БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Палеміка'

Артыкулы па тэме ‘Палеміка’

Тaмаш Камусэлa. Расійскія “окраины” і польскія “Kresy”: аб’ектыўнасць і гістарыяграфія


*[1]

Расійская гістарыяграфічная перцэпцыя постсавецкіх нацыянальных дзяржаў – Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы і Украіны (а часам і Фінляндыі) – нярэдка апасродкуецца тэрмінам “окраины”. Польскія гісторыкі – праўда, толькі ў дачыненні да Беларусі, Літвы і Украіны (часам таксама Латвіі) – аналагічным чынам выкарыстоўваюць тэрмін “kresy”. Абодва тэрміны – адпаведна, у Расіі і Польшчы – былі да пэўнай ступені прыняты як нейтральныя аналітычныя тэрміны для даследавання мінулага гэтых краін у кантэксце, адпаведна, расійскай (імперскай) і польскай (польска-літоўскай) гісторыі. Што характэрна, у краінах, якія падпадаюць пад азначэнне “окраины” і “kresy”, навукоўцы і інтэлектуалы не фармулююць асобнага (або адасабляльнага паводле нацыянальнага крытэрыю) мінулага Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы і Украіны з выкарыстаннем названых паняццяў. Паняцці гэтыя фактычна разглядаюцца імі як чужыя, а шмат у якіх выпадках – як антыбеларускія, антылатышскія, антылітоўскія, антымалдаўскія або антыўкраінскія. Такім чынам, узнікае пытанне, ці настолькі нейтральныя гэтыя два тэрміны, як нярэдка сцвярджаюць расійскія і польскія гісторыкі. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Безуладдзе і праўладнасць беларускіх гісторыкаў

Гістарычная навука функцыянуе толькі тады,

калі даюць сказаць іншаму, чуюць яго і лічацца з яго словам.

Штэфан Ёрдан

Гадоў сем таму, калі адзін з маіх калег, чыя прафесійная дзейнасць раней таксама была звязана толькі з акадэмічным Інстытутам гісторыі і які гэтаксама стараннямі новай дырэкцыі апынуўся па-за яго сценамі, у размове сказаў: “Пачакай, прыйдзе час, і мы вернемся на ранейшую працу”, то сама ўяўная магчымасць працы ў, здавалася б, той самай установе яшчэ не выклікала ўнутранага пярэчання, хоць я і не падзяляў падобнага аптымізму. Затое цяпер такое ўжо і ўявіць немагчыма, бо гэта было б не толькі прафесійнай дэградацыяй, але і маральным суіцыдам, – настолькі перарадзіўся той жа інстытут! Толькі справа не ў адной названай установе – моцна змянілася, па-мойму, асяроддзе гісторыкаў наогул. Што адбываецца з беларускімі гісторыкамі, як трансфармуецца іх прафесійная ідэнтычнасць – гэта тыя непрыемныя пытанні, якія даўно неабходна ставіць і шукаць адказы. І найперш – што мы сёння з сябе ўяўляем, ці з’яўляемся мы наогул яшчэ нейкай супольнасцю. Ніжэй дзялюся сваімі суб’ектыўнымі меркаваннямі на гэты конт.
Чытаць далей →

Беларуская гістарыяграфія ў ацэнках гісторыкаў (Генадзь Сагановіч)


Патрэба ў размове аб прафесійных хваробах і клопатах нашай гістарычнай навукі наспела даўным-даўно. Хоць у афіцыйных дакладах і публікацыях, як спецыяльных, так і прынагодных, сітуацыя ў сучаснай гістарыяграфіі Беларусі ацэньваецца звычайна наўздзіў пазітыўна, у кожнага, хто сам належыць да супольнасці акадэмічных гісторыкаў, бачыць усё знутры і параўноўвае, яна не магла не выклікаць непакою.

Справа не столькі ў агульных праявах крызіснага стану гістарыяграфіі і гуманітарных навук у цэлым, — такіх, як заняпад гуманітарнай культуры, зніжэнне сацыяльнага статусу навукоўца, камерцыялізацыя навукі і г. д. Хоць і яны ў Беларусі праяўляюцца яшчэ вастрэй. Прыкладам, па ўплывах на масавую гістарычную свядомасць грамадства прафесійныя гісторыкі цяпер у нас, як падаецца, прыкметна саступаюць напору паранавуковага гісторыяпісання, так званай „гісторыі-на-продаж”. Прывычнымі сталі і даўнія недахопы гістарычнай навукі, што раней выклікалі хоць сцішаныя галасы незадаволенасці, — такія, як структурная непаўнавартасць дысцыпліны, ухіленне ад крытычнага агляду яе стану, адсутнасць абмеркавання праблем тэорыі і метадалогіі гісторыі ды інш. Чытаць далей →

Анкета БГА


1. Як Вы ацэньваеце сістэму падрыхтоўкі навуковых кадраў у Беларусі (патрабаванні ды дысертацый, працэдура прысваення навуковых ступеняў і званняў, спецсаветы па абароне, роля ВАКа)?

2. Ці задавальняюць Вас цяперашнія ўмовы вытворчасці гуманітарных ведаў (ад выбару тэматыкі да магчымасцяў архіўнабібліятэчных пошукаў, апрабацыі і публікацыі даследаванняў)?

3. Што змянілася ў прафесійных „стандартах” сучаснай беларускай гістарыяграфіі параўнальна з гістарычнай навукай БССР і гістарыяграфіямі суседзяў? Як можна ацэньваць якасць яе навуковай прадукцыі?
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Пра так званую “школу праваслаўных гісторыкаў”, або Навошта нам заходнерусізм


Для тых, хто сочыць за новымі кнігамі па гісторыі Беларусі, наўрад ці прайшла незаўважанай серыя нядаўна перавыдадзеных Беларускім Экзархатам твораў гістарычнай літаратуры ХІХ ст. Пачатак ёй паклаў нарыс Грыгорыя Кіпрыяновіча (1846–1915) пра гісторыю галоўных хрысціянскіх канфесій у Беларусі і Літве [1], наступным быў зборнік публікацый Міхаіла Каяловіча (1828–1891) [2], а трэцім творам з той жа серыі стаў нарыс Іларыёна Чыстовіча (1828–1893) пра т. зв. “заходнярускую” царкву [3]. Усе названыя кнігі выйшлі велізарным па цяперашнім часе накладам – па 3–4 тыс. асобнікаў! Чытаць далей →

Рышард Радзік. Куды ідуць тры народы Русі?


Усходнія славяне на працягу апошніх стагоддзяў выпрацавалі пачуццё прыналежнасці да трыадзінай агульнарускай супольнасці, якая іх яднае і часта завецца нацыянальнай. Пры тым што не толькі ў расіян, але ўжо ў XIX ст. – ва ўкраінцаў, а ўслед за імі, на самым пачатку XX ст., і ў беларусаў, сфармаваўся ўласны сучасны нацыянальны рух. Гэты артыкул прысвечаны характару і сэнсаваму напаўненню ўсіх названых супольнасцяў, а таксама вызначэнню меры прыналежнасці іх непасрэдных удзельнікаў да агульнарускай і нацыянальнай спадчыны. Матэрыял абапіраецца перадусім на даследаванні галаўных сацыялагічных установаў Расіі, Украіны і Беларусі [1]. На практыцы сам тэрмін триединый русский народ ужываецца вельмі рэдка: спарадычна – паміж навукоўцамі, часцей – у колах публіцыстаў і ідэолагаў. Аднак сэнсавае напаўненне гэтага тэрміна ў вялікай ступені прыкладаецца да трох асобных нацыянальных рухаў. Чытаць далей →

Джулі Фёдар, Сайман Льюіс, Таццяна Журжэнка. Вайна і памяць у Расіі, Украіне і Беларусі*

* Публікуецца з ласкавай згоды аўтараў паводле: Fedor J., Lewis S., Zhurzhenko T. Introduction: War and Memory in Russia, Ukraine and Belarus’ // Julie Fedor, Markku Kangaspuro, Jussi Lassila, and Tatiana Zhurzhenko (eds). War and Memory in Russia, Ukraine and Belarus. New York: Palgrave Macmillan, 2017. P. 1–40. Эл. варыянт: https://link.springer.com/chapter/10.1007/978-3-319-66523-8_1

У пачатку вайны на Данбасе, у першыя чэрвеньскія дні 2014 г. – задоўга да таго, як Расія напоўніла рэгіён зброяй, – прарасійскія сепаратысты ў райцэнтры Канстанцінаўка Данецкай вобласці заявілі журналістам, што танк, ужыты імі ў баявых дзеяннях супраць украінскай арміі, быў зняты з пастамента ў мясцовым парку, дзе ён стаяў як помнік падзеям Другой сусветнай вайны, а затым адрамантаваны, запраўлены і “вернуты да жыцця” [1]. Незалежна ад таго, праўда гэта ці мана, метафара сама па сабе магутная – з яе вынікае, што здані вайны, якая скончылася семдзесят гадоў таму, могуць лёгка матэрыялізавацца. Чытаць далей →

Рышард Радзік. Беларуская апалогія „трыадзінарускасці”


* Криштапович, Лев Е. Беларусь и Россия: историософское и цивилизационное единство. Минск: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2006.94 c.

Праца беларускага філосафа Льва Крыштаповіча „Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства» — кніга невялікага аб’ёму, якая пачынаецца ўводзінамі іншага аўтара і „Прадмовай», а заканчваецца невялікім тэкстам аднаго з беларускіх гісторыкаў.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. “Новае” старое пра бітву пад Грунвальдам


Калі я паглядзеў далей, дык толькі таму, што стаю на плячах гігантаў.

Ісак Ньютан

* Гагуа, Руслан Б. Грюнвальд в источниках: „Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410″. Пинск: ПолесГУ, 2009. — 208 с.

Займацца бітвай пад Грунвальдам (Дуброўнай) гісторыку цяпер няпроста — яе бібліяграфія налічвае тысячы пазіцый[1], і каб пісаць нешта сваё, трэба, ясная рэч, вызначаць стаўленне да напісанага папярэднікамі. У гэтай сувязі выхад кнігі Руслана Гагуа, прысвечанай адной з асноўных крыніц даследавання славутай бітвы, можна было б лічыць падзеяй, асабліва ўлічваючы тое, што яна аказалася першай манаграфіяй у сціплым спісе беларускага грунвальдазнаўства. Шырокай аўдыторыі аматараў гісторыі яна пэўна і ўяўляецца гэтакім піянерскім дасягненнем айчыннага гісторыяпісання, пагатоў у анатацыі шматабяцальна абвяшчаецца: „Комплекснае даследаванне хронікі дазволіла аўтару па-новаму інтэрпрэтаваць розныя аспекты славутай бітвы». А вось гісторыкаў такое дэклараванне комплекснасці і асабліва навізны інтэрпрэтацый павінна хутчэй насцярожыць, чым абнадзеіць. Хоць бы таму, што „Хроніка канфлікту» (далей — ХК) у большай ці меншай ступені трапляла ў фокус увагі большасці даследчыкаў, якія спецыяльна займаліся „Вялікай вайной» 1409-1411 г. і яе галоўнай бітвай, а таксама таму, што актуальнай застаецца праца Свэна Экдаля[2] — этапная ў крыніцазнаўстве бітвы пад Грунвальдам, у якой грунтоўна разгледжана і ХК. Дык ці не занадта смела заяўлена? Каб разабрацца, трэба чытаць, чым мне і давялося заняцца. Чытаць далей →

Аляксандр Пагарэлы. Дакладны час на “зламаным гадзінніку”


*Lewis, Simon. Belarus – Alternative Visions: Nation, Memory and Cosmopolitanism. New York and London, 2019.

Ці бывае так, што пазітыўная матывацыя, добразычлівасць і спагадлівасць аўтара прыносяць сумнеўныя вынікі, заснаваныя на хібнай метадалогіі? Так, бывае.

У мінулым годзе ўбачыла свет манаграфія Саймана Льюіса “Беларусь – альтэрнатыўныя бачанні. Нацыя, памяць і касмапалітызм”, выпушчаная даволі вядомым выдавецтвам і ў цікавай кніжнай серыі, прысвечанай расійскім і ўсходне-цэнтральнаеўрапейскім даследаванням. Кніга стала вынікам шматгадовых штудый навукоўца, які цяпер працуе ў Інстытуце славяназнаўчых даследаванняў Патсдамскага ўніверсітэта. Чытаць далей →

Анатоль Трафімчык. Аб’яднанне Беларусі ў 1939 г. і „гістарычная справядлівасць“


Вераснёўскія наступствы пакта Молатава—Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, у дачыненні да Беларусі многімі лічацца справядлівымі[1]. Пры гэтым амаль не звяртаецца ўвага на тое, што вераснёўская акцыя Савецкага Саюза супярэчыла падпісаным ім жа міжнародным дакументам, у тым ліку дэкларацыі аб ненападзе з Польшчай[2]. Дый заключэнне самога пакта Молатава—Рыбентропа ішло ўразрэз з папярэднімі савецка-польскімі дамоўленасцямі „не принимать участия ни в каких соглашениях, с агрессивной точки зрения явно враждебных другой стороне». Аргументацыя ж Масквы, звязаная з тым, што Польшчы ўжо не існавала, а яе ўрад не падаваў прыкмет жыцця, была недастаткова правамоцнай для спынення савецка-польскіх дагавораў. Паводле міжнароднага права, як тлумачыць расійскі даследчык С. Случ, „государство продолжает существовать в смысле международного права даже тогда,  когда оно временно не обладает центральной властью, поскольку оно представляемо не только своим центральным правительством, но и всеми его органами. …Даже захват противником всей его территории… сам по себе не прекращает существования побежденного государства…»[3]. Да таго ж СССР трапляў пад дэфініцыю агрэсара паводле Лонданскай канвенцыі 1933 г., якую сам жа падпісваў (больш за тое: менавіта праект Савецкага Саюза быў пакладзены ў аснову вызначэння агрэсіі[4]). Масква парушала як мінімум пяць дакументаў[5]. Чытаць далей →

Юры Туронак. Роля Мікалая Пахлябаева ў падрыхтоўцы замаху на Вільгельма Кубэ.


Паводле звестак Вячаслава Селяменева і Віктара Шымоліна, органы дзяржаўнай бяспекі закінулі на тэрыторыю акупаванай Беларусі дзесяць спецгруп, якія спрабавалі арганізаваць забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ[1]. Аднак, акрамя жадання, усе іх намаганні былі безвыніковыя і не мелі дачынення да замаху, які здзейснілі падпольшчыца Марыя Осіпава і служанка Кубэ Алена Мазанік пад кіраўніцтвам камандавання партызанскага атрада „Дзімы», падпарадкаванага Разведупраўленню Генштаба Чырвонай Арміі, а не ведамству дзяржаўнай бяспекі[2].

Узнікае пытанне: па-першае, што абумовіла поспех атрада „Дзімы», асноўнай задачай якога была ваенная разведка і дыверсійная дзейнасць, а не рэалізацыя чэкісцкіх праектаў? Па-другое, чаму Осіпава, якую быццам яшчэ з восені 1941 г. пераследавала ідэя забойства генеральнага камісара, вырашыла дзейнічаць толькі пасля атрымання ўказання камандавання атрада „Дзімы», а не чэкісцкіх груп і атрадаў, з якімі яна супрацоўнічала? І ўрэшце, па-трэцяе, што паўплывала на Мазанік, якая паслядоўна адмаўлялася супрацоўнічаць з чэкісцкімі групамі, але хутка пагадзілася з патрабаваннем Осіпавай і камандавання атрада „Дзімы» і падклала забойную міну пад матрац Кубэ?
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Мода на плагіят?

Плагіят — гэта экспрапрыяцыя таго адзінага віду прыватнай уласнасці, які нават… Карл Маркс лічыў неадчужальным і рашуча бараніў.

Роберт К. Мертан

Калі вы знаходзіце свой тэкст там, дзе яго не друкавалі, ды яшчэ і пад іншым прозвішчам, у наяўнасці факт крадзяжу. На мове законаў гэта называецца плагіятам (ад лац. рlagiо—выкрадаю)—наўмысным прысвойваннем прадуктаў чужой творчасці ў сферы навукі, літаратуры ці мастацтва[1]. У літаратуры і мастацтве, што праўда, не заўсёды проста адрозніць плагіят ад блізкіх да яго з’яваў — запазычання, наследавання, пераймання і да т. п. Плагіятарства ж навуковых тэкстаў выяўляецца намнога прасцей. Удакладнім тут, што не вядзецца пра выкарыстанне сюжэтаў ці ідэй чужой працы, — без дакладнага паўтарэння формы іх выяўлення гэта плагіятам не лічыцца, бо супадзенне асобных ідэй можа быць абумоўлена выкарыстаннем тых жа крыніц і да т. п. Трэба таксама ясна адрозніваць ад плагіята кампіляцыю (ад лац. compilatio — збіраю) — стварэнне твора на падставе чужых даследаванняў, без самастойнай апрацоўкі крыніц, але з указаннем пазіцый, з якіх інфармацыя паходзіць, або рэферат, мэтай якога і ёсць выкарыстанне дадзеных іншых аўтараў. Плагіятар жа свядома ідзе на тое, каб чужое выдаць за сваё. Самым класічным відам такога крадзяжу ў гуманітарнай сферы можна лічыць „канспектаванне» (іншым разам даслоўнае) чужых тэкстаў, часцей — прысвойванне ix фрагментаў як плёну ўласнай працы, — без спасылкі на выкарыстаную публікацыю.
Чытаць далей →