БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Ад рэдакцыі

Дзесяць гадоў таму, у глыбокую восень 1986 г. ня стала Мікалая Мікалаевіча Улашчыка — магутнай і трагічнай постаці нашай гістарычнай навукі. Пасля Мітрафана Доўнар-Запольскага гэта другі гісторык Беларусі такога маштабу і ўзроўню, які таксама амаль усё сваё сталае жыццё мусіў правесці далёка ад айчыны. Высокапрафесійны даследчык, гісторык-фундаменталіст, выхад у свет кожнай кнігі якога быў падзеяй для беларускай гістарыяграфіі, ён ва ўсім заставаўся беларусам і дэманстраваў узоры грамадзянскай мужнасці. Хоць адкрыта ў самой Беларусі, дзе афіцыйны Мінск не прызнаваў вучонага, гаварыць пра заслугі і шырока ўшаноўваць памяць М.Улашчыка (1906-1986) стала магчымым толькі ў апошнія гады[1].

Цяпер, ведаючы многа пра яго жыццё і рэаліі падсавецкай Беларусі, можна сцвярджаць, што ў нялёгкія гады кампартыйнага панавання гэты чалавек увасабляў сумленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Але, ухіляючыся ад патэтыкі, рэдакцыя аддае старонкі гэтага нумара самому Мікалаю Мікалаевічу, ягоным сябрам, калегам і паслядоўнікам.

Рэдакцыя змяшчае ў сшытку матэрыялы толькі з неапублікаванай гістарыяграфічнай спадчыны вучонага. Тэксты публікуюцца без зменаў, з захаваннем пэўных асаблівасцяў стылю аўтара і нязначнай моўнай уніфікацыяй. Падабраныя лісты, укладзеныя храналагічна, з’яўляюцца часткай багатай эпісталярыі. Спіс навуковых прац ахапляе публікацыі кніжныя і часопісныя (без газетных і чыста літаратурных).

Прысвячаючы гэты сшытак БГА Мікалаю Улашчыку, рэдакцыя спадзяецца ня толькі закласці ў нашай гуманістыцы традыцыю тэматычных выданняў, прысвечаных угодкам выдатных беларускіх гісторыкаў, але і рэальна прычыніцца да вяртання на Беларусь таго, хто так вяртаў ёй самой яе мінуўшчыну. Псторык вяртаецца ў тэкстах. У нашым мысленні Улашчык несмяротны.

Рэдакцыя


[1] Хроніку ўшанавання памяці М.М.Улашчыка гл. у канцы нумара.