Дарус Куоліс. Масква і Літва: translatio imperii, translation rei publicae
У тлумачэннях ідэі Масква — трэці Рым, што ўзнікла ў часы Сярэднявечча, да гэтага часу мала ўвагі аддаецца літоўскаму фактару, або фактару Вялікага Княства Літоўскага. Дзяржаўная ідэалогія Вялікага Княства Маскоўскага ў XV—XVI ст. абапіралася на даўнія гістарычна абумоўленыя адносіны не толькі з Канстанцінопалем, Рымам, Святой Рымскай імперыяй, але і з суседняй Літвой, якая валодала сталіцай „усяе Русі» Кіевам. Ідэю пераносу імперыі, якая набірала ў той час у Маскве сілу і вагу, можна інтэрпрэтаваць i як антытэзу той ідэі, што складвалася ў Літве, — ідэі пераносу рэспублікі.
Пазіцыі Масквы і Літвы фундаментальна разышліся ў сярэдзіне XV ст., пасля Фларэнційскай царкоўнай уніі 1439 г., якая раскалола мітраполію Кіева і ўсёй Русі. Вялікі князь маскоўскі Васіль ІІ у сваіх допісах канстанцінопальскаму патрыярху і канстанцінопальскаму імператару запэўніваў ix у сваёй вернасці „ісціннай грэцкай веры», якую рускім даў „цар зямлі Рускай, Вялікі князь Кіеўскі і ўсёй Русі» Уладзімір — „вялікі новы Канстанцін», і асуджаў Фларэнційскі сабор як „сход лацінскага несвяшчэннага Сабору». Насуперак волі Канстанцінопаля Масква ў 1448 г. вылучыла свайго мітрапаліта Іону, чыё права на „сталец мітраполіі Кіеўскай i ўсёй Русі» спачатку (1451) прызналі і паны-рада ВКЛ на чале з вялікім князем Казімірам. Аднак неўзабаве (1458) рымскі папа са згоды канстанцінопальскага патрыярха прызначыў мітрапалітам Кіеўскім, Літоўскім і ўсёй Русі Грыгорыя. Берасцейскі сойм у 1460 г. прызнаў яго ўладу над усёй Кіеўскай мітраполіяй, а вялікі князь маскоўскі і мітрапаліт маскоўскі Іона адмовіліся прызнаваць — Іона абараняў ідэю праваслаўнага самаўладства свайго валадара. Адстойваючы сваю пазіцыю перад Літвою, вялікі князь маскоўскі Іван III заявіў: „Хто будзе нам мілы, той і будзе ў нас на ўсёй Русі» [мітрапалітам], паколькі выбар мітрапаліта — „гэта нашых праайцоў, вялікіх рускіх князёў, і наша, а не вялікіх літоўскіх князёў [справа]»[1]. Такім чынам, з аднаго боку, мы бачым літоўскую раду і сойм, якія прымалі палітычныя рашэнні, a з другога — вялікага князя маскоўскага, які абараняў „ісцінную грэцкую веру», рускую рэлігійную і дзяржаўную традыцыю.
Пасля вызвалення ад Залатой Арды ў 1480 г. Масква пачала абгрунтоўваць сваю палітычную самастойнасць двума аргументамі — боскай і атрыманай у спадчыну ўладай вялікага князя („Мы Божиею милостию государи на своей земле изначяла, от первых своих прародителей, и поставление имеем от Бога», — даводзіў Іван III да ведама імператара Святой Рымскай імперыі Фрыдрыха III у 1488 г.) і яго прыналежнасцю да сям’і „рымскіх цароў», роднасцю з канстанцінопальскімі імператарамі[2]. Ідэю атрымання ў спадчыну ўлады Іван III пераўтварыў у праграму аб’яднання „ўсёй Русі». І ў першую чаргу яна была накіравана супраць ВКЛ, уладары якой не толькі насілі тытул „спадкаемца і валадара рускіх зямель» („terrarum Russiae dominus et haeres«), але і кіравалі большай часткай яе зямель. У 1491 г. Іван III заключыў дамову з рымскім імператарам і нямецкім каралём Максіміліянам I, накіраваную перш за ўсё супраць Літвы і Польшчы. Паводле гэтай дамовы, імператар абяцаў яму, „нашаму любімаму брату, валадару ўсёй Русі, дапамагчы здабыць сваю вотчыну — Вялікае Кіеўскае княства»[3]. У 1492 г. Іван III, заручыўшыся братэрскай падтрымкай рымскага імператара, пачаў вайну з ВКЛ.
1492 год набыў сімвалічнае значэнне для гістарычнага лёсу і Масквы, і Літвы. Менавіта ў 1492 г. Масква пераўтварылася ў фактар, які вырашаў усю наступную гісторыю ВКЛ. У гэты ж час праявілася ідэалагічная антытэза Вільні і Масквы, якая дзейнічала некалькі стагоддзяў, — антытэза свабоднага народа і свабоднага самадзяржаўя.
У эсхаталагічным 1492 г., праз 7000 гадоў пасля біблейскага пачатку свету, мітрапаліт маскоўскі Зосіма ў сваім „Изложении пасхалии» абвясціў Маскву новым Канстанцінопалем, а вялікага князя маскоўскага Івана III — „валадаром і самадзержцам усёй Русі, новым царом Канстанцінам», валадаром „новага града Канстанціна — Масквы і ўсёй рускай зямлі і іншых многіх зямель». Так стварылася асноўная перадумова — і не толькі гістарычная, але і касмалагічная — для з’яўлення дактрыны Масквы як Трэцяга Рыма, што адыграла асабліва важную ролю ў гісторыі Маскоўскай дзяржавы i рускага народа. Па словах Барыса Успенскага, „гэтае ўяўленне робіць істотны ўплыў на рускую гісторыю, вызначаючы палітычныя амбіцыі рускіх манархаў і ў канечным выніку — з’яўленне Маскоўскага царства, якое сталася пазней Расійскай імперыяй»[4]. У тыя часы Канстанцінопаль называлі і „Другім Рымам», і „новым Ерусалімам». Назваўшыся спадкаеміцай Візантыі, Масква пачала ўсведамляць сябе і як святы тэакратычны горад, і як сталіцу сусветнай імперыі. Яе місія — аб’яднаць усе рускія землі і дасягнуць сусветнай магутнасці. Іван III, пасля таго як узяў за жонку Соф’ю, пляменніцу апошняга візантыйскага імператара Канстанціна XI, і пераняў візантыйскі імператарскі герб — дзвюхгаловага арла, лічыў сябе апекуном усіх праваслаўных і грэцкіх артадоксаў. Так стварылася ўлада „валадара ўсёй Русі», якая пераняла рысы візантыйскай тэакратыі: прырода гэтай самадзяржаўнай улады — боская, самадзяржаўе валадара — свабоднае, яно не абмяжоўваецца воляю падданых.
Зусім іншую парадыгму, іншую сістэму палітычных сімвалаў стваралі падзеі 1492 г. у Літве. У гэтым годзе абраны соймам за вялікага князя літоўскага Аляксандр прысягнуў у віленскім архікафедральным саборы кіраваць Літвою ў традыцыях вялікага літоўскага князя Вітаўта і падпісаў падрыхтаваны мясцовай арыстакратыяй прывілей краіны. Гэтым прывілеем вялікі князь літоўскі, жамойцкі, а таксама валадар і спадкаемец зямель рускіх (magnus dux Lituaniae, Samogitiae, nec non terrarum Russiae dominus et haeres) узаконіў новыя адносіны паміж валадаром і народам, паміж валадаром і панамірадаю, якія прадстаўлялі народ. Прывілей Аляксандра істотна абмяжоўваў уладу вялікага князя і даваў прававы грунт для ўмацавання ўлады мясцовай шляхты. Гэты акт дазваляў панам-радзе (у якую маглі ўваходзіць толькі літоўскія паны-каталікі) пераняць самыя важныя часткі дзяржаўнага кіравання: знешнюю палітыку, адміністраванне, судовую справу, казну, выданне законаў. Вялікі князь абавязваўся без паноў-рады „валадароў нашых дарадцаў» пасланцоў за мяжу не выпраўляць, без іх рашэння дзяржаўных пасад і ўладанняў не раздаваць, без іх волі дзяржаўную казну не адчыняць. Апошняе палажэнне асабліва строгае: „падаткі, што паступаюць у дзяржаўны скарб, павінны выкарыстоўвацца толькі згодна з рашэннем валадароў нашых дарадцаў і на карысць усёй краіне (pro communi utilitate terrestri)». Больш за тое, валадар абавязваўся, узгадняючы з панамі-радаю, падпарадкоўвацца іх волі без злосці: „таксама, калі якія рашэнні і справы з нашымі валадарамі (in consultatione cum dominis nostris) абмеркаваць належыць, і тыя дарадцы не згодныя з імі будуць, то мы не павінны на іх за гэта злавацца, а як толькі яны штосьці прапануюць для нашага і ўсеагульнага дабра, то мы гэта тут жа ажыццявім (sed quaecunque nobis consulent, pro nostra et communi utilitate, istud nos efficiemus)»[5].
Так, паводле прывілею Аляксандра, пра агульны дабрабыт краіны (utilitas communis terrestris) павінны клапаціцца выключна „валадары дарадцы»: з гэтага часу яны павінны радзіць валадару, што менавіта ён павінен выконваць для ўсеагульнага дабра дзяржавы. Не без падставы польскі гісторык Людвік Калянкоўскі называе гэты прывілей „вялікай хартыяй свабодаў, узаконьванняў, прывілеяў і перамог» паноў-рады. Польскі сенат такога прывілею атрымаць не змог[6]. Прывілей Аляксандра пераўтвараў дарадчы інстытут паноў-рады ў рэальны „ўрад» Вялікага Княства Літоўскага — вышэйшую выканаўчую ўладу і апеляцыйны судовы інстытут. Так паны-рада сталі ўвасабленнем суверэнітэту ВКЛ[7]. Прыналежная да эліты грамадства прадстаўнікі шляхецкага стану пачалі атаясамліваць сябе з дзяржаваю i народам або нацыяй: пра сябе яны пачалі пісаць — „мы, Літва».
Прывілей 1492 г. азначаў пераход дзяржавы да новага палітычнага ладу. Ён закладаў прававы грунт алігархічнага ладу ў ВКЛ. Разам з тым улада паноў Літвы ўсё часцей абапіралася на палітычную волю ўсяго шляхецкага народа, усёй шляхецкай „нацыі». Гэтая воля ўжо выяўлялася на соймах. Менавіта ў час праўлення Аляксандра сойм ВКЛ з шляхецкага сходу пераўтварыўся ў дзяржаўны інстытут, які прадстаўляў Літву і ў якім абмяркоўваліся ды вырашаліся найбольш важныя грамадскія пытанні. Сойм стаў не часовым, а трывалым інстытутам. Такім чынам, 1492 год — год зараджэння і пачатку літоўскага шляхецкага парламентарызму: менавіта дзякуючы гэтай традыцыі ў сярэдзіне XVI ст. члены сойму ВКЛ пераўтварыліся ў сапраўдных палітычных прадстаўнікоў усяго грамадства. Менавіта 1492 год даў імпульс ідэі Літоўскай Рэспублікі, якая ўмацавалася толькі ў другой палове XVI ст. І менавіта ў часы Аляксандра Літву пачалі называць рэспублікай. Як рэспубліка Вялікае Княства Літоўскае стала будаваць свае адносіны з другой рэспублікай — Каралеўствам Польскім. З пазіцый рэспублікі Літва пачала ацэньваць і Вялікае Княства Маскоўскае, усё выразней пры гэтым адчуваючы i падкрэсліваючы розніцу паміж сваім палітычным ладам i ўсходняга суседа.
Прывілей вялікага князя літоўскага Аляксандра, гэтаксама як і тэкст маскоўскага мітрапаліта Зосімы, толькі абагульніў палітычныя працэсы, што адбываліся на працягу ўсяго XV ст. Невыпадкова літоўскія вяльможы патрабавалі ад Аляксандра кіраваць дзяржаваю па прыкладзе Вітаўта. Менавіта вялікі князь Вітаўт, змагаючыся за ўладу ў Літве са стрыечным братам Ягайлам, які стаў каралём Польшчы, вымушаны быў абапірацца на падтрымку шляхты і даць ёй палітычныя правы і паўнамоцтвы. Імкнучыся завалодаць каронай, Вітаўт у якасці аргумента прыводзіў не атрыманне ў спадчыну трона, не боскую прыроду сваёй улады, а правы ўсёй палітычнай супольнасці Літвы. У лістах, якія ў 1429 г. ён дасылаў рымскаму імператару Жыгімонту, польскаму каралю Ягайлу і панам Польшчы, ён абараняў не толькі свой гонар і свабоду, але свабоду і гонар усяго палітычнага грамадства — „нашу шляхту, князёў усіх нашых уладанняў — свабодных людзей». Вітаўт катэгарычна аспрэчваў сцвярджэнне Ягайлы, што літоўская шляхта не мае права выбіраць сабе караля; ён настойваў на тым, што „яны заўсёды былі свабоднымі і ніколі не былі нічыймі васаламі». Паводле сцвярджэння Вітаўта, свабоды літоўцаў не былі атрыманы разам з хростам, як яшчэ зусім нядаўна абвяшчалася ў дадзеных ім і Ягайлам прывілеях, — гэтыя свабоды існавалі заўсёды. Не хрост і літасці ўладароў зрабілі літоўскую шляхту свабоднай: свабоднымі, нікому не падуладнымі яны былі заўсёды[8]. Вітаўт, абвяшчаючы правы шляхты свабодна выбіраць сабе дзяржаўнага валадара, разам з тым сцвярджаў суверэнітэт палітычнай нацыі.
Самастойная палітычная роля літоўскай шляхты намнога ярчэй праявілася пасля смерці Вітаўта. Прадстаўнікі шляхты не адчувалі сябе толькі падданымі валадара. Забіўшы ў 1440 г. Вітаўтавага брата Жыгімонта і абраўшы вялікім літоўскім князем непаўналетняга сына Ягайлы Казіміра, шляхта фактычна ўзяла дзяржаўную ўладу ў свае рукі. Згодна з прывілеем 1447г., упершыню літоўскі валадар меў абавязак абараняць і ўмацоўваць ВКЛ у інтарэсах другога палітычнага суб’екта — шляхты, якая прадстаўляла „літоўскі народ» і ахоўвала суверэнітэт краіны[9]. У XV ст. з’явілася палітычная супольнасць паноў і баяраў, якая атаясамлівала сябе з літоўскай дзяржавай і народам і разумела незалежнае ВКЛ як гарант свайго дабрабыту, сваіх правоў і свабодаў.
Абараняючыся ад Масквы, якая аб’ядноўвала „рускія землі», літоўская палітычная супольнасць, гэтаксама як і польская, атаясамлівала сябе з „абарончым валам (antemurale) усёй хрысціянскай Рэспублікі». А яе задача — абараніць хрысціянскую Рэспубліку ад варвараў — татараў, туркаў і „схізматыкаў-маскавітаў». Менавіта так місію Польшчы і Літвы тлумачылі папу рымскаму Юлію II у 1504 г. пасланнікі караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра. Польшча і Літва — нібы шчыт ад усходняга варварства, сцвярджалі яны, дакараючы рымскага імператара за палітычную падтрымку Масквы[10]. Так Вільня і Кракаў спрабавалі правесці выразную мяжу паміж Літоўскай ды Польскай рэспублікамі (прыналежнымі да хрысціянскай Рэспублікі), з аднаго боку, і чужой для іх небяспечнай схізматычнай Масквой, якая не мела ніякага дачынення да Хрысціяніі, з другога.
У часы праўлення Аляксандра палітычная супольнасць Літвы ўсё больш выразна пачала разумець адрозненне паміж рэспублікай Вялікага Княства Літоўскага і тыраніяй Масквы: менавіта праз страх тыраніі ў пачатку XVI ст. праваслаўныя князі ВКЛ, нягледзячы на адну рэлігію, мову і звычаі, перасталі пераходзіць на бок Масквы[11]. Правы і свабоды сталі ў Літве больш моцным кансалідоўным элементам, чым агульная рэлігія або мова.
Такім чынам, 1492 год даў пачатак дзвюм розным дзяржаўным ідэалогіям, дзвюм розным палітычным і культурным парадыгмам: у Вільні былі закладзены асновы для свабоднага народа, для з’яўлення ідэі свабоднай рэспублікі; а ў Маскве ўзнікла ідэя самадзяржаўя, якая грунтавалася на неабмежаванай, атрыманай у спадчыну ад Бога ўладзе ды імперскіх амбіцыях. Гэтыя ідэі развіваліся процілегла адна другой.
Супрацьстаянне ідэалогій Вільні і Масквы ў пачатку XVI ст. яшчэ больш выявілі дзяржаўныя гістарычныя наратывы. Менавіта ў гэты час у Літве і ў Маскве стварыліся інтэрпрэтацыі мінулага, якія далі гістарычныя вобразы і міфы. Менавіта на іх будуць потым абапірацца „літоўская» i „руская» палітычныя ідэнтыфікацыі цягам некалькіх стагоддзяў.
Адказваючы на выклікі дзяржаўнай ідэалогіі не толькі Масквы, але і Польшчы, літоўская палітычная супольнасць у пачатку XVI ст. упершыню пачала клапаціцца пра стварэнне разгорнутай, поўнай гісторыі сваёй дзяржавы — так з’явіўся „Летапісец Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і яго позні варыянт, вядомы як „Хроніка Быхаўца». Абодва гэтыя тэксты былі створаны па ініцыятыве літоўскага канцлера Альберта Гаштаўта (Гаштольда), унука Яна Гаштаўта, апекуна вялікага князя Казіміра. Першы тэкст напісаны да 1519 г., другі — паміж 1519 і 1525 г.
Прыкладна ў той самы час у Маскве з’явіліся два гістарычныя тэксты, прызначаныя паўплываць на ўмацаванне цэнтралізаванай маскоўскай дзяржавы: „Пасланне Спірыдона Савы» і створанае на яго аснове „Сказанне пра князёў Уладзімірскіх». Першае прыкладна паміж 1505—1523г. напісана манахам Спірыдонам Савай, які перабраўся з Літвы ў Маскву. Народжаны ў Цверы, ён у 1476 г. з’явіўся ў ВКЛ у якасці прызначанага Канстанцінопальскім патрыярхам мітрапаліта „Кіева і ўсёй Русі». Аднак тут яго сустрэлі варожа: вялікі князь Казімір прызначанага супраць яго волі мітрапаліта арыштаваў і пасадзіў за краты. Толькі пасля 1482 г. яму ўдалося збегчы з літоўскай вязніцы і дабрацца да Масквы. Але там яго як Сатану — канкурэнта маскоўскага мітрапаліта — на доўгія гады выслалі ў манастыр. Напісанае на замову цара „Сказанне Спірыдона Савы» да 1553 г. стала афіцыйным гістарычным тэкстам Маскоўскай дзяржавы — „Сказаннем пра князёў Уладзімірскіх»[12]. Прыкладна ў гэты ж час (1523—26), верагодна, таксама на замову вярхоўнай улады, з’явіліся пісьмы Філафея Пскоўскага да дзяка вялікага князя Місюры Мунехіна і вялікага князя Васілія III, у якіх была выкладзена канцэпцыя Масквы як Трэцяга Рыма[13].
Такім чынам, літоўскія гістарычныя тэксты ўзніклі дзякуючы вяльможам, якія прадстаўлялі народ, а маскоўскія — з ініцыятывы двара маскоўскага князя. Першыя адлюстроўваюць гісторыю ВКЛ вачыма мясцовай арыстакратыі, другія выяўляюць Маскоўскую дзяржаву і ўсю Русь як вотчыну вялікага князя.
Гістарычныя тэксты як у Вільні, так і ў Маскве перш за ўсё ствараюць міфы пра паходжанне: першы распавядае пра паходжанне народа і валадара, другі прадстаўляе толькі генеалогію валадара. Абодва тэксты ўвязваюць міфы пра паходжанне з асноўнымі — біблейскімі і антычнымі — падзеямі сусветнай гісторыі: мінулае і будучыня абедзвюх дзяржаў уводзяцца ў агульную выяву свету. Кропка адліку ў абодвух тэкстах адна і тая ж — нараджэнне Хрыста ў Рымскай імперыі, калі „не толькі над Рымам, але і над усім светам» валадарыў імператар Аўгуст.
Ад Ісуса Хрыста і Аўгуста — ад пачатку хрысціянскага свету — пачынае аповед і „Летапісец Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». Першы літоўскі валадар паходзіць з роду рымскіх імператараў. Продак вялікіх літоўскіх князёў — рымскі князь Палямон, а ён быў „сваяком імператара Нерона» — спадкаемца Аўгуста. І ўсё ж віленскі тэкст больш увагі аддае паходжанню народа, а не яго валадара. Палямон не быў спадкаемцам рымскай імператарскай улады, ён проста ўцёк разам „з падданымі сваімі» і пяцюстамі знатнымі грамадзянамі ды мноствам іншых людзей ад жорсткага Нерона ў Жамойць і Літву. Варта адзначыць, што ў хроніцы прадстаўнікі рымскай шляхты не называюцца падданымі Палямона — яны толькі „выправіліся разам з князем» у падарожжа[14]. Такім чынам, літоўскі летапіс узводзіць да высакародных рымскіх каранёў не толькі дынастыю літоўскіх валадароў, але і літоўскі народ у асобе літоўскай і жамойцкай шляхты. Міф рымскага паходжання выступае як сімвал адзінства палітычнага грамадства Літвы і яго права на кіраванне дзяржаваю побач з валадаром: паколькі продкі літоўскай арыстакратыі разам з Палямонам стваралі літоўскую дзяржаву, то яны павінны валадарыць у ёй разам[15].
Міф пра паходжанне літоўскага народа носіць яркую „рэспубліканскую» афарбоўку. Стваральнікі літоўскай дзяржавы — рымская арыстакратыя — свабодныя; гэта людзі, якія цэняць свае правы і свабоды. Менавіта для таго, каб абараніць свае правы, яны і бягуць у Літву ад дэспатыі Нерона. Летапіс гаворыць пра ўладу Нерона як пра тыранію, якая замахвалася на правы арыстакратыі і ўсяго грамадства[16].
Міф пра рымскае паходжанне літоўцаў адлюстроўвае не толькі раўнапраўе палітычнага грамадства Літвы адносна валадара, але таксама яе народны і дзяржаўны суверэнітэт. Ён наўпрост адказвае на тыя інтэрпрэтацыі мінулага, якія з’явіліся ў той самы час у Кракаве і Маскве. Гэты міф носіць адкрыта антырускі характар: ён падкрэслівае палітычную перавагу літоўскіх і жамойцкіх паноў над „рускай» арыстакратыяй Літвы. Заснавальнікамі літоўскай дзяржавы прызнаюцца толькі тыя літоўцы і жамойты, якія паходзяць ад рымлян. У летапісе міф пра Палямона ўключае ў сябе і аповед пра далучэнне „Рускай зямлі». Так выяўлена імкненне абгрунтаваць правы Літвы — літоўскай і жамойцкай арыстакратыі — на „рускія» землі. Летапіс паведамляе, што літоўскія і жамойцкія князі і паны рымскага паходжання пасля набегаў татар займалі „спустошаныя рускія землі», бо татары „рускіх князёў адтуль выгналі». Міф пра літоўскае паходжанне дапаўняе аповед пра вялікага літоўскага, жамойцкага і рускага князя Гедыміна, які не толькі заснаваў сталіцу Літвы Вільню, але і, заваяваўшы „столець всее Руское земли» Кіеў, забяспечыў літоўцам правы на ўсе „рускія» землі[17].
Міфам пра сваё рымскае паходжанне Літва адказала на імперскія прэтэнзіі Польшчы і Масквы. Летапіс паслядоўна абвяргае як трывалы напамін Польшчы пра ўключэнне Княства ў Каралеўства, так і ідэю вялікага маскоўскага князя як валадара „ўсёй Русі». У той жа час міф яўна выражае антытыраністычныя аспекты і стварае перадумову для з’яўлення ідэі „перадачы рэспублікі» — translatio rei publicae: заснавальнікі літоўскай дзяржавы, абараняючы свае правы і свабоды, прыйшлі з старажытнага Рыма для таго, каб карыстацца ў Літве такімі ж свабодамі, якія яны калісьці мелі ў Рыме. „My szlachta staraja, rymskaja, kotoryi predki naszy z tymi herby swоimi zaszli do tych panstw y ich wżywali, a tak my teper ich majem y ich wżywajem jako swoich, a lachowe ne była szlachta, ale byli ludy prostyi»,—тлумачаць у „Хроніцы Быхаўца» літоўскія паны вялікаму князю Вітаўту[18]. Такім чынам, ужо летапісны гістарычны аповед дае пачатак своеасаблівай міфалогіі свабоды, шырока распаўсюджанай у часы шляхецкай дэмакратыі.
Як антытэза канцэпцыі „перадачы рэспублікі» ў Маскве ўзнікае ідэя „перадачы імперыі»—translatio imperii. Менавіта для абгрунтавання гэтай ідэі і давядзення яе ідэі сусветнага ўладарніцтва ствараліся маскоўскія гістарычныя аповеды таго часу. „Пасланне Спірыдона Савы» і „Сказанне пра князёў Уладзімірскіх», па сутнасці, прадстаўляюць генеалогію вялікіх маскоўскіх князёў: гісторыя маскоўскіх самадзержцаў цалкам супадае з гісторыяй дзяржавы. Улада вялікіх маскоўскіх князёў бярэ пачатак не толькі ў Канстанцінопалі, але і таксама ад „Рымскага валадара і валадара ўсяго сусвету Аўгуста». Раздаючы ўладанні сваім братам, Аўгуст прызначыў Прусу землі каля Віслы і Нёмана. Прус пасяліўся на гэтых землях са сваімі нашчадкамі, таму „да цяперашняга часу гэтыя землі называюць яго імем— Пруская зямля». Нашчадка Пруса князя Рурыка, блізкага сваяка рымскага валадара Аўгуста, паклікалі правіць сваімі землямі наўгародцы. Нашчадак Рурыка ў чацвёртым пакаленні Вялікі князь Уладзімір ахрысціў Русь, а нашчадак Уладзіміра ў чацвёртым пакаленні Уладзімір Манамах, сын Усевалада, атрымаў ад цара Канстанцінопаля Канстанціна Манамаха царскі вянец i быў абвешчаны „вольнаго и самодержавнаго царства, вольнаго самодержавства Великия Россия боговенчанным царем». І з таго часу вялікі князь Уладзімір Усеваладавіч называецца Манамахам і царом Вялікай Русі, а царскім вянцом, які яму прыслаў вялікі цар Канстанцін Манамах, вянчаюцца ўсе вялікія ўладзімірскія князі, калі яны ўступаюць у княжэнне, „як і вольны самадзержац і цар Вялікай Расіі Васілій Іванавіч» — нашчадак князя Рурыка ў дванаццатым пакаленні, а таксама нашчадак „унука Ноя — Месрэма». Так вялікі маскоўскі князь Васілій ІІІ, які правіў у той час, абвяшчаецца і нашчадкам роду рымскага імператара Аўгуста, і спадкаемцам вянца сусветнай улады, атрыманым ад імператара Канстанцінопаля, а ўся „Вялікая Расія» і „Пруская зямля з мноствам гарадоў па берагах Нёмана» — яго дзядзінай[19]. У маскоўскім гістарычным аповедзе заўважная і дастаткова яскрава выяўлена антыкаталіцкая тэндэнцыя: генеалогію ўладароў дапаўняе эпізод пра адыход Рыма ад „правільнай веры» і з’яўленне каталіцкай — лацінскай — ерасі[20].
Такім чынам, у гістарычных маскоўскіх аповедах пачатку XVI ст. сцвярджаецца ідэя перадачы імперыі — translatio imperii. У той жа час у іх вылучаецца вобраз валадара Масквы як „Государя Великая Руси» і абаронцы сапраўдных хрысціян усяго свету — праваслаўных. І гэты вобраз адкрыта накіраваны супраць Вялікага Княства Літоўскага.
Антылітоўскую накіраванасць гістарычнага маскоўскага наратыву яшчэ ярчэй выяўляе „Радавод літоўскіх князёў», які дапаўняе „Сказанне пра князёў Уладзімірскіх». Прызначэнне гэтага тэксту — паказаць нізкае паходжанне Гедымінавічаў-Ягайлавічаў і такім чынам адмовіць ім у праве на валоданне „рускімі» і літоўскімі землямі. Маўляў, вялікі літоўскі князь Жыгімонт — нашчадак нявольнікаў і аброчнікаў рускіх князёў, які назапасіў свае багацці дзякуючы прысвойванню даніны, што прызначалася маскоўскаму князю. Апрача таго, ён адышоў ад сапраўднай праваслаўнай веры, якую быццам бы вызнавалі яго дзед Ягайла i прадзед Альгерд. Адпаведна, яго ўлада не мае пад сабою ніякага ані гістарычнага, ані тэалагічнага грунту[21].
Паказальна, што маскоўская дзяржаўная ідэалогія і гістарычны наратыў, што абгрунтоўвае яе, адмаўляюць законнасць літоўскай дзяржавы і права іх валадароў на землі ВКЛ. У той жа час літоўская дзяржаўная ідэалогія і гістарычны наратыў, што абгрунтоўвае яе, абвяшчаюць выразнікам суверэнітэту Літвы не толькі і не столькі яе валадара, колькі палітычную нацыю — літоўскую і жамойцкую арыстакратыю, якая абараняе свае правы і свабоды.
Розніцу маскоўскай і віленскай палітычных парадыгмаў у гістарычных наратывах раскрывае выява адносінаў народа і ўладароў. У маскоўскіх тэкстах адносіны „свабоднага самадзержца» з падданымі сімвалічна азначае эпізод пра ваенную выправу князя Ўладзіміра на Царград (Канстанцінопаль). Валадар звяртаецца „па параду» да „ўсяго хрысталюбівага воінства» і пытаецца, ці ісці яму па даніну ў Царград. А князі ды баяры адказалі яму: „Сердце царево в руце Божьей, яко же писашеся, a мы есмо в твоей воле, государя нашего по Боже». Пазней, у афіцыйных маскоўскіх дзяржаўных тэкстах сярэдзіны XVI ст., гэтая сімвалічная формула народнага паслушэнства свайму валадару становіцца яшчэ больш суровай: „Сердце царево в руце Божии, яко же ест писано, а мы вси есми рабы твои и под твоею властию»[22]. Так што ўлада свабоднага самадзержца — боскага паходжання і боскай сутнасці: яна неабмежаваная, яе не можа абмежаваць воля народа. Баяры — „усё хрысталюбівае воінства» — толькі нявольнікі ўладара, выканаўцы яго волі. Перад абліччам боскай улады валадара баяры самі выракаюцца сваёй волі — свайго права раіць валадару, прымаць удзел у дзяржаўных справах.
Зусім па-іншаму перадаюць сувязі народа і валадара літоўскія гістарычныя аповеды. Тут сімвалічнае значэнне набываюць адносіны князя Вітаўта з літоўскай арыстакратыяй: Вітаўт дзейнічае толькі пасля таго, як параіцца з панамі-радаю, са сваёю шляхтай[23]. Нарада лічыцца асновай стасункаў паміж валадаром і шляхтаю. Такім чынам, у пачатку XVI ст. летапісны аповед ствараў вобраз Вітаўта як ідэальнага валадара, які абараняе не толькі сваю дзяржаву, але і свабоды народа. Пазней гэты палітычны ідэал выявілі літоўскія гісторыкі канца XVI — XVII ст.: у іх тэкстах Вітаўт становіцца сімвалам дэмакратыі шляхты і свабоды народа — „wolny wolnego ludu pan», „liberi populi liberus Princeps»[24].
Віленскія гістарычныя аповеды паказваюць літоўскую і жамойцкую арыстакратыю як гаспадароў Вялікага Княства, яго ўласнікаў: „panowie litowskij — wlasteli Welikoho kniastwa«. Літоўскія і жамойцкія арыстакраты тут называюцца імем, якое азначае як дзяржаву, так і народ, — Літва[25]. Не валадар, а літоўскія вяльможы і паны становяцца прадстаўнікамі народа. Літоўскія летапісы паслядоўна сцвярджаюць права шляхты свабодна выбіраць сабе валадароў. Сімвалічна, што летапісны аповед дынастыю Гедымінавічаў-Ягайлавічаў прыводзіць да ўлады шляхам свабодных выбараў. Бацька Гедыміна Віцень быў абраны ў літоўскія валадары пасля таго, як ад бацькоўскага стальца адмовіўся сын былога валадара Трайдзеня — манах Рымонт. Ён сказаў панам: „Wozmete sebe hospodara koho wola wasza budet». Праўда, ён параіў абраць такога, „chto by meł boronity toho panstwa, Welikoho kniażstwa Litowskogo»[26].
Сімвалічны сэнс у літоўскім наратыве набывае апісаная ў аповедзе сцэна забойства Жыгімонта Кейстутавіча. Забойтва валадара, які ператварыўся ў тырана, летапіс падае як законны ўчынак народа, што абараняе сваю свабоду. Гэткі ж сімвалічны сэнс мае і апісанне канфлікту паміж вялікім князем Аляксандрам і панамі-радай: паны выступаюць супраць свайго валадара, жадаючы абараніць законы дзяржавы і свае свабоды. Летапіс распавядае, што ў сойме ад імя ўсіх да Аляксандра звярнуўся віленскі біскуп — „пастыр дзяржавы і валадара» — і заклікаў яго паважаць правы паноў і самім ім дадзеныя Прывілеі. Сваю прамову біскуп скончыў словамі: «„…a ieśli by choteł chto ich łamaty, boże msty każdomu takowomu». Y skoro to biskup wymowił, natychmest korola zabiła nemoc paralitykowa»»[27]. Так у літоўскіх гістарычных аповедах правы і свабоды паноў падтрымліваюцца Божай воляй, а таго, хто робіць замах на свабоду народа, чакае гнеў Божы. Віленскі біскуп нагадвае богабаязнаму валадару пра яго абавязак — паважаць права народа. У адрозненне ад маскоўскага аповеду, у літоўскім не валадар, а свабода народа дадзены ад Бога. Ідэалу свабоднага самадзержца, што навязваецца Масквой, Вільня ўскосна супрацьпастаўляе канцэпцыю ідэі свабоднага валадара свабоднага народа.
Такім чынам, ужо ў пачатку XVI ст. віленскія тэксты прадстаўлялі канцэпцыю свабоднага народа, якая паслядоўна вырошчвалася ў палітычных і прававых спрэчках, у барацьбе за суверэннасць дзяржавы на працягу ўсяго XV ст. Напярэдадні прыняцця Люблінскай уніі канцэпцыя вольнага народа выкрышталізавалася ў ідэю свабоднай і незалежнай рэспублікі — Вялікага Княства Літоўскага, якая больш ці менш настойліва, але адстойвалася аж да заняпаду Рэчы Паспалітай — „Рэспублікі Абодвух Народаў».
