БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Улашчык М. М. Заўвагі (вельмі кароткія) на рукапіс «Белоруссия в XIII — середине XVI в.»

Гэтую кнігу пачалі пісаць каля дваццаці гадоў таму. Абмяркоўвалася яна толькі ў Інстытуце гісторыі СССР два (а можа і тры) разы, яе чытала неверагодная колькасць рэцэнзентаў, яна доўгі час знаходзілася ў выдавецтве, дзе калі яе не забракавалі цалкам, дык запатрабавалі чарговай працяглай дапрацоўкі. На працягу гэтых дзесяцігоддзяў некаторыя члены аўтарскага калектыву сышлі, іншыя з’явіліся (цяпер у калектыве налічваецца 10 чалавек). Калі памножыць колькасць аўтараў на колькасць затрачанага на стварэнне кнігі часу, дык атрымаюцца астранамічныя лічбы, а кошт кожнай старонкі будзе вымярацца сотнямі рублёў. Гэта для нас празмерна дорага.

У тым варыянце, які знаходзіцца ў выдавецтве «Навука і тэхніка», у гістарыяграфічным раздзеле сказана, што У.І.Пічэта быў аўтарам адной брашуры (акурат той, ад якой Пічэта адхрышчваўся), Доўнар-Запольскі таксама аўтар адной брашуры. Гэта ня толькі невуцтва, але па-просту хуліганства, якое ідзе пад грыфам Акадэміі навук. Цяпер гэты раздзел вельмі заўважна пашыраны, у прыватнасці за кошт агляду прац эмігрантаў-нацыяналістаў. Гэта слушна, але справа ў тым, што на такія ж тэмы пішуць і літоўскія нацыяналісты (у Чыкага, Таронта і інш.), прычым таксама, канешне, не з марксісцкіх пазіцыяў. Падкрэсліванне памылак аднаго боку пры замоўчванні другога пераконвае, што эмігранцкая літоўская літаратура адлюстроўвае ўсё ў духу, які цалкам задавальняе аўтараў «Белоруссии». У такім выпадку пра гэта неабходна сказаць з поўнай шчырасцю.

Гістарыяграфія пачынаецца з прац Устралава, пры гэтым апушчана яго адзіная спецыяльная праца, якая тычыцца ВКЛ: «Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать Великое Княжество Литовское». Дадамо, што гэты родапачынальнік беларускай гістарыяграфіі (на меркаванне аўтараў «Белоруссии») быў сябрам Фадзея Булгарына і паклоннікам графа Уварава з ягонай тэорыяй «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Беларусаў Устралаў ніколі не ўважаў за народ і, натуральна, лічыў, што ў іх ніякай гісторыі ніколі не было.

На якіх умовах беларускія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ (па дамове або сілаю), — аўтары неяк іранічна адгукаюцца пра прыхільнікаў гэтых тэорый, не прапанаваўшы, аднак, ніякай сваёй (бяспечней). Аўтары сцвярджаюць, што сяляне з Беларусі беглі толькі ў Расію (датуецца дакумент 1492 г., калі паміж феадаламі і сялянамі Беларусі розніцы ні ў мове, ні ў рэлігіі не было). Уцёкі сялян за мяжу (у той час у значнай ступені ўмоўную) адбываліся ўсюды і заўсёды, таму што за мяжой яны нейкі час вызваляліся ад павіннасцяў. Праз пэўны час тыя ж сяляне нярэдка вярталіся на былую радзіму, але ў іншае месца і там зноў такі былі на ільготным становішчы. Але з Беларусі больш за ўсё ўцякалі на Украіну, што цалкам натуральна, таму што па рачных шляхах гэта было рабіць прасцей за ўсё, ды і ўцёкшы чалавек [там] станавіўся вольным казакам (згодна з гіпотэзай Любаўскага, украінскае казацтва наогул утварылі ўцекачы з Беларусі).

Увогуле ж, усе меркаванні, усе спасылкі на крыніцы патрабуюць праверкі. Гэта праца не навуковая, а прымітыўна прапагандысцкая, у якой праваслаўны бог (вера) з’яўляецца асноўным рухавіком гістарычнага працэсу.

Кожная старонка рукапісу выклікае раздражненне сваім фальшам.

М.Улашчык

3 студзеня 1986 г.

Тэгі: