Аляксандр Груша. Крытычныя нататкі з нагоды новай працы Э. Гудавічуса.
Гудавичюс, Эдвардас. История Литвы. Т. 1. С древнейших времён до 1569 года. Москва: Фонд им. И.Д.Сытина, Baltrus, 2005. — 679 с.
З’яўленне ў Мінску рускамоўнай версіі „Гісторыі Літвы» Эдвардаса Гудавічуса выклікала пэўны ажыятаж. Кнігарні рассылалі рэкламныя праспекты кнігі, калегі-гісторыкі жыва цікавіліся адзін у аднаго, хто ўжо набыў кнігу. І не выпадкова: не так часта выходзяць сінтэзы па гісторыі Літвы, цесна звязанай з гісторыяй Беларусі, ды яшчэ такога масцітага аўтара, як Гудавічус. Асабіста я меў да кнігі „спажывецкі» інтарэс — мяне цікавілі не канцэптуальныя падыходы аўтара, а толькі некаторыя праблемы: як узнікла буйное землеўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей — ВКЛ); як сяляне трапілі ў асабістую залежнасць ад шляхты; як сфармаваўся погляд на ВКЛ як патрыманіяльнае ўладанне вялікага князя; як аўтар адносіцца да праблемы феадалізму на землях Літвы ў прыватнасці і ВКЛ наогул у святле апошніх даследаванняў „феадальных адносінаў» у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама праблемы, якія так ці інакш звязаны з папярэднімі. Усё гэта тыя з’явы, якія найбольш рэльефна адрозніваюць мінулае грамадства ад сучаснага: Сярэднявечча ад Найноўшага часу. Савецкая гістарыяграфія вырашала праблему проста: усё гэта з’явы феадалізму. Натуральна, ад такога тлумачэння з’явы не станавіліся больш зразумелымі. Мой пошук аказаўся марным: адны праблемы Гудавічус праігнараваў, іншыя растлумачыў з пункту гледжання „старой і добрай» савецкай гістарыяграфіі. Але і прапанаваныя тлумачэнні танулі ў пераліку фактаў палітычнай і ваеннай гісторыі. Таму ў сваім пошуку мне давялося прачытаць усю кнігу і пазнаёміцца з канцэптуальнымі падыходамі Гудавічуса. Тады мне стала зразумела, чаму мой пошук аказаўся марным. Але ўсё па парадку. Спачатку разгледзім асобныя палажэнні аўтара, потым зробім высновы.
Зыходным пунктам развіцця феадальнага грамадства Літвы, на думку Гудавічуса, з’яўляецца ўзнікненне індывідуальнай гаспадаркі, якую аўтар па пэўных прычынах называе нарвежскім словам „одаль». Паводле сцвярджэння Гудавічуса, у Літве ў XII ст. сфармаваўся „вялікі одаль», а ў першай палове XIII ст. — „малы одаль» (тэрміналогія Гудавічуса) (33). Апошні, як можна зразумець па вызначэнні аўтара, ужо меў паўсюднае пашырэнне (33). «У Літве ўзнікла одальнае грамадства індывідуальных сямей і індывідуальных гаспадарак, — падсумоўвае аўтар „Гісторыі Літвы». — Гэта было вельмі важным дасягненнем: зарадзілася тая самая грамадская мадэль, узнік той зыходны пункт, ад якога стартавала феадальнае развіццё сярэднявечнай Еўропы» (33). Тэрміны „вялікі одаль» і „малы одаль» — не што іншае, як „абмежаваны алод» і „поўны алод», паводле тэрміналогіі савецкага медыявіста А. І. Няўсыхіна[1]. З яго прац узята і сама канцэпцыя ўзнікнення залежнага сялянства, згодна з якой апошняе з’явілася ў выніку пераўтварэння зямельнага ўладання сялян у свабодна адчужальны алод з далейшым паступовым уцягненнем буйнымі зямельнымі ўласнікамі свабодных аладзістаў у пазямельную і асабістую залежнасць. Гэтая канцэпцыя была самай папулярнай у савецкай медыявістыцы, і яна добра вядома са школьных і студэнцкіх падручнікаў, па якіх вучыўся, у тым ліку, і аўтар гэтых радкоў. Гудавічус па нейкай прычыне не развіў названай канцэпцыі, хоць логіка выкладу гэтага і патрабавала[2].
Тое, што Гудавічус называе зыходным пунктам феадалізму, прымальна далёка не для ўсіх краін нават Заходняй Еўропы. І ў гэтым выпадку атаясненне одаля з тым інстытутам, які ў ВКЛ называўся вотчынай, з’яўляецца характэрным. А. Я. Гурэвіч убачыў глыбокую роднасную сувязь паміж нарвежскім одалем, нямецкім алодам і англійскім фольклэндам. Згодна са сцвярджэннем А.Я. Гурэвіча, одаль, падобна да алода і фольклэнда, будучы спадчынным зямельным уладаннем, на працягу ўсяго Сярэднявечча не пераўтвараўся ў свабодна адчужальную ўласнасць[3], — не гаворачы пра тое, што стаўленне да зямлі як да тавару сфармавалася толькі ў перыяд капіталістычных адносінаў[4]. Аргументацыя А. Я. Гурэвіча з’яўляецца, на нашу думку, слушнай не толькі ў цэлым, але і ў асобных палажэннях. Калі ўсё ж такі не ігнараваць відавочныя і добра вядомыя факты, то літоўская „вотчына»— як і варта было б назваць тое, што Гудавічус называе літоўскім „одалем» — у святле звестак А. Я. Гурэвіча з’яўляецца аналагам нямецкага алода, англійскага фольклэнда[5] і нарвежскага одаля, вельмі блізкая ў большай ці меншай ступені да апошніх у залежнасці ад тых ці іншых этапаў іх развіцця[6]. Ігнараванне кампаратывісцкіх метадаў даследавання іншы раз не дае магчымасці выявіць шэраг аналагічных фактараў і з’яў у гісторыі, з аднаго боку, краін Заходняй, з другога, Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, хаця яны надзвычай відавочныя. Як алод, фольклэнд i одаль, так і вотчына на пэўных этапах не магла свабодна адчужацца. Права яе адчужэння для літоўскіх баяр (якія прынялі каталіцкую веру) даў толькі земскі прывілей ад 20 лютага 1387г.[7]. Калі адчужэнне вотчыны і стала магчымым, то перадачы падлягала не больш за трэць вотчыны[8], але са згоды ўсіх „блізкіх». Іншыя дзве часткі дазвалялася толькі аддаваць у заклад. Суродзічы мелі пераважнае права куплі і выкупу адчужаных ад роду вотчын[9], права выкупу вотчын, якія былі перададзены без іх згоды[10], выкупу закладзеных частак вотчын[11]. Акт адчужэння вотчыны не заўсёды патрабаваў афіцыйнага санкцыянавання. Вотчынны надзел можна было адчужаць нават без „объявенья» гаспадару[12]. „Вотчына, такім чынам, належыць цэламу роду і пераход яе з уладання адной асобы ва ўладанне іншай здзяйсняецца паводле строга вызначаных правілаў»[13]. Шляхецкая вотчына стала страчваць уласцівыя ёй рысы не ў першай палове XIII ст., калі, на думку Гудавічуса, як пашыраная з’ява ўзнік так званы „малы одаль», а нашмат пазней — з 1566г., калі заканадаўчым шляхам было адменена палажэнне, згодна з якім дазвалялася адчужаць не больш за трэць вотчыны.
Неабгунтавана прыпісваючы вотчыне („літоўскаму одалю») рысы свабодна адчужальнага ўладання, Гудавічус праігнараваў той від землеўладання, для якога гэтыя рысы былі сапраўды характэрныя. Гэта вялікакняская „выслуга»-дараванне „навечность», якая, аднак, пачала фармавацца на шмат пазней. Трэба сказаць, што „вотчынны» погляд на ўладанне доўгі час быў настолькі моцным, што атрымальнікі выслугі (дакладней, іх спадкаемцы) пашыралі на гэтую выслугу ўяўленне пра яе як вотчыну. Вялікакняскія выслугі таксама даваліся „ў вотчыну». І толькі пры вялікіх князях Казіміры і Аляксандры дараванні перасталі атаесамляцца з родавым відам уладання і ператварыліся ў маёмасць, якую можна было адчужаць без абмежаванняў з боку роду. 3 часоў Аляксандра Казіміравіча зямельныя раздачы „ў вотчыну» амаль спыняюцца[14].
Вотчына і выслуга — два супрацьлеглыя полюсы ў сферы землеўладання. Вотчына належала роду, яна — здабытак роду ў непасрэдным сэнсе гэтага слова[15]; гэта родавае ўладанне, якое дасталася ў спадчыну. Вотчына магла проціпастаўляцца „власности», г. зн. таму, што „выпрацовано роботою» ды купляй, і наогул усялякаму „набытью»[16]. Стваральнік выслуг — вялікі князь. Выслуга давалася за службу вялікаму князю. Яна даравалася асобнаму прадстаўніку роду, таму належала толькі атрымальніку; выслугі „на вечность» пераходзілі ў спадчыну нашчадкам атрымальніка[17]. Даравальныя лісты спецыяльна абумоўлівалі, каму робіцца дараванне: „ему (г. зн. атрымальніку. — А. Г.) и его жоне, и их детемъ, и напотомъ будучымъ их щадкомъ», або яшчэ „и его ближнимъ»[18], прычым дараванні на карысць, у тым ліку „и ближнимъ», з самага пачатку не пераважалі, а паступова наогул амаль зніклі. Пры адчужэнні выслугі не існавала абмежаванняў з боку роду, але акт адчужэння патрабаваў дазволу вялікага князя[19].
Яшчэ раз падкрэслім, у адчужэнні выслугі, у адрозненне ад вотчыны, не існавала абмежаванняў з боку роду, што і садзейнічала яе мабілізацыі і размеркаванню. Значыць, не індывідуальная ўласнасць была стваральнікам вялікакняскай улады, а наадварот, вялікі князь з’яўляўся стваральнікам гэтай уласнасці. Калі прасачыць гісторыю буйных прыватных уладанняў у ВКЛ, то выяўляецца, што асноўным шляхам іх набыцця былі вялікакняскія „выслугі» — дараванні.
Такім чынам, няма падстаў сцвярджаць, што прапанаваная спачатку савецкай гістарыяграфіяй, а потым і Гудавічусам „грамадская мадэль» сапраўды адлюстроўвае шляхі развіцця літоўскага грамадства. У сувязі з гэтым трэба адзначыць наступнае. У аснову канцэпцыі, якую распрацоўваў у свой час А. І. Няўсыхін, лягло функцыянаванне інстытута „вернуты прэкарый». У аснове гэтага інстытута — адчужэнне права ўласнасці на зямлю дробным землеўладальнікам на карысць буйных, у выніку чаго дробны землеўладальнік пераўтвараўся ў трымальніка зямлі. Гэты інстытут знайшоў пашырэнне ў франкаў, аднак, напрыклад, ні ў Англіі (у саксонскі перыяд), ні ў Скандынавіі (радзіме одаля) ён не быў вядомы. У святле прыведзеных фактаў такія з’явы, як „одаль», з аднаго боку, „вернуты прэкарый» і распрацаваная на падставе гэтага інстытута канцэпцыя аб адчужэнні зямельнай уласнасці, з другога, не могуць суадносіцца адна з другой.
Праблема індывідуальнай уласнасці звязана з праблемай „феадалізму» і „феадальных адносінаў». Гэтыя паняцці, з аднаго боку, па прычыне „сацыяльнага заказу», з другога — з-за нежадання даследчыкаў вызначыць канкрэтныя віды і нормы розных сістэм міжасабовых і калектыўных сувязяў і каштоўнасцяў, настолькі відазмяніліся, што сталі ўжывацца ў адносінах да самых розных тыпаў і відаў адносінаў. У гэтым сэнсе ўяўленне пра „феадальныя адносіны» Гудавічуса не з’яўляецца выключэннем. „Князь і яго адміністрацыя сталі патрабаваць выканання павіннасцяў кожнай асобнай гаспадаркай, а не абшчынай. Не пазней пачатку XIV ст. падворны збор <…> змяніўся дзесяцінай, якая спаганялася з гаспадаркі, апалюддзе <…> і складчына-мезлева <…> засталіся толькі спосабам утрымання саміх зборшчыкаў даніны <…>. Тым самым даніна страціла большую частку прыкмет кантрыбуцыі і пераўтварылася ў зямельную рэнту. Паколькі рэнта напрамую звязвае данніка з панам, складваецца не якая-небудзь іншая, але феадальная залежнасць: над індывідуальнай рэальнай уласнасцю землеўладальніка ўзнікае намінальная ўласнасць правіцеля на гэтую ж зямлю. Падобнае становішча раскалола зямельную ўласнасць і прадаставіла правіцелю перспектыву рэальнага валодання зямлёй, г. зн. умацавання залежнасці падданага» (86). Але падобныя спосабы і формы грамадскіх сувязяў з такім жа поспехам могуць быць накладзены на самыя розныя тыпы адносінаў. Я палічыў бы прапанаваны погляд на „феадалізм» і „феадальныя адносіны» асабістым укладам Гудавічуса ў распрацоўку праблемы, калі б не згадкі пра „цэнтралізаваную феадальную рэнту», якой „карміліся» дружыннікі князя (с. 86 і інш.). Дзякуючы гэтым згадкам можна здагадацца, пра што ідзе гаворка: сфармаваную ў савецкай гістарыяграфіі канцэпцыю пра „дзяржаўна-данніцкую эксплуатацыю як рэалізацыю ўласнасці на зямлю»[20], „дзяржаўную» форму феадалізму — не толькі бесцялесную, але ў значнай ступені бясплённую абстракцыю.
