БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Evanhelije in der Übersetzung des Vasil Tjapinski um 1580. Faksimile und Kommentare (Уладзімір Сакалоўскі)


Evanhelije in der Übersetzung des Vasil Tjapinski um 1580. Faksimile und Kommentare. Hrsg. von HEORHI HALENČANKA. Ferdinand Schöning, Paderborn -München — Wien — Zürich, 2005. — 231,8 S.

Заснаваная ў Нямеччыне вядомая славістычная выдавецкая серыя „Біблія славіка» паставіла сваёй мэтай аднаўленне славянскіх перакладаў Бібліі. Дзякуючы ёй, i найперш дзякуючы шматгадовай напружанай працы Ганса Ротэ, еўрапейскі свет пачаў адкрываць багатую культур­ную спадчыну i беларускага народа. Ужо ў 1985 г. была распрацавана сталая праграма. Яна складалася з 6 частак: Бібліі чэшскай (14 тамоў); польскай (6 т.); усходнеславянскай (5 т.); паўднёваславянскай (3 т.); славацкай (2 т.) i літоўскай (7 т.). Галоўнай ідэяй праекта „Біблія славіка» ста­ла выданне выдатных крыніц старажытнага славянскага пісьменства. Кіраўніцтва пастанавіла даваць да кожнага тома вычарпальныя каментары, каб кампетэнтна i даходліва пазнаёміць сучасніка са скарбамі мінулых эпох славян­ства. На сёння выйшла ўжо 36 тамоў. Выданне серыі будзе доўжыцца да 2008 г. 3 беларускіх старадрукаў яшчэ чакаюць выпуску „Катэхізіс» Сымона Буднага i „Малая падарожная кніжка» Францішка Скарыны.

Сярод усходнеславянскіх перакладаў беларускія належаць да найважнейшай часткі праекта „Біблія славіка». Невыпадкова першым томам з усходнеславянскага раздзела было запланавана выданне Бібліі Скарыны, але яно было парушана выпускам трохтомавай Скарынавай Бібліі ў 1990 г. у Мінску. Аднак у мінскім выданні адсутнічалі разгорнутыя каментары i кніга „Апостал» (1525). Тады нямецкі бок вырашыў дапоўніць гэты прагал. У 2002 г. у серыі „Біблія славіка» здзейснена шыкоўнае выданне „Бібліі рускай» бе­ларускага першадрукара[1]. Том складаецца з дзвюх частак. У першай змешчаны каментары да мінскага выдання Бібліі Скарыны, a ў другой — факсімільнае выданне „Апостала» 1525 г. Першая складаецца з сямі грунтоўных раздзелаў, падрыхтаваных беларускімі навукоўцамі з АН Белаpyci i Скарынаўскага цэнтра, таксама аўтарам гэтых радкоў i даследчыкам беларускай літаратуры з Англіі Арнольдам Макміліным („Жыццёвы шлях. Літаратурна-гістарычная спадчына» У. Конана, „Пісьменнік» А. Макміліна, „Апісанне публікацый i даследаванні Скарыны» Г. Галенчанкі, „Пераклад Бібліі Скарыны i яе крыніцы» У. Свяжынскага, „Мова перакладаў» А. Жураўскага, „Тэалагічныя элементы перакладаў i прадмоваў» I. Саверчанкі i „Мастацкае афармленне Бібліі» В.Шматава). Характарызуючы асобу беларускага першадрукара, аўтары пішуць пра яго гуманістычны светапогляд i асветніцкі характар выдавецкай дзейнасці, спыняюцца на асаблівасцях перакладу Бібліі i каментарах ды прадмовах Скарыны, адзначаюць тактоўнасць i ўмеласць выкарыстання ім заходнееўрапейскай выдавецкай традыцыі, асабліва нямецкай. У другую частку ўвайшоў факсімільны тэкст „Апостала». Тут ён узнаўляецца ўпершыню. Выданне помніка суправаджаецца падрабязным каментаром Ганса Ротэ „Апостал. Вільна 1525. Яго даследаванні i крыніцы»[2]. Гэта надзвычай дэталёвае, змястоўнае i аб’ёмнае манаграфічнае даследаванне, што ясна паказвае, якія крыніцы служылі падставай для перакладаў Скарыны на старабеларускую мову[3].

I вось у 2005 г. у вядомым прыватным нямецкім выдавецтве Фердынанда Шонінга выйшла другое факсімільнае выданне помніка беларускай рэнесансавай думкі — „Евангелле» ад Мацвея i Марка ў перакладзе Васіля Цяпінскага. Яно падрыхтавана беларускім навукоўцам Георгіем Галенчанкам. У нямецкай серыі ўпершыню прадстаўлены чытачам не толькі поўны тэкст „Евангелля», падрыхтаваны на царкоўнаславянскай i беларускай мовах ca шматлікімі глосамі, спасылкамі на літаратурныя крыніцы, але i матэрыялы з усёй спадчыны беларускага асветніка. Да „Евангелля» дадаецца Прадмова, якая захавалася да сёння толькі ў адным экзэмпляры ў зборах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. Акрамя таго, выданне суправаджаюць самая поўная біяграфія, клапатліва сабраная за доўгія гады пошукаў Г. Галенчанкам у аддзелах старадрукаў важнейшых бібліятэк Усходняй Еўропы, а таксама вычарпальны спіс дакументаў, куды ўвайшло больш за 60 рэгістраў i апісанняў спадчыны В. Цяпінскага. Выдаўцы прысвяцілі гэты шыкоўны фаліянт Полацкаму універсітэту ў знак глыбокай пашаны да тысячагадовай духоўнай культуры зямлі Полацкай.

Том адкрывае змястоўнае ўступнае слова даследчыка беларускай літаратуры ў Англіі Арнольда Макміліна. У ім адзначаецца, што „пераклад Бібліі на нацыянальныя мовы адыграў вялікую ролю ў развіцці ўсходнеславянскіх культураў у Вялікім Княстве Літоўскім, напгаадкам якога з’яўляецца Беларусь». Францішак Скарына даў выдатны ўзор перакладу Бібліі, які яго пераемнік Васіль Цяпінскі паўтарыў, пераклаўшы Евангелле ад Мацвея i Марка. Гэта быў пераклад на рутэнскую, г. з. беларускую мову. Яго публікацыі i тэалатічны слоўнік сведчаць пра высокі ўзровень культуры i адукацыі. Цяпінскі выказвае свае погляды ў Прадмове, якая дадаецца да тэксту перакладу. Жывучы ў часы нецярпімасці i рознагалосся, Цяпінскі быў больш публіцыст, чым настаўнік. Ён падзяляў ідэі Скарыны, лічачы, што i яго пераклады, i мова, якую ён называў „зацнай рускай мовай», будуць служыць на карысць людзям. Для Цяпінскага, як i многіх яго суайчыннікаў, лінгвістыка i нацыянальнае пытанне былі цесна звязаны. Ён вінаваціў царкву i шляхту, што тыя давялі мову да такой дэградацыі. 3 гэтай нагоды ён піша: „Хто не будзе плакаць, бачачы як да такіх вялікіх прынцыпаў (асноваў), шаноўнае панства i многія нявінныя дзеці, мужчыны i жанчыны гэтай выдатнай рутэнскай нацыі, якая была поўная духоўнасці i вучонасці, адносяцца з пагардай i нават грэбуюць сваёй роднай мо­вай… без вялікага сораму для сябе самых». Манера выкладання Цяпінскага менш красамоўная, чым у Скарыны, але яго развагі ў Прадмове добра дапаўняюць пераклад Евангелляў. Сгворанае ім застаецца адным з найважнейшых духоўных скарбаў у кантэксце разнастайных беларускіх перакладаў i арыгінальных твораў XVI ст.

Пасля ўступу друкуецца партрэт Васіля Цяпінскага i яго прадмова да перакладу Евангелля — „Васіль Цяпінскі знатнай манархіі славянскай, i асабліва богабаязненым; хай будзе ласка i спакой ад Бога айца i пана нашага Ісуса Хрыста». Тэкст падаецца ў арыгінале i ў перакладзе на дзве мовы — беларускую i нямецкую. Прадмова ярка выяўляе Цяпшскага як асветніка i гуманіста. Нягледзячы на небяспеку, што зыходзіла ад афіцыйнай царквы i дзяржаўнай улады, ён, як i лепшыя прадстаўнікі грамадства таго часу, смела выступіў у абарону роднай культуры. Цяпінскі лічыў, што толькі дзякуючы шырокай асвеце i адукацыі на роднай мове можна пазбегнуць i культурнага заняпаду, i небяспекі асіміляцыі. Ён выказваў свае грамадска-палітычныя погляды, зыходзячы не з тэкстаў Святога пісання, а з аналізу сучаснай яму рэчаіснасці, грамадскага i культурнага жыцця беларускага народа. Таму Прадмова Цяпінскага застаецца i да сёння адным з лепшых помнікаў беларускай літаратуры апошняй трэці XVI ст.

Аснову выдання складае тэкст самога перакладу, які дайшоў да нашага часу не без некаторых стратаў. Дзякуючы намаганням выдавецтва тэкст у томе аказаўся якасна адноўлены. У адрозненне ад Скарыны i Буднага, Цяпінскі акрамя ўласнага перакладу „Евангелля» змяшчаў паралельна i тэкст царкоўна-славянскага арыгінала. На палях кнігі ён выпісваў дакладныя звесткі пра выкарыстаныя тэксты i тлумачыў незразумелыя для простага чытача словы.

Раздзел „Каментары» пачынаецца рэдакцыйнымі заўвагамі Ганса Ротэ, які адзначае, што помнік „аднаўляецца для шырокай грамадскасці і з’яўляецца дакументам найвялікшай важнасці i надзвычайнай рэдкасці». Вучоны таксама звяртае ўвагу на Прадмову Цяпінскага, якая да гэтага часу не друкавалася разам з тэкстам перакладу. Яна надрукавана з рукапіснага варыянта, які захаваўся толькі ў дзвюх копіях. I хоць тэкст Прадмовы ўжо ўзнаўляўся, да гэтагавыдання яна заставалася маладаступнай i не перакладалася. Як заўважае Ротэ, праз гэты пераклад на авансцэну выходзіць беларуская мова пачатку Новага часу. Цяпінскі ішоў следам за сваім полацкім земляком Францішкам Скарынам, аднак яго Прадмова i пераклад яўна розняцца. Схіляючыся да Рэфармацыі, Цяпінскі ажыццяўляў пе­раклад тэксту пад уплывам Сымона Буднага, тым не менш Евангелле хацеў зрабіць даступным перш за ўсё для праваслаўных сваёй краіны на ix уласнай мове.

Як вынікае з каментароў, агульнае навуковае кіраўніцтва томам ажыццяўляў Георгі Галенчанка. Дзякуючы яго ініцыятыве i намаганням былі падрыхтаваны добрыя фотакопіі абодвух экзэмпляраў. Гісторык таксама пракаментаваў большасць матэрыялаў, што тлумачаць як ход даследавання, так i многія няясныя пытанні, датычныя асобы Цяпінскага, яго жыцця i друкарскай справы. Былі выкарыстаны дакументы i матэрыялы з уласных архіваў даследчыка, як i матэрыялы Ігара Клімава. Том заканчваецца самай поўнай бібліяграфіяй, складзенай Г. Галенчанкам. За каштоўныя ўказанні па транскрыпцыі і нямецкім перакладзе Прадмовы Цяпінскага выказваецца падзяка нямецкаму навукоўцу Карлу Гутшміту.

Важнае месца ў каментаванні помніка займае артыкул Г Галенчанкі „Васіль Цяпінскі — мысліцель i гуманіст, асветнік i публіцыст, перакладчык i заснавальнік новазапаветнай выдавецкай традыцыі на сваёй роднай мове». Аўтар імкнецца прасачыць усе этапы шматбаковай дзейнасці беларускага асветніка, спыняючыся найперш на жыццёвым шляху Цяпінскага, які па пісьмовых крыніцах можна праса­чыць даволі фрагментарна. A ў публікацыі „Радаслоўная Цяпінскіх XV-XVII ст.» найбольш поўна раскрываюцца яго роднасныя сувязі. У раздзеле „Дакументы i матэрыялы: рэгесты» прыводзяцца ўсе вядомыя крыніцы, дзе, пачынаючы з XVI ст., ёсць упамінанні пра Цяпінскага. Тут адзначаецца, што документальную аснову для даследавання матэрыялаў пра жыццё i дзейнасць Цяпінскага заклаў М. В.Доўнар-Запольскі, затым гэтую справу прадоўжыў А. Лявіцкі, які ў актавых кнігах Кіеўскага цэнтральнага архіва выявіў13 дакументаў у той ці іншай ступені звязаных з судовымі справамі Васіля Цяпінскага i яго жонкі Алены Солтанавай, княжны Сакольскай. Аднак высновы аўтара песімістычныя: няма аніякіх дакладных звестак пра пратэстанцкія погляды перакладчыка i выдаўца. Некаторыя дапаўняльныя звесткі прыводзяцца польскім гісторыкам Рышардам Мяніцкім у Польскім біяграфічным слоўніку (1938). Яны пашыраюцца i ўдакладняюцца ў дысертацыі Георгія Галенчанкі „Гісторыя беларускага кнігадрукавання XVI-XVIII ст.». У 1980-90 г. быў прадоўжаны пошук матэрыялаў пра асветніка, якія значна ўзбагацілі звесткі пра лёс Цяпінскага.

У наступнай публікацыі Г. Галенчанкі „Літаратурны аг­ляд» даюцца сістэматызаваныя звесткі пра літаратуру аб Цяпінскім, што ўключае бібліяграфічныя апісанні „Евангелля», важнейшыя працы пра Цяпінскага, згадкі пра яго ў агульных працах, у працах пра беларускае кнігадрукаванне i мовазнаўчых даследаваннях, а таксама ў бібліяграфічных работах.

Не менш значны каментар „Кнігазнаўчае апісанне», дзе беларускі навуковец разглядае нешматлікія крыніцы, у якіх захавалася „Евангелле» Цяпінскага. Гэга экзэмпляр „Евангелля», адшуканы Пагодзіным, далей ён звяртае ўвагу на мастацкае афармленне i партрэт Цяпінскага, на „Евангел­ле» Цяпінскага ў Супрасльскім зборніку i на яго другі Архангельскі экзэмпляр.

У абагульняльным артыкуле „Евангелле Васіля Цяпінскага як літаратурны помнік і помнік кнігадрукавання» Ігар Клімаў падае кароткі агляд беларускай пісьмовай мовы XVI ст., разглядае пераклады Бібліі на старабеларускую мову да XVII ст., пратэстантызм i справу кнігадрукавання ў Беларусі ў XVI ст., потым пераходзіць да жыцця Цяпінскіх, выдання Евангелля, мовы перакладу, арыгінала для перакладу i маргіналіяў (надпісаў на палях кнігі) перакладчыка, а таксама спыняецца на асаблівасцях стылю перакладу.

Ганс Ротэ — адзін з вядучых спецыялістаў у галіне славянскіх Біблій — у артыкуле „Васіль Цяпінскі: Тэалагічны слоўнік, царкоўнаславянскія i польскія пераклады Еван­гелля» падрабязна разглядае пытанне пра ўжыванне старабеларускіх, размоўных, царкоўнаславянскіх i польскіх слоў пры перакладзе Бібліі на старабеларускую мову. Ён адзначае, што наколькі невядомыя жыццёвыя акалічнасці i абставіны працы Цяпінскага, або час i месца перакладу „Евангелля», настолькі ж невядомым да сёння з’яўляецца сам тэкст Святога пісання. Усё, што да сёння вядома пра яго, сабрана ў каментарах да гэтага выдання i бібліяграфіі. Да цяперашняга часу адсутнічаюць даследаванні пра крыніцы тэалагічнага слоўніка яго „Евангелля». Першая спроба — гэта публікацыя А. Макміліна «Тэалагічныя выразы ў Васіля Цяпінскага (1580) i „Перасопніцкае Евангелле (1556/61)»». Аднак на гэтым шляху ёсць значныя перашкоды, бо ў абодвух перакладах Бібліі адсутнічае адзіны тэалагічны слоўнікавы запас.

Распачаўшы агляд з ужывання слоў у царкоўнаславянскіх паралельных тэкстах, Ротэ пераходзіць да ix адпаведнікаў у польскіх узорах. Маюцца на ўвазе тры тагачасныя пераклады „Евангелля» на польскую мову: „Новы Запавет» Мужыноўскага (1551), „Берасцейкая Біблія» 1563 г. i пераклад „Новага Запавету» Сымона Буднага. У гэтым томе гаворыцца пра непасрэдныя адносіны Цяпінскага да пе­ракладу Буднага, але не канкрэтна. Узаемаадносіны гэтых польскіх перакладаў паміж сабой няясныя. Зыходзячы са стылізацыі, якая набліжае Цяпінскага да польскіх перакладаў, не ўлічваючы царкоўнаславянскія паралельныя тэксты, якія не сведчыць пра магчымае выкарыстоўванне грэцкіх ці габрэйскіх крыніц, Ротэ пераходзіць да паралеляў толькі з Буднага i іншых польскіх варыянтаў. Пасля гэта­га падаецца падрабязны разгляд адпаведнасцяў з царкоўнаславянскімі тэкстамі i з Будным. Увага звяртаецца на бакавыя надпісы: тлумачэнні габрэйскіх, сірыйскіх i грэцкіх слоў; варыянты з АпракосЕвангелля: варыянты з маскоўскага друку, варыянты з іншых перакладаў: з польскіх узораў. Потым Г. Ротэ разглядае магчымае выкарыстанне адначасова чатырох славянскіх Евангелляў i двух польскіх, Буд­нага i пэўна Мужыноўскага, a, магчыма, i Леапаліты. Гэта падштурхнула нас да думкі, што Цяпінскі, маючы перад сабою мноства крыніц, спрабаваў браць найбольш дакладнае i зразумелае для кантэксту i чытача. Ён каментуе грэцкія i габрэйскія словы старажытнага тэксту, але не можна сцвярджаць, што ён браў ix з грэцкай мовы. Таксама тэкст ён часам не разумев, таму што сыходзіў не з арыгінала. Тым не менш Цяпінскі выканаў значную філалагічную, а таксама тэалагічную працу. Ён параўнаў увесь тэкст перакладу радок за радком — ва ўсякім выпадку з чатырох царкоўнаславянскіх i трох польскіх перакладаў. Аднак па многіх месцах становіцца ясна, што царкоўнаславянскія рэдакцыі мелі для яго самы высокі аўтарытэт. Пра гэта сведчыць i панегірычная пахвала „нашым любімым славя­нам» у Прадмове.

Сярод польскіх перакладаў твор Буднага быў для Цяпінскага прыярытэтны. Гэта можна засведчыць па дзвюх групах узгадненняў, па тых, у якіх Будны сам супрацьстаіць іншым польскім перакладам i па тых, дзе ён супраць роз­ных польскіх рэдакцый сваім уласным шляхам шукаў апоры на царкоўнаславянскі варыянт.

Такім чынам рутэнскі (беларускі) пераклад Евангелля Цяпінскага ўвасабляе вельмі характэрныя спалучэнні ўсходнеславянскага праваслаўя i Рэфармацыі на землях Рэчы Паспалітай. Гэта была спроба праз добрае разумение Святога пісання ўздзейнічаць на ўсходнеславянскае праваслаўе. Яна тычылася перш за ўсё хрысціянскай шляхты краю i праваслаўнага духавенства, але за вызначаную мэту мела, як адзначана ў прадмове, „беднага прасталюдзіна». Верагодна, што такі прынцып сведчыць больш пра апору на лютэранскую пачатковую рэфармацыю i менш на кальвінізм, які ў Польшчы прыцягваў перш за ўсё арыстакратыю. Гэта можа таксама тлумачыць тое, чаму Цяпінскага больш прыцягваў Каралявецкі Новы Запавет 1551 г. i менш — кальвінісцкі пераклад Берасцейскай Бібліі (1563).

Завяршаецца выданне грунтоўнай бібліяграфіяй, што складаецца з трох раздзелаў: „Бібліяграфія i кнігазнаўчае апісанне», „Крыніцы» (публікацыі Прадмовы, Дакументы i матэрыялы крыніцазнаўчага даследавання) i „Іншыя даследаванні». Самы значны уклад у распрацоўку праблем, звязаных з творчай спадчынай В. Цяпінскага, унеслі пачынальнікі Я.Карскі, Л.Уладзіміраў, М. Доўнар-Запольскі, А. Брукнер, а апошнім часам — навукоўцы Г. Галенчанка i I. Клімаў.

Мінск

Уладзімір Сакалоўскі


[1] Biblija ruska vyložena doktorom Franciskom Skorinoju. Prag 1517-1519 / Kommentare. Wilna 1525. Faksimile und Kommentaг. Herausgegeben von Hans Rothe und Friedrich Scholz. Ferdinand Schцning. Paderborn -München — Wien — Zürich, 2002. — 1045 S. Гл. рэцэнзію Ю. Лаўрыка ў БГА. Т.ХІ (2004). С.333-336.
[2] Zum Apostolos, Wilna 1525. Seine Erforschung und seine Quellen, vonHans Rothe, in: Biblija ruska. Vyložena doktorom Franciskom Skorinoju.S. 921-1035.
[3] У 2003 г. у Гёрліцкай гарадской бібліятэцы Норбертам Рандаў былознойдзена адно з аўтэнгычных выданняў Бібліі Скарыны, складзенаез дзвюх частак. Першая, выдадзеная ў 1519 г., змяшчае Пяцікніжжа,а другая, выпушчаная ў 1518 г., уключае кнігу „Ісус Навін», чатырыкнігі „Царстваў» i кнігу „Прамудрасці». Да кожнай кнігі падаюццапрадмовы i кароткія пасляслоўі аўтара, а для ўсёй Бібліі — вялікаяпрадмова.

Наверх

Тэгі: , , ,