БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Конрад Бабятыньскі)


KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.

Кніга Андрэя Катлярчука — яго кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў чэрвені 2006 г. нa гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта. Галоўнай мэтай сваіх даследаванняў аўтар паставіў усебаковы разгляд складанай палітычнай і ваеннай сітуацыі, у якой апынулася Вялікае Княства Літоўскае ў выніку вайны са Швецыяй і Масквой у 1655-1657 г. У прадмове аўтар зазначыў, што задача яго кнігі, перш за ўсё, — жаданне падарваць шырока распаўсюджаны ў польскай і заходнееўрапейскай, у тым ліку шведскай, гістарыяграфіі, стэрэатып дачыненняў Вялікага Княства і Швецыі ў гэты перыяд. На першых старонках працы (2-3) аўтар сфармуляваў тэзіс, якому падпарадкаваў пазней свае высновы. Паводле меркавання аўтара, ацэнка гісторыкамі дагавораў Януша Радзівіла са шведамі ў 1655 г. як здрады інтарэсам Рэчы Паспалітай неапраўданая, таму патрабуе грунтоўнага перагляду. Саму унію Швецыі і ВКЛ i рашэнне ліцвінаў аб разрыве уніі з Каронай аўтар лічыць элементам агульнай дэзінтэграцыі ў „дзяржаве абодвух народаў», а перш за ўсё элементам больш шырокай агульнаеўрапейскай тэндэнцыі — крызісу цэнтральнай улады ў сярэдзіне XVII ст. Гэты крызіс знаходзіў выяўленне ў канфліктах паміж каралём і станамі, дзяржавай і грамадзянамі ў многіх краінах Старога Кантынента. Акрамя Рэчы Паспалітай аўтар звяртае ўвагу на падобныя з’явы, якія, між іншым, адбываліся ў Імперыі Габсбургаў (крыху раней), Англіі, Францыі, Галандыі ці Партугаліі (5-6, 87-89).

Безумоўна, кніга Катлярчука ўпісваецца ў кантэкст даўняй дыскусіі ў польскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфіі на тэму матываў, якімі кіраваўся Януш Радзівіл у момант прыняцця рашэння аб разрыве Люблінскай уніі і прызнання ўлады Карла X Густава, a таксама вытокаў Кейданскіх дамоваў, іх юрыдычнай легітымнасці і ролі гэтых падзей у гісторыі ВКЛ у другой палове XVII ст. У гэтай дыскусіі дагэтуль удзельнічалі многія польскія гісторыкі, пачынаючы з даследчыкаў, якія працавалі на пачатку другой паловы XIX ст. — Эдварда Катлубая i Бярнарда Каліцкага[1]. Апошняе значнае выказванне ў гэтай дыскусіі належыць Тадэвушу Васілеўскаму і Генрыку Віснэру, якія інтэрпрэтуюць падзеі, што адбыліся паміж жніўнем і кастрычнікам 1655 г., зусім іншым чынам[2]. Васілеўскі галоўнай прычынай здрады Радзівіла, як ён адназначна ацаніў палітыку вялікага гетмана ВКЛ у жніўні 1655 г. i наступных месяцах, называе рэлігійны фактар. У той жа час Віснэр паспрабаваў патлумачыць палітыку Радзівіла складанай палітычнай і ваеннай сітуацыяй, у якой апынулася ВКЛ у выніку наступлення войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Войскі маскоўскага цара на пачатку верасня 1655 г. падышлі пад самую Вільню. Прыняцце ў такіх абставінах шведскага пратэктарату, як шматразова даводзіць гэты даследчык, здавалася тады адзіным рацыянальным шляхам выратавання для пазбаўленага ўсякай дапамогі з боку Кароны Вялікага Княства, a асабістыя і рэлігійныя матывы ў дадзеным выпадку (з боку Радзівілаў) адыгрывалі другасную ролю.

У той жа час канцэпцыя, якую А. Катлярчук падаўу сваёй кандыдацкай дысертацыі, значна выходзіць за межы, a часта і пярэчыць гіпотэзам Васілеўскага і Віснэра.

Аўтар ужо на пачатку працы (27 i наст.) прапануе адназначна негатыўны вобраз наступстваў, якія для ВКЛ вынікалі з факта заключэння Люблінскай уніі. Ён падкрэслівае, што унія падзяліла, a не злучыла абедзве часткі Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на заключэнне Люблінскай уніі, аўтар увесь час ставіцца да ВКЛ як да практычна асобнай дзяржавы, звязанай вельмі свабоднымі сувязямі з Каронай, часта аддаючы перабольшаную ўвагу праявам сепаратызму ў ВКЛ у 1569-1655 гадах (87-89). Важны элемент канцэпцыі Катлярчука — упор на рэлігійныя фактары. Асабліва шмат месца ён прысвячае рэлігійнаму ўціску і пераследу, які перманентна цярпелі пратэстанты з боку каталікоў у ВКЛ (51-54). Аўтар прыводзіць выпадкі адхілення пратэстантаў ад выканання публічных функцый, знішчэння i выгнання ix са збораў або ўрэшце здзяйснення ў адносінах да іх пагромаў (віленскія пагромы ў 1609 i 1640 г. і хваляванні ў Полацку i Наваградкуў 1638 г.). Адначасова ён падкрэслівае рэлігійнуюцярпімасцьпратэстантаў,прыводзячыўпрыклад апеку Януша Радзівіла шатландцамі і габрэямі ў Кейданах. Рэпрэсіі з боку прыхільнікаў контррэфармацыі, спалучаныя з інтэнсіўнай рэкаталізацыяй, набылі асаблівы размах пры панаванні Яна Казіміра. Каб аслабіць пратэстанцкую галіну біржанскіх Радзівілаў, той пачаў ствараць моцную партыю двара, абапіраючыся на каталіцкія роды — Сапегаў, a затым Гасеўскіх і Пацаў. Пратэстанты мусілі яшчэ пры жыцці Жыгімонта III шукаць замежнага апекуна-пратэктара (76-77, 81-82, 87-89). Прыклады гэтага аўтар знаходзіць у палітыцы Крыштафа II Радзівіла (арлеанская змова, зандаж магчымасцяў выбару на трон Рэчы Паспалітай Густава II Адольфа), а таксама ягонага сына Януша (яшчэ ў 1648 г.). Пішучы пра арлеанскую змову, Катлярчук абапіраецца толькі на састарэлую кнігу Ц. Вэйле (1901 г.), не беручы пад увагу новых прац, перш за ўсё агляд крыніц, падрыхтаваны У. Аўгустыняк i В. Сакалоўскім, у якім праблема пададзена ў іншым святле, чым паказвае аўтар[3].

Каб давесці, што Вялікае Княства імкнулася да саюзу са Швецыяй задоўга да 1655 г., аўтар правёў цікавы аналіз больш ранніх формаў супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. З гэтай мэтай аўтар адступае ажно ў першую палову XIII ст. i час незалежнасці Полацкага княства, акцэнтуючы яго кантакты з кавалерамі-мечаносцамі (61-67). Трэба сказаць, што падкрэсліванне, галоўным чынам, эканамічнага характару суадносінаў Швецыі і ВКЛ перад Патопам цалкам абгрунтаванае, у той жа час сумненне выклікаюць пошукі ў гэтых адносінах палітычнага аспекта. Напрыклад, першыя спробы ўтварэння федэрацыі паміж Швецыяй і ВКЛ Катлярчук шукае ў планах выбрання Аляксандра Ягайлавіча шведскім каралём на мяжы XV i XVI ст., памылкова сцвярджаючы, што на працягу 1492-1506 г. Карона i Вялікае Княства не былі звязаны нават персанальнай уніяй (67-68).

Абсалютна відавочна, што ніводная даследчая гіпотэза, а асабліва такая дыскусійная прапанова, як высунутая Катлярчуком, не знойдзе ўсеагульнага прызнання ў гістарычным асяроддзі, калі яна не будзе абапірацца на адпаведныя крыніцы. Хоць кніга і пабудавана на архіўным матэрыяле, а таксама на многіх надрукаваных крыніцах i апрацоўках, немагчыма не заўважыць, што яе бібліяграфія не пазбаўлена сур’ёзных недахопаў. Безумоўна, важным дасягненнем аўтара трэба прызнаць выкарыстанне шэрагу рукапісных крыніц (у тым ліку арыгіналаў актаў Кейданскай уніі, а таксама карэспандэнцыі Радзівілаў, якая налічвае некалькі дзесяткаў лістоў), a таксама іканаграфічных i картаграфічных матэрыялаў са шведскіх архіваў i бібліятэк (Riksarkivet, Krigsarkivet, Kungliga bibliotheket, Uppsala universitets bibliotek). За выняткам некалькі выпадкаў, гэта ў асноўным дакументы, невядомыя польскім даследчыкам. Аўтар шырока карыстаецца адпаведнай шведскай літаратурай, якая для польскіх гісторыкаў, асабліва сярэдняга пакалення і маладых, часта з’яўляецца абсалютна недаступнай па прычыне моўнага бар’еру.

У той жа час адчуваецца недастатковае веданне польскіх рукапісных крыніц. Асабліва адчувальная адсутнасць многіх важных для глыбокага вывучэння тэмы архіўных дакументаў архіва Радзівілаў з Галоўнага архіва даўніх актаў у Варшаве. Тут узнікае пытанне: ці можна ўвогуле даследаваць дзейнасць радзівілаўскага клана ў 1655-1657 г. без азнаямлення з лістамі да Януша і Багуслава Радзівілаў, што зберагаюцца ў V раздзеле дадзенага збору? Што праўда, перапіска 1655-1657 г. невялікая ў параўнанні хоць бы з шасцідзесятымігадамі XVII ст., аднак аўтар мог бы знайсці ў ёй нямала цікавых звестак, датычных прадмета даследавання. З гэтага раздзела выкарыстаны толькі некалькі лістоў галоўнага спецыялістаРадзівілаў па замежных справах — вількамірскага маршалкаЯна Мяжынскага[4]. Не ўлічана перапіска Багуслава Радзівіла зіншымі ягонымі блізкімі супрацоўнікамі, хоць бы з Бенядыктам Альшэўскім (№ 10 816), або таксама шэраг лістоў, звязаных са Слуцкам і яго роляй у палітыцы канюшага ВКЛ[5].

Увогуле, знаёмства з польскімі архіўнымі матэрыяламі абмежавана ў працы, апрача часткі карэспандэнцыі Мяжынскага, толькі дакументам з раздзела II Архіва Радзівілаў (прычым пададзенага з памылковымі выхаднымі дадзенымі), часткай лістоў Б. Радзівіла з раздзела IV гэтага збору, а таксама трыма пазіцыямі з Бібліятэкі Чартарыйскіх (не хапае, напрыклад, папак Нарушэвіча!), у тым ліку манускрыпта № 2105, які ўключае каштоўны збор лістоў Я. Радзівіла да караля. Аўтар, на жаль, не даследаваў рукапісаў з многіх архіваў і бібліятэк, якія ўтрымліваюць матэрыялы па праблеме. Напрыклад, разглядаючы аблогу Берасця, наватарскі паказ якой А. Катлярчук лічыць адным з найбольш значных аспектаў сваіх даследаванняў (22, 228-233), ён не выкарыстаў асноўнага збору дакументаў па дадзеным пытанні з Бібліятэкі Ардынацыі Замойскіх (рукапіс 943)[6].

Даследуючы ход перамоваў у Ясьвойнах і Кейданах, аўтар шматразова згадвае пра ўплыў ваенных абставінаў на прыняцце Радзівілам рашэння паддацца пад пратэкцыю Карла X Густава, але здаецца, што ён не да канца ўлічвае дадзены аспект, прызнаючы больш важнымі рэлігійныя пытанні i сепаратысцкія тэндэнцыі сярод магнатаў і шляхты. Шкада, што аўтар не здолеў, апісваючы ваенныя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ у 1654-1655 г. (91-94), улічыць новыя працы[7]. Выкарыстанне старой літаратуры прывяло да многіх недакладнасцяў, памылак і пропускаў.

Навуковыя гіпотэзы Андрэя Катлярчука абапіраюцца галоўным чынам на аўтарскую інтэрпрэтацыю літаратуры прадмета, a таксама на дакументы stricte дыпламатычнага характару. Цяжка пазбавіцца ўражання, што часта ён прачытвае змест гэтых дакументаў залішне даслоўна, не ўлічваючы спецыфікі гэтага матэрыялу, а таксама абставінаў, у якіх дадзены канкрэтны дакумент быў складзены. Можна сумнявацца, ці варта шукаць прычыны заключэння дамовы ў Кейданах і пераход ВКЛ пад уладу Карла X Густава ў папярэдніх кантактах Я. Радзівіла са шведамі, пачынаючы ад 1648 г. Гэтая гіпотэза, якой у мінулым паддалося некалькі знакамітых польскіх гісторыкаў[8], што безумоўна, дазваляе вельмі абстрактным чынам патлумачыць драматычныя падзеі жніўня 1655 г., на жаль, непераканаўчая, бо для яе не хапае сведчанняў, яна абапіраецца толькі на нешматлікія і другасныя дакументы.

Каб пацвердзіць сваю гіпотэзу, аўтар цытуе кароткую вытрымку з ліста Бенгта Скітэ да губернатара Фінляндыі Пэра Браге (вядомага ў польскай гістарыяграфіі дзякуючы, між іншым, дасл едаванням Т. Новака). У лісце гаворыцца, што частка эліты ВКЛ патаемна шукала магчымасці адлучэння ВКЛ ад Польшчы і далучэння да Швецыі. Крыху месца ў сваёй кнізе аўтар прысвячае таксама сакрэтным кантактам гетмана з губернатарам Інфлянтаў Магнусам Габрыэлем дэ ля Гардзі, аднак жа адзначае, што гэтыя перамовы насілі толькі вусны характар, i таму невядома, чаго канкрэтна яны датычылі, a захаваная перапіска гэтых палітыкаў не ўтрымлівае ніякіх палітычных падрабязнасцяў (81-82). Тым часам першыя звесткі пра тое, што Радзівіл вядзе таемныя перамовы са Стакгольмам пры пасярэдніцтве князя Курляндыі Якуба Кетлера, паходзяць толькі з ліста гетмана канца лістапада 1654 г. Гэты ліст скіраваны да аднаго з найбліжэйшых супрацоўнікаў i пасярэдніка ў кантактах з Кетлерам, аднак там няма ніводнага слова пра планы разрыву Люблінскай уніі. Размовы, якія вяліся са шведамі, ставілі мэтай атрыманне дыпламатычнай і ваеннай дапамогі ў барацьбе з Масквой, a таксама імкненне да дасягнення асабістых мэтаў (Радзівіл дабіваўся ў гэты час, паміж іншым, шведскага індыгенату)[9].

Яшчэ 20.III.1655 г., у чарговым лісце да Стрышкі, гетман не пісаў нічога пра намеры прыняць чужую пратэкцыю, у той жа час ён імкнуўся да захавання міру на паўночнай мяжы ВКЛ, а таксама клапаціўся пра тое, каб Карл X Густаў прыслаў яму на дапамогу корпус з 2000 пяхоты i 1000 конніцы[10]. Калі дакладна было прынятае рашэнне пра падпарадкаванне шведам? Напэўна, гэтага ўжо нельга вызначыць дакладна, аднак многае паказвае на тое, што гэта адбылося пад канец ліпеня, калі ў Рыгу ад’ехаў пасланец Радзівілаў Габрыэль Лубянецкі, або некалькі пазней, калі каля брамаў Вільні апынуліся царскія войскі, а пад Варшаву адышоў дапаможны корпус Кароны, не здзейсніліся таксама надзеі на заключэнне перамір’я з Масквой і да ВКЛ дайшлі звесткі пра капітуляцыю вялікапольскага паспалітага рушання пад Уйсцем.

Шкада, што аўтар не выкарыстаў дзённіка Мацвея Форбэка Леттава, былога доктара Ўладзіслава IV, які вельмі добра перадае настрой, што панаваў у Вільні і ваколіцах у першыя дні жніўня 1655 г., i часткова дазваляе зразумець псіхалагічныя матывы, якія ўплывалі на палітыку Радзівілаў у гэты драматычны перыяд[11]. Для поўнай карціны гэтых падзей было б карысна таксама правесці даследаванне нешматлікай, зрэшты, карэспандэнцыі Я. Радзівіла з лета 1655 г., якую аўтар (акрамя ўпамянутых рукапісаў 2105 з Бібліятэкі Чартарыйскіх) увогуле не цытуе ў сваёй кніжцы. Варта тут таксама назваць перапіску з ваяводам з Лэнчыц Янам Ляшчынскім (БЧ, 384, перш за ўсё ліст гетмана ад 4.VIII.1655, с. 282-285), ліст Радзівіла да вялікага канцлера Кароны Стэфана Карыцінскага ад 7.VIII (Б, 917, s. 1369-1374). Ліст Я. Радзівіла да Б. Радзівіла ад 26.VIII.1655 г. аўтар прыводзіць толькі часткова (113-114), тым часам у ім Радзівіл сцвярджаў, што рашэнне пра падданне шведам прыняў толькі тады, „калі маскаль каля Вільні апынуўся (чаго Вялікая Польшча ніколі не перажывала), a мы ад бяды куды кінуцца меліся». „A што кажуць», — пісаў, — „што гэта даўно праз мяне прарастала, то няхай д’ябал выкале мне душу, калі я калі пра гэта думаў даўней. Ад таго, што мы з Вільні ліст пісалі [гаворка ідзе пра ўжо названую місію Габрыэля Лубянецкага. — K.Б.], пачалася гэтая справа, калі інакш ратавацца спосабу не было». Цяжка сумнявацца ў праўдзівасці гэтых слоў, адрасаваных найбліжэйшаму палітычнаму супрацоўніку, які ў гэты час ведаў пра ўсе палітычныя планы Януша[12].

Саму кастрычніцкую дамову ў Кейданах i папярэдюю ў Ясьвойнах Андрэй Катлярчук ацэньвае, перш за ўсё, у чыста вербальнай плоскасці. Аўтар шмат разоў спрабуе даказаць, якія вялікія шансы давала ВКЛ сувязь са шведамі[13]: для пратэстантаў, якіх тады была большасць ва ўладнай эліце, з’явілася магчымасць вяртання да стану перад 1569 г., a для ўсяго грамадства гэта азначала канец падпарадкавання Польшчы, змену пазіцыі Вялікага Княства ў балансе сілаў у гэтай частцы Еўропы i ўмацаванне міжнароднай пазіцыі дзяржавы (109-110, 138-139). Адначасова аўтар слушна заўважае, што толькі пратэстанты маглі звязваць далёкасяжныя планы з трывалым саюзам са шведамі, тады як для каталікоў гэта быў толькі тактычны ход (асабліва дамова ў Ясьвойнах), прадыктаваны патрэбамі дадзенага моманту, ён ставіў мэтай стрыманне наступу маскоўскіх войскаў, a затым вяртанне захопленых маскоўскім царом тэрыторый (110-111). Тут можна задаць пытанне, на якое ў кнізе няма адназначнага адказу: у якой ступені знаходжанне ліцвінаў у шведскім абозе залежала ад іх веравызнання, a наколькі ад асабістых і палітычных інтарэсаў iх патронаў, ці абодвух Радзівілаў? Вядома, што пасля заключэння веляўска-быдгошскіх дамоваў, на падставе якіх Багуслаў атрымаў поўную амністыю і абяцанні вяртання маёнткаў (сваіх і дваюраднага брата), ужо немагчыма знайсці афіцэраў войска ВКЛ у шэрагах шведскай арміі, хоць вайна яшчэ доўжылася амаль тры гады.

