БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Kalembka, Sławomir. Wielka Emigracja. 1831–1863 (Зміцер Мацвейчык)


KALEMBKA, SŁAWOMIR. Wielka Emigracja. 1831-1863. Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2003. — 434 s.

Паражэнне нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 г. (Лістападаўскага) у Польшчы, Беларусі і Літве выклікала феномен Вялікай эміграцыі яго ўдзельнікаў і прыхільнікаў у краіны Заходняй Еўропы і на іншыя кантыненты. Землі колішняй Рэчы Паспалітай пакідалі члены паўстанцкага ўрада, дэпутаты, арганізатары і кіраўнікі ўзброеных фармаванняў, студэнты, дзеячы культуры і навукі. Сярод іх каля 1,5-1,7 тыс. чалавек былі выхадцамі з Беларусі і Літвы. Многія эмігранты спадзяваліся сваёй дзейнасцю за мяжой наблізіць час вызвалення айчыны. Яны стварылі дзесяткі арганізацый, выдалі тысячы навуковых, літаратурных i публіцыстычных твораў. Аднак лёс большасці эмігрантаў склаўся трагічна. Вельмі многія з іх памерлі на чужыне, так і не ўбачыўшы больш роднага краю. Толькі невялікая частка здолела вярнуцца на радзіму[1].

На жаль, праблема палітычнай эміграцыі 1830-х г. з беларуска-літоўскіх зямель не стала пакуль прадметам спецыяльнага манаграфічнага даследавання ў айчыннай гістарыяграфіі. Беларускімі даследчыкамі апублікаваны толькі самыя агульныя звесткі па гэтай тэме[2]. Таму зразумелую цікавасць выклікаюць працы, прысвечаныя Вялікай эміграцыі, якія выходзяць у суседніх краінах, найперш — у Польшчы.

Першым комплексным даследаваннем Вялікай эміграцыі была 3-томавая праца польскага гісторыка Любаміра Гадана, выдадзеная ў Кракаве ў 1901-1902 г. У ёй разгледжаны прыезд эмігрантаў у Заходнюю Еўропу і іх жыццё там у 1831-1835 г. Але дадзеная публікацыя састарэла ўжо да Другой сусветнай вайны. У пасляваенныя дзесяцігоддзі польскія аўтары абмяжоўваліся даследаваннем толькі асобных аспектаў у дзейнасці эмігрантаў[3]. Тым часам усё больш адчувалася патрэба ў стварэнні новай комплекснай працы па гісторыі Вялікай эміграцыі. Такая праца была выканана торуньскім гісторыкам Славамірам Калембкам (нараджэнцам Вільні) і ўпершыню апублікавана ў 1971 г.[4]. Пад некалькі змененай назвай у 2003 г. убачыла свет яе другое выданне.

У асноўным гэтае выданне паўтарае першае. Аднак для новай кнігі быў грунтоўна перапрацаваны сёмы раздзел, а таксама напісаны восьмы, якога не было ў першым выданні. Такім чынам, манаграфія складаецца з уступу, васьмі раздзелаў і спіса выбранай бібліяграфіі. Структура кнігі падпарадкавана задачы асвятлення жыцця эмігрантаў у храналагічнай паслядоўнасці. Найбольшая ўвага пры гэтым аддаецца іх палітычнай дзейнасці.

Спыняючыся ва ўступе на прычынах перавыдання сваёй працы, С. Калембка коратка патлумачыў, што яно было выклікана маладаступнасцю першага выдання, якое даўно знікла з паліц кнігарняў; адсутнасцю іншай падагульняльнай працы па гісторыі паслялістападаўскай эміграцыі; нарэшце, імкненнем прыцягнуць увагу даследчыкаў да гэтай тэматыкі, бо цікавасць да яе ў 1990-я г. знізілася.

Першы раздзел працы прысвечаны пачаткам эміграцыі. У прыватнасці, тут асвятляецца пераход за мяжу розных карпусоў паўстанцкага войска, а таксама далейшы лёс іх афіцэраў і шарагоўцаў. У раздзеле прыводзяцца карысныя звесткі пра колькасць асабовага складу ў кожным корпусе паасобку, а таксама агульныя лічбы паўстанцаў, інтэрнаваных у Прусіі (каля 28 тыс.) і Аўстрыйскай імперыі (каля 20 тыс.). Падрабязна прасочаны шляхі прыбыцця былых паўстанцаў у краіны Заходняй Еўропы і вызначана іх колькасць (каля 11-12 тыс. чалавек у 1831-1847 г. з усіх зямель былой Рэчы Паспалітай). Тут жа паказаны асноўныя цэнтры эміграцыі — як у Францыі, якая прыняла большасць эмігрантаў, так і па-за яе межамі.

У другім раздзеле аналізуецца працэс арганізацыйнага афармлення эміграцыі ў першыя гады пасля паўстання (1831-1834). На фоне паказу палітычнай сітуацыі ў Францыі пасля перамогі Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 г. разглядаюцца пачаткі трох асноўных лагераў эміграцыі:

1) дэмакратычнага, асновай якога было Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ);

2) кансерватыўнага на чале з князем Адамам Ежы Чартарыскім;

3)  „цэнтрысцкага», які гуртаваўся вакол Яўхіма Лялевеля і імкнуўся яднаць у сваіх арганізацыях эмігрантаў з рознымі палітычнымі поглядамі.

Адзначаюцца поспехі дэмакратычнага і кансерватыўнага лагераў, якія ўсё шырэй разгортвалі дзейнасць сярод эмігрантаў, вербавалі іх у свае шэрагі і засноўвалі арганізацыі і друкаваныя органы. Аналіз дзейнасці „цэнтрысцкіх» арганізацый (Польскага нацыянальнага камітэта на чале з Я. Лялевелем і Нацыянальнага камітэта польскай эміграцыі на чале з генералам Юзафам Дзвярніцкім) дазволіў аўтару канстатаваць іх палітычнаае паражэнне і заняпад у гэты перыяд.

3 агульнай логікі структурнай пабудовы працы некалькі выбіваецца трэці раздзел, у якім падрабязна, нават скрупулёзна аналізуецца дзейнасць карбанарскіх арганізацый i „Маладой Польшчы» — таксама пераважна ў 1831-1834 г. (Таму, на наш погляд, больш мэтазгодна было б змясціць гэты матэрыял у другім раздзеле манаграфіі.) Цікавасць уяўляюць змешчаныя ў трэцім раздзеле звесткі пра ўдзел эмігрантаў у заходнееўрапейскіх і польскіх масонскіх ложах. Даследчык гісторыі Беларусі знойдзе тут карысную інфармацыю пра падрыхтоўку і ажыццяўленне экспедыцыі Юзафа Заліўскага (1832-1833 г.) і справу Шымана Канарскага (1835-1839 г.), якія былі найбольш значнымі спробамі эмігрантаў узняць паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай, што ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Наступны, чацвёрты, раздзел прысвечаны аналізу дзейнасці асноўных эмігранцкіх цэнтраў у 1835-1846 г. — часе „арганізацыйнай і ідэйнай стабілізацыі». Агульная паслядоўнасць разгляду трох лагераў эміграцыі (дэмакратычнага, кансерватыўнага і „цэнтрысцкага») парушаецца тут неапраўданым вылучэннем у асобны падраздзел (відаць, па інерцыі з часоў камуністычнага панавання ў Польшчы) матэрыялу пра арганізацыю „Люд польскі» („Lud Polski»), чые ідэі набліжаліся да утапічнага сацыялізму. Гэтая левая арганізацыя ніколі не мела значнага ўплыву, колькасць яе сяброў не дасягала нават 200 чалавек, ды і тыя жылі пераважна ў Англіі — удалечыні ад асноўнай масы эмігрантаў, што аселі ў Францыі.

Наватарскім з’яўляецца пяты раздзел манаграфіі, у якім асвятляюцца побытавыя бакі жыцця на чужыне. Аўтар паказвае, што матэрыяльнае становішча большасці эмігрантаў было вельмі цяжкім. Каб забяспечыць сябе харчаваннем, вопраткай, жыллём, людзі шляхецкага паходжання мусілі брацца за нязвыклую для іх фізічную працу. У той жа час пэўная частка эмігрантаў здолела ўладкавацца нядрэнна, знайшла сабе „прэстыжныя» заняткі: медыцына, журналістыка, бізнэс і г.д. У кнізе сабраны цікавыя звесткі пра сямейныя адносіны ў асяроддзі эмігрантаў (шлюбы, пазашлюбныя сувязі), пра іх хваробы, смяротнасць, злачынствы, дуэлі i іншыя праявы штодзённага жыцця. Тут жа паказана дзейнасць культурных, навуковых і дабрачынных арганізацый, якія імкнуліся ў той ці іншай форме дапамагаць эмігрантам у іх нялёгкай долі. Сярод гэтых арганізацый згадваецца Таварыства літоўскае і рускіх зямель (ТЛРЗ), створанае ў Парыжы нараджэнцамі Беларусі і Літвы (255-256). Прыцягвае ўвагу сюжэт пра рэлігійнае жыццё эміграцыі. У ім гаворка ідзе пераважна пра двух знакамітых нараджэнцаў зямель былога ВКЛ — Адама Міцкевіча і Андрэя Тавянскага. Апошні распрацаваў у рэчышчы каталіцызму ўласнае маральна-рэлігійнае вучэнне. Не дасягнуўшы поспеху ў яго прапагандзе на радзіме, ён прыбыў у Францыю і здолеў схіліць на свой бок А. Міцкевіча. Створанае імі „Кола» дзейнічала ў 1840-60-я г. у Парыжы і Турыне. У кнізе падрабязна прасочана гісторыя ўзаемаадносінаў гэтых неардынарных дзеячаў, якая ўрэшце закончылася і іх разрывам.

