БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Сагановіч. Крыжаносцы і русіны: ад дактрыны да практыкі вайны з ВКЛ


Класічныя крыжовыя паходы, прызначэннем якіх было вяртанне захопленай мусульманамі Святой зямлі i абарона Хрыстовага Царства[1], яшчэ ў XII ст. у выніку дэфармавання ідэі справядлівай вайны сталі ператварацца ў наступальную барацьбу супраць няверных наогул, незалежна ад ix месцазнаходжання. Адно з першых абгрунтаванняў неабходнасці такой барацьбы супраць нехрысціян у самой Еўропе належыць клервоскаму абату Бернару (Bernard von Clairvaux), стараннямі якога быў падрыхтаваны i праведзены вядомы паход супраць палабскіх славянаў у 1147 г.[2]. У энцыкліцы папы Аўгена III (1145-1153) выправа рыцараў на Эльбу, як i іспанскі паход, былі ўпершыню патрактаваны як эквівалентныя крыжоваму паходу на Святую зямлю[3]. 3 ліста кракаўскага біскупа Мацвея да св. Бернара Клервоскага вядома, што духоўны бацька Ордэна тампліераў ужо тады цікавіўся магчымасцямі ажыццяўлення каталіцкай місіі на Русі[4]. 3 іншага боку, паўнапраўны ўдзел князёў i дружын Русі ў згаданым паходе (найверагодней валынскіх i гарадзенска-берасцейскіх)[5] сведчыў, што ў свядомасці грамадскіх эліт рас­кол на „лацінян» i „схізматыкаў» тады япгчэ не выяўляўся. Тэза пра варожасць хрысціян усходняга абраду лацінскаму хрысціянству патрабавала тэарэтычных абгрунтаванняў, зацірання розніцы паміж імі i язычнікамі. Заўважны крок у гэтым накірунку зрабіў абат Клюні Пётр Добрапрыстойны (Petrus Venerabilis von Cluny), які пасля няўдачы другога крыжовага паходу (1147-1149) кваліфікаваў вайну супраць „фальшывых», несапраўдных хрысціян як барацьбу больш важную, чым вайна з паганцамі, якія яшчэ не зведалі сапраўднай веры[6]. Аднак да самай значнай трансфармацыі ідэі крыжовай вайны дайшло ў пачатку XIII ст. у сувязі з умацаваннем папскай улады i падпарадкаваннем Канстанцінопаля крыжаносцамі (1204). Папу Інацэнту III (1198-1216), які да пачатку свайго пантыфікату быў юрыстам балоньскай школы, удалося развіць тэакратычную дактрыну папства i, ангажуючыся ў справы міжнароднай палітыкі, увасобіць яе ў практыку. Згодна з яго поглядамі, папу павінна належаць уся ўлада ў царкве, a паколькі гэтая ўлада мае духоўны характер, то яна найвышэйшая[7]. Зыходзячы з падобных пазіцый, папа Інацэнт IV (1243-1254) пайшоў далей: ён лічыў, што як намеснік Ісуса на зямлі рымскі папа валодае паўнатой улады i вышэйшым суверэнітэтам ува ўсіх сферах дзейнасці людзей. Так ужо ў першай палове XIII ст. з’явілася канцэпцыя, якая прыпісвала рымскай курыі права пратэктарату над імператарскай уладай i іншымі дзяржавамі, уключна з землямі схізматыкаў i паганцаў[8].

Шэраг юрыстаў i кананістаў падтрымлівалі гэтую тэакратычную дактрыну. Прыкладам, знаўца кананічнага пра­ва кардынал Гастэнзі (Hostiensis) (ён жа Генрых Сегузскі / Heinrich von Segusio), развіваючы ідэі св.Бернара i абата Пятра з Клюні, прапанаваў канцэпцыю крыжовага паходу, ніяк не звязанага з Ерусалімам i абаронай Святой Магілы. Калі справядлівай лічыцца вайна за Святую зямлю, — пісаў ён, дык з яшчэ большым правам такую вайну належыць весці супраць усялякіх „адшчапенцаў» за захаванне адзінства хрысціянства. Бо непаслухмяныя хрысціяне больш вінаватыя, чым паганцы: прыняўшы аднойчы веру, яны мусілі ў ёй заставацца. Значыць, паход супраць ix нават больш справядлівы, чым выправа ў Святую зямлю[9].

Вялікі тэолаг Тамаш Аквінскі (1225-1274), тлумачачы праблемы справядлівай вайны (bellum justum) у трактаце „Summa Theologiae», назваў такімі тыя войны, якія адпавядалі тром прынцыпам: былі санкцыяваныя легітымным уладаром, мелі справядлівую прычыну i вяліся з добрай мэтай[10]. Апраўдваючы такія войны, св. Тамаш выступаў супраць прымусовага хрышчэння паганцаў, калі тыя не рабіліся перашкодай пашырэнню хрысціянства[11]. Пры гэтым, аднак, дапускалася магчымасць насілля дзеля вяртання ў каталіцкую веру ерэтыкоў i тых, хто адышоў ад праўдзівай хрысціянскай веры, г.зн. схізматыкаў. З’яўляліся i яшчэ больш радыкальныя тэорыі, якія дапускалі магчымасць непасрэднага ўмяшання рымскай курыі ў жыццё паганцаў, або апраўдвалі парушэнне ўсялякіх правілаў i абавязанняў у адносінах з нявернымі[12], але найбольш уплывовымі аказаліся ідэі Інацэнта IV[13].

Дзякуючы тзакратычнай дактрьше папства згаданыя канцэпцыі сталі ідэалагічнай падставай правядзення крыжовых паходаў не супраць няверных на мусульманским Усходзе, а супраць паганцаў у Еўропе i нават супраць „фальшивых» хрысціян-ерэтыкоў i схізматыкаў. Сімптаматычна, што калі IV крыжовы паход у 1204 г. прывёў да незапланаванага падпарадкавання сталіцы Ўсходняй імперыі крыжаносцамі, папа Інацэнт III вітаў гэтую падзею, бачачы ў ёй факт умацавання ўсяго хрысціянства. 3 гэтага часу імкненне Рыма пашырыць лацінскі абрад i на ўсходнюю Царкву не ўтойвалася.

Падтрымка Інацэнтам III i яго паслядоўнікамі ўсялякай ініцыятывы місій i крыжовых паходаў на ўсходняе ўзбярэжжа Балтыкі прывяла да таго, што ў гзты рэгіён, засе­лены прыбалтыйскімі паганцамі i хрысціянамі ўсходняга абраду, сталі пераносіцца прынцыпы адносінаў хрысціянскай Еўропы да ісламскага свету, выпрацаваныя ў часы кры­жовых паходаў на Ўсход[14]. Экспансія каталіцкіх дзяржаў супраць паганцаў Прыбалтыкі не магла не прывесці да канфрантацыі з суседняй Руссю. Інтарэсы Інфлянцкага ордэна i Рыжскага біскупства сутыкнуліся тут з інтарзсамі Полацка, Пскова i Ноўгарада. Але вобраз такога ж ворага каталіцкай Еўропы, якім з’яўляліся паганцы, праваслаўным хрысціянам быў прыпісаны далека не адразу. У кожным выпадку, адносіць яго пашырэнне да XII ст., як гэга яшчэ нядаўна сцвярджалася ў некоторых працах[15], няма ніякіх падстаў[16].

Як даўно высветлена, сам пачатак каталіцкай місіі ў Усходняй Прыбалтыцы суправаджаўся дастаткова карэктным абыходжаннем з суседнімі княствамі Русі. Як толькі пасол брэменскага біскупа святар Майнард (Meinhard) y 1184 г. папрасіў дазволу полацкага князя на хрысціянізацыю ліваў у вусці Дзвіны, то атрымаў яго разам з полацкімі дарамі[17]. Пазней, нягледзячы на непрацяглыя канфлікты, i рыжскі біскуп Альберт, i полацкі князь Уладзімір імкнуліся захоўваць паміж сабой мірныя адносіны i развіваць гандаль. Асабліва характэрна, што, як засведчыла хроніка Генрыха Латыша, інфлянцкія рыцары тады яшчэ прызнавалі ў палачанах хрысціян[18].

Сама рымская курыя тады яіпчэ імкнулася да збліжэння. У 1215 г. папа Інацэнт III спрабаваў заклікаць епіскапаў Русі на IV Латэранскі сабор[19], але без поспеху. Пасля першага сутыкнення Русі з манголамі i бітвы на Калцы (1223) спробы знайсці паразуменне паміж хрысціянамі ўсходняга i заходняга абрадаў узнавіліся. Даследчыкам вядомыя дзве булы папы Ганорыя III, першая з якіх высылалася ў 1224 г. найверагодней у Ноўгарад, Пскоў, Полацк i Смаленск[20], а другая — у 1227 г. „каралям Русі»[21]. 3 тэксту другога паслання вынікае, што нейкія князі Русі ўжо выказалі згоду прыняць каталіцтва, i папа заклікаў ix трымаць мірз хрысціянамі ў Інфлянтах i Эстоніі, не перашкаджаючы пашырэнню там веры сярод паганцаў.

Упершыню „ворагамі царквы» русіны былі названы, відаць, у булах папы Грыгорыя IX у пачатку 1230-х г.[22], але гэтае азначэнне яшчэ не характарызавала паслядоўнай пазіцыі папства ў адносінах да славянскіх схізматыкаў. Наадварот, у канцы 1230-х гг. міжнародная палітычная сітуацыя вымусіла Рым актывізаваць адносіны з Руссю. Ваенны канфлікт паміж Швецыяй i Ноўгарадам Вялікім у канцы 1230-х — пачатку 1240-х г., кваліфікаваны ў савецкай гістарыяграфіі як „крыжовы паход супраць Русі»[23], у сучасных даследаваннях такім не лічыцца[24]. Экспансія Інфлянцкага ордэна i каталіцкіх дзяржаў, кіраваных рымскай курыяй, мела мэтай не сам Ноўгарад, а прывядзенне да веры паганцаў — фіна-вугорскія плямёны, што жылі на ўскрайках Ноўгарадскай зямлі.

Увага папскай курыі да Ўсходняй Еўропы i актыўнасць яе кантактаў з Руссю ўзраслі ў сувязі з мангольскім нашэсцем. Плануючы стварэнне антымангольскай кааліцыі[25], папа Інацэнт IV імкнуўся ўключыць у яе i княствы праваслаўнай Русі, якія, да таго ж, спадзяваўся схіліць да рэлігійнай канверсіі. Першым адносіны з папскай курыяй усталяваў галіцка-валынскі князь Даніла, які шукаў на Захадзе дапамогі супраць татараў. Ужо ў 1246 г. ён дэклараваў згоду на аб’яднанне з лацінскай царквой, дзякуючы чаму Альберт Зуербеер, прызначаны ў тым жа годзе папскім легатам на Русь, атрымаў даручэнне абвясціць там акт уніі[26]. Пра курс апостальскай сталіцы на збліжэнне з Руссю сведчылі i папскія пасланні Данілу Галіцкаму ды Аляксандру Неўскаму ў 1248 г.[27]. У 1253 г. у Драгічыне князь Даніла Галіцкі прыняў ад папскага легата каралеўскую карону[28]. Аднак i спадзевы Рыма на гэты саюз, i чаканні галіцкага князя не апраўдаліся.

Адразу пасля таго як праект уніі быў пахаваны, у другой палове 1250-х гг. з’явіліся папскія пасланні, у якіх русіны трактаваліся ўжо зусім не зычліва, а як „схізматыкі», што ўяўляюць небяспеку для хрысціян. Папа Аляксандр IV, які ў 1256 г. рыхтаваў крыжовы паход супраць прыбалтыйскіх паганцаў, на наступны год у булах да Казіміра Куяўскага, a таксама кракаўскага i лукаўскага епіскапаў зноў заклікаў да выправы супраць ix, толькі ў якасці аб’екта паходу назваў ужо не толькі яцвягаў i літоўцаў, але i схізматыкаў-русінаў[29]. З’яўленне гэтых пасланняў даследчыкі звязваюць з разрывам перамоў наконт уніі паміж Рымам i Нікеяй, а таксама ca скаргамі палякаў на спусташэнні з боку паганцаў i схізматыкаў[30].

Наступны выпадак стаўлення да Русі як да аб’екта крыжовага паходу хутчэй за ўсё быў звязаны з чарговым узрастаннем мангольской пагрозы для Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Так, папа Аляксандр IV, даведаўшыся пра агрэсіўныя планы хана Берке, у студзені 1258 г. санкцыянаваў падрыхтоўку паходу (які, праўда, не ажыццявіўся) „супраць татараў, a таксама ix памагатых i саюзнікаў»[31]. Пад апошнімі можна разумець залежныя ад Арды княствы Паўднёвай i Ўсходняй Русі[32]. Не выпадкова той жа папа ў буле ад 25 студзеня 1260 г., сцвярджаючы правы Тэўтонскага ордэна на землі Русі, гаварыў як пра падораныя ордэнскай дзяржаве землі, так i пра тыя, якія будуць адабраныя ў „нечасцівых татар»[33]. 3 іншага боку, плануючы прэвентыўны ўдар па мангольскай ардзе, у 1259 г. апостальская сталіца рэкамендавала Нямецкаму ордэну кааперавацца з суседзямі, пад якімі разумеліся i русіны[34]. Гэта значыць, у стаўленні да хрысціян усходняга абраду пазіцыя Рыма яшчэ не была адназначнай i шмат у чым вызначалася міжнароднай сітуацыяй.

Найбольш выразны прыклад успрымання русінаў як ворагаў каталіцкай царквы ўтрымлівае була папы Урба­на IV ад 4 чэрвеня 1264 г., накіраваная чэшскаму каралю Пржэмыслу II Оттакару, кандыдату на імператарскую карону. Паведамляючы, што „рускія схізматыкі і літоўцы», а таксама „іншыя няверныя» ў саюзе з татарамі нападаюць на Польшчу, папа заклікаў чэшскага караля абараніць ад ix палякаў, абяцаючы навечна перадаць занятыя землі русінаў і літоўцаў[35]. Да арганізацыі паходу супраць не толькі прусаў i літоўцаў, але i схізматыкаў-русінаў як народаў, што пагражаюць нямецкім i багемскім хрысціянам, у 1273 г. заклікаў папу аламоўцкі біскуп Бруна[36], алегэты заклік, як i шэраг папярэдніх, не выклікаў чаканай рэакцыі папы.

Такім чынам, хоць шмат фактаў сведчыць, што з другой паловы XIII ст. папская курыя раўняла праваслаўных з паганцам!, Русь усё ж не стала аб’ектам санкцыяванай Рымам i спланаванай вайсковай кампаніі, якую можна было б назваць крыжовым паходам. У Прыбалтыцы канфрантацыя паміж Русею, з аднаго боку, i каталіцкім светам у іпастасі Інфлянцкага ордэна і біскупстваў, з другога, прынамсі да сярэдзіны XIII ст. яшчэ не мела характеру канфесійнага супрацьстаяння[37]. Спецыяльныя даследаванні пераконваюць, што ў гэтым напружаным рэгіёне міжканфесійнае раздзяленне было не настолькі істотным, а мясцовыя інтарэсы аслаблялі глабальную канфрантацыю i спрыялі кааперацыі паміж лацінікамі i схізматыкамі[38].

Вызначаную Рымам дактрыну трактавання няверных ажыццяўляў на практыцы Нямецкі ордэн, або „Ордэн шпіталя найсвяцейшай дзевы Марыі ў Ерусаліме», які з 1234 па 1283 г. ажыццявіў гвалтоўнае хрышчэнне прусаў. Сгвораны ў 1198-1199 гг., пад час класічных крыжовых паходаў у Палестыну, ён i ў XIII-XIV ст. захоўваў ix дух, застаючыся ў вачах лацінскай Еўропы ўвасабленнем ідэі крыжовай вайны. Мэтай i адзіным апраўданнем яго існавання па-ранейшаму была ўзброеная барацьба з паганствам (Hedenkampf), прывядзенне няверных да Хрыстовай веры i абарона Царквы. Але калі ідэалагічная падаплёка i практи­ка вайны Нямецкага ордэна супраць паганцаў у Інфлянтах, a потым i супраць Літвы, стала прадметам многіх грунтоўных штудый[39], дык праблема стаўлення манаска-рыцарскай дзяржавы да праваслаўных хрысціян, якіх — згодна з яе ідэалогіяй — таксама належыла ахрысціць, застаецца маладаследаванай[40].

Адзін з падставовых прынцыпаў узаемаадносінаў каталіцкіх дзяржаў з „ворагамі Хрыста» прадугледжваў абмежаванне гандлю. Забарона блізкіх сувязяў з нявернымі i продажу ім тавараў, якія маглі б пашкодзіць ваеннай бяспецы, была ўведзена яшчэ пастановамі III Латэранскага сабора (1179), а каноны IV Латэранскага сабора (1215) паўтарылі ix, пагражаючы экскамунікацыяй за продаж няверным любых тавараў ваеннага прызначэння[41]. На I Ліёнскім саборы 1245 г. гэтыя палажэнні былі яшчэ больш развіты і ўмацаваны[42]. Што датычыць Усходняй Прыбалтыкі, то гісторыкам вядомы выпадкі, калі рымская курыя ў 1220-я гг. забараняла каталіцкім біскупствам гандаль з „варварамі». Напрыклад, у 1229 г. папа запатрабаваў ад рыжскага біскупа перапыніць гандаль з русінамі[43]. Але цяжка сказаць, наколькі гэтыя інструкцыі выконваліся. Як пераконваюць крыніцы, сам Ордэн не быў зацікаўлены ў гандлёвай блакадзе суседзяў. Пазней, у 1268 г. у адным з пасланняў з канцылярыі Інфлянцкага ордэна ўтрымліваўся заклік да купцоў Любе­ка спыніць гандаль з „ворагамі веры, з русінамі з Ноўгарада»[44]. З’яўленне гэтага дакумента магло быць звязана з маштабным ваенным канфліктам Ноўгарада Вялікага з Інфлянтамі ў 1268-1270 г., пад час якога адбылася i буйная бітва пад Ракаворам[45].

На практыцы ў адносінах з суседзямі Нямецкі ордэн кіраваўся ўласнымі інтарэсамі. Калі карысць ад гандлю штурхала рыцарскую дзяржаву ісці на кааперацыю з „нявернымі» ў эканамічнай сферы, Ордэн не адмаўляўся ад яе. У спецыяльным даследаванні ўжо адзначалася, што паганскія народы ўзбярэжжа Балтыкі былі для Ордэна адначасова i ворагамі, i эканамічнымі партнёрамі[46]. Toe caмае можна сказаць i адносна схізматыкаў (хоць у 1350-я гг. гандаль Рыгі з Руссю жорстка асуджаўся папамі Клемен­там VI ды Інацэнтам VI)[47]. Эканамічныя сувязі Інфлянтаў з Ноўгарадам Вялікім былі настолькі важнымі для ix, што не дазвалялі весці працяглую вайну[48]. Дакладна так, а можа яшчэ i ў большай ступені ўзаемавыгадны гандаль на Дзвіне ў XIII ст. стрымліваў ваенныя канфлікты паміж Рыгай i Полацкам[49], дзе, як i ў Ноўгарадзе, з’явілася ганзейская факторыя[50]. Сам Полацк тады, як i Пскоў[51], арыентаваўся на мірныя адносіны з Ордэнам[52].

У крыніцах XIII ст. вельмі мала сведчанняў аб адносінах рыцараў да Полацкай зямлі, якая непасрэдна межавала з валоданнямі Інфлянцкага ордэна. Характэрна, аднак, што пры адсутнасці любых сведчанняў аб сур’ёзных ваенных канфліктах захавалася інфармацыя пра часы ix збліжэння i дастаткова цеснай кааперацыі. Псторыкам вядомы мірны дагавор, заключаны 28 снежня 1264 г. паміж Полацкам i Віцебскам, з аднаго боку, i Рыгай ды Інфлянцкім ордэ­нам, з другога[53]. У гэтым дакуменце, які пацвярджае факт даравання Ордэну зямлі нейкім полацкім князем Канстанцінам[54], палачане i віцябляне абяцаюць „…не въступатися на тую землю, што князь Костянтинъ дал шестерю съ своею братьею», a магістр i браты-рыцары за гэта павінны „…отступити с всею правдою» ад Полацкай зямлі. Набыццё Ордэнам ЗЯМЛІ ад Канстанціна полацкага пацвердзіла і була папы Урбана IV ад 20 жніўня 1264 г.[55]. Як дабрадзей нямецкіх рыцараў полацкі князь Канстанцін згадваўся ў дакументах Нямецкага ордэна яшчэ ў XIV ст.[56].

У крыніцах пачатку XIV ст. утрымліваецца цікавая інфармацыя пра часы нядоўгатрывалага, але напэўна самага цеснага збліжэння Полацка з Рыгай i Інфлянцкім ордэнам. У прыватнасці, у ix гаворыцца, што „Полацкае каралеўства» (Regnum Polochense) было перададзена рыжскаму арцыбіскупству, у Полацку існавала лацінская кафедра i распаўсюджвалася каталіцкая вера, але рыцары Ордэна замоцна прыгняталі палачан i ў выніку страцілі Полацк на карысць паганых літоўцаў[57]. Усё гэта магло адбыцца ў другой палове XIII ст. Што да больш дакладнага вызначэння часу i абставінаў згаданых падзей, то пры выяўленым на сёння корпусе крыніц гэта пакуль не ўяўляецца магчымым.

Пачаўшы ў 1283 г. вайну з паганай Літвой, Тэўтонскі ордэн на практыцы ваяваў i з праваслаўнымі хрысціянамі — русінамі ВКЛ. Ордэнскія храністы адрознівалі русінаў ад няхрышчаных літоўцаў[58], але адносілі ix да няверных — як паганцаў i ерэтыкоў, з якімі належала весці вайну. Праводзячы ў XIV ст. сістэматычныя рэйды на тэрыторыю ВКЛ, Ордэн спасылаўся на прывілей рымскага папы, які дазволіў яму прывесці да хрысціянства як Літву, так i Русь[59]. Гэты асаблівы прывілей, быццам выдадзены папам тэўтонскім рыцарам на сілавую хрысціянізацыю „русінаў i паганцаў»(Russin und heydin), згадваўся i праз стагоддзе ў ордэнскай храністыцы[60].

У рэальным жыцці, аднак, у адносінах з русінамі Ордэн неаднаразова адступаў ад дактрыны крыжовай вайны ды, як i Рыжскае біскупства, дазваляў сабе збліжэнне i нават каапераванне са схізматыкамі. 3 многіх прыкладаў „супрацы» ордэнскай улады з „нявернымі», адным з першых сярод якіх можна лічыць антыпрускі саюз тэўтонаў з Данілам Галіцкім (1254)[61], дастаткова прывесці некалькі. У канцы 1323 г. вендэнскі комтур Раймар Ганэ (Reimar Hane) разам з некалькімі іншымі саноўнікамі ад імя Інфлянцкага ордэна заключыў з Ноўгарадам Вялікім перамір’е, якое прадугледжвала супольную барацьбу з Літвой i Псковам[62]. Планавалася, у прыватнасці, што яны разам выступяць супраць Пскова, каб разарваць яго саюз з ВКЛ i ваенным шляхам прымусіць пскавічоў падпарадкавацца Ноўгараду Вялікаму. Ноўгарадцы адразу ж арыштавалі ладдзі рыжан, што на­несла істотную шкоду эканамічным інтарэсам Рыгі — гандлёвага канкурэнта Ордэна ў Балтыйскім рэгіёне. Такім шляхам Ордэн, закліканы абараняць хрысціян, апынуўся ў саюзе са „схізматыкамі», скіраваным супраць лацінскіх хрысціян. I сапраўды, як падкрэслівалася ў гістарыяграфіі, інфлянцка-ноўгарадскі альянс рэальна пашкодзіў больш каталіцкім саюзнікам Гедыміна[63], чым самой Літве.

Прэцэдэнты прыкрытага кааперавання з нявернымі падавала i сама рымская курыя. Пасля таго як польскі карольУладыслаў Лакетак заключыў з Гедымінам перамір’е (1325), замацаванае шлюбам яго сына Казіміра з дачкою вялікага князя літоўскага Альдонай[64], a Ордэн пайшоў на збліжэнне з Галіцка-Валынскай Русею, у 1326 г. — пад час перамір’я Ордэна з ВКЛ — дзякуючы фактычнай санкцыі папы Яна XXII адбыўся вядомы супольны паход кантынгентаў Лакетка i Гедыміна на Брандэнбургію. 3 боку ВКЛ у ім удзельнічаў аддзел з 1200 вершнікаў на чале з гарадзенскім старастам Давыдам, пад харугвай якога былі i русіны. Гэтая падзея выклікала ў Еўропе хвалю абурэнняў у адрас як Польшчы, так i рымскага папы[65]. У хроніках гаварылася, што гэта „па радзе i з дазволу папы»[66] Лакетак прывёў войска паганцаў на пусташэнне хрысціянскай зямлі, a тэўтонскім рыцарам па ўказанні таго ж Яна XXII давялося прапусціць яго[67], i да т.п. Гэты прыклад паказвае, што i сама рымская курыя, якая вызначала прынцыпы стаўлення да паганцаў i ўсіх няверных як да ворагаў, пры аказіі магла выкарыстоўваць ix у сваіх вузкіх інтарэсах.

Прагматызм ордэнскай дыпламатыі ў адносінах да схізматыкаў асабліва выразна ілюструецца першым дагаворам аб перамір’і на 10 гадоў, заключаным у Троках у 1379 г. паміж вялікім магістрам Ордэна Вінрыхам фон Кніпродэ (Winrich von Kniprode), з аднаго боку, i Кейстутам з Ягайлам, з другога[68]. Прапанова літоўскіх князёў ахапіць перамір’ем усё ВКЛ не магла быць прынята нямецкімі рыцарамі, таму што гэта супярэчыла б дактрыне крыжовай вайны, якая патрабавала весці з нявернымі пастаяннуювайну. У выніку перамір’е стала саступкай Ордэна Літве i ахапіла толькі землі з галоўным чынам праваслаўным насельніцтвам — русінамі: раёны Ваўкавыска, Суража, Драгічына, Мельніка, Бельска, Берасця, Камянца i Горадні, г. зн. вотчыну Кейстута[69]. Уключыўшы ў абсяг дзеяння дагавора землі ВКЛ, населения русінамі, Ордэн гэтым разам выступіў фактычна ў ролі пратэктара „схізматыкаў» (Ruthenos scismaticos).

Пасля Крэўскай уніі 1385 г. i хрышчэння Літвы, якое пазбавіла Нямецкі ордэн легітымацыі на далейшае існаванне ў Прусіі i Інфлянтах, дыпламатыя рыцарскай дзяржавы ўхапілася за больш актыўную прапаганду сваёй місіі абароны хрысціянства ад няверных — i ад паганцаў, якімі па-ранейшаму лічыліся літоўцы, i ад русінаў-схізматыкаў[70]. Пэўныя падставы для гэтага заставаліся: большасць падданых пад уладай князя-каталіка Вітаўта спавядала праваслаўе, якое не прызнавала прымату Рыма. Факт прыналежнасці праваслаўных да ВКЛ выкарыстоўваўся Мальбаркам як для абвінавачванняў у фальшывасці хрысціянізацыі самой Літвы, так i для дыскрэдытацыі Польскага Каралеўства: маўляў, мець такога саюзніка — справа прынамсі непрыстойная для прававерных хрысціян. Падтрымка „паганай Літвы i схізматыцкай Русі» як шкодная i небяспечная для Ордэна i ўсяго хрысціянства фігуравала ў якасці найбольш частага абвінавачвання з боку вялікага магістра ў адрас поль­скага караля ў 1400-1403 г.[71]. Віленская унія 1401 г., што ўмацавала дзяржаўную повязь ВКЛ з Польскім Каралеўствам, характарызавалася як небяспечная ўжо таму, што ахапляла i „ерэтыкоў» — жамойтаў i русінаў[72]. Гэтаксама ў скаргах Ордэна на рыжскага арцыбіскупа i дэрпцкага біскупа, кіраваных у рымскую курыю ў 1392-1395 г., у віну ім ставілася сувязь з „русінамі-схізматыкамі i нявернымі літоўцамі»[73].

У той жа час ордэнскае кіраўніцва само ўваходзіла ў самыя цесныя адносіны са схізматыкамі ВКЛ. Калі пасля заключэння Крэўскай уніі полацкі князь Андрэй Альгердавіч перадаў Полацкую зямлю ў вечнае валоданне інфлянцкаму магістру[74], Ордэн узяў яго пад сваю апеку i абарону[75]. У выніку ў 1386 г. ордэнскі кантынгент падтрымаў ваенны выступ „схізматыкаў» князя Андрэя Полацкага i смаленскага князя Святаслава супраць Ягайлы ў Беларусі[76]. Пазней, у 1402 г., падтрымліваючы князя Свідрыгайлу, які выступіў супраць Вітаўта, Ордэн зрабіў стаўку на мяцеж у праваслаўным Смаленску[77]. Пазіцыя Мальбарка змянілася толькі пасля ультиматума з Рыма[78]. Такія дзеянні не маглі не нашкодзіць рэпутацыі Ордэна, i менавіта пра ix гаварыў Ягайла ў сваім маніфесце[79], высланым перад пачаткам Вялікай вайны з Ордэнам (1409-1411) усім манархам i князям лацінскай Еўропы з мэтай падарваць ix давер да рыцарскай дзяржавы.

У дыпламатычным супрацьстаянні з Ягайлам i Вітаўтам перад генеральным сутыкненнем Нямецкі ордэн таксама выкарыстоўваў факт прысутнасці Русі ў ix дзяржаве як важны аргумент кампраментацыі непрыяцеля ў вачах каталіцкай Еўропы. 3 Мальбарка да еўрапейскіх манархаў i да рымскага папы разыходзіліся пасланні, у якіх польскі кароль абвінавачваўся ў аб’яднанні з русінамі i нават з маскоўскім князем[80]. Вялікі магістр сцвярджаў, што калі польскі ка­роль падтрымлівае паганцаў у Літве i дапамагае схізматыкам-русінам (scismatici Rutheni), то вайна рыцараў супраць Ягайлы i Вітаўта цалкам справядлівая i законная. Падобным чынам сам Жыгімонт Люксембургскі матываваў заключэнне ў Будзе саюза з Нямецкім ордэнам супраць Польшчы 20 снежня 1409 г.: маўляў, ён падтрымае Ордэн таму, што кароль польскі заклікаў сабе ў падмогу „няверных», сярод якіх не толькі няверныя літоўцы i татары, але i русіны (,,…іп-fideles Lithuanos, Ruthenos, Thartaros vel alios quoscunque scismaticos…»)[81].

Пасля Грунвальдскай бітвы як ордэнская дыпламатыя, так i пратэктар Ордэна кароль Жыгімонт Люксембургскі выкарыстоўвалі ў прапагандзе яшчэ больш радыкальныя лозунгі часоў барацьбы з паганскімі плямёнамі. У ix маніфестах i пасланнях да еўрапейскіх манархаў сцвярджалася, у прыватнасці, што на грунвальдскім полі рыцары Хрыста былі разбітыя несапраўднымі хрысціянамі — ворагамі крыжа i веры, да якіх залічваліся i русіны[82]. I пасля Торуньскага міру 1411 г. праваслаўныя русіны фігуравалі ў адной сувязі з варожымі для Ордэна „нехрысцямі i паганцамі», што дапамагаюць палякам i літоўцам (Rewssen, Tatern und andern uncristen und heidenischen)[83].

Нарэшце, у 1430-х г., пасля двух стагоддзяў узброенай барацьбы супраць няверных у Прыбалтыцы, Нямецкі ордэн змяніў форму выканання сваей місіі і паспрабаваў прывесці схізматыкаў ВКЛ да рымскага абраду шляхам уніі[84]. Ордэнскія дыпламаты зачасцілі ў Полацк i Віцебск — самае гняздо праваслаўя, прадстаўляючы інтарэсы русінаў з лагера Свідрыгайлы ў Базелі i Рыме[85]. Аднак, падтрымаўшы Свідрыгайлу ў грамадзянскай вайне, якая раскалола ВКЛ i ў якую ўключылася Польскае Каралеўства, Ордэн фактычна выступіў за праваслаўную Русь Літоўскую, чым у чарговы раз асудзіў сябе на жорсткую крытыку з боку каталікоў[86] i ў выніку канчаткова прайграў.

Такім чынам, закліканы абараняць лацінскую царкву i няспынна ваяваць з „ворагамі Хрыста», Нямецкі ордэн на практыцы часта выкарыстоўваў аргумент веры для дасягнення ўласных палітычных мэтаў. Працягваючы вайну з русінамі ВКЛ як з ворагамі Хрыстовай веры, ордэнскае кіраўніцтва неаднаразова трактавала праваслаўную Русь дастаткова інструментарна, у адпаведнасці з канкрэтнымі інтарэсамі сваёй палітыкі, а не дактрыны святой вайны з нявернымі.


[1] Гл.: Beumann H. Kreuzzugsgedanke und Ostpolitik im hochen Mittelalter // Heidenmission und Krezzugsgedanke in der deutschen Ostpolitik des Mittelalters. Hrsg. von H. Beumann. Darmstadt 1963. S. 143-145; Гл. таксама: Mayer H. E. Geschichte der Kreuzzüge. Stuttgart, 1965. S. 263.
[2] Кампетэнтны агляд гістарыяграфіі гэтага паходу гл. у: Gładysz M. Zapomniani krzyżowcy. Polska wobec ruchu krucjatowego w ХІІ-ХІII w. Warszawa, 2002. S. 70-91. Гл. таксама: Kahl H. — D. Zum Ergebnis des Wendenkreuzzugs von 1147 // Heidenmission und Kreuzzugsgedanke in der deutschen Ostpolitik des Mittelalters. S. 279-285.
[3] History in Dispute. Vol. 10: The Crusades 1095-1291. Ed. by M. T. Abate. St. James Press, 2003. R 270. Christiansen E. The Northern Crusades. London, 1997. P. 50-59.
[4] Kürbis В. Cystersi w kulturze polskiego średniowiecza // Historia i kultu­ra cystersów w dawnej Polsce i ich europejskie związki. Red. J.Strzelczyk. Poznań 1987. S.324-326; Щавелева Н.И. Послание епископа краковско­го Матвея Бернарду Клервоскому об „обращении» русских // Древ­нейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования 1975 г. Москва, 1976. С. 113-121.
[5] Gładysz M. Zapomniani krzyżowcy. S. 92; Сагановіч Г. Русь у палітыцы крыжовых паходаў ХII-ХIII cт. // Украïна в Центрально-Східній Еропі. Киïв, 2003. С. 72.
[6] Hehl E.-D. Was ist eigentlich ein Kreuzzug? // Historische Zeitschrift.Bd. 259 (1994). Hf. 2. S. 324.
[7] Hageneder H. Das päpstlicher Recht der Fürstenabsetzung (1150-1250) //Archivum Historiae Pontificiae. Vol.l (1963). S. 53-95; Housley N. TheLater Crusades, 1274-1580. From Lyons to Alcazaг. Oxford UniversityPress 1992. P. 237.
[8] Potkowski E. Papiestwo a państwa europiejskie (XIII-XV w.) // Katolicyzm średniowieczny. Red. Józef Kelleг. Warszawa 1977. S.44-45f.
[9] Hehl E.-D. Was ist eigentlich ein Kreuzzug? S.325; Riley-Smith J. Kreuz­züge // Lexikon des Mittelalters. Bd.V. 1991.S.1508.
[10] Hertz A. Die thomasische Lehre vom bellum justum als ethischer Kompro­miβ // Die Wahrnehmung und Darstellung von Kriegen im Mittelalter undin der Frühen Neuzet. Hg. von H.Branneг. Wiesbaden, 2000. S. 27-29.
[11] Падрабязней гл.: Beestermуller G. Thomas von Aquin und der gerechterKrieg im theologischen Kontext der Summa Theologiae. Köln, 1990.
[12] Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodnie] XIV-XV w. Warsza­wa 1968. S.153.
[13] Riley-Smith J. The Crusades. A History. 2th ed. Yale University Press2005. P.183.
[14] Winowski L. Stosunek średniowiecznej Europy do obcych-inowierców// Prawo kanoniczne. Г.IV. Warszawa 1961. S.651.
[15] Winter E. Russland und das Papstum. Bd.l. Von der Christianisierung biszu den Anfängen der Aufklärung. Berlin 1960. S.61f.; Peltz W. Krzyżowcyw Europie północno-wschodniej // Rycerstwo Europy Środkowo-Wschódnie] wobec idei krucjat. Zelona Góra 2002. S.125.
[16] Падрабязней пра гэта гл. у: Флоря Б. Н. У истоков религиозногораскола славянского мира (XIII в.). С.-Петербург, 2004.
[17] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Введение, перевод икомментарии С.А.Аннинского. Москва — Ленинград, 1938. С. 59. Гл.таксама: Сагановіч Г. Полацк i нямецкая калонія на Дзвіне (паводлехронікі Генрыха Латыша) // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5 (1998).Сш.1. С. 3-26.
[18] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. С. 102, 114, 115. Пар.: Сагановіч Г. Русіны ў вачах заходніх хрысціян XIII-XIV ст. // Псторыя iархеалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 2003. С. 230.
[19] Флоря Б. Н. У истоков религиозного раскола славянского мира (XIII в.).С.-Петербург, 2004. С. 86-88.
[20] Liv-, Est- und Curländisches Urkundenbuch (далей — LUB). Hrsg.v. F.G.v.Bunge. Bd. 1. Riga. № 66; Матузова В. И., Назарова Е. Л.Крестоносцы и Русь. Конец XII — 1270 г. Тексты, перевод, комментарии.Москва, 2002. С. 216-217; Donner G. A. Kardinal Wilhelm von Sabina,Bischof von Modena 1222-1234. Helsingfors 1929. S. 103.
[21] LUB. Bd.l. №95; Матузова В. И., Назарова Е. Л. Крестоносцы и Русь.С. 219-220.
[22] LUB. Bd. 1. №121, 128; Vetera monumenta Poloniae et Lfflmaniae. Ed.Augustino Theineг. T. 1 (1217-1409). Romae 1860. Nг. 46.
[23] У традыцыі савецкай гістарыяграфіі канфлікты Швецыі з Ноўгарадам называйся „крыжовымі паходамі на Русь», a перамогі АляксандраНеўскага ў 1240 i 1242 г. абвяшчаліся ix крахам. Гл.: Пашуто В. Т.О политике папской курии на Руси (XIII в.) // Вопросы истории.1949. № 5. С. 52-76; Idem. Внешняя политика Древней Руси. Москва -Ленинград, 1968. С. 227-259, 290-301. У польскай гістарыяграфііпадобны падыход гл. у: Peltz W. Krzyżowcy w Europie północno-wschodniej // Rycerstwo Europy Środkowo-Wschуdniej wobec idei krucjat. Zelona Góra 2002. S. 123-129.
[24] Шаскольский И. П. Борьба Руси против крестоносной агрессии наберегах Балтики в XII-XIII вв. Ленинград, 1978. С. 147-153; Флоря Б. Н.У истоков религиозного раскола славянского мира. С. 148-149.
[25] Umiński J. Niebezpieczeństwo tatarskie w połowie XIII w. a papież In­nocenty IV // Rozprawy historyczne Towarzystwa Naukowego Warsza­wskiego. T.I. Z.4 (9). Warszawa 1921-22. S.42f.
[26] Preussisches Urkundenbuch (далей — PUB). Bd.l. H.2. Hrsg. v. A.Seraphim.Königsberg 1909. № 185. Гл. таксама: Большакова С. Папские посланиягалицкому князю как исторический источник // Древнейшиегосударства на территории СССР. Материалы и исследования, 1975.Москва, 1976. С. 122-129.
[27] Матузова В.И., Назарова Е.Л. Крестоносцы и Русь. Конец XII в. -1270 г. Тексты, перевод, комментарий. Москва, 2002. С. 262-270.
[28] Ипатьевская летопись / ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1998. С. 826-827; ІсаевічЯ. Галицько-Волинська держава. Львів, 1999. С. 21.
[29] PUB. Bd.l. H. 2. Königsberg 1909. Nг. 1, 3, 7.
[30] Флоря Б.Н. У истоков религиозного раскола славянского мира (XIII в.).С. 179-180.
[31] PUB. Bd. 1. H. 2. Königsberg 1909. Nг. 59.
[32] Такую здагадку ўжо выказвалі даследчыкі. Гл.: Gładysz M. Zapomni­ani krzyżowcy. Polska wobec ruchu krucjatowego w ХІІ-ХІП w. Warsza­wa 2002. S. 303.
[33] LUB. Bd. 1. №345. S. 440-441.
[34] См.: Samowsky J. The Teutonic Order confronts Mongols and Turks //The Military Orders. Fighting for the Faith and Caring for the Sick. Ed.by M.Barbeг. Varium 1994. S. 256.
[35] Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae. Ed. A.Theineг. T.I (1217-1409).Romae 1860. Nг. 222. S. 166-167; PUB. Bd.l. H. 2. Nг. 222. S. 166-167.
[36] Regesta Diplomatica nee non epistolaria Bohemiae et Moraviae. P.II. V.3.Pragae 1883. Nг. 845; Jakštas J. Das Baltikum in der Kreuzzugsbewegung des XIV Jh. Die Nachrichten Philipps de Mezieres über die baltischen Ge­biete // Commentationes Balticae. Bd.WVII (1959). Hf. 3. S. 5.
[37] Летным аргументам на карысць гэтага можна лічыць удзел кантынгенту пскавічоў (ці ноўгарадцаў?) у паходзе інфлянцкіх рыцараў на Літву ў 1236 г. Як сцвярджае ноўгарадскі летапіс, „плесковици от себе послаша (рыцарам — Г.С.) помощь мужь 200″. Гл.: Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Ред. А. Носов. Москва -Ленинград, 1950. С. 285; Livlāndische Reimchronik. Hrsg. von Leo Meyeг. Padeborn 1876. №1889; Dubonis A. Du šimtai pskoviečių Saulės mūšyje (1236) (Dėl naugardo I metraščio žinutės) // Lituanistica. Vilnius 1990. Nг.l. P. 13-23
[38] Selart A. Confessional Conflict and Political Cooperation: Livonia and Rus­sia in the 13th Century // Crusade and Conversion on the Baltic Frontier,1150-1500. Ed. by A.V. Murray. Ashgate 2001. P.150; Хёш Э. Восточнаяполитика Немецкого ордена в XIII в. // Князь Александр Невскийи его эпоха. Исследования и материалы. Под ред. Ю. Бегунова иА. Кирпичникова. С.-Петербург, 1995. С. 69, 70, 72.
[39] 3 вялізнай гістарыяграфіі пытання вылучу асноўныя сучасныя працыкласічнага характеру: Christiansen E. The Northern Crusades. London1997; Boockmann H. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Ge­schichte. München, 1994. S. 151-180; Gudavičius E. Kryžiaus karai Pabal­tijyje ir Lietuva XIII amž. Vilnius 1989; Rowell S. C. Lithuania ascending:A pagan empire within east-central Europe: 1295-1345. Cambridge 1994;Ekdahl S. Die Christianisierung Litauens als Dilemma des Deutschen Or­dens // Lietuvos krikščionėjimas Vidurio Europos kontekste. Vilnius,2005. P. 189-205.
[40] Напрыклад, разглядаючы вайну ca схізматыкамі, Э.Хрысціянсанабмежаваўся Ноўгарадскай зямлёй. Гл.: Christiansen E. The Northern Crusades. P.132-137.
[41] Mažeika Г. Of cabbages and knights: trade and trade treaties with theinfidel on the nothern frontier, 1200-1390 // Journal of Medieval His­tory. V.20 (1994). P.66
[42] Падобныя прынцыпы ўтрымліваліся i ў пастановах многіх сінодаўу наступныя гады. Згодна з пастановамі сінода ў Прэсбургу (1309),каталікам указвалася не толькі ніякім чынам не дапамагаць няверным,але i забаранялася выдаваць сваячак замуж за „ерэтыкоў, схізматыкаў,русінаў, балгар, літоўцаў» (Гл.: Grabski A. F. Polska w opiniach EuropyZachodniej XIV-XV w. Warszawa 1968. S. 152).
[43] Шаскольский И. П. Борьба Руси против крестоносной агрессии наберегах Балтики. С. 149-150.
[44] LUB. Bd.l. №408. См.: Флоря Б.Н. У истоков религиозного расколаславянского мира. С. 185-186.
[45] Новгородская первая летопись. С. 85-87f.
[46] Mažeika Г. Of cabbages and knights: trade and trade treaties with the in­fidel on the nothern frontieг. E 65, 70-76.
[47] Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae. Ed. A. Theineг. T. 1.Nг.700, 765.
[48] Christiansen E. The Northern Crusades. London 1997. P. 136.
[49] Goetz L.K. Deutsch-Russische Handelsgeschichte des Mittelalters. Lübeck1922. S. 447-472; Dircks В. Russisch-livländische Beziehungen in derzweiten Hälfte des 13. Jhs. // Jahrbuch des baltischen Deutschtums.Bd.33 (1986). S. 25-34.
[50] Гильдебранд Г. Немецкая контора в Полоцке // Сборник материалови статей по истории Прибалтийского края. Т.2. Рига, 1879. С. 44-80.
[51] Белецкий С. В., Сатырева Д. Н. Псков и Орден в первой трети XIII в. //Князь Александр Невский и его эпоха. Исследования и материалы.Под ред. Ю. К. Бегунова и А. Н. Кирпичникова. С.-Петербург, 1995.С. 81-85.
[52] Гл.: Hellmann M. Das Lettenland im Mittelalteг. Münster — Köln, 1954.S. 155-190; Сагановіч Г. Полацк i нямецкая калонія на Дзвіне (паводлехронікі Генрыха Латыша) // БГА. Т.5 (1998). Сш. 1. С 3-26.
[53] Russische-Livländische Urkunden. Hrsg. v. С. Е. Napiersky. S-Petersburg1868. №25. S. 13; LUB. Bd.6. № 3036; Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. Сост. А. Н. Хорошкевич. Вып. 1. Москва, 1977. №1. С. 35-36.
[54] Пра загадкавага полацкага князя гл.: Selart A. Fürst Konstantin von Polock und die Geschichte Livlands im dritten Viertel des 13. Jhs. // For­schungen zur baltischen Geschichte. Bd.l. Tartu 2006. S.29-44. Пар. па-беларуску: Сэларт A. Полацкі князь Канстанцін i гісторыя Інфлянтаў у трэцяй чвэрці XIII ст. // БГА. Т.ХІ (2004). С 3-25.
[55] LUB. Bd.l. Nг.380. S. 484.
[56] Die Statuten des Deutschen Ordens nach den ältesten Handschriften. Hg.v. M.Perlbach. Halle 1890. S. 132.
[57] LUB. Bd.2. Riga 1854. Nг.63O. S. 50; PUB. Bd. H/1. Nг.13; Seraphim A. DasZeugenverhцr des Franciscuc de Moliano (1312). Quellen zur Geschichtedes Deutschen Ordens. Königsberg 1912. S. 200, 202f.; Жлугка A. Ліст папыКлімента V 1310 г. аб становішчы ў Лівоніі i ў суседніх краінах у другойпалове XIII — пачатку XIV ст. // Беларускі археаграфічны штогоднік.Вып.7. Мінск, 2006. С 162. Гл. таксама: Długosz J. Roczniki czyli Kronika sławnego królewstwa Polskiego. Ks.9. Warszawa 1975. S. 96.
[58] Саганович Г. «Русь» в прусских хрониках XIV-XV вв. // Славяне иих соседи. Вып.ГХ. Средние века — Раннее новое время. Славяне инемцы. Москва, 1999. С. 100-105.
[59] Магчыма, мелася на ўвазе пасланне папы Аляксандра IV магістру ібратам Ордэна ў 1260 г. (гл. спас. 33).
[60] Кантынуатар хронікі Посільге пад 1407 г. паведамляе, што Ордэнатрымаў ад папы прывілей „Littowin czu betwingen czu dem geloubindie Russin und heydin die den landen gelegin werin czu twingen». Гл.: Scriptores rerum Prassicaram (далей — SRP). Bd.III. Hrsg. von E.Strehlke. Leipzig 1863. S.288. Пар.: Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens an der Kurie. Bd.2. Peter von Wormditt (1403-1419). Bearb. von H.Koeppen. Göttingen 1960. №31. S. 90.
[61] Гл.: Матузова В., Назарова Е. Крестоносцы и Русь. С. 364-368.
[62] LUB. Bd.2. №618; Грамоты Великого Новгорода и Пскова. Изд.С. Н. Валк. Москва — Ленинград, 1949. №37. С. 65-67.
[63] Prochaska A. Stosunki Krzyżaków z Giedymiem i Łokietkiem // Kwar­talnik Historyczny. Г.X (1896J.S.28 — 30; Rowell S. C Lithuania ascend­ing: A pagan empire within east-central Europe: 1295-1345. Cambridge1994. P. 238.
[64] Zajączkowski S. Przymierze polsko-litewskie 1325 г. // Kwartalnik Histo­ryczny. XL (1926). S. 567-617.
[65] Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodniej XIV-XV w. Warszawa1968. S. 156-165; Rowell S. C. Lithuania ascending: A pagan empire withineast-central Europe: 1295-1345. Cambridge 1994. P. 235.
[66] Henrici de Hervordia Liber de rebus memorabilibus. Ed. A.Potthast. Gottingae 1859. S. 211.
[67] Працяг хронікі Посільге, гл.: SRP. Bd.3. S. 307-308.
[68] Codex diplomaticus Lithuaniae (далей — CDL). Ed. E.Raczyński. Vratislaviae 1845. S. 53-55; Codex diplomaticus Prussicus (далей — CDP). Bd.3.№134; Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376-1430 (далей — CEV). Wyd. AProchaska. Cracoviae 1882. №1.
[69] CDL. S. 53-55. Пар.: Prochaska A. Upadek Kiejstuta // Kwartalnik History­czny. Г.XXIII (1909). S.494f.; Kučinskas A. Kęstutis. Lietuvių tautos gynėjas.Vilnius 1988. P 149.
[70] Militzer K. Aspekte aus den Beziehungen des Deutschen Ordens zum pol­nischen Adel // Etos rycerski w Europie Środkowej i Wschodniej. Zelona Góra 1997. S. 83.
[71] CDP. Bd.5. Königsberg 1857. Nг. 122, 135; Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodniej XIV-XV w. S. 221-223.
[72] CDP. Bd.6. Königsberg 1861. Nг.113. ІнаКанстанцкім саборыўвінуЯгайлуордэнскае прадстаўніцгва ставіла тое, што яго саюзнікі — жамойты iрусіны (Somefi et Rutheni). Гл.: Boockmann H. Johannes Falkenberg, derDeutsche Orden und die pohlische Politik. Göttingen 1975. S. 324.
[73] Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens an der Ku­rie. Bd.l. Die Geschichte der Generalprokuratoren von den Anfängen bis1403. Beaib. von K.Forstreuteг. Göttingen 1961. №210, 240, 24lf.
[74] CDP. Bd.4. №33; LUB. Bd.3. №1226, 1227.
[75] LUB. Bd.3. №1226, 1227.
[76] SRP. Bd.3. S.145;. Długosz J. Roczniki czyli Kronika sławnego królewstwa Polskiego. Ks.10. Warszawa 1981. S.206
[77] Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Kraków 1915. S.53-55.
[78] Goyski M. Wzajemne stosunki Polski, Litwy i Zakonu w latach 1399-1404.Studium historyczne. Kraków 1906. S.52.
[79] Гл.: CEV. №426. S.194-195f.
[80] CEV. Appendix. №4; SRP. Bd.3. S.244.
[81] Lites ас Res Gestae inter Polonos Ordinemque Craciferorum. Ed. I.Zakrzewski. Т.П. Poznan 1892. №53; Пар.: Nowak Z. Polityka północna Zyg­munta Luksemburskiego do г. 1411. Toruń 1964. S. 96-97.
[82] Grabski A. F. Polska w opiniach Europy Zachodniej XJV-XV w. S. 238-239.
[83] Гл. пасланне вялікага магістра ордэнскаму пракуратару ад 28 чэрвеня1414 г.: Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens ander Kurie. Bd.2. Peter von Wormditt (1403-1419). Bearb. von H.Koeppen.Göttingen, 1960.
[84] Forstreuter K. Der Deutsche Orden und die Kirchenunion während des Basler Konzils // Annuarium Historiae Conciliorum. Jg.l (1969). S. 121f.
[85] Dombrowski L. Die Beziehungen des Deutschen Ordens zum BaselerKonzil. Berlin, 1913. S. 102 ff.
[86] Тыповы для польскай гістарыяграфіі прыклад агульнага асуджэнняНямецкага ордэна за збліжэнне са Свідрыгайлам бачым у А.Лявіцкага,які не прамінаў падкрэсліць, што ў вышку падступнай палітыкі нямецкіярыцары ў саюзе са „схізматыкамі» ваявалі супраць хрысціянскагаманарха Ягайлы. Гл.: Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Kraków 1915. S.85f.

Наверх

Тэгі: ,