Янушкевіч, Андрэй. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкай вайна 1558–1570 г. (Аляксандр Філюшкін)
ЯНУШКЕВIЧ, АНДРЭЙ. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск: „Медисонт», 2007. — 356 с.
У 2007 г. American Council of Learned Societies падтрымаў выданне манаграфіі беларускага гісторыка Андрэя Янушкевіча пра Інфлянцкую вайну. Факт прыемны, таму што ў СССР і на постсавецкай прасторы кніг, прысвечаных гэтай вайне — згодна з агульнапрынятай версіяй, самай доўгай у рускай гісторыі, 25-гадовай, якая працягвалася з 1558 да 1583 г. — не друкалася з 1954 г. Такім чынам, праца Янушкевіча перарвала завесу навуковага маўчання адносна гэтага канфлікта за апошнія 53 гады!
Калі пра нейкую падзею не пішуць сур’ёзных даследаванняў больш чым паўстагоддзя, то ў яго канвенцыянальных трактоўках, якія мы сустракаем у падручніках і энцыклапедычных даведніках, а таксама ў агульных навуковых працах, непазбежна будуць дамінаваць стэрэатыпы. Кніга Янушкевіча накіравана на разбурэнне адразу некалькіх такіх стэрэатыпаў. Пра маштаб задумы перагляду ўсёй архітэктонікі гістарыяграфічнага бачання Інфлянцкай вайны сведчыць той факт, што аўтар прапануе адмовіцца ад… самога тэрміна „Лівонская вайна», замяніўшы яго на паланізаваны і больш аўтэнтычны крыніцам польскага паходжання „Інфлянцкая вайна» (6-7). Замена лацінска-рускага варыянта „Лівонская» на польска-беларускі варыянт „Інфлянцкая» знакавая: гісторык гэтым адразу абазначае свае гістарыяграфічныя перавагі і арыенціры.
Аднак перайменаваннем вайны справа не абмяжоўваецца. Кніга змяшчае цэлы шэраг цікавых высноваў і назіранняў. Янушкевіч слушна заўважыў, што Інфлянцкая вайна мела асаблівую спецыфіку: у яе аснове ляжаў руска-літоўскі канфлікт, аднак яго прычынай было суперніцтва за суседнюю тэрыторыю — Лівонію / Інфлянты (4). Ён аргументавана падтрымлівае меркаванне Б. Н. Флоры, што ў пачатку 1558 г. вайна ў Інфлянтах не ўспрымалася ў Расіі як доўгатэрміновы ваенны канфлікт (27, 35). Уяўляецца абсалютна слушнай заўвага, што ў 1557-1558 г. руская дыпламатыя не ведала пра Позвальскую дамову і не ўлічвала яе ў сваіх дзеяннях (26).
Найбольш удалыя часткі манаграфіі, на наш погляд, — параграф пра Ульскую бітву 1564 г. (74-90) і частка кнігі, дзе распавядаецца пра ўплыў вайны на ўнутраны стан ВКЛ (раздзел ІІ). У другім раздзеле аўтар выкарыстоўвае шмат новага матэрыялу, у тым ліку архіўнага, па гісторыі ўзброеных сілаў ВКЛ, сістэме збору і забеспячэння войска і г.д. Дадзеная частка манаграфіі мае вялікае навуковае значэнне, перш за ўсё ў плане выкладання эмпірычнага матэрыялу. Не меншы інтарэс уяўляе сабой ІІІ раздзел, прысвечаны вывучэнню спосабаў і метадаў мабілізацыі сродкаў для вядзення вайны.
Вынікі даследавання Янушкевіч прыводзіць у ІV раздзеле, які цалкам прысвечаны вывучэнню ўплыву вайны на ўнутранае жыццё ВКЛ. Ён пераканаўча паказвае, што лівонскае пытанне ўнесла раскол у шэрагі шляхты ВКЛ (272), прыводзіць новыя факты ў падтрымку вядомага тэзіса, што палітычная сістэма ВКЛ і пазіцыя шляхты ў даволі значнай ступені залежала ад ролі караля (275). Аўтар дэманструе ролю асобных прадстаўнікоў шляхты ВКЛ у фармаванні курсу лівонскай палітыкі (у прыватнасці, Я.Хадкевіча; 279-286).
Безумоўна, А. Янушкевіч не змог абмінуць пытання ролі Інфлянцкай вайны ў заключэнні Люблінскай уніі (1569). Аўтар паказвае, што інтарэсы магнатэрыі і шляхты адносна уніі разыходзіліся. Шляхта разглядала магчымасць уніі з Польшчай перш за ўсё ў святле верагоднасці атрымання ваеннай дапамогі ў вайне з Расіяй (298-299). Паны-рада, наадварот, з-за сваіх карпаратыўных інтарэсаў адносіліся да уніі складана. Сам жа саюз ВКЛ і Польшчы, паводле Янушкевіча, быў абсалютна неабходны з-за ваеннага аспекту (314, 337). То бок тут даследчык прытрымліваецца традыцыйных гістарыяграфічных пабудоў.
На фоне гэтых удалых раздзелаў куды меней паспяховым выглядае першы раздзел, прысвечаны ўласна гісторыі Інфлянцкай вайны ў храналагічных рамках 1558-1570 г. А. Янушкевіч прапануе перагляд традыцыйнай храналогіі вайны, вылучэнне падзей 1558-79 г. у асобную вайну (якой, уласна, і прысвечана кніга), а 1578-82 г. — адпаведна ў іншую (5-6). Такі кірунак пошуку выглядае даволі перспектыўным. Уяўляецца слушным разуменне Інфлянцкай вайны як гістарыяграфічнага канструктара, створанага М. М. Карамзіным, які аб’яднаў некалькі войнаў за валоданне Прыбалтыкай у ХVI ст. у адну, але буйную. Праўда, на наш погляд, гэтых войнаў было больш, чым дзве, вылучаныя Янушкевічам.
Спробы перагляду традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны былі і да з’яўлення дадзенай манаграфіі (і аўтару, прапануючы перагляд гэтай храналогіі, напэўна, варта было б згадаць пра папярэднікаў, чаго ён не зрабіў). Беларускі гісторык В. І. Бобышаў, не адмаўляючыся, зрэшты, ад тэрміна „Лівонская вайна», прапанаваў вылучыць у ёй чатыры этапы: 1558-62, 1562-72, 1572-76, 1576-83[1]. Таксама чатыры этапы ў рускіх „высілках» па авалодванні Лівоніяй прапанаваў амерыканскі вучоны В. Кірхнер: 1558-60, 1561-69, 1577 і 1578-83[2].
Асобна трэба адзначыць погляды даследчыкаў, якія замест тэрміна „Лівонская вайна» прапануюць называць гэтыя канфлікты „Балтыйскім войнамі» або „Паўночнымі войнамі». Інфлянцкую вайну іменаваў Першай Паўночнай вайной К. Цэрнак, аднак ён лічыў, што яна адбывалася ў рамках 1563-79 г.[3]. А. Вільянці лічыў першай Паўночнай вайной руска-шведскую 1554-57 г.[4]. Англійскі гісторык Роберт Фрост прапанаваў канцэпцыю трох Паўночных войнаў: 1558-1619 г., пры дамінаванні Польшчы, 1654-1678, пры дамінаванні Швецыі, і 1700-1721 — канчатковая перамога і зацвярджэнне ў Прыбалтыцы Расіі[5].
Нарэшце, аўтар дадзенай рэцэнзіі прапанаваў гаварыць пра комплекс, серыю Балтыйскіх войнаў другой паловы ХVI ст., якія ў позняй гістарыяграфіі былі ўмоўна аб’яднаны ў адзіную Інфлянцкую вайну 1558-1583 г. На наш погляд, неабходна пашырыць пералік канфліктаў, якія трэба комплексна разглядаць пры вывучэнні барацьбы за Прыбалтыку ў другой палове ХVI ст. Да войнаў, якія традыцыйна „ўключаюць» у Інфлянцкую Лівонскую вайну 1558-83 г.[6], трэба дадаць руска-шведскую вайну 1556-1557 г., „вайну каад’ютараў» 1556-1557 г., руска-шведскую вайну 1589-1590 г., якая скончылася Цяўзінскім мірам паміж Расіяй і Швецыяй 1595 г. Гэтай дамовай падзел узбярэжжа Балтыйскага мора мог быць завершаны на многія гады, аднак уварванне ў Расію ў гады Смуты войскаў Польшчы і Швецыі, Сталбоўскі мір 1617 г. і Дэвулінскае перамір’е 1618 г. па-новаму перакроілі межы ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і ў прыбалтыйскім рэгіёне[7].
Усе гэтыя меркаванні, выказаныя папярэднікамі, не знайшлі ніякага адлюстравання ў кнізе Янушкевіча. Пытанне аб перыядызацыі вайны падаецца ім як упершыню ўзнятае толькі на старонках яго манаграфіі. Такія адносіны да ранейшых прац наўрад ці карэктныя. Прыклад з пераглядам храналогіі дэманструе адну асаблівасць даследавання Янушкевіча. У кнізе шмат цікавых ідэй, назіранняў і знаходак аўтара. Аднак кніга няроўная, і няроўная перш за ўсё ў аспекце паўнаты выкарыстаных крыніц і гістарыяграфіі, якія павінны былі быць прыцягнутыя пры напісанні першага раздзела, уласна гісторыі вайны.
Так, агляд гістарыяграфіі (8-16) паказвае дамінаванне прац польскіх гісторыкаў. Аднак працы нямецкіх, дацкіх, шведскіх і англамоўных гісторыкаў (Н. Ангерман, Э. Тыберг, Э. Донерт, В. Кірхнер, В. Урбан і інш.) у працы ў лепшым выпадку згаданы, і то не ўсе[8]. Абсалютна невядомай Янушкевічу, мяркуючы па спасылках у манаграфіі, засталася нямецкая прыбалтыйская гісторыя пытання. Такі „паланісцкі» перакос у падыходзе не дазволіў аўтару ў поўнай меры ўлічыць вынікі прац папярэднікаў.
Аднак прабелы ў гістарыяграфіі малаважныя ў параўнанні з прабеламі ў крыніцах. На жаль, у спісе выкарыстаных архіваў — шэсць польскіх, адзін беларускі і адзін (!) расійскі (339-340). Сярод іх няма Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (РДАСА), без звароту да фондаў якога наўрад ці наогул магчыма якое-небудзь глыбокае даследаванне па гісторыі міжнародных адносінаў ва Ўсходняй Еўропе ў ХVI ст. Вывучэнне дакументаў як фонду 64 (Лівонскія справы), так і фонду 123 (Крымскія справы) зрабіла б развагі аўтара адносна расійскай палітыкі ў Інфлянтах і ў адносінах з Крымам больш аргументаванымі і важкімі. У РДАСА захоўваюцца дакументы, што дазваляюць праліць святло менавіта на тыя пытанні, наконт якіх аўтар выказвае толькі здагадкі, якія не заўсёды адпавядаюць рэальнай палітыцы[9]. Думаецца, безумоўны давер да публікацыі Г. Карпава дакументаў з фонду 79 (Зносіны з Польшчай) таксама патрабуе карэктываў і праверкі яго публікацый па архіўных дакументах.
Янушкевіч толькі ў вельмі абмежаваным выглядзе прыцягнуў еўрапейскія крыніцы. Ён не выкарыстаў нямецкую публікацыю дакументаў прускага двара і герцага Альбрэхта Гагенцолерна[10] — магчыма, менавіта таму аўтар не ўлічыў ролю Прусіі ў распрацоўцы польскіх планаў анексіі Інфлянтаў у 1550-я г. Ён не выкарыстоўвае велізарны эпісталярны матэрыял якраз па палітыцы ў Інфлянтах у 1558-1562 г., што змяшчаецца ў 11-томавай публікацыі К. Шырэна[11] і 5-томавай Ф. Бінемана[12]. Акрамя таго, аўтарам амаль не прыцягнуты еўрапейскія хронікі і гістарычныя творы пра Інфлянцкую вайну — ён не выкарыстоўвае працы І. Рэнера, С. Генінга, Д. Хітрэя, Т. Брэдэнбаха, Л. Мілера і інш. Больш за ўсё ён давярае польскім храністам (М. Стрыйкоўскаму і А. Гваньіні, на якіх найбольш спасылак у працы), а таксама рускім летапісам. Здаецца, што такі характар адбору крыніц аднабаковы і не дазваляе дасягнуць аб’ектыўнасці і татальнасці ў даследаванні як баявых дзеянняў, так і перыпетый дыпламатычнай барацьбы.
Выклікае сумненне і відавочна нацягнутая трактоўка Інфлянцкай вайны як вайны за палітычную самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага (5) і таксама як вайны, першапачаткова абарончай для ВКЛ (22). Апошні тэзіс, калі звяртацца да фактаў, выклікае вялікае сумненне — А. Янушкевіч сам жа і піша, што планы анексіі Інфлянтаў Карона пачала выношваць у 1552-1554 г. (21), гэта значыць задоўга да ваеннага ўварвання Расіі ў Інфлянты (1558) і пачатку руска-літоўскага канфлікту (1561). Ад каго абараняўся сам Жыгімонт Аўгуст, калі ў 1556 г. паслаў войскі да межаў Ордэна, каб дамагчыся ад яго кабальнай Позвальскай дамовы? Калі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў 1559