Кастусь Шыдлоўскі. Друйскі Барысаў камень (з гісторыі вяртання і даследавання)
Барысавы камяні, паводле сучасных энцыклапедычных i даведачных выданняў, — гэта манументальныя помнікі эпіграфікі ХІІ ст. на тэрыторыі Беларусі. Яны сустракаюцца ў басейне Дзвіны. Прычым большая частка іх была выяўлена ў рэчышчы гэтай найважнейшай гандлёвай артэрыі, якая забяспечвала сувязь значных славянскіх абшараў з Балтыйскім рэгіёнам. Арэал распаўсюджвання Барысавых камянёў супадае з межамі Полацкага княства ХІІ ст.
На паверхнях даволі значных па памерах камлыг высечаны крыжы і надпісы, у якіх згадваецца імя Барыса. Гэтае імя звычайна адносяць да полацкага князя Барыса Ўсяслававіча (? — 1128), сына зна камітага полацкага ўладара Ўсяслава Чарадзея. Агулам было выяўлена і зафіксавана 7 Барысавых камянёў. Даследчыкі выказваюць меркаванні, што іх існавала значна болей. На двух валунах у надпісах няма імя князя Барыса, і таму некаторыя вучоныя выключаюць іх з агульнага спіса[1]. Ад часу адкрыцця і ўводу ў навуковы зварот выказаны дзесяткі меркаванняў наконт прызначэння Барысавых камянёў. Паводле некаторых з іх, велізарныя камлыгі да прыняцця хрысціянства з’яўляліся язычніцкімі фетышамі. Пазней, у эпоху змагання хрысціянства з праявамі старой веры, на іх былі высечаны крыжы і хрысціянскія тэксты, што ўслаўлялі князя. Надпісы звязваюць таксама з вялікім голадам, выкліканым шэрагам неўраджайных гадоў, які прыпаў на княжанне Барыса[2].
Усе Барысавы камяні былі выяўлены і апісаны да канца XIX ст. Сярод шматлікіх прац гэтага перыяду варта вылучыць кнігу вядомага гісторыка, археографа Аляксея Сапунова (1851—1924) „Дзвінскія, ці Барысавы камяні»[3]. Манаграфія змяшчае падрабязныя апісанні помнікаў даўніны, якасны ілюстрацыйны матэрыял, асабліва каштоўны цяпер, у сувязі з тым, што значная частка Барысавых камянёў аказалася знішчанай. Пасля А. Сапунова ў працах даследчыкаў пераважалі спробы асэнсаваць прызначэнне валуноў і ix надпісы. Грунтоўны агляд найважнейшых публікацый па дадзенай тэматыцы зрабіла беларускі археолаг Людміла Дучыц[4]. На момант апублікавання агляду для даследчыкаў былі дасягальнымі толькі два Барысавых камяні. Ацалеў адзін з самых вялікіх валуноў, які знаходзіўся ў Заходняй Дзвіне ля вёскі Падкасцельцы, што непадалёк ад Полацка. Цяпер ён устаноўлены побач з Полацкім Сафійскім саборам. Самы малы з групы Барысавых камянёў з наваколля Дзісны ў 1879 г. быў вывезены ў Маскву. Камень экспанаваўся ў музеі Археалагічнага таварыства, Гістарычным музеі, пазней патрапіў у музей-запаведнік „Каломенскае». Астатнія валуны былі знішчаны чалавекам пры розных акалічнасцях. Незразумелым заставаўся лёс Барысавага каменя, які знаходзіўся ў межах мястэчка Друя, што на Браслаўшчыне. Калі ім пасля доўгага перапынку зацікавіліся даследчыкі, валуна не аказалася на месцы, апісаным у працах.
Людміла Дучыц, якая на працягу 1970-90-х г. даследавала шэраг археалагічных помнікаў Браслаўшчыны, першай сярод даследчыкаў звярнула ўвагу на тое, што гэты камень не быў знішчаны ў выніку гаспадарчай дзейнасці і што ёсць шанец яго адшукаць. Папярэднія даследаванні дазволілі вызначыць прычыну знікнення валуна.
