БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Улашчык М. М. Заўвагі на некаторыя раздзелы рукапісу «Белоруссия в XIII — середине XVI в.»


Назва.[1] Акрамя таго, што няясная, яна не адпавядае зместу, таму што матэрыял фактычна выкладаецца да 1569 г., гэта значыць да Люблінскай вуніі. Што тычыцца пачатковай даты, то аўтары яўна мерыліся выкласці гісторыю Беларусі з моманту яе ўключэння ў склад Вялікага Княства Літоўскага, аднак ні пачатковая, ні канечная дата не агавораны, і засталіся проста стагоддзі. Але гістарычныя падзеі не разрэзваюцца механічна на кавалкі; для выдзялення пэўнага часу патрэбна адпаведная матывацыя.

Прадмова. Вельмі кароткая і цалкам прысвечаная самаўсхваленню: «Праца з’яўляецца першаю, прысвечанаю ўсебаковаму вывучэнню Беларусі» (С.1).«Упершыню ў савецкай гістарыяграфіі падрабязна раскрыты дзяржаўна-прававы стан беларускіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім» (С.1). Гэтыя выказванні супярэчлівыя і, у кожным разе, незразумелыя: ці гэта азначае, што дзяржаўна-прававое становішча беларускіх зямель з’яўляецца часткаю ўсеабдымнага вывучэння гісторыі Беларусі наогул, або гэта галоўная тэма працы?

Калі казаць пра Беларусь ХІV-ХVІ ст., дык трэба адразу тлумачыць, што для чатырнаццатага стагоддзя выраз «Белая Русь» выкарыстоўваўся ў дачыненні да розных мясцовасцяў, але да сучаснай Беларусі надта рэдка і, напрыклад, па некаторых крыніцах Іван Каліта быў князем «бела-рускім». У самым канцы раздзела аўтар даў грунтоўны агляд крыніц, у якіх згадвалася Беларусь. Мне ўяўляецца цалкам неабходным даць у прадмове кароткае тлумачэнне, як называліся ў мінулым тэрыторыі сучаснай Беларусі і яе народ. Мае назіранні зводзяцца да таго, што выраз «Белая Русь» у пачатковы перыяд, г.зн. вельмі рэдка, выкарыстоўваўся толькі да Полацкага Падзвіння, затым з цягам часу гэтая назва распаўсюджвалася шырэй і шырэй, і ахапляла ўсё Беларускае Падзвінне, затым і Падняпроўе, і толькі ў XX ст., ды й то далёка не ва ўсіх, яна атрымала сучаснае прызнанне.

Але значка часцей за «Беларусь» ужываўся выраз «Русь», прычым пад гэтым разумелася ўся тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, якая была заселеная славянскім элементам, у асноўным беларусамі і ўкраінцамі. «Рускаю» называлася праваслаўная вера, у працілегласць да «польскай», г. зн.каталіцкай. Рускае насельніцтва і Расія наогул у крыніцах ВКЛ звычайна называліся «Масквой». Гэты выраз выкарыстоўваўся як да горада Масквы, так і да дзяржавы ў цэлым, да расійскага войска, да асобных аддзелаў, і нават да асобнага расійскага чалавека. Што тычыцца расійскіх крыніц, то яны, як правіла, усіх жыхароў ВКЛ, як і саму дзяржаву, называлі Літвою, не бачачы ў гэтых адносінах розніцы паміж асобамі рознай рэлігіі і нацыянальнасці. Таму ў свой час «Літвою» былі і Смаленск, і Вязьма.

Гістарыяграфія. У літаратуры выраз «Беларусь» у дачыненні да ўсёй сучаснай тэрыторыі БССР стаў выкарыстоўвацца толькі пасля рэвалюцыі, ды й то далёка не ўсімі, у той час як уся Віленская і Гарадзенская губерні (а час ад часу і Мінская) адносіліся да Літвы. Да таго ж дваранская і буржуазная гістарыяграфія лічылі, нібыта ў народаў, якія ня мелі сваёй дзяржаўнасці, не было і гісторыі. Пры такім стане пісаць гісторыю Беларусі, здавалася ім, не было падстаў. Вынікам гэтага стала тое, што да рэвалюцыі прац, прысвечаных непасрэдна гісторыі Беларусі (г.зн. названых «Псторыя Беларусі»), налічвалася толькі дзве: Турчыновіча і Ластоўскага. Зразумела, што Беларусь вывучалася і да рэвалюцыі, але ўсё, што пра яе пісалі, уяўлялася не як гісторыя беларускага народу, а як неаддымная частка гісторыі ВКЛ. Таму звычайна гістарыяграфія Беларусі вывучаецца як частка гістарыяграфіі ВКЛ. Гэтаксама зрабіў і аўтар рэцэнзаванай працы, які узяў сабе за ўзор адпаведны раздзел «Образования Литовского государства» У.Ц.Пашуты.

Як і ў Пашуты, у «Историографии» — спачатку выкладзены пункты погляду дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў, затым (да 1939 г.) польскіх, потым савецкіх і сучасных польскіх і, у рэшце рэшт, нацыяналістычных беларускіх ды літоўскіх.

Такім чынам, «Историография» пачынаецца з працы М.Устралава, сябра Ф.Булгарына, паклонніка Уварава ды ягонай тэорыі самадзяржаў’я, праваслаўя і рускай народнасці, у якога беларусы і ўкраінцы разумеліся як частка рускага народа, не маючая ніякіх правоў ні на ўласную гісторыю, ні сваю культуру. Чаму ў такім выпадку ён стаў родапачынальнікам беларускай гістарыяграфіі? (Між іншага, у «Историографии» апушчана другая праца Устралава (невялікая брашура), спецыяльна прысвечаная характару ВКЛ: «Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать Великое Княжество Литовское»). Значна болей правоў на першынства належыць Т.Нарбуту, аўтару дзесяцітомнай «Древней истории литовского народа» (аб ім гл. ніжэй).

Магчыма як першаму, Устралаву ў «Историографии» адведзена амаль столькі ж месца, колькі М.В.Доўнар-Запольскаму і У.І.Пічэце разам, што трэба лічыць цалкам ненатуральным.

Услед за Устралавым ідзе М.Каяловіч. У асвятленні аўтара яны быццам раўназначныя, але на самай справе розніца паміж імі вельмі вялікая хаця б таму, што для Устралава заняткі «Западной Русью» былі пераважна справай выпадковай, у той час як для Каяловіча гэта была асноўная тэма яго даследаванняў, ды і якасць ягоных прац значна вышэйшая, чым Устралава.

Далей ідзе Ф.Турчыновіч. Гэта быў першы, хто напісаў гісторыю Беларусі. У «Историографии» яму адведзена палова старонкі, прычым ён залічаны да тых, чые работы маюць характар «палітычнага апавядання, з пераказам розных сведчанняў з летапісаў і іншых крыніц», і далей паведамляецца, што найбольш арыгінальнай часткай яго працы з’яўляецца «апавяданне пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, ідучы за летапісам, званым Хронікай Быхаўца» (С.8). Але як можа быць арыгінальным твор, які пераказвае хроніку? (Дарэчы, праца Турчыновіча ў гэтым месцы названа «История белорусского края», з чаго можна зрабіць выснову, што ў яго дзве працы, хоць справа ідзе ўсё аб тым жа «Обозрении»).

Якая ні прымітыўная праца Турчыновіча, гэта усё ж,такі першая, прысвечаная проста і непасрэдна Беларусі, прычым яе аўтар рупліва вывучыў літаратуру і крыніцы, што меліся тады, і давёў сваё апавяданне да далучэння паўночна-усходняй Беларусі да Расіі, г.зн. да 1772 г., чаго не зрабіў ні ў той час, ні шмат гадоў пазней, ніхто іншы. У «Обозрении» важны ня толькі тэкст, але і падрабязныя заўвагі (С.20?-299). Трэба было б звярнуць увагу і на дату выхаду гэтай кнігі ў свет: гэта ж 1857 г., эпоха пэўнай лібералізацыі, калі аказалася магчымым выкарыстаць забаронены раней выраз «Беларусь». Між іншым, Турчыновіч лічыў Беларуссю толькі яе ўсходнюю частку да Бярэзіны.

Аўтар «Историографии» не паспрабаваў растлумачыць і таго, чаму ў далейшым, на працягу больш чым 50 гадоў, працы з назваю «Беларусь» ужо не з’яўляліся: відавочна дзейнічала рэакцыя, якая наступіла пасля падаўлення паўстання 1863 г. I наогул зводных прац, хаця б накшталт «Обозрения» Турчыновіча, таксама не было да самага 1910 г., калі з’явілася «Гісторыя» Власта (Ластоўскага).

Пачынаючы з 80-х гадоў, цэнтрам вывучэння гісторыі Вялікага Княства Літоўскага становіцца Кіеў, дакладней Кіеўскі універсітэт, дзе цэлая група прафесараў выдала серыю манументальных прац па гісторыі ВКЛ, [але] пры гэтым у «Историографии» у спіс аўтараў не патрапілі М.Дашкевіч і М.Уладзімірскі-Буданаў, акрамя іх наогул нідзе не згаданыя такія буйныя вучоныя, як Я.Ф.Карскі ды І.І.Лапа.

Гістарыяграфія — гэта спіс прац на вызначаную тэму, хаця б і з кароткім іх зместам; гістарыяграфія павінна паказаць змену пунктаў погляду розных аўтараў, развіццё ідэй. Таму ў падобнай працы (а ў дадзеным выпадку гэта асабліва істотна) неабходна паказаць, хто быў аўтар, якія ён ставіў сабе мэты, з кім палемізаваў, якімі карыстаўся крыніцамі, гэта значыць, што «Историография» павінна быць шчыльна звязаная з крыніцазнаўствам. Нарэшце, хоць бы ў самай сціслай форме неабходна адзначаць, як успрымаліся гэтыя працы, якая вялася вакол іх палеміка.

Любы гістарыяграфічны агляд даследаванняў, што выйшлі за гэты час (канец XIX — пачатак XX ст.), ня можа быць поўным, калі не сказаць, наколькі багацейшая стала на той час крыніцазнаўчая база. Да канца XIX ст. былі апублікаваныя амаль што ўсе вядомыя на сёння летапісы (беларуска-літоўскія), цэлую серыю тамоў выдала Віленская археаграфічная камісія, выйшла некалькі тамоў «Рускай гістарычнай бібліятэкі», якія змяшчалі матэрыялы па гісторыі Беларусі. Эпахальныя працы М.Любаўскага, а затым У.Пічэты грунтаваліся ў першую чаргу на матэрыялах гэтага архіва.

Пералічыўшы (ня цалкам) прозвішчы кіеўскіх аўтараў і не сказаўшы пра іх больш нічога, «Гістарыяграфія» засяроджвае ўсю ўвагу на адной з прац М.Любаўскага, а менавіта на яго «Очерках», адзначыўшы, што гэтая праца з’явілася свайго роду вынікам усіх папярэдніх даследаванняў. Але праігнараваны пры гэтым яго ранейшыя працы, як праігнараваны, дарэчы, і яго «Основные моменты истории Белоруссии» (ужо не Літоўска-Рускай дзяржавы, а Беларусі), што выйшла ў 1918 г., у якой шэраг момантаў асвятляецца па-іншаму. Абышоўшы маўчаннем усё іншае, «Историография» моцна збядніла М.К.Любаўскага; гэта тым больш не зразумела, што ў наступных раздзелах іншыя аўтары вельмі шырока скарыстоўваюць яго «Областное деление» і «Сейм». Аднак, у параўнанні з Любаўскім, у яшчэ больш гаротным выглядзе паказаны М.В.Доўнар-Запольскі.

Калі меркаваць па «Историографии», дык М.В.Доўнар-Запольскі напісаў усяго толькі адну навуковую працу: «Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах», паколькі другая праца, згаданая тут («Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма»), з’яўляецца рэцэнзіяй на «Сейм» М.К.Любаўскага. Не адзначана нават наяўнасць такой вядомай працы, як «Очерки по организации западно-русского крестьянства», але і названыя дзве працы не атрымалі ў «Историографии» ніякай ацэнкі. Калі казаць пра ўклад, які ўнёс Доўнар-Запольскі ў справу вывучэння Беларусі, дык трэба было б адзначыць і ягоныя «Очерки истории Кривичской и Дреговичской земель», і тое, што ён напісаў працу пра Цяпінскага, і што выдаваў «Календарь Северо-Западного края». Увогуле, у спісе прац гэтага вучонага налічваецца каля 200 пазіцый, тады як уся ўвага «Историографии» засяроджана на танюткай брашуры, якая выйшла ў 1919 г., — «Асновы дзяржаўнасці Беларусі».

Вядома, што пераход гісторыкаў на марксісцкія пазіцыі быў цяжкім і ня ўсім наогул аказаўся па сіле. Пра тое, як на працягу 30 гадоў свайго жыцця эвалюцыяваў У.І.Пічэта, трэба было б сказаць больш грунтоўна, хаця б улічваючы тое, што ён быў самым буйным гісторыкам Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд. Аднак яму гэтаксама не пашанцавала: уся ўвага «Историографии» засяроджваецца на ягонай «Гісторыі», што выйшла ў 1924 г., а затым на адпаведных раздзелах падручнікаў для ВНУ, а з гэтых прац бяруцца толькі моманты, якія тычацца становішча беларускіх зямель у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Але Пічэта сваю «Гісторыю» лічыў самым няўдалым са сваіх твораў, што і варта было адзначыць, бо ягоная эвалюцыя застанецца незразумелай, ці прынамсі не патлумачанай.

Але ж у 1958-61 г. выйшлі два тамы прац Пічэты, у якіх сабраныя ўсе ягоныя асноўныя творы («Аграрная реформа Сигизмунда-Августа» і «Белоруссия и Литва в XVI в.»). Тое, што аўтар «Историографии» не заўважыў гэтай акалічнасці, ставіць яго работу па-за межы навуковай. Між іншым, калі ня браць усяго, што змешчана ў згаданых тамах, то яму неабходна было б звярнуць увагу на «Историю белорусского народа» У.Пічэты, паколькі гэта быў першы курс гісторыі Беларусі для ВНУ, які Пічэта падрыхтаваў вельмі спяшаючыся і прачытаў летам 1918 г. у Беларускім народным універсітэце ў Маскве.

Ідучы за схемай У.Ц.Пашуты, «Историография» пасля дарэвалюцыйных расійскіх даследчыкаў пераходзіць да агляду польскіх, пачаўшы (у парушэнне храналагічнага прынцыпу) не з прац Т.Нарбута (першы том ягонай «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» выйшаў у 1835 г.), а з Я.Лялевеля (1839 г.). Увага і тут засяроджана цалкам на адлюстраванні ў разгляданых працах дзяржаўнага ладу і ролі ў Вялікім Княстве Літоўскім літоўскага элемента. У такім плане разгледжаны ўсе асноўныя працы польскіх даследчыкаў, пры гэтым аднак трапляюцца і даволі істотныя недахопы. У 1905 г. у Вільні было ўтворана Таварыства сяброў навук, якое выдавала да I сусветнай вайны свае «Рочнікі», а пачынаючы з 1922 г. ім пачалі выдавацца штогадовыя зборнікі пад назваю «Атэнэум Віленьске» (Ateneum Wileńskie), цалкам прысвечаныя гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя артыкулаў і часткова публікацый дакументаў «Атэнеум» даваў бібліяграфію прац, якія тычыліся усёй тэрыторыі былога Княства, г.зн. Беларусі і Літвы, настолькі поўную, што такой ня мела ніякае іншае выданне. Акрамя «Атэнэума» Таварыства надрукавала шэраг манаграфій (у тым ліку і «Студыі» Г.Лаўмянскага). Розныя пытанні гісторыі Вялікага Княства абмяркоўваліся на з’ездах польскіх гісторыкаў, аб чым таксама трэба сказаць.

Прадмова (як ужо адзначалася) абяцае ўсебаковы выклад гісторыі Беларусі, а «Гістарыяграфія» кранае толькі прававы стан беларусаў у Вялікім Княстве, адсюль у асноўным і сыходзяць недарэчнасці, але і ў тым вузкім сэнсе, як гэта зразумета аўтарам гістарыяграфічнага агляду, ёсць пропускі. Так, акрамя «Гісторыі беларускага народу» У.Пічэты прапушчаны «Гісторыя Беларусі» У.М.Ігнатоўскага і «Гісторыя» В.Д.Дружчыца (1924 г.). Калі апошніх двух аўтараў згадваць нельга (хоць згаданыя ж Ластоўскі і Найдзюк), дык гэта трэба было ў нейкай форме агаварыць. Прапушчана таксама і брашура Л.С.Абэцэдарскага «У святле неабвержаных фактаў».

Пра беларускую эмігранцкую літаратуру «Гістарыяграфія» мімаходзь кажа, але пра літоўскую — нічога, аднак жа літоўская непараўнальна багацейшая за беларускую.

У шэрагу выпадкаў «Гістарыяграфія» адзначае тое, што розныя аўтары ў розныя часы называлі Вялікае Княства Літоўскае то Літоўска-Рускім, то Літоўска-Беларускім. Стаўленне самога аўтара да гэтых назваў вельмі няпэўнае, а між тым афіцыйная назва ў час яго існавання была — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае («Рускае», зразумела, не з прэтэнзіяй на панаванне над Расіяй, а ў тым сэнсе, што ў складзе дзяржавы знаходзяцца «рускія» землі, у сучасным разуменні да 1569 г. Беларусь і большая частка Ўкраіны, а з 1569 г. — толькі Беларусь).

Праз увесь раздзел праходзяць спасылкі на кнігу «Образование Литовского государства» У.Ц.Пашуты, пры гэтым аўтар «Гістарыяграфіі» усюды цалкам згаджаецца з аўтарам «Образования», нават і ў тым месцы, дзе Пашута сцвярджае, што ў літоўскае справаводства «уваходзіла рускае права, руская мова», і што ўсё гэта «служыла інтарэсам улады, у першую чаргу літоўскага правячага стану» («Образование», С.352, «Историография», С.47). Гэтае месца выклікае вялікія сумненні. Феадалы пануючай нацыі прымаюць мову нацыі падпарадкаванай і першым гэта ідзе на карысць! Немцы ж у Прусіі не прымалі прускую мову, а знішчылі яе, што не пайшло ім на шкоду. Расійскія феадалы не ўспрынялі мовы ніводнага з падпарадкаваных імі народаў, а захавалі сваю, і гэта ім таксама не пашкодзіла.

Крыніцазнаўства. Напісана з веданнем справы і з вялікай паўнатою. Безумоўна, было б пажадана адзначаць, якія задачы ставілі сабе рэдактары, публікуючы тыя або іншыя матэрыялы, але для дадзенай працы гэта занадта складана.

Дзяржаўны лад і права. I першы, і другі варыянты маюць адзін і той тытул, але змест іх рэзка адрозніваецца. Аўтар першага (забракаванага) зразумеў (і выканаў) сваю задачу намнога шырэй, чым другога. У першым варыянце раздзел падзяляецца на чатыры параграфы, у кожны з якіх уваходзіць строга вызначаны матэрыял, прычым параграф другі (Мясцовыя органы кіравання і суда) і трэці (Войска і фінансы) у беларускай літаратуры калі і закраналіся, дык мімаходзь, тады як тут яны падаюцца даволі грунтоўна. Трэба сказаць, што значнасць параграфа трэцяга выходзіць далёка за межы назвы. Справа ў тым, што ў беларускай гістарыяграфіі ўтрымліваецца (перайшоўшы з гістарыяграфіі мінулага стагоддзя) перакананне, нібыта панаванне Літвы над Беларуссю мела форму ваеннай акупацыі, якая зацягнулася на 500 гадоў. Не гаворачы пра гэта адкрыта, гісторыкі апісвалі справу так, быццам сітуацыя ў Беларусі амаль не адрознівалася ад характару заваявання Прыбалтыкі Нямецкім ордэнам. Так, калі гаворыцца аб выступленнях беларускага насельніцтва супраць феадалаў, дык яго падаўляюць літоўскія, або (што яшчэ часцей) польскія войскі. Пра які-небудзь удзел беларускіх феадалаў (не па назве, а па сутнасці) нідзе няма. Такім чынам, класавая барацьба ў Беларусі набыла (у гістарычнай літаратуры) характар нацыянальна-рэлігійнай, дакладней — рэлігійна-нацыянальнай; гэта барацьба не супраць феадалаў, эксплуатаваўшых сялян, а супраць іншаземных акупантаў. У сапраўднасці ў ВКЛ, як і ўсюды ў феадальную эпоху, ваенную службу павінен быў несці кожны феадал, і пры гэтым прыводзіць з сабою, або наогул выводзіць у поле вызначаную колькасць сваіх узброеных «падданых». Ужо сыходзячы з тых дадзеных, на якія абапіраюцца аўтары абодвух варыянтаў (якія даюць спасылкі на працы Якубоўскага і Лаўмянскага), вынікае, што ва ўзброеных сілах ВКЛ прыкладна палову складалі беларусы, але лічбы, атрыманыя польскімі даследчыкамі (на аснове матэрыялаў «попісаў»), выклікаюць сумненні: Заходняя Беларусь і Слуцкае княства, амаль роўныя па тэрыторыі этнічнай Літве, былі заселеныя не радзей, чым Літва, і, такім чынам, павінны былі даваць і ўзброеных людзей ня менш, а плюс да таго яшчэ пастаўлялі Ўсходняя і Паўднёвая Беларусь.

Ніякай дыскрымінацыі беларусы з прычыны сваёй нацыянальнай прыналежнасці не падвяргаліся, а нават наадварот: не іх прымушалі гаварыць і пісаць па-літоўску, а беларуская (старабеларуская) мова стала ў Княстве дзяржаўнай моваю; на той жа мове напісаны і беларуска-літоўскія летапісы. Дыскрымінацыя была толькі ў плане рэлігійным: каталіцтва з’яўлялася рэлігіяй прывілеяванай у адносінах да праваслаўя (а таксама да іудзейства і мусульманства).

Пытанне пра нацыянальную прыналежнасць пануючага класа (нават яго кіруючых вярхоў) у ВКЛ абмяркоўвалася даўно, і [яно] наўрад ці будзе калі-небудзь вырашана канчаткова хаця б таму, што ў розныя часы яго спрабавалі (і будуць спрабаваць) вырашаць па-свойму. Бясспрэчна тое, што пасля далучэння да Літвы Беларусі і Ўкраіны вялікія князі літоўскія раздавалі цэлыя княствы сваім сынам; аграмадныя ўладанні ў Беларусі атрымлівалі таксама набліжаныя князя — літоўцы, і віленскі каталіцкі біскуп. Бясспрэчна і тое, што князі, атрымаўшы землі «на Русі», прымалі праваслаўе і вельмі хутка дэнацыяналізаваліся. Аднак бясспрэчна і тое, што вярхушка літоўскай знаці (Гаштаўты, Кезгайлы, Манівіды) да сярэдзіны XVI ст. вымярла, і яе месца занялі ў асноўным прадстаўнікі беларускіх і ўкраінскіх родаў, у мінулым праваслаўных, затым (часта) кальвіністаў і ўрэшце каталікоў.

У якой меры ўсе гэтыя перамены тычыліся народу, г.зн. у першую чаргу масы сялян? Ці была розніца ў становішчы сялян ва ўладанні «рускіх» феадалаў і літоўскіх, а таксама чым адрозніваўся стан сялян ва ўладаннях літоўскіх феадалаў, што знаходзіліся ў Літве і Беларусі? Гэтае пытанне здаецца нікім не ўздымалася, паколькі ўся ўвага засяроджвалася на вярхах, кажучы дакладней, — на складзе паноў-рады. У першым варыянце аўтар склаў нават табліцу, якая паказвае нацыянальна-рэлігійны склад рады ў розныя перыяды, і няма ніякіх падстаў яе здымаць (зняць яе можна ў тым выпадку, калі будзе даказана яе недакладнасць).

У новым варыянце апушчана пытанне пра мясцовыя органы кіравання і суда. Параграф гэты дае вельмі дакладнае ўяўленне па акрэсленай тэме, і яго выключэнне прынясе манаграфіі адчувальную страту.

Культура. Раздзел пачынаецца са сцвярджэння, што вырашальнае значэнне ў стварэнні культуры мае працоўнае насельніцтва, г.зн. у асноўным сялянства. Гэта цалкам справядліва, але для эпохі феадалізму неабходна ўлічваць таксама і першыя два станы, г.зн. духавенства і феадалаў. З раздзела ж вынікае, што беларуская культура была створаная толькі сялянамі, і ў невялікай меры ўдзел бралі гарадскія нізы, у той час як «вярхоў» нібыта не было зусім. Такое ўражанне трохі рассейваецца, калі чытаем апошнія старонкі раздзела (С.597-612), дзе гаворыцца аб наяўнасці беларускіх феадалаў, аднак пра іх удзел у справе стварэння культуры не сказана і там.

З назвы кнігі вынікае, што аўтар павінен паказаць эвалюцыю культуры на працягу прыкладна 250 гадоў. Гэта значны адрэзак часу, калі ў Еўропе з’явілася кнігадрукаванне і наогул адбываліся грандыёзныя перамены ў вобласці культуры. У якой ступені яны закранулі Беларусь?

Аўтар раздзелу робіць націск на тое, што культура Беларусі таго перыяду была цесна звязаная з культурай Кіеўскай Русі. Сведчаннем сувязі з’яўляецца захаванне літаратурных твораў, створаных у даўні перыяд. Павага да мінулага сваёй краіны, свайго народу, ёсць сама па сабе паказальнікам высокага культурнага ўзроўню насельніцтва, але, як і ў шэрагу іншых выпадкаў, аўтар тут, як кажуць, перабірае. Бо калі народ захоўвае культуру мінулага, але сам не стварае нічога (або амаль нічога) новага, дык гэта азначае, што ён дэградуе. У XV, і тым больш у XVI ст. у Еўропе былі надрукаваны тысячы кніг самага разнастайнага зместу. Большасць з іх была на лацінскай мове, але ў XVI ст. з’явілася нямала і на польскай, у тым ліку такія, як «Трактат аб дзвюх Сарматыях» Мацея Мяхоўскага, «Хроніка ўсяго свету» Марціна Бельскага, у 1582 г. выйшла кніга Мацея Стрыйкоўскага, у якой (між іншым) выкладзена і гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, якая была напісаная амаль цалкам па беларуска-літоўскіх летапісах. Лацінскую мову на той час ведалі вельмі нямногія, але польская была распаўсюджаная нашмат больш, акрамя таго працы Бельскага і Стрыйкоўскага пераклалі (але не надрукавалі) на старабеларускай і стараўкраінскай (у той час яны адрозніваліся паміж сабою вельмі мала). Часткова аўтар згадвае пра гэта, але глуха. Ці ведалі гэтую літаратуру хоць бы часткова ў Беларусі?

