Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Міхал Дуда)
KOTLJARCHUK, ANDREJ. In the Shadows of Poland and Russia. The Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European Crisis of the mid-17 th Century. Sődertőrns hőgskola (Sődertőrns Doctoral Dissertations, nr 4), 2006. — 347 s.
Аўтар звярнуўся да тэмы, нібыта добра вядомай у Польшчы і грунтоўна даследаванай такімі гісторыкамі, як Тадэвуш Васілеўскі ці Генрык Віснэр[1]. Аднак у іх працах, абапертых пераважна на айчынныя і часткова шведскія матэрыялы, адзначана неабходнасць глыбейшых даследаванняў. Узнятыя аўтарам новыя даследчыя праблемы (як, напрыклад, недаацэненыя эканамічны ці канфесійны аспекты) у значнай ступені запаўняюць прагал у нашых ведах пра падзеі Вялікага Княства 1655-1661 г., перадусім уніі Швецыі і ВКЛ ды неафіцыйных перамоваў з Расіяй. Вартасцю з’яўляецца даступная і папулярная мова выкладання, салідная крыніцавая база ўражвае лічбай ды ахопам здзейсненага пошуку, які даў магчымасць выкарыстаць шэраг новых крыніц. Аўтар ладзіў доследы не толькі ў шведскіх і польскіх архівах. Навацыйнымі былі пошукі ў беларускіх, расійскіх і літоўскіх архівах.
Была выкарыстана найноўшая тэматычная літаратура не толькі шведскага, польскага ці расійскага паходжання, але і працы беларускіх, украінскіх ды літоўскіх гісторыкаў.
Кніга змяшчае пяць раздзелаў, карты з выявамі тагачаснай Літвы, дадаткі, графічны анэкс і салідную бібліяграфію. Структура працы, з улікам яе праблематыкі, падаецца трапнай і цалкам абгрунтаванай.
Першы, уступны, раздзел распавядае пра тагачасны стан даследаванняў, даступную тэматычную літаратуру ды наяўныя архіўныя матэрыялы. Асаблівай увагі заслугоўвае здзейсненае ўпершыню падсумаванне даследаванняў гісторыкаў з Літвы, Беларусі, Расіі, нават Фінляндыі.
Раздзел Separatism and policy of Poland паказвае сітуацыю і сепаратысцкія памкненні Вялікага Княства ў першай палове XVII ст. У польскай літаратуры унія Швецыі і ВКЛ, дзеянні ў гэтым кірунку Януша Радзівіла трывала атаясняюцца са здрадай. Гэткае меркаванне пашырыў Генрык Сянкевіч у сваім папулярным „Патопе». Катлярчук прапануе чытачу новы погляд наўзаеміны і кантакты са Швецыяй. Выключная роля надаецца ўсё мацнейшым эканамічным сувязям ВКЛ са шведскай Рыгай ды Стакгольмам. Шведская стратэгія эканамічнага напору была значным стымулам заключэння сепаратысцкага міру ў 1627 г, а далей заключэння ўзаемнай уніі ў 1655 г. Таксама ўздымаецца пытанне канфесійных канфліктаў і дачыненняў літоўскіх пратэстантаў са Стакгольмам, асабліва з блізкімі Шведскімі Інфлянтамі. Не абмінуты таксама чыннік амбіцыяў Радзівілаў. Адносна мала месца аўтар прысвяціў чынніку расійскай пагрозы, добра паказанаму ў даступнай тэматычнай літаратуры — польскай, шведскай ці расійскай. Бясспрэчная перавага раздзела — навацыйны падыход да тэмы і выкарыстанне новых крыніц.
Незвычайна каштоўнай паўстае трэцяя частка працы, якая вычарпальна паказвае падзеі уніі Швецыі ды ВКЛ. Асабліва важнымі падаюцца падраздзелы The declaration of Kedainiai, August 17, 1655 (91-121) і The Birth of the Sweden—Lituania federation: the Union of Kedainiai, October20,1655 (121-138), у якіх адлюстраваны акалічнасці разрыву з Польшчай і хаўрусу са Швецыяй. Вялікай вартасцю раздзела з’яўляецца супастаўленне і параўнанне пагаднення ад 17 жніўня 1655 г. з канчатковым тэ кстам уніяльнага пагаднення. Дарэчна ўздымаецца пытанне геапалітычных зменаў, абумоўленых заключанай уніяй — зменаў не толькі ў драматычнай сітуацыі Польшчы і Швецыі, але і іншых балтыйскіх дзяржаваў.
Пасля сканчэння перамоваў у Кейданах ВКЛ стала месцам сутыкнення інтарэсаў Расіі і Швецыі, Радзівілаў, польскіх прыхільнікаў, нават, як слушна зазначае Катлярчук, Украіны Хмяльніцкага і Трансільваніі Ракоцы. Гэтыя складаныя залежнасці, палітычныя дзеянні ды ваенныя акцыі асвятляе чацвёрты раздзел. Найбольш увагі даследнік прысвяціў расійска-шведскім дачыненням, паказваючы ix эвалюцыю ад добрых, спакойных адносінаў да — праз дыпламатычныя дзеянні і памежныя сутыкненні — развязання вайны. Сярод прычынаў, што трывала паглыблялі антаганізм паміж Стакгольмам ды Масквой, ён вылучае перамовы Карла X Густава з Хмяльніцкім (243-250). Ясна паказаны дзеянні дыпламатаў Польшчы і Расіі, скіраваныя на замірэнне і сумеснае выступленне супраць Швецыі. Бясспрэчнай і безумоўнай навіной з’яўляецца ацэнка наступстваў для Вялікага Княства перамоваў у Радноце і разгляд удзелу ў канфлікце Ракоцы. У гэтым разгорнутым і дакладным асвятленні дыпламатычных дзеянняў бракуе хоць сціслага пераказу ўзаемных адносінаў Расіі і Брандэнбургіі. Трактат ад верасня 1656 г. забяспечваў двухбаковы нейтралітэт і карысны гандлёвы абмен паміж дзяржавамі. Безумоўна, гэта негатыўна паўплывала на становішча шведаў у ВКЛ.
Апошні раздзел — спроба падсумаваць наступствы падзеяў 1655-1661 г. у Вялікім Княстве. У ацэнцы эканамічных і дэмаграфічных стратаў аўтар абапіраецца на працы Юзафа Можы, цалкам пагаджаючыся з пададзенымі там звесткамі[2]. Цікавае і навацыйнае паводле задумы параўнанне стратаў абшараў, займаных Швецыяй і Расіяй. Ваенныя знішчэнні, паводле Катлярчука, таксама сталі прычынай зменаў у грамадскай структуры. Да адмоўных з’яваў ён залічвае і гвалтоўныя ды незваротныя канфесійныя змены — такія, як пераслед ці змушаную міграцыю за межы ВКЛ. Як падае аўтар, у канцы XIV ст. у Вялікім Княстве было каля 260 пратэстанцкіх парафіяў, у 1696 г. засталося толькі 46 (277). Найбольш адчувальнымі, невымяральнымі, на ягоную думку, з’яўляюцца негатыўныя грамадскія і культурныя змены.
Частка раздзела прысвечана ацэнцы дзеянняў Януша і Багуслава Радзівілаў. Паводле даследніка, яны дзейнічалі перадусім з патрыятычных памкненняў, дбаючы пра ВКЛ, а не пра Польшчу. Нягледзячы на магчымасць пагаднення з Расіяй, яны выбралі пратэкцыю Швецыі, якая абяцала шмат карысці, пакідала спадзеў на большую палітычную самастойнасць. Гэтае рашэнне выклікала канфлікт не толькі з Расіяй, Польшчай, але і са значнай часткай жыхароў ВКЛ. Дыскусійным падаецца думка аўтара, што абраны шлях залежнасці ад шведаў быў найлепшым з магчымых, а сама унія магла прынесці шмат карысці абодвум партнёрам (286). Аргументацыя даследніка не выглядае дастаткова пераканаўчай. Неабходна, аднак, зазначыць, што Януш Радзівіл для большасці ліцвінаў — адзін з нацыянальных герояў.
Далей варта звярнуць увагу на змешчаныя ў канцы кнігі анэксы, мапы ды ілюстрацыі. Асабліва істотнай і каштоўнай трэба прызнаць публікацыю трактата ад 17 жніўня 1655 г. ды пагаднення ад 20 кастрычніка 1655 г. Як зазначае Андрэй Катлярчук, папярэднія, адзіныя, распрацоўкі Уладыслава Канапчыньскага ды Казімежа Лепшага — на жаль, непаўнавартасныя[3]. Пра павагу да чытача сведчыць табліца з англійскім перакладам тагачасных літоўскіх урадавых тытулаў. Ілюстрацыі падабраны трапна: усяго дваццаць дзве, з іх тры апублікаваны ўпершыню. Адзіны дробны недахоп — адсутнасць рэзюмэ, што пазбаўляе магчымасці хуткага знаёмства з аўтарскімі высновамі.
Такім чынам, аўтар прадметна і сумленна выканаў даследчыя пастулаты сваёй працы. У ранейшай тэматычнай літаратуры неставала такой добрай і навацыйнай распрацоўкі дадзенай тэмы. Кніга Андрэя Катлярчука, безумоўна, запоўніла гэты даследчы прагал. Асабліва для польскіх даследнікаў, якія займаюцца meandrami польска-літоўскіх сувязяў і падзеямі 1655-1660 г., кніга Андрэя Катлярчука прапануе багата матэрыялу для рэфлексіі, заахвочвае да новага погляду на ўжо вядомыя пытанні.
Гданьск
Міхал Дуда
[1] Wasilewski T. Zdrada Janusza Radziwiłła w 1655 r. i jej wyznaniowe motywy // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 18. Warszawa, 1973. S. 125-147; Wisner H. Decydenci litewscy wobec wybuchu wojny polsko-szwedzkiej (1655-1660) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 15. S. 130-144. Warszawa, 1970; ён жа. Rok 1655 na Litwie: Pertraktacje ze Szwecją i kwestia wyznaniowa // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. 24. Warszawa, 1981. S. 83-103; ён жа. Wojsko Litewskie I połowy XVII wieku // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. 19. Z. 1. Warszawa, 1973. S. 94-101; ён жа. Janusz Radziwiłł 1612-1655. Wojewoda wileński. Hetman wielki litewski. Warszawa, 2000.
[2] Morzy Józef. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
[3] Konopczyński W., Lepszy K. Akta Ugody Kiedanskiej 1655 roku // Ateneum Wileńskie. T. 10. Wilno, 1935. S. 173-224.