Масква ж аповед пра рымскае паходжанне сваіх уладароў пераўтварыла ў тэорыю перадачы імперыі — translatio imperii — і знайшла ёй не толькі гістарычнае, але і касмалагічнае абгрунтаванне. Тым часам літоўская дактрына, а разам з ёю і супольная дзяржаўная ідэалогія Рэчы Паспалітай тэорыю translatio imperii, глыбока закаранёную ў заходняй традыцыі, трансфармавала ў ідэю translatio rei publісае: гісторык Мацей Стрыйкоўскі, воін, які служыў у арміі ВКЛ і прымаў удзел у бітвах з Масквою, абвясціў Літву і Польшчу спадкаемцамі вольнасцяў і славы старажытнай Рымскай рэспублікі.
Супрацьстаянне маскоўскай і літоўскай парадыгмаў яшчэ болей праявілася ў другой палове XVI ст., пад час Інфлянцкай вайны. Менавіта ў гэты час у спрэчках з Польшчай наконт Люблінскай уніі дзяржаўная ідэалогія ВКЛ развілася да дактрыны Літоўскай Рэспублікі. У палемічных літоўскіх тэкстах гэтага перыяду вызначаецца разуменне літоўскай дзяржавы як грамадзянскай супольнасці, грамадзянскага саюзу. Не Рэспубліка належыць валадару, а валадар — Рэспубліцы, — абвяшчаў віленскі войт Аўгустын Ратунд. На яго думку, літоўцы „глядзелі і глядзяць на сваіх вялікіх князёў не як на валадароў, а як на айцоў айчыны», бо „наш валадар нічога свайго не мае, ён не лічыць дзяржаву сваёй уласнасцю, а дзеліцца ёю з намі». Манарх абавязаны падпарадкоўвацца законам, інакш ён пераўтворыцца ў тырана, якога „Літва не будзе цярпець». Але літоўцы вераць, што нашчадкі Палямона Ягайлавічы „ніколі не будуць варожымі рэспубліцы, правам і свабодам»[28]. Так міф пра рымскае паходжанне літоўцаў злучыўся з міфам літоўскай Рэспублікі. Пасланнікі Літвы абаранялі на Люблінскім сойме «свабодную рэспубліку Вялікага Княства Літоўскага (wolnuju rzecz pospolitu Wielkiego Księstwa Litewskiego)» не толькі ад „братоў палякаў», але і ад самога валадара. Якраз перад прыняццем Люблінскай уніі ў ВКЛ распаўсюдзілася шляхецкая аўтаномія — былі ўведзены павятовыя соймікі, а так сама суды, якія абіраліся шляхтай. Так закладваўся фундамент шляхецкай дэмакратыі.
А тым часам у Маскве Іван IV замацоўваў і ўзмацняў адзінаўладдзе ўладара. Пад час яго валадарання дактрына Масквы абгрунтоўвалася таксама ідэалогіяй тэрору. Прыдворны караля Іван Перасветаў, які ўцёк з Літвы ў Маскву, яшчэ ў 1549 г. перадаў цару свой праект рэформаў, у якім ён заклікаў кіраваць Маскоўскай дзяржавай на ўзор турэцкага султана і ўмацоўваць правасуддзе пры дапамозе „грозы»: „невозможно царю без грозы монархию сохранить, без грозы невозможна в монархии правда»[29].
Абвясціўшы сябе нашчадкам рымскіх імператараў, маскоўскі вялікі князь спасылаўся на атрыманае ў спадчыну ад продка Пруса права не толькі на Інфлянты, але і на Літву[30]. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ён прапанаваў рымскаму імператару Максіміліяну II падзяліцца Літвой і Польшчай: нямецкі кароль далучыў бы польскія землі, а Масква — Вялікае Кнства Літоўскае ды Інфлянты[31]. У сваіх лістах Іван IV называў ВКЛ стварэннем, „якое пярэчыць волі Божай». Літоўскі князь „нічым сам не кіруе, але горшы за апошняга нявольніка — ад усіх атрымлівае загады, а сам нікому не загадвае». Маскоўскія валадары „пасаджаныя ў сваёй самаўладнай дзяржаве ўсемагутным Богам», а цябе, гаварыў Іван IV Жыгімонту Аўгусту, „пасадзілі твае паны — пашкадавалі цябе і далі табе дзяржаву»[32]. Каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Стэфану „Иван Васильевич всеа Руси самодержецъ» тлумачыў: „Государствуем от великаго Рюрика 717 летъ, а ты вчера <…> тебя по Божей милости избрали народи и страны королевства Полскаго, да посадили тебя на те государствуя устраивати их, а не владети ими. А они люди во своей поволности, а ты им на маистате всей земли присягаешь, а нам всемогущая десница Божия дала государство, а от человекъ нихто же, <…> своим людем креста не целуем»[33]. Маскоўскі валадар катэгарычна адвяргаў версію пра рымскае паходжанне літоўскіх паноў. „А пишешь, что ты — Палемонова рода, так ведь ты — полоумова рода», — здзекаваўся Іван IV з літоўскага князя Аляксандра Палубінскага, які абараняў Інфлянты. І наогул, літоўскія валадары Гедымінавічы — самазванцы, яны несапраўдныя, незаконныя[34]. Літоўскаму свавольству Іван IV супрацьпастаўляў неабмежаваную ўладу маскоўскіх валадароў — „самадзерцаў Божай літасцю», іх „самадзяржаўе» мае боскую прыроду. Толькі такое ўладкаванне дзяржавы адпавядае Божай волі і сапраўднай хрысціянскай веры. Палітычнае супрацьстаянне Літвы і Масквы набыло тэалагічны характар. Іван IV катэгарычна адвяргаў сцвярджэнне Жыгімонта Аўгуста, што „Госпад стварыў чалавека і падараваў яму гонар і свабоду», таму абавязак хрысціянскага валадара — „абараняць гонар і годнасць людзей». „Свабоды не было ніколі», — упарта пярэчыў маскоўскі вялікі князь. „Госпад — самадзержац, ён нікому не падуладны», гэткім самым павінен быць і той, хто кіруе дзяржавай. А літоўскі валадар знаходзіцца ў палоне сваіх падданых, і „гэта падман антыхрыста ды пагібель: вы, якія трапілі ў лацінскую ерась, разарвалі пагадненне з Богам, сталі яго ворагамі, звязаліся з антыхрыстам»[35].
У ВКЛ маскоўскі лад, які не адпавядаў народнаму праву і хрысціянству, расцэньваўся як тыранія і варварства, валадар Масквы — тыран, варвар і монстр, які парушае Божую волю і міжнароднае права. Андрэй Волан у сваім творы „Пра палітычную або грамадзянскую свабоду» (De libertate politica sive civili) (1572), адрасаваным канцлеру ВКЛ Мікалаю Радзівілу Рудому — „першаму абаронцу Рэспублікі» (primus praeses Reipublicae), казаў пра „Літоўскую рэспубліку» (res Lituana) як антытэзу маскоўскай тыраніі. У Маскве „пануе тыран, які кіруецца сваімі капрызамі, і законам ён называе ўсё тое, што падказвае яму яго бязлітасны розум, праз такую беззаконнасць гонар і маёмасць людзей не могуць быць у небяспецы; як слушна гаварыў Арыстоцель, над такімі супольнасцямі людзей валадарыць не Бог, а звер. А наш народ паклапаціўся пра спакой у дзяржаве і ўсеагульную свабоду — жорсткімі рамкамі закона ён абмежаваў свайго валадара». І цяпер зразумела, што „ні ў якой Рэспублікі няма больш высакароднага і карыснага памкнення, чым свабода», — зрабіў выснову Волан[36]. Князь Андрэй Курбскі, які ўцёк ад Івана ІV у ВКЛ, абвінавачваў у лістах свайго былога валадара ў тым, што ён разбурыў рэспубліку і адвярнуўся ад Хрыста, а свой лёс ён прыпадабняў да лёсу выгнанага з Рыма Цыцэрона і цытаваў перакладзенага з лацінскай мовы філосафа: „Можешь ли ты быть гражданином, если по твоей милости перестает существовать град? <…> вместе со мной [з горада] изгнана и вещь общчая [рэспубліка]»[37]. Гэтае атаясамліванне сябе з Цыцэронам, які абараняў свабодную Рэспубліку, — сімвалічнае дзеянне. Яно сведчыць не толькі пра яўнае супрацьстаянне дзяржаўных дактрын Вільні і Масквы, але і пра тое, што ідэя рэспублікі не была чужой для маскоўскіх паноў.
Трывалы фундамент у аснову ідэалогіі літоўскай Рэспублікі заклаў пацверджаны ў 1588 г. вялікім князем Жыгімонтам ІІІ Вазам Трэці Статут ВКЛ, выдадзены падканцлерам Львом Сапегам. Менавіта на гэты тэкст амаль тры стагоддзі абапіралася дактрына літоўскай Рэспублікі. Люблінская унія 1569 г. у ВКЛ была ўспрынята як „пахаванне незалежнай рэспублікі Вялікага Княства Літоўскага», а Трэці Статут — як заснаванне літоўскай Рэспублікі, пацвярджэнне і абарона правоў і вольнасцяў грамадзян ВКЛ. Рэспубліка — аб’яднанне свабодных людзей — прадстаўлена ў Статуце як заснаваны продкамі ў старадаўнія часы інстытут, які прысягнуў захоўваць і цяперашні валадар. Статут — самім народам створаны „ахоўнік свабоды», якому павінен быць паслухмяны і сам валадар. „И то есть наша вольность, которою се мы межи иншыми народы хрестиянскими хвалим же пана, ижбы водле воли свое, а не водле прав наших пановал, над собою не маем, а яко славы учстивое, так живота и маетности волно уживаем. <…> тую владзу и вольность у руках своих маем, а права сам и собе творачы», — пісаў Леў Сапега ў Прадмове да ўсіх станаў Вялікага Княства Літоўскага[38].
Антытэза маскоўскай тыраніі і літоўскай Рэспублікі заставалася вострай і ў тэкстах XVII—XVIII ст. Яна лягла ў аснову твора езуіта Альберта Каяловіча пад назваю „Historia Lituana» — падручніка па гісторыі Літвы. У гэтым творы Літва паказана як адзіная ўзаконеная аб’яднальніца ўсіх зямель Русі, спадчынніца Кіева. Катэгарычна адмятаюцца прэтэнзіі на Кіеў з боку Масквы і з боку Польшчы: „У часы Рурыка наўрад ці рускія плямёны чулі пра маскалёў, хутчэй за ўсё, зусім іх не ведалі, бо так называлі толькі тых, хто пражываў непасрэдна ў Маскве і яе ваколіцах. Як ніхто i ніколі не зможа сцвярджаць, што Масква не належала Рурыку, так і ўсе людзі, якія пазнаёміліся з гісторыяй, не прызнаюць за маскоўскімі князямі права на ўладанні Рурыка i яго нашчадкаў». Масква — гэта новая, штучная палітычная вытворная, якая не мае ніякіх гістарычных традыцый. Літоўскі гістарычны наратыў падкрэслена супрацьпастаўляе літоўскі і маскоўскі лад. Літва — „Рэспубліка свабодных людзей» — абараняе жыхароў Русі ды Інфлянтаў ад тыраніі маскоўцаў, высакародна гарантуе ім усе правы і свабоды. Масква — „краіна дзікіх людзей — парушае свяшчэнныя нават для дзікіх правы, нахабна можа парушыць права любога народа». У старадаўнія часы, пасля таго як літоўскія князі далучалі да сваіх уладанняў і рускія землі, „яны клапаціліся не пра што іншае, як пра свабоду Русі». Яны імкнуліся паказаць, што свабода Русі даражэйшая для іх, чым для рускіх валадароў. Такім чынам, Літва абараняла i давала русінам свабоду, Масква — тыранію[39].
Аж да канца XVIII ст. ВКЛ захавала паняцце самастойнай Рэспублікі. У яго палітычнай культуры гістарычная міфалогія набыла ўпаўнаважвальны, імператыўны характар. Яна мела ўплыў на грамадскія паводзіны, на палітыку краіны. Гістарычны наратыў дыктаваў пэўныя правілы ў грамадскім жыцці, заахвочваў клапаціцца пра самастойную будучыню дзяржавы.
„Браты! Грамадзяне! Сыны! Сяляне! Людзі свабоднай краіны, далучайцеся да мяне, і мы разам будзем абараняць законы, свабоду і зняважаную чалавечнасць!» — такімі словамі пад час паўстання Тадэвуша Касцюшкі заклікаў ліцвінаў абараняць сваю Рэспубліку знакаміты ў тыя часы прапаведнік, член Вышэйшай Рады Народа Літвы Міхал Карповіч. У сваёй пропаведзі, прамоўленай перад ваярамі i мяшчанамі Вільні, ён абапіраўся на класічныя выказванні Перыкла ды Цыцэрона і тлумачыў, чым адрозніваецца свабодны „ваяр Рэспублікі» ад „ваяра тырана». „Ваяр-грамадзянін» ахвяруе сваім жыццём дзеля свайго дома, сваёй сям’і, дзеля „свайго права на свабоду і незалежнасць, дзеля радзімы, народа, дзеля аднолькавых для ўсіх законаў», а „ваяр тырана — гэта ўзброены разбойнік, запраданы непрадказальным капрызам свайго пана», ён не ведае, „што гэтае такое — быць грамадзянінам, ён не разумее, што такое радзіма, не ўсведамляе, што такое правы чалавека». Літоўцы з даўніх часоў былі „ваярамі свабоднага народа», маскалі — „бяздушнымі машынамі, палачамі свабоды», што служаць тырану[40]. Ідэя дзяржавы як свабоднай Рэспублікі i ідэалы грамадзянскіх свабодаў у канцы XVIII ст. былі дамінантнымі ў грамадскім дыскурсе ВКЛ. Гэтыя ідэі абаранялі і тыя літоўскія вяльможы, якія спрабавалі ўмацаваць сваю ўладу з дапамогаю расійскай арміі. Генерал Сымон Касакоўскі рабіў усё, каб уступленне расійскай арміі ў ВКЛ у 1792 г. не пярэчыла мясцовым законам. Больш за тое, самі расійскія генералы меркавалі, што яны дапамагаюць Касакоўскім абараняць правы і свабоды шляхты ад рэформаў, якія „разбураюць Рэспубліку». Расійскі генерал Мікалай Арсеннеў у размовах з жыхарамі Вільні здзіўляўся, што расіяне, самі не свабодныя, абараняюць правы і свабоды іншых людзей, і прызнаваўся, што калі б у расіян былі такія правы, то і яны б іх таксама абаранялі[41].
Літоўскі гістарычны наратыў захаваў імператыўную сілу i пасля падзення Рэспублікі Абодвух Народаў. Прыкладна ў 1811 г. расійскаму цару быў адасланы падрыхтаваны літоўскімі вяльможамі праект маніфеста стварэння Вялікага Княства Літоўскага. Прапаноўвалася адрадзіць ВКЛ разам з Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернямі, з прызначанымі царом губернатарамі Вялікага Княства, рэзідэнцыі якіх знаходзіліся б у Вільні, і з Літоўскім Статутам[42].
У знойдзеным у 1863 г. у кватэры літоўскага паўстанца ў Менску катэхізісе можна прачытаць такія пытанні і адказы на іх: „Ты літовец? Літовец Божай літасцю; Хто такі літовец? Той, хто верыць у свабоду і шануе Статут»[43]. Палітычная свабода асобы і права нават у сярэдзіне XIX ст. называліся найважнейшымі складнікамі літоўскай ідэнтыфікацыі.
А тым часам у Расіі, якая ўзнікла на грунце Маскоўскага княства, у XVIII ст. з’явіліся надзеі на просты перанос імперыі, на тое, што ў недалёкай палітычнай рэчаіснасці ўдасца ажыццявіць ідэю Трэцяга Рыма. Сакратар Кацярыны II у 1789г. у сваім дзённіку запісаў такія словы імператрыцы: „Грэкаў можна ажывіць. Канстанцін [унук імператрыцы] — хлопчык добры. Пасля 30 гадоў ён выправіўся з Севастопаля ў Царград. Мы цяпер [туркам] рогі абламваем, а да таго часу ўжо будуць абламаныя, і яму будзе лягчэй». Расійская імператрыца ўважліва вывучала і падрыхтаваны графам Пацёмкіным праект заваявання Персіі, а ў 1793 г. чытала свайму сакратару „Радавод Літоўскіх князёў», пісаннем якога займалася сама Яе Вялікасць[44].
Пераклала Жана Некрашевіч-Кароткая
[1] Синицина Н. В. Третий Рим. Истоки и эволюция русскойсредневековой концепции. Москва, 1998. С. 67, 74—76, 97—110.
[2] Ibid. С. 118.
[3] Памятники дипломатических сношений древней России сдержавами иностранными. Т. 1. С.-Петербург, 1851. С. 66—68.
[4] Успенский Б. А. Избранные труды. Т.I. Семиотика истории. Семиотика культуры. Москва, 1996. С. 86-87, 103.
[5] Zbior praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Оprac. A. T. Działyński. Poznań, 1841. S. 62.
[6] Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiełłonów. T.I. Warszawa, 1930. S. 401-402.
[7] Gudavičius E. Lietuvos istorija. Nuo seniaususių. іkі 1569 metų. T.I. Vilnius, 1999. P. 408.
[8] Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376-1430. Oprac. A. Prochaska. Cracoviae, 1882. S. 814-817, 836-837.
[9] Zbior praw litewskich. S. 34.
[10] Akta Aleksandra Króla Polskiego, Wielkiego Księcia Litewskiego (1501-1506). Wydał F. Papéé. Kraków, 1927. S. 442-448.
[11] Papéé F. Aleksander Jagiełłończyk. Kraków, 1999. S. 75.
[12] Дмитриева Р. П. Сказание о князьях владимирских. Москва —Ленинград, 1955. C. 71-75, 109.
[13] Синицына Н.В. Op. cit. C. 143, 171-172.
[14] Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). T. 35.Москва, 1980. C. 128.
[15] Rowell S.C. „Amžinos pretenzijos arba kaip turime skaityti elitinę literatūrą?». Seminarai, red. A. Jokubaitis ir A. Kulakauskas.Vilnius, 1998. P. 14, 24.
[16] ПСРЛ. Т. 35. С. 128.
[17] Ibid. С. 129, 146, 151.
[18] ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 153.
[19] Дмитриева Р. П. Оp. cit. С. 159-165, 171-178.
[20] Ibid. С. 163-164.
[21] Ibid. С. 166-170.
[22] Ibid. С. 163, 193.
[23] ПСРЛ. Т. 32. С. 152.
[24] Wiiuk Koiałowicz A. Historiae Litvanae pars prior. Dantisci, 1650.С. 11-20; Historiae Litvanae pars altera. Antwerpiae, 1669. С. 91,248; Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmodzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т.I. S. 238-239, 300; Т. 2. S. 170.
[25] ПСРЛ. Т. 32. С. 160.
[26] Ibid. С. 136.
[27] Ibid. С. 171.
[28] Rozmowa Polaka z Litwinem // Senoji Lietuvos literatūra. Kn. 5. Vilnius, 2000. P. 262.
[29] Пересветов И. Сочинения. Москва — Ленинград, 1956. C. 267.
[30] Послания Ивана Грозного. Москва — Ленинград, 1951. C. 379;Stryjkowski M. Op. cit. Т. П. S. 426.
[31] Памятники дипломатических сношений… 1851. C. 528—529.
[32] Послания Ивана Грозного. C. 430-431; Переписка Ивана Грозногос Андреем Курбским. Ленинград, 1979. C. 156.
[33] Памятники литературы Древней Руси: Вторая половина ХVIвека. Москва, 1986. C. 175-179.
[34] Послания Ивана Грозного. C. 380-381, 430.
[35] Ibid. C. 419-420, 431, 437-438.
[36] Volanas A. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1996. P. 50-54, 76.
[37] Переписка Ивана Грозного с Андреем Курбским. C. 112, 174.
[38] Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага 1588. Мiнск, 1989. C. 47, 350.
[39] Wiiuk Koiałowicz A. Historiae Litvanae Pars prior. C. 64, 260—261;Historiae Litvanae Pars altera. С 276, 355-358, 382-383, 393-394.
[40] Mykolas Pranciškus Karpavičius. Rinktiniai pamokslai. Vilnius,2003. P. 357, 363-366.
[41] Dolinskas V. Simonas Kosakovskis. Politinė ir karinė veikla Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje 1763-1794. Vilnius, 2003.P. 591.
[42] „Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės įkūrimo manifestas», Lietuvos atgimimo istorijos studijos. T. 3. Lietuvos valstybės idėja (XIX a. —XX a. pradžia). Vilnius, 1991. С 303-309.
[43] Aleksandravičius E., Kulakauskas А. Саrų valdžioje. XIX amžiaus Lietuva. Vilnius, 1996. P. 24.
[44] Памятные записки А. В. Храповицкаго статс-секретаря Императрицы Екатерины Второй. Москва, 1862. C. 208, 259, 291.