Sarcevičiene, Jolita. Lietuvos didikės proginėje literatūroje portretaj ir įvaizdžiai. (Наталля Сліж)
SARCEVIČIENE, JOLITA. Lietuvos didikės proginėje literatūroje portretaj ir įvaizdžiai. Vilnius: Versus aureus, 2005. – 646 p.
Кніга літоўскай даследчыцы Ёліты Сарцэвічэне „Літоўскія шляхцянкі ў панегірычнай літаратуры: партрэты i вобразы» прысвечана жаночым ідэалам панегірычнай літаратуры ў другой палове XVI – першай палове XVII ст. Ідэалы, стэрэатыпы, ідэнтычнасць асобных грамадстваў – актуальныя i папулярныя тэмы ў еўрапейскай гістарыяграфіі: сваіх даследаванняў у дадзеным рэчышчы чакае i багатая гістарычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага.
На жаль, т.зв. традыцыйныя гісторыкі даволі скептычна ставяцца да названых кірункаў – пры тым, што разумение ідэалаў набліжае да асэнсавання эпохі, усведамленнл мэтаў i матывацый людскіх учынкаў. У патрыярхальным шляхецкім грамадстве традыцыйнымі стэрэатыпамі было абумоўлена штодзённае жыццё як мужчын, так i жанчын. Асоба мусіла выконваць абавязковыя элементы дадзенай праграмы, каб не быць выкрасленай са свайго грамадства.
Да панегірычных тэкстаў, як да літаратурнай і гістарычнай крыніцы, даследчыкі звяртаюцца даўно[1]. Жыццё i статус шляхцянкі ў ВКЛ ужо разглядаліся ў розных аспектах[2]. Рэцэнзаванае выданне складаецца з манаграфіі i публікацыі 6 казанняў на смерць, прысвечаных Барбары Радзівілаўне Кішчынай (два казанні), жонцы гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча Зоф’і Мялецкай, Альжбэце Нонгартавай, Альжбэце з Гаславіц Валовічавай, жонцы берасцейскага кашталяна Грыгорыя Войны Палоніі Валавічоўне[3]. Звычайна такія творы толькі цытуюць, a ў друк яны часцей за ўсё цалкам не трапляюць. Напрыклад, надрукаваны вершаваныя творы гэтага кірунку 3. Морштына, Д. Набароўскага i інш.[4] Але публікаваць такія крыніцы неабходна, бо многія з ix захаваліся ў адзіным экзэмпляры i знаходзяцца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Беларусі, Расіі, Украйны i інш. Публікацыя адразу 6 казанняў на смерць – выключная з’ява. Яны надрукаваны на мове арыгіналу з перакладам на літоўскую мову. Якасць літоўскага перакладу без пэўнай філалагічнай падрыхтоўкі вызначыць даволі складана, таму яна тут абмяркоўвацца не будзе. Адзначым толькі, што літоўскі тэкст мае невялікія каментары. У ix даюцца біяграфічныя даведкі, тлумачэнні па тэксце. Арыгінальны тэкст змяшчае копію тытульнай старонкі, у некаторых выпадках – гравюры з выявамі гербоў. Невядома, якімі патрабаваннямі да друку карысталася аўтарка, бо ў тэксце яны нідзе не ўзгаданы. Да выданняў няма прадмовы, дзе агаворвалася б месца знаходжання крыніцы, стан яе захавання, памеры i іншыя характарыстыкі. Інфармацыя пра гераінь казанняў – мінімальная, хоць дакументы, якія захаваліся, i літаратура дазваляюць змясціць больш падрабязны біяграфічны нарыс. Таксама незразумела, чаму менавіта гэтыя крыніцы былі абраны да публікацыі, бо аўтарка разглядае другую палову XVI – першую палову XVII ст., a казанні – за 1614, 1619, 1624, 1636 г. Змешчаны казанні на смерць шляхцянак каталіцкага, пратэстанцкага, праваслаўнага веравызнання, на смерць уніятак казанняў няма. У манаграфіі даследуюцца i казанні на вяселле, але яны не былі адабраны для друку. Па сутнасці, гэта перадрук з арыгіналу з перакладам на літоўскую мову i невялікімі каментарамі без аналізу i характарыстыкі крыніц. На сучасным этапе развіцця гістарычнай навукі такі падыход да публікацый у значнай меры змяншае ix навуковую каштоўнасць.
Ва ўводзінах прадстаўлена гістарыяграфія, агульная характарыстыка панегірычнай літаратуры, параўнанне ідэалаў ВКЛ з ідэаламі Заходняй Еўропы. Пстарыяграфічны нарыс па праблеме даследавання даволі невялікі (с. 17-19) i зводзіцца папросту да пераліку кніг (прысвечаных пераважна гісторыі жанчын) без ix аналізу. Адзначаны працы I. Валіканітэ, В. Андруліс, польскіх даследчыкаў А. Выробіша, М. Багуцкай, А. Білевіч. Прыводзіцца некалькі агульных прац еўрапейскіх навукоўцаў. У нарысе не згадваюцца манаграфіі па панегірычнай літаратуры[5], хоць у спісе літаратуры яны ёсць. Не названы беларускія, украінскія працы па гэтай тэме[6]. Дадзены гістарыяграфічны агляд не аналізуе тэндэнцый у развіцці даследаванняў па гісторыі жанчыны ў ВКЛ, а таксама стан вывучанасці дадзенай праблемы на падставе панегірычнай літаратуры.
Даследаванне Ё. Сарцэвічэне ахоплівае перыяд 1550-1655 г. (21). Аднак чаму абраны менавіта гэтыя даты з дакладнасцю да года – не зусім зразумела. Казанні на смерць i на вяселле набылі больш шырокае распаўсюджванне з канца XVI ст. Да гэтага часу яны не друкаваліся штогод. Калі абіраецца дата 1550 г., то яна павінна мець абгрунтаванне. Напрыклад, тлумачыць, які твор даў магчымасць казаць пра з’яўленне панегірычнай літаратуры, прысвечанай жанчынам, i заявіў пра пачатак сварэння ідэалаў. За такі твор можна ўважаць казанне Цыпрыяна Базыліка, прысвечанае Альжбэце Шыдлавецкай[7]. Менавіта гэты твор Марцэлі Косман лічыць пачаткам генэзісу казанняў на пахаванне ў ВКЛ[8] – гэга значыць з 1562 г. Таксама i апошняя дата – 1655 год – нічым не падмацавана, бо ў спісе літаратуры самы позні твор датуецца 1654 г. Названая дата павінна была стаць апошняй, бо гэта час пачатку вайны паміж Рэччу Паспалітай i Маскоўскім царствам, якая зруйнавала ўсталяваны лад жыцця людзей, што, вядома ж, не магло не адбіцца на літаратуры, якая амаль не друкавалася ў той час, а таксама на змесце тэкстаў, дзе пачала дамінаваць вайсковасць, пачалі адлюстроўвацца трагічныя падзеі, што змясціла акцэнты ў ідэалах.
Сгатыстычныя дадзеныя па казаннях, па якіх праводзілася даследаванне, не зусім адпавядаюць складзенаму спісу літаратуры. Аўтарка адзначае, што за той час выдадзена 399 панегірыкаў, якія былі напісаны 253 аўтарамі i падаюць інфармацыю пра 150 жанчын. Аднак на падставе якіх крыніц зроблена гэтая статыстыка – не адзначана. Падаюцца звесткі, што выкарыстана было 121 казанне на смерць i 60 казанняў на вяселле (25). Але ў спісе крыніц прыводзіцца 162 пазіцыі, з ix аўтарка спасылаецца толькі на 38,3%, а 19 пазіцый, на якія зроблены спасылкі, не ўключаны ў спіс. Сярод аўтараў панегірыкаў называюцца прадстаўнікі праваслаўя, каталіцтва, пратэстантызму, але абмінаюцца уніяты.
Асноўнае паняцце, якім аперуе аўтар манаграфіі, – гэта „сацыяльная роля» – структурны характар удзелу ў грамадскім жыцці. На падставе яго сцвярджаецца, што шляхцянкі выконвалі ў грамадстве сацыяльныя ролі жонкі, маці, гаспадыні, набожнай дачкі царквы, апякункі ўбогіх (83). Аднясенне ўсіх гэтых роляў да сацыяльных неправамерна, бо першыя тры выконваліся ў сям’і, яны былі сацыяльна значныя, але не сацыяльныя. Асноўнай сферай ix дзейнасці была сям’я, якая апасродкавана уплывала на грамадства. Увогуле вызначэнне роляў, што выконвала ў грамадстве жанчына, як сацыяльных не зусім удалае i не адлюстроўвае ix сутнасці. Прычым няма тэарэтычнага тлумачэння дадзенага падыходу, як i цэласнай яго канструкцыі. У апошнія дзесяцігодлзі ў большасці краін даследаванне па гісторыі жанчын вядзецца пераважна ў святле гендэрнайтэорыі. Яна дае магчымасць зразумець гендэрна-ролевыя фунцыі асобы ў сям’і i грамадстве, прасачыць, як уплывалі створаныя гендэрныя стэрэатыпы на паводзіны чалавека, на яго лад жыцця. Кожнае грамадства стварала свой канструкт мужчыны i жанчыны, які змяняўся ў залежнасці ад эпохі[9]. Шляхецкае грамадства ВКЛ не стала ў гэтым сэнсе выключэннем. На статус асобы моцна уплывала яе гендэрная прыналежнасць. Жанчыне надаваліся ролі жонкі, маці, гаспадыні, выхавацелькі, мецэнаткі[10].
Другая частка кнігі „Жанчына ў панегірычнай літаратуры» непасрэдна прысвечана разгляду ўяўленняў пра жанчыну ў панегірычнай літаратуры (53-83). Першы яе параграф „Ідэал цнатлівасці» паказвае жанчыну як ідэал маральных якасцяў. Даследчыца адзначае, што ў літаратуры была створана ідэальная мадэль ўяўлення пра жанчыну, яе характар. На падставе розных панегірычных твораў робяцца высновы, што цнатлівасць жанчыны займала важнае месца ў агульнай характарыстыцы вобраза. Маральныя каштоўнасці лічыліся галоўнай аздобай жанчыны. Шляхцянак параўноўвалі з гераінямі з Бібліі. Шмат увагі аддавалася рэлігійнасці жанчын.
Аднак у крыніцах паказаны толькі агульныя рысы, за якімі не відаць спецыфікі маральных якасцяў жанчын у залежнасці ад ix веравызнання. Таксама не праілюстравана тэндэнцыя развіцця гэтых ідэалаў ад сярэдзіны XVI ст. i да сярэдзіны XVII ст. На ix у той час паўплывалі культурныя i рэлігійныя плыні (рэнесанс, рэфармацыя, контррэфармацыя, барока), заканадаўства, эканамічны лад. Калі ў другой палове XVI ст. вобразы i ідэалы былі яшчэ ў працэсе фармавання, то ў першай палове XVII ст. яны ўжо не змяняліся.
У другім параграфе „Адносіны паміж мужчынам i жанчынай: партнёрства i падпарадкаванне» на падставе панегірычнай літаратуры разглядаюцца ўзаемадачыненні паміж мужам i жонкай (83-115). Спачатку разглядаецца сям’я, дзе мужчына i жанчына мелі непасрэдныя дачыненні паміж сабой. Спрабуючы паказаць шляхецкую сям’ю ў ВКЛ, Ё. Сарцэвічэне звяртаецца да прац замежных даследчыкаў А. Выробіша, Е. Ўрубель, Л. Сгоўна (87-90). Паводле ix адзначаецца, што сям’я выконвала эканамічную, палітычную i рэпрадукцыйную функцыі, захоўвала традыцыі. На падставе манаграфіі Л. Сгоўна сцвярджаецца, што ў ВКЛ, як i ва ўсёй Еўропе, была патрыярхальная нуклеарная сям’я.
Па-першае, уключаць паняцце сям’і ў дадзены раздзел працы было немэтазгодным, бо гэта зусім іншы аспект даследавання. Прапанаваны матэрыял не паказвае разгорнута адносіны паміж мужчынам i жанчынай у сямейнай сферы. Па-другое, у тэарэтычным плане інстытут сям’і, яго функцыі i значэнне ў грамадстве пададзены недастаткова шырока. На сёння еўрапейская гістарыяграфія, апрача працы Л. Сгоўна, мае цэлы шэраг даследаванняў па гісторыі сям’і, якія грунтоўна аналізуюць яе функцыі, шлюбныя стратэгіі, сваяцтва, унутрысямейныя адносіны, тыпы сем’яў i іншае[11]. Па-трэцяе, атаесамленне сям’і Вялікага Княства Літоўскага з сям’ёй Польшчы, a тым больш Еўропы, не мае пад сабой навуковых падставаў. У функцыянаванні інстытута сям’і можна знайсці пэўныя агульныя рысы, але пры гэтым у кожным грамадстве структура сям’і магла быць асаблівай, адрозніваліся таксама традыцыі, звычаі, заканадаўства, эканамічны лад, культурна-рэлігійная сітуацыя[12]. Таму разважанне пра шляхецкую сям’ю ў ВКЛ на падставе ўзораў замежнай сям’і не адпавядае навуковаму падыходу. Панегірычная літаратура звярталася да тэмы сям’і, але змешчанай у ёй інфармацыі недастаткова, каб уявіць механізм функцыянавання сям’і ў ВКЛ. Яна паказвае толькі некаторыя аспекты з жыцця сям’i.
