БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Rozstrelany w Katyniu (Iван Сiнчук)

Rozstrzelany w Katyniu: Alfabetyczny spis 4410 jeńców polskich z Kozielska rozstrzelanych w kwietniu-maju 1940, według źródeł sowieckich, polskich i niemieckich / Indeks represjonowanych. T.I. Warszawa: Ośrodek KARTA 1995. 286.

Катыньская бойня ўвайшла не толькi ў гiсторыю Польшчы i Беларусi, яна вядомая ў цэлым свеце. Пачынаючы з II сусветнай вайны катыньскую карту ня раз выкарыстоўвалi ў гульнi палiтыкi i iдэолагi. Першы раз спiсы эксгумаваных ахвяр былi надрукаваны ў 1943 г.[1]. А апошняя спроба змянiць погляды на катыньскую трагедыю адбылася лiтаральна на нашых вачах у канцы 1996: у тэлевiзiйнай праграме Аляксандра Няўзорава (Расiя, Санкт-Пецярбург) зноў была пушчана ў ход «нямецкая» версiя, прагучала сцверджанне, што НКУС не мела дачыненняў да растрэлу палонных Казельскага канцэнтрацыйнага лагеру, у якiм утрымлiвалiся захопленыя Чырвонай армiяй у вераснi 1939 г. афiцэры Войска польскага, мытнiкi i памежнiкi.

На тэрыторыi Украiны цяпер працуе група польскiх археолагаў з Лодзьскага аддзялення Iнстытуту археалогii i этналогii Польскай Акадэмii навук, якiя вывучаюць пахаваннi ахвяраў НКУС. Пра тое, як польская дзяржава шануе iх памяць, сведчыць i выпуск у 1995 г. камемаратыўнай двухзлотавай манеты «Katyс. Mednoje. Charkow. 1940».

«Растраляныя ў Катынi» — гэта не першая польскай публiкацыя спiсу ахвяр Катынi. Спiсы НКУС у польскай версii ў 1990 г. друкавалiся «Вайсковым гiстарычным аглядам»[2], у 1991 г. выйшла праца Енджэя Тухольскага «Забойства ў Катынi»[3] з польскай i расiйскай версiямi транспартных спiсаў НКУС. Цягам 1994-95 г. з’явiлася яшчэ колькi менш грунтоўных публiкацый спiсу ахвяр, а крыху раней, у 1989-94 г. змястоўныя бiяграфii растраляных друкавалiся ў «Вайсковым гiстарычным аглядзе».

Дадзеная публiкацыя адрознiваецца дакладнасцю, дасягнутаю дзякуючы неспасрэднай працы з копiямi арыгiнальных спiсаў НКУС. Асобы, пераведзеныя ў iншыя лагеры або звольненыя, былi выкрэслены. Наступная асаблiвасць выдання — кампiлятыўнасць: тут змешчаны падрабязныя звесткi пра загiнуўшых, пашыраныя за кошт iнфармацыi з iншых публiкацый. Так, у спiсе НКУС нiчога няма пра званнi рэзервiстаў: яны запазычаны з публiкацыi «Вайсковага гiстарычнага агляду», а звесткi аб грамaдзянскай прафесii — з працы Е.Тухольскага.

Асобныя бiяграфii выглядаюць наступным чынам:

Бiч
Аляксандр
р.1909
с.Юзэфа
падпаручнiк рэз.
настаўнiк
Касцюк
Антонi
р.1899
с.Тадэвуша
паручнiк рэз.
Рабцэвiч
Ян
р.1897
с.Юзэфа
капiтан
Пiваварчык
Станiслаў
р.1894
с.Яна
капiтан

[4]
Каму было выгадна знiшчаць iнтэлiгенцыю? Каму было патрэбна ўтрымлiваць экс-вайскоўцаў у лагерах? Адказ просты: тым, хто саджаў новую элiту на далучаных тэрыторыях. Паводле падлiкаў пачатку 1950-х гадоў да 90% кiруючых пасадаў на новадалучаных беларускiх землях займалi выхадцы з Усходняй Беларусi i Расii. У Заходняй Беларусi i нiжэйшыя пасады, звязаныя з кiраваннем, як сцвярджаюць беларускiя даследчыкi, перадавалiся прыхадням: «Больш за палову сакратароў пярвiчных партарганiзацыяў, два з кожных трох камсамольскiх функцыянераў, большасць фiнагентаў, нарыхтоўшчыкаў, працаўнiкоў гандлю — мiгранты, з усходнiх вобласцяў цi з iншых рэспублiк»[5].

Здаецца, апрача палякаў толькi габраi не выраклiся сваiх у Катынi: у Iзраiлi iснуе арганiзацыя «Катыньская сям’я», якая брала ўдзел i ў падрыхтоўцы iнфармацыi да тома. Хiба не час стварыць i ў Беларусi арганiзацыю накшталт польскага «Таварыства катыньскiх сем’яў»?

Аўтары публiкацыi ў прадмове пiшуць, што спадзяюцца на метадалагiчныя заўвагi ў разлiку на магчымае другое выданне «Iндэксу». У якасцi пажадання некалькi заўвагаў. Варта падаваць поўную дату нараджэння, што дазволiць даволi дакладна на падставе iмя (у адпаведнасцi са святцамi) вызначаць канфесiю асобы, цi, дакладней, бацькоў асобы. Не толькi спiс каталiцкiх i праваслаўных iмёнаў рознiцца, але розняцца i даты iмянiн з прычыны выкарыстання каталiкамi грыгарыянскага, а праваслаўнымi юлiянскага календара. Аўтары пiшуць пра прыёмы правiльнай перадачы iмёнаў i намаганнях не спольшчыць праваслаўныя iмёны. Але такiм шляхам можна хiба толькi аднавiць правапiс прозвiшчаў i iмёнаў у польскамоўных дакументах на 1939 г. (паслядоўна такi iдэнтыфiкацыйны падыход рэалiзаваны ў нямецкай публiкацыi 1943 г.). Вiдавочна, што спальшчэнне iмёнаў i прозвiшчаў iнтэнсiўна праводзiлася ў вайсковых канцылярыях. Пажадана таксама падаваць iнфармацыю пра месца пражывання асобы цi яе бацькоў (месцы нараджэння).

Хацелася б канчаткова пазбавiцца ад няпэўнасцi пры вызначэннi, кiм была асоба са спiсу, — штатным вайскоўцам цi рэзервiстам. А дзеля гэтага трэба падаваць (асобна) прыналежнасць не толькi да рэзервiстаў, але i да войска. Гэта можна рабiць i ў графе, прызначанай для прафесii рэзервiстаў, калi ў выпадку кадравага афiцэра пiсаць «ваенны». Пры адсутнасцi звестак варта пазначаць гэта, напрыклад, знакам дэфiс. У такiм выглядзе спiс стане больш «празрыстым».

Праўдзiвая iнфармацыя пра знiшчаных мае не адно толькi прыкладное навуковае значэнне, але нясе i вялiкую iдэалагiчную нагрузку. Таму ў наступным варта было б паралельна з кнiжнай публiкацыяй рабiць электронную версiю ў фармаце .dbf цi ASCII-кодах, бо асобныя даследчыкi вымушаны паўтарыць практычна ўвесь шлях публiкатараў пры самастойным стварэннi кампутарнай версii. Ужо сёння, нягледзячы на тэхнiчныя праблемы з-за характэрных лiтар польскага алфавiту, можна паспрабаваць зрабiць даступнай для зацiкаўленых базу дадзеных аб катыньскiх ахвярах праз e-mail Катыньскага iнстытуту ў Польшчы або iншай навуковай установы.

Iван Сiнчук


[1] Amstliches Material zum Massenmord von Katyń, Berlin, 1943.
[2] Wojskowy przegląd historyczny, 1990, Nr. 3-4. 315-386.
[3] Tuchlolski J., Mord w Katyniu, Warszawa 1991.
[4] Gnatowski M., Kresy północno-wschodnie (Zachodnia Białoruś) w latach II wojny swiatowej (1939-1944): Nowe aspekty i problemy badawcze // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. У дзвюх частках. Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3-5 лютага 1993 году.Частка І. Гісторыя Беларусі, Мінск 1994, 195.
[5] Лукашук А., Неоасадництво // Збудінне, 1990.2(7), 1

Тэгі: , ,