароднага прызнання выбараў, асноўнымі сярод якіх былі сыход генерала Жалігоўскага з усіх сваіх пасадаў і пашырэнне выбарчай тэрыторыі на суседнія паветы, што знаходзіліся паміж Сярэдняй Літвой і ранейшай лініяй савецка–літоўскай мяжы згодна з дамовай ад 12 ліпеня 1920 г.[24] У выніку абедзве гэтыя задачы ўдалося выканаць, хоць і не без цяжкасцяў. 16 лістапада 1921 г. польскі Заканадаўчы сейм пасля доўгай дыскусіі прыняў пастанову аб пашырэнні выбарчай тэрыторыі на Лідскі і Браслаўскі паветы, а 30 лістапада Жалігоўскі перадаў уладу ў Сярэдняй Літве Аляксандру Мэйштовічу, прызначыўшы перад гэтым выбары на 8 студзеня 1922 г.

У выніку выбары павінны былі адбыцца на тэрыторыі, роўнай 20 211 км2 (з іх на тэрыторыю ўласна Сярэдняй Літвы прыпадалі 13 014 км2) з насельніцтвам 741 тыс. чалавек. Польскія афіцыйныя звесткі сведчылі, што на гэтай тэрыторыі жылі 68% палякаў, 11,5% габрэяў, 8,8% беларусаў, 7,2% літоўцаў, 2,8% іншых, 1,3% т. зв. тутэйшых[25]. Праўдзівасць гэтых лічбаў выклікае вялікія сумненні. Улічваючы практычна поўнае супадзенне паводле гэтай статыстыкі колькасці беларускага насельніцтва і насельніцтва праваслаўнага веравызнання (8,8 і 8,9% адпаведна), бясспрэчным падаецца факт амаль поўнага атаясамлення польскімі статыстыкамі канфесійнага фактару з нацыянальным. У выніку гэтага практычна ўсе беларусы–каталікі ўключаліся ў лік палякаў.

6 снежня 1921 г. урад Ластоўскага ў Коўне сабраўся на адмысловае паседжанне, на якім прыняў пастанову аб байкоце выбараў у Віленскі сойм, аргументаваўшы сваю пазіцыю тым, што „тэрыторыя т. зв. Срадковай Літвы штучна выразаная з цэлага краю і не становіць ні эканамічнага, ні палітычнага самаістнага арганізму, што выбары ў Сойм маюць адбывацца пад польскай акупацыяй і пад прэсам акупацыйных уладаў, што актыўныя беларускія сілы загнаны акупацыйнымі ўладамі Сярэдняй Літвы ў турмы, канцэнтрацыйныя лагеры і ў эміграцыю, а астаўшыеся на месцы тэрарызаваны“[26].

Пра гэтую пастанову, безумоўна, ведалі сябры Віленскага БНК, якія сабраліся на сваё паседжанне 10 снежня 1921 г. Аднак канчатковае рашэнне аб байкоце выбараў з яго боку было, несумненна, прынята яшчэ раней. У пачатку лістапада 1921 г. ва ўсіх беларускіх газетах, блізкіх да БНК, з’явіліся матэрыялы, у якіх сцвярджалася: „Мы, беларусы, да выбараў не пойдзем, бо пайсці не можам і не маем права. Пры сучасных варунках вольныя выбары немагчымыя, дык немагчымае і вырашэнне правільнае і справядлівае лёсу нашай роднай Віленшчыны. Выбары маюць адбыцца з часткі штучна выразанай з усяго краю. Дзеля гэтага нам самім прыкладаць руку да таго, каб нас кроілі, не тое што не выпадае, але было б нягодна“[27]. Такім чынам, на вышэйзгаданым снежаньскім паседжэнні рашэнне аб байкоце было толькі канчаткова аформлена спецыяльнай дэкларацыяй. У ёй пасля пераліку асноўных прычын прынятага рашэння рабілася выснова, што „выкананне волі народаў у Віленскім сойме… магчымае толькі пры ўдзеле ўсяго насельніцтва і ўсіх нацыянальнасцяў гэтага краю, пры ўмовах абсалютнай роўнасці, пры фактычным забеспячэнні грамадскіх і нацыянальных свабод, пры даўжэйшым перыядзе часу і пры пашырэнні выбараў у Віленскі сойм на ўсю беларускую тэрыторыю, адарваную ад Расеі. Толькі ў гэтых умовах магчыма аб’яднанне ўсіх народаў гэтага краю на дзяржаўнай тэрыторыі і сапраўднае волевыяўленне мясцовага насельніцтва“[28]. Падобныя пастановы былі прыняты таксама літоўскім і габрэйскім віленскімі нацыянальнымі камітэтамі.

„Краёвая сувязь“ П.Алексюка адказала на прыняцце пастановы БНК правядзеннем у Вільні ўласнага з’езда, які адбыўся 12–13 снежня 1921 г. Разам з ёй у якасці суарганізатара мерапрыемства была заяўлена т. зв. Сялянская партыя „Сялібнікі“, якая існавала хіба што толькі ў планах Алексюка[29]. У выніку двухдзённых паседжанняў была прынятая выніковая рэзалюцыя, у якой сярод іншага былі пункты аб выказванні ўдзячнасці польскаму народу за вызваленне беларускіх земляў і станаўлення на грунт аб’яднання беларускага народа з польскім, прызнаючы польскую дзяржаўнасць і аўтаномію для Беларусі. З гэтага лагічна выцякала рашэнне „прыняць удзел і працаваць сярод беларускага народа ў напрамку выбараў у сойм Сярэдняй Літвы і ў Варшаўскі сейм Польскай Рэспублікі“. Апанентам з іншых беларускіх арганізацый дадзенай пастановай выказвалася пагарда[30]. Пасля з’езда на тэрыторыі, дзе павінныя былі адбывацца выбары, распаўсюджвалася адозва, у якой беларускае насельніцтва заклікалася „стаць поплеч з братнім польскім народам, які падае нам руку, і разам ісці з ім і змагацца за нашу і іх долю і волю“[31]. Ад імя гэтага ж мерапрыемства высылаліся тэлеграмы вышэйшым кіраўнікам Польшчы і генералу Жалігоўскаму з сардэчнай падзякай за „вызваленне“ Заходняй Беларусі[32].

Алексюкоўскі з’езд выклікаў вялікае ўзрушэнне ў беларускіх палітычных асяродках. Супраць Алексюка была распачата шырокая кампанія ў прэсе. Пратэсты супраць мерапрыемства выдалі Беларускі нацыянальны камітэт, арганізацыя студэнтаў–беларусаў і іншыя беларускія арганізацыі і таварыствы. У адмысловым тлумачэнні БНК сцвярджалася, што заснаваны на з’ездзе камітэт з’яўляецца „арганізацыяй, створанай на польскія грошы, групуе вакол сябе прадажны элемент і служыць польскім, а не беларускім інтарэсам“[33]. Шматлікія нараканні выклікала сярод іншага сама арганізацыя з’езда. Дэлегаты яго нікім не выбіраліся, а запрашаліся асабіста арганізатарамі. Многім з іх гаварылася, што мерапрыемства будзе прысвечана выключна праблемам беларускай нацыянальнай адукацыі. На саміх паседжаннях панавала вельмі напружаная атмасфера, бо кожны, хто намагаўся выступіць з пратэстам супраць планаў арганізатараў, адразу ж выдаляўся з залы, прытым часта з пабоямі. Так былі выдалены, напрыклад, кс. Адам Станкевіч, Мікола Шыла, Уладзімір Пракулевіч, група студэнтаў–беларусаў. У выніку пасля заканчэння з’езда на адрасы Віленскага БНК і беларускіх газет паступіла шмат скаргаў ад удзельнікаў мерапрыемства, агульным зместам якіх было асуджэнне метадаў арганізатараў з’езда і несалідарызаванне з прынятымі на ім рэзалюцыямі[34]. Асабліва вялікае значэнне мела падобная заява Канстанціна Сцяпуры, які быў не простым удзельнікам з’езда, а выконваў абавязкі сакратара яго прэзідыума.

Распачатая кампанія ў прэсе канчаткова знішчыла і без таго небездакорную рэпутацыю Алексюка. У беларускай прэсе адзначалася, што „Аляксюк — гэта беларускі здраднік, адступнік і вырадак. Ён выракся беларусаў і прадаў за польскія маркі наш сялянскі люд… Няхай Вас Бог сцеражэ, каб Вы пайшлі за Алексюком, паслухалі яго голасу і дарма прадалі паном сябе, сваіх братоў гаротных і сваю родную зямельку, крывёй і потам вашым палітую“[35]. Шырока абмяркоўвалася тэма нібыта прысвоеных Алексюком грамадскіх грошай, друкаваліся шматлікія доказы гэтага[36]. Прозвішча Алексюка стала на той час сімвалам згодніцтва і нават нацыянальнай здрады не толькі для беларусаў, але і для іншых няпольскіх нацыянальнасцяў Віленшчыны. Так, у літоўскай газеце „Наша жыццё“ перад выбарамі пісалася: „Хто будзе выбіраць у Віленскі сойм? Так як ні літоўцы, ні беларусы, ні габрэі не будуць браць удзел у выбарах у Віленскі сойм, то гэты сойм будуць выбіраць толькі адныя палякі (і тое не ўсе), а таксама алексюкі і бальшавікі“[37].

Краёвая сувязь, як абсалютна прапольская арганізацыя, атрымлівала падтрымку палякаў у самых розных сферах. Яшчэ ў траўні 1921 г. віленскі стараста выдаў цыркуляр каменданту віленскай паліцыі адносна стаўлення да газеты „Краёвай сувязі“ „Jednaść“. У дакуменце адзначалася, што „гэтае выданне выступае пад лозунгам адзінства з Польшчай, таму не трэба яму перашкаджаць і стрымліваць распаўсюджванне штотыднёвіка на тэрыторыі Сярэдняй Літвы, а ўплываць там, дзе ёсць беларускае насельніцтва, на пашырэнне яго чытання“[38]. Перад самымі выбарамі, паводле сведчання А.Мэйштовіча, МЗС Польшчы прасіла яго пра „выдзяленне Алексюку неабходных сродкаў“[39]. Урэшце, пра небескарыслівасць занятай Алексюком пад час гэтых выбараў пазіцыі сведчыць таксама пазнейшая перапіска паміж польскімі міністэрствамі, асноўнай тэмай якой было прадастаўленне кааператыву, які ўзначальваў гэты дзеяч, пэўных гаспадарчых ільготаў[40].

Фінансаванне „Краёвай сувязі“ і яе мерапрыемстваў рабілася польскімі ўладамі з зусім акрэсленымі мэтамі. З дапамогай гэтай арганізацыі яны разлічвалі пераканаць міжнародную супольнасць, што беларускае насельніцтва Вільні жадае далучэння да Польшчы. Дзеля гэтага адразу пасля заканчэння з’езда ў Вільні быў арганізаваны візіт сфармаванай на ім дэлегацыі на чале з з Алексюком у Варшаву. Увага, якую аказалі беларускай дэлегацыі ў польскай сталіцы вышэйшыя дзяржаўныя ўлады, абсалютна не адпавядала рэальнай палітычнай вазе яе сяброў. 17 снежня дэлегацыю прынялі прэм’ер–міністр і міністр унутраных спраў Польшчы. Па запрашэнні польскага прэм’ера беларускія дзеячы прысутнічалі ў ягонай ложы пад час пастаноўкі „Пана Тадэвуша“ ў Вялікім тэатры ў Варшаве. Кульмінацыйным момантам візіту была аўдыенцыя сяброў дэлегацыі ў Юзэфа Пілсудскага 20 снежня 1921 г. Усё гэта падрабязна асвятлялася ў польскай прэсе[41]. Вестка пра прынятыя з’ездам пастановы была распаўсюджана па ўсім свеце сродкамі дзяржаўнага Варшаўскага радыётэлеграфа, прычым „Краёвая сувязь“ у яго паведамленні праходзіла як „Беларускі нацыянальны саюз у Вільні“[42].

У апошні месяц перад выбарамі на пазіцыю няпольскіх нацыянальнасцяў Віленшчыны зрабіла спробу непасрэднага ўплыву Францыя, якая ў віленскай спрэчцы пастаянна падтрымлівала Польшчу. У першай палове снежня 1921 г. адбылася дзвюхгадзінная сустрэча французскага дэлегата Шардзіньі з прэм’ерам Рады БНР Вацлавам Ластоўскім і міністрам замежных спраў БНР Аляксандрам Цвікевічам у Коўне[43]. 17 снежня 1921 г. Шардзіньі сустракаўся ўжо з віленскімі беларускімі дзеячамі Аркадзем Смолічам, Аляксандрам Карабачом і Міхалам Кахановічам[44]. Беларуская прэса не падавала падрабязнасцяў гэтых сустрэч, не хаваючы, аднак, таго, што пытанне выбараў пад час іх уздымалася. Аднак з іншых крыніц вядома, што Шардзіньі ўгаворваў беларусаў узяць удзел у выбарах узамен за аўтаномію, абяцаную палякамі[45].

Такая актыўнасць французскага прадстаўніка вымушала літоўскае кіраўніцтва да канкрэтызацыі сваіх прапаноў прадстаўнікам нелітоўскага насельніцтва Віленскага краю. Прэм’ер Літвы Казіс Грынюс 17 снежня 1921 г. у сваім выступленні з трыбуны літоўскага сойму зачытаў дэкларацыю, у якой гарантаваў для Віленшчыны краёвую аўтаномію з уласным соймам у Вільні і забеспячэнне ў гэтай аўтаноміі правоў для беларускай мовы і адукацыі. Тое ж датычыла і прадстаўнікоў астатніх народаў, якія насялялі Віленскі край. Кажучы пра беларусаў, Грынюс адзначыў, што „беларускі народ, з якім літоўцы мірна жылі сотні гадоў, можа быць пераконаны, што ў Літоўскай Рэспубліцы будуць абаронены яго мова, культура і рэлігія. Пад абаронай Гаспадарства пытанні гэтыя будуць застаўлены ў веданні культурна–аўтаномных устаноў. Заселеная беларусамі і іх потам палітая зямля дастанецца ім самім, а не чужацкім каланістам“[46]. Беларусы прынялі гэтую дэкларацыю з энтузіязмам: „Разважаючы над дэкларацыяй, кожны бесстаронні чалавек павінен прызнаць яснасць яе формы, шчырасць яе тону, дэмакратычнасць асноўных палажэнняў яе, справядлівасць у адносінах да паасобных народаў, засяляючых Усходнюю Літву… Літва сказала нам сваё шчырае слова, якога мы чакалі даўно“[47]. Місія Шардзіньі, такім чынам, скончылася няўдачай.

Аднак, нягледзячы на гэта, сам факт выступлення французскага прадстаўніка ў якасці лабіста польскіх інтарэсаў пазбаўляў беларускіх палітыкаў ілюзій адносна прызнання Лігай нацый вынікаў выбараў у Віленскі сойм. Гэта відавочна вынікае са зместу артыкула, які быў надрукаваны ў апошнім перадвыбарчым нумары газеты „Беларускі звон“. Публіцыст выдання адзначаў: „Ліга Народаў — Ліга пераможцаў. Для кантыненту Еўропы Ліга — гэта Францыя. Францыя, якая ачмуціўшыся чадам перамогі, нікога і нічога не бачыць, ды і не хоча бачыць… А раз гэта так, дык наш голас, хаця бы нават з трыбуны Сярэднялітоўскага Сойму, быў бы голас крычачага ў пустэльні… Застанёмся няшчаснымі, але затое чыстыя душой. Усе сілы на адукацыю, на ўсведамленне народу, а не на пустую нейкую надзею на міласць з неба… Для нас усё роўна, хто будзе ў нас, ці Жэлігоўскі, ці хто іншы з Варшавы, яны нам нічога добрага не дадуць. Наша надзея — гэта вера ў свой уласны, усвядомлены народ, а таксама ў сусветную дэмакратыю, а не ў цяперашніх камандзераў Еўропы“[48].

Галасаванне ў Віленскі сойм адбылося ў адпаведнасці з планам, 8 студзеня 1922 г. У выбарах узялі ўдзел 64,4% усіх выбаршчыкаў. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, галасаванне сярод беларускага насельніцтва склала 41% (у вясковых акругах — 44,5%)[49].

Узнікаюць вялікія цяжкасці пры аналізе гэтых лічбаў. Нават сярод польскіх даследчыкаў, якія абсалютна некрытычна ставяцца да афіцыйных звестак адносна нацыянальнай структуры насельніцтва Віленшчыны, існуюць рознагалоссі ў адносінах да ацэнкі пазіцыі беларускага насельніцтва. Варта, аднак, не забывацца пра тое, што польская дзяржаўная статыстыка можа выкарыстоўвацца толькі для характарыстыкі выбарчых паводзінаў праваслаўнай часткі беларускага насельніцтва. Што тычыцца беларусаў–каталікоў, то наконт іх галасавання можна рабіць толькі пэўныя прыблізныя дапушчэнні. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў некаторых гмінах колькасць выбаршчыкаў–хрысціян, якія не ўзялі ўдзелу ў галасаванні, значна перавышала колькасць зафіксаваных там беларусаў і літоўцаў. Як прыклад можа быць прыведзена Опсаўская гміна Браслаўскага павету, дзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, жылі толькі 219 беларусаў, тутэйшых і рускіх (усе яны ўлічваліся разам) і 13 літоўцаў, а не галасавалі 1331 чалавек хрысціянскага веравызнання[50]. Вядома, сёння вельмі цяжка вызначыць, у якой ступені на падобную пазіцыю выбаршчыкаў уплывала беларуская агітацыя, а ў якой — іншыя фактары.

Безумоўна правальным можна назваць выступленне на выбарах групы Алексюка. Яго Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, які выставіў свае спісы ў Камайскай і Ашмянскай акругах (найбольш беларускіх згодна з польскай статыстыкай), набраў усяго 2400 галасоў і не правёў ніводнага дэпутата. Можна меркаваць, што да гэтай няўдачы Алексюка ў той ці іншай ступені спрычынілася і праведзеная супраць яго агітацыйная кампанія ў беларускай прэсе.

Як бы там ні было, неаспрэчна тое, што большая частка насельніцтва ўзяла ўдзел у выбарах. Гэта не абавязкова сведчыла пра яго польскасць, але вельмі часта пра просты недахоп нацыянальнай свядомасці. Вядомы польскі палітык Вінцэнт Вітас успамінаў, што „мясцовае насельніцтва выглядала ашаломленым, не вельмі разумеючы, што каля яго рабілася. Надзіва недаверліва паводзілі сябе некаторыя шляхецкія засценкі… Здзіўляла, што калі вясковы люд імкнуўся да Польшчы без ніякіх разважанняў, то частка інтэлігенцыі падымала розныя пытанні“[51]. Падобная характарыстыка сітуацыі ўтрымлівалася і ў рапарце польскага Таварыства стражы крэсовай: „Становішча на Віленшчыне можна ахарактарызаваць такім чынам: вёска — гэта чысты аркуш, на якім можа пісаць кожны, хто хоча і ўмее“[52].

Трэба прызнаць, што беларускім дзеячам не ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты. Віленскі сойм, выбраны без іх удзелу, усё ж сабраўся і вырашыў лёс Сярэдняй Літвы. 20 лютага 1922 г. ён прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Нягледзячы на гэта, нельга сказаць, што тактыка байкоту выбараў, прынятая беларускімі дзеячамі, была адназначна памылковая, як лічылі некаторыя даследчыкі[53]. Як і пераважная большасць важных рашэнняў, якія прымаліся правадырамі беларускага руху, пачынаючы ад 1918 г., дадзеная пастанова прымалася ў першую чаргу з улікам міжнароднай сітуацыі. Удзел у выбарах мог прынесці беларусам правядзенне максімум некалькіх паслоў, якія ніякага ўплыву на рашэнні Віленскага сойму зрабіць бы не змаглі. У той жа час, ва ўмовах удзелу ў вырашэнні віленскага пытання еўрапейскіх дзяржаў, заставалася надзея, што пры ўзгодненым байкоце выбараў прадстаўнікамі ўсіх нацыянальных меншасцяў еўрапейскія дзяржавы схіляцца да перадачы Вільні Літве.

Прызнанне Віленшчыны літоўскай для беларусаў было важным па цэлым шэрагу прычын. Па–першае, Літва да 1922 г. заставалася адзінай фактычна прызнанай усім светам дзяржавай, зацікаўленай у падтрымцы беларускіх дзяржаватворчых памкненняў. Пры гэтым можна было спадзявацца, што пасля вырашэння ўсіх тэрытарыяльных праблем літоўскі ўрад не адмовіўся б ад выканання сваіх ранейшых абяцанняў хоць бы па прычыне зусім нязначнай колькасці літоўскага насельніцтва на Віленшчыне і неабходнасці супрацьдзеяння безумоўна ўплывоваму там польскаму элементу. Не маючы надзеі хутка літуанізаваць шматлікае славянскамоўнае насельніцтва, літоўскі ўрад проста вымушаны быў бы спрыяць пашырэнню на Віленшчыне прыязнай да сябе беларускасці, змяншаючы тым самым сферу ўплыву варожай польскасці. Безумоўна, як прадстаўнікі Віленскага БНК, так і дзеячы ўрада Ластоўскага мелі шматлікія прэтэнзіі да літоўскіх афіцыйных уладаў. Так, урад БНР лічыў, што „прыняты літоўскай дэлегацыяй пункт (у апошнім праекце Гіманса. — А. П.), па якім дзяржаўнай мовай прызнаецца толькі польская і літоўская, з’яўляецца крыўдай Беларускаму народу, які шчыра пайшоўшы на ўмовы ў асобе свайго Ураду з Урадам Літоўскай Рэспублікі, дзеля змаганьня з польскім імпэрыялізмам, клаў свае сілы і кроў на супольную справу; многа разоў выступаў супроць польскіх прэтэнзій на Віленшчыну перад Лігай Нацый і заўсёды высказываўся за сувязь яе з Літвой“[54]. Аднак дадзеныя беларуска–літоўскія супярэчнасці не ішлі ні ў якое параўнанне з беларуска–польскімі.

У дачыненні да Польшчы пераважная большасць беларускіх палітыкаў ніякіх ілюзіяў ужо даўно не мела. Шматлікія прыклады невыканання палякамі дадзеных імі раней абяцанняў і вялікі ўплыў нацыяналістаў на дзяржаўную палітыку не давалі надзеі на тое, што пасля далучэння Віленшчыны да Польшчы польскія ўлады хоць бы ў нейкай ступені будуць лічыцца з беларускім рухам. Зрэшты, палякі і не хавалі таго, што іх не вельмі хвалюе беларуская пазіцыя, пра што сведчаць, напрыклад, ліквідацыя з 1 студзеня 1922 г. дэпартамента беларускай асветы пры Часовай камісіі Сярэдняй Літвы[55] ці адмова Галоўнага выбарчага камісара прыняць заяву БНК на беларускай мове[56]. Толькі польскія партыі левага кірунку выказваліся за вядзенне больш гнуткай палітыкі ў беларускім пытанні. Так, Польская сацыялістычная партыя лічыла, што „трэба пачаць перамовы з беларусамі і габрэямі, каб усё насельніцтва Віленшчыны ўзяло ўдзел у выбарах у Віленскі сойм. Гэта патрабуе радыкальнай змены адміністрацыйнай палітыкі на ўсходзе“[57]. Польская народная партыя „Адраджэнне“ наогул запрапанавала паставіць на першым месцы на сваім спісе ксяндза–беларуса Міхала Пятроўскага, на што, праўда, апошні не даў згоды[58]. Аднак уплыў сацыялістаў і людоўцаў на тагачасную дзяржаўную палітыку Польшчы быў дастаткова абмежаваны, да таго ж папярэдні вопыт прымушаў беларусаў скептычна ставіцца да польскіх абяцанняў.

У такіх умовах адзіным аргументам за ўдзел у выбарах магла б быць магчымасць прапаганды пад час выбарчай кампаніі беларускай ідэі сярод насельніцтва. Аднак тут беларускія палітыкі па вышэйпрыведзеных прычынах знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад рашэння віленскіх літоўцаў, і байкот выбараў з боку апошніх (а рашэнне аб гэтым Літоўскім нацыянальным камітэтам у Вільні было прынята яшчэ 7 снежня 1921 г.)  прымушаў Віленскі БНК да заняцця аналагічнай пазіцыі. Але байкот выбараў быў актыўны, і беларусы, хоць і не мелі арганізаваных структур на месцах, імкнуліся ў меру магчымасці праводзіць прапаганду сваіх ідэяў. У якасці сродкаў для гэтага выкарыстоўваліся пераважна прэса і святарства. У рапартах польскіх спецслужбаў адзначалася, што беларускія газеты ананімна і бясплатна рассылаліся да ўсіх войтаў і солтысаў. Выпускаліся і распаўсюджваліся адмысловыя брашуры, у якіх выкладалася беларуская пазіцыя ў папулярнай форме[59]. Разгарнулі агітацыю ксяндзы–беларусы. Польскія спецслужбы сведчылі, што „ў кожным павеце ёсць некалькі ксяндзоў, якія рашуча і энергічна праводзяць гэтую (беларускую. — А. П.) агітацыю“. Характэрна, што ксяндзы–літоўцы ў парафіях з перавагай беларускага насельніцтва таксама праводзілі агітацыю пад беларускімі лозунгамі. Таксама пэўную ролю ў агітацыі мелі беларускія кааператывы і школы[60]. Што датычыць праваслаўнага святарства, то адзначалася, што „праваслаўнае духавенства, у пераважнай большасці рашуча расейскае, наогул у сучасны момант захоўвае вялікую стрыманасць і асцярожнасць у дачыненні да ўсялякіх палітычных акцыяў. Аднак асобы, найбольш схільныя да неадкладнай палітычнай дзейнасці, ахвотна хаваюцца пад прыкрыццё беларускага руху, каб такім чынам узмацніць антыпольскія настроі. Робіцца гэта, аднак, не праз амбон… але праз прыватнае жыццё, праз кантактаванне з людзьмі, а па меры магчымасці ў кааператывах і школах“[61].

Польскія ўлады баяліся магчымасці выкарыстання нацыянальнымі беларускімі дзеячамі выбарчай кампаніі дзеля пашырэння сваёй сувязі з сялянскімі масамі. Таму ў спецыяльнай інструкцыі адзначалася, што „пажадана, каб сярод прадстаўнікоў Віленскай зямлі былі прадстаўлены меншасці, асабліва габрэі і беларусы… Аднак непажаданыя расклейванне плакатаў з праграмамі, выезды кандыдатаў у паслы і скліканне мітынгаў“[62]. На час выбараў не было дадзена дазволу на выданне газет беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў „Krynica“ i „Świetač“. Праводзіліся арышты найбольш актыўных беларускіх дзеячаў, як, напрыклад, беларускіх каталіцкіх святароў Міхала Пятроўскага і Кастуся Стэповіча (Казіміра Сваяка)[63].

Улічваючы ўсё вышэйпададзенае, беларуская агітацыя, безумоўна, ахапіла толькі нязначную частку насельніцтва Сярэдняй Літвы і не магла аказаць вялікага ўплыву на вынікі выбараў. Аднак некаторыя беларусы ўпершыню пачулі пра існаванне асобнай беларускай нацыі менавіта ў гэты час, чаму ёсць сведчанні сучаснікаў[64].

28 сакавіка Віленскі сойм быў распушчаны, а 6 красавіка 1922 г. быў прыняты закон пра перадачу ўлады над Bіленшчынай дэлегатам польскага ўрада. Да канчатковага рашэння Лігі нацый аб прызнанні ўсходніх межаў Польшчы заставаўся яшчэ амаль год, аднак, улічваючы пазіцыю Францыі, мала хто сумняваўся, якім яно будзе. Пераходны перыяд скончыўся, і беларускім дзеячам у Вільні трэба было задумацца пра тактыку ў новых умовах — у складзе польскай дзяржавы.


[1] Ajnenkiel A. Historia Sejmu Polskiego. T. II. Cz. II. II Rzeczpospolita. Warszawa, 1989. S. 58.
[2] Srebrakowski A. Sejm Wileński 1922 roku: Idea i jej realizacja. Wrocław, 1995. S. 46.
[3] Латышонак А. Беларуская палітыка Пілсудскага ўвосень 1920 г. // Рыжскі мірны дагавор і лёсы народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнароднай навукова–тэарэтычнай канферэнцыі (Мінск, 16—17 сакавіка 2001 г.). Мінск, 2001. С. 24.
[4] Ціхаміраў А. В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска–савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мінск, 2003. С. 299.
[5] Тамсама. С. 300—301.
[6] Ełski S. Sprawa białoruska: zarys historyczno–polityczny. Warszawa, 1931. S. 48—49.
[7] Czerniakiewicz A. Polsko–białoruskie stosunki wzajemne w końcowym etapie wojny polsko–sowieckiej // Rok 1920. Z perspektywy osiemdziesięciolecia / Red. nauk. A. Ajnenkiel. Warszawa, 2001. S. 200.
[8] Цыт. па: Głos białoruski o sporze polsko–litewskim // Gazeta Wileńska. 1920. 22 grudnia. Nr. 50. S. 3.
[9] М. К–ч. Віленскі Сойм, плебісцыт і беларусы // Наша Думка. 1920. 31 сьнежня.
[10] Вілянчук. Раней і цяпер // Наша Думка. 1921. 7 студзеня.
[11] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. Warszawa, 1928. S. 118—119.
[12] Srebrakowski A. Op. cit. S. 48—49.
[13] Gomółka K. Między Polską a Rosją. Warszawa, 1994. S. 192.
[14] Шубин И. (Самарин). Париж — Варшава — Вильно (Виленщина на перекрестке империалистических путей Франции). Москва, 1923. С. 40.
[15] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. Вільня — Mенск — Нью–Ёрк — Прага, 1998. С. 1046.
[16] Вільня, 17 красавіка 1921 г. // Беларускі звон. 1921. 17 красавіка. №4. С. 1.
[17] Каліноўскі В. Дзьве Польшчы // Беларускі звон. 1921. 28 красавіка. №5. С. 6.
[18] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1072.
[19] Тамсама. С. 1147—1148.
[20] Тамсама. С. 1210—1211.
[21] Тамсама. С. 1220—1221, 1224.
[22] Сташкевіч М. С. Непазбежнае банкруцтва (з гісторыі палітычнага краху нацыяналістычных партый у Беларусі. 1917—1925 гг.). Мінск, 1974. С. 132.
[23] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1229.
[24] Srebrakowski A. Op. cit. S. 52—53.
[25] Krajewski Z. Geneza i dzieje wewnętrzne Litwy Środkowej (1920—1922). Lublin, 1996. S. 94—95.
[26] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1252.
[27] Аб Сойме у Вільні // Беларускія ведамасьці. 1921. 7 лістапада. № 9. С. 4.
[28] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. S. 134.
[29] Z ruchu wyborczego. Białorusini wobec wyborów // Gazeta Wileńska. 1921. 10 grudnia. № 280. S. 2.
[30] Krótki zarys zagadnienia białoruskiego. S. 136—137.
[31] Беларускі дзяржаўны архіў–музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 206. А. 28.
[32] Коўкель І. І. Польска–літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый // Беларусіка=Albaruthenica: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне / Рэд. А. Мальдзіс і інш. Мінск, 1994. С. 268.
[33] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 179. А. 94.
[34] БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 206. А. 3—8, 14, 17—18.
[35] D. Alaksiuk // Беларускі голас (аднаднёўка). 1921. 11 сьнежня. С. 1.
[36] Хроніка. Суд у справе Алексюка // Беларускі голас (аднаднёўка). 1921. 11 сьнежня. С. 2.
[37] Wybory do Sejmu w Wilnie, 8 stycznia 1922. Oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. Wilno, 1922. S. 75.
[38] Biełaruski hołas // Беларускі голас (аднаднёўка). 1921. 11 сьнежня. С. 1.
[39] Gomółka K. Między Polską a Rosją. S. 200.
[40] Archiwum Akt Nowych (AAN) w Warszawie. Prezydium Rady Ministrów 1918—1939. Sygn. 151/22. K. 5—13.
[41] AAN. Komitet Rosyjski w Polsce. Sygn. 34. K. 13.
[42] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1254.
[43] НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 179. А. 94.
[44] Палкоўнік Шардзіньі ў Вілен. Бел. Нацыянальным Камітэце // Беларускія Ведамасьці. 1921. 20 сьнежня. № 15. S. 6.
[45] БДАМЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Адз. зах. 172. А. 1.
[46] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. С. 1256.
[47] M. K. Літва і Віленшчына // Беларускія Ведамасьці. 1922. 1 студзеня. № 1. С. 1.
[48] І. А. Што нам рабіць? // Беларускі звон. 1922. 6 студзеня. № 1. С. 2.
[49] Wybory do Sejmu w Wilnie, 8 stycznia 1922. Oświetlenie akcji wyborczej i jej wyników na podstawie źródeł urzędowych. S. 156.
[50] Ibidem. S. 155.
[51] Witos W. Moje wspomnienia. T. 2. Cz. II. Warszawa, 1990. S. 199—200.
[52] Hemmerling Z. PSL „Wyzwolenie“ w parlamentach II Rzeczypospolitej 1919—1931. Warszawa, 1990. S. 64.
[53] Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977. S. 63; Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Неман. 1990. № 7. С. 139.
[54] НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 111. А. 12.
[55] Gomółka K. Polskie ugrupowania polityczne wobec kwestii białoruskiej 1918–1922. Warszawa, 1989. S. 201.
[56] НА РБ. Ф. 325. Воп. 1. Адз. зах. 115. А. 19.
[57] Тамсама. Адз. зах. 179. А. 54.
[58] Кандыдатура кс. Пятроўскага // Голас праўды (аднаднёўка). 1921. 27 сьнежня. № 4. С. 3.
[59] Чаго чакаць Беларусам ад Польшчы: Гутарка дзеда да малодшых. Б. м., б. г.
[60] AAN. Ministerstwo Spraw Zagranicznych (MSZ) 1918—1939. Sygn. 6103. K. 237.
[61] Ibidem.
[62] Gomółka K. Między Polską a Rosją. S. 195.
[63] Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia, 1939. S. 160—162.
[64] Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003. С. 10.

Наверх

Тэгі: ,