БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Мікуліч, Аляксей. Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу (Аляксей Дзермант)


МІКУЛІЧ, АЛЯКСЕЙ. Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу. Менск: Тэхналогія, 2005. — 138 с.

Кніга вядомага антраполага i генетыка, доктара біялагічных навук Аляксея Мікуліча, што нядаўна ўбачыла свет, з’яўляецца фактычна падсумаваннем шматгадовай працы даследніка ў галіне вывучэння асаблівасцяў генафонду i антрапалагічнага аблічча беларускага этнасу. Многія высновы, зробленыя ў кнізе, можна было знайсці i ў ранейшых публікацыях, але некаторыя з ix, што маюць важнае значэнне для этнагенетычнай праблематыкі, агучаныя ўпершыню.

Падставовая тэза, якую даводзіць аўтар — гэта магчымасць вылічыць прыкладны ўзрост беларускага этнасу з дапамогаю новай генагеаграфічнай тэхналогіі вывучэння прасторавай структуры генафонду. У звязку з гэтым, між іншага, адзначаецца, што генафонд беларусаў „заставаўся абароненым ад вонкавага уплыву i заўважнага пранікнення генаў суседніх зтнасаў. I такім чынам фенатыпы i генатыпы пры ўсёй стахастычнасці генетычных працэсаў захавалі сваю стабільнасць» (12). Працэс спадкавання генетычных структур мае сваю храналогію. Паказнікі абагульненых біягенетычных адлегласцяў i розніцы паміж сучаснымі сельскімі групамі дазволілі адшукаць след генетычнай памяці папуляцый. Вынік, атрыманы на аснове гэткага падыходу да аналізу генетычных матэрыялаў, дазволіў аўтару сцвердзіць, што „…беларусы (папуляцыі карэнных жыхароў) вядуць свой радавод цягам не меней як 130-140 каленаў, гэта значыць пачынаючы амаль за 1,5 тыс. гадоў перад Н.Х.» (112). На сёння найбольш пашыраным гледзішчам на паходжанне беларусаў з’яўляецца метысная балцка-славянская гіпотэза, згодна з якой пошук пачаткаў прабеларускага эт­насу мае карэлявацца з часам масавай славянскай міграцыі на землі, заселення балцкімі плямёнамі. Аднак працытаваная выснова сведчыць, што нашы генетычныя вытокі звязаныя хутчэй з эпохай, ранейшай за меркаванае славянскае рассяленне, i сягаюць больш даўніх часоў — тых, што істотна папярэднічалі з’яўленню славян.

Сам A. Мікуліч мяркуе, пгго „на нашай тэрыторыі славя­не асімілявалі аўтахтонных балтаў i гэтакім парадкам сфармаваўся прагенафонд сучаснага беларускага этнасу» (73). Якім жа чынам гэта стасуецца з папярэднімі высновамі i ці ёсць пэўныя доказы масавай міграцыі славянаў ды, адпаведна, асіміляцыі імі мясцовых балтаў? Як нам здаецца, у сваёй найноўшай працы аўтар не аддаў належнай увагі гэтаму сапраўды ключавому моманту этнічнай гісторыі беларусаў. Гэта пры тым, што, паводле словаў В.Аляксеева, антрапалагічнае даследаванне, апрача пранікнення ў глыбокую даўніну, „мае тую перавагу перад гістарычным, этнаграфічным i лінгвістычным, што выразна фіксуе дамешак іншародных элементаў. Ужо адзначалася, што з’яўленне новых элементаў у мове i культуры зусім не сведчыць пра прыток новага насельніцтва: яны маглі ўзнікнуць i ў вы­шку культурнага ўзаемадзеяння. Але з’яўленне новага антрапалагічнага комплексу, за рэдкімі выняткамі, абавязкова кажа пра дамешак новага насельніцтва, бо гэты комп­лекс пашыраецца пры перасяленні людзей або ў выніку шлюбных кантактаў»‘. Антрапалагічна-генетычныя матэрыялы, такім чынам, маюць велізарнае значэнне як тонкі індыкатар міграцый, асабліва ў даўнія часы ды ў спалучэнні са звесткамі іншых навук, дазваляюць вызначыць абрысы пэўных этнагенетычных сітуацый. Гэтая акалічнасць пакідае за антрапалогіяй, бадай, вырашальнае слова ў верыфікацыі тэорыі пра масаваю славянскую міграцыю на тэрыторыю Беларусі ў канцы I — пачатку II тыс.

Між тым, фактычна адзіным доказам славянскай міграцыі ў кнізе ёсць карта 12, якая нібы „фіксуе сляды міграцыі ўсходніх славян з Балканаў праз Румынію, Украіну, Беларусь на паўночны захад, а потым, магчыма, на ўсход». Пры адсутнасці тлумачэння, чаму адлюстраваная там карціна мае карэлявацца з перыядам славянскай экспансіі, гэ ткае цверджанне не выглядае дастаткова абгрунтаваным. У іншым месцы чытаем, што „Палессе можна разглядаць у якасці магчымай прарадзімы славян» (80), адкуль становіцца незразумелым, чаму ж тады ўсходнія славяне мігравалі на Беларусь не проста, а з Балканаў? Яшчэ раней пра (заходне)палескі арэал, які некаторымі навукоўцамі ўлучаецца ў абшар славянскай прарадзімы, гаворыцца: „Пазнейшая славянізацыя не паўплывала на старажытныя асаблівасці насельнікаў гэтага рэгіёна» (67). Такім чынам, сітуацыя з генетычнымі слядамі славянскай каланізацыі канчаткова заблытваецца. А гэта яшчэ раз змушае згадаць, што праўдзіваю праблемаю ёсць не гэтулькі высвятленне ролі балтаў у беларускім этнагенезе (яна відавочная), колькі ролі славянаў, таго, адкуль, калі i як адбываўся ix меркаваны міграцыйны рух[2].

Карты першай i другой галоўных кампанентаў зменлівасці генафонду Ўсходняй Еўропы (мал. 5-7) дэманструюць сувязь генафонду паўднёвых беларусаў i паўночных украінцаў з балканскім генафондам часоў неаліту ці ранняга бронзавана веку (73). Маючы на ўвазе таксама наяўнасць слядоў паўднёвых еўрапеоідаў на Беларускім Палессі, можна казаць пра даўнюю сувязь гэтай тэрыторыі з Балканамі. Але без адпаведнай аргументацыі гэтая сувязь не можа быць беспасярэдне суаднесеная са славянскімі перасяленцамі. Акрэслены часавы перыяд стасуецца хіба са сведчаннямі адмысловых старажытных ізаглосных дачыненняў балцкіх i фракійскіх моваў. Ёсць падставы меркаваць, што i пэўныя рысы, характэрныя для паўднёвых еўрапеоідаў, найболей імаверна звязваць не са славянам!, a з некаторымі заходнябалцкімі плямёнамі, у прыватнасці, з яцвягамі[3]. А.Мікуліч не раз заўважае, што этнагене тычны працэс беларусаў адбываўся амаль на мяжы паўднёвых еўрапеоідаў з паўночнымі, але беларускі генафонд, маючы сваю адметнасць, „цалкам захаваў генетычную памяць паўночнай еўрапеоіднасці» (23), што адпавядае антрапалагічнай класіфікацыі асноўнай часткі беларусаў як на­дежных да балтыйскай (паўночнаеўрапеоіднай) расы[4]. Цікава таксама, што карта першай галоўнай зменлівасці генафонду адпавядае вылучэнню на тэрыторыі Беларусі двух антрапалагічных тыпаў: валдайскага i палескага[5].

Аўтар, відаць, схільны атаесамляць з’яўленне індаеўрапейцаў з балканскім генетычным „вектарам» i міграцыйным рухам паўднёвых еўрапеоідаў (23, 74). Прадстаўнікі міжземнаморскага антрапалагічнага тыпу прысутнічалі на поўначы Ўсходняй Еўропы ўжо з часоў мезаліту[6]. Быў таксама i pyx насельніцтва з поўначы на поўдзень, пра што сведчаць прыкметы, характэрныя для паўночнаеўрапеоідных папуляцый у краінах міжземнаморскага басейна[7]. Гзтак адбываўся „дрэйф генаў», асабліва інтэнсіўны ў працэсе неалітызацыі Еўропы i пашырэння земляробства. Але, нягледзячы на папулярнасць сярод даследнікаў „паўднёвых» тэорый лакалізацыі прарадзімы індаеўрапейцаў: малаазійскай, балканскай (К. Рэнфру, Т. Гамкрэлідзэ, В. Іванаў, I. Дзяканаў), не варта забывацца i на паважную аргументацию спецыялістаў, якія шукаюць калыску індаеўрапейцаў на абшары недзе паміж Рэйнам i вярхоўямі Дняпра — там, дзе пашырана архаічная гідранімія стараеўрапейскага тыпу[8].

На карце генетычных адлегласцяў ад сярэдніх беларускіх частот генаў насельніцтва Ўсходняй Еўропы (мал. 9) яскрава відавочная адметнасць генафонду беларусаў, да якіх далучаюцца карэнныя жыхары Пскоўшчыны, Наўгародчыны, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленшчыны, Латгаліі i Ўкраінскага Палесся. На думку A. Мікуліча, гэткая карціна адлюстроўвае „гістарычныя з’явы не XVII-XVIII стагоддзяў, а на тры тысячагоддзі ранейшыя» (83). Аўтар зацямляе таксама, што „з улікам усяго вывучанага матэрыялу арэал беларускага генафонду ў агульных сваіх абрысах адпавядае межам Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XV стагоддзя» (тамсама). Гэтым назіраннем можна дапоўніць тэзу пра тое, што „рэгіён ВКЛ» ёсць не толькі сапраўднай канструкцыяй, якая мае рэальную, а не сканструяваную гісторыю, прычым як палітычную, гэтак i соцыякультурную[9], але яшчэ i антрапалагічна-генетычнай рэальнасцю.

Сапраўды, вызначаны арэал амаль дакладна адпавядае тэрыторыі пашырэння валдайска-верхнедняпроўскага антрапалагічнага комплексу, найбольш характэрнымі прадстаўнікамі якога ёсць літоўцы, беларусы i насельніцтва вышнявінаў Дняпра, Дзвіны i вытокаў Волгі[10]. Падабенства ў антрапалагічным тыпе сучасных усходніх літоўцаў i часткова ўсходніх латышоў з беларусамі ды расійцамі заходніх раёнаў РФ тлумачыцца тым, што фізічны тып насельнікаў Падняпроўя, вышнявінаў Волгі i Дзвіны ўвабраў у сябе даўні субстрат, утвораны усходнябалцкімі плямёнамі[11]. Адметнасцю менавіта ўсходнябалцкіх плямёнаў можа патлумачыць таксама пэўнае адрозненне фізічнага тыпу i генафонду ўсходніх літоўцаў, усходніх латышоў i беларусаў ад заходніх літоўцаў i латышоў, вытокі якога прасочваюцца яшчэ з часоў неаліту[12].

Агулам жа, шкала генетычных адлегласцяў выглядае наступным чынам: да беларусаў Падзвіння найбліжшымі ёсць насельнікі колішняга „крыўскага» арэала — Пскоўшчыны, Наўгародчыны, Смаленшчыны, трохі далей ад ix знаходзяцца папуляцыі Цэнтральнай Беларусі i Падняпроўя разам з жыхарамі паўднёва-ўсходняй Літвы i ўсходняй Латвіі, далей знаходзяцца заходнія беларусы Панямоння (разам з палякамі сумежжа, заходнімі літоўцамі, латышамi) i паўднёвыя папуляцыі Беларускага Палесся (78-79).

У сувязі з гэтым досыць цікавай ёсць палеміка аўтара з расійскімі калегамі, у прыватнасці з тым, што ядро расійскага генафонду знаходзіцца на паўночным захадзе расійскага этнічнага арэала з далучэннем часткі беларус­кага. На думку ж А. Мікуліча, карта блізкасці да беларус­кага этнасу насамрэч паказвае, што гэтыя два субарэалы аб’ядноўваюцца ў адзін — беларускі. У адрозненне ад бе­ларускага, асноўны расійскі абшар не мае скансалідаванасці i вылучаецца значнай ступенню мазаічнасці (79), a ў цэлым „генафонд беларусаў істотна адрозніваецца ад рускіх» (78).

Спецыяльны раздзел у кнізе прысвечаны аднаму з найбольш перспектыўных кірункаў развіцця сучаснай этнагеномікі — даследаванню геаэтнічнага размеркавання ДНК-маркёраў, якое, магчыма, дазволіць вызначыць долю балцкага i славянскага элементаў у складзе сучаснага карэннага насельніцтва Беларусі. Але вывучэнне генафонду беларусаў у гэткай відалі толькі пачалося, а дадзеныя, прыведзеныя аўтарам, яшчэ патрабуюць памнажэння, а для таго каб быць скарыстанымі ў этнагенетычным даследаванні — параўнання з аналагічнымі паказнікамі суседніх этнасаў.

Дарэчы, ужо ёсць публікацыі па абагульненым аналізе варыяцый мтДНК i Y-храмасомы літоўцаў, дзе адлюстраванае i лакальнае ix размеркаванне[13]. Прыкладам, параўнанне полімарфізму мітахандрыяльнай ДНК беларусаў i літоўцаў сведчыць пра ix генетычную блізіню, у расійцаў выяўляюцца дамешкі, звязаныя з фінавугорскімі субстратам[14]. Зусім не разглядаецца ў кнізе праблема, звязаная з наяўнасцю ў генафондзе літоўцаў i латышоў 16-й Y-храмасомнай гаплагрупы (г. зв. Tat-C мутацыя) i адрознасцю бела­рускага генафонду паводле гэтага паказніка[15]. Надзвычай актуальным было б i даследаванне наяўнасці сярод бела­русау г. зв. „балцкага гена»[16].

Методыка „генетычнага гадзінніка», выкарыстаная А. Мікулічам, не дазваляе зазірнуць глыбей за бронзавы век, але гэта не значыць, што біялагічны век беларуска­га этнасу пачынаецца толькі з гэтага часу, бо геаграфічная структура беларускага генафонду збольшага адпавядае арэалам старажытных археалагічных культур. Прыкладам, прыдзвінскі генагеаграфічны арэал накладваецца на тэрыторыю пашырэння неалітычнай нарваўскай культуры (IV-III тыс. да н. э.) i паўночнабеларускай культуры ранняга бронзавага веку (канец III — першая пал. II тыс. да н. э.),

што ёсць дадатковым аргументам на карысць генетычнай непарыўнасці тутэйшага насельніцтва (77). A ўся даўняя Бе­ларусь, згодна з сярэднеўзважанымі эфектыўна-рэпрадуцыйнымі дэмаграфічнымі памерамі i паводле звестак пра восем антрапасістэм генетычных прыкмет, была заселеная продкамі сучасных беларусаў прыкладна 9±1 тысяч гадоў таму (16). Такім чынам, „сучасных беларусаў з высокай доляй упэўненасці можна лічыць нашчадкамі мясцовага старажытнага насельніцтва» (тамсама).

Усё гэга разам з найноўшымі дасягненнямі іншых навук змушае калі не перагледзець звыклыя схемы этнагенезу беларусаў, то, прынамсі, значна ix скарэгаваць. Перадусім гэта тычыцца ролі міграцый (асабліва славянскай) у этнагетычным працэсе. У змястоўнай манаграфіі A. Мікуліча няма пэўных доказаў масавай славянскай міграцыі на тэрыторыю будучай Беларусі, затое, наадварот, шмат простых ды ўскосных сведчанняў аўтахтоннасці беларусаў. У гэткім святле дадатковае абгрунтаванне атрымліваюць словы аўтара з іншай працы: „Не адмаўляючы ролі міграцыі ў фармаванні лакальных асаблівасцяў насельніцтва, мы лічым, што станаўленне гістарычных карэляцыяў паміж гена-дэмаграфічнымі прыкметамі неабходна разглядаць як працэс эвалюцыйна-экалагічнай залежнасці чалавека на працягу ўсёй яго жыццядзейнасці на канкрэтнай тэрыторыі. Хутчэй за ўсё, толькі праз біясацыяльныя адаптацыі маглі сфармавацца антрапалагічны тып i генагеаграфія сучаснага насельніцтва Рэспублікі Беларусь i памежных з ёй тэрыторыяў»[17]. Гэта значыць, што насуперак агульнапрынятай міграцыянісцкай (масавая славянская міграцыя i асіміляцыя нешматлікіх аўтахтонаў-балтаў) мадэлі беларускага этнагенезу да праблемы паходжання беларусаў можна дапасаваць зусім іншую этнагенетычную сітуацыю: прыхадні складаюць меншыню, будучи пэўны час кіроўнай палітычнай сілай, яны перадаюць мясцоваму насельніцтву сваю мову i аказваюць пэўны ўплыў на яго культуру. Але шлюбныя кантакты з мясцовым насельніцтвам нязначныя, i ў выніку ўтвараецца народ, які практычна не адрозніваецца ад мясцовых продкаў, але які гутарыць на адрознай ад ix мове i мае новыя рысы культуры.

Маем спадзявацца, што новыя i арыгінальныя тэзы, сфармуляваныя тут A. Мікулічам, знойдуць сваё развіццё i далейшы працяг у наступных публікацыях, a аўтар усё ж зверне ўвагу на тыя пытанні i праблемы, якія аказаліся неразвязанымі або недастаткова прааналізаванымі ў гэтай кнізе.

Мінск

Аляксей Дзермашп


[1] Алексеев В.П. Историческая антропология и этногенез. Москва, 1989. С. 152.
[2] Санько С. Балцкая тэма // Druvis. 2005. № 1. С. 153; Дзермант А., Санько С. Этнагенез беларусаў: навука i ідэалогія // Arche. 2005. № 5. С. 233-253; Дзермант А, Санько С. Этнагенез беларусаў II: Яшчэ раз пра навуку i ідэалогію, або Куды вядзе «логіка здаровага розуму» // Arche. 2006. № 3. С. 185-203.
[3] Гравере Р. Западнобалтские одонтологические компоненты в соста­ве латышей // Vakarř baltai: etnogenezё ir etninё istorija. Vilnius, 1997.C. 297-302.
[4] Алексеева Т. Этногенез восточных славян по данным антропологии.Москва, 1973. С. 234, 242-243.
[5] Дерябин В.Е. Современные восточнославянские народы // Восточныеславяне: антропология и этническая история. Москва, 2002. С. 44-45.
[6] Беневоленская Ю. Расовый и микроэволюционный аспекты кранио­логии древнего населения Северо-восточной Европы // Балты, сла­вяне, прибалтийские финны: этногенетические процессы. Riga, 1990.С. 230-262.
[7] Дэй Дж. У пошуку нашых лінгвістычных продкаў. Няўлоўныя вытокііндаеўрапейцаў // Druvis. 2005. № 1. С. 135-144.
[8] Schmid W. P. Baltisch und Indogermanisch // Baltistica. T. XII (2). 1976. P. 115-122; Kilian L. Zum Ursprung der Indogermanen. Forschungen aus Linguistik, Prähistorie und Anthropologie. Bonn, 1983; Haudry J. Les Indo-Européens et le Grand Nord // Nouvelle Ecole. 1997. № 49. P. 119-125.
[9] Новиков В.Н. Проблема исторического выбора Беларуси в контексте духовно-философского наследия Центральной и Восточной Евро­пы // Духовное наследие народов Центральной и Восточной Европы в контексте современного межцивилизационного диалога. Материа­лы международной научной конференции, г. Минск, 17-18 ноября 2005 г. Минск, 2005. С. 15.
[10] Алексеева Т. Этногенез восточных славян по данным антропологии. С. 231.
[11] Денисова Р.Я. Антропологический состав восточных латышей и восточ­ных литовцев. Автореф. дисс. … канд. ист. наук. Москва, 1958. С. 9.
[12] Денисова ЕЯ. К истории формирования антропологического соста­ва восточных латышей и восточных литовцев // Latvijas PSR Zinâtňu Akadçmijas Vçstis. 1958. № 3. С. 17-23.
[13] Kasperavičiūtė D., Kučinskas V., Stoneking M. Y Chromosome andMitochondrial DNA Variation in Lithuanians // Annals of Human Genetics.Vol. 68. 2004. P. 438-452.
[14] Параўн.: Kasperavičiūtė D., Kučinskas V. Variability of the HumanMitochondrial DNA Control Region Sequences in the Lithuanian Population// Journal of Applied Genetics. 2002. Vol. 42. P. 255-260; Belyaeva O.Bermisheva M. Khrunin A. Slominsky P., et al. // Mitochondrial DNAVariations in Russian and Belorassian Populations. Human Biology. 2003.Vol. 75. №. 5. P. 647-660; Malyarchuk B.A, Derenko M.V. MitochondrialDNA Variability in Russians and Ukrainians: Implication to the Origin ofthe Eastern Slavs // Annals of Human Genetics. 2001. Vol. 65. P. 63-78.
[15] Rosser Z.H., Zerjal Т., Hurles M.E., Adojaan M., Alavantic D., et al. Y-Chromosomal Diversity in Europe is Clinal and Influenced Primarily byGeography, Rather than by Language // American Journal of HumanGenetetics. 2000, Vol. 67. P. 1526-1543.
[16] Sistonen P., Virtaranta-Knowles K., Denisova Г., Kučinskas V., et al.The LWb Blood Group as a Marker of Prehistoric Baltic Migrations andAdmixture // Human Heredity. Vol. 49. 1999. P. 154-158.
[17] Мікуліч А. Фармаванне генафонду беларускага этнасу на яго памежжах па звестках антрапалогіі i генагеаграфіі // Беларусіка=Аlbаrutheniса. Кн. 3. Мінск, 1994. С. 90.

Наверх

Тэгі: ,