БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'XX стагоддзе'

Артыкулы па тэме ‘XX стагоддзе’

Ірына Махоўская. Тактыкі ўлады і стратэгіі падначаленых: беларускае грамадства ў другой палове 1930-х гадоў*

*Романова, Ирина Н. Клеймение Красного Дракона: 1937–1939 гг. в БССР. Москва: Политическая энциклопедия, 2021. 215 с. (История сталинизма).

Выхад кнігі Ірыны Раманавай “Кляйменне Чырвонага Дракона: 1937–1939 г. у БССР” – адметная падзея ў беларускай гістарыяграфіі. У даследаванні асвятляюцца тэмы, якім дагэтуль не была аддадзена належная ўвага, базуецца яно на надзвычай шырокім коле крыніц – як архіўных, так і эга-дакументаў. Цікавая праца і ў метадалагічным плане: аўтарка ўжывае мікрагістарычны падыход, але ўпісвае цэнтральную тэму – справу лепельскіх маўчальнікаў – у шырокі гістарычны кантэкст. Кніга выйшла ў знакамітай серыі “Гісторыя сталінізму”, якая аб’ядноўвае публікацыі вядучых даследчыкаў гісторыі СССР эпохі сталінізму, такіх як Ёрг Бабероўскі, Бернд Бонвеч, Лін Віёла, Арч Геці, Шэйла Фіцпатрык і інш.

Першае і найбольш моцнае ўражанне ад чытання кнігі – насычанасць і канцэнтраванасць тэксту. Аўтарка працавала з матэрыяламі, якія ляжаць у аснове даследавання, амаль дваццаць гадоў. І гэта вельмі заўважна: паглыбленне ў тэму і выдатнае валоданне матэрыялам, дакладна прасочаныя і абдуманыя ўзаемасувязі, пільная ўвага да дэталяў – усё гэта вельмі дакладна і пераканаўча ўпісана ў канву гістарычных падзей. Кніга невялікая па аб’ёме, але вельмі насычаная фактурай – толькі спіс імёнаў, якія згадваюцца ў тэксце, займае 9 старонак.
Чытаць далей →

MAČIULIS, DANGIRAS / STALIŪNAS, DARIUS. Lithuanian Nationalism and the Vilnius Question, 1883–1940. Verlag Herder-Institut, Marburg, 2015. VI + 236 pp.

У 23 томе БГА (2016)
Праблема Вільні і Віленшчыны заўжды выклікала самыя розныя рэакцыі ў беларусаў. Рацыянальныя аргументы спрэчак пераплятаюцца тут з эмацыйнымі рэакцыямі. Сам горад, сёння сталіца Літвы, і тэрыторыі вакол яго мелі ў свой час (і маюць цяпер) вялікую сімвалічную значнасць. Чэслаў Мілаш, жыццё якога было звязана з гэтым горадам, наракаў на тое, што для людзей з тэрыторый, размешчаных па-за прасторай былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, назва гэтага горада і яго гістарычныя помнікі нічога не кажуць[1]. Яны не могуць зразумець таго эмацыйнага наcтрою, які вызначае характар дыскусій пра прыналежнасць горада і спадчыну розных культур і народаў у ім. Але для пэўнай колькасці інтэлектуалаў і простых людзей, якія жывуць у самой сучаснай Вільні і яе ваколіцах, а таксама для геаграфічных суседзяў сучаснай Літвы, асабліва беларусаў і палякаў, гэта зусім не так. З’яўленне ж новай кнігі прыадкрые для шырокага кола міжнароднай публікі адзін з гістарычных аспектаў гарачых дыскусій і пазнаёміць з літоўскім пунктам гледжання на Вільню.

Аналізаваная тут манаграфія фактычна ўпершыню на англійскай мове паказвае праблему месца Вільні і Віленшчыны менавіта ў літоўскім нацыянальным дыскурсе з улікам усіх тых зменаў, якія з ім адбыліся ў перыяд з канца XIX ст. да пачатку Другой сусветнай вайны.