Матэрыяльную культуру сялян — жыллё, прылады працы, адзенне — аўтар паказаў, але ў феадалаў гэтаксама было жыллё, тое, у што яны апраналіся і абуваліся, і г.д. Ці ж гэта ня частка культуры народа? У XVІ ст. ужо існавалі замкі ня толькі як абарончыя збудаванні, але і як жыллё, там мелася добрая мэбля, дываны, карціны, кнігі. Апраналіся феадалы, як правіла, у строі, пашытыя з імпартных дарагіх тканін, абсталяванне было часткова імпартаванае, але шмат чаго рабілі свае майстры ў Радзівілаў у Нясвіжы, у князёў Слуцкіх у Слуцку, у Хадкевічаў у Шклове, і ў іншых, былі вялікія архівы, калекцыі зброі.

Пра манастыры аўтар згадвае (у Полацку, Слуцку, Супраслі і г.д.). Ёсць нават спасылка на інвентар Супрасльскага манастыра, у якім пералічана ўсё, што мелася там у пачатку XVI ст. Але ў інвентары пералічаны ня проста кнігі, там сказана, у якіх пераплётах яны былі, сярод рэчаў названы ювелірныя вырабы, каштоўныя вышытыя тканіны, багата аздобленыя абразы. Усё гэта таксама культура, але ў працы яно неяк абязлічана, страціла свой бляск. Між іншым, у інвентарах гэтага манастыра названы шэраг майстроў, якія стварылі шэдэўры, што знаходзіліся ў манастыры. Гэтыя імёны мусяць быць змешчаныя ў энцыклапедыі.

Школа. Так, школ было мала, і яны былі дрэнныя, але дзе ў XV і нават у XVI ст. іх было шмат, і дзе яны былі добрыя? Значна больш было месцаў, дзе іх наогул ня мелі, тады як у Менскай школе выкладаў «бакалаўр», а маленькага князя Саламярэцкага вучыў Сматрыцкі (Баркулабаўскі летапіс). У працы адзначана, што некаторыя нараджэнцы Беларусі вучыліся і ў замежных універсітэтах. Вучоны Э. Донэрт (Deutschland und Russland) піша, што ў Каралявецкім універсітэце былі студэнты з цэлага шэрагу гарадоў Беларусі. Гэта ўжо не выпадковасць; відавочна не выпадковая з’ява і Францішак Скарына. Наша культура была значна багацейшая, чым яе звычайна паказваюць.

Так, з іншымі ўсходнеславянскімі народамі, г.зн. з рускімі і ўкраінцамі, сувязь была больш цеснай, чым з заходнімі, што і зразумела, але ж вучыўся і працаваў у Польшчы і Чэхіі той жа Скарына, а ў Беларусь прыязджаў Іеранім Пражскі. Гэта ж таксама сувязі. Ёсць пэўныя намёкі на сустрэчы Скарыны з Парацэльсам.

На С.533 сказана, што на Хроніцы Быхаўца (дарэчы, у легендарнай частцы хронікі Наваградак падаецца як цэнтр, з якога ўзрасло Вялікае Княства Літоўскае) беларускае летапісанне перапынілася, і гэта так, але хутка пачалі стварацца гарадзкія хронікі — у Магілёве, Віцебску, Слуцку, і такога роду праца працягвалася да сярэдзіны XIX ст. Між іншым, у сярэдзіне XVI ст. Стрыйкоўскі, відаць, без вялікае напругі набыў 12 або 15 беларуска-літоўскіх летапісаў. Значыць, у той час іх мелася на руках нямала, і яны былі прадметам куплі-продажу. Кажучы пра ўздзеянне рускай культуры на беларусаў, трэба было б адзначыць і адваротнае: кнігі Скарыны з’явіліся за 47 год да выхаду ў Маскве «Апостала». Натуральна, што Скарынавыя выданні хутка пасля выхаду ў свет сталі вядомы ў Маскве. Шэраг мастацкіх твораў, створаных у Заходняй Еўропе (пра Баву Каралевіча, пра цара Гвідона і інш.), патрапілі ў Расію праз Беларусь.

