Litwa w epoce Wazów. Praca zbiorowa pod red. W. Kriegseisena i A. Rachuby (Марцэлі Косман)
Litwa w epoce Wazów. Praca zbiorowa pod red. WOJCIECHA KRIEGSEISENA i ANDRZEJA RACHUBY. Warszawa: Wydawnictwo Neriton -Instytut Historii PAN, 2006. — 440 s.
Рэдка здараецца, каб памятныя кнігі былі ледзь не цалкам монатэматычнымі, дзякуючы чаму маглі мець такі дакладны загаловак, як гэтая, прысвечаная 70-годдзю Генрыка Віснэра. Бо нават хуткі позірк на даробак юбіляра (9-29) сведчыць: вандруючы мала не сорак гадоў па розных закутках гісторыі, ён ад самога пачатку засяродзіўся на Вялікім Княстве Літоўскім часоў Жыгімонта III i яго абодвух наступнікаў. Змяшчаючы свае навуковыя (разам з гэтак званым! папулярнымі) тэксты на старонках найбольш аўтарытэтных польскіх часопісаў (пачэснае месца сярод такіх перыёдыкаў, як Czasopismo Prawno—Historyczne, Przegląd Historyczny, Kwartalnik Historyczny, Nowe Książki i Mówią Wieki, 3 1969 г. займаюць Zapiski Historyczne), Віснэр з часам зрабіўся сталым госцем яшчэ i літоўскамоўных выданняў у Вільні. Больш за тое, адна з яго кніжак выйшла адначасова ў абедзвюх сталіцах у дакладным перакладзе — пры тым, што датычыла такой неадназначнай у ацэнцы над Віслай i над Вяллёй постаці, як Януш Радзівіл (для адных ён здраднік, для іншых — нацыянальны герой). Гэты факт выразна сведчыць, што адыход ад аднабаковых, скрайніх ацэнак стаў магчымы шмат у чым дзякуючы аўтару „Рэчы Паспалітай Вазаў» (Rzeczypospolita Wazów, часткі I i II/
Папярэдняе ўдакладненне „ледзь не цалкам…» пацвярджаецца тым, што з 27 тэкстаў хіба адзін (пра Яна Ахацыя Кміту) сягае за межы гістарычнай Літвы. Яшчэ адзін артыкул адкідвае нас на два стагоддзі, застаючыся, тым не менш, у Вялікім Княстве („Замах Вітаўта ў 1389 годзе»). Варта падкрэсліць, што ажио 11 аўтараў прадстаўляюць замежжа: найбольш з Вільні (7), таксама з Мінска (2), Масквы i Бэрклі. Астатнія ўтвараюць выбраны калектыў суайчыннікаў — але ж наколькі шматлікі ў параўнанні з часамі, калі Віснэр пачынаў свае даследаванні! Усіх яднае вернасць тэматыцы знака Пагоні i эпосе нашчадкаў Ягайлавай дынастыі. Экзатычнай тэмай вылучаецца нарыс, прысвечаны спробе наладзіць польска-мараканскія стасункі ў часы панавання Ўладзіслава IV (аўтар — Анджэй Дзюбіньскі, знаўца тагачаснай гісторыі гэтага няспраўджанага партнёра Рэчы Паспалітай).
Запрошаныя да ўдзелу аўтары ўздымаюць перадусім тэмы дзяржаўнага ладу (парламентаризму, судаводства), войска, веравызнанняў i культуры. Мяжуе з эканомікай даследаванне пра месца падымнага ў прыбытках літоўскага земскага скарбу пры апошнім Вазу на польскім троне (Антанас Тыла). Унёскам у сфрагістыку ёсць развагі Эдмундаса Рымшы пра літоўскія пячаткі Жыгімонта III. Даследніца мовы Літоўскіх Сгатутаў М. Т. Лізісова параўноўвае выбраныя паняцці ў Кароне i Вялікім Княстве. Некалькі аўтараў уздымаюць біяграфічныя тэмы. Багуслаў Дыбась, паслядоўны даследнік земляў Інфлянтаў, аналізуе гістарычную ролю славутых Біронаў i Кетлераў, а таксама спраўджвае погляды на кар’еру меней вядомых Майдэлаў (Maydellów) з Пілтынскага павету, абвяргаючы меркаванне пра ix дынастычныя памкненні.
Ян Серэдыка, у працяг колішніх даследаванняў складаных лёсаў удзельнікаў шлюбнага трохкутніка „князёўна — бедны шляхціч — вялікі маршалак літоўскі» (сціпласць i нежаданне аўтара ўдзельнічаць у палітычных інтрыгах не дазволілі яму апублікаваць захапляльную, з крымінальнымі матывамі, кнігу ў 1990 г., калі цёзка Сганіслава Тыміньскага дамагаўся польскага прэзідэнцтва), звяртаецца да мілітарыяў Крыштафа Манівіда Дарагастайскага. Трэба адзначыць, аўтар „Гіпікі» зазнае ў цяперашняй Беларусі рэнесанс папулярнасці. Яго даследнікі трапляюць на захапляльную для навукоўца тэрыторыю веравызнанняў i лёсаў пратэстанцкіх лідэраў. Вядучая даследніца кальвінізму Інге Лукшайтэ пашырае веды пра гетмана Януша Радзівіла (героя манаграфіі юбіляра), аналізуючы змест яго прыватнага кнігазбору. Некаторыя звесткі з гісторыі пратэстантызму будуць карысныя для новых даследнікаў гісторыі веравызнанняўВялікага Княства (сярод іншага — пра прымусовы ўдзел у касцельным жыцці ва ўмовах, здавалася б, неаспрэчвальнай свабоды).
Тэматыка парламентарызму ўзбагацілася двума тэкстамі, храналагічна звязанымі з увядзеннем у жыццё польска-літоўскай уніі перад сконам Жыгімонта Аўгуста, дзядзькі першага Вазы на вавельскім троне. Андрэй Радаман на матэрыяле ўхвалы наваградскага сойміка 1568 г. разглядае фінансаванне літоўскіх паслоў на вальны сойм (у дадатку змешчаны ліст Жыгімонта Аўгуста, датаваны пачаткам наступнага года — да ваяводы Паўла i маршалка Мікалая Сапегаў, наконт падаткаў на дыеты паслоў, выпраўляных у Люблін). Пра праект прызначэння паслоў соймікамі ВКЛ перад варшаўскім соймам 1572 г., скліканым яшчэ пры жыцці апошняга Ягелона, піша Генрык Люлевіч. Нагодай для артыкула стала знойдзеная ў AGAD цыдула пад назвай „Спіс паслоў на сойм» (напісана па-польску, змешчана ў дадатку), а таксама актуальная патрэба прааналізаваць вядомыя па ранейшых выданнях рэляцыі сенатараў Троцкага ваяводства i інструкцыі паслам з Гарадзенскага павету. Дасведчаны даследнік тых часоў завяршае свае развагі поглядам з адлегласці (але добра вывераным па крыніцах) на аліту „палітычнай нацыі» Вялікага Княства, асабліва на маладых прадстаўнікоў старых родаў — будучых сенатараў, памесных i павятовых саноўнікаў. Гэта было першае кола кандыдатаў у парламент, другое складала багатая шляхта, трэцяе — магнацкая кліентура. Даследаванне Люлевіча — значны ўнёсак у вывучэнне палітычнай культуры другой паловы XVI ст.
Асобным корпусам паўстаюць тэксты, прысвечаныя Вільні часоў Вазаў i маскоўскага наезду 1655 г. Храналагічна яго апярэджваюць тэксты пра шчаслівыя для горада часы (калі з канца XIV ст. туды не ступала нага непрыяцеля): „Выцясненне праваслаўных мяшчан з віленскай гарадской рады ў 1621 г.» Томаша Кэмпы (Wyrugowanie prawosławnych mieszczan z rady miejskiej Wilna w 1621 roku) i „Вільня ў часы першых Вазаў» Зігмантаса Кяўпы (Wilno w czasach pierwszych Wazów). Першая тэма здаўна цікавіць шматлікіх гісторыкаў; увагі не пазбаўлены i эканамічны аспект суперніцтва двух хрысціянскіх вызнанняў — хоць ён не адзіны, з улікам падзелу русінаў на уніятаў i дызунітаў (першыя ўспрымалі другіх як „сваіх» адступнікаў, падобна як каталікі — пратэстантаў). У час напісання гэтых словаў у навуковы ўжытак уваходзіць перавыданне (а насамрэч — першае выданне, паколькі ўвосень 1939 г. была ўратавана мізэрная частка карэктуры) апрацаваных Генрыкам i Марыяй Лаўмяньскімі „Актаў віленскіх цэхаў». Невялікую манаграфію ўяўляе з сябе тэкст 3. Кяўпы, асабліва каштоўны для зацікаўленых тапаграфіяй i забудовай сталіцы Вялікага Княства пасля вялікага пажару ў 1610 г., калі яна паспяхова выконвала сталічныя функцыі.
У штудыях пра штодзённае жыццё „горада Гедыміна» ў гады маскоўскай акупацыі (1655-1661) Эльмантас Мэйлус на грунтоўнай базе крыніц разглядае, аспрэчваючы не адзін міф, агульнапрынятыя стагоддзямі меркаванні. Падобнага ж кшталту развагі Анджэя Б. Закшэўскага, пашыраныя на ўсё Вялікае Княства пад акупацыяй войскаў Аляксея Міхайлавіча. Аўтар спыняецца на стаўленні шляхты да новай улады i сканчае заўсёды актуальнай высновай: „…шмат каму вернасць законнаму манарху гарантавала, насамрэч, павагу братоў, але ў няволі падрывала здароўе i толькі раз-по-раз давала матэрыяльную ўзнагароду. Тыя ж, хто па-майстэрску ўгадваў момант для здрады, а пасля — пакаяння, мелі шанцы на больш выгаднае сальда: захаваныя маёнткі і лепшае самаадчуванне. Калі не ўлічваць часовай плямы на гонары. У чарговы раз спраўдзіўся прынцып wielcy złodzieje maіe wiesza‘— вялікіх злачынцаў менш караюць. А вядомы працай пра згаданую вайну мінскі гісторык Г. Сагановіч змяшчае на старонках кнігі паведамленне пра Паўночную Беларусь у апісанні Паўля Одэрборна 1581 г.
„Litwa w epoce Wazów» — выдатны падарунак не толькі юбіляру, але i сённяшнім нашчадкам гістарычнай Літвы, або Вялікага Княства.
Познань
Марцэлі Косман