Булгаков, Валер. История белорусского национализма (Ян Левандоўскі)
БУЛГАКОВ, ВАЛЕР. История белорусского национализма. Вильнюс: Институт белоруссистики, 2006. — 331 с.
Элементарныя пытанні, якія ставіць перад сабою рэцэнзент якога-небудзь тэксту, датычаць, між іншага, яго характару (навуковы, публіцыстычны, літаратурны i г.д.), адпаведнасці тытулу і зместу, храналагічнага і тэрытарыяльнага абсягу, i ўрэшце (a на справе перадусім) самой яго сутнасці. Апрача гэтага чытач хацеў бы ведаць, якую навуковую дысцыпліну (ці дысцыпліны) прэзентуе праца, гэта значыць якімі крытэрыямі карыстаецца аўтар як у апісанні рэчаіснасці (падборы фактаў і з’яў), так і ў ацэнцы ды кваліфікаванні прадстаўляных падзей і працэсаў.
Валер Булгакаў ставіць чытача перад вельмі цяжкай задачай. Пачнем ад тытула. З яго вынікае, што гэта сістэматычнае, навуковае прадстаўленне гісторыі беларускага нацыянальнага руху, але ў рамках якіх часоў? Звычайна, яшчэ пачынаючы даследаванне, a найпазней перад публікацыяй гісторык вызначае храналагічныя межы тэксту. У гэтым жа выпадку чытач пакінуты з уласнымі здагадкамі ці дапытлівасцю, хоць адказ на гэтае пытанне нават пасля стараннага прачытання кнігі зусім не лёгкі.
Зноў жа, тытул працы дае зразумець, што гэта „гісторыя», а значыць — з дамінаваннем даследчыцкіх метадаў гісторыка, хоць гісторык, асабліва пры даследаванні нацыятворчых прaцэсаў, не можа абмежавацца метадамі, выпрацаванымі ўласнай дысцыплінай, і мусіць карыстацца даробкам гісторыкаў літаратуры, мовазнаўцаў, этнографаў або антраполагаў культуры. Аднак у рэцэнзаванай працы маем справу перадусім з часткай літаратуразнаўчай, прысвечанай творчасці Францішка Багушэвіча (частка II, с. 190-269), ды з лепшай ці горшай навукова-папулярнай публіцыстыкай. Паўбяды, калі ўсё абмяжоўваецца рэфераваннем поглядаў розных навукоўцаў на тэмы, цікавыя аўтару. Горш, калі Булгакаў пераходзіць да ацэнкі даследчыкаў, з якімі не згаджаецца, бо тады ён аперуе вострымі негатыўнымі прысудамі, зусім не клапоцячыся пра іх пацвярджэнне. Каб не быць галаслоўным, прывяду як прыклад фрагмент тэксту са старонкі 44, дзе аўтар так піша пра крызіс беларускага літаратуразнаўства і „часткова альтэрнатыўную афіцыйную гістарыяграфію»: „Iх удзелам ёсць сляпы фактаграфізм, кан’юнктуралізм, папулізм, схематызм, няўлічванне найноўшай тэарэтычнай думкі, засілле спекуляцыі, гіпербалы, рыторыкі i г.д.». Пасля такой фразы чытач навуковай працы мае права чакаць сажнёвых спасылак з пералікам так бескампрамісна ацэненых аўтараў ды іх прац. Тым часам у абзацы, з якога ўзяты цытаваны фрагмент, ёсць толькі адна спасылка, якая адсылае да артыкула… самога Булгакава, i згадана адно прозвішча аўтара, з якім аўтар „Гісторыі беларускага нацыяналізму» палемізуе. Негатыўна ацэненых прац чытач не знойдзе таксама ў бібліяграфіі, a iх аўтараў — у індэксе прозвішчаў з той простай прычыны, што ні бібліяграфіі, ні згаданага індэкса, ні якога-колечы іншага паказніка ў працы Булгакава няма.
Aўтар прынамсі часткова разумее неаднароднасць сваёй працы (пра гэта піша ва ўступе), aле гэта не аблягчае задачу рэцэнзента. Цяжка было б да асобных частак працы прымяняць розныя меры — даследчыка, літаратурнага крытыка ці каго яшчэ? Таму застанемся пры „варштаце» i метадзе гісторыка.
Сама канструкцыя працы досыць асаблівая, бо ўключае прадмову, уводзіны, тры раздзелы, заканчэнне i пасляслоўе, — усё пяра аўтара кнігі. Так што з сямі частак аж чатыры маюць характар увядзення ці падсумавання. Прадмова з’яўляецца „апраўданнем» працы — утрымлівае кароткую гісторыю кандыдацкай дысертацыі пра Багушэвіча. Тут жа аўтар прыводзіць розныя азначэнні тэрміна „нацыяналізм», але не інфармуе, якім з іх будзе карыстацца ў сваёй працы. Вяртаецца да гэтага ва ўводзінах (35), калі піша пра даследчыцкі інструментарый Э. Гобсбаўма i заўважае, што яго недастаткова для адказу на пастаўленыя Булгакавым праблемы даследавання.
Пытанні, згрупаваныя ў шэсць блокаў, датычаць, аднак, перадусім сучаснай Беларусі, a не яе мінулага ХІХ ці XX ст. Зразумела, гісторыя дапамагае зразумець цяперашняе, гэта адна з яе істотных спазнавальных функцый, аднак для спазнання сучаснасці непазбежным ёсць найперш аналіз яе самой.
Сумненні выклікае і спосаб пастаноўкі асобных пытанняў, сярод якіх шэсць утрымліваюць такія палажэнні, якія варта б спачатку давесці. Такім ёсць, у прыватнасці, пытанне „Чаму беларусы аказаліся адзінай групай сярод 4 асноўных этнічных супольнасцяў Рэчы Паспалітай, няздольнай стварыць мадэрную нацыю?» Тады кім з’яўляюцца сучасныя беларусы? На якім этапе знаходзіцца беларускі нацыятворчы працэс, які, на думку аўтара, пачаўся толькі пад канец XIX ст. i яшчэ не завяршыўся? Ці можна пра нацыятворчы працэс якога-небудзь народа гаварыць як пра нешта скончанае?
Грунтоўнай аргументацыі вымагала б метадалагічная формула расійскага панавання (дамінавання) на землях Беларусі, акрэсленая з сярэдзіны XIX ст. як каланіялізм. Формула каланіялізму ў працы Булгакава мае далёкасяжныя наступствы — як у фармуляванні даследчыцкіх праблемаў, так і ў правядзенні паралеляў, паміж іншага, з Індыяй, В’етнамам і Верхняй Вольтай, у апераванні такімі паняццямі, як расізм ці апартэід. Перанос такой тэрміналогіі з зусім іншай, ці хоць бы вельмі адрознай рэальнасці вымагае сур’ёзнага абгрунтавання, прынамсі ўдакладнення тэрміна, якім так ахвотна карыстаецца аўтар. Цяжка лічыць такім удакладненнем сціслую згадку ў спасылцы на с. 42. Калі прыняць, што каланіялізм ёсць дамінацыяй гаспадарча больш развітых дзяржаў над эканамічнымі перыферыямі, то ў гэта цяжка ўмясціць формулу расійскага панавання над заходнімі перыферыямі імперыі Раманавых, прынамсі частка якіх (Польскае каралеўства і балтыйскія губерні) была больш развітай, чым этнічна расійская „метраполія». І ўжо зусім рызыкоўнай бачыцца формула польскага каланіялізму, што відавочна не выключае абмежаванай польскай дамінацыі на этнічна беларускіх землях. Kалонія, якая праводзіць уласную каланіяльную палітыку? Aбсурд ці вышэйшая метадалагічная катэгорыя?
Нават прыняўшы катэгорыю расійскага каланіялізму, належала б шукаць паралелі беларускаму нацыяналізму ў нацыятворчых працэсах іншых этнічных супольнасцяў, што заставаліся „пад скіпетрам Раманавых», асабліва народаў „сялянскіх». Тым часам аўтар апелюе да аналогій з Нямеччынай 1870 г. (218), Польшчай, Расіяй і да становішча габрэяў (279). Чаму не да „нацыяналізму» ўкраінскага, літоўскага, латышскага або эстонскага? У XIX ст. там звярталіся да традыцыі палітычнай (казацтва, Вялікае Княства Літоўскае, сярэднявечныя паўстанні супраць нямецкага панавання) i народнай, з якой вытварылі латышскі і эстонскі нацыянальны эпас ды яго герояў. Тое самае з адным з падставовых тэзісаў аўтара (310): «Слабасць беларускай нацыянальнай свядомасці — гэта адваротны бок сілы польскай i „агульнарускай» ідэнтычнасці сярод беларусаў». Aле ж падобная сітуацыя была і сярод украінцаў ды літоўцаў, а свядомасць латышоў і эстонцаў фармавалася ў апазіцыі расійскаму і нямецкаму дамінаванню.
Шматлікасць узнятых у працы В. Булгакава праблемаў i спосаб іх развязвання не дазваляюць тут ацэньваць і палемізаваць, бо гэта перасягнула б памеры звычайнай рэцэнзіі. Кіруючыся абавязкам рэцэнзента, мушу ўказаць на фактаграфічныя памылкі, што сустракаюцца ў працы (прыкладам, Смаленск і Кіеў у 1772 г. не ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай), ці на некрытычнае прыманне вынікаў расійскага перапісу насельніцтва 1897 г. Але не гэта вызначае ацэнку рэцэнзаванай кнігі. Яна ўпісваецца ў сучасны палітычны дыскурс, датычны мінулага, цяперашняга і будучага беларускага народа, спецыфікі яго тоеснасці і фактараў, якія вызначылі гэтую спецыфіку. Гэта таксама праблема палітычнай ролі сучаснай беларускай гуманістыкі, а перадусім той яе часткі, якая даследуе, але таксама і фармуе стан беларускай нацыянальнай свядомасці. На прыкладзе працы Булгакава нельга не паставіць пытання, якім інструментарыем даследаваць гэтую свядомасць у мінулым („Гісторыя беларускага нацыяналізму») i сучаснасці, i якое месца ў такіх даследаваннях можа мець літаратуразнаўства. Aўтар ставіць перад сабою неверагодна амбітныя задачы, падымае істотныя даследніцкія праблемы, aле адказы на пастаўленыя пытанні рэдка адпавядаюць элементарным крытэрыям навуковасці.
Чытач не атрымаў зместу, які паабяцаны тытулам. Вартасцю працы ёсць пастаноўка істотных пытанняў, хоць часта сфармуляваных вельмі дыскусійным чынам, а не прапанаваныя адказы на іх. Aле грунтоўныя, адпаведныя навуковым крытэрыям адказы на гэтыя пытанні вымагалі б, па-першае, новага іх прадумвання, а па-другое, — даследаванняў, якія перасягаюць магчымасці аднаго навукоўцы і адной навуковай дысцыпліны. Гэтая задача хутчэй для многіх міждысцыплінарных камандаў, якія дыстанцуюцца ад бягучай палітыкі і будуць апераваць навуковым апаратам, а не захапляцца пяром публіцыста.
Люблін
Ян Левандоўскі