Адносіны паміж мужам i жонкай паказаны праз казанні на вяселле i на смерць. Адзначаецца, што пры заключэнні шлюбу ўлічваліся маёмасныя, палітычныя, рэлігійныя і іншыя інтарэсы. Звяртаецца ўвага на тое, што шлюб быў абавязковы для кожнага хрысціяніна. Паняцце кахання ў шлюбе адрознівалася ад сённяшняга. У першую чаргу гэта партнёрскія адносіны, заснаваныя на ўзаемапавазе. Партнёрства мела наступны сэнс: муж лічыўся галоўным у доме i займаўся справамі сям’і ў знешняй сферы, a жонка падтрымлівала ўнутраны лад жыцця сям’і. Ідэальная жонка павінна кахаць мужа, падтрымліваць яго, разам рабіць фундацыі i іншыя справы. У пацверджанне гэтай думкі прыводзяцца цытаты з розных казанняў. Напрыклад, згадваецца выпадак фундацыйнай падтрымкі Гальшанскага касцёла наваградскім ваяводам Тамашом Сапегам (1598-1646) i яго жонкай Зузанай Храптавічоўнай (97)[13]. Але ў тым самым панегірыку аўтар напісаў, што муж i жонка паміж сабой не ладзілі, i „ледзве да злога не дайшло». Гэта было звязана з тым, што муж меў вялікія пазыкі i прымушаў жонку падпісваць пазыковыя запісы[14]. Адсутнасць ідэнтыфікацыі панегірыкаў з біяграфічнымі звесткамі не дазваляе даць адпаведнай характарыстыкі адносінам паміж мужам i жонкай i дакладна зразумець сэнс казання. Большая частка тэксту ўтрымлівае цытаты з розных казанняў, дзе жанчына характарызуецца як добрая жонка, якая аздабляе дом мужа сваімі маральнымі якасцямі, гаспадарлівасцю, доглядам за дзецьмі: напрыклад, Тэкля Валавічоўна, Зоф’я Радзівілаўна, Альжбэта Тызенгаўзаўна i інш.
Трэці параграф „Мацярынства: выхаванне вашых дзяцей рознае» прысвечаны жанчыне-маці (115-147). Важнае значэнне для працягу шляхецкага роду мела нараджэнне i выхаванне дзяцей. Многія аўтары аддавалі ўвагу гэтай тэме. У якасці прыкладаў прыводзяцца вершы Д. Набароўскага, цытуюцца творы з кнігі Л. Сленковай[15], вытрымкі з казанняў А. Алізаровіча, Ю. Сурвілы i інш. Працяг роду, выхаванне годных нашчадкаў мелі важнае значэнне для шляхты, таму ў казаннях пра гэга вельмі шмат пісалася. Даследчыца слушна адзначае, што гісторыя дзяцінства ў ВКЛ – маладаследаваная тэма (123), звяртае ўвагу на тое, што выхаванне сыноў і дочак рознілася (140). Жанчына павінна была выхаваць у сваіх дзецях найлепшыя маральныя якасці, спрыяць ix добрай адукацыі, сацыялізаваць да жыцця ў грамадстве.
Пра ўяўленне жанчыны як гаспадыні распавядае чацвёрты параграф „Мудрая гаспадыня i маральны аўтарытэт у доме» (147-156). На падставе твораў Б. Прылуцкага, Ц. Базыліка i іншых робяцца высновы, што шляхцянка павінна была даглядаць гаспадарку, клапаціцца пра ўсіх сямейнікаў, добра ставіцца да слуг, быць прыкладам маральнасці.
У пятым параграфе „Жанчына i царква: формы выказвання адданасці» разглядаецца ўдзел жанчыны ў рэлігійным жыцці. Даследчыца сцвярджае, што рэлігія была сферай інтэлектуальнай свабоды жанчыны. Толькі тут яна магла праявіць сацыяльную актыўнасць. У залежнасці ад фінансавых магчымасцяў яна магла займацца фундацыямі i падтрымкай ралігійных устаноў. Сапраўды панегірыкі, як правіла, паказваюць толькі гэтую сферу актыўнасці i акцэнтуюць увагу на ралігійнасці. Але ў жыцці гэта была не адзіная сфера рэалізацыі жанчыны. Шляхцянка была фінансава незалежнай i сама кіравала гаспадаркай, што рабіла яе актыўнай удзельніцай эканамічнага жыцця. Яна заключала дамовы, пазычала грошы, купляла маёмасць[16]. Дакументы паказваюць добрае веданне шляхцянкамі рынкавых адносінаў i ўменне весці гаспадарку, шырокія паўнамоцтвы пры кіраванні маёнткам. Эканамічная актыўнасць шляхцянак нічым не абмяжоўвалася. Яны выступалі ў эканамічных аперацыях нароўні з мужчынамі. Часам жанчыны вялі свае маёмасныя справы больш паспяхова, чым мужчыны[17].
Шляхцянкі былі не менш актыўныя i ў юрыдычнай сферы. Жанчыны выдавалі прывілеі, падавалі скаргі, судзіліся, актыкавалі свае дакументы ў кнігах трыбунальскіх, гродскіх i земскіх судоў[18]. Яны звярталася ў суд не толькі ў выпадку крымінальных спраў, але i пры вырашэнні спрэчных маёмасных пытанняў. Шляхцянкі падавалі скаргі ці самастойна, ці з бацькам, мужам, сынам, ці наймалі ўпаўнаважанага. Паўнапраўнай юрыдычынай асобай жанчына станавілася пасля шлюбу.
Паводле аўтараў казанняў на смерць, жанчына выступала ў ролі патронкі жабракоў, манахаў, святароў. Яна павінна была ўяўляць сабою ўзор духоўнасці. Актыўнасць у рэлігійнай сферы выяўлялася ў фундацыі касцёлаў, цэркваў, кляштараў, шпіталяў, друку кніжак.
Пры характарыстыцы дабрачыннасці жанчын асноўная ўвага аддаецца творчасці пратэстанцкіх i каталіцкіх аўтараў (165-173). Аналізуючы тэндэнцыі ў пратэстантызме, Ё. Сарцэвічэне цалкам прытрымліваецца падыходаў польскай даследчыцы М. Багуцкай. Пры аналізе абмінаюцца праваслаўе i уніяцтва. На падставе каталіцкіх i пратэстанцкіх панегірыкаў робяцца высновы, што быў створаны універсальны ідэал жанчыны, прыняты названымі рэлігійнымі кірункамі. Гэта даволі спрэчная тэза. Зразумела, што калі аўтары жылі i працавалі ў адзін перыяд, то i ix творы мелі агульныя рысы, бо вучыліся яны па тых самых падручніках. Аднак пратэстанты i каталікі праяўленне рэлігійнасці ў шляхецкім асяроддзі бачылі неаднолькава. Акрамя гэтага яны выкарыстоўвалі панегірыкі як ідэалагічную зброю адзін супраць аднаго[19]. Рэлігійная актыўнасць шляхцянак пададзена шырэй: у праваслаўным, каталіцкім i пратэстанцкім асяродках, без уніяцкага. Прыводзяцца цытаты, у якіх ёсць інфармацыя пра фундацыі рэлігійных установаў, ялмужніны i інш.
Апошні параграф „У Тваіх руках, Божа…» распавядае пра жанчын напярэдадні смерці (188-206). Казанні на смерць прысвечаны менавіта гэтай падзеі ў жыцці чалавека, таму аўтары не маглі абысці сваёй увагай годную смерць, якая адпавядала б шляхецкаму стану. Сапраўды, гэта выдатная крыніца па гісторыі ўяўленняў пра смерць. У ей даецца апісанне падрыхтоўкі да смерці, правільнага да яе стаўлення. Ё. Сарцэвічэне слушна адзначае, што хрысціянская смерць патрабавала пакорлівага, спакойнага прыняцця смерці з падзякай Богу, што i рабілі шляхцянкі. Паводде казанняў, яны паміралі годна i спакойна, развітваючыся ca сваім асяродкам, аддаючы маральныя запаветы дзецям. Так паводзілі сябе перад смерцю Ядвіга Вайнянка, Зоф’я Зяновічаўна, Тэкля Валовічаўна, Альжбета Шыдлавецкая i інш.
У трэцяй, апошняй, частцы кнігі „Замест заканчэння» (207-214) сцвярджаецца, што на падставе панегірычнай літаратуры можна рэканстуяваць жаночыя ідэалы, якія існавалі ў грамадстве. Хутчэй можна сказаць пра ідэалы ў літаратуры, прычым не ва ўсёй, a толькі ў казаннях на смерць i на вяселле, бо яшчэ былі вершы, сатыра i іншыя творы, якія паказвалі розныя ўяўленні пра жанчын. Сумнеў выклікае сцверджанне, што гэтыя ідэалы мелі не практычнае значэнне, а маральна-этычнае, бо гэта не падмацавана даследаваннямі прыватна-прававых дакументаў, якія ўтрымліваюць звесткі па гэтай тэме[20], сістэмы выхавання ў ВКЛ, біяграфічных звестак шляхцянак[21]. На думку аўтаркі, ідэалы выконвалі дзве функцыі: канструяванне i прэзентацыя сацыяльных роляў жанчыны, азнаямленне ix з тым, што чакае ад ix грамадства, i навучанне ix адпаведна сябе паводзіць. Вылучэнне гэтых функцый супярэчыць папярэдняй выснове, што ідэалы не мелі практычнага значэння. У высновах робіцца абагульненне па ўсіх сацыяльных ролях, якія выконвала жанчына: маці, жонка i інш. Пасля яны яшгчэ называюцца як сацыяльна-гендэрныя ролі, што ўносіць блытаніну як у паняцці, так i ў ix разумение.
Паходжанне жаночых ідэалаў звязваецца з еўрапейскай традыцыяй у хрысціянскай культуры, якая засвоіла антычную спадчыну. Гэта даволі спрошчанае разуменне працэсу фармавання жаночых ідэалаў. Канечне, нельга адкідваць уплыў Еўропы, біблейскія творы i антычных аўтараў, аднак усё гэта фармавалася на мясцовай глебе. Спалучэнне розных тэндэнцый прывяло да з’яўлення такой мадэлі шляхцянкі, якая дазваляла ёй займаць высокі статус у грамадстве, чаго не мелі жанчыны падобнага стану ў іншых краінах, у тым ліку i еўрапейскіх.
Кніга перагружана вялікай колькасцю цытат з крыніц, прыводзяцца таксама вялікія цытаты з навуковай літаратуры, што часам займаюць палову старонкі. У некаторых выпадках тэкст скадаецца з набораў вытрымак з іншых манаграфій, звязаных паміж сабою некалькімі сказамі аўтаркі.
Падсумоўваючы агляд, трэба падкрэсліць, што дзякуючы i публікацыі 6 казанняў на смерць, i трапнай характарыстыцы пэўных тэндэнцый у панегірычнай літаратуры гэтая кніга вартасная, аднак яна пакідае ўражанне няскончанага даследавання, дзе толькі адзначаны нейкія кірункі, але не дадзена ім навуковае абгрунтаванне. Кніга мае шэраг недахопаў, утрымлівае некаторыя памылковыя высновы не толькі па дробных пытаннях, але i па асноўных. Яна носіць апісальніцкі, а не аналітычны характар. Вылучаныя сацыяльныя ролі шляхцянак не змаглі дакладна прадставіць ix сэнсавае значэнне, а таксама гендэрна-ролевыя функцыі жанчыны ў грамадстве. Не адрозніваецца пры аналізе казанняў статус жанчыны ў залежнасці ад узросту: дзяўчынка, дзяўчына, жанчына, жанчына ва ўзросце, а таксама яе стан: паненскі, замужні, удовы. Хоць у панегірыках стан жанчыны заўсёды падкрэсліваецца, бо грамадства патрабавала ад жанчыны паводзінаў у залежнасці ад ролі i статусу. У кнізе адзначаюцца культурна-ралігійныя плыні ў ВКЛ (рэфармацыя, рэнесанс, барока i інш.), але якім чынам яны ўплывалі на жаночыя ідэалы i як гэта адлюстравалася ў тэкстах казанняў – не прасочваецца. Па большай частцы аналізуецца пратэстанцкая i каталіцкая літаратура.
У цэлым, паўтаруся, праца ўспрымаецца неадназначна, бо шэраг высноваў не падмацаваны адпаведнымі крыніцамі i могуць быць аднесены да дапушчэнняў, а не сцверджанняў.
Горадня
Наталля Сліж
[1] Kraushar A. Lament Hrehorego Ościka // Roczniki Towarystwa przyjaciół nauk Poznańskiego. T. XVIII. Z. I. Poznań, 1891. S. 389-395; Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku // Odrodzienie i Reformacja w Polsce. T. XVII. 1972. S. 87-112; Mroszek K. Epitolanium staropolski. Między tradycja literacka, a obrzędem weselnym. Wrosław; Warszawa; Grańsk, Łódź, 1989; Ślękowa L. Muza domowa. Okolicznoścłowa poezja rodzinna czasów renesansu i baroku. Wrosław, 1991; Platt D. Kazania pogrzebowe z przełomu XVI i XVII wieku. Z dziejów prozy staropolskiej. Wrosław; Warszawa; Kraków, 1992.
[2] Wyrobisz A. Staropolskie wzorce rodziny i kobiety — żony i matki // Przegląd Historyczny. 1992. T. LXXXIII. № 3. S. 407-408; Bogucka M. Białogłowa w dawnej Polsce. Kobieta w społeczeństwie polskim XVI-XVIII wieku na tle porównawczym. Warszawa, 1998; Aleksandrowicz-Szmułikowska M. Radziwiłłówny w świetle swoich testamentów. Warszawa, 1995; Dziechcińska H. Kobieta w życiu i literaturze XVI i XVII wieku. Warszawa, 2001; Слиж H. Шляхтянки в религиозном просвещении в XVI-XVII вв. // Женщина. Образование. Демократия. Материалы 2-ой международной междисциплинарной научно-практической конференции (3-4 декабря 1999 г.). Минск, 2000. С. 173-176; Яна ж. Статус жанчыны-шляхцянкі ў ВКЛ (XVI-XVIII стст.) // БГЧ. 1996. № 4. С. 57-66; Яна ж. Жанчына ў шляхецкай сям’і ў XVI-XVII стагоддзях // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. / Под ред. И. P Чикаловой. Минск, 2001. С. 270-277; Валиконите И. М. Социально-экономическое и правовое положение женщин в Великом Княжестве Литовском (конец XV — первая половина XVI в.) и его отражение в первом литовском Статуте. Вильнюс, 1978; Бібліятэка Вільнюскага Універсітэта. Аддзел рукапісаў. Ф. 76. Спр. 2276 i інш.
[3] Lawski A. Pociecha duchowna. Kraków, 1614; Piekarski A. Kazanie na porzebie WP IMP Barbary Kiszczyney Radziwiłowny. Wilna, 1614;Rochowicz S. Kazanie przy exequaich świetey pamięci JW P Zofiey z Mielca Chotkiewiczowey Hrabini z Szydłowa na Bychowie WoiewodzineyWilenskiey, Hetmanowey WXL czynoiney. Wilna, 1619; Dambrowski S.Desideria christianorum albo pragniena duchowne chreściańskich ludzi.Nad zmarłym ciałem zacnie urodzoney y szlachetney paney JMP ElżbietyNonhartowny Namszewiczowey. Wilna, 1624; Withuński A. Dla wieczneypamiкci chorągiew pobożney miłości, na zniesienie żałobney chorągwiez śmierci Jasney Wielmożney JMP Helżbiety z Gosławic Wołłowiczowey,starościney generalney Żmudzskiey, Ciwonowey Gondinskiey, Szawelskiey,Kobrinskiey i in starościney. Lublin, 1636; Zaleski S. Mądra niewiasta dombudująca na pogrzebie JW JMP Połoniey Wołłowiczowny HregoreweyWoyniney kasztelanowey Brzeskiey. Wilna, 1636.
[4] Morsztyn Z. Muza Domowa. Wzdanie krytyczne spuścizny poetyckiej / орг. J. Dũrr-Durski. Warszawa, 1954; Naborowski D. Poezje wybrane / opraж. Г. Karaseг. Warszawa, 1980.
[5] Mroszek К. Epitolanium staropolski. Między tradycją, literacką a obrzędemweselnym. Wrosław; Warszawa; Grańsk, Łódź, 1989; Platt D. Kazaniapogrzrbowe z przełomu XVI i XVII wieku. Z dziejów prozy staropolskiej.Wrosław; Warszawa; Kraków, 1992 i інш.
