Улашчык М. М. Што ня зроблена
Была задума напісаць чатыры выпускі пра публікацыю крыніц па гісторыі Беларусі. Выканана: У 1973 г. выйшлі «Очерки по археографии». У канцы 1982 г. здаў у выдавецтва «Введение в изучение белорусско-литовского летописания». Выйшла ў 1985 г. У трэці выпуск павінны ўвайсці мемуары. Гэтую тэму распачаў, але, бясспрэчна, ня скончу. Пакуль перачытаў і зрабіў нататкі з успамінаў Храпавіцкага, Маскевіча, Абуховічаў, Вайніловіча, Матушэвіча. У Кракаве перачытаў, але не зрабіў ніякіх запісаў, «Паментнікі» Корвін-Мілеўскага. Яшчэ перад вайною ў мяне былі ўспаміны паляка пра вайну 1812 г., калі ён быў на Беларусі (ці толькі праходзіў праз яе), тое ж і нямецкага афіцэра. Гэты матэрыял (пра 1812 г.) пэўна бязмежны. Вялізная колькасць успамінаў пра паўстанне 1831 г., у большасці выдадзеных у Пуацье. Пра 1863 г. на Беларусі бачыў мала. Павінна быць значная колькасць. Спецыяльна не займаўся, але павінна быць надта многа пра 1917-1920 г. Калі ня браць усяе тэмы, якую ўсё роўна не ахопіш, то варта было б выбраць Вайніловіча, Корвін-Мілеўскага, Ваньковіча (Шчанячыя гады) і Касакоўскага (сем томаў памятнікаў Касакоўскага знаходзяцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук у Варшаве). Варта дадаць яшчэ Пілсудскага і каго-небудзь з блізкіх да яго людзей. Была б вострая і цікавая кніга на 8—10 аркушаў. У чацьвёрты выпуск думаў даць агляд юрыдычных матэрыялаў, пачынаючы з Статуту Казіміра (Судзебніка), пасля ўсе тры Статуты, соймавыя канстытуцыі, Валюміна легум, ПСЗ I, II, III. Асобна том законаў для 9 губерняў, прыгатаваны Даніловічам. У агульнай форме даць агляд, карыстаючыся даведнікам Рубінштэйна, пра заканадаўства рускага ўраду адносна «Западных губерняў».
Насельніцтва Беларусі за сто гадоў: 1795-1897.
Узяць матэрыялы пра Віленшчыну і Гарадзеншчыну з «Предпосылок» і такім самым метадам напісаць пра 1795-1858 г., затым коратка, па справаздачах губернатараў і «Памятных кніжках» паказаць рух да 90-х г. Скарыстаўшы матэрыялы перапісу 1897 г. даць капітальны агляд насельніцтва на канец XIX ст.: нацыянальны склад, па ўзросту, пісьменнасць, заняткі, горад і вёска, і наогул усё, пра што ёсць дадзеныя ў перапісе.
Польскае Віленскае таварыства прыяцеляў навук.
Збіраў усё, што мае дачыненне да гэтай тэмы. Сабраў шмат чаго, але да поўнага далёка. Ёсць: «Рочнікі» з 1905 г., амаль поўны камплект «Атэнэума Віленьскага», друкаваныя справаздачы. Не стае манаграфій, выдадзеных Таварыствам, у прыватнасці «Студый» Лаўмянскага, яшчэ больш шкада, што толькі бачыў у 1946 г. выданне «Ку чці пана Юзафа Пілсудскага». У Вільні запрасілі ў той час фантастычную цану: 500 руб., па сённяшняму — 5 руб., але і таго не было. Спадзяваўся, што пабагацею і куплю, але калі пабагацеў, то знайсці ня мог. Адзначыць разнастайнасць і багацце зместу «Атэнэума», а разам і пазіцыі аўтараў, якія амаль не змяніліся з канца XIX ст. Адзначыць вельмі поўную і дакладную бібліяграфію ў «Атэнэуме».
Надзвычай вострая і цікавая тэма — віленскі друк (газэты за 1905-1914 г.). Баючыся перакрочыць граніцу, беларускія аўтары пішуць толькі пра тыя выданні, якія выходзілі на сучаснай Беларусі. У выніку недзе застаецца ня толькі «Наша Ніва», але і ўсё, што даваў тагачасны віленскі друк пра Беларусь.
Ваяводы.
Усіх ваяводстваў у Беларусі з сярэдзіны XVI ст. было шэсць: Берасцейскае, Наваградскае, Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Менскае, а яшчэ Горадзенскі павет ды частка Віленскага. Значыцца, ваяводы былі на працягу больш, чым 200 гадоў. Зразумела, за гэты час яны мяняліся ня толькі персанальна, але і па звычаях, па асвеце, нават па адзенні і г.д. Некаторыя з іх пакінулі ўспаміны рознага зместу і рознай вартасці (гл. Мальдзіса). Вядомы зараз успаміны віцебскага ваяводы Храпавіцкага, менскага Завішы, берасцейскага кашталяна Матушэвіча. У музеях Польшчы ёсць партрэты ваяводаў, пэўна ёсць і апублікаваныя. Асобная тэма — працяг пра ваявод: расійскія губернатары. Некаторыя з іх увайшлі ўжо ў гісторыю (Курлоў, Сямёнаў), пра другіх варта было б ведаць.
Духоўныя семінарыі.
Пасля 1905 г. (дакладна зараз не памятаю) у друку выступаў інспектар Мінскай семінарыі Скрынчанка, які папярэджваў грамадскасць, што вось выйшла з друку «Жалейка», і таму можа вырасці свой Шэўчэнка. Пакуль магчыма, — гэта трэба стлуміць.
Вуніяцкае духавенства (вясковае) дало Даніловіча, Анацэвіча, Ачапоўскага, Ярашэвіча і іншых больш дробных. Каго дало праваслаўнае? Чаму вучылі ў семінарыях, хто там выкладаў, хто там вучыўся, што сабою ўяўлялі праваслаўныя папы? У пачатку XX ст. заможныя сяляне (якіх я ведаў) аддавалі сваіх сыноў у духоўныя вучылішчы і семінарыі, спадзяючыся, што ў гэтых хлопцаў жыццё будзе лёгкае, што іх будуць шанаваць, але найбольш (пэўна) было з духоўных. Уражанне, што з праваслаўных папоў ня выйшла нават адзінак, якія б спрабавалі нешта зрабіць для народа. Гэта цемрашалы, найперш русіфікатары.