БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Studia Białorutenistyczne / Беларусазнаўчыя даследаванні. T. 1. (Валянціна Яноўская, Алена Філатава).


STUDIA BIAŁORUTENISTYCZNE / БЕЛАРУСАЗНАЎЧЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ. T. 1 / 2007. Lublin, Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 420 s.

У 2007 г. выйшаў з друку першы нумар навуковага зборніка „STUDIA BIAŁORUTENISTYCZNE» пад рэдакцыяй Рышарда Радзіка і Міхала Саевіча, стваральнікі якога паставілі сваёй мэтай папулярызацыю ведаў сярод насельніцтва Польшчы ў сферы грамадскіх і гуманітарных навук Беларусі (гісторыі, сацыялогіі, культуразнаўства, літаратуразнаўства і мовазнаўства). Як гэта ні дзіўна, але, па сведчанні рэдакцыі, палякі вельмі мала ведаюць пра гісторыю i культуру свайго бліжэйшага ўсходняга суседа, не разумеюць яго ментальнасць. Думаецца, што ў поўнай меры гэта адносіцца і да беларусаў. Але ж геаграфічнае суседства беларусаў і палякаў абумовіла настолькі цеснае перапляценне іх гістарычных лёсаў, што зразумець як мінулае, так і сучаснае гэтых двух народаў без вывучэння гістарычнага шляху як кожнага паасобку, так і іх узаемаўплываў падаецца проста немагчымым.

Структурна асноўны змест часопіса падзяляецца на тры часткі, якія прысвечаны такім накірункам навукі, як гісторыя i сацыялогія (артыкулы П. Церашковіча, І. Лапо, Д. Міхалюк, У. Паўлючыка, Р. Радзіка, Г. Сагановіча, А. Смалянчука, С. Токця), літаратуразнаўства (артыкулы А. Баршчэўскага, Т. Бэрда, М. Хаўстовіча, С. Кавалёва, Г. Кісліцынай, А. Макарэвіча, А. Макміліна, Н. Мячкоўскай, Я. Арлоўскага, І. Штэйнера, К. Вроцлаўскага), мовазнаўства (артыкулы Н. Баршчэўскай, А. Боравец, У. Мякішава, І. Ратнікавай, М. Саевіча, С. Запрудскага, П. Златкоўскага). Уражвае не толькі шырокі спектр тэматыкі артыкулаў, але і склад аўтараў, сярод якіх навукоўцы з Беларусі, Польшчы, ЗША і Англіі. Уяўляецца мэтанакіраваным і падбор для рэцэнзавання найноўшых друкаваных прац, звесткі аб навуковых канферэнцыях. Як адны, так і другія прысвечаны галоўным чынам актуальным праблемам этнічных працэсаў памежных тэрыторый.

Не падаецца выпадковым і выбар першага артыкула[1], якім адкрываецца нумар новага перыядычнага выдання. Менавіта на аналізе гэтага артыкула і некаторых іншых, што тэматычна прымыкаюць да яго, і хочацца засяродзіць сваю ўвагу. Бадай, самай характэрнай рысай ХІХ ст. з’яўляецца тое, што этнічнасць становіцца найважнейшым фактарам гісторыі, і асабліва гісторыі еўрапейскай. Вялікае значэнне этнічнасці сучасныя даследчыкі тлумачаць яе зліццём з палітыкай у межах нацыянальных рухаў[2]. Вынікам гэтага працэсу стала змена палітычнай карты Еўропы і фармаванне нацый. Адказаць на пытанне „чаму беларусы сталі ледзь не апошнімі сярод тых, хто абудзіўся ў ХІХ ст.» імкнецца ў сваім артыкуле П. Церашковіч. Праблема разглядаецца ў рэчышчы параўнальнай гісторыі народаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Пагадзіўшыся ў цэлым з высновамі аўтараў кампаратывісцкіх даследаванняў аб тым, што „беларусы сталі бадай што адным з апошніх народаў у Еўропе, які ўступіў на шлях нацыянальнага адраджэння», П. Церашковіч засяродзіў сваю ўвагу на крытычным аналізе тых фактараў, якімі яны абумоўлівалі гэтае адставанне. Можна спрачацца з прапанаваным канцэптуальным падыходам аўтара артыкула — высвятленне фактараў адставання праз двухбаковыя параўнанні, — але ён адназначна мае рацыю, сцвярджаючы, што „галоўнае пытанне — чым абумоўлена апазненне ўтварэння беларускай нацыі — так і застаецца дыскусійным».

Пацверджаннем гэтай высновы з’яўляецца, на нашу думку, артыкул А. Смалянчука, які ўзняў цікавую, але слаба распрацаваную ў беларускай гістарыяграфіі праблему беларускай мовы ў каталіцкім набажэнстве ў Мінскай і Віленскай рымска-каталіцкіх епархіях у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст.[3]. Менавіта ў нявырашанасці праблемы сакралізацыі беларускай мовы бачыць аўтар прычыну таго, што беларуская мова была ў той час не столькі асноўнай прыкметай нацыянальна-культурнай прыналежнасці, колькі маркерам сацыяльнага становішча. Выснова цікавая і заслугоўвае ўвагі. Але пошукі прычын такога становішча падаюцца нам калі і не цалкам спрэчнымі, то ва ўсялякім разе не такімі адназначнымі. Думаецца, калі размова ідзе аб фактарах кансалідацыі беларускага насельніцтва (як і любога іншага), нельга, разглядаючы толькі частку праблемы, праецыраваць высновы на цэлае. Як следства парушэння гэтага падыходу — супярэчнасці, што сустракаюцца паміж аўтарскай канцэпцыяй і імкненнем пацвердзіць свае думкі. Цяжка пагадзіцца з выказваннем аўтара, што ў беларускай гістарыяграфіі „пашыранае меркаванне, што ў другой палове ХІХ ст. каталіцкі касцёл у Беларусі стаўся апірышчам польскасці». І справа нават не ў тым, што ў прыведзеным творы — Нарысах гісторыі Беларусі — праблема ставіцца не так катэгарычна і разглядаецца ў сукупнасці з іншымі фактарамі. Ужо ў 1990-я г. у працах па канфесійнай гісторыі Беларусі ўказвалася на неабходнасць неадназначнай ацэнкі дзейнасці каталіцкага святарства[4]. Ды і самі аўтарскія высновы і разважанні (і гэта характэрна не толькі для дадзенага артыкула А. Смалянчука, але і для іншых артыкулаў зборніка) па сутнасці падмацоўваюць тэзу, якую ён імкнецца адвергнуць.

I сапраўды, на працягу другой паловы ХІХ — пачатку XX ст. многія віленскія біскупы і магілёўскія арцыбіскупы пазітыўна ставіліся да ідэі функцыянавання беларускай мовы ў каталіцкім набажэнстве, што павінна было б даць пэўны шанс для яе сакралізацыі. Але гэтага не адбылося. Прычынай такога становішча, на думку А. Смалянчука, з’яўляецца „ўзровень яе развіцця і адносная слабасць беларускага нацыянальнага руху, у якім даволі позна пашырылася разуменне неабходнасці сакралізацыі роднай мовы». Але як гэтая выснова стасуецца з тым выказваннем аўтара, што большасць прадстаўнікоў парафіяльнага духавенства „па меры абвастрэння палітычнай барацьбы і актывізацыі нацыянальных рухаў ператварала касцёл у бастыён абароны польскіх нацыянальных інтарэсаў (вылучана намі. —Аўт.)»? Ды і гістарычная рэчаіснасць сведчыць, што ні пазіцыя каталіцкіх ерархаў, ні фармаванне беларускай літаратурнай мовы, ні развіццё беларускага нацыянальнага руху не змянілі адносіны большай часткі каталіцкага парафіяльнага духавенства (палякаў па паходжаннi) да праблемы беларускай мовы ў каталіцкім набажэнстве. Найбольш яскравым пацверджаннем гэтых слоў з’яўляецца, на нашу думку, ацэнка сітуацыі з боку тых, хто сам працаваў у такіх умовах. Шмат прыкрасцяў і пакут за ўвядзенне ў набажэнства беларускай мовы давялося зведаць каталіцкаму святару Ўладзіславу Чарняўскаму ад тых, ад каго чакаў ён падтрымкі і дапамогі — іншых каталіцкіх святароў. Характарызуючы рэлігійную сітуацыю ў Беларусі на пачатку XX ст. і пазней, ён з роспаччу адзначае, што пасля Першай сусветнай вайны не далі адрадзіцца беларускаму народу: «Хто? Браты-суседзі. Славяне. „Браты ў Хрысце»… Там на „рускай веры» вырасла бязбожжа — атэізм, тут „польская вера» заткнула рот „братам у Хрысце» — Беларусам»[5].

Артыкул С. Токця[6] па сутнасці з’яўляецца працягам папярэдняй дыскусіі. Засяродзіўшы сваю ўвагу на ролі польскай мовы ў сацыякультурным жыцці беларускай вёскі і разуменні самога паняцця польскасці ў сялянскім асяроддзі, аўтар прыйшоў да высновы, што „этнічны аспект у моўных і рэлігійных стасунках у беларускай вёсцы ўсё ж захоўваўся». Што да каталіцкага касцёла, то, на думку С. Токця, пасля паўстання 1863-1864 г. ён „застаўся крэпасцю, якая захоўвала польскую мову ў беларускай вёсцы». Відавочна, што ў такіх умовах месца для беларускай мовы (як мовы сакральнай) у каталіцкім набажэнстве не прадугледжвалася.

Цяжка ўявіць, што кардынальная змена поглядаў на праблему беларускай мовы ў каталіцкім набажэнстве магла адбыцца на пачатку ХХ ст. Томас Бэрд, прааналізаваўшы „польскую тэматыку» „Нашай Нівы» перыяду рэдактарства Янкі Купалы[7], высветліў, што большасць матэрыялаў падкрэслівала непрыхільнасць „вялікіх суседзяў да імкнення беларусаў стаць поўнымі гаспадарамі на ўласнай зямлі».

Працягам размовы аб складанасці нацыятворчых працэсаў на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ ст. можна лічыць артыкул У. Паўлючука[8]. У ім прасочаны змены, што адбыліся ў этнічнай структуры Беласточчыны, у сувязі з трансфармацыямі палітычнай сістэмы. Хочацца звярнуць увагу, што тыя цяжкасці сучаснасці (асабліва самаідэнтыфікацыі праваслаўнага насельніцтва), аб якіх ідзе размова ў артыкуле, сягаюць сваімі каранямі ў гістарычнае мінулае. Згодна з вынікамі даследавання праф. А. Садоўскага, сцвярджае Паўлючук, у сярэдзіне 1990-х г. каля 60% праваслаўных жыхароў Беласточчыны пазначылі сябе як палякі і толькі 28% — як беларусы. Што тычылася рымска-каталіцкіх вернікаў, то толькі адна асоба з 526 рэспандэнтаў „акрэсліла сваю нацыянальнасць як беларускую». Калі ж мы зазірнем на стагоддзе ўглыб, то ўбачым, што становішча з этнічным самавызначэннем насельніцтва тагачаснага Беластоцкага павета Гарадзенскай губерні было яшчэ больш складаным i спрэчным. Мы не будзем тут прыводзіць у якасці пацвярджэння сваіх высноў дадзеныя перапісу 1897 г., бо, па-першае, ведаем неадназначныя адносіны да іх з боку як польскіх, так і беларускіх даследчыкаў; па-другое, мы не ставім на мэце аспрэчваць прыведзеныя дадзеныя. Але хочацца звярнуць увагу, што напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ ст. цяжкасцяў у самаідэнтыфікацыі насельніцтва беларуска-польскага памежжа было вельмі шмат. Патлумачым нашу думку на прыкладзе Беластоцкага павета Гарадзенскай губерні. На пачатку ХХ ст. у сувязі з „найвышэйшым дазволам» (ад 22 красавіка 1906 г.) увесці польскую мову ў выкладанне на тэрыторыях, памежных з Царствам Польскім, распачаліся актыўныя дзеянні па высвятленні нацыянальнай прыналежнасці жыхароў. Для гэтага былі арганізаваны спецыяльныя этнаграфічныя экспедыцыі. Параўнанне вынікаў дзвюх такіх экспедыцый, што былі праведзены ў Беластоцкім павеце, уражвае сваім рознагалоссем (гл. табліцу).

Воласць Беларусы Палякі Беларусы Палякі
Ясвільская 9805 (100%) 5515 4290 (43,7%)
Прытулянская 43 8801 (99,5%) 1409 7435 (84,0%)
Крыпнянская 13 10283 (99,8%) 697 9599

(93,2%)

Абрубніцкая 232 6780 (96,6%) 6799 213 (3,0%)
Юхнавецкая 488 5602 (91,9%) 4659 1431 (23,5%)
Беластоцкая 156 5671

(78,4%)

4965 2269

(45,7%)

Такім чынам, калі па выніках першай экспедыці ва ўсіх пазначаных валасцях перавышалі (і значна) палякі, то па выніках другой экспедыцыі такая перавага назіралася толькі ў дзвюх (Прытулянскай і Крыпнянскай) з шасці валасцей. Прычым у валасцях Абрубніцкай і Юхнавецкай значна перавышалі беларусы, складаючы адпаведна 97% і 76,5%[9].

Даючы ацэнку вынікам гэтых дзвюх экспедыцый, прафесар Кіеўскага універсітэта Ю. Кулакоўскі, які 3 гады пражыў у Ясвільскай воласці, адзначаў: „Трудность разграничения белорусов и поляков в западной части Гродненской губернии… от того главным образом, что белорусы-католики в своём словаре имеют много полонизмов и в беседе с интеллигентным лицом стараются говорить по-польски, хотя домашним обиходным языком их служит язык чисто белорусский»[10].

Як слушна сцвярджае Р. Радзік, беларускі селянін усведамляў сваю адметнасць толькі пры сутыкненні з прадстаўнікамі іншых народаў, чужакамі. Крытэрыямі вызначэння гэтай адметнасці (у залежнасці ад сітуацыі) былі мова, рэлігія, адзенне, звычаі, класавая прыналежнасць[11]. Больш за тое, гэтая „залежнасць ад сітуацыі» спрацоўвала іншы раз і ў межах аднаго крытэрыя, што ў спалучэнні са спецыфічнай палітычнай сітуацыяй магло прынесці (і прыносіла) непрадказальныя вынікі.

Такім чынам, аналіз „гістарычнага блока» новага зборніка паказвае, што, нягледзячы на шмат агульнага, беларусы і палякі, як і кожны народ, маюць сваю адметную гісторыю. Больш за тое — сама гісторыя вызначае адметнасць таго ці іншага этнасу, народа, нацыі. Як і мова, як пэўныя рысы культуры і этнічнага характару, менталітэту.

Мінск                

Валянціна Яноўская, Алена Філатава


1 Церашковіч П. Сацыяльныя перадумовы нацыянальнага адраджэння народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы: беларусы, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы. С. 11—45.
2 Терешкович П. В. Этническая история Беларуси ХІХ — началаXX в. Минск, 2004. С. 4.
3 Смалянчук А. Праблема беларускай мовы ў каталіцкім набажэнстве ў Менскай і Віленскай дыяцэзіях у другой паловеXIX — пачатку ХХ ст. С. 127-141.
4 Гл.: Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ — ХХ ст.). Мінск, 1998. С. 127.
5 Чарняўскі У. Ліст святара аб палажэньні Каталіцкай Царквыў Беларусі. Лёндан, 1988. С. 1.
6 Токць С. Польскія культурныя ўплывы ў беларускай вёсцы ўXIX — на пачатку ХХ ст. С. 143-158.
7 Бэрд Т. Польская праблематыка на старонках «Нашай Нівы»ў пэрыяд рэдактарства Янкі Купалы. С173—178.
8 Pawluczuk W. Zmianа struktury etnicznej Białostocczyzny w warunkach transformacji ustrojowej. S. 85—99.
9 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 378 а/а. 1906. Спр. 378. Арк. 230.
10 ДГА Літвы. Ф. 378 а/а. 1906. Спр. 378. Арк. 230 адв.
11 Радзік Р. Беларусы (Погляд з Польшчы). Мінск, 2002. С. 8.

Наверх

Тэгі: , ,