У шостым раздзеле аналізуецца дзейнасць эміграцыі ў перыяд „вясны народаў» — рэвалюцыйнай хвалі 1846-1848 г. у Еўропе. Тут галоўным чынам даследуецца дзейнасць Польскага дэмакратычнага таварыства, якое вылучалася ў гэты час найбольшай актыўнасцю і дынамізмам. У 1848 г. колькасць яго сяброў дасягнула максімальнай лічбы — 2105 чалавек (196). Разам з тым непрапарцыянальна сцісла адлюстравана дзейнасць у названы перыяд кансерватыўнага лагера і А. Чартарыскага асабіста. На думку С. Калембкі, арганізацыі абодвух лагераў (трэці — „цэнтрысцкі» — не меў у тыя гады якога-небудзь арганізацыйнага афармлення) выйшлі з гэтай рэвалюцыйнай хвалі ў стане дэмаралізацыі і крызісу, што стала вынікам поўнага краху намаганняў узняць паўстанне ва ўсіх частках падзеленай Рэчы Паспалітай, а таксама схіліць еўрапейскія ўрады (найперш Англіі і Францыі) да рэальнай падтрымкі польскага нацыянальна-вызваленчага руху.

Сёмы раздзел ахоплівае перыяд з 1849 г. да пачатку паўстання 1863-1864 г. (Студзеньскага). Паводле С. Калембкі, у гэтыя гады эміграцыя перажывала цяжкія часы — у заходнееўрапейскіх краінах, якія не хацелі трымаць у сябе неспакойныя, рэвалюцыйныя элементы, многія эмігранты цярпелі ганенні: іх дэпартавалі, пазбаўлялі грашовай дапамогі і г. д. Паражэнне паўстанняў 1846-1848 г. выклікала дэмаралізацыю эмігрантаў. Пэўныя спадзяванні на адраджэнне айчыны ажылі ў час Крымскай вайны (1853-1856 г.), але з яе заканчэннем і яны развеяліся (338-356). У высновах да раздзела С. Калембка адзначае, што да лета 1863 г. Вялікая эміграцыя, нягледзячы на яе нядаўнія палітычныя, прапагандысцкія, вайсковыя намаганні, перастала ўспрымацца ў Заходняй Еўропе ўсур’ёз (389).

У апошнім, восьмым, раздзеле манаграфіі характарызуецца палітычная эміграцыя ў Заходняй Еўропе (пераважна ў Францыі) з іншых краін, што дазваляе ацаніць масавасць „польскай» эміграцыі ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Выснова гэтага раздзела наступная: „Польская палітычная эміграцыя пасля 1831 г. належала да палітычных эміграцый, якія найдаўжэй няспынна дзейнічаюць і з’яўляюцца найбольш шматколькаснымі» (424).

Неабходна адзначыць, што манаграфія С. Калембкі вызначаецца глыбінёй аналізу крыніц, скрупулёзнасцю падачы звестак, шырынёй паказу з’яў і падзей. Разам з тым шэраг момантаў зніжаюць яе навуковую вартасць.

Па-першае, у працы адсутнічае агляд выкарыстаных крыніц і літаратуры, што не дае магчымасці чытачу вызначыць месца дадзенага даследавання ў гістарыяграфіі, ацаніць уклад яго аўтара ў распрацоўку тэмы. Адсутнічае нават поўны спіс выкарыстаных крыніц, а з літаратуры ў канцы пададзена толькі „выбраная бібліяграфія» (428-434).

Па-другое, выклікае заўвагі навукова-даведачны апарат манаграфіі. Часам па некалькі старонак тэксту не маюць спасылак на дакументы і літаратуру, якія паслужылі падставай для пэўных аўтарскіх высноваў. Хоць у працы згадваецца вельмі шмат гістарычных асоб, іменны і іншыя паказальнікі, на жаль, адсутнічаюць.

Па-трэцяе, у манаграфіі практычна няма звестак пра ліцвінскую плынь у шэрагах Вялікай эміграцыі. Гісторыі ТЛРЗ прысвечаны толькі адзін невялікі абзац. (Да таго ж у ім дапушчана факталагічная памылка: датай стварэння Літоўскага вайсковага камітэта пры ТЛРЗ названы сакавік 1834 г., на самай справе гэта адбылося двума гадамі раней — у сакавіку 1832 г.[6]) А між тым ужо на момант першага выдання манаграфіі быў апублікаваны грунтоўны артыкул пра гэтае таварыства[7]. Зусім не згадваюцца Таварыства братэрскага аб’яднання і Літоўска-рускі клуб, створаныя выхадцамі з зямель былога ВКЛ. Пры апісанні штодзённага жыцця эмігрантаў нічога не сказана пра супярэчнасці паміж ліцвінамі (нараджэнцамі зямель былога ВКЛ) і караняжамі (нараджэнцамі Каралеўства Польскага), што мела месца ў першыя гады эміграцыі і на што звяртаюць увагу іншыя гісторыкі[8].

Па-чацвёртае, ва ўсёй працы назіраецца выразны ўхіл у бок аналізу арганізацый дэмакратычнага накірунку. Дзейнасці ж ix палітычных апанентаў аддаецца значна менш увагі.

Па-пятае, у манаграфіі адсутнічаюць звесткі пра масавае вяртанне эмігрантаў на радзіму пасля выдання Аляксандрам ІІ у жніўні 1856 г. маніфеста аб амністыі палітычным эмігрантам і ссыльным[9], хаця гэты працэс адлюстраваны ў эмігранцкіх крыніцах, у прыватнасці — у мемуарыстыцы[10] і прэсе[11].

Тым не менш, выяўленыя недахопы не адмяняюць таго факта, што манаграфія С. Калембкі з’яўляецца каштоўным даследаваннем палітычнай думкі і палітычнай дзейнасці Вялікай эміграцыі. Без апоры на рэцэнзаваную працу немагчымыя новыя распрацоўкі па дадзенай тэматыцы.

Мінск

Дзмітрый Матвейчык


1 Матвейчык Д.Ч. Эміграцыя з беларуска-літоўскіх зямель у Заходняй Еўропе (1831—1863 г.) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2007. № 3.
2 Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнаежыццё на землях Беларусі (1771-1863 г.). Гродна: ГрДУ, 2001.С. 178—201; Гарбачова В. Вялікая эміграцыя // Энцыклапедыягісторыі Беларусі. Т. 6. Ч. 2. Мінск: БелЭн, 2003. С 351; Яна ж.Дзейнасць Таварыства літоўскага і рускіх зямель у межах Вялікай эміграцыі ў Францыі // Гістарычны альманах. Т. 11. Гародня — Беласток, 2005. С. 172-188.
3 Gadon L. Emigracja polska. Pierwsze lata po upadku powstania listopadowego. W 3t. Kraków, 1901-1902.
4 Tyrowicz M. Towarzystwo Demokratyczne Polskie. Przywódcy i kadre członkowskie. Przewodnik biobibliograficzny. Warszawa:Książka i Wiedza, 1964; Zieliński L. Emigracja polska w Anglii w latach 1831—1846 // Zeszyty Naukowe Wydziału Humanistycznego Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Gdańsku. R. 13. Gdańsk,1964. S. 7—115; Straszewska M. Życie literackie Wielkiej Emigracji we Francji (1831-1840). Warszawa, 1971; і інш.
5 Kalembka S. Wielka Emigracja. Polskie wychodźstwo polityczne w latach 1831-1862. Warszawa, 1971.
6 Biblioteka Narodowa, rkps II.7871 — Odpisy dokumentów Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich z lat 1831-1836, — k. 78.
7 Barszczewska A. Rola Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich w popularyzacji wiedzy o Litwie i Białorusi na emigracji (1831— 1836) // Zeszyty Naukowe Uniwersitetu Łodzkiego. Seria 1. Z. 53. Łodź, 1967. S. 45-67.
8 Barszczewska A. Rola Towarzystwa Litewskiego… S. 58; Gadon L. Emigracja polska… T. 3. S. 37-38.
9 Полное Собрание Законов Российской Империи. Собр. ІІ. Т. 31.СПб, 1857. № 30878. С. 798-802.
10 Potrykowski J.A. Tułactwo polaków we Francji. Dziennik emigranta. Wyd. A. Owsińska. T. 1-2. Kraków, 1974.
11 „Dziennik Narodowy». Paryż, 1841-1848; „Wiadomości Polskie».Paryż, 1854-1859.

Наверх

Тэгі: , ,