Кніга “Літоўскі нацыяналізм і віленскае пытанне ў 1883–1940 г.” Дангіраса Мачуліса і Даруса Сталюнаса, двух вядучых спецыялістаў па новай гісторыі Літвы, апавядае пра тое, як ідэя невялікай групы інтэлектуалаў аб неабходнасці валодаць Вільняй і Віленскім краем ператварылася ў набытак масавай свядомасці (3), трансфармавалася ў стрыжнявую, а часам нават экзістэнцыяльную праблему, ад вырашэння якой залежаў ужо не толькі псіхалагічны камфорт, але і лёс цэлай дзяржавы і народа. Ідэя валодання Вільняй калі не стварыла Літву, то стала адной з цэнтральных матывавальных ідэалагем, якая дапамагала мабілізаваць як носьбітаў літоўскага нацыянальнага дыскурсу, так і адрасатаў іх агітацыі, шараговых літоўцаў. Чытаць далей →

Einax, Rayk. Entstalinisierung auf Weißrussisch: Krisenbewältigung, sozioökonomische Dynamik und öffentliche Meinung in der Belorussischen Sowjetrepublik 1953–1965. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2014. 443 S.


Нямецкае беларусазнаўства ўжо неаднойчы прапаноўвала выдатныя ўзоры інтэлектуальнай працы з беларускім матэрыялам. Такія даследаванні, як манаграфія Райнэра Лінднэра “Гісторыкі і ўлада” ці калектыўны (з удзелам беларускіх аўтараў, дзе гэтае сутыкненне двух цэхаў надае выданню адмысловае значэнне) “Падручнік па гісторыі Беларусі”[1] трывала ўвайшлі ў беларускі інтэлектуальны кантэкст. Намаганнямі Томаса Бона і іншых даследчыкаў у Гісэне паўстаў плённы асяродак па вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі. Адзін з прыкладаў – манаграфія Райка Айнакса “Дэсталінізацыя па-беларуску: пераадоленне крызісу, сацыяльна-эканамічная дынаміка і грамадская мабілізацыя ў Савецкай Беларусі. 1953–1965”, якая выйшла ў шматабяцальнай серыі “Гістарычныя штудыі Беларусі”.

Ключавымі паняццямі працы Райка Айнакса выступаюць “сталінізм” і “дэсталінізацыя”, інакш кажучы, гаворка ідзе пра сталінскае грамадства ў пару падставовай адмены. Хада гэтай адмены – у цэнтры даследавання. Мэта, якую ставіць даследчык: “паказаць, што беларускае грамадства пасля 1953 г., у параўнанні з даваенным часам, зазнала значныя структурныя змены” (13). Да гэтага тэзіса прымыкае пытанне, наколькі ў БССР быў укаранёны сталінізм. У цэлым жа паказваецца развіццё савецкага грамадства пры даследаванні канкрэтна ўзятага выпадку (кейса). Чытаць далей →

Spojrzenie na polski Wrzesień 1939 roku / Pod redakcją TADEUSZA KONRACKIEGO. Warszawa: Wydawnictwo Neriton, 2011. 180 s.

У 20 томе БГА (2013)

Ці знойдзецца ў польскай гістарычнай навуцы больш папулярная тэма, чым падзеі верасня 1939 года? Ці калі-небудзь для польскіх даследчыкаў зменшыцца кола вострых праблем у разглядзе гэтай тэмы? Пакуль азначаныя пытанні гучаць рытарычна і змены інтанацыі ў бліжэйшы час не прадбачыцца.

Вось і ў чарговым выданні дэкларуецца “набліжэнне найменш вядомых (або асабліва важных пазнавальна) аспектаў падзей, якія адкрывалі Другую сусветную вайну” (7). Тэмы змешчаных пад адной вокладкай артыкулаў падабраны не сістэмна. Частка аспектаў сугучная, сінанімічная даследаванням гісторыкаў сучаснай Беларусі, але ёсць і не зусім прывычныя для нашага гістарыяграфічнага спектра. І тым больш цікава даведацца з уступу, што навука заходніх суседзяў пры Інстытуце гісторыі Польскай акадэміі навук мае такі асобны аддзел, як Zakład Systemów Totalitarnych iDziejówIIWojny Światowej (аддзел таталітарных сістэм і дзеянняў Другой сусветнай вайны). Як гэта кантрастуе з аб’яднаннем, ушчыльненнем гуманітарных структур НАН Беларусі… Хоць тэма апошняй вайны ў нашай краіне і дасягненні савецкага часу ўзведзены ў ранг дзяржаўнай ідэалогіі, аднак навуковыя даследаванні, публіцыстычныя развагі ў афіцыёзным дыскурсе спыніліся, як стварыцца ўражанне, недзе ў 70-х г. мінулага стагоддзя – як у сэнсе метадалагічных і каштоўнасных падыходаў, так і ў сэнсе элементарнага ўмення думаць не па-местачковаму. Чытаць далей →

Ян Шумскі. Гісторыя Беларусі ў люстэрку рассакрэчаных дакументаў ЦК УКП(б)/КПСС (другая палова 40-х – першая палова 60-х г.)