Праблема феадалізму і феадальных адносінаў у гістарыяграфіі надзвычай заблытана. Але калі ўсё ж паспрабаваць высветліць гісторыю катэгорыі і тэрміна „феод», пачынаючы ад першапачатковага значэння да таго, якое сфармавалася ў паўднёвай Францыі[21], то можна пераканацца, што паміж „феодам» паўднёвай Францыі і выслугай ВКЛ шмат чаго агульнага. Найбольш старажытныя формы слова „феод» у германскіх мовах абазначалі багацце, скарб, грошы, рухомую маёмасць, жывёлу (IV-VIIІ ст.). Каля 1000 г. „феод» пачаў усё часцей адносіцца да зямельнага даравання (хоць і ў далейшым слова выкарыстоўваецца для абазначэння грашовага ці іншага ўтрымання). У гэты час феоды — гэта від маёмасці ва ўладанні тых, каго называюць personae publicae — „публічных», звязаных з дзяржаўнай уладай асоб. На працягу XIII ст. зацвярджаецца ўяўленне, згодна з якім валоданне феодам падразумявае і стварае знатнасць па крыві. Усялякае адчужэнне феода санкцыянавалася зверху. Уладальнікі феода павінны былі „рабіць» ці „служыць» свой феод; у адваротным выпадку ён мог быць канфіскаваны. З пэўнага часу сацыяльная структура пачала трымацца на сістэме пазямельных адносінаў, якая, у сваю чаргу, стала служыць асновай для новай палітычнай фармацыі[22]. Не выклікае сумнення, што першапачатковая „выслуга» мела формы грашовых, рэчавых і прадуктовых „отправ», пісьмовыя звесткі пра якія ў кнігах Метрыкі ВКЛ вядомы з другой паловы XV ст. Аднак менавіта з гэтага часу галоўнай формай выслугі становіцца зямельнае дараванне, якое адчужаецца толькі з дазволу манарха. Абавязак амажу, які прадугледжваў пэўныя дамоўленасці, можна ў пэўнай ступені параўнаць са зместам некаторых формул дыспазіцыйнай часткі даравальных актаў, якія выдаваліся атрымальніку выслугі[23].
Калі бачыць у „феодзе» і „выслузе» ў пэўнай ступені аналагічныя з’явы, то пачатак феадалізму ў Літве трэба адносіць не да сярэдзіны XIII ст., а да апошняй трэці XIV ст. Уяўленне пра феадалізм больш суадносіцца з буйным землеўладаннем. Менавіта буйное землеўладанне было для савецкай гістарыяграфіі, метадалагічныя прынцыпы якой актыўна выкарыстоўвае Гудавічус, з пэўнага перыяду адным з крытэраў феадалізму ў Заходнй Еўропе і ў Кіеўскай Русі[24]. Адмоўныя вынікі пошуку адзначанага тыпу землеўладання ў Старажытнарускай дзяржаве на ранніх этапах яе развіцця вымусілі савецкіх даследчыкаў перайсці да распрацоўкі іншай канцэпцыі: пра існаванне на землях Русі „дзяржаўных» формаў феадалізацыі, „пры якіх большасць земляробчага насельніцтва эксплуатуецца не асобнымі зямельнымі ўласнікамі, а раннефеадальнай дзяржавай шляхам спагнання падаткаў і данін». Адпаведна, асноўным зместам працэсу генезісу феадальных адносінаў прызнавалася фармаванне „дзяржаўнай» формы феадалізму[25]. Гэтая канцэпцыя стала дамінавальнай у савецкай гістарыяграфіі. Што яна адпавядала „сацыяльнай замове», зыходнай ідэяй якой было імкненне так ці інакш ураўняць узровень развіцця Ўсходняй i Заходняй Еўропы, не выклікае сумнення[26]. У далейшым погляд пра існаванне дзяржаўна-карпаратыўных формаў эксплуатацыі ў пачатковы перыяд існавання раннесярэднявечных дзяржаў быў перанесены і на заходнія рэгіёны Еўропы[27]. Калі Гудавічус знаёмы з творчай лабараторыяй савецкай гістарыяграфіі па праблемах феадалізму, то ўзнікае падазрэнне, ці не з’яўляецца яго ўяўленне пра час, формы i змест „феадальных адносінаў» у Літве той жа „сацыяльнай замовай»?
Як гаварылася вышэй, феадалізм больш суадносіцца з буйным землеўладаннем. Аднак раскрыць гэтую з’яву можна і не ўкладваючы яе ў паняцце „феадалізм». Рэальны змест праблемы пра буйное землеўладанне мае куды большае значэнне, чым праблема „літоўскага феадалізму». Гэта — цэнтральная праблема ў даследаванні комплексу задач, якія звязаны з рэструктуралізацыяй адносінаў улады і ўласнасці. Адразу зраблю агаворку: калі я гавару пра буйное землеўладанне, то маю на ўвазе не факт валодання асобнымі баярамі некалькімі сёламі, заселенымі чэляддзю, а становішча, якое адлюстроўвае, напрыклад, „Перапіс войска ВКЛ 1528 г.»: калі асобнай праслойцы землеўладальнікаў належалі дзясяткі, сотні і нават тысячы сялянскіх сямей. Пры ўсім сваім значэнні адзначаная праблема не атрымала належнай увагі даследчыкаў. Гудавічус, па ўсім відаць, таксама не лічыць гэтую праблему вартай увагі. Як ужо адзначалася, галоўная крыніца буйнога землеўладання — гэта гаспадарскія выслугі-дараванні, пра якія аўтар „Гісторыі Літвы» піша як бы між іншым, ужываючы пры гэтым вызначэнні, з якіх не адразу можна зразумець, пра што ідзе гаворка. Выслугі-дараванні Гудавічус, як правіла, называе „перасаступкай сялянскіх павіннасцяў асобным дваранам» (352), „перадачай дваранам збору сялянскіх павіннасцяў і ўзнікненне велдамных» (355), „адмаўленнем кожнага вялікага князя на карысць дваран ад выканання велдамнымі палюддзя, дадзенага яго папярэднікамі» (356). Між тым, гаспадарскія выслугі-дараванні на землі і сялян — гэта перадача далёка не толькі і не столькі павіннасцяў, а тэрытарыяльна абмежаванага суверэнітэта (улады) над падданымі i звязаных з ім розных правоў, прасцей кажучы, перадача мест, мястэчак, сёл і г. д., уключаючы як саміх мяшчан і сялян і ўгоддзі, якімі яны валодалі, так і самі даходы (былыя гаспадарскія) з гэтых уладанняў. Пры гэтым суверэнітэт мог адчужацца амаль у такім аб’ёме, якім валодаў сам вялікі князь. Паколькі адчужаўся менавіта суверэнітэт, то становіцца зразумелым, чаму разгляд цяжбаў, звязаных з гаспадарскімі дараваннямі, заўсёды з’яўляўся прэрагатывай вялікага князя. Даследаванне гэтага суверэнітэта, зыходным пунктам якога з’яўляюцца, у прыватнасці, гаспадарскія дараванні, а адной з крыніц — даравальныя акты вялікіх князёў, магло б паслужыць жывой крыніцай у вывучэнні развіцця ўлады манарха.
На думку Гудавічуса, гаспадарчы кантроль адміністрацыі як вынік рэалізацыі права вышэйшай уласнасці манарха „звязваў фактычнага ўладальніка гаспадаркі з прызначанымі яму павіннасцямі, г. зн. ён усё больш прыкоўваўся да канкрэтнай гаспадаркі. Гэта было не што іншае, як пачатак асабістай, г. зн. прыгоннай, залежнасці (вылучана намі. — А. Г.). Распараджацца ўласнай асобай селянін мог толькі адмовіўшыся ад гаспадаркі. У такім выпадку ён пазбаўляўся асабістага прыцяснення, але разам з тым страчваў сродкі на існаванне і аказваўся за межамі феадальнага грамадства. Да сярэдзіны XVI ст. гэтае адмаўленне селяніна як носьбіта асабістых маёмасных правоў не было ўсеагульным: немалая частка сялянства захоўвала так званае права выхаду, г. зн. магла пакінуць гаспадарку, забраўшы з сабой рухомую маёмасць. Аднак гэтая асабістая свабода стала [так у арыгінале] ужо адлучана ад права селяніна на одальную ўласнасць. Як гэтае адлучэнне, так і страта права выхаду (а гэта ўжо адбывалася) прывязвала селяніна асабістай залежнасцю да гаспадаркі, г. зн. да пана. Селянін быў прымацаваны да зямлі, што з’яўлялася галоўнай умовай узнікнення прыгоннай залежнасці» (351).
У гэтым поглядзе на ўзнікненне прыгоннага права шмат чаго незразумелага. Грамадскія павіннасці існавалі яшчэ да ўзнікнення дзяржавы. Шэраг дзяржаўных павіннасцяў бярэ свой пачатак з племянных павіннасцяў, некаторыя з якіх (як, напрыклад, ваенная) паслужылі ў перыяд дзяржаўнасці магутным фактарам сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Для таго, каб даць ацэнку ступені залежнасці „чалавека»-селяніна ў раннесярэднявечнай дзяржаве, неабходна параўнаць яе са свабодай чалавека ў родаплемянным грамадстве. Якія б фактары і прычыны не абумоўлівалі стабільнасць вялікай сям’і, ступень узаемнай залежнасці яе членаў адзін ад другога суадносілася з залежнасцю гэтай сям’і ад зямлі як галоўнага сродку існавання. Гэтае палажэнне ў аднолькавай меры пашыралася і на непасрэдны зямельны надзел, які апрацоўвала гэтая сям’я. Іншымі словамі, сукупнасць розных сілаў у такой жа ступені вымушала грамадства захоўваць вялікасямейныя групы, у якой апошнія прымацоўваліся да зямлі і свайго непасрэднага надзелу. Гэта была не толькі максімальная, але і безумоўная залежнасць чалавека ад чалавека і чалавека ад зямлі. Чалавек не мог пакінуць сваіх суродзічаў, паколькі ў гэтым выпадку пазбаўляўся памочнікаў; разам з тым ён не мог пакінуць і зямлю, бо яна з’яўлялася галоўным сродкам яго існавання. Калі грамадства не было дыферэнцыявана ў залежнасці ад выканання тых ці іншых грамадскіх функцый (абавязкаў, павіннасцяў)[28], г. зн. калі адсутнічалі розныя ступені залежнасці ад зямлі як традыцыйнага сродку існавання і адпаведна ўмоў для сацыяльнай мабільнасці, то ні ў складзе „роднай» сям’і, ні чужой у межах адной вялікай (племянной) супольнасці ён быў не здольны змяніць свайго становішча. Нават калі і быў магчымы пераход чалавека з адной вялікай сям’і ў іншую (напрыклад, „за сына мест»), яго адносіны, з аднаго боку, да новага калектыву, з другога — да зямлі не мяняліся. Гэта адна з прычын таго, што ў родаплемянным грамадстве чалавек, дакладней — група сваякоў і іх зямельнае ўладанне (вотчына) знаходзіліся ў цяснейшай непарыўнай i арганічнай сувязі[29], чалавек і зямля ўяўляліся як інтэгральныя часткі аднаго цэлага; наогул, чалавек не ўяўляўся без зямлі (вотчыны).
Такім чынам, залежнасць чалавека ад чалавека і чалавека ад зямлі з’явіліся нашмат раней, чым узнікла дзяржава, прычым спачатку гэтая залежнасць была куды больш значнай, чым у дзяржаўны перыяд развіцця грамадства. Несумненна, формы залежнасці ў родаплемянным грамадстве і дзяржаве былі рознымі, але сутнасць гэтых формаў — адна і тая ж.
Цяпер разгледзім становішча „чалавека»-селяніна, які жыў у дзяржаве, прычым у станавай дзяржаве. Ён мог пакінуць сваю вотчыну, перайсці ў горад і там заняцца рамяством і гандлем. Авалоданне іншымі сродкамі вытворчасці аслабляла залежнасць чалавека ад зямлі. Адна з сацыяльных крыніц літоўскай шляхты — тыя ж сяляне. Значыць, у дзяржаўны перыяд развіцця грамадства ўзніклі ўмовы для сацыяльнай мабільнасці, і якой бы абцяжаранай гэтая мабільнасць не была, яна ўсё ж такі існавала і дазваляла змяняць адносіны да зямлі, аслабляючы непасрэдную залежнасць ад яе чалавека. Такім чынам, у параўнанні з родаплемяннымі парадкамі раннесярэднявечная дзяржава — гэта прагрэс з пункту гледжання развіцця свабоды чалавека ў адносінах як да суродзічаў, так і да зямлі. Пра гэта можна здагадвацца нават тэарэтычна, калі лічыць, што такая форма грамадскага жыцця, як дзяржава, хоць у якой-небудзь ступені з’яўляецца прагрэсіўнай. А цяпер параўнаем адносіны да зямлі селяніна і шляхціча. Шляхціч, як і селянін, таксама валодаў зямлёй роўна столькі, колькі служыў свайму пану, напрыклад, вялікаму князю. Апошні, калі дараваў зямлю шляхцічу, у сваіх даравальных лістах ніколі не агаворваў, што з гэтай зямлі атрымальнік i яго нашчадкі маюць права служыць, каму яны пажадаюць: яны абавязаны былі служыць толькі вялікаму князю. Абавязак службы гаспадару пашыраўся не толькі на выслугі і іншым спосабам набытыя ўладанні, але і на вотчыны. Толькі панскія дараванні шляхце змяшчалі агаворку, што атрымальнік можа служыць з дараванай зямлі на выбар: таму ці іншаму пану (які дараваў зямлю) і яго нашчадкам ці іншаму пану і яго нашчадкам або вялікаму князю, і то пасля смерці пана. Розніца ў правах шляхціча і селяніна заключалася ў тым, што першы мог пакінуць свайго пана практычна ў любы час, другі — пры ўмове, што „не заседзеў» тэрмін. Аднак абодва пакідалі свайго пана без зямлі. Значыць, не ў страце зямлі выяўлялася асабістая залежнасць селяніна, дакладней, не страта зямлі служыла прыкметай асаблівага становішча селяніна. Такой прыкметай з’яўлялася абмежаванасць тэрміну выхаду з зямлі аднаго ўладальніка на зямлю іншага.
У сувязі з поглядам Гудавічуса на „дзяржаўную» форму феадалізму як „дзяржаўна-данніцкую форму рэалізацыі ўласнасці на зямлю»[30] ўзнікае пытанне: як праяўлялася гэтая „рэалізацыя ўласнасці» ў літоўскіх „феадалаў»? Адна з найбольш прыкметных формаў гэтай рэалізацыі — дараванні вялікага князя. На першы погляд, сам факт гэтых дараванняў даволі просты. Той ці іншы шляхціч (пан, князь) б’е чалом вялікаму князю і просіць даць яму зямлю (пустую ці з сялянамі і г. д.), а вялікі князь задавальняе гэтае чалабіцце. Дараванні можна назваць характэрнай з’явай феадалізму, аднак гэта мала тлумачыць яе сутнасць. Між тым, як я паспрабую паказаць ніжэй, названая з’ява адлюстроўвае магутныя змены ўнутры грамадства. Але як бы там ні было, вялікакняскія дараванні з’явіліся пазней. А што было да гэтага часу? Гудавічус мае рацыю, калі сцвярджае, што першыя літоўскія князі і дружыны жылі за кошт рабунку суседніх народаў і палонных (73, 77 і інш.). Шкада, што аўтар „Гісторыі Літвы» не развіў гэтае палажэнне ў належнай меры. Менавіта палонныя, якія пераўтвараліся ў нявольную чэлядзь, трэба думаць, з’яўляліся бадай што самай галоўнай здабычай (разам са свойскай жывёлай). Звесткамі пра палонных насычаны ўсе крыніцы, якія гавораць пра літоўскія паходы. Частка палонных прызначалася для продажу на знешніх і ўнутраных рынках, частка заставалася ў непасрэдных захопнікаў. У двух апошніх выпадках палонныя пераўтвараліся ў рабочую сілу на землях іх новых гаспадароў. Зямля без рабочай сілы не мела значэння для „феадала» любога часу. У меншай ступені верыцца, што для гэтых палонных быў падрыхтаваны лёс побытавых слуг: занадта ўжо несувымяральнымі з’яўляліся б іх прызначэнне і цана здабычы. Тады навошта „літоўскім феадалам» трэба было няволіць сваіх „суайчыннікаў», калі рабочую сілу яны маглі прывесці з паходаў? Пытанне можна паставіць і іншым чынам: калі б існавала маса „сваіх прыгонных», тады які сэнс рызыкаваць жыццём у далёкіх і небяспечных паходах за чэляддзю? Звесткі пра рабаўнічыя паходы Літвы знікаюць тады, калі спачатку ў адзінкавых выпадках, а потым у масавай колькасці літоўскае баярства пачынае атрымліваць дараванні на землі і сялян. Сувязь паміж гэтымі фактамі відавочная. З часоў велікакняскіх дараванняў чэлядзь замянілі сяляне. Па гэтай прычыне, не адмаўляючы існавання нейкай „формы рэалізацыі ўласнасці», можна папярэдне прызнаць, што гэтая ўласнасць пашыралася на чэлядзь і на зямлю, на якой яна працавала, г. зн. на вотчынныя ўладанні саміх рабаўнікоў. Іншымі словамі, у дадзеным выпадку можна сцвярджаць адно пра „форму рэалізацыі ўласнасці толькі на ўласную зямлю» (тэрмін „уласнасць» выкарыстаны мной ва ўмоўным значэнні).
Але, з пункту гледжання развіцця ўлады вялікага князя, самае галоўнае не гэта. З рабунку і даравання як двух спосабаў узбагачэння другі быў, безумоўна, больш зручным як для таго, хто дараваў, так і для таго, хто атрымліваў дараванне. Тады незразумела, чаму гэты спосаб не стаў рэалізоўвацца ні ў XIII, ні ў першых дзвюх трэцях XIV ст. Адказ просты: асоба кожнага селяніна — кожнага гаспадара і яго сям’і — іх зямля мела тую каштоўнасць і значэнне, што гэты селянін не толькі аддаваў свой „дадатковы прадукт» князям у выглядзе падарункаў і данін, але выконваў ваенную і іншыя павіннасці, якія маюць племянное паходжанне (рэлікты ўсеагульнай ваеннай павіннасці ў выглядзе пагоні існавалі яшчэ ў апошняй трэці XIV ст.). Што названая павіннасць існавала, не адмаўляе ва ўскоснай форме і Гудавічус, калі піша пра ўзброеныя „канфедэрацыі» жамойцкіх зямель, якія ў XIII ст. налічвалі па 3000-4000 чалавек (61, 62). І гэта пры тым, што праз больш чым 250 гадоў, згодна з „Перапісам войска 1528г.», колькасць жамойцкіх ваеннаабавязаных нават пры завышаных падліках складала не больш за 2500 шляхты. З пункту гледжання „дзяржаўнай» формы феадалізму, ці не гэтых „узброеных сялян» Гудавічус лічыць феадаламі? Менавіта гэтых „феадалаў» (паводле вызначэння Гудавічуса — „ваенных каланістаў») з Прусіі рассяляў на тэрыторыі сваёй дзяржавы Трайдзень. Вядома, як склаўся лёс гэтых „феадалаў-каланістаў». У далейшым вялікі князь адорваў імі шляхту. Тое ж самае адносіцца і да літоўцаў, якія жылі ў раёне Абольцаў (цяпер — Талачынскі раён Віцебскай вобласці). Не пазбавіліся такога лёсу і літоўцы Віленскага і Троцкага ваяводстваў. Усе яны — нашчадкі тых, хто складаў ваенную апору стваральнікаў літоўскай дзяржавы. У гэтым плане не дзіўна, што тэрытарыяльна маленькая літоўская дзяржава XIII ст. атрымала больш перамог, чым вялікая станавая манархія першай паловы XVI ст. Пераможнай зброяй першых літоўскіх князёў былі ў значнай ступені ўзброеныя супляменнікі, а не малалікія, хоць i „прафесійныя», дружыннікі. У дадзеным выпадку Літва не была выключэннем сярод маладых народаў.
Гудавічус вельмі рана скідвае з рахунку існаванне ў XIII ст. архаічных інстытутаў грамадства — вотчыны і выканання ваеннай павіннасці ўсімі дарослымі мужчынамі, якія могуць насіць зброю. Менавіта функцыянаванне гэтых інстытутаў паслужыла ўмовай узнікнення дараванняў зямель з сялянамі. Натуральна, узброены чалавек, а тым больш маса ўзброеных людзей — гэта істотная сіла, з якой неабходна было лічыцца. Але не гэта стрымлівала імкненне вярхоўнай улады каму-небудзь падараваць гэтых ваяроў, тым больш, што такімі ваярамі яны заставаліся да пэўнага часу. „….. Свабода члена варварскага грамадства заключалася ў яго паўнапраўі, а зместам апошняга была сукупнасць правоў-абавязкаў, якія складалі ў той перыяд непарыўнае адзінства. Валоданне паўнатою правоў свабоднага чалавека, члена племені, абшчыннага калектыву (права наследавання і валодання маёмасцю, карыстанне ўгоддзямі; права ўдзелу ў народных сходках, судовых сходах, рэлігійных святах і іншых агульных справах; права нашэння зброі, права на атрыманне дапамогі і абароны з боку суродзічаў і г. д.) азначала выкананне ім адпаведных абавязкаў у адносінах да сваёй групы ў цэлым (сям’і, суродзічаў, абшчыны, племені), да асоб, якія яе ўзначальвалі (бацькі, старэйшын, правадыроў), да асобных яе членаў (падапечных, асобаў, якія адчувалі патрэбу ў падтрымцы)»[31]. Такім чынам, паўната правоў на валоданне вотчынай як у родаплемянным грамадстве, так і раннедзяржаўным, вызначалася ўяўленнем пра свабоду чалавека і выкананне ім грамадскіх абавязкаў, у тым ліку, ваеннай павіннасці. І наадварот, выкананне грамадскіх абавязкаў, у тым ліку ваеннай павіннасці, „давала падставы» для паўнаты правоў на валоданне вотчынай. Карацей кажучы, паняцці „валоданне вотчынай», „свабода», „выкананне грамадскіх абавязкаў» былі самым цесным чынам узаемаабумоўлены. Логіка адзначанай узаемаабумоўленасці праяўлялася наступным чынам. Чалавек рэалізуе сваё права на вотчыну ў той ступені, у якой ён выконвае грамадскія абавязкі. Адпаведна, ступень паўнапраўя, а значыць, права на вотчыну пачынае хістацца ці наогул ліквідуецца, калі гэтыя абавязкі выконваюцца не ў поўнай меры ці наогул не выконваюцца. Пры тым, што ваенная служба заўжды была самай цяжкой і выконвалася за свой кошт, пастаянныя войны як унутры краіны, так і са знешнім ворагам, тэрытарыяльны рост дзяржавы (які павялічваў адлегласць для перамяшчэння ўнутры дзяржавы) і іншыя прычыны, зніжалі магчымасць выканання ваеннай павіннасці ўсімі членамі грамадства ў роўнай ступені. Мімаволі „вызваленыя» ад гэтай службы, яны пераўтвараліся ў свайго роду „недастаткова раўнапраўных», як бы „паўсвабодных» членаў грамадства, а вотчына, якая належала гэтым членам грамадства, хоць і знаходзілася ў іх фактычным уладанні, аказвалася ў „падвешаным стане». Значыць, менавіта няздольнасць выканання галоўнай грамадскай павіннасці падрывала сацыяльны статус і становішча былога свабоднага члена грамадства, а разам з гэтым і статус яго вотчыны. Па меры таго, як прымаліся натуральныя намаганні ўзмацніць баяздольнасць ваеннаабавязаных, складвалася сітуацыя, калі вотчына „недастаткова раўнапраўных» і „паўсвабодных» членаў грамадства і яны самі ператвараліся ў „патэнцыяльна належных» і „падданых» тым, хто па-ранейшаму выконваў ваенную службу — цяпер ужо не толькі за сябе, але і за астатніх: землі такіх людзей і іх саміх можна было дараваць ваеннаабавязаным. Так у далейшым і атрымалася, калі гаспадар пачаў раздаваць землі з сялянамі баярам-шляхце[32]. Такім чынам, масавая няздольнасць сялян выконваць ваенную павіннасць, зніжэнне статуса гэтых сялян і ix вотчын, пераўтварэнне згаданых сялян у „недастаткова раўнапраўных» і „паўсвабодных», а потым разам з іх вотчынамі ў „патэнцыяльна залежных» і „падданых» і з’яўляецца тым, што я вышэй назваў магутнымі зменамі ўнутры грамадства. У святле гэтых фактаў „узброены селянін» — гэта свабодны член грамадства, вотчына — уласнасць яго і яго роду. Вялікі князь не вікінг і не ваенны манарх, а палітычны лідэр. Ніякай „намінальнай уласнасці правіцеля» на індывідуальную ўласнасць землеўладальніка (86) не існавала i не магло існаваць.
Палітычнае лідэрства пры Гедыміне і Альгердзе пачало трансфармавацца і набыло іншы змест: Альгерд фактычна вырас у „господаря». Але сапраўднымі „господарями» сталі толькі яго наступнікі: Ягайла і Вітаўт, што, у прыватнасці, i адлюстраваў іх тытул. Апошні з’яўляўся не проста маніфестацыяй уладных дамаганняў. У дадзеным выпадку неабходна зноў звярнуцца да вотчыны, ад якой Гудавічус імкнецца адмежавацца ўсімі магчымымі сродкамі. Уяўленне пра ўладанне як вотчыну было жывучым у свядомасці не толькі сялян і баяр, але і манархаў. Больш за тое, для гаспадара ВКЛ — гэта яго „вотчына» і „паньство», у якім ён „пануе»[33]. Сяляне, мяшчане, баяры і службовыя асобы ВКЛ — гэта мяшчане, баяры і службовыя асобы гаспадара. Такі погляд на ВКЛ не адмаўляе і самае блізкае кола памочнікаў вялікага князя — паны-рада. Ён выяўляецца ледзь не ў кожным выказванні і дзеянні вялікага князя. Вялікі князь не проста раздае маёнткі, пасады, розныя льготы і іншае — ён іх „жалует» і „дарует» і робіць гэта з „ласки» ці „особливой ласки». Да яго не проста звяртаюцца, а „бьють челом». Вялікі князь клапоціцца пра сваіх слуг і падданых. Так, ён „мыслит» пра „отъчызну свою» — Вялікае Княства і „подданыхъ своихъ, добре а пожыточне хотечы панство а отъчызну свою» і „подданыхъ своихъ, отъ непрыятелей своихъ <…> во въ покою и въ обороне заховать и зоставить»[34], і „то все, што его к [о]ролевъская милость» аб падданых „радить рачылъ, то естъ съ почътивымъ, добрымъ и пожыточнымъ того панства» і падданых яго міласці[35]. Вышэй адзначалася, што даследаванне суверэнітэта, які вялікі князь раздаваў шляхце ў выглядзе выслуг-дараванняў, можа паслужыць жывой крыніцай вывучэння развіцця ўлады манарха. У сувязі з гэтым яшчэ раз падкрэслю: паняцці „валоданне вотчынай», „свабода», „выкананне грамадскіх абавязкаў» былі самым цесным чынам узаемаабумоўлены. Гэтая ўзаемаабумоўленасць праяўлялася, у прыватнасці, у тым, што ступень выканання ваеннай службы так ці інакш абумоўлівала паўнату правоў на вотчыну. Адсюль вынікае, што адносіны любога военачальніка, у тым ліку вялікага князя, і ваяра з самага пачатку фармаваліся не проста як службовыя, але і як „пазямельныя». Калі асноўная маса свабодных у той ці іншай меры выконвала ваенную службу, іх правы на вотчыну не толькі былі трывалымі, але ва ўмовах пастаянных войнаў яшчэ больш умацоўваліся. І наадварот, калі маса свабодных станавілася няздольнай ажыццяўляць ваенную павіннасць і пераўтваралася непасрэдна ў сялян, апошнія страчвалі паўнату правоў на свае вотчыны, якія па меры ўмацавання баяздольнасці ваеннаабавязаных военачальнік у асобе вялікага князя разам з самімі сялянамі пачаў раздаваць ваеннаабавязаным: спачатку часова, потым „на вечнасць». Дараванні вялікім князем сялян з іх землямі — найбольш выразная форма праяўлення новай улады.
Тыя ж самыя прычыны, г. зн. няздольнасць ажыццяўляць ваенную павіннасць, і тыя ж самыя вынікі, г. зн. страта паўнаты правоў уладальніка на вотчыну, зніжэнне яе становішча і статуса, прыводзілі да зменаў у падатковай сферы. Часовыя плацяжы і павіннасці, якія ішлі з вотчын і іх уладальнікаў, пераўтвараліся ў рэгулярныя; да новых плацяжоў і павіннасцяў дадаваліся новыя. Да вельмі важных высноў у вывучэнні шляхецкай вотчыны прыйшоў М. В. Доўнар-Запольскі. З вотчын, як і выслуг, выконвалася ваенная служба. Але ў адрозненне ад выслуг аб’ём службы з вотчын з’яўляўся традыцыйным[36]. Вотчына была вызвалена ад „дзяржаўных» павіннасцяў (напрыклад, замкавай, дарожнай, старажавой) і некаторых плацяжоў[37] (яны разглядаліся як „няволя»[38]). Наадварот, тыя вотчыны і іх уладальнікі, з якіх вялікі князь адчужаў свой суверэнітэт, даруючы іх баярам-шляхце, г. зн. сялянскія вотчыны, былі абкладзены самымі рознымі плацяжамі і павіннасцямі (і гэта зразумела, з іх не выконвалася ваенная павіннасць). Вытокі шляхецкай і сялянскай вотчын — у родаплемянным грамадстве. Калісьці іх становішча і статус былі аднолькавымі, дакладней, паміж імі не было сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Змены ў грамадстве, пра якія гаварылася вышэй, размежавалі іх. Але яны закранулі толькі сялянскую вотчыну; паміж родаплемянной і шляхецкай вотчынай захавалася прамая генетычная сувязь.
Нераўнапраўнасць становішча сялянскіх вотчын і іх уладальнікаў не была абсалютнай. Таму цесная, арганічная і непарушная сувязь вотчынніка з яго ўладаннем не знікла канчаткова: вотчына суадносілася з яго ўладальнікам. Адзначаная сувязь праяўлялася, у прыватнасці, у тым, што на вотчыну пераходзілі якасці і статус яе ўладальніка: селянін, які сяліўся на новай зямлі, павінен быў выплачваць тыя плацяжы і выконваць тыя павіннасці, якія ішлі з яе пры ранейшым уладальніку і г. д. У дадзеным выпадку для нас важна іншае. З пункту гледжання адзначанай сувязі паміж вотчынай і яе ўладальнікам, з’яўленне рэгулярнага абкладання і павелічэнне гэтага абкладання фактычна разглядалася як адняцце вотчыны, пераўтварэнне яе ў вотчыну вялікага князя. Правы вялікага князя пашыраліся не толькі на заселеныя, але і пустыя вотчыны. Так праходзіў працэс фармавання суверэнітэтувялікага князя, якім ён пачынаў карыстацца, адчужаючы яго панам і шляхце. Так складваліся адносіны паміж вялікім князем і сялянамі, якія можна ахарактарызаваць як адносіны паміж „господарём» і падданымі[39]. У якой ступені паны і шляхта залежалі ад вялікакняскіх дараванняў, у такой ступені вялікі князь з’яўляўся для іх „господарём».
Такім чынам, рэалізуючы правы вотчыны і рэгулярнае абкладанне няздольных выконваць ваенную службу сялян, вялікі князь абапіраўся на вотчынныя прынцыпы. „Господарь»-„отчич» завяршае піраміду вотчыннай сістэмы ўладання, вытокі якой трэба шукаць у родаплемянным грамадстве. У фармаванні ўлады „господаря» яшчэ шмат чаго нявысветленага, але адназначна адно: гэта не „прымітыўная ідэнтыфікацыя дзяржаўнага суверэнітэту» князя з яго правам прыватнай уласнасці. І тым больш нельга разглядаць гэтую з’яву ў схематычнай трактоўцы, якую прапануе Гудавічус: „…феадальнае права не ведала падзелу манаршай уласнасці на асабістую і грамадскую» (204). Тое, што вялікі князь браў актыўны ўдзел у непасрэдным кіраванні сваёй „вотчынай», толькі падмацоўвае ўяўленне пра гаспадара як вотчыча ў свядомасці як яго самога, так і яго падданых. На працягу апошняй трэці XIV — першай паловы XVI ст. гэтае ўяўленне набывае тыя ці іншыя формы, але яго галоўная сутнасць застаецца нязменнай. Яшчэ раз падкрэслім: вялікі князь — стваральнік выслуг, якія ўвасаблялі прынцып прыватнай уласнасці. Апошні скарэктаваў погляд на ВКЛ як на вотчыну і пераўтварыў яго ў вотчыну толькі адной лініі Ягайлавічаў, зрабіўшы астатніх Гедымінавічаў падданымі манарха. Толькі з другой паловы XVI ст. побач з паняццем „паньство господарьское отчызное» пачынае паступова з’яўляцца паняцце „отчизна речи посполитой того панства»[40]. З’яўленне новага паняцця адлюстроўвае змены ў поглядах на вярхоўную ўладу і ролю ў гэтай уладзе падданых.
„Народнасць складваецца, калі ўзнікае патэнцыяльны захавальнік нацыянальнай свядомасці — сацыяльная эліта, якая пастаянна корміцца дадатковым прадуктам, што ствараецца грамадскай большасцю, і таму валодае магчымасцямі ажыццяўляць арганізацыйную і палітычную дзейнасць. Інакш кажучы, нацыя павінна валодаць трывалай і выразнай палярызаванай сацыяльнай структурай, здольнай парадніць — паводле прынцыпу адзінства супрацьлегласцяў — народ, які стварае дадатковы прадукт, і сацыяльную вярхушку, якая прысвойвае гэты прадукт. Часцей за ўсё падобнае становішча ўзнікае і ўмацоваецца ва ўмовах дзяржавы» (98). Далей аўтар „Гісторыі Літвы» піша пра тое, што літоўскі манарх успрымаўся як свой правіцель, а служэнне яму — як годныя і выгодныя паводзіны; што дзяржаўная арыентацыя, уласцівая для нешматлікіх князёў, намеснікаў і старастаў, была першапачатковым успрыманнем нацыянальнай прыналежнасці, хаця далей адзначае, што этнічная арыентацыя значнай часткі феадалаў была паўплемянной і што народу была ўласціва ў большай ступені племянная арыентацыя (99). На думку аўтара, за кошт прыяцельскіх і сваяцкіх адносінаў (?!) намеснікаў і старастаў з большасцю ваенна-служылых на месцах прырастаў слой „нацыянальна настроеных», палітычны ўплыў якога ў асяроддзі феадалаў (а праз іх — і ў народзе) станавіўся вырашальным. „Гэтая з’ява ахапіла ўвесь літоўскі этнас, таму мы можам яго лічыць паказчыкам узнікнення нацыі як этнічнай супольнасці» (100). „Нацыянальная самасвядомасць літоўцаў праявілася як ідэалогія, яўным арыенцірам якой была дзяржава», — заключае аўтар (100). З гэтага надзвычай арыгінальнага погляду не вынікае самае галоўнае: якім быў механізм трансфармацыі „племянной арыентацыі» ў „нацыянальную» ў дзяржаўных умовах; якія формы i змест набывала „нацыянальнае» жыццё Літвы. І ўсё гэта пры тым, што, паводле пераканання Гудавічуса, значная частка феадалаў мела паўплемянную этнічную арыентацыю, якая яшчэ ў большай ступені была ўласціва народу. У гэтым выпадку занадта рана гаварыць нават пра этнас, не тое што пра нацыю. Падобны погляд — кангламерат мала звязаных паміж сабой сэнсаў. „Дзяржаўную арыентацыю» нешматлікіх феадалаў як форму ўспрымання нацыянальнай прыналежнасці, адносіны да іх астатняй часткі феадалаў як да „сваіх», „паўплеменную этнічную арыентацыю» значнай часткі феадалаў і большай часткі народа Гудавічус называе „празаічнымі момантамі», „якія былі асновай, на якую накладвалася ўспрыманне сваёй мовы, сваіх звычаяў і сваіх бліжніх, якое спараджала не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае прыманне ўласнага жыцця» (99). У апошнім мала зразумелым выказванні, таксама як і ва ўсім поглядзе, адчуваецца сучасная рэцэпцыя нацыянальнасці. Аднак менавіта з сучаснага пункту гледжання Літва XIII — першай паловы XVI ст. і больш позняга часу, дакладней, паводле выразу Гудавічуса, яе „нацыянальна настроены слой», уяўляў сабой этнаграфічны воск. Зазнаўшы спачатку магутны ўплыў беларускай і ўкраінскай культур, сацыяльная эліта Літвы перайшла ў лона польскай культуры, дзе і пакінула ўсіх сваіх прадстаўнікоў. Усё гэта сведчыць пра тое, што калі якія нацыянальныя формы і змест і існавалі, то яны мелі не заўжды і не зусім прывычныя для сучаснага чалавека формы. У гэтым сэнсе перанос сучасных уяўленняў пра нацыянальнасць на Сярэднявечча трэба разглядаць не больш як метадалагічную памылку. Тое ж самае адносіцца і да таго, што Гудавічус называе „дзяржаўнай арыентацыяй». Сярэднявечная Літва не ўяўляла сабой нейкага самабытнага ўтварэння. Галоўнай катэгорыяй дзяржаўнасці і прынцыпам грамадскага жыцця як у краінах Заходняй і Цэнтральнай, так і Ўсходняй Еўропы на пэўным этапе іх развіцця была „служба падданых гаспадару». У ВКЛ гэты прынцып ахопліваў усе станы грамадства: ад селяніна да Гедымінавіча. Не служыць гаспадару ці той асобе, якая служыла гаспадару, было раўназначна быць па-за грамадствам. У сувязі з гэтым большасць падданых былі ў такой жа ступені абыякавыя да этнічнай прыналежнасці гаспадара, як гаспадар — да этнічнай прыналежнасці падданых. Для палачан, якія заяўлялі рыжанам, што „ест оу насъ осподарь, кому нас оборонити», вялікі князь літоўскі быў не менш „сваім», чым для роднасных літоўцам жамойтаў, якія патрабавалі ад яго ўнясення ў прывілей Жамойцкай зямлі палажэння, што яны не „прес мечъ албо через оныи валки были звалчоныи, а ку н(а)шому послушеньству прыведены, а не з доброю волею прыстали». У сваю чаргу і вялікі князь не адрозніваў сваіх падданых у залежнасці ад этнічнай прыналежнасці, дэкларуючы іншы раз свой абавязак клапаціцца пра ўсіх. У дадзеным выпадку неабходна гаварыць у першую чаргу пра формы падданства: этнічную, а таксама канфесійную i рэгіянальную[41]. Шкада, што Гудавічус не закрануў гэтых асаблівасцяў свядомасці грамадства ВКЛ.
У тагачаснай свядомасці сацыяльныя катэгорыі дамінавалі над нацыянальнымі. „Дзеравеншчыне не быць каралём», — так матываваў свой учынак Альгерд, калі адсёк галаву правадыру ліваў, якія паўсталі супраць немцаў, хоць той абяцаў прызнаць уладу Альгерда (126). Гэты ўчынак толькі з пункту гледжання цяперашніх уяўленняў можна назваць „вяльможнай фанабэрыстасцю» (127). „Дэмакрат» з Альгерда сапраўды не атрымаўся, але „забіць самазванца» — нармальная катэгорыя мыслення манарха. Можна сказаць так: на месцы Альгерда так зрабіў бы кожны. Паводле крыніц, Ягайла „велми нелюбость учинил и жалость» Кейстуту, калі аддаў сваю родную сястру — „братанну» Кейстута — замуж за літоўца нізкага паходжання Вайдылу. Як можна пераканацца на гэтым прыкладзе, сацыяльныя катэгорыі ў вялікай ступені карэктавалі прыяцельскія і сваяцкія адносіны, якім Гудавічус надае ледзь не вырашальнае значэнне ў працэсе складвання „літоўскай нацыі». Як для часу Альгерда і Кейстута, так і для пазнейшых часоў можна гаварыць пра „надэтнічную свядомасць» літоўскіх князёў і шляхецтва. Літоўскаму пану і шляхцічу было прасцей знайсці агульную мову з „рускім» панам і шляхцічам, чым з сялянамі сваёй „нацыі», таму што іх аб’ядноўвала не толькі адна „лавица» паноў-рады, але і тое, што так званы нацыянальна свядомы гаспадар абдорваў і тых, і іншых згаданымі сялянамі. Нельга забывацца і на тое, у інтарэсах чаго гаспадар ажыццяўляў гэтыя дараванні: у інтарэсах сваёй вотчыны (ВКЛ), і рабіў гэта ён, разважаючы „вотчыннымі» катэгорыямі.
Дазволім сабе яшчэ раз выкарыстаць прыём Гудавічуса i спаслацца на „одаль»: „Існавала цяснейшая, непарыўная сувязь чалавека, дакладней — сям’і, з уладаннем. Одалем валодалі спакон веку, з часоў паганскіх курганоў <…>. Але одаль — не толькі ўладанне сям’і, гэта і радзіма (вылучана намі. — А. Г.), „отчына», „вотчына». Па вобразе і падабенстве сямейнага ўладання (garðr) будаваліся і ўяўленні пра макракосм: Мідгард (Miðgarðr) — мясціна людзей і Утгард (Útgarðr) — свет пачвар і волатаў вакол людзей <…>. Асабістыя якасці чалавека, яго радавітасць, паходжанне ад свабодна народжаных ці знакамітых продкаў і права яго на сямейнае ўладанне ўяўлялася як нешта цэласнае, непарушнае. На зямлю пераходзілі ўяўленні пра чалавека, яго сям’ю і суродзічаў. Одаль — неад’емны набытак сям’і, такая ж абавязковая якасць яе членаў, як і іх шляхетнасць, незалежнасць, свабода»[42]. Сказанае адносіцца і да літоўскай вотчыны.
Селянін служыў са сваёй вотчыны, шляхціч са сваёй вотчыны і выслугі — дараваных вотчын сялян. Усе яны служылі вотчыне „господаря». У адваротным выпадку яны пазбаўляліся б сваіх вотчын. Не трэба забывацца, што з’яўленне „господаря» вялікага князя, селяніна-вотчыча і шляхціча-вотчыча, які валодаў гэтым селянінам — натуральны вынік падзення правоў на вотчыну былых раўнапраўных супляменнікаў; прычына гэтага падзення — недастатковы аб’ём іх службы. „Господарь» таксама служыў сваёй вотчыне, але не падданым (якім быў „повиноват» дзвюма „речами»: „обороной» і „справедливостью»[43]). Так перапляталіся вотчынныя катэгорыі мыслення „господаря» і падданых. У любым выпадку, адносіны гаспадара да падданых і падданых да гаспадара не фармавалі, паводле выказвання Гудавічуса, літоўскай „нацыі як этнічнай супольнасці». У той жа час узаемаадносіны гаспадара і падданых самых розных станаў, рэгіянальная (якая фармавалася ў рэгіёнах з устойлівымі грамадскімі традыцыямі, (напрыклад, у Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і іншых землях) і канфесійная свядомасць вызначалі ўсю тую разнастайнасць свядомасці, у якой і варта шукаць праяўленне і формы этнічнай свядомасці літоўцаў. Замест гэтага Гудавічус прапануе нацыянальную свядомасць сучаснага літоўца, з пукту гледжання якой немагчыма растлумачыць, напрыклад, у якой ступені адчуваў сабе прадстаўніком „літоўскай нацыі» віцебскі баярын, праваслаўны (?), вядомы „земскі дзеяч» Віцебскай зямлі першай паловы XVI ст. Міхайла Курэйшаў, калі меркаваць паводле прозвішча[44] — літовец па паходжанні.
Не адмаўляючы наяўнасці пэўных формаў этнічнай свядомасці сярэднявечных літоўцаў, трэба яшчэ раз падкрэсліць, што яны былі далёка не падобныя да сучасных. Этнічную свядомасць праяўляў, напрыклад, Альберт Гаштаўт, у прыватнасці, праз ацэнку ступені даверу да „рускіх», але, што характэрна, рабіў гэта ў перапісцы з такім жа літоўцам Юрыем Радзівілам на „рускай» (старабеларускай) мове[45]. Відавочна, выкарыстанне гэтай мовы не служыла прыкметай этнічнай прыналежнасці. Па той жа прычыне былы кліент i „духоўны» вучань Гаштаўта Венцлаў Мікалаевіч Янавіч з Майшагалы (калі ўслед за Е. Ахманьскім атаясамляць яго з Міхалонам Літвінам), нягледзячы на свой літоўскі патрыятызм і непрыязныя адносіны да „рускай» мовы, не гідзіўся атрымліваць даравальныя лісты на гэтай мове[46]. Не гаворачы пра тое, што як пісар канцылярыі ВКЛ ён рыхтаваў дакументы і вёў кнігі Метрыкі таксама на „рускай» мове[47]. Гэта важны момант: этнас і этнічнасць, з аднаго боку, нацыя і нацыянальнасць, з другога — паняцці далёка не тоесныя. Другая група паняццяў не падразумявае этнічнага паходжання. Наўрад ці трэба даказваць, што „чыстых» нацый няма, што нацыі — шматэтнічныя. Пры ўсім тым ёсць такія фактары, якія аб’ядноўваюць і фармуюць нацыі, адзін з іх — гэта агульная мова ці група моў. Літоўская мова была мовай штодзённых зносінаў аўтахтоннага насельніцтва этнічнай Літвы і Жамойці (не выключаючы мяшчан i шляхты). Аднак у грамадстве, у якім панавала пісьмовая культура (менавіта такім грамадствам было ВКЛ з другой паловы XV ст.), на адміністрацыйным узроўні больш высокім, чым узровень сялянскіх прыставаў і дзясятнікаў, у дзелавых кантактах як на тэрыторыі гэтых рэгіёнаў, так і за іх межамі, не гаворачы пра вялікакняскую адміністрацыю і сферу ваеннай службы, магчымасці носьбітаў адной толькі літоўскай мовы зводзіліся да мінімуму. Поспехі ў грамадскім жыцці былі гарантаваныя толькі пры ўмове валодання „рускай» мовай, незалежна ад сацыяльнай, канфесійнай і этнічнай прыналежнасці. Ва ўмовах шматэтнічнай дзяржавы Новага і Найноўшага часу ўласцівасці такой мовы маглі быць цалкам суаднесены з прыкметамі нацыянальнай мовы, для сярэднявечнага ВКЛ — яе можна трактаваць як протанацыянальную мову не толькі беларускага, украінскага, але і літоўскага этнасаў.
Уласна кажучы, я мог бы паверыць у метадалагічную трываласць поглядаў аўтара „Гісторыі Літвы» на ўтварэнне „літоўскай нацыі», калі б не яго спроба разгледзець шляхі ўзнікнення таго, што ён называе „русинской, т.е. русской народностью» (447-449). Пачнем з таго, што Гудавічус амаль наогул не выкарыстоўвае тэрміны „Беларусь» і „беларусы» i „Ўкраіна» і „ўкраінцы» (калі не ўлічваць, у прыватнасці, два словы — „беларускія акты», якія ўзяты ў двукоссе) (84). Як вынікае з кантэксту выкарыстанай тэрміналогіі, суседзямі Літвы з усходу і поўдня былі „русские». Тыя ж „русские» жылі і за межамі ВКЛ — у Маскоўскай дзяржаве. Погляд на фармаванне „русінскай народнасці» выкладзены лаканічна, і сутнасць яго наступная. „Русские», якія апынуліся ў межах ВКЛ, сталі адрозніваць сябе ад „русских» па той бок мяжы, і такім чынам пачалі ўсведамляць сябе асобнай народнасцю. Здарылася гэта ў пачатку XVI ст. Калі ўзніклі беларусы і ўкраінцы — Гудавічус не піша, відавочна, мяркуючы, што гэта праблема даследчыкаў, якія займаюцца XIX-XX ст. Што ж атрымліваецца? Спачатку існавалі „русские», потым на аснове „русских» сфармавалася „русінская народнасць». Наогул, калі б адсутнічала палажэнне пра „русінскую народнасць» („народ», нават не „нацыю»), то можна было б меркаваць, што прагрэс гістарычнай навукі ў вывучэнні этнічных працэсаў у ВКЛ заключаецца ў рэанімацыі поглядаў расійскіх гісторыкаў XIX ст. Зрэшты, не ўсё так проста. У поглядзе на фармаванне „русінскай народнасці» адсутнічае пошук фантастычных сувязяў, у выніку якіх, напрыклад, прыяцельскія і сваяцкія адносіны трансфармаваліся ў нацыянальныя, як гэта было з „літоўскай нацыяй». 3 пункту гледжання навуковасці метадалогіі гэта нават і лепей. Аднак, калі быць паслядоўным, то для Гудавічуса, відавочна, занадта смела ігнараваць той факт, што ўкраінскія, беларускія і рускія землі мелі дзяржаўныя формы задоўга да таго, як Літва ўпершыню выпадкова была згадана ў Кведлінбургскіх аналах (1009), і тым больш да таго, як сярод балцкіх плямёнаў з’явіліся першыя зародкі дзяржаватворчых працэсаў. Калі кіравацца логікай Гудавічуса i выкарыстоўваць яго тэрміналогію, то „дзяржаўная арыентацыя» ўсходнеславянскай эліты павінна стаць „успрыманнем нацыянальнай прыналежнасці» ўкраінцаў, беларусаў i рускіх. Але гэтага чамусьці не здарылася. Поўны нонсэнс поглядаў Гудавічуса на этнічныя працэсы, у прыватнасці, заключаецца ў тым, што Літва пераўтварылася ў нацыю на тры (?!) стагоддзі раней за тую супольнасць, якая сфармавалася, напрыклад, вакол Полацка і пра якую крыніцы, вартыя даверу, згадваюць ужо ў IX ст. (у сувязі з барацьбой з кіеўскімі князямі)[48]. Пяць стагоддзяў (!) паміж пачаткам дзяржаватворчых працэсаў, з аднаго боку, на беларускіх землях, з другога, на літоўскіх, — не мала, каб нават тэарэтычна сцвярджаць розніцу ў этнічных працэсах (на карысць Беларусі). Відавочна, для Гудавічуса гісторыя Полацкай зямлі пачынаецца не раней за ўзнікненне літоўскай дзяржаўнасці. Пры гэтым не ўлічваецца той факт, што грамадская структура Полацкай зямлі, якую так і не змагла падавіць літоўская ўлада, рэгіянальная свядомасць насельніцтва гэтай зямлі (ад князёў да мяшчан і паўбаяраў-паўсялянаў), якая праяўлялася ў адэкватнай ацэнцы і паслядоўным адстойванні ўласных рэгіянальных інтарэсаў, сфармаваліся яшчэ тады, калі Літва была данніцай Полацкай зямлі. Амаль усё тое самае, што сказана пра Полацкую зямлю, адносіцца i да Віцебскай зямлі.
Згодна са сцвярджэннем Гудавічуса, „суб’ектам гісторыі Літва стала менавіта тады, калі сутыкнулася з лацінскай Еўропай. Геапалітычны арэал сярэднявечнай Еўропы склаўся на аснове індывідуальнай (алоднай і одальнай) гаспадаркі, атрымаўшы ідэалагічную апору ў каталіцызме і лацінскай культуры. Грамадскімі адносінамі, заснаванымі на індывідуалізме, Еўропа вылучалася з усіх геапалітычных арэалаў свету» (37). Тут вось што цікава. Сутыкнуўшыся з лацінскай Еўропай, Літва ўспрыняла і развіла амаль увесь палітычны, эканамічны і сацыяльны паняційна-тэрміналагічны арсенал усходніх славян. Амаль усе асноўныя паняцщ i тэрміны ўладных і адміністрацыйных узроўняў грамадства, самых разнастайных сфераў грамадскага жыцця мелі ўсходнеславянскае паходжанне: „князь», „господарь», „боярин», „человек», „земля», „имение», „наместник», „тиун», „дань» і інш. Паводле звестак пра сярэднюю адміністрацыйную адзінку Жамойці можна рэтраспектыўна пісаць гісторыю адміністрацыйнага ўладкавання раннесярэднявечных беларускіх і ўкраінскіх княстваў. У фіскальнай сістэме ВКЛ рэдкі тэрмін мае літоўскае паходжанне: скрозь і побач гэта ўсходнеславянскія словы. Польская тэрміналогія стала пранікаць пазней, але яна гарманічна спалучалася з усходнеславянскай лексікай той мовы, якую, нягледзячы на пярэчанні літоўскіх калег, я тым не менш лічу абгрунтаваным называць афіцыйнай мовай ВКЛ. Зрэшты, Гудавічус, у адрозненне ад многіх сваіх калег-суайчыннікаў, не адмаўляе яе народнай асновы, г. зн. ён не атаесамляе яе характар з характарам царкоўна-славянскай мовы, хоць і схільны лічыць яе інтэрдыялектам (448). Запярэчым: інтэрдыялект развіваецца стыхійна, што суадносіцца з яго вуснай формай, інтэрдыялект — гэта ўласцівасць у першую чаргу такіх дзелавых асяродкаў, як горад. Галоўнай крыніцай для вызначэння характару мовы, якую Гудавічус называе інтэрдыялектам, служыць якраз пісьмовая прадукцыя канцылярыі ВКЛ. Поўная супярэчнасць у трактоўцы гэтай мовы заключаецца ў тым, што сутнасць узнікнення і функцыянавання канцылярыі — гэта неабходнасць дакументальнага (пісьмовага) забеспячэння дзейнасці органаў улад і кіравання (а не вуснае апавяшчэнне іх рашэнняў), і што менавіта пісьмовая форма засцерагае мову ад стыхійнага развіцця.
Адносіны ўлады і мовы карэктуюць погляды на развіццё велікакняжацкай улады. Да таго як ВКЛ стала грамадствам пісьмовай культуры (працэс „пісьменізацыі» пачаўся ў XIV ст.), у моўным лексіконе літоўскай улады былі адзінкі слоў літоўскага паходжання, якія абазначалі фіскальныя паняцці. Яны з’явіліся яшчэ тады, калі палітычныя памкненні Літвы не выходзілі за этнічныя межы. Гэта значыць, што „апетыт» першых прадстаўнікоў літоўскай улады быў даволі сціплым. У гэтым сэнсе Літва не адрознівалася ад іншых „гарачых» народаў на пачатковай стадыі развіцця. Ёй не трэба было нанава ўладкоўваць і арганізоўваць грамадства Беларусі і Ўкраіны, уводзіць у гэтых землях новыя плацяжы і павіннасці і тым больш усталёўваць там новую сістэму кіравання і суда. Тое, што літоўцы сустрэлі ў беларускіх і ўкраінскіх землях, іх цалкам задавальняла і нават завышала іх першапачатковыя запыты. Па гэтай прычыне рэгіянальныя парадкі гэтых зямель на розных сацыяльных узроўнях (апрача верхняга) засталіся некранутымі. Літоўскія князі знайшлі на беларускіх і ўкраінскіх землях самую плённую глебу для сваёй дзейнасці. Больш за тое, менавіта адміністрацыйная і фіскальная структура беларускіх i ўкраінскіх княстваў паслужыла ўзорам для Літвы і Жамойці. У гэтым сэнсе Беларусь і Ўкраіна далёка пераўзышлі Літву. Аднак далёка не з усім гэтым згодны аўтар „Гісторыі Літвы».
Як вынікае з працы Гудавічуса, фармаванне „малога одаля» на тэрыторыі Літвы папярэднічала ўзнікненню літоўскай дзяржавы (89). Імкнучыся пры ўсялякай магчымасці падкрэсліць істотнае адрозненне паміж індывідуальнай гаспадаркай Літвы і „абшчынна-дэспатычнымі структурамі» Русі, аўтар „Гісторыі Літвы» ні словам не абмовіўся пра нейкія фактары, якія маглі б не даць магчымасці развівацца ці хоць бы затармазіць фармаванне аналагічнага „одаля» на тэрыторыі Русі. І што мы маем? Суседняя Русь, якая ўжо ў канцы XII ст. (калі, паводле Гудавічуса, склаўся літоўскі „вялікі одаль»), як мінімум чатыры стагоддзі жыла дзяржаўным жыццём, не гаворачы пра тое, што тэарэтычна самі дзяржаўныя формы цягам гэтага часу павінны былі так ці інакш уздзейнічаць на структуру і арганізацыю грамадства, жыла кроўнай (ці, як выказваецца Гудавічус, „кроўна-вытворчай») абшчынай, а ў Літве (заціснутай Руссю ў лясны клін Балтыкі), якая яшчэ нават не мела дзяржаўнай арганізацыі, дзякуючы кантактам з вікінгамі ўжо ў першай палове XIII ст. паўсюдна існавалі індывідуальныя гаспадаркі (33).Але якія б кантакты не існавалі паміж балцкімі плямёнаміi вікінгамі, ступень і маштабы ўздзеяння апошніх на Літвуне могуць параўнацца з такім несумненным і відавочнымкаталізатарам дзяржаватворчых працэсаў на землях усходніх славян, як славуты „варажскі элемент». Пастулюючы ўрозных формах, што „літоўскае поле» пайшло чамусьці абавязкова „па германскім, а не па ўсходнеславянскім шляхуабшчыннага развіцця» (34), аўтар тым не менш не забываецца, што „зямля не магла адчужацца ад роду» (86). Сцвярджаючы, што „ўсё-такі гэта не перашкаджала складваннюіндывідуальных формаў распараджэння ўласнасцю» (86),аўтар „Гісторыі Літвы» не абцяжарвае сябе тлумачэннем,як пры гэтым адбывалася іх складванне. Падкрэсліваючы„недаразвітасць» беларускіх і ўкраінскіх зямель параўнальна з Літвой, Гудавічус перакананы, што калі ў Літве ў XIII-XIV ст. развіваўся феадалізм, то ў „рускіх землях» ВКЛ падобнага пакуль не было (97). Супярэчнасць пабудоў аўтаразаключаецца ў тым, што канцэпцыя пра „дзяржаўную» формуфеадалізму, якую выкарыстоўвае Гудавічус, распрацаванана матэрыяле Русі, складовай часткай якой і з’яўляліся беларускія і ўкраінскія землі. Праблему развіцця феадалізму,а значыць, узроўню развіцця краіны, аўтар „Гісторыі Літвы»звязвае з працэсам запрыгоньвання сялян. Слабасць „прыгонных адносінаў» „рускіх зямель», на думку аўтара, заключаецца ў тым, што „рускія сялянскія двары не былі вылучаны з сельскага абшчыннага землеўладання (землі толькіпераразмяркоўваліся). Славянскія сялянскія сем’і даўжэйзахоўвалі рысы вялікага сямейства. Таму ў некаторых рускіх землях (напр., у валасцях Падняпроўя) захаваўся калектыўны характар павіннасцяў» (354). Аднак калектыўныхарактар павіннасцяў не адмаўляе Гудавічус і ў адносінахда Літвы, калі піша, што „паншчына перашкаджала сялянскім сем’ям вылучацца ў асобную гаспадарку. У сферы павіннасцяў гэта выяўлялася ва ўзнікненні службаў: у дворяк адзінку падатнага абкладання сталі ўключаць некалькідымоў (у сярэднім 2 ці 3)» (351). Тут Гудавічус блытае вялікую сям’ю з сельскай абшчынай, а тое і другое — з валасной абшчынай. Апошняя сапраўды існавала ў беларускім Падняпроўі і ўяўляла сабой адміністрацыйнафіскальную сістэму, якая была створана ў X-XIII ст. Што да існавання практыкі „пераразмеркавання зямлі» ў сельскай абшчыне, то гэта вынік памылковай інтэпрэтацыі Гудавічусам літаратурных крыніц. Не землі пераразмяркоўваліся, а раскладваліся падаткі і павіннасці, прычым рабілася гэта з асобных гаспадарак.
У падыходзе Гудавічуса вельмі многае раскрывае сцвярджэнне пра захаванне сярод усходніх славян на тэрыторыі ВКЛ „абшчынна-дэспатычных структур» (97), якія нібыта на славянскіх землях ВКЛ былі пашыраны паўсюдна. Гэты погляд зыходзіць ад выказвання Ф. Энгельса ў рукаnice „Франкскі перыяд» (названы рукапіс не быў закончаны i пры жыцці аўтара не публікаваўся). Згодна з гэтым выказваннем, у азіяцкіх народаў і „русских» не ўзнікла прыватная ўласнасць на зямлю, таму што „дзяржаўная ўлада праяўлялася ў форме дэспатызму». У процілегласць ім на заваяванай германцамі тэрыторыі ворыўныя надзелы і лугі ператварыліся ў прыватную ўласнасць — у алод, што і прывяло да развіцця феадалізму. На думку Энгельса, феадалізм узнік менавіта на падставе алода[49]. Становіцца зразумелым, пра які „германскі шлях абшчыннага развіцця» (34) піша Гудавічус. Відавочна, на падставе прыведзенага выказвання Гудавічус заключыў, што пры феадалізме рэнта абавязкова павінна спаганяцца не з абшчыны, а з асобнай гаспадаркі (97). Думка арыгінальная, але беспадстаўная. Відавочна, кіруючыся выказваннем Энгельса, аўтар „Гісторыі Літвы» зрабіў выснову, што „князь і яго адміністрацыя сталі патрабаваць выканання павіннасцяў кожнай асобнай гаспадаркай, а не абшчынай» (86), як быццам бы князю і яго адміністрацыі гэта было прынцыпова важна. Такім чынам, выказванні „класікаў» успрымаюцца яшчэ і цяпер як догма. Іх погляды для Гудавічуса маюць куды большае значэнне, чым вялізны аналітычны і фактычны матэрыял прафесійных гісторыкаў. Аўтар „Гісторыі Літвы» завяз у догмах і штучных схемах.
У дадзеным выпадку ўдумлівасць, логіка і факты прыносяцца ў ахвяру ідэі, якой прасякнута ўся кніга: утварыўшы ў сваіх нетрах одаль (у разуменні позняга алода) не столькі як сродак існавання, колькі як нейкі сімвал і ідэалагічную апору, Літва сутыкнулася з лацінскай Еўропай для выканання галоўнай гістарычнай місіі — уваходжання ў Еўропу. Ці то сутыкненне з лацінскай Еўропай было настолькі моцным, ці то ўнутраны патэнцыял Літвы з’яўляўся такім вялікім, што ў імгненне вока яна стварыла і нацыянальную дзяржаву, сілы ў якую ўдыхнула нацыянальна-дзяржаўная ідэалогія. Імкнучыся ўвайсці ў Еўропу, Літва, яшчэ будучы племянным утварэннем, абагнала ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржаўныя ўтварэнні ўсходніх славян (узнік „алод»-„одаль»). „Інтэграцыя ў Еўропу» (59), „«заходні» прарыў» (113), „шлях у Еўропу і да дасягнення прагрэсу» (168), вобразы „праваднікоў, пракладацеляў дарогі ў Еўропу» (122), „прагрэс у еўрапейскім сэнсе» (147), „пераступанне парога Еўропы» (279) і г. д. ствараюць адчуванне нейкай навязлівай ідэі. Менш за ўсё трэба меркаваць, што літоўцы таго часу ўспрымалі гэтую „інтэграцыю», „прарыў», „шляхі», „прагрэс» і г. д. так, як гэта робіць Гудавічус. Ён не вывучае, а мадэлюе гісторыю ў адпаведнасці са старымі гістарыяграфічнымі і сучаснымі грамадскімі стэрэатыпамі ды ідэямі. Імкненне як бы там ні было „інтэграваць» Літву ў Еўропу прывяло Гудавічуса да своеасаблівых вынікаў. Паняцці і тэрміны „барщина», „оброк», „барщинный откуп», „отработки», „крепостные»[50] і іншыя не праясняюць сутнасці рэчаў, а разам з „заходнімі» тэрмінамі „ангарии», „сервильные повинности (сервилии)» і г. д. не збліжаюць Літву з Заходняй Еўропай, хоць і ўтвараюць дзіўны каларыт.
Большая частка аб’ёму кнігі прысвечана дэталёваму апісанню палітычных перыпеітый і ваенных кампаній. Здаецца, усё тут растлумачана і ўсё зразумела. Але гэтыя тлумачэнні вельмі падобныя да тых, якія дае сучасны журналіст цяперашнім палітычным і ваенным падзеям. Няўжо свядомасць i матывацыі сярэднявечнага чалавека былі дакладна такімі ж, як цяпер? Сумняваюся. Таму, напрыклад, трактоўка умоў і наступстваў Крэўскай уніі выглядала б больш пераканаўча, калі б Гудавічус быў больш уважлівы да поглядаў на гэтыя праблемы Ю. Бардаха, а не ствараў з польскага караля і вялікага князя літоўскага Ягайлы нейкага дзіўнага „васала самога сябе»(166). Гаворачы пра сойм ВКЛ, Гудавічус ніяк не можа пазбавіцца сучасных уяўленняў пра выбарчую сістэму. Аказваецца, удзельнікі сойма ВКЛ першай паловы XVI ст. „абіраюцца» (420), што „з самых першых гадоў панавання Жыгімонта ІІ рэалізоўваўся прынцып прадстаўніцтва ўсіх зямель дзяржавы, а прыбылыя дваране <…. > лічыліся дэлегатамі ад усяго дваранскага стану» (420), „соймы прадстаўлялі ўсё дваранства Літоўскай дзяржавы» (422) і г. д. Паводле сцвярджэння аўтара „Гісторыі Літвы», Альгерд не змог ацаніць (ці ацаніў недастаткова) тую „гістарычную неабходнасць», што „Літву мог выратаваць толькі прагрэс, а менавіта прагрэс у еўрапейскім сэнсе» (147), і што ён належным чынам не „ацаніў небяспечнасць адрыву Літвы ад працэсаў развіцця ўсёй Еўропы» (136). Дазволім сабе апраўдаць звычайнага манарха XIV ст.: ён пры ўсім сваім жаданні не мог зразумець таго, чаго патрабуюць ад яго некаторыя гісторыкі XX-XXI ст. Дзіўна чуць падобныя ацэнкі ў адрас людзей мінулага, абвінавачванні іх у непрыхільнасці да сучасных індывідуальных і масавых стэрэатыпаў, патрабаванне ад іх цяперашняй свядомасці і мыслення, ведання таго, што такое „гістарычная неабходнасць», „прагрэс», „працэсы развіцця ўсёй Еўропы», разумення сваіх памылак з пункту гледжання сённяшняга дня і „гістарычнай неабходнасці». Такі падыход да болю знаёмы, але з ім хочацца развітацца. Названыя людзі — гэта людзі свайго часу і свайго грамадства, і іх трэба разумець. Вось гэтае разуменне якраз і адсутнічае ў працы Гудавічуса.
Гісторыя Літвы ўкладзена Гудавічусам у пракрустава ложа гістарыяграфічных і метадалагічных рэліктаў і грамадскіх ідэалагем, наіўнага ўяўлення, што 700-500 гадоў таму ўсё было так, як і цяпер, апрача канкрэтных асобаў i падзеяў, і што толькі гэтыя асобы і падзеі — і ёсць гісторыя. Кніга Гудавічуса — гэта праца па гісторыі не старой Літвы, а Літвы апошніх двух дзесяцігоддзяў яе існавання, прызначаная для „хатняга чытання». Магчыма, гэта значны ўклад у гісторыю развіцця і фармавання сучаснай грамадскай свядомасці літоўцаў. Аднак у ёй адсутнічае гісторыя свядомасці літоўцаў. Шкада, што я не знайшоў у ёй таго, што шукаў і што павінен быў знайсці — гісторыі Сярэднявечча. У сваіх развагахінтэрпрэтацыях я свядома рабіў мала спасылак на крыніцы (не маю на ўвазе спасылкі на аналітычныя працы), бо ўсе яны грунтуюцца на звестках з добра вядомых крыніц (у выданні якіх, дарэчы, актыўна ўдзельнічае і Гудавічус — Метрыка ВКЛ) і добра вядомых даследаваннях, у тым ліку тых, якія даюць параўнальны матэрыял. Калі такія крыніцы і даследаванні ёсць, значыць, можна спадзявацца, што і гісторыя сярэднявечнай Літвы яшчэ будзе напісана.
1 Неусыхин А. И. Возникновение зависимого крестьянства каккласса раннефеодального общества в Западной Европе VI—VIII вв. Москва, 1956. С. 10-14 і інш.
2 У свой час зрабіў гэта У.Ц. Пашута: „…парцэлярная гаспадарка — крыніца прыватнага прысваення, якое стварае аснову длязасяроджання рухомай маёмасці — прыладаў працы, жывёлы,грошай, часам нават несвабодных людзей у руках свабоднага земляроба. Паступова, па патрабаванні ўсё большай колькасці земляробаў, абшчыннае ўладанне ворыўнай зямлёй змянялася асобнай долевай уласнасцю (наследнымі жэрабямі), якая, аднойчы атрыманая па жэрабю, паступова трапляла спачатку ў спадчыннае валоданне, а потым — у прыватную ўласнасць асобных сямей < … > Але пры гэтым пазбаўленыя падтрымкі абшчыны, яны ў выніку няроўнасці сем’яў, якасці зямлі і працы, стыхійных бедстваў, неўраджаю і іншых прычын лёгка падвяргаліся небяспецы страціць сваё першапачатковае паўнапраўнае маёмаснае і грамадскае становішча. У такім выпадку яны павінны былі шукаць дапамогі ў іншых больш удалых суседзяў. Ва ўмовах, калі зямля і іншая маёмасць свабодна < … > адчужаецца <…>, гэта непазбежна вядзе да абагачэння адных і абяднення іншых <…> Як толькі адзін свабодны земляроб эканамічна ўзмацняўся настолькі, што прысвойваў сабе не толькі прылады працы, жывёлу, але і ўчастак зямлі некалькіх суседзяў і пачынаў браць за кошт іх працы прыбытковы прадукт, — адбывалася трансфармацыя гэтага ў мінулым працоўнага земляроба ў нобіля — будучага феадала, а працуючых на яго суседзяў — у залежных людзей, будучых несвабодных сялян». (Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 289-290)
3 Гуревич А. Я. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. Москва, 1970 (далей — Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе). С. 35 і інш.
4 Гуревич А. Я. Англосаксонский фолькленд и древненорвежский одаль (опыт сравнительной характеристики дофеодальных формземлевладения)//Средние века. 1967. № 30. С. 61; Ён жа. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 26— 44,145-150.
5 Што літаральна перакладаецца як „народная зямля», г. зн.зямля, якой валодалі паводле старажытнага народнагаправа.
6 Права одаля было абумоўлена непарушнай сувяззю паміж зямлёй і сям’ёй, якая ёй валодала. Нават калі члены гэтай сям’і(одальманы) былі вымушаны развітацца са сваім уладаннем,яны на працягу працяглага часу не гублялі права одаля і мелімагчымасць вярнуць сябе зямлю, выплаціўшы выкуп. Продажодаля (у той час, калі ён зрабіўся магчымым) быў абмежаваны:суродзічы ўладальніка, які прадаваў сваю зямлю, мелі пераважнае права на яе куплю. Прынцып цеснай сувязі сям’і з зямельным уладаннем знайшоў сваё выражэнне ў правіле, паводле якога зямля рабілася одалем толькі пасля таго, якзнаходзілася ва ўладанні па меншай меры трох пакаленняўсваякоў мужчынскага полу і па мужчынскай лініі і перайшлада чацвёртага, г. зн. стала ўласнасцю ўсіх магчымых членаўвялікай сям’і. У выніку пераходу ад вялікай да індывідуальнай сям’і ў VIII—IX ст. маглі адбывацца часовыя падзелы зямлі для адасобленай яе апрацоўкі; і хаця одаль пераставаў быцьагульным уладаннем вялікай сям’і, гэта не вяло да зацвярджэння прыватнай уласнасці за індывідуальнымі ўчасткамізямлі, г. зн. „абарачэнне гэтай зямлі не выходзіла за межы коласваякоў, якія раней складалі вялікасямейную абшчыну». Адзначаныя рысы одаль захоўваў на працягу ўсяго Сярэднявечча; у неабмежаваную прыватную ўласнасць ён пераўтварыўся толькі ў XVIII—XIX ст. У англасаксаў гаспадарчай адзінкай ужо ў VII ст. была індывідуальная сям’я. Але гэтая сям’я не валодала правам уласнасці на зямлю; апошняя належала групе суродзічаў, якія раней складалі сямейную абшчыну. Гэтае права, у прыватнасці, ажыццяўлялася пры адсутнасці ў памерлага гаспадара — главы „малой» сям’і сыноў; у гэтым выпадку зямля пераходзіла да бацькоўскай радні памерлага, якая да таго ж выступала ў якасці апекуна сыноў памерлага да дасягнення імі паўналецця. І толькі ў канцы англасаксонскага перыяду фольклэнд набывае рысы феадальнага землеўладання і захоўваецца як абломак даўняй сістэмы (Гуревич. Англосаксонский фолькленд и древненорвежский одаль. С. 65—82; больш падрабязна гл.: ён жа. Норвежское общество в раннее средневековье: Проблемы социального строя и культуры. Москва, 1967. С. 55-84 і інш.).
7 Пры гэтым заўважым, што гэты прывілей не ведае іншых відаўземлеўладання, акрамя вотчыны (quae ex successione paternapossidet).
8 Пры адзначэнні гэтага правіла часта даецца спасылка на „правы земскія» (Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 4 (1479 1491). Užrašуmų knyga 4/Par. L. Anužytė. Vіlnіus, 2004. № 86. Р. 119 [1484]; Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 8 (1499 1514). Užrašуmų knyga 8/Par.A Balіulіs, R Fіrkovіčіus, D Antanavіčіus. Vіlnіus, 1995 (далей —LM-8). № 390. Р. 294 (1506); № 392. Р. 295 (1507); Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 12 (1522 1529). Užrašуmų knyga 12 / Par.D Antanavіčіus, A Balіulіs. Vіlnіus, 2001 (далей — LM-12). № 501. Р. 397 (1525); № 712. Р. 548 (1529); Lіetuvos Metrіka (15221530). 4-ojі Teіsmų bylų knyga (XVІ a. pabaіgos kopіja)/Spaudaіpar. S. Lazutka, І. Valіkonytė іr kt. Vіlnіus, 1997 (LM — 224). №9. Р. 47 (1522), № 352. Р. 294 (1529), № 379. Р. 315 (1529) ііттттт).