Камлыга даволі значных памераў знаходзілася ля берага ракі Друйкі ў самых сутоках яе з Дзвіной. Пры звычайным узроўні вады на паверхні знаходзіўся ладны кавалак каменя з крыжам і надпісам. Напрыканцы 1930-х г. на Друйцы ў межах паселішча ўтварыўся вялізны ледзяны затор, які пагражаў чыгуначнаму і дарожнаму мастам. Затор ліквідавалі з дапамогай выбухаў. У выніку месіва лёду і вады панеслася ў бок Дзвіны. Барысаў камень, які перажыў да таго сотні павадкаў і крыгаходаў, не ўстаяў — крыгі перакулілі камлыгу, зацягнулі яе ў больш глыбокае месца рэчышча, дзе валун паступова занесла пяском. Стала занікаць і памяць пра камень. Прынамсі, сярод мясцовых жыхароў ён не шанаваўся, крыжу і надпісу не надавалі асаблівага значэння. З гэтай прычыны Друйскі камень, які знаходзіўся не ў якім аддаленым урочышчы, а ў межах значнага паселішча, доўгі час не быў вядомы даследчыкам. Адкрылі яго апошнім сярод Барысавых камянёў. Зрабіў гэта ў сярэдзіне 1890-x г. Аляксей Сапуноў, — ужо пасля выхаду манаграфіі, прысвечанай Барысавым камяням. Вось чаму некаторыя пазнейшыя даследчыкі не ўлічвалі Друйскі пісанік у сваіх працах. Апісанне і якасную замалёўку помніка А. Сапуноў змясціў у выданні, падрыхтаваным сумесна з А. Друцкім-Любецкім, — „Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии» (Віцебск, 1896). Дарэчы, для гісторыка было дзіўным, проста невытлумачальным, чаму помнік не быў адкрыты раней і чаму ён малавядомы сярод мясцовых жыхароў. Друя ў канцы ХІХ ст. лічылася горадам, налічвала каля 6 тыс. чал. насельніцтва. Паселішча мела багатую гісторыю, адметную гістарычна-архітэктурную спадчыну. З пачатку ХVІІ ст. горад карыстаўся магдэбургскім правам, быў буйным рамесным і гандлёвым цэнтрам Падзвіння. У ХVІІІ ст. тут дзейнічала каля 20 храмаў, тры манастыры. Відавочна, што ў горадзе была праслойка адукаваных людзей. Тым не менш, калі ў 1864 г. Друю наведаў мастак і археолаг Дзмітры Струкаў, які выяўляў помнікі даўніны, пра камень яму не паведамілі. Струкаў пакінуў 16 замалёвак вартых увагі помнікаў і мясцін у Друі, дзённікавыя запісы, але ў іх звесткі пра валун адсутнічаюць. Вернемся, аднак, да А.Сапунова. У раздзеле кнігі, прысвечаным Друі, даследчык піша: „…В Друе на самом берегу Двины, саженях в 50 ниже впадения в неё реки Друйки насупротив Спасской церкви находится Борисов камень. Замечательно, что о кресте с надписью на этом камне до сих пор решительно никто не знает даже в самой Друе, правда и мне удалось разобрать только часть надписи, попытки сфотографировать надписи удались не вполне, так как камень сильно выветрился. Камень, красноватый валун в окружности более 11 аршин нижняя часть его отколота, весной и осенью камень совершенно покрывается водой. Шестиконечный крест расширяется к концам, длиной 1 аршин 12 вершков, надпись
далее я не мог ничего разобрать, хотя следы букв несомненны. Форма креста, характер букв надписи на друйском камне совершенно такие же, как на других так называемых Борисовых камнях…»[5].
Звернем увагу на тую акалічнасць, што валун першапачаткова знаходзіўся непадалёк ад царквы Святога Спаса. Аказалася, жыхары Друі называлі камень Спасаўскім і звязвалі крыж з надпісам з гэтым храмам, што засведчылі старыя жыхары мястэчка напрыканцы ХХ ст.
Пасля А. Сапунова Друйскім каменем ніхто спецыяльна не зацікавіўся, хаця даследчык адзначыў, што поўны тэкст яму прачытаць не ўдалося. У 1920-я г. была зроблена фотафіксацыя помніка. У гэты час помнікі друйскай даўніны даследавала група польскіх навукоўцаў, у складзе якой знаходзіўся знакаміты фатограф Ян Булгак. Здымак Булгака, выдатны па якасці, не быў, аднак, прыдатны для далейшага вывучэння надпісу.
У 1982—84 г. працамі па выяўленні і лакалізацыі валуна з надпісам кіравала Людміла Дучыц. У пошуках удзельнічалі аквалангісты-аматары з Дзяржаўнага музея Беларусі і спартыўна-тэхнічнага клуба МТЗ. Пад вадой прасочвалася вялікая камлыга, большая частка якой была занесена пяском. Даследавалі кожны квадратны сантыметр даступнай паверхні, аднак рукатворных знакаў выявіць не ўдалося, былі толькі добра заўважныя глыбокія драпіны і расколы прыроднага паходжання. Вызваліць камень ад наносаў і перамясціць на бераг экспедыцыя не магла, бо не мела адпаведнага фінансавання. Працы аднавіліся ў другой палове 1980-х г. у звязку з планамі ўзвядзення плаціны Даўгаўпілскай ГЭС. Чакалася, што ў раёне Друі ўзровень вады ў Дзвіне падымецца на некалькі метраў, а ў такім разе помнік мог быць страчаны назаўсёды. Працы праводзіліся па ініцыятыве стваранага ў Браславе музея. Высокі ўзровень вады на працягу некалькіх летніх сезонаў, а пазней крызіс у дзяржаве не дазволілі давесці справу да канца. Дарэчы, дзякуючы апошняй акалічнасці былі прыпынены і працы па ўзвядзенні плаціны каля Даўгаўпілса.
У 2002 г. выдалася надзвычай сухое і спякотнае лета. Узровень вады ў Дзвіне ўпаў настолькі, што раку каля мястэчка можна было пераходзіць уброд. Друйка наогул бруілася плыткім струменьчыкам. Фрагмент валуна чырванаватага колеру з’явіўся на паверхні. Па ініцыятыве кіраўнічкі мясцовай улады Людмілы Шумчык пачаліся працы па перамяшчэнні валуна на бераг. Для гэтага выкарыстоўвалася меліяратыўная тэхніка. Справа аказалася не такой простай. Толькі 23 кастрычніка камлыгу, вагу якой спецыялісты ацэньвалі ў 20—30 тон, удалося ўстанавіць на высокім беразе Друйкі, у той частцы паселішча, якая называецца Вусцем. У ходзе прац валун разваліўся на тры кавалкі па трэшчынах, якія былі зафіксаваны аквалангістамі экспедыцыі Л. Дучыц. Крыж i надпіс знаходзяцца на самым вялікім кавалку, пашкоджанай аказалася верхняя частка крыжа[6].
Выяўленне Друйскага Барысавага каменя даволі шырока асвятлялася ў прэсе. Аднак помнік, па сутнасці адкрыты наноў, не прыцягнуў увагі даследчыкаў. Між тым, ёсць падставы сцвярджаць, што Друйскі пісанік можа аказацца адным з найбольш цікавых Барысавых камянёў. Яшчэ А. Сапуноў адзначыў, што апрача звычайнай формулы з упамінаннем імя Барыса на паверхні валуна выяўляюцца рэшткі іншага тэксту, моцна пашкоджанага выветрываннем. На спробе прачытання гэтага надпісу і трэба было б сканцэнтравацца сучасным даследчыкам, пасля таго як помнік стаў даступным. Прычым марудзіць не варта, бо працэсы выветрывання цяпер аднавіліся і нават актывізаваліся.
Звернемся да замалёўкі каменя, выкананай А. Сапуновым. На іншых Барысавых камянях формула-заклінанне размяшчаецца больш-менш сіметрычна адносна крыжа. Тут жа кампазіцыя зусім іншая. Пад верхняй і ніжняй перакладзінамі крыжа сіметрычна размешчаны толькі літары ІС ХС, NH KА. Асноўны тэкст формулы знаходзіцца злева ад вертыкальнай стойкі крыжа. Прыблізна такі ж па аб’ёме тэкст павінен быць і з правага боку. А. Сапуноў здолеў разабраць тут усяго 4 літары, якія пазначыў на замалёўцы. Астатнія літары паспрабавалі прачытаць краязнаўцы Друйскай школы пад кіраўніцтвам настаўніка Міхаіла Ставіцкага. Даследаванні праводзіліся метадычна ў розныя поры года, з прыцягненнем дапаможных сродкаў. Напрыклад, у паглыбленні насыпаўся пясок, заціраўся снег, у летнюю спёку камень абліваўся вадой. Этапы працы фіксаваліся на лічбавую камеру, здымкі апрацоўваліся на кампутары. Але найбольшы эфект даў наступны спосаб. На паверхню валуна з літарамі быў пакладзены аркуш тэхнічнай фольгі, які стаў апрацоўвацца гумовым малатком. На фользе адбіліся ўсе дэталі рэльефа валуна. З такім злепкам можна было працаваць у памяшканні, ужываючы фарбавальнікі, змяняючы вуглы крыніц асвятлення. Усё гэта дазваляла выяўляць літары, не вельмі заўважныя на самім валуне. У тэксце левай часткі школьнікі знайшлі фрагменты літар „С» і „У» са слова „БОРИСОУ». Таксама звярнулі ўвагу на тое, што слова „ РАБУ» пішацца з „О» — „РАБОУ». Гэтую літару А. Сапуноў прапусціў. У правай частцы выразна акрэсліліся 7 радкоў літар (асноўная формула злева размяшчаецца ў пяці радках). Максімальная колькасць літар у радку — 4. У сувязі з тым, што валун моцна пашкоджаны выветрываннем, значная частка літар расшыфроўваецца з цяжкасцю. Прачытаннем літар паралельна са школьнікамі займаліся супрацоўнікі Браслаўскага музейнага аб’яднання. Па некаторых пазіцыях меркаванні ўдзельнікаў працы з дзвюх груп не супадаюць. Але ў цэлым розніца паміж двума варыянтамі прачытання не вельмі істотная. Стала відавочна, што правы надпіс захаваўся не па ўсёй шырыні. Ён беззваротна загінуў пры пашкоджанні валуна ў даўнія часы (хутчэй за ўсё пры пераносе валуна крыгамі ледзянога затору). Шырыня знішчанага тэксту можа складаць каля 30—50%. Ці ёсць шанец прачытаць гэты надпіс? Адказ на такое пытанне могуць даць даследчыкі высокай кваліфікацыі, добра знаёмыя з палеаграфіяй, гісторыяй хрысціянства. Ёсць надзея, што аснову надпісу ў правай частцы складае нейкая фраза, якая ўжываецца ў традыцыйных хрысціянскіх надпісах. Пры павярхоўным знаёмстве з надпісам узнікае спакуса прачытаць у верхнім радку слова „АМИН(Ь)», наступным — „ИМЕ…», напрыканцы — „ТЯ ГОС(ПОДИ)».
Апошняе слова пасля знаёмства з рэшткамі надпісу павінны сказаць спецыялісты. Адназначна сцвярджаць можна толькі тое, што наяўнасць значнага тэксту ў дадатак да традыцыйнай формулы Барысавых камянёў вылучае Друйскі пісанік як адзін з самых адметных помнікаў гэтай групы. Помнік безумоўна варты ўвагі даследчыкаў. Патрабуецца не толькі яго вывучэнне, але і захады па захаванні каштоўнага валуна, які да гэтай пары нават не ўключаны ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
[1] Рыбаков Б.А. Русские датированные надписи // Археология СССР — САИ. Вып. Е1-44. Москва, 1964. С. 26-27.
[2] Ляўкоў Э. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мінск, 1992. С. 101,109.
[3] Сапунов А. Двинские или Борисовы камни. Витебск, 1890.
[4] Дучыц Л. Барысавы камяні (гістарыяграфічны агляд) // ВесціАН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1985. №4. С.69-73.
[5] Сапунов А., Друцкий-Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисненского и Виленского уездов Виленской губернии. Витебск, 1896. С. 122.
[6] Падрабязней гл.: Павет. Выданне краязнаўцаў Браслаўшчыны. № 7—8 (11—12). Кастрычнік — лістапад 2002; Шыдлоўскі К. Друйскі Барысаў камень. З гісторыі адкрыцця і даследавання // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы VІ навукова-краязнаўчай канферэнцыі. Браслаў, 2003. С. 109-112.