Пра тое, што здача пад пратэкцыю Карла X Густава была не лепшым выбарам, чым адданне пад уладу маскоўскага цара, жыхары акупаваных зямель маглі пераканацца ўжо позняй восенню 1655 г. Бо шведы не збіраліся рэалізоўваць іхніх імкненняў да незалежнасці, ад самага пачатку не лічачы ліцвінаў сваімі раўнапраўнымі партнёрамі і адносячыся да Вялікага Княства як да заваяванай краіны або калоніі. Шведы не збіраліся таксама ўвязвацца ў вяртанне страчаных на ўсходзе краіны тэрыторый і, што з гэтага вынікае, у вайну з Масквой (120-121,125). Катлярчук спрабуе вытлумачыць адсутнасць поспеху ідэі уніі са шведамі даволі сумнеўнымі гіпотэзамі, напрыклад, сцвярджаючы, што памылкай караля была спроба знайсці больш шырокую падтрымку, у тым ліку ў каталікоў (якія, зрэшты, адразу здрадзілі шведам), замест поўнай перадачы ўлады ў краіне пратэстанцкаму клану Радзівілаў (138).

Рэчаіснасць, аднак, была зусім іншай, i аўтар таксама яе паказвае (149-160)[14]. На падставе шведскіх архіўных матэрыялаў і літаратуры ён дае цікавую карціну фіскальнага ўціску на акупаваных тэрыторыях, які ў значнай ступені пераўзыходзіў павіннасці грамадзян ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Толькі ў першыя тры месяцы 1656 г. з пяці занятых імі паветаў шведы выціснулі 185 тыс. талераў, у той час як раней усё ВКЛ выплачвала ў скарб Рэчы Паспалітай толькі 300 тыс. талераў падатку (аўтар, аднак, не ўдакладняе, які сойм прыняў пастанову пра падаткі ў такой колькасці). Вынікаў такой палітыкі не трэба было доўгачакаць: ужо ў сакавіку 1656 г. у Жамойці пачалося паўстанне, якое стала пачаткам вызвалення краіны з-пад акупацыі. Катлярчук лічыць канфлікты і баявыя дзеянні гэтага часу своеасаблівай формай грамадзянскай вайны паміж прапольскімі каталікамі i прашведскімі пратэстантамі (у той жа час адзначаючы, што тады шмат пратэстантаў перайшло на бок караля), а гэта рызыкоўны тэзіс.

Падкрэсліваючы вялікае значэнне уніі ВКЛ са Швецыяй, Катлярчук шматразова сцвярджае (напр. 111, 122), што дамовы ў Ясьвойнах і Кейданах былі заключаны юрыдычна правільна, паколькі Вялікае Княства паводле III Статута мела гарантаваную магчымасць праводзіць самастойную замежную палітыку. Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, ён таксама падкрэслівае, што па гэтай прычыне ўсе рашэнні Яна Казіміра пра пазбаўленне прыхільнікаў Швецыі маёнткаў і пасадаў былі беспрэцэдэнтныя і незаконныя, паколькі вырашаць такія пытанні мог толькі соймавы суд (122, 147-148). Калі з другім тэзісам можна пагадзіцца, то першы не знаходзіць дастатковага пацверджання ў крыніцах. Па дакументах Люблінскай уніі, абедзве часткі Рэчы Паспалітай павінны былі праводзіць сумесную замежную палітыку, таму права ВКЛ на самастойныя перамовы з суседзямі было абмежаваным. Нават перамір’е ВКЛ са Швецыяй, заключанае 19.I.1627 г. у Бальдэнмойзе на няпоўных 5 месяцаў (да 11.VI.1627), гэта значыць акт, які меў нашмат меншую палітычную вагу, выклікаў вялікія пярэчанні, таксама і ў ВКЛ. Было паўсюдна прызнана, і таксама ў Вялікім Княстве, што ўдзельнікі гэтых перамоваў выйшлі за межы сваёй кампетэнцыі, паколькі падобныя дамовы маглі заключацца толькі са згоды караля і прадстаўнікоў Кароны. Перамір’е гэтае раскрытыкаваў таксама Жыгімонт III, прызнаючы факт яго заключэння парушэннем каралеўскіх прэрагатываў i шкодным для уніі[15].

Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, вельмі неадназначная. Аўтар выступае з шэрагам наватарскіх сцвярджэнняў і меркаванняў, якія пры гэтым вельмі спрэчныя і не знаходзяць пацверджання ў крыніцах. Істотная частка крыніц засталася, на жаль, не выкарыстана аўтарам. Тым не менш праца заслугоўвае ўвагі, бо ўтрымлівае шмат цікавых думак, якія заахвочваюць да роздуму і дыскусіі, паказваючы адрозны пункт гледжання на ад ну з найбольш драматычных падзей у гісторыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў.

Варшава

Конрад Бабятыньскі


[1] Kotłubaj E. Galerya nieświeżska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857; ён жа. Życie Janusza Radziwiłła, Wilno — Witebsk, 1859; Kalicki B. Bogusław Radziwiłł. Koniuszy litewski. Kraków, 1878.
[2] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XVIII. 1973; Wisner H. Dysydenci litewscy wobecwybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XV. 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, T. XXVI. 1981. Падобна як Васілеўскі,адназначна негатыўна палітыку Я. Радзівіла ацанілі таксама: Wójcik Z. Wielkie Księstwo Litewskie wobec Szwecji, Rosji i powstań kozackich // Przegląd Wschodni.T. I.1991. Z. 3; Majewski W. Poddanie się Litwy Szwedom w 1655 roku (od 28 lipca do 8 września) // Świat pogranicza. Red. M. Nagielski i A. Rachuba, Warszawa, 2003.
[3] Spisek orleański w latach 1626-1628. Opr. U. Augustyniak, W. Sokołowski. Warszawa, 1990.
[4] Шкада, аднак, што аўтар не заўважыў многіх іншых цікавых лістоў Мяжынскага, напрыклад, ліста даверанага слугі Радзівілаў K. Даўгілы Стрышкі (штопадкрэслівае верагоднасць заключаных у ім разважанняў) ад 20. IV. 1655 г.(AGAD AR V. Nr 9646. T. I. S. 21-22), у якім апісана ўсё больш драматычная, папрычыне поўнага паражэння зімова-веснавога контрнаступлення войскаў Я. Радзівіла, ваенная сітуацыя ВКЛ. З гэтага выразна відаць, што кантакты Радзівіла са шведамі ставілі тады задачу перш за ўсё дабіцца ваеннай дапамогі супраць Масквы, тым больш што атрыманне значнай падтрымкі ад армііКароны станавілася ўсё больш нерэальным. Мяжынскі ўжывае наступную аргументацыю: „бо калі Карона, quarte parte ледзь маючы potentem як Літва hostem, узяла сабе in subsidium татарскія войскі, якімі перад гэтым rebelles даводзілі. А Літве, што мае непрыяцеля ў чатыры разы мацнейшага i на ўсю molem belli devolutam гледзячы, eodem iure et necessitate не сыдзе implorare аuхіliа na hiper, a магутнага суседа».
[5] Прыведзеныя ў: Kossarzecki K. Forteca Słucka w okresie wojen XVII wieku // Zamojsko-Wołyńskie Zeszyty Muzealne. T. II. 2004. S. 41-60; Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654-1667 // Materiałydo Historii Wojskowości. Nr II. Pułtusk, 2004. S. 93-112, якія таксама невядомы аўтару.
[6] У апошні час нашмат больш шырокае і ўдумлівае апісанне гэтых падзей пададзена ў: Płosiński J. Potop szwedzki na Podlasiu 1655-1657. Zabrze, 2006. S. 147-160.