9 Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 3 (1440 1498). Užrašуmų knyga 3/P-ar. L. Anužytė, A Balіulіs. Vіlnіus, 1998. № 36. Р. 84 [1498]; LM-8. № 240. Р. 213 (1507); LM-12. № 400. Р. 333 (1524), № 677. Р.520 (1528) і інш.; Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовскорусского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1892. С. 565-567;Лазутка С., Валиконите И., Карпавичене И. Введение//Lіetuvos Metrіka (1528-1547). 6-ojі Teіsmų bylų knyga (XVІ a. pabaіgos kopіja)/Spaudaі par. S. Lazutka, І. Valіkonytė іr kt. Vіlnіus,1997 (далей — LM-225). Р. LXIV-LXVІ; LM-225. № 62. Р. 63-64[1528]; № 68. Р. 65-66 [1529].
10 Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Киев, 1901. Т. 1 (далей — Довнар-Запольский. Государственное хозяйство). С.610.
11 LM-12. № 49. Р. 148 (1522) і інш.
12 „…однакъ, хотя бы и записъ дал, а нам бы тог(о) не объявил,тогды бы тот запис его не мял держанъ быт(ь), бо то ест выслуга его, а не отчызна…». LM-224. № 298. Р. 251 (1528).
13 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 610.
14 Тамсама. С. 604-609; „Канстытуцыя вялікага князя Аляксандра сведчыць пра паварот, які адбыўся ў вялікакняскай палітыцы ў адносінах да выслужаных зямель: відавочна, ужо з часоў Казіміра перасталі зліваць вотчыны з выслугамі, і з канцаXV ст. да выдання другога Статута існавала не малое адрозненне паміж дзвюма формамі землеўладання…» (Тамсама.С. 609).
15 Вотчына як сродак існавання стваралася сіламі ўсяго роду.
16 Віленскі залатар Волфканк прэтэндаваў на маёмасць (рухомуюi нерухомую) свайго роднага брата Віцэнта, на што атрымаў адяго адказ: „…то не ест отчызнамоя с тобою, але то естъ всемое власное, штом я выпрацовал роботою и куплею своею, тык тому ничог(о) немаеш»(вылучана намі. — А.Г.). Вялікі князьi паны-рада прынялі бок Віцэнта: „…иж не одно у Моитбарскомъ праве, але и в рыцэрскомъ, кром отчызны, волен кождый выслугу и роботу-набыт(ь)е купецтвом албо которым-кольвек набыт(ь)емъ — записать, кому будет(ь) его воля»(вылучана намі. — А. Г.) (LM-224. № 4. P. 43-44 (1522)).
17 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 613.
18 Што гэтыя формулы не мелі фармальнага характару, сведчацьнекаторыя асобныя заўвагі актавых крыніц: „…и привильемъсвоимъ его м(и)л(о)сть то былъ потверъдилъ ему и его жоне, иих детемъ, кроме братьи его и ближънихъ их…» (вылучананамі. —А.Г.) (LM-8. № 497. Р. 359 (1510)). „Моц» такіх прывілеяў давала магчымасць „верную выслугу» „от всих ближнихсвоих» „отдалити и записати кому хотя» (LM-12. № 656. Р. 501—502 (1527)). І наадварот: „И мы, въглянувъшы в тотъ прывилеин(а)шъ, кгды жъ тыи именья выписаны имъ самимъ и ближнимъ ихъ, а тотъ дядко ихъ вмеръ безчаден, з ласки н(а)шое,на ихъ чоломъбитье, то вчынили: тую часть именеи, которую дядко их небощыкъ Грыцко Ивановичъ держалъ, имъ есьмодали…» (вылучана намі. — А.Г.) (LM-12. № 206. Р. 234(1523)).
19 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 610.
20 Уласнасць на зямлю магла праяўляцца ў форме ўласнасці паноўнага класа ў асобе князя, вярхоўнай уласнасці князя, вярхоўнай уласнасці дзяржавы, дзяржаўнай карпарацыйнай уласнасці, карпаратыўнай уласнасці ваенна-дружыннай знаці(Горский А. А. Феодализация на Руси: основное содержание процесса // Вопросы Истории. 1986. № 8 (далей — Горский.Феодализация на Руси: основное содержание процесса).С. 77).
21 Дзе даследчыкі часцей за ўсё шукаюць і знаходзяць прыкметы „феадальнай (сеньярыяльнай) рэвалюцыі».
22 Дубровский И. В. Как я понимаю феодализм // Одиссей. Человек в истории. Феодализм перед судом историков. Москва, 2006.С. 54-59.
23 Існаваў яшчэ адзін аналаг літоўскім выслугам: дараванні англасаксонскіх каралёў — „боклэнд», які з’яўляўся адной з галоўных крыніц і асноўнай формай буйнога землеўладання ў англасаксонскай Англіі (Петрушевский Д. М. Очерки из истории средневекового общества и государства. С.-Петербург, 2003.С. 282; Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 45). Цікава адзначыць, што сваё найменне „боклэнд»атрымаў ад слова „бок» (boc) — грамата, г. зн. „боклэнд» — гэта літаральна „зямля, якая перададзена паводле граматы». У гэтай сувязі адзначым, што адным з фактараў стварэння стацыянарнай канцылярыі ВКЛ у 40-я г. XV ст. было якраз зараджэнне практыкі масавых раздач зямельных выслуг, якіясуправаджаліся выдачай спецыяльных дакументаў.
24 Больш падрабязна гл.: Горский. Феодализация на Руси: основное содержание процесса. С. 74—88.
25 Тамсама. С. 75.
26 „У канкрэтна-гістарычным плане з’яўленне дадзенай канцэпцыі было выклікана тым, што ў рэгіёнах, дзе феадалізм узнікаў непасрэдна з родаплемяннога ладу, без прамога ўздзеяння антычных грамадскіх адносін, якія раскладаліся, самыя раннія звесткі крыніц пра існаванне феадальных вотчын, як аказвалася, адносіліся да больш позняга часу (вылучана намі.—А. Г.),чым найбольш раннія звесткі пра існаванне дзяржавы і выкананне дзяржаўных павіннасцяў. Адным з такіх рэгіёнаў з’яўлялася Русь. Менавіта ў адносінах да яе гісторыі было ўпершыню выказана меркаванне (вылучана намі. — А. Г.) прапершапачатковае панаванне дзяржаўных форм эксплуатацыі»(Тамсама. С. 75-76.). Нават з дадзенага выказвання вынікае,што феадалізм на Русі трэба было знайсці як бы там ні было.
27 Тамсама. С. 77.
28 Пры гэтым сельскагаспадарчая і рамесніцкая прадукцыя з’яўляецца толькі прыватным вынікам гэтых функцый.
29 Гуревич А. Я. Свободное крестьянство феодальной Норвегии.Москва, 1967 (далей—Гуревич. Свободное крестьянство). С. 113; Ён жа. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С.44 і інш.; ён жа. Древние германцы // Гуревич А. С. Избранныетруды. В 4 т. Древние германцы. Викинги. Москва; С.-Петербург, 1999. Т. 1 (далей — Гуревич. Древние германцы). С. 38-40.
30 Горский. Феодализация на Руси: основное содержание процесса. С. 77.
31 Гуревич. Свободное крестьянство. С. 156.
32 Можна меркаваць, што працэсу развіцця буйнога землеўладання на тэрыторыі ВКЛ у значнай ступенні спрыяла фармаванне цяжкой кавалерыі. Даследчыкі дапускаюць бытаванне ў ВКЛ у першых дзесяцігоддзях XV ст. цяжкой і лёгкай кавалерыі (Бохан Ю.М. Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV — канца XVI ст. Мінск, 2002. С. 235). Такім чынам, час з’яўлення першых дараванняў вялікага князя на землі і сялян супадае з часам узмацнення ў ВКЛ цяжкой кавалерыі: неўзабаве пасля Крэўскай уніі 1385 г. — першыя дзесяцігоддзі XV ст. Такім чынам, у развіцці буйнога землеўладання, складванні новага тыпу арыстакратыі ў ВКЛ і краінах Заходняй Еўропы ёсць шэраг агульных рысаў. На думку многіх даследчыкаў, менавіта ўзмацненне адзначанага віду кавалерыі ў Заходняй Еўропе прывяло да змен у грамадстве і спрыяла з’яўленню арыстакратыі. Апошняя складалася з ваяроў-прафесіяналаў, забеспячэнне якіх павінны былі браць на сябе няздольныя да ваеннай кар’еры члены грамадства (Лучицкая С. И. Рыцарство — уникальный феномен западноевропейского средневековья // Одиссей. Человек в истории. Рыцарство: реальность и воображаемое. 2004. С. 8-9).
33 Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссиею. Т. 30: Литовская Метрика. Отделы 1—2. Ч. 3: Книги Публичных дел./Под ред. И. И. Лаппо. Юрьев, 1914. Т. 1 (далей — РИБ). Стб. 329 і інш.
34 Тамсама. Стб. 104-105.
35 Тамсама. Стб. 105.
36 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 622—626.
37 Тамсама. С. 619-622.
38 „Наогул толькі вотчыннае права ці спецыяльныя прывілеі маглі вызваліць уладальніка ад выканання павіннасцяў», — заключае М.В. Доўнар-Запольскі (Тамсама. С. 621).
39 Працэс абкладання пачаўся ўжо ў XIII ст. Але ў гэты час і значна пазней ён грунтаваўся ў вялікай ступені на падарунках і племянных грамадскіх абавязках, у тым ліку экстраардынарнага характару, быў нерэгулярным, што не лічылася парушэннем грамадскіх нормаў. І гэта пры тым, што нейкае раўнамернае абкладанне было нехарактэрным для Літвы, таксама як і для іншых раннесярэднявечных грамадстваў. Першыя літоўскія князі — гэта яшчэ не „господари»: адсутнічала крайняя форма выяўлення гэтай улады — дараванні князямі сялян і іх зямель. Значыць, працэс фармавання велікакняжацкай улады, улады „господаря», куды больш складаны, чым гэта ўяўляецца Гудавічусу: „Кантрыбуцыі, спаганяныя з далучаных зямель, сталі данінай, а дарункі „сваіх» землеўладальнікаў правадырам і военачальнікам зрабіліся абавязковымі <…>. Князі са сваімі дружынамі аб’язджалі абшчыны, спаганяючы з іх даніну. Узніклі княжацкія павіннасці — права палюддзя <…> іскладчына <…>. Землі, якія складаліся з асобных палёў, сталі княжацкімі» (35). Якой бы моцнай ні была ўлада літоўскіх князёў, яна не магла ў адно імгенне разбурыць тыя парадкі, якія фармаваліся і існавалі стагоддзі. Гэтую ўладу нельга разглядаць як нейкую знешнюю самадастатковую сілу. Развіццё княжацкай улады знаходзілася ў непарыўнай сувязі з развіццём грамадства: паступовае, хаця і паслядоўнае, фармаванне названай улады рыхтавалася ўмовамі, якія выспявалі глыбока ў нетрах самога грамадства.
40 Адна з першых згадак адносіцца да 1568 г. (РИБ. Стб. 463).
41 Насуперак самому сабе Гудавічус сцвярджае, што ў1380-я г. „большасць жыхароў краю ўсведамлялі сябе напалову этнічна, напалову — як падданых» (с. 167).
42 Гуревич. Свободное крестьянство. С. 113; гл. таксама: Гуревич А. Я. Категории средневековой культуры. Москва, 1972. С. 42— 44; ён жа. Древние германцы. С. 38-39.
43 РИБ. Стб. 107.
44 Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epochi plemiennej do wieku XVI. Poznań, 1981. S. 62.
45 А. М. Гаштаўт — Ю. М. Радзівілу: „…. люди руского прироженя:ради то поведают, чого не видевши ани слышавши» (Archiwum Glówne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dz. XI. Sygn. 17.S. [33]).
46 Российский государственный архив древних актов. Ф. 389 (Литовская метрика). Оп. 1. Ед. хр. 13. Л. 97—101 об.
47 Груша А. І. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага 40-х гадоў XV — першай паловы XVI ст. Мінск, 2006. С. 61.
48 Гаворка ідзе пра летапісную згадку ў Ніканаўскім летапісе пад 865 г., згодна з якой „воеваша Аскольдъ и Диръ полочанъ и много зла сотвориша» (пра гэтую летапісную згадку: Рыбаков Б. А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. Москва, 1963. С. 165; Алексеев Л. В. Полоцкая земля (Очерки истории северной Белоруссии в IX-XIII вв.). Москва, 1966. С. 237-238).
49 Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 146 і інш.
50 У дадзеным выпадку мы нават не маем на ўвазе няўдалы пераклад „шляхты» ў „дваран» (у ВКЛ тэрмін „дваранін» выкарыстоўваўся для абазначэння пэўнай пасады).