БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Русина, Олена. Студії з історії Києва та Київської землі (Валеры Пазднякоў)

РУСИНА, ОЛЕНА. Студії з історії Києва та Київської землі. Київ, 2005. — 346 с.

У апошняй кнізе вядомага ўкраінскага гісторыка Алены Русінай сабраны яе артыкулы з розных перыядычных выданняў i зборнікаў, прысвечаныя гісторыі Кіева i Кіеўскай зямлі XIII-XVI ст. Увогуле гэты перыяд — з даволі цьмянай гісторыяй, бедны на гістарычныя крыніцы. Ix недахоп балюча ўспрымаецца ўкраінскай гістарычнай навукай, якая ўпотай лічыць, што „маці гарадам рускім» вартая лепшай гістарыяграфічнай долі. Адсюль недахоп сапраўдных гістарычных крыніц запаўняецца рознага роду псеўдагістарычнымі схемамі, а часам i проста міфамі. Адметнасць працы А. Русінай у тым, што яна рашуча змагаецца з міфамі і псеўдагістарычнымі пабудовамі; на гэтай ніве набыла, пэўна, нямала нядобразычліўнаў. Але горкая праўда заўсёды лепшая за салодкі міф.

У працы „Да пытання пра кіеўскіх князёў татарскага перыяду» А. Русіна разглядае палітычную сітуацыю, якая склалася на Кіеўшчыне, у Сярэднім Падняпроўі пасля мангольскай навалы. 3 пачатку 1250-х г. зніклі ўсялякія паведамленні пра мясцовых князёў, настаў, як бы мовіць, бяскняжацкі перыяд. Як бы гісторыкі ні тлумачылі гзтую з’яву ў агульным плане, але відавочна, што надышоў час аднос нага заняпаду Кіева, які доўжыўся некалькі сотняў гадоў. A гэта i паказчык адноснага змяншэння палітычнай ролі ўкраінскіх зямель ва Ўсходняй Еўропе. Звесткі пра чарговага кіеўскага князя Фёдара (брата Гедыміна?) паходзяць толькі з 1331 г. А. Русіна намагаецца давесці пра існаванне ў 1-й палове XIV ст. i кіеўскага князя Васіля Ўладзіміравіча (яго дарчы запіс цытуецца ў грамаце 1551 г. князя Ф. Пронскага), але гэты запіс ні па структуры, ні па мове ніяк не можа адносіцца да XIV ст.

Абмаляваўшы час князёў — уладароў Кіеўшчыны ў сярэдзіне XIII — 1-й палове XIV ст. па верагодных крыніцах, А. Русіна ў працы „Псеўдакіеўскія князі XIII-XV ст.» звярнулася да князёў, якія ў некаторых крыніцах таксама праходзяць як уладары паўднёварускіх зямель, але ступень верагоднасці ix існавання даволі нізкая. Даследчыца адмаўляе ў гістарычнай рэальнасці для Дзмітрыя Кіеўскага, Льва Луцкага, Сганіслава Кіеўскага, Алега Пераяслаўскага, Рамана Бранскага. Адмаўляючы верагоднасць існавання гэтых князёў, А. Русіна адкідвае i позняе летапіснае апавяданне пра захоп Кіева літоўскім уладаром Гедымінам, дзе гэтыя князі фігуруюць. Аўтар зрабіла спробу новага асэнсавання грэкамоўных „Урыўкаў Беняшэвіча» XIV ст. Так, яна адмаўляе ў гістарычнай рэальнасці зместу запіса „Фёдар, брат Гедыміна», a ў звестках пра памерлага мітрапаліта бачыць Максіма, які перасяліўся з Кіева ва Ўладзімір-на-Клязьме. Узнікненне летапіснага апавядання пра захоп Гедымінам Кіева А. Русіна звязвае з князямі Галыыанскімі, якія коштам псеўдагістарычных пабудоў імкнуліся абгрунтаваць свае спадчынныя правы на Кіеў. Пасля цалкам верагоднага кіеўскага князя Фёдара, які ўпамінаецца ў 1331 г., наступным вядомым уладаром Кіева „з рукі» Альгерда быў яго сын Уладзімір (з 1362 г.), пасля Скіргайла (Іван, прыкладна ў 1394 г.). Наступнага меркаванага кіеўскага князя Івана Барысавіча A. Русіна разглядае як постаць міфічную, а „князя олекта киевского Михаила» — як кіеўскага каталіцкага біскупа. Міхаіл Жыгімонтавіч быў названы князем кіеўскім у дакуменце 1432 г., але гэта толькі азначала, што яго маёнткі ляжалі ў межах Кіеўскага біскупства. У працы „Кантраверзы гісторыі кіеўскай княскай традыцыі XIII-XVI ст.» А. Русіна прааналізавала ідэйную ролю Кіева як княжацкага i сталічнага горада ва Ўсходняй Еўропе, нават ва ўмовах заняпаду княжацкай традыцыі на Кіеўшчыне ў другой палове XIII — першай палове XIV ст. У артыкуле „Да гісторыі Кіеўскай зямлі ў XIV-XV ст.: Ягалдай, Ягалдаевічы, Ягалдаева цьма» даследуецца своеасаблівае васальнае ў адносінах да вялікіх князёў літоўскіх татарскае княства на Северпгчыне. Тэму лакальнай гісторыі Кіеўшчыны А. Русіна працягвае ў артыкуле „Пуціўльскія воласці XV — пачатку XVII ст.»

У працы „Кіеўская магдэбургія: юбілейны камплект» А. Русіна дала крытычную ацэнку некаторым калянавуковым публікацыям, што з’явіліся з нагоды святкавання ў 1999 г. 500-гадовага юбілею надання Кіеву магдэбургскага права. Да юбілею выйшла некалькі навукова-папулярных артыкулаў, якія даследчыца лічыць „сумнеўнымі па сваім прафесійным узроўні». Першы залп быў нанесены па газетных артыкулах. Можа, i дарма. Хто ж у наш час сумняваецца ў непрафесіяналізме газетных журналістаў-„гісторыкаў»? Корпацца ў ix аблудах — справа няўдзячная. A. Русіна арыентуецца на даўнюю рэцэнзію акадэміка M. Ціхамірава „Здзек з гісторыі» (акадэмік абрынуўся на дылетанцкі з пункту гледжання гісторыка сцэнар кінафільма „Аляксандр Неўскі»). Але які ўрок можна вынесці з той гісторыі? Акадэмік разграміў сцэнар, a фільм стаў класікай. Газета, зразумела, — не фільм, не мастацтва, але ў цяперашні час патрабаваць ад яе праўдзівасці — гэта дон-кіхоцтва. A вось пакінуць без увагі быццам салідныя творы, якія прэтэндуюць на апошняе слова ў навуцы, а насамрэч аказваюцца „старым» словам (часам плагіятам) — гэта справа абавязковая для сумленнага навукоўца.

На вызначэнні часу надання Кіеву магдэбургскага пра­ва А. Русіна спынілася ў артыкуле „Да праблемы пачаткаў кіеўскай магдэбургіі». Існуюць розныя даты, якія абапіраюцца на акты 1494, 1497, 1499, 1514 г. Перагледзеўшы наяўныя дадзеныя, аўтар прапанавала адносіць яго да 1494-1498 г.

Роля Кіева як „святога горада» ў ідэалогіі i палітыцы разгледжана А. Русінай у працы „Кіеў як sancta civitas у маскоўскай ідэалогіі i палітычнай практыцы XIV-XVI ст.». Мясцовыя кіеўская паданні сталі аб’ектам даследавання ў працах „Кіеўскія сярэднявечныя міфы (XV-XVI ст.)» i „Кіеў — Троя: перадгісторыя i гісторыя міфалагемы», „Ад Кузьмішчы-кіяніна да кіяніна Скабейкі». У працы „Кіева-пячэрскі летапісец Веніямін: праблемы ідэнтыфікацыі» развянчаны міф пра гзтага быццам кіеўскага летапісца.

Праблему далучэння ўкраінскіх зямель да ВКЛ А. Русіна разглядае ў артыкулах «Сіняводская «Задоншчына»: гістарычнае першынства або гістарыяграфічны гібрыд» i „Гісторыя з погляду genius loci», дзе уступав ў палеміку з Ф. Шабульдам адносна бітвы войскаў Альгерда з татарамі на Сініх Водах у 1362 г. Даследчыца адвяргае погляды, быц­цам у тым годзе войска ВКЛ перайшло Дон i нават Волгу, i значна абмяжоўвае маштабы ваеннай кампаніі Альгерда. У рускіх летапісах звесткі пра паход Альгерда на Сінія Воды суседнічаюць з паведамленнем пра напад літвы на горад Коршава („Коршева»). Даўней даследчыкі аб’ядноўвалі гэтыя падзеі і бачылі ў тым горадзе нават Херсанес ці Керч. А. Русіна раз’ядноўвае гэтыя паходы, у адрозненне ад Ф. Шабульды, які лакалізуе Коршаву ў межах ардынскіх уладанняў. Дарэчы, калі меркаваць паводле летапіснага паведамлення пра мор, які прыйшоў з Арды i прайшоў „по ряду» праз Бранск, Коршаву i Навасіль, то загадкавы горад ляжаў акурат паміж Бранскам i Навасілем. На сучаснай карце ў гэтым раёне знаходзіцца Карачаў. Можа, гэта i ёсць Коршава? У любым выпадку мэтай паходу Альгерда ў 1362 г. былі не задонскія ўладанні Арды. Але развенчваючы гэты міф, не варта змяншаць значнасці антыардынскай барацьбы Альгерда. Яго значнасць як палітыка i военачальніка ў тым, што ён першы скарыстаўся з дэмаграфічнага і агульнакультурнага крызісу, які ахапіў у сярэдзіне XIV ст. ардынскія землі. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі), які разграміў ардынцаў у 1380 г. на Куліковым полі, ішоў у рэчышчы антыардынскай палітыкі Альгерда.

Кніга A. Русінай, у якой развенчваюцца міфы гістарычныя, гістарыяграфічныя, ідэалагічныя — неблагі прыклад для беларускай гістарыяграфіі, якая таксама перагружана міфамі самага рознага кшталту.

Мінск                                             

Валеры Пазднякоў

Тэгі: , , ,