[6] Напрыклад, украінская даследчыца Н. Сгарчанка ўжо даўно займаецца праблемай статусу жанчыны ў грамадстве па гістарычных матэрыялах Валыні. Гл.: Сгарченко Н. Шлюбна статегія вдів i кілька проблемнавоколо неі (шляхецка Волїнь кінца XVI ст.) // Кїівска старовїна.2000. № 6. С 58-74; 2001. № 1. С. 42-62; 2001. № 4. С. 20-42.
[7] Bazilik C. Krótkie opisanie sprawy przy śmerci pogrzebie oświenconej księżny Helżbiety z Szydłowca Radziwiłłowej wojewodziny wileсskiej. Brześć, 1562.
[8] Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku // Odrodzienie i Reformacja w Polsce. T. XVII. 1972. S. 92.
[9] Пушкарёва Н.Л. Тендерные исследования: рождения, становление,методы и перспективы в системе исторических наук // Женщина.Тендер. Культура. Москва, 1999. С. 15-33; Пушкарёва Н. Л. Имущественные права женщин в XVIII — начале XIX в. // Семья в ракурсесоциального знания: Сборник научных статей. Барнаул, 2001. С. 188—203 i інш.
[10] Сліж H. Гендэрная тэорыя ў гістарычным даследаванні // Вялікае княства Літоўскае: Метадалогія i метады даследавання / Пад рэд. С. Каўна. С.-Пецярбург, 2003. С 72-91.
[11] Fox B. J., Luxton M. Conceptualizing „Family» // Family Patterns, Gender Relation. Toronto, 1993. P. 21; Юссен Б. Родство искусственное или естественное? Биологизм в культурно-исторических концепциях родства // Человек и его близкие на Западе и Востоке Европы (до начала Нового времени). Москва, 2000. С. 84-104; Муравьёва М. Г. История брака и семьи: западный опыт и отечественная историография // Семья в ракурсе социального знания. Сборник научных статей. Барнаул, 2001. С. 9-10; Зидер R Социальная история в Западной и Центральной Европе (конец XVIII — XX вв.). Москва, 1997; Goody J. The Development of the Family and Marriage in Europe. Cambridge, 1983; Sabean D. W. Social Background to Vetterleswirtschaft: Kinship in Neckarhausen // Rudolf Vierhaus et al. Frühe Moderne? Göttingen, 1992. P. 113-132; Handbook of Family Measurement Techniques. Instruments and Index. Vol. 3. London; New Delhi, 1994 i інш.
[12] Сліж Н. Тэрміналогія па гісторыі шляхецкай сям’і Вялікага княства Літоўскага ў 16-17 ст. // Гістарычны альманах. 2003. Т. 9. С. 49-63; Яна ж. Шляхецкая сям’я ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI-XVII стст.: уздзеянне саслоўнага падзелу грамадства на яе фарміраванне і развіццё. Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2002.
[13] Laurinowicz M. Dom mądrości na pogrzebie JWP Tomasza Sapiehy woiewody Nowogródzkiego w Olszanach. Vilna, 1646.
[14] Archiwum Główny Aktów Dawnych. Archiwum Radziwiłłów X, sign. 223.К. 1-23, 33. sign.225. К. 1-3, 18-20, 64, 68.
[15] Ślękowa L. Muza domowa. Okolicznoścłowa poezja rodzinna czasówrenesansu i baroku. Wrosław, 1991.
[16] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Ф. 1324, воп.1,спр. 12, арк. 52, 73-73 адв.; НГАБ у Гродна. Ф. 1663. Воп.1. Спр. 836,1229. Ф. 1664, воп.1, спр. 330, 341, 352, 375, 390 i інш.
[17] Акты издаваемые Виленскою археографическою комиссиею (далей —АВАК). Т. 36. Вильна, 1912. С. 15-16; Jankowski Cz. Powiat Oszmiański.Materiały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. I. Peterburg, 1896. S. 157.
[18] ABAK. T. 3. Вильна, 1870. СИЗ, 130-131, 277-293; Т. 8. Вильна, 1875.С. 513-514; Описание рукописного отдела Виленской публичной библиотеки. Вып.4. Вильна, 1903. С. 5-6; Археографический сборник документов относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 8. Вильна, 1870. С. 297.
[19] Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku. S. 93-105.
[20] Сліж Н. Крыніцы па гісторыі шляхецкай сям’і XV1-XVII стст. // Герольд Utherland. 2001. № 2. С. 66-72.
[21] Аўтарка не спасылаецца на Польскі біяграфічны слоўнік (Polski Słownik Biograficzny), які мае біяграфічныя нарысы па знакамітых шляхецкіх родах ВКЛ.