Мэта дадзенага  артыкула – аналіз ролі палітычнага асяродка ўлады – Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (да 1952 г. – Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў)) у фармаванні савецкага бачання гісторыі беларускіх земляў, а таксама механізму прыняцця рашэнняў па пытаннях гістарычнай мінуўшчыны ў Крамлі ў два першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. Храналагічныя рамкі абумоўлены ў першую чаргу даступнасцю рассакрэчаных архіўных крыніц – матэрыялаў асобных аддзелаў ЦК, Палітбюро / Прэзідыума ЦК, Сакратарыята і Ідэалагічнай камісіі.

Ветэраны і камуністычны актыў пратэстуюць супраць “фальсіфікацыі” гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Вядома, у рамках аднаго артыкула такую шырокую праблему грунтоўна  прааналізаваць немагчыма. Таму адразу падкрэслім, што аб’ектамі даследавання не з’яўляюцца канцэпцыі гісторыі, узоры інтэрпрэтацыі і тэксты, створаныя гісторыкамі. Аўтар не збіраецца таксама разглядаць пытанні перыядызацыі, этнагенезу беларускага народа, аналізаваць асобныя плыні, звязаныя з імёнамі вядомых гісторыкаў, ці, як іх называлі ў той час, “вядучых спецыялістаў”. Мы плануем разгледзець закранутую праблему зусім з іншага пункту погляду – з перспектывы ЦК КПСС, тагачаснага найвышэйшага ў СССР асяродка ўлады, дзе прымаліся ключавыя рашэнні ў галіне гісторыяпісання, і паказаць механізмы з’яўлення дырэктыўных інтэрпрэтацыйных схем. Аўтар прапануе прааналізаваць канцэпцыю гісторыі Беларусі больш комплексна – у кантэксце агульнаславянскай гісторыі, а таксама знаходжання Беларусі як часткі СССР у лагеры сацыялістычных краін. Дагэтуль абмежаванасць доступу да крыніц, якія захоўваюцца ў цэнтральных / федэральных архівах Расійскай Федэрацыі, не дазваляла даследчыкам рэалізаваць такі падыход. Чытаць далей →

MARKOVÁ, ALENA. Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita? Praha: Nakladatelství Lidové noviny, 2012. 261 s.

У 20 томе БГА (2013)

Калі б  мы хацелі знайсці доказы таго, што  гістарычная навука выбірае свае тэмы не па іх значнасці, а ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры, то развіццё даследаванняў у галіне беларускай гісторыі паслужыла б гэтаму яскравым прыкладам. Бо калі сорак гадоў таму існавала толькі адна сур’ёзная аглядная манаграфія па беларускай нацыянальнай гісторыі, напісаная беларускім эмігрантам Нікаласам Вакарам (Nicolas Vakar), то на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у “заходняй” гістарыяграфіі і паліталогіі выйшлі дзясяткі публікацый, прысвечаных беларускай праблематыцы. Гэта, вядома ж, нічога не змяняе ў тым, што як тады, так і цяпер існавала і існуе этнічная супольнасць – беларусы, роўна як і тое, што ў тэрыторыі іх пражывання было сваё мінулае і свая гісторыя. Аднак гэтае мінулае стала прадметам падвышанай цікавасці толькі ў той момант, калі Беларусь трывала ўвайшла ў палітычны дыскурс і стала аб’ектам сутыкнення часта процілеглых палітычных інтарэсаў. Чытаць далей →

Польша – Беларусь (1921–1953): сб. документов и материалов / сост.: А. Н. ВАБИЩЕВИЧ [и др.]. Минск: Беларуская навука, 2012. 423 с.

У 20 томе БГА (2013)

Дадзены зборнік дакументаў разлічаны, як паведамляе рэдактар, на “профессиональных историков и широкий круг общественности”. Ён адлюстроўвае на аснове арыгінальных архіўных матэрыялаў “различные аспекты польско-белорусских отношений в 1921–1953 гг.” (423).

Улічваючы значныя змены ў статусе абедзвюх краін і народаў, якія адбыліся ў гэты перыяд, зборнік павінен ахопліваць, прынамсі, чатыры розныя віды адносінаў: квазіміждзяржаўныя ў перыяд да снежня 1923 г. (спачатку Рэчы Паспалітай з Беларускай Народнай Рэспублікай, потым Рэчы Паспалітай з Беларускай ССР); нерэгулярныя кантакты Другой Рэчы Паспалітай з СССР па беларускіх пытаннях пасля снежня 1923 г.[1] (рэпатрыяцыя, аптацыя, суднаходства на прымежных рэках, спрэчкі пра мяжу, праблемы нацыянальных меншасцяў, рэлігіі і г. д.); адносіны паміж двума народамі ў перыяд Другой сусветнай вайны, ва ўмовах акупацыі тэрыторыі польскай дзяржавы; квазіміждзяржаўныя адносіны ў перыяд з верасня 1944 г. – ва ўмовах фармальнага вяртання БССР у лютым 1944 г. юрыдычнага статусу міжнароднага суб’екта[2]. Гэта мноства важных пытанняў рознага характару, найперш дыпламатычных, консульскіх, эканамічных, а таксама датычных выканання ўмоў Рыжскай мірнай дамовы, якія на працягу многіх гадоў цікавяць гісторыкаў абедзвюх краін, што пацвярджаюць навуковыя канферэнцыі, якія рэгулярна праходзяць ва ўніверсітэтах у Торуні[3], Гомелі[4], Горадні[5] і Мінску[6]. Аспектам узаемаадносінаў, якія на іх абмяркоўваюцца, прысвечана шырокая польская гістарыяграфія[7], у меншай ступені беларуская гістарыяграфія савецкага перыяду і перыяду пасля распаду СССР[8]. У іх выданнях утрымліваецца цэлы шэраг дакументаў, якія датычацца, хутчэй, польска-савецкіх адносінаў з улікам кантэксту Беларусі, чым непасрэдна польска-беларускіх адносінаў[9]. Такім чынам, ідэя падборкі і выдання дакументаў, прысвечаных польска-беларускім адносінам ХХ ст. у шырокім разуменні, мела пад сабой грунт. Іншая справа – яе рэалізацыя, але пра гэта крыху ніжэй. Чытаць далей →

Гужалоўскі Аляксандр. Галоўліт БССР і палітычны кантроль у 1943-1991 г.

У 19 томе БГА (2012)

У параўнанні з іншымі ўсходнееўрапейскімі  краінамі, якія ўваходзілі ў склад  СССР, у беларускай гістарыяграфіі дзейнасць Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў  БССР (Галоўлітбел, пазней – Галоўліт БССР) асветлена слаба. На працягу  двух апошніх дзесяцігоддзяў на старонках  навуковых і папулярных перыядычных  выданняў з’явіліся толькі некалькі невялікіх па аб’ёму артыкулаў, прысвечаных арганізацыі Галоўліта і цэнзурным механізмам у БССР у 1920–30-я г.[1]. Галоўным аб’ектыўным недахопам усіх гэтых прац з’яўляецца абмежаваная крыніцазнаўчая база, на якой яны грунтаваліся. Гэта цалкам зразумела: матэрыялаў даваеннага справаводства Галоўліта БССР амаль не захавалася, таму аўтарам даводзілася ўзнаўляць карціну яго работы пераважна па ўскосных крыніцах. Парадаксальна, але гісторыя палітычнай цэнзуры ў БССР другой паловы ХХ ст., нягледзячы на значна больш поўную базу першакрыніц, даследавана яшчэ менш.[2] Чытаць далей →

Białe plamy – Czarne plamy. Sprawy trudne w relacjach polsko-rosyjskich (1918–2008) / pod red. A. D. Rotfielda i A. W. Torkunowa. Warszawa, Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 2010. 907 s.

У наступным нумары (том 19, 2012)

У польска-расійскіх адносінах шмат складаных пытанняў, большасць з якіх мае гістарычныя карані. У гэтай сувязі правядзенне аб’ектыўных даследаванняў па найбольш вострых праблемах двухбаковых дачыненняў неабходнае і запатрабаванае. Сёння ў Польшчы і Расіі існуе досвед плённага навуковага ўзаемадзеяння, што засведчана правядзеннем сумесных канферэнцый і дзейнасцю Групы па цяжкіх пытаннях (пра яе стварэнне і працу распавядаецца ва ўступным да разгляданай кнігі артыкуле А. Д. Ротфельда і А. В. Таркунова “У пошуках праўды”).

Кніга “Белыя плямы – Чорныя плямы. Цяжкія справы ў польска-расійскіх адносінах (1918–2008)” складаецца з 16 тэматычных раздзелаў, у кожным з якіх падаюцца матэрыялы польскага і расійскага даследчыкаў. У артыкулах разглядаюцца падзеі ад 1917 г. да сёння, пытанні ўзаемнага ўспрымання палякаў і расіян, доступу да архіўных збораў, сучасная гістарыяграфія польска-расійскіх адносін, прыводзяцца дакументы з працы камісіі і фотаздымкі. Чытаць далей →

Антон Лявіцкі. Да пытання пра ўнутраную эміграцыю беларускіх інтэлектуалаў у БССР (1964–1985).


З 1990-х г. перад гісторыкамі паўсталі многія новыя даследчыя праблемы, сярод якіх не апошняе месца заняла неабходнасць вывучэння ўнутранай (г. зн. невідавочнай) структуры самога савецкага грамадства. Паколькі гістарычная навука – гэта перш за ўсё набор пытанняў, якія мы ставім перад мінулым (вядомы тэзіс М. Блока), нядзіўна, што працэс пабудовы грамадзянскай супольнасці ў коліш-ніх савецкіх рэспубліках звёўся да пошуку прыкмет самаарганізацыі ў савецкім грамадстве[1] – дысідэнцтва і пад.

Аднак акадэмічны інтарэс да з’явы дысідэнцтва (які ўвогуле мінулага інтэлігенцыі) у БССР застаецца недастатковым. Савецкая спадчына, асабліва другой паловы ХХ ст., знаходзіцца на перыферыі ўвагі навуковай супольнасці. Зразумела, існуюць асобныя цікавыя працы, выкананыя на высокім узроўні. Але да асэнсавання праблемы яшчэ далёка, пра што выразна сведчыць і выдадзены нядаўна заключны том 6-тамовай “Гісторыі Беларусі”[2].
Чытаць далей →

Генадзь Каралёў. Ідэя чарнаморскай федэрацыі Міхайлы Грушэўскага (1918 г.)


Перыяд украінскай рэвалюцыі 1917–1921 г. быў часам рэалізацыі шматлікіх дзяржаўных і нацыянальных праектаў, якія ўзнікалі як вынік развіцця „негістарычнай” нацыі ў прасторы Усходняй Еўропы. У гэтым кантэксце крах Расійскай імперыі стаў каталізатарам працэсаў вызваленчай барацьбы народаў т. зв. заходніх ускраін. Менавіта пад час рэвалюцыйных падзей 1917–1921 г. былі абгрунтаваны праекты дзяржаўнага будаўніц тва, сярод якіх вылучаецца ідэя чарнаморскай федэрацыі.

Пад паняццем „канцэпцыя чарнаморскай арыентацыі” ў сучасным гістарычным дыскурсе варта разумець сістэму поглядаў адносна мэтаў украінскай дзяржавы ў паўднёва-ўсходнім кірунку яе палітыкі. Чарнаморская арыентацыя Украіны характарызуецца асаблівым разуменнем месца гэтага кірунку ў структуры яе міжнацыянальных (геапалітычных) прыярытэтаў і змяшчае пэўны спосаб абгрунтавання яго перспектыўнасці для сцвярджэння і захавання незалежнасці[1].

Гістарычная рэтраспектыва ідэі чарнаморскай федэрацыі пададзена ў палітычнай спадчыне ўкраінскага гісторыка і палітыка пачатку ХХ ст. М. Грушэўскага, у працах якога прасочваецца менавіта сістэма поглядаў, а не асобныя ідэі наконт чарнаморскай арыентацыі ўкраінскай дзяржавы на ўсходнееўрапейскай арэне.
Чытаць далей →

Артур Высоцкі. Вынікі саветызацыі беларускіх і ўкраінскіх земляў ІІ Рэчы Паспалітай у 1939–1941 г. з перспектывы культурнага сутыкнення


Уступленне Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 г. на ўсходнія землі тагачаснай Польшчы, сёння вядомыя як Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, запачаткавала тут ваеннае панаванне Саветаў і дало старт працэсу ўсебаковай саветызацыі, якая на практыцы ў той ці іншай ступені закранула кожнага тагачаснага жыхара гэтых мясцін. З сацыяльнага пункту гледжання саветызацыя азначала не толькі палітычную і прававую ўніфікацыю памянёных земляў з рэштай Савецкага Саюза, але і не ў меншай ступені (а можа, і перш за ўсё) выхаванне новага тыпу грамадзяніна, які пазней атрымаў азначэнне homo sovieticus. Як заўважае Рычард Пайпс, „адной з галоўных задач усіх дзяржаўных (г. зн. савецкіх. А. В.) інстытутаў — ад прафсаюзаў да Чырвонай Арміі — стала прышчапленне грамадзянам камуністычнага светапогляду”[1]. Для гэтага новыя ўлады тут усімі сродкамі і метадамі стараліся паламаць ранейшыя сацыяльныя сувязі — у тым ліку сямейнага, рэлігійнага, этнанацыянальнага і грамадзянскага характару.

У артыкуле зроблена спроба адказаць на пытанне, якімі былі сацыяльныя вынікі захадаў, зробленых савецкімі ўладамі на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зем лях у 1939–1941 г., якою была рэакцыя мясцовага на-сельніцтва на структурныя і ідэалагічныя навацыі, а калі гэты працэс натыкаўся на перашкоды — то што было іх прычынай. Асаблівае месца ў адказах на гэтыя пы танні займае праблема сутыкнення культур, якая, як нам падаецца, у значнай ступені дазваляе зразумець эфектыўнасць палітыкі, рэалізаванай савецкім кіраўніцтвам.
Чытаць далей →

Томас М. Бон. Савецкая сістэма „закрытых гарадоў”. Прапіска і недахоп жылля як паказчыкі сацыяльнай няроўнасці


* Арыгінальная версія: Thomas M. Bohn. „Das sowjetische System der „geschlossenen Städte”. Meldewesen und Wohnungsmangel als Indikatóren sozialer Ungleichheit” // F. Lenger, K. Tenfelde (Hg.). Die europäische Stadt im 20. Jahrhundert. Wahrnehmung — Entwicklung — Erosion. Köln / Weimar / Wien, 2006 (Industrielle Welt 67). S. 373–385.

ХХ з’езд КПСС, які адбыўся ў 1956 г., прыцягнуў увагу сусветнай грамадскасці сакрэтным дакладам Хрушчова „Пра культ асобы і яго наступствы”. Хрушчоў адчыніў дзверы культурна-палітычнай „адлізе”; заслугай яго стала тое, што ён увайшоў у гісторыю як папярэднік галоснасці і перабудовы. На самой справе „дэсталінізацыя па-хрушчоўску” была скіраваная не толькі на рэстаўрацыю ленінізму, але і на стабілізацыю тагачаснага рэжыму[1]. Важнай перадумовай для гэтага было ўтаймаванне савецкага „алювіяльнага грамадства” (quicksand society), як называў яго Машэ Левін[2]. У гэтым дачыненні Хрушчоў у сваім прачытаным ад імя Цэнтральнага Камітэта КПСС справаздачным дакладзе адзначаў: „Пытанне паляпшэння жыллёвых умоў у такіх найбуйнейшых гарадах, як, напрыклад, Масква, Ленінград, Кіеў і іншыя, у высокай ступені звязана з прыростам насельніцтва за кошт тых, што прыязджаюць з іншых раёнаў краіны”. І пад апладысменты дэлегатаў партз’езда працягваў: „У сувязі з гэтым неабходна спыніць практыку прыцягвання рабочай сілы ў гарады з іншых мясцовасцяў, а патрэбу буйных гарадоў у рабочай сіле задавальняць за кошт насельніцтва саміх гарадоў”[3]. Тым самым Хрушчоў закрануў адну з галоўных праблем сацыялістычнага шляху ў сучаснасць: індустрыялізацыя і ўрбанізацыя павінны былі ажыццявіцца ў Савецкім Саюзе ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў. У далейшым выявіліся разнастайныя цяжкасці з забеспячэннем, пераадоленне якіх павінна было стаць паказчыкам дзеяздольнасці дзяржавы. Урэшце з прычыны „суровасці гарадоў” (Аляксандр Мічэрліх), якая мела прамое дачыненне да ўцёкаў з вёскі і недахопу жылля і назіралася ў Савецкім Саюзе асабліва пасля Другой сусветнай вайны, ставіліся пад сумненне стабільнасць сацыяльнага будаўніцтва і эфектыўнасць планавай эканомікі.
Чытаць далей →