[7] Перш за ўсё: Bobiatyński K. Od Smoleсska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654-1655. Zabrze, 2004; ён жа. Kampania zimowo-wiosenna wojsk Janusza Radziwiłła 1654-1655// Staropolska sztuka wojenna XVI-XVII wieku. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu. Red. M. Nagielski. Warszawa, 2002; ён жа. Działania posiłkowego korpusu koronnego na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1654-1655 // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. XLI. 2004.
[8] Да яе прыхільнікаў можна залічыць, напр.: Czapliński W. Rola magnaterii i szlachty w pierwszych latach wojny szwedzkiej // Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655-1660. T. I. Warszawa, 1957. S. 152 (веданне гэтага артыкула дазволіла б паказаць меркаванні магнатэрыі i шляхты ВКЛ на больш шырокім параўнаўчым фоне); ён жа. Parę uwag o tolerancji w Polsce w okresie kontrreformacji // ён жа. O Polsce siedemnastowiecznej. Problemy i sprawy. Warszawa, 1966. S. 121; Nowak T. Geneza agresji szwedzkiej, // Polska w okresie… S. 102; часткова: Kubala L. Wojna moskiewska 1654-1655 r., Szkice historyczne. T. III. Warszawa, 1910. S. 257; Wasilewski T. Op. cit. S. 143-144.
[9] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, przeprawa pod Borysowem 29 XI 1654. AGAD AR IV. Teka 16. K. 19. Nr 304. Пра неабходнасць атрымання ваеннай дапамогі ад шведаў упамінаецца таксама ў мемарыяле, які быў падрыхтаваны пад кіраўніцтвам гетмана пад канец кастрычніка 1654 г.: Consideracje o obronie teraźniejszej Wielkiego Księstwa Litewskiego w r. 1654. Biblioteka Narodowa. Rkps III 6634. S. 45-48; гл. таксама: list J. Radziwiłła do J. Leszczyńskiego, w obozie w Śmiłowiczach 31 XII 1654. BCzart. 384. Nr 76. S. 175-180.
[10] J. Radziwiłł do K. Dowgiałło Stryszki, Mohylew 20 III 1655 // Kotłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła… S. 374-376.
[11] Vorbek-Lettow M. Skarbnica pamięci. Pamiętnik lekarza króla Władysіawa IV. Wyd.E. Galos, F. Mincer; pod red. W. Czaplińskiego. Wrocław—Warszawa — Kraków, 1968.S. 227-247.
[12] На падставе копіі: Biblioteka Czartoryskich. Rkps 148. Nr 101. S. 515-519.
[13] Аднак на с. 111 аўтар піша, што Кейданская унія стварыла федэрацыю,падобную Люблінскай, якая, шматразова падкрэслівае аўтар, была актамдыскрымінацыі ліцвінаў і не гарантавала ім незалежнасці.
[14] Шкада аднак, што ў кнізе не былі выкарыстаны маскоўскія рэляцыі на тэму сітуацыі ў Жамойці i на іншых тэрыторыях, акупаваных шведамі (Браслаўскі павет) у 1656 г., выдадзеныя пад рэдакцыяй Н. А. Папова (Акты Московского государства. Т. II. СПб, 1894) — гл. перш за ўсё справаздачы ваяводаў Друі Афанасія Ардзіна-Нашчокіна i Вільні Mіхаіла Шахоўскага (напр., № 801, с. 485-488; № 817, с. 498-499; № 820, с. 500; № 859, с. 521-522).
[15] Wisner H. Spór o rozejm litewsko-szwedzki w Baldenmojzie z 1627 roku // Zapiski Historyczne. T. LXVI. 2001. Z. 1. S. 29-32, 35.

Наверх

Тэгі: , , , ,