Некаторыя месцы раздзела незразумелыя. На С.552 сказана, што ў 50-60-я г. XVI ст. «пры ўдзеле польскіх і маскоўскіх друкароў былі заснаваны друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Заблудаве». Калі лічыць (як гэта прынята), што «Апостал» Івана Фёдарава быў упершыню надрукаваны ў 1564 г., дык хто ж з масквічоў у 1560-я (і нават у 1550-я) гады ўдзельнічаў у стварэнні гэтых друкарняў?

У працы пералічаны рознага роду музычныя інструменты, але разбірацца, чым кожны з іх быў, пакінута чытачу. Трэба б удакладніць і тое, што «псалтыр», згаданы на С.514, гэта не кніга псалмаў. На С.545 пералічаны «прафесіяналы», так бы мовіць «забаўляльшчыкі», сярод іх скамарохі, вандроўныя музыканты, а таксама і валачобнікі. У ХІХ-ХХ ст. валачобнікамі называлі тых, хто ў першую вялікодную ноч хадзіў (звычайна групамі) па гарадах і вёсках і пад вокнамі спяваў валачобныя песні, але выканаўцаў адной ночы на год ніяк нельга прызнаць прафесіяналамі, да таго ж у больш ранні перыяд валачобным называлі паднашэнне гараджанамі начальству якіх-небудзь каштоўных падарункаў. Што ж меў на ўвазе аўтар? Трэба было б звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі ёсць шэраг месцаў з назваю «Скамарошкі». Магчыма, там жылі прафесійныя скамарохі.

Адносна шмат увагі аўтар адвёў той мове (старабеларускай), якая была афіцыйнай моваю ВКЛ. Адзначым, што ўжо ў 1468 г. на гэтай мове быў напісаны кодэкс, які атрымаў назву «Судзебнік Казіміра». Статуты ў іх трох рэдакцыях напісаны на гэтай жа мове, прычым у [апошняй] ня толькі было пастаноўлена, што «писар земьский маеть по руску литерами и словы рускими, вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы» (гэтыя словы аўтар памылкова аднёс да другога Статуту, 1566 г.), але рэдактар Статута Леў Сапега, падканцлер ВКЛ, знайшоў патрэбным прыпісаць ад сябе, што «если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым (відаць мелася на ўвазе лацінская мова — М.У.) якым языком, але своим власным права списаные маем». Гэта пісаў магнат, г.зн. чалавек, якога ўся «Гісторыя» вельмі паслядоўна выключае са складу беларускага народа. Магчыма, тут дарэчы сказаць, што самымі энэргічнымі праціўнікамі Люблінскай вуніі былі розныя магнаты — Радзівілы, Хадкевічы, што цалкам натуральна, паколькі вунія моцна ўразала іх правы.

Розныя дробныя заўвагі. На С.571 сказана, што ў Смаленску была каменная крэпасць да 1514 г. Каменныя сцены там ўзведзены на мяжы XVI і XVII ст. На той жа старонцы сказана, што для Паўночна-заходняй Русі ў ХIV-XV ст. «найбольшае значэнне мелі культурныя сувязі з Ноўгарадскай рэспублікай». Але што ў дадзеным выпадку аўтар разумее пад Паўночна-усходняю Руссю? «Мяшчане беларускіх гарадоў дабіваліся права на самакіраванне, азіраючыся на Ноўгарадскую рэспубліку» (С.571). Магдэбургскае права — гэта і было самакіраванне. Берасце атрымала яго ў канцы XIV ст. Апісанне Кулікоўскай бітвы «уваходзіла ў шматлікія летапісныя зводы, якія перапісваліся і распаўсюджваліся ў Беларусі» (С.573). Апісанне Кулікоўскай бітвы вядома толькі па «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» (ПСРЛ, Т.32), але і там далей ідзе выпад, варожы Дзмітрыю Данскому. На С.554 гаворыцца пра дняпроўска-пінскіх крывічоў (абдрук?).

Лічу, што прадмову і гістарыяграфію неабходна напісаць нанова, раздзел пра культуру дапрацаваць. Яшчэ адна дробязь: у беларускіх тэкстах замест «і» ставіцца «1». Гэта непрыгожа, а акрамя таго паказвае непавагу да сваёй культуры.

М.Улашчык, доктар гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута гісторыі СССР АН СССР

[1980]


[1] Кніга доўга рыхтавалася Інстытутам гісторыі АН БССР, але так і не пабачыла свету (Рэд.).

Наверх

Тэгі: