Улашчык М. М. Водгук на кнігу Э.М.Загарульскага «Узнікненне Мінска» пры абароне аўтарам доктарскай дысертацыі ў МДУ (10.IV.1984).
Праца грунтоўная. Напісана ў асноўным на матэрыялах, здабытых у выніку раскопак самім аўтарам. Напісана добраю моваю. Без сумнення, яе аўтар заслугоўвае ступень доктара.
Разам з тым, у шэрагу месцаў яна выклікае сумненні або пытанні. Аўтар называе раку, што працякае ў Мінску (дакладней, ручай), пра якую згадвае і «Слова пра паход Ігараў», то Нямігай, то Нямізай. Але ж гэты ручай у назоўным склоне толькі «Няміга», «Няміза» ж у давальным («Нямізе») толькі ў старажытнарускай або сучаснай беларускай.
Але ў Беларусі, у басейне Прыпяці, ёсць яшчэ адна Няміга, пра якую аўтар не згадаў наогул.
Аўтар пераканаўча даказвае, што гарадзішча ў Строчыцах узнікла ў той час, калі Менск ужо існаваў, і такім чынам меркаванне, што першапачаткова Менск быў утвораны на беразе ракі Менкі, адпадае. Строчыцы знаходзяцца ад Мінска на адлегласці каля 10 км. У такім выпадку паўстае пытанне: дзеля чаго там была створана моцная (для свайго, зразумела, часу) крэпасць?
Рака Пціч, недалёка ад якой створана Строчыцкае гарадзішча, упадае ў Прыпяць, г.зн. належыць да Чарнаморскага басейна. Свіслач, на якой стаіць Менск, упадае ў Бярэзіну, г.зн. таксама належыць да Чарнаморскага басейна. Аднак, калі плысці ў Кіеў, то Свіслаччу шлях скарочваецца, відаць, больш чым на сотню кіламетраў. Таму размяшчэнне на Свіслачы больш выгоднае, чым на Пцічы. Строчыцкае гарадзішча магчыма было ўтворана для аховы волака. Проста на поўдзень ад Строчыц, на адлегласці 4-5 км, каля вёскі Шпількі пачынаецца рака Жэсць, якая ніжэй завецца Уздзянкаю. Прыкладна за паўтары кіламетра ад яе вытокаў, у сучаснай вёсцы Віцкаўшчына сто гадоў таму працаваў вадзяны млын (зараз, у выніку дзейнасці меліяратараў, гэта брудная прамая канава). Значыць, сто гадоў таму гэта была рачулка, у якой пастаянна цякла вада. Тысячу гадоў таму гэтая рачулка (трэба думаць) была нашмат больш паўнаводнаю. Уздзянка ўпадае ў Нёман, па-іншаму кажучы, гэта рака Балтыйскага басейну. Таму магчыма, што паміж Жэсцю і Пціччу існаваў волак. Каля вёскі Грычына, што стаіць на беразе Жэсці, знаходзіцца курган, нават у наш час вышынёю больш за тры метры. На ўсход ад яго ў лінію стаяць яшчэ два такія курганы. У наваколлі ёсць нямала курганоў, але гэта дрыгавіцкія, сягаючыя амаль што метра ў вышыню. Да сённяшняга часу ніводзін з вялікіх курганоў не раскопваўся, і можна чакаць, што яго знясуць экскаватарам, як гэта робіцца ў Дзяржынску (былым Койданаве), дзе спярша ўзарвалі замак, які стаяў на гарадзішчы, а цяпер зносяць само гарадзішча.
Раскопкі Менскага дзяцінца далі багатыя вынікі, і прадугледжвалася, што над раскопкамі будзе зроблены дах, г.зн. утворыцца музей. Але атрымалася наадварот: раскопкі засыпалі, залілі асфальтам і зрабілі над гістарычным ядром горада аўтобусны прыпынак. У друку неяк з’явілася абвестка, што раскопкі адновяцца, і што нават будзе насыпаны вал, і Мінскае замчышча прыме такі выгляд, які яно мела ў XII ст. Пакуль што ніякіх намёкаў на тое, што аўтобусная станцыя будзе куды-небудзь пасунута, няма.
Дадамо яшчэ, што Банцараўскае гарадзішча, якое атрымала шырокую вядомасць у літаратуры і знаходзіцца зараз амаль на ўскрайку Мінска, страчана для археолагаў: адзін з віцэ-міністраў пабудаваў на ім лецішча, якое перайшло да фізкультурнікаў, і доступ туды археолагам закрыты.
Празмерна бесцырымонна абыходзяцца ў Беларусі са сваімі помнікамі мінулага. Дакументы аб ахове цытуюцца, а помнікі нішчацца.
М.Улашчык
5 красавіка 1984 г.