БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Улашчык М. М. Водгук на артыкул Я.Н.Мараша «З гісторыі класавай барацьбы ва ўладаннях каталіцкай царквы Беларусі сярэдзіны XVII — XVIII ст.»

Я.Н.Мараш з’яўляецца аўтарам шэрагу манаграфіяў і артыкулаў, з якіх усе прысвечаны дзейнасці каталіцкай царквы на Беларусі. Асаблівую увагу ён надае езуітам; тым жа займаюцца і яго вучні па Гарадзенскаму універсітэту.

Артыкул занадта падрабязны, у значнай ступені гэта звязана з тым, што ў ім пераказваюцца падзеі, вядомыя вельмі даўно (барацьба на Палессі ў 1648-49 г. і інш.). Першыя дзесяць старонак тычацца памераў уладанняў езуітаў; для гэтага было б дастаткова адной-дзвюх. Няма ніякай патрэбы пераконваць нашага чытача, што манахі не былі святымі, і што іх вельмі не любілі (С.8-10). Аўтар сцвярджае, што нянавісць народных масаў была накіраваная выключна супраць духавенства каталіцкага і вуніяцкага, з чаго вынікае (маўкліва), што праваслаўнае духавенства было добрым. Але казакі Налівайкі ў свой час спалілі Магілёў разам з праваслаўнымі цэрквамі. На С.20 сказана, што паўстанцы разграмілі ўладанні князя Чацвярцінскага, а ён жа быў праваслаўным. Наогул, карціна атрымалася б іншай, калі б Мараш скарыстаў манаграфію А.Н.Мальцава, самую лепшую працу пра вайну 1654-67 г. Нявыкарыстана яна, відаць, таму, што не супадае са схемаю Мараша.

У артыкуле дзеючыя асобы, якія займаюць значныя пасады (літоўскі стражнік Мірскі, пінскі войт Ельскі і інш.) паказаны як дзеячы польскія. Палякамі названы і Радзівілы, якія ў той час разарвалі вунію з Польшчаю і заключылі саюз з Швецыяй. Мараш выступае супраць тэорыі адзінага патоку беларускай нацыі, але адмаўленне існавання беларускіх феадалаў — гэта і ёсць тэорыя бяскласавасці нацыі. У артыкуле адсутнічае Вялікае Княства Літоўскае, а ёсць толькі Польшча. Ад гэтага даўно трэба адмовіцца.

Каштоўным у артыкуле з’яўляецца матэрыял аб уладаннях езуітаў і іншых ордэнаў (картэзіянцы ўсюды названы картузамі) і там, дзе гаворыцца пра рух у Мазырскім Палессі, але ў гэтым выпадку неабходна больш адцяніць значнасць манаграфіі А.П.Ігнаценкі.

М.Улашчык

23.Х.1984

Тэгі: