БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Улашчык М. М. Кніга пра Янку Купалу


У 1982 г. у серыі «Жизнь замечательных людей» выйшла кніга А.А.Лойкі «Янка Купала» (Лойко Олег. Янка Купала. — Москва, 1982, 348 С., наклад 150 тыс. асобнікаў). Як вядома, у серыі ЖЗЛ друкуюцца біяграфіі выдатных людзей. Значыць, у гэтым выпадку мы маем жыццяпіс найбуйнейшага паэта Беларусі. Аднак у падзагалоўку арыгіналу гэтае самае кнігі (на беларускай мове), які выйшаў у Мінску асобным выданнем у 1984 г., сказана, што гэта раман-эсэ (Лойка Алег. Як агонь, як вада… Раман-эсэ пра Янку Купалу. — Мінск. 1984, 486 С, наклад 20 тыс. асобнікаў). Атрымліваецца, тая самая праца прадстаўленая чытачам у трох розных жанрах! Апроч таго, да перакладу даецца прадмова, да арыгіналу — не. Хутчэй за ўсё гэтак здарылася таму, што трэба было вытлумачыць, чаму ў серыі «Біяграфіі» змешчаны па сутнасці раман, тады як у арыгінале ёсць падзагаловак — «раман-эсэ», падобнага тлумачэння не вымагалася.

Аўтар прадмовы — І.П.Шамякін — адзначае «историческую достоверность (падкрэслена Шамякіным) гэтай працы і да таго ж не толькі там, дзе яна пацвярджаецца дакументамі, але і ў тых выпадках, дзе дакументаў няма, не было ці яны страчаныя, і аўтару сваёй фантазіяй, інтуіцыяй даследчыка, веданнем эпохі давялося дапоўніць гэтыя “белыя плямы”. Алег Лойка робіць гэта не шляхам “раманнага” вымыслу, але зноў жа на падставе дакументаў (падкрэслена Шамякіным) — вершаў, паэмаў, драмаў» (С.З). Прадмова, як бачым, робіць націск на тое, што прыведзеныя ў кнізе факты праўдзівыя нават у тым выпадку, калі аўтар, не маючы дакументаў, абапіраецца на ўласную інтуіцыю. Рызыкоўнае сцвярджэнне! Спасылаючыся на інтуіцыю, можна выказваць меркаванні, але не сцвярджаць.

«Веданне эпохі» павінна азначаць, што аўтар капітальна вывучыў літаратуру і крыніцы як пра эпоху, пра якую ён піша, гэтак і пра асобу паэта. Ці было так на самай справе? Чытанне кнігі Лойкі дае дастаткова падставаў сумнявацца.

Каб чытач быў упэўнены ў праўдзівасці прыведзеных звестак, у працы маюць рабіцца спасылкі на дакументы ці даследаванні, з дакладнай падачай прозвішча аўтара і назвы ягонай працы. Але ў кнізе Лойкі няма ніводнай падобнай спасылкі. У некаторых выпадках ён, што праўда, спасылаецца на мемуары, але аўтары іх (за выключэннем аднаго выпадку) не названыя. Больш за тое, колькі разоў Лойка называе аўтараў мемуараў, прозвішчы якіх ён сам прыдумаў (!), уводзячы такім чынам чытачоў у зман. Карыстаючыся мемуарамі Мядзёлкі (пра гэта ніжэй), аўтар прыводзіць паведамленні, якіх у мемуарах няма, у іншым жа выпадку прыводзіць звесткі з тых жа мемуараў, але падаючы крыніцы. Значыць, тут абсалютна пануе «раманны» вымысел, наконт праўдзівасці ж і мовы няма. Мы не збіраемся сцвярджаць, што ўсе звесткі ў Лойкавай працы маюць фантастычны характар, але ж зразумела, што нават пара наўмысных памылак ставіць пад сумненне каштоўнасць усяе кнігі.

Аб продках паэта, пра юнацкія гады самога Купалы Лойка паведамляе на падставе дакументаў, сабраных і выдадзеных Г.В.Кісялёвым, вельмі абазнаным і добрасумленным спецыялістам (Пуцявінамі Янкі Купалы. Дакументы і матэрыялы. Укладальнік Г.В.Кісялёў. — Мінск, 1981).

Менскі мяшчанін паводле пашпарту, Купала паходзіў са шляхты. У расійскай літаратуры здаўна пануе вельмі непрыхільнае ўяўленне пра шляхту, але нельга забывацца, што з дробнай ці збяднелай шляхты Беларусі выйшлі Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Адам Міцкевіч і нямала іншых выдатных дзеячоў.

Да сярэдзіны XVII ст. большасць беларускай шляхты прыняла «панскую» веру, г.зн. акаталічылася. Шляхціч-каталік, як, зрэшты і праваслаўны, лічыў сябе (незалежна ад маёмаснага стану) вышэй за «мужыкоў», г.зн. сялян; моваю літаратуры, а таксама «параднаю», перад усім у сумоўі з ксяндзом, была польская (моваю ж сямейных зносінаў тым не менш заставалася беларуская). Сам Купала не толькі перш навучыўся чытаць па-польску, але і першыя свае вершы пісаў на польскай мове (гэтага Лойка на адзначыў), аднак народная стыхія ўзяла верх. Пераход на «мужыцкую» мову і тое, што першы свой друкаваны верш Купала назваў «Мужык», сведчыць, якія забабоны давялося пераадолець маладому паэту.

У 1906 г. у Вільні пачала выходзіць беларуская газета «Наша доля», а пасля яе закрыцця — «Наша Ніва». Гэтая газета як у асабістым лёсе Купалы, гэтак і ў справе беларускага Адраджэння мела велізарнае значэнне. У 1908 г. Купала пераехаў у Вільню, дзе стаў адным з асноўных супрацоўнікаў газеты, адначасова працуючы ў прыватнай бібліятэцы Даніловіча.

На жаль, што з сябе ўяўляла Вільня пачатку стагоддзя, Лойка не сказаў па сутнасці нічога, а між тым гэта быў адзін з найкультурнейшых гарадоў Расійскай імперыі таго часу. Пазбаўлены універсітэту яшчэ ў 1832 г., ён заставаўся культурным асяродкам усяе Беларусі, Літвы і часткова Польшчы. Дастаткова сказаць, што ў 1913 г. у гэтым шматнацыянальным месце выходзіла каля паўсотні перыёдыкаў на шасці мовах (Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. — Вильна, 1914, С.55-161. У Лойкі сказана, што ў Вільні на той час выходзіла 20 газетаў — С.77).

Практычна нічога не сказаўшы пра Вільню, аўтар амаль зусім маўчыць таксама пра «Нашу Ніву». Ён не крануў ані тых, хто пісаў у газету, ані тых, хто чытаў яе. Вельмі глуха сказана пра матэрыяльнае становішча, пра склад рэдакцыі і інш. Уся ўвага аўтара засяроджана на трох беларускіх дзеячах таго часу — братох «Лацкевічах» і «Ласоўскім» (рэальна гэта Іван і Антон Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі). Ужо само па сабе скажэнне прозвішчаў гэтых людзей сведчыць пра рашучае імкненне аўтара любым чынам ачарніць іх. «Лацкевічы», паводле Лойкі, ня толькі дробныя палітыканы, але і нячыстыя на руку дзялкі. Старэйшы з іх стварыў у Вільні беларускі гістарычна-этнаграфічны музей, экспанаты для якога «вымантачваў» ці здабываў падманам, грошы ж на выданне «Нашай Нівы» здабываў «усемагчымымі шляхамі» (С.79). Аўтар не сказаў, што «Лацкевіч» здабываў сродкі для газеты, скажам, крадзяжом ці рабаўніцтвам, але калі сказана, што «ўсемагчымымі шляхамі», дык пра такое можна меркаваць (інтуітыўна). Іван Луцкевіч, якому дапамагалі многія з тагачасных дзеячоў культуры і працоўных Беларусі, у сапраўднасці стварыў унікальны музей, які перажыў усе войны і толькі потым быў знішчаны, і паказваць гэтую справу як нешта цьмянае, — значыць праяўляць чорную|Няўдзячнасць да чалавека, жыццё якога ёсць узорам служэння народу. Між іншага, той жа Лойка далей паведамляе, што «Лацкевіч» «адпісаў» свой музей грамадскасці, г.зн. свайму народу (С.213). Гэтае паведамленне ніяк «не стасуецца» з характарыстыкаю, дадзенаю стваральніку музея раней.

Гаворачы пра адносіны «Лацкевічаў» да Купалы, Лойка сцвярджае, што Купала быў у іх нібы парабкам (С.76), і ў той жа час кажа, што Купала меў гонар (С.75). Як у аўтара спалучаюцца гонар са становішчам парабка — незразумела.

Амаль нічога не сказаўшы пра накіраванасць газеты, пра яе значэнне ў справе развіцця беларускай культуры, аўтар цэлую старонку аддае друкаваным у газеце аб’явам. Гэтыя аб’явы былі такія, што адну з іх цнатлівы Лойка не наважыўся нават назваць (мабыць, у такім разе лепш было б пра яе і не згадваць). Аб’явы быццам прывялі да таго, што Купала парваў з рэдакцыяй і з’ехаў у Пецярбург, дзе і пражыў чатыры гады (С.80,81).

Тут адзначым, што пункт погляду Лойкі як на «Нашу Ніву», гэтак і на ейных кіраўнікоў працілеглы іхняй ацэнцы, дадзенай М.Горкім. Горкі рэкамендаваў «Нашу Ніву» сваім чытачам, сцвярджаючы, што гэтая газета скажа ім «шмат цікавага». Вельмі станоўча Горкі ацэньваў і працу «людзей, згрупаваных вакол газеты» (Ивашин В.В. Горький и белорусская литература начала XX в. — Минск, 1956, С.70). Відавочна, раней Горкі чытаў «Нашу Ніву» нерэгулярна, паколькі прасіў на 1910 г. «залічыць» яго падпішчыкам (тамсама). Можна быць упэўненым, што пісьменнік не зрабіў бы гэтага, калі б ён не быў задаволены зместам газеты. Дзіўным чынам Лойка нічога гэтага ня ведае.

Але і пункт погляду самога Лойкі ў далейшым аказваецца іншым. На С.213 ён піша, што ў 1913 г. «па-ранейшаму» (г.зн. як і раней — М.У.) газета адрасавалася шырокім сялянскім масам і народнай інтэлігенцыі, і па-ранейшаму яе забаранялася выпісваць чыноўнікам, настаўнікам-семінарыстам» і г.д. Як і раней яе цкаваў чарнасоценны друк.

Ацэнкі ў аўтара мяняюцца з гранічнай лёгкасцю і хуткасцю.

Пра «Ласоўскага» аўтар прыводзіць выказванне аднаго з «Лацкевічаў», выкарыстоўваючы для гэтага апублікаваныя звесткі, не называючы, аднак, свае крыніцы. Потым ужо ад сябе Лойка выкладае меркаванне адносна таго, хто быў сапраўдным бацькам жанчыны, яшчэ жывой, калі пісалася кніга. Як і належыць плётцы, аўтар перадае яе жаманна, цьмяна выслаўляецца (не адразу і ўцяміш, пра што ідзе гаворка). Падобная «інтуіцыя» дрэнна пахне, яна кранае гонар старой жанчыны, але Лойка лічыць згаданы сюжэт нагэтулькі важным, што звяртаецца да яго яшчэ некалькі разоў, часткова карыстаючы з мемуараў Мядзелкі, апублікаваных у 1974 г. (Мядзёлка Паўліна. Сцежкамі жыцця. — Мінск, 1974). Спасылаючыся на іх, Лойка піша, што Мядзёлка нагадвала Купалу пра яго сувязь з маці тае жанчыны. Аднак нічога падобнага ў мемуарах няма.

Асвятляючы перыяд ад ад’езду Купалы з Вільні ў 1915 г. і амаль за дзесяцігоддзе, Лойка кажа пра сямейнае жыццё паэта, але гэта пададзена ў нейкім рэпарцёрскім выглядзе, у той жа час такая падзея, як ушанаванне Купалы ва ўніверсітэце 18 сакавіка 1922 г., прапушчаная. Пачаўшы працаваць увосень 1921 г. у вельмі цяжкіх умовах, універсітэт ужо з канца таго ж года зарганізаваў шэраг публічных паседжанняў; на адным з такіх паседжанняў ушаноўвалі Купалу. Гэта было першае яго ўшанаванне на такім высокім узроўні, і яно выклікала шырокі розгалас (Труды БГУ, № 1. — Минск, 1922, С.214-215).

Самы змястоўны ў кнізе Лойкі раздзел дзесяты, асабліва параграф другі, прысвечаны падзеям 1930-х гадоў. Ён цікавы хаця б таму, што тут ёсць звесткі, якія не сустракаюцца амаль нідзе: пра дзейнасць самай змрочнай фігуры ў гісторыі новае беларускае літаратуры — Л.А.Бэндэ. На жаль, толькі паміж іншага тут згаданы самы адданы паслядоўнік Бэндэ — А.Кучар. Наогул, у 20-я гады маладыя пісьменнікі былі задзірлівыя і час ад часу выклікалі «старых» (якім ледзь мінула 40 год) на дыспуты. Але ўсё было зусім інакш, калі на сцэне з’явіўся Бэндэ, які стаў выносіць Купалу (ды ці толькі яму) абвінавачванні палітычнага характару.

На жаль, апроч сказанага вышэй, пра кнігу набралася і яшчэ колькі заўваг.

У сцэне, дзе малады Купала чытае вершы рабочым бровара, адзін са слухачоў, звяртаючыся да паэта, называе яго «Дамінікавіч» (С.36). Гэты «простанародны», чыста расійскі зварот у той час на Беларусі быў невядомы. У пачатку XX ст. з імем ды імем па бацьку на Беларусі звярталіся да сябе прадстаўнікі расійскае ды абруселае інтэлігенцыі, да Купалы ж работнік, калі хацеў выказаць яму павагу, звяртаўся б або «пане Луцэвіч», або, паколькі Купала быў малады, «пане Ясь».

Купала (у Лойкавай інтэрпрэтацыі) сказаў, што Тадэвуш Касцюшка ў праваслаўі зваўся Андрэй (С.188). Купала, ведаючы, што Касцюшка ад нараджэння быў каталіком, сказаць так ня мог.

Згодна з сцвярджэннем Лойкі, рэтраграды ў Інбелкульце хацелі замест «галёшаў» увесці слова «макраступы» (С.198). Тут зноўку ўсё наблытана, як той казаў, і ў часе і ў прасторы. Так хацеў зрабіць (у расійскай мове) адмірал Шышкоў (1754-1841).

Лойка сцвярджае, што на Беларусі імя «Янка» жаночае (С.105). У сапраўднасці ж і ў мужчын гэтае імя (як памяншальнае ад поўнага) звычайнае: Рыгор — Рыгорка, Міхась — Міхаська, Ян — Янка… Варта прачытаць хаця б «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» Сержпутоўскага, каб пераканацца ў гэтым.

Гаворачы пра падзеі першае сусветнае вайны, аўтар адзначае, што баі (у ліку іншых) адбываліся «на Галіччыне і пад Валынню» (С.158). У гэтым выпадку аўтар, відавочна, разумеў пад Валынню не абшар, а горад (С.215).

Аднак рэч, вядома, ня ў гэтых прыватных памылках і недакладнасцях, хаця й іх можна было пазбегчы. Купала быў вялікім паэтам і вялікім чалавекам, і таму, каб напісаць пра яго вартую кнігу, трэба валодаць (апрача іншага) вялізарнымі ведамі пра эпоху, пра самога паэта, пра ягоную творчасць. Усё гэта патрабуе працяглае ўпартае працы і добрасумленнасці. На кнізе ж ляжыць адбітак выпадковасці. Нешта ў яе ўключана, нешта прапушчана. Аўтар, напрыклад, не палічыў патрэбным адзначыць, што ў «Нашай Ніве» друкаваліся творы такіх пісьменнікаў, як Л.М.Талстой, А.П.Чэхаў, В.Р.Караленка, І.С.Тургенеў (Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. — Мінск, 1969. Т.2. С.248) і інш., затое ёсць пра аб’явы. Змаўчаў аўтар і пра тое месца ў А.Фадзеева, дзе сказана, што Купала «да рэвалюцыі ня мае сабе роўнага па крэўнай блізкасці да мужыка, узведзенага на ўзровень самае высокае паэзіі» (цыт. паводле: Березкин Г. Мир Купалы. — М., 1973. С.59).

Што тычыцца «Нашай Нівы», дык тут Лойка фактычна ігнаруе дасягненні беларускага савецкага літаратуразнаўства. Ягоныя адносіны да газэты ідуць уразрэз з ацэнкаю, дадзенаю ёй вучонымі, якія адмыслова займаліся даследаваннем гэтага пытання (гл. напр.: Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. — Мінск, 1971. С.201-233). А паколькі ў пацвярджэнне такой пазіцыі пераканаўчых аргументаў Лойка ня мае, ён бярэ на ўзбраенне метад вельмі сумнеўны: пакідаючы ўбаку сутнасць «Нашай Нівы», націскае на неістотныя моманты, якія ўзводзяцца ім у ранг ідэйна значных. Мяркуецца, відаць, што гэта самы пэўны спосаб скампраметаваць і само выданне, якое мела эпахальнае значэнне ў гісторыі беларускага народу, і яго стваральнікаў.

Кнізе Лойкі ўласцівая адсутнасць інтэлігентнага падыходу, разрахаванасць на мяшчанскі густ (дробязнасць, недагаворкі, карпаніна ў асабістым жыцці). Менавіта таму тут вельмі дарэчы прыйшоўся жанр эсэ, які дае прастору расплывістым, няпэўным характарыстыкам, дадумванню.

Маючы на ўвазе ўсё гэта, належыць з усёй пэўнасцю сказаць, што з часоў Бэндэ (змрочная постаць якога, дарэчы, добра паказаная ў кнізе) пра Купалу гэтак ніхто не пісаў. Спадзяваймася, што ў беларускай літаратуры на гэтым полі ў Лойкі ня знойдзецца больш паслядоўнікаў.

М.М.Улашчык,

доктар гістарычных навук

18.05.1985, г.Масква.

Наверх

Тэгі: