БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Андрэй Катлярчук. Другая Паўночная вайна і апошняя шведская аперацыя ў ВКЛ: аблога Берaсця 1657 г. і спрэчка за места


6 студзеня 1656 г. у месце Раднот (Radnot)[1] Швецыя і Трансільванія (таксама і ад імя сваіх некаталіцкіх хаўруснікаў) уклалі дамову пра вайсковы саюз ды падзел Рэчы Паспалітай. Ад Швецыі яе падпісалі Цэлестын Штэрнбах (Celestin Sternbach) і Готард Велінг (Gotthard Velling), ад Трансільваніі — Янаш Кемень (János Kemény) і Міхай Мікеш (Mihály Mikes). У перамовах таксама бралі ўдзел паслы Прусіі і Багуслава Радзівіла — Ян Мяржэнскі і Стэфан Нямірыч. 18 артыкулаў дамовы — першы ў гісторыі дасканалы план скасавання Рэчы Паспалітай шляхам яе падзелу паміж Швецыяй, Трансільваніяй, Прусіяй, партыяй Багуслава Радзівіла і Ўкраінскім гетманатам[2].

Хаўруснікі падзялілі паміж сабой большую частку Вялікага Княства Літоўскага. Швецыя атрымала Жамойць, Ковенскі, Вількамірскі, Упіцкі, Браслаўскі паветы, а таксама часткі Полацкага і Віцебскага ваяводстваў уздоўж Дзвіны. Апрача таго, да Швецыі адыходзіла „ўсё Падляшша“ па абодва бакі Буга (гэта значыць, яго польская і літоўская часткі) і літоўска–польскія Інфлянты. Да Трансільваніі адышло Берасцейскае ваяводства. Пытанне акупаваных Расіяй і Ўкраінай усходніх паветаў ВКЛ не разглядалася. Рэшту заходняй часткі Вялікага Княства атрымаў Багуслаў Радзівіл, у спадчынную дзяржаву якому перадавалася Наваградскае ваяводства „з усім, што да яго дагэтуль адносілася, дзе б яно ні размяшчалася, у валоданне па праву вышэйшасці“ (Pro principe Radzivilio Palatinatum Novogrodensem, cum aliis antehac ad ipsum spectantibus, ubicunque, sitae sint, jure superioritatis possidendis).

Згодна з дамовай, увесну 1657 г. планаваўся паход Швецыі і Трансільваніі на Рэч Паспалітую — з мэтай яе канчатковага падзелу. Спрэчным пытаннем стаў удзел у паходзе кааліцыі Багуслава Радзівіла і Ўкраінскага гетманата, „пакрыўджаных“ Радноцкай дамовай. Паранены (8 кастрычніка 1656 г.) у бітве пад Просткамі (Prostken/Prostki) і захоплены ў палон саюзным войскам ВКЛ і Крымскага ханства, Багуслаў Радзівіл пасля вызвалення шведамі (22 кастрычніка 1656 г.) знаходзіўся ў Прусіі. Паколькі два палкі Радзівіла панеслі ў бойцы значныя страты, яго палітычны ўплыў і міжнародная вага значна знізіліся. Як паслы ў Радноце ні баранілі інтарэсы Багуслава Радзівіла, яму быў перададзены толькі Наваградак — замест трох патрабаваных земляў[3]. Да таго ж, добрую палову Наваградскага ваяводства ўжо складала Радзівілава спадчыннае Слуцкае княства. Наваградская шляхта, вялікі ўплыў у якой мелі пратэстанты і праваслаўныя, падтрымлівала рашэнне стварыць з ваяводства асобную дзяржаву. У такім выпадку Наваградак (старажытная сталіца ВКЛ, да 1596 г. — адна з цэнтральных рэзідэнцый праваслаўнага мітрапаліта) аднавіў бы свой сталічны статус. Тым не менш, Багуслаў Радзівіл застаўся незадаволены вынікамі Радноцкай дамовы: яго пасол Ян Мяржэнскі апpатэставаў іх, апелюючы да кейданскіх перамоваў 1655 г. У сакавіку 1657 г. Ян Мяржэнскі вёў напружаныя перамовы ў Эльблонгу (Elbing/Elbląg) са шведскімі дыпламатамі Крыстоферам Карлам фон Шліпенбахам (Christoffer Carl von Schlippen–bach) і Матыясам Б’ёрнклоў (Matthias Björnklou). Галоўным пытаннем было далучэнне да дзяржавы Багуслава Радзівіла Берасцейскага павету і паўночнай часткі Падляшша. Адстойваючы правы Радзівіла на гэтыя абшары, Ян Мяржэнскі спасылаўся на жнівеньскія дамовы 1655 г. паміж Дэ ля Гарды і Багуславам Радзівілам. У рэшце рэшт дзяржаўны дарадца Матыяс Б’ёрнклоў пагадзіўся з прэтэнзіямі Радзівіла на паўночнае Падляшша і паабяцаў y будучыні далучыць да дзяржавы Радзівіла Берасце[4]. Толькі тады Багуслаў Радзівіл загадаў скіраваць у кааліцыйнае войска ўласны полк у 800 вершнікаў на чале з Эберхардам Путкамерам. Шведы былі зацікаўлены не столькі ў колькасці жаўнераў палка, колькі ў прыналежнасці іх да мясцовай шляхты. Радзівіл, які быў у добрых дачыненнях з Хмяльніцкім, спадзяваўся на падтрымку гетмана ў спрэчцы з Трансільваніяй за Берасце.

Такім чынам, у лютым 1657 г. Швецыя і яе хаўруснікі пачалі новую вайну супраць Рэчы Паспалітай. 1 красавіка Карл X аб’яднаўся з войскам Трансільваніі і ўкраінскімі казакамі ў польскай вёсцы Цьмелуў (Ćmielów), недалёка ад Ракува (Raków), колішняга цэнтра польскіх арыянаў. Трансільванскае войска (каля 24 тыс. жаўнераў) узначальваў князь Д’ёрдзь II Ракацы (György II Rákуczi). Аддзеламі кіравалі генералы Ферэнц Ішпан (Ferenc Ispán), Петэр Гусар (Péter Huszár) і Янаш Кемень. Украінскае войска (ад 6 да 20 тыс. жаўнераў) ачолілі палкоўнікі Антон Ждановіч (у шведскіх крыніцах — Antonio Sdanowitz) ды Іван Багун[5].

Шведска–прускім войскам з 7 тыс. жаўнераў кіраваў уласна Карл X. На чале шведскіх аддзелаў (4 тыс. жаўнераў) стаялі: брат караля генерал Адольф Ёган (Adolf Johan av Pfalz), генералы Якаб Казімір Дэ ля Гарды (Jacob Kasimir De la Gardie) і Юры Нямірыч, палкоўнік Ёган Бенедыкт фон Шонлебен (Johan Benedikt von Schönleben)[6]. Прускія аддзелы (каля 3 тыс. жаўнераў) узначальваў генерал Георг фон Вальдэк (Georg von Waldeck). Таксама да шведскага войска быў далучаны полк Багуслава Радзівіла. Сам Радзівіл, цяжка паранены ў галаву, у Берасцейскай аперацыі не ўдзельнічаў. Тым не менш, каб адстаяць свае правы на Берасце, ён разгарнуў актыўную дыпламатычную дзейнасць з Прусіі.

Пасля трыумфальнага захопу Малой Польшчы хаўруснікі скіраваліся ў бок ВКЛ, на Падляшша. Карл X зрабіў сваім станам мястэчка Радзівіла Венгруў (Węgrów) — пратэстанцкі цэнтр Падляшша. У ім 1 траўня 1657 г. кароль Швецыі атрымаў вестку, што войскі ВКЛ і Польшчы пераправіліся цераз Буг і рухаюцца ў бок Берасця. Кіраўніцтва кааліцыі вырашыла пайсці за імі.

Тактычнай мэтай аперацыі было знішчэнне 12–тысячнага войска ВКЛ на чале з Паўлам Сапегам і польскай арміі на чале з гетманам Станіславам Патоцкім (Stanisław Potocki). Тыя атабарыліся ў Берасці, чакалі там дывізію левага крыла, што на чале з Вінцэнтам Гансеўскім рухалася са Жмудзі. Хуткі наступ шведскай кааліцыі разбурыў планы гетманаў: войскі Княства адышлі ад Берасця ў Кобрын без Гансеўскага[7].

Стратэгічнай мэтай аперацыі была ліквідацыя галоўнай базы Яна Казіміра ў ВКЛ. Берасце 1655—1657 г. было цэнтрам патрыётаў на чале з Паўлам Сапегам. 27 студзеня 1657 г. войскі Сапегі захапілі апошні заняты шведамі замак Тыкоцін (Tykocin) і ўшчэнт знішчылі жаўнераў Швецыі ды Радзівіла. Маёмасць Багуслава Радзівіла была разрабавана. Каменданты Тыкоціна, швед Дыдрык фон Розэн (Didrik von Rosen) і ліцвін Ян Отэнгаўз, былі забітыя[8]. У выніку ўпершыню ад пачатку вайны Ян Казімір атрымаў кантроль над суцэльнай прасторай Літвы, што злучала ў адно Жамойць, Берасцейскае ваяводства і Падляшша. Літаральна за паўтара месяца да наступу кааліцыі на Берасце ў горадзе адбыўся з’езд вернай Яну Казіміру шляхты (14—17 сакавіка 1657 г.). Удзельнікі даслалі да караля пасольства на чале з берасцейскім старастам Янам Копцем. Галоўным патрабаваннем былі захаванне міру з Расіяй ды Ўкраінскім гетманатам і далейшая падтрымка антышведскай кааліцыі[9].

Згодна са шведскім стратэгічным планам, захоп Берасця, магутнай цвярдыні на злучэнні рэк Буг і Мухавец, дазваляў кантраляваць усе камунікацыі паміж Літвой, Мазовіяй, Падляшшам і Ўкраінай. У выпадку працягу вайны з Расіяй — „ворагам, які падтрымліваў стасункі з казакамі“, — кантроль над Берасцем меў выключнае значэнне[10]. На думку Карла X, рашэнне кааліцыі зладзіць паход на „Берасце ў Літве“ было цалкам слушным, „ніводнае места не магло змагацца супраць нас, бо разам наша войска было занадта моцным для іх[11].

5/15 траўня войскі кааліцыі падышлі да Буга праз Гродзіск (Grodzisk) і пераправіліся праз яго на поўдзень ад мястэчка Крэмень (Krzemień). Там да кааліцыі далучыўся шведскі генерал Густаў Ота Стэнбак (Gustav Otto Stenbock), які рухаўся з Прусіі з гарматамі, абозам і кухняй[12]. 7/17 траўня хаўруснікі выйшлі на мяжу Польшчы і Вялікага Княства і захапілі мястэчкі Астражаны (Ostrozany) ды Семятычы (Siemiatycze). Аперацыя праводзілася ў таямніцы, жаўнеры крочылі ўначы. 8/18 траўня войска кааліцыі ўвайшло ў межы ВКЛ і, праз Мілейчыцы (Milejczyce) і Токары (Tokary), скіравалася ў бок Берасця. Упершыню з 1655 г. на Беларусь ішло велізарнае войска колькасцю больш за 50 тыс. жаўнераў. 9/19 траўня 1657 г. аддзелы хаўруснікаў захапілі першы горад Вялікага Княства — Высокае. Актыўны ўдзел у аперацыі браў полк Радзівіла. У той самы дзень шведскі вайсковы інжынер Эрык Дальберг (Erik Dahlberg) прыбыў пад Берасце на чале драгунскага аддзела, з загадам караля агледзець стан умацаванняў ды зрабіць план места. Па словах Дальберга, знешні выгляд абарончых збудаванняў яго ўразіў: „Берасце было знадта добрай і моцнай цвярдыняй з магутнымі мурамі і моцным гарнізонам[13]. Аблога места патрабавала падрыхтоўкі. Да таго ж, кожны з хаўруснікаў Швецыі, апрача Прусіі, выказаў свае прэтэнзіі на места.

Берасце, якое знаходзілася на мяжы ВКЛ і Польшчы, займала выключнае палітычнае і гандлёвае становішча. Горад першым з беларускіх местаў атрымаў магдэбургскае права (1390 г.). З 1566 г. Берасце — цэнтр аднаго з найбагацейшых і густанаселеных ваяводстваў Княства. Гэта быў адзіны горад Літвы, дзе ў XVII ст. адбыўся вальны сойм Рэчы Паспалітай (1653 г.). У 1553 г. гарадскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны фундаваў тут адзін з першых лютэранскіх збораў і першую пратэстанцкую друкарню. Такім чынам, для пратэстантаў горад быў каштоўным сімвалам. Паводле задумы Багуслава Радзівіла, места мусіла стаць складнікам ягонай дзяржавы. Аднак, адпаведна Радноцкай дамове, Берасцейскае ваяводства адышло да Трансільваніі. Гістарычныя прэтэнзіі Трансільваніі на Берасце грунтаваліся на дзяржаўнай канцэпцыі Ракацы і ягонай эліты, згодна з якой Берасцейская зямля мусіла зрабіцца часткай „Вялікай Вугоршчыны“. У XIII ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Галіцка–Валынскага княства, спадкаеміцай якой лічылася вугорская карона. У 1349—1351 г. вугорскі кароль Людвік I Вялікі (Nagy Lajos) часова захапіў Берасце. У 1370—1382 г. ён быў каралём Польшчы. У выніку персанальнай уніі ВКЛ і Польшчы ў Крэве дачка Людвіка I Вялікага Ядзвіга пайшла за вялікага князя літоўскага Ягайлу, (гэта заклала пачатак дынастыі Ягелонаў, што кіравала Вялікім Княствам да 1572 г.) У 1370–х г. берасцейскі праваслаўны князь Фёдар Альгердавіч прызнаў сябе васалам Вугорскага каралеўства[14].

Уласныя планы на Берасце мелі і ўкраінскія казакі. Украінская эліта лічыла Берасце і яго акругу неад’емнай часткай свайго гаспадарства, краем русінскай мовы і праваслаўнага насельніцтва. Гэты тэзіс украінцы настойліва даводзілі на перамовах са Швецыяй. У 1596 г. у Берасці адбылося стварэнне новай царквы — уніяцкага касцёла. Таму авалодаць местам было вельмі істотна для ўкраінскіх казакаў, якія вялі барацьбу супраць Рэчы Паспалітай пад сцягам аднаўлення правоў праваслаўнай і знішчэння уніяцкай царквы. Казакаў раздражняла[15] і тое, што Берасце было сталіцай літоўскага Ваада (аўтаноміі габрэяў ВКЛ)[16]. 10 студзеня 1657 г. Багдан Хмяльніцкі абвяшчае пра паход украінскага войска на чале з Антонам Ждановічам супраць Рэчы Паспалітай. Універсал, занесены ў кнігі Менскага гродскага суда, падкрэсліваў правы тых, хто будзе гарнуцца да ўлады Ўкраіны[17]. 8 красавіка 1657 г., пасля злучэння ўкраінскага і трансільванскага войска з арміяй Швецыі ў мястэчку Завіхаст (Zawichost), адбыўся сумесны парад сіл кааліцыі, якім кіравалі Карл X, Д’ёрдзь II Ракацы і наказны гетман Антон Ждановіч[18]. Пасля параду, 10 красавіка 1657 г. кароль Швецыі піша ліст Хмяльніцкаму, у якім малюе карціну ўласных інтарэсаў у Рэчы Паспалітай. Абшары, якія мусілі адысці да Швецыі, дакладна супадалі з землямі, акрэсленымі ў Радноцкай дамове. Карл X не згадваў пра інтарэсы іншых хаўруснікаў кааліцыі і пісаў, што Швецыя згодна разгледзець прэтэнзіі Ўкраіны на землі Рэчы Паспалітай як „сатысфакцыю за хаўрус[19]. Пад час берасцейскай аперацыі, упершыню ў гісторыі, Карл X і яго генералы атрымалі магчымасць наўпростых перамоваў з украінскім кіраўніцтвам. У абозе каля Берасця бакі ўдакладнілі свае пазіцыі. Але Берасця Ўкраіна не атрымала, што заклала першую міну пад ідэю шведска–ўкраінскага хаўрусу.

11/21 траўня войска кааліцыі абклала Берасце. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон выкінуў белы сцяг[20]. Берасцейскі кашталян Мальхер Савіцкі прапанаваў абмен пасольствамі. Пасламі ад Берасця былі два шляхцічы і нямецкі афіцэр–найміт. Кіраваў пасольствам Рыгор Война. Са шведскага боку на перамовы былі выпраўлены тры шляхцічы Рэчы Паспалітай: генерал Юры Нямірыч, палкоўнік Эберхард Путкамер і невядомы капітан з палка Радзівіла. У апошнюю хвіліну Карл X надумаў замяніць капітана Эрыкам Дальбергам, які мусіў пагутарыць з нямецкімі наймітамі гарнізона. Дальберг здолеў агледзець муры і знайсці зручнае места для штурму. Да таго ж ён запалохаў жаўнераў словамі: „Мусіце ведаць, што кароль Швецыі мае 80 тысяч вугорцаў і казакаў. І калі вы адважыцеся стрэліць у мяне, дык праз гадзіну яны выражуць Берасце да апошняй душы![21].

16/26 траўня 1657 г. Берасце падпісала капітуляцыю. Мной адшуканы забыты дагавор здачы Берасця „Пункты згоды перадачы места і замка Берасця Літоўскага каралю Швецыі і князю Трансільваніі“[22]. Артыкул 1 дамовы вызначаў, што места здаецца на літасць караля Швецыі і князя Трансільваніі, з захаваннем усіх царкоўных і свецкіх правоў. Артыкул 7 перадаваў места пад кантроль Трансільваніі. Праз тры дні ад падпісання дамовы „польскі“ гарнізон мусіў пакінуць места, а князь Трансільваніі — прызначыць свайго каменданта. Артыкулы 2, 3, 4 і 8 датычылі ўмоваў здачы гарнізона. Жаўнеры, апрача тых, хто раней служыў Швецыі ці Прусіі, адпускаліся на волю разам з штандарамі і мушкетамі. Каб ніхто не адпомсціў „польскім жаўнерам Берасця[23], кароль Швецыі і князь Трансільваніі прызначылі 300 рэйтараў, якія павінны былі ахоўваць гарнізон пры адыходзе „ажно да пруда“. Артыкулы 5 і 6 вызначалі адносіны пераможцаў з тутэйшай шляхтай. Шляхце, што будзе вернай шведскаму каралю і князю Трансільваніі, гарантавалася ўласная бяспека і ахова дамоў. Шляхта, ахвочая служыць шведскаму каралю і князю Трансільваніі, запрашалася на службу, але мусіла спачатку перадаць гарадскія фартэцыі пад кантроль новых гаспадароў. Цікава, што ў тэксце дамовы не было ніякай згадкі пра інтарэсы іншых сяброў кааліцыі, перадусім Радзівіла і Хмяльніцкага. Як сведчыць Дальберг, „згодна дамовам Берасце было перададзена князю Ракацы[24].

19/29 траўня гарнізон з „2 300 дужых жаўнераў, 1 000 гарадскіх драбантаў з месцічаў (беларусаў. — А.К.) і габрэяў“ адкрыў браму места[25]. У той самы дзень у горадзе атабарыўся гарнізон Ракацы. Губернатарам места быў прызначаны палкоўнік Андраш Гаўдзі (András Gaudi). Берасце зрабілася галоўнай базай Трансільваніі ў Літве. Каб авалодаць усім паветам, асобныя аддзелы шведаў, вугорцаў і казакаў дайшлі да Кобрына[26].

3 чэрвеня група шведскіх мастакоў і картографаў на чале з Эрыкам Дальбергам скончыла агульны план места, таксама былі зроблены два панарамных малюнка горада. Адзін з іх, „Аблога Берасця“, быў надрукаваны ў 1696 г. Самуэлем Пуфендорфам і стаў добра вядомы даследчыкам[27]. Падрабязны план места з легендай і іншая панарама горада засталіся невядомымі і былі знойдзены мной у зборах Каралеўскай бібліятэкі Швецыі[28]. Варта нагадаць, што гісторыкі па–за межамі Швецыі часта памылкова лічаць Эрыка Дальберга аўтарам усіх графічных матэрыялаў, што выходзілі з яго подпісам. Між тым вядома, што Дальберг кіраваў групай мастакоў і часта толькі зацвярджаў працы, зробленыя тымі. Гэтак атрымалася і з выявамі Берасця. Напрыклад, план горада пад назвай „Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця, так, як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня“ зроблены самім Дальбергам — як бачна з подпісу пад легендай (мал. 1). Між тым, панарама Берасця з левага берага Буга пад назвай „Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.“ зроблена іншымі мастакамі (мал. 2.). Над гэтым малюнкам працавалі Морат (Morath) і Васэр (Waser). Пасля завяршэння праца была зацверджана подпісам Дальберга. Назва малюнка мае палітычны сэнс, бо сцвярджае, нібыта кароль Швецыі „вызваліў Берасце ад польскай блакады“ (? — А.К.). З невядомых прычынаў шведы падалі таксама памылковую дату капітуляцыі горада.

Друкаваныя ўпершыню, малюнкі, безумоўна, маюць вялікую каштоўнасць для беларускай культуры. Напрыклад, на плане места ў паўднёвай частцы старога горада пад літарай „D“ абазначаны лютэранскі збор (Pfarr Kirche). Гэта адзінае сведчанне пра існаванне ў Берасці пратэстанцкага храма ў сярэдзіне XVII ст. На пярэднім плане малюнка мастакі адлюстравалі старыя габрэйскія могілкі, якія сведчаць пра значнасць места для габрэйскай культуры. Сапраўды, да Вялікай Паўночнай вайны ў Берасці існавала вядомая на ўвесь свет „Габрэйская вышэйшая школа“, у якой, апрача студэнтаў з Літвы і Польшчы, навучалася моладзь з Нямеччыны, Італіі, Маравіі, Сілезіі[29].

Наогул, панарама места пераконвае, які яскравы еўрапейскі характар мела архітэктура старажытнага Берасця — магчыма, найшыкоўнейшага места тагачаснай Беларусі. Знойдзеныя графічныя матэрыялы з’яўляюцца асноўнай крыніцай да поўнай рэканструкцыі забудовы старога места, разбуранага ў 1833—1842 г. пры пабудове „Брэсцкай крэпасці“ — самай значнай тагачаснай фартэцыі Расійскай імперыі.

Асноўнай праблемай шведаў у Берасці была адсутнасць дысцыпліны ў шэрагах аддзелаў кааліцыі. За выключэннем вайскоўцаў Радзівіла, жаўнеры ўспрымалі гэтыя абшары як варожую зямлю. Асаблівы клопат стваралі ўкраінскія казакі, якія, па словах Карла X, „у адрозненне ад Ракацы, зусім не слухаліся маіх парадаў[30] ды паслядоўна знішчалі каталікоў, пратэстантаў і габрэяў. Напрыклад, казакамі быў зруйнаваны лютэранскі збор у в. Нейдорф Берасцейскага павету. Да таго ж, казакі адвялі ў суседняе мястэчка Славацічы 70 мясцовых лютэранаў „галендраў“, дзе ўсіх забілі. У спадзяванні выратаваць жыццё лютэране „зракліся праўды евангелічнай у рускай царкве <…> але ўсё роўна былі забітыя казакамі, якія меркавалі, што пасля іх ад’езду лютэране вернуцца да сваёй папярэдняй веры, таму нe трэба пакідаць іх жывымі“. Варта адзначыць, што катаваць лютэранаў казакам дапамагалі тутэйшыя „русіны“, пасля вайны шмат з якіх былі пакараны „горлам“ за здраду Рэчы Паспалітай[31]. У 1658 г. месцічы і габрэі мястэчка Славацічы атрымалі „лібэртацыю“ ад падаткаў на чатыры гады „з прычыны руінаў, паўсталых пасля наступу летась войскаў варожых шведскіх, вугорскіх, малдаўскіх, валашскіх і казацкіх[32].

Аддзелы Трансільваніі разгарнулі сапраўдны тэрор у дачыненні да берасцейскай шляхты — кліентаў Паўла Сапегі. Напрыклад, вугорцы ўшчэнт разрабавалі маёнтак Сапегаў Боцькі (Bocki) і забілі там (знеслі галовы) 10 шляхцічаў. Падобны лёс напаткаў іншых шляхцічаў з ваколіцаў Берасця[33]. Марадзёрства чыніла і шведскае войска. Аддзел шатландскіх наймітаў абрабаваў родавы маёнтак Сапегаў Кодань за 30 км на поўнач ад Берасця. Фінскія жаўнеры палкоўніка Фабіяна Берэнcа (Fabian Berens) абрабавалі Драгічын[34]. Адзін Эбэрхард Путкамер імкнуўся спыніць рабункі замежных жаўнераў. Ён скардзіўся генералу Якабу Казіміру Дэ ля Гарды на непрымальныя паводзіны шведскіх жаўнераў. У выніку ротмістар шатландскага аддзела, які разрабаваў Кодань, быў выкліканы каралём на допыт — але аспрэчваў усе абвінавачванні. Тады раз’юшаны Карл X рассек шатландцу галаву двума ўдарамі шаблі ды загадаў адправіць яго ў вязніцу[35].

З прычыны кепскага стаўлення да насельніцтва, здаецца, не магло весціся пра прыхільнае стаўленне шляхты і гараджан да новага рэжыму. Аднак калабаранты, як заўжды, знайшліся. Напрыклад, 3 верасня 1657 г. кароль Рэчы Паспалітай забраў маёнткі „здрайцаў Пятра Грэка і Крыштапа Пякарскага, што дапамагаюць Андрашу Гаўдзі і вугорскаму гарнізону ў Берасці[36]. Падкрэслю, што Пётр Грэк паходзіў з заможнага берасцейскага пратэстанцкага роду. Радавое гняздо Грэкаў Дабрынка мясцілася каля самога Берасця[37]. Шатландскі шляхціч на літоўскай службе, кальвініст Эндру Актэрлонім (Andrew Achterlonim) быў у Берасці сакратаром Андраша Гаўдзі і за здраду страціў усе палескія маёнткі[38]. У сваю чаргу, патрыёты, якія засталіся на баку Рэчы Паспалітай, былі ўзнагароджаны Янам Казімірам за кошт здраднікаў. Так, Станіслаў Прэтоцкі „за захаванне вернасці Рэчы Паспалітай“ атрымаў у Берасці пляц з будынкам, адабраны ў здрадніка „цырульніка берасцейскага Гансе[39]. Ротмістар Баляслаў Дзяткоўскі за мужнасць „пры абароне фартэцыі Берасця, калі пры наступе Ракацы і караля шведскага з войскам вялікім, адзіны, не слухаючы ніякіх прапаноў, на фартэцыі заставаўся і жаўнераў сваіх для службы нашай захаваў“, атрымаў ад Яна Казіміра фальварак здрадніка Яна Кісаржэўскага[40]. Каралём Рэчы Паспалітай быў адзначаны і берасцейскі гараднічы Ян Геранім Жаба, які пасля здачы горада адмовіўся супрацоўнічаць з новай уладай і разам з групай шляхты ўцёк да Сапегі[41]. Іншы берасцейскі шляхціч, Астафі Тышкевіч, атрымаў ад Яна Казіміра пасаду берасцейскага падкаморыя за тое, што „адмовіўся прыкладам продкаў сваіх ад варожай пратэкцыі[42].

Перадача Берасця Трансільваніі выклікала востры канфлікт у шэрагах Радноцкай кааліцыі. Антон Ждановіч пісаў Хмяльніцкаму, што вугорцы пакрыўдзілі казакаў. Тагачасны пасол Швецыі ва Ўкраіне Ёган Гільдэбрант (Johan Hildebrandt) занатаваў у дзённіку, што Ждановіч адмаўляецца слухацца генерала Янаша Кеменя, ды што паміж казакамі і трансільванцамі няма ўзаемнага даверу[43]. Пра гэта таксама пісаў сведка падзеяў Эрык Дальберг і дзяржаўны гістарыёграф Швецыі Самуэль Пуфендорф[44]. Украінская рада нагадала паслу Трансільваніі Ферэнцу Шэбешы (Ferenc Sebesi), што „не можа быць і гаворкі пра перадачу рускіх земляў на ўсход ад ракі Вісла[45]. Шэбешы пісаў: „Казакі муцяць ваду ў стасунках з намі <…> ім не спадабалася, што князь (Ракацы. — А.К.) заняў Берасце, бо лічаць, што ўсё, што знаходзіцца на ўсход ад ракі Вісла, належыць ім[46]. Насуперак інтарэсам Трансільваніі і Радзівіла, Ждановіч пачаў самастойную палітыку з мэтай далучэння да Ўкраіны ўсходняй часткі Берасцейскага ваяводства. 24 траўня 1657 г. з табара каля Берасця Антон Ждановіч, як „намеснік яго міласці пана гетмана Войскаў Запарожскіх“, абвясціў аб пратэкцыі Ўкраіны над пінскім паветам. Ждановіч падкрэсліў на рускай мове, што нагодай універсала стала жаданне шляхты, бо мае „дастатковую інфармацыю ад абывацеляў ваяводства, што гетман (Хмяльніцкі. — А.К.) іх усіх пад пратэкцыю сваю прыняў“. Паслом пінскай шляхты да Ждановіча быў пінскі земскі пісар Казімір Война. Універсал быў занесены ў кнігі Пінскага гродскага суда пінскім падстарастам Уладзіславам Войнам[47]. 1 ліпеня 1657 г. паслы ад пінскай шляхты — „усіх братоў павету нашага“ — пінскі маршалак Лукаш Ельскі і пінскі стольнік Адам Спытэк склалі ў сталіцы Ўкраіны Чыгірыне прысягу Багдану Хмяльніцкаму. З прычыны, што „Вялікае Княства Літоўскае <…> праз войскі розных ворагаў амаль да канца вынішчана“, шляхта вырашыла, што „пінскі павет пойдзе пад вечнае падпанства Ўкраіны[48].

У сваю чаргу, Багуслаў Радзівіл здзяйсняў усё магчымае, каб авалодаць Берасцем. У інструкцыі Юрыю Нямірычу ён прасіў таго ўплываць на Карла X, каб места перайшло да Радзівіла[49]. Таксама князь Слуцкі спадзяваўся на паразуменне з Хмяльніцкім. У выніку дамовы Радзівіла з гетманам Украіны Хмяльніцкі напярэдадні паходу на Берасце, 26 красавіка 1657 г., выдаў універсал, які забараняў украінскім казакам „рабіць крыўды і шкоды, гвалты і рабункі ў мястэчках князя ягамосьці Багуслава Радзівіла: Сялец, Венграў і Старое Сяло[50]. У час аблогі Берасця Радзівіл даслаў жыхарам ліст з прапановай здаць места Путкамеру. У пазнейшым мемарандуме з просьбай пра амністыю ён тлумачыў гэты крок тым, што „не шчыра заклікаў да здачы Берасьця, бо лепей, каб ва ўмовах наступу вялізнага шведскага войска места дабравольна здалося мне, чым было захоплена іншым[51].

У адказ на звесткі пра сыход шведскага войска ў Данію 4 ліпеня 1657 г. Багуслаў Радзівіл даслаў ліст Карлу X. Галоўным патрабаваннем да караля было аддаць загад губернатару Трансільваніі ў Берасці пра тэрміновую перадачу места прадстаўнікам Радзівіла. Князь Слуцкі падкрэсліваў, што Хмяльніцкі супраць перадачы места Трансільваніі і падтрымлівае перадачу горада Радзівілу. Таксама Радзівіл прасіў, каб Карл X дазволіў паход з Берасця на Слуцк. Згодна з планам Багуслава кароль мусіў адпусціць туды полк Эберхарда Путкамера, „мой рэгімэнт“, па словах князя. Да палка Путкамера мусіла далучыцца шведская армія генерала Густава Ота Стэнбака. Фінансавае забеспячэнне аперацыі гарантаваў хаўруснік Карла X вялікі электар Прусіі і Брандэнбурга Фрыдрых Вільгельм (Friedrich Wilhelm Hohenzollern)[52].

Але Карл X не адгукнуўся на прапановы Багуслава Радзівіла. Швецыя адмовілася перадаць Берасце Радзівілу, паколькі не хацела дзеля аслабленага хаўрусніка канфліктаваць з магутным Ракацы. Слуцкая аперацыя не адбылася. Адмова Швецыі грунтавалася на тым, што, па–першае, вайна з Даніяй пераключыла стратэгічны вектар шведскай палітыкі на Захад, па–другое, Слуцкая аперацыя прывяла б да чарговага абвастрэння адносінаў з Расіяй. У той час, калі Швецыя працягвала баявыя дзеянні супраць Расіі ў Інгерманландыі, слуцкі паход мог прывесці да ўзнікнення другога фронту ў вайне з Расіяй. Па–трэцяе, шведы ведалі, што падтрымка Багуслава Радзівіла палітычнымі сіламі Літвы была нязначнай. Нарэшце, адной з прычынаў адмовы Карла X падтрымаць шведскімі сіламі наступ на Слуцк была эпідэмія чумы, якая ў канцы траўня 1657 г. апанавала цэнтральныя паветы ВКЛ[53]. Пасля адмовы Карла X Багуслаў Радзівіл пахаваў ідэю стварэння пад пратэктаратам Швецыі ўласнай дзяржавы.

Згодна з планам Карла X частка шведскага войска мусіла ісці з Берасця ў Прусію, каб, пры падтрымцы некалькі тысяч украінскіх казакоў, „пераканаць“ Фрыдрыха Вільгельма заставацца ў хаўрусе далей. Армія Густава Ота Стэнбака мусіла застацца каля Берасця, каб разам з Ракацы і прускімі аддзеламі Георга фон Вальдэка дзейнічаць супраць аддзела ВКЛ. Аднак галоўны хаўруснік Швецыі Ракацы, калі даведаўся пра сыход Карла X з Берасця, абвясціў, што з–за пагрозы нападу татараў на Трансільванію вяртаецца дахаты, але пакідае ў горадзе невялікую залогу[54]. 4 чэрвеня 1657 г. асноўная група шведскага войска на чале з Карлам X адышла ў бок Прусіі і спынілася ў Астражанах. Тут Карл атрымаў звесткі пра напад Даніі на Швецыю і пра падпісаную 17 траўня аўстрыйска–польскую дамову пра супольную абарону. Гэтыя падзеі змянілі планы Швецыі. Кароль прыняў рашэнне тэрмінова пакінуць межы Вялікага Княства[55]. 7 чэрвеня 1657 г. апошні аддзел шведаў з 400 жаўнераў на чале з Эрыкам Дальбергам вырушыў з Берасця ў бок Кракава.

Сыход войска Швецыі з Рэчы Паспалітай цалкам змяніў геапалітычнае становішча ў рэгіёне на карысць антышведскай кааліцыі. Удзел хаўруснікаў Швецыі ў Берасцейскай аперацыі спрычыніўся да моцнага палітычнага крызісу гэтых краінаў. Удзел украінскіх аддзелаў у паходзе на Берасце на баку Швецыі канчаткова сапсаваў украінска–расійскія стасункі. У той час, калі Расія і Рэч Паспалітая падпісалі замірэнне ў Немежы, згодна з якім цар Аляксандр Міхайлавіч прызнаваўся будучым вялікім князем літоўскім, армія Ўкраіны ўзяла ўдзел у вайне супраць Рэчы Паспалітай на баку ворага Расіі. Гэтым фактам скарысталася прапольская партыя ВКЛ, якая была зацікаўлена ў расійска–ўкраінскім канфлікце. У траўні 1657 г. вялікі гетман Павел Сапега і пісар ВКЛ Аляксандр Нарушэвіч інфармавалі расійскіх ураднікаў, што „няпраўда Хмяльніцкага адкрылася, што ён хоча са Свейскім каралём вернасць учыніць[56]. Гетман Украіны быў вымушаны апраўдвацца перад царом за ўдзел казацкай арміі ў шведскім паходзе. 21 ліпеня 1657 г. Украіна, пад ціскам Расіі і Крымскага ханства, выйшла з вайны на баку Швецыі. У выніку ціску магутных хаўруснікаў Іван Ждановіч, які ўзначаліў паход на Берасце на загад гетмана, быў абвінавачаны ў „бунце“, адхілены ад пасады палкоўніка і засуджаны на смяротнае пакаранне. Толькі хуткі скон Багдана Хмяльніцкага выратаваў ягонае жыццё. Уплывовы ўкраінскі магнат Юры Нямірыч пакінуў шведскую службу і перайшоў на службу войска Запарожскага[57].

Пры адыходзе з Галіцыі 22 ліпеня 1657 г. войска Трансільваніі было акружана войскамі Польшчы (на чале з Станіславам Патоцкім) і Літвы (на чале з Аляксандрам Гілярыем Палубінскім). Ракацы быў вымушаны падпісаць ганебную капітуляцыю ў мястэчку Чорны Востраў каля Львова. Гарнізон Трансільваніі мусіў пакінуць Берасце[58]. Адначасова абшары Трансільваніі былі акупаваны Атаманскай Портай, незадаволенай самастойнай палітыкай свайго васала. Трансільванія капітулявала. У выніку палітычнага крызіса ў краіне выбухнула грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Ракацы. У пошуках міжнароднай падтрымкі Ракацы звярнуўся ў 1659 г. да Расіі, але 7 чэрвеня 1660 г. загінуў ад ран пасля прайгранай бітвы з туркамі. Авантурная мара Ракацы здабыць, пры падтрымцы шведаў, пасаду караля Польшчы ды захапіць кавалак Вялікага Княства прывяла ды палітычнага калапсу Трансільваніі і назаўжды пахавала ідэю аб’яднанай Вялікай Вугоршчыны[59].

Пасля няўдачы ў Берасці Багуслаў Радзівіл вырашыў адмовіцца ад супрацоўніцтва са Швецыяй. 10 жніўня 1657 г. ён піша апошні ліст да Карла X, дзе коратка паведамляе пра рашэнне перайсці на прускую службу[60]. 19 верасня 1657 г. Прусія і Рэч Паспалітая падпісваюць хаўрусную дамову ў Велау (Wehlau/Знаменск), згодна з якой Багуслаў Радзівіл атрымаў амністыю Яна Казіміра і далучыўся да антышведскай кааліцыі. 14 кастрычніка 1657 г. з’езд станаў Прусіі па прапанове Фрыдрыка Вільгельма выбраў Багуслава Радзівіла генеральным губернатарам Прусіі. Ужо ад імя Прусіі 6 лістапада 1657 г. Багуслаў Радзівіл падпісаў скіраваны супраць Швецыі хаўрус з Рэччу Паспалітай у Бромбергу (Bromberg /Bydgoszcz)[61].

Параза Багуслава Радзівіла ў барацьбе за Берасце абумовіла канчатковую кансалідацыю шляхты Княства вакол Варшавы. 12 лістапада 1657 г. у мястэчку Камянец распачала працу камісія ВКЛ па справе здачы Берасця Швецыі і здрадзе шляхцічаў. Камісіяй кіравалі жмудскі стараста Юры Кароль Глябовіч і вялікі маршалак Крыштап Завіша. Апрача іх удзельнікамі камісіі былі чатыры сенатары: віленскі ваявода Павел Сапега, віцебскі ваявода Ўладзіслаў Валовіч, берасцейскі ваявода Максімільян Бражоўскі, амсціслаўскі ваявода Рыгор Друцкі Горскі. Галоўным віноўцам быў прызнаны берасцейскі кашталян Мальхер Савіцкі. 15 лістапада 1657 г. камісія скончыла працу. Інструкцыю каралю падпісалі 16 ураднікаў Вялікага Княства. Па іх прапанове ўсе шляхцічы, чыя віна ў калабарацыі са Швецыяй і Трансільваніяй была даведзена, мусілі страціць свае маёнткі[62].

Такім чынам, увосень 1657 г. Швецыя страціла апошніх хаўруснікаў ва Ўсходняй Еўропе. Трансільванія і Ўкраінскі гетманат апынуліся ў палітычным крызісе і адмовіліся ад хаўруса з Стакгольмам. Польшча і Прусія дамовіліся пра супольную вайну супраць Швецыі. Былая прашведская апазіцыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з Радзівілам перайшла ў стан ворагаў Швецыі. У кастрычніку 1657 г. войскі ВКЛ пачалі паспяховыя дзеянні супраць Швецыі ў Лівоніі[63]. У 1658 г. да іх далучыўся Багуслаў Радзівіл, колішні генерал на шведскай службе. Асноўныя сілы шведскай арміі пакінулі Рэч Паспалітую дзеля вайны ў Даніі. Супраць Швецыі пачала вайну Аўстрыя. Расія захавала перамір’е з Рэччу Паспалітай і працягвала вайну супраць Швецыі. Дзякуючы гэтаму Радноцкая дамова страціла свой сэнс. Спроба Швецыі стварыць кааліцыю з сатэлітаў — малых некаталіцкіх краінаў Усходняй Еўропы — пацярпела паразу. Як быццам паспяховая для Швецыі берасцейская аперацыя абярнулася пачаткам канца шведскага панавання на Ўсходзе Балтыкі.

Як ні дзіўна, інтэрпрэтацыя далёкіх падзеяў 1657 г. застаецца досыць актуальнай у сучаснай Беларусі. Афіцыйная гістарыяграфія даводзіць насельніцтву, што Берасце было знішчана шведамі, якія „захапілі слаба ўмацаванае (! — А.К.) Берасце, места было разрабаванае, многія будынкі спаленыя[64]. Насамрэч, Берасце было спалена не шведамі, а маскоўскімі войскамі Івана Хаванскага. Паводле сведкаў, пасля штурму ў студзені 1660 г. „Берасце было зруйнаванае да апошняга будынка, спалена і ў невыч абрынута[65]. Між тым, сёння гістарычная віна за знішчэнне ўскладзена менавіта на шведаў. Падобнага кшталту фальсіфікацыямі карыстаюцца афіцыйныя беларускія гісторыкі пры інтэрпрэтацыі ўчынкаў шведскага войска ў часы Вялікай Паўночнай вайны. Робіцца гэта згодна з пунктам гледжання ўлады, паводле якога краіна пацярпела менавіта ад войскаў заходнееўрапейскіх краін[66].


[1] Сучасны Раднот — мястэчка пад назваю Іернут (Iernut) (9 000 жыхароў) у цэнтральнай Румыніі (побач з горадам Sighisoara, вобласць Mureş).
[2] Sziláfyi Sándor. Erdély és az északkeleti háború, levelek és okiratok. Transsylvania et bellum boreo–orientale. Acta et documenta. T. 2. Budapest, 1891. P. 191—196.
[3] Wasilewski T. Jan Mierzeński DD PSB. T. XXI/1. 1976. S. 19.
[4] Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей — AGAD). AR, dz. V, sygn 9646. Jan Mierzeński do Bogusława Radziwiłła. 30.03.1657. NR MKF 65/498 — 65/531. S. 39—42.
[5] Erik Dahlberghs dagbok. I urval och med inledning av Alf Еberg. Stockholm, 1962. S. 78—83. Шатландскі афіцэр на шведскай службе Патрык Гардон, які браў удзел у паходзе на Берасце, ацэньваў колькасць украінскага войска ў 6 тыс., Трансільваніі ў 30 тыс. жаўнераў. Гл.: Гордон Патрик. Дневник 1635—1659. Москва, 2000. С. 114.
[6] Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696. S. 259—261; Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 44—45; Jacobson, Gustaf. Sveriges historia till vеra dagar. Sjunde delen. Stockholm, 1926. S. 315; Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 357—358.
[7] Сагановіч Г. Невядомая вайна 1654—1667. Мінск, 1995. C. 65.
[8] Fagerlund R. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo, 1979. S. 106; Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. Opracował Andrzej Rachuba. Warszawa, 2001. Nr. 29. Note 1.
[9] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 304.
[10] Wibling, Carl. Carl X Gustaf… S. 49.
[11] Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags– protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881.
[12] Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia… S. 358:1.
[13] Erik Dahlberghs dagbok. S. 80—81.
[14] Белы А. Невядомыя эпізоды „невядомай вайны“, або ваенныя дзеянні Швецыі супраць Вялікага княства Літоўскага ў 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга // Спадчына. 1999. № 3. С. 128—129.
[15] Hannover, Natan. Abyss of Despair. The famous 17th century chronicle depicting Jewish life during the Chmielnicki massacres of 1648—49. New York, 1950.
[16] Cygielman, Shmuel Arthur. Jewish autonomy in Poland and Lithuania until 1648. Jerusalem, 1997.
[17] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ, 1998. № 150.
[18] Carlson, Fredrik Ferdinand. Sveriges historia under konungarne af pfalziska huset. Sveriges historia under Carl den tionde Gustafs regering. Andra upplagan. Stockholm, 1883. S. 356:2.
[19] Karl X till Bohdan Chmielnicki. April 10, 1657. Latin. Riksarkivet (Нацыянальны Архіў Швецыі). RA/2113/2113.2. Diplomatica Muscovitica Cosacica T. 1.
[20] Гордон, Патрик. Дневник 1635—1659. С. 116.
[21] Erik Dahlberghs dagbok. I urval och med inledning av Alf Åberg. Stockholm, 1962. S. 83—85.
[22] Accords Puncta, so Bey Übergebung der Stadt und Scholsses Brescie Litevski. An Jhr. Königl. Mytt. zu Schweden und Jhr. Fürstl. Durchl. Zu Siebenbürgen/geschlossen. Jm Jahr 1657. Dat im Feld–lager bey Brescie den 16 Maji/st. n. Anno 1657. 4 pp. KB (Kungliga biblioteket). MFref Sveriges krig. R 12. Ex. A. No. 625.
[23] Гутарка ідзе пра жаўнераў Рэчы Паспалітай; cярод тых, хто імкнуўся да помсты гарнізону Берасця, на маю думку, маюцца на ўвазе хаўрусныя Швецыі ўкраінскія казакі.
[24] Erik Dahlberghs dagbok. S. 85.
[25] У гарадах ВКЛ габрэі ўваходзілі ў склад гарадскога апалчэння, мелі ўласную харугву і зброю. Гл: Стукалич В. Белоруссия и Литва. Очерки по истории городов в Белоруссии, 1894. Витебск. С. 30.
[26] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 451.
[27] Pufendorf, Samuel. Samuelis liberi baronis de Pufendorf De rebus a Carolo Gustav Sveciae rege gestis commentariorum, libri septem elegantissimis tabulis aeneis exornati cum triplici indice. Norimbergae, 1696.
[28] Dahlberg, Erik. Plan över Briestie. („Grundrik der Stadt undt Festüngh Litauwsch Briestie“) Kungliga biblioteket. Handrit. Vol. 41:16b. No. 10782; Dahlberg, Erik. Briestie. („Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657“). Kungliga biblioteket. Handrit. Vol. 41:13a. No 10778.
[29] Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, 2002. C. 152.
[30] Relation till ständerna av statssekretaren Edvard Ehrensteen. Sveriges Ridderskaps och Adels Riksdags– protokoll. Sjunde delen 1660. Stockholm, 1881. Tersmeden, Lars. Armia Karola X Gustawa–zarys organizacji. Wojna polsko–szwedska 1655—1660. Edited by Jan Wimmer. Warsawa. S. 159.
[31] Schultz, Edmund H. Kronika zboru ewangelicko–luterskiego Nejdorfskiego. Zwiastun Ewangeliczny. 1902. http://www.luteranie.pl/lublin/historia/neudorf–kronika.htm
[32] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 293.
[33] Гордон, Патрик. S. 167—169, 172—173.
[34] Ibidem. S. 170.
[35] Ibidem.
[36] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 60.
[37] Tazbir Janusz. Arianie w Białymstoku i okolicach. Studia i materiały do dziejów miasta Białegostoku. 1968. T. 1. S. 88.
[38] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 518.
[39] Тамсама. No. 229.
[40] Metryka Litewska. Księga wpisów nr 131. No. 959.
[41] Тамсама. No. 327.
[42] Тамсама. No. 374.
[43] Яковлева Т. Гетманьщина в другій половині 50–х років XVII століття. Причини і початок Руіни. Київ, 1998. С. 201.
[44] Erik Dahlberghs dagbok. S. 88; Pufendorf, Samuel. 1696. S. 264.
[45] Нариси з історії дипломатії України. Київ, 2001. С. 153.
[46] Хаванова, Ольга. Трансильвания в период русско–польско–украинского конфликта в 50–е годы XVII в. Руская и Украинская дипломатия в Евразии. Москва, 2000. С. 145.
[47] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ, 1998. Додаток II. Нумар 22. С. 375—376.
[48] Липиньский В. Україна на переломі 1657—1659. Відень, 1920. С. 220—249.
[49] Wasilewski, Tadeusz. Zarys dziejow Bogusława Radziwiłła. Radziwiłł, Bogusław. Autobiografia. Warszawa, 1979. S. 73—74.
[50] Універсали Богдана Хмельницького 1648—1657. Київ. 1998. Нумар 155.
[51] Radziwiłł, Bogusław. Autobiografia. Warszawa, 1979. S. 180—181.
[52] Bogusław Radziwiłł till Karl X. 04.07.1657. Preüschmark/Prezmark. Riksarkivet. Skrifrelser till Konungen Karl X Gustaf. Volym 47 (Radeke–Rosen). Fürst Bogislaus Radzivill. No 29.
[53] АВАК. Т. 10. Часть II. Акты Виленского магистрата и магдебургии. Вильна. 1879. Номер 52.
[54] Wibling, Carl. Carl X Gustaf och Georg Rakoczy II. Lund, 1891. S. 51—52.
[55] Kungl. Svea Livgardes historia. Band III:2. 1632(1611)—1660. Av Bertil Cson Barkman, Sven Lundkvist och Lars Tersmeden. Stockholm, 1966. S. 306; Carl X Gustaf–Studier 5. Polens krig med Sverige 1655—660. Krigshistoriska studier. Redaktion Arne Stade och Jan Wimmer. Kristianstad. 1973. S. 378—380.
[56] Яковлева Т. Гетманьщина… С. 197—198.
[57] Яковлева Т. Гетманьщина… С. 125—126, 201—213.
[58] Sziláfyi, Sándor. Okmánytár II. Rákуczy György: diplomacziai összeköttetéseihez. Budapest, 1874. S. 552—559.
[59] Хаванова, Ольга. Трансильвания… С. 146—148.
[60] Bogusław Radziwiłł till Karl X. 10.08.1657. Königsberg. RA. Skrifrelser till Konungen Karl X Gustaf. Vol. 47 (Radeke–Rosen). Fürst Bogislaus Radzivill. No 24.
[61] Wasilewski, Tadeusz. Radziwiłł Bogusław // PSB. T. XXX/1. 1987. S. 168; Jacoby, Jörg. Boguslaus Radziwill: der Statthalter des grossen Kurfürsten in Ostpreussen. Marburg–Lahn, 1959.
[62] Rachuba, Andrzej. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569—1763. Warszawa, 2002. S. 304, 342:22.
[63] Fagerlund, Rainer. Kriget i Östersjöprovinserna 1655—1660. Operationer och krigsansträngningar på en bikrigsskådeplats under Carl X Gustafs krig. Åbo, 1979. S. 117.
[64] Брест. Путешествие сквозь века. Минск, 1999. С. 10.
[65] Morzy, Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965. S. 74—75. T. 44.
[66] Kotljarchuk, Andrej. The tradition of Belarusian Statehood: a war for the past. Contemporary Change in Belarus. Baltic and Eastern European Studies. Volume 2. Södertörns högskola. 2004. P. 41—72.

Малюнак 1. Grundrik der Stadt undt Festьngh Litauwsch Briestie

„Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця,

так як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня

Пераклад легенды:

„Тлумачэнне літараў“ (Litterarum Explicatio)

A. Замак

B. Рынак

C. Езуіцкі касцёл

D. Лютэранскі збор

E. Грэцкая царква

F. Дамініканскі касцёл

G. Бернардынскі кляштар

H. Габрэйская сінагога

I. Пачатак бастыёнаў

K. Новыя бастыёны

L. Шведскія батарэі. Акопы.

M. Крайняя шведская батарэя

N. Вугорскія батарэі

O. Незавершаныя акопы

P. Шведская гарматная батарэя

Q. Каралеўскі стан

R. Вахта шведскіх рэйтараў

S. Рыбны стаў

T. Акопы корпуса Якаба Казіміра Дэ ля Гарды

„Малюнак Дальберга“ (Dahlbergh Delineo)

„Агульны нарыс места і фартэцыі Літоўскага Берасця,  так як яно выглядала, калі яго здабыў Каралеўскі Майстат, які пачаў аблогу 11/21 траўня, а скончыў яе 13/23 траўня“

Малюнак 2. Die Stadt Briestie in Litawien, undt an March Jhr Königl. Mytt. zu Schweden mitt der Armee, wodürch sieselbe von der Polnische Bloquade befreiuet worden. Den 14 Marty 1657

„Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.“

Горад Берасце ў Літве пад час марша Каралеўскага Майстата Швецыі з яго арміяй, вызвалены з Польскай блакады 14 сакавіка 1657 г.

Наверх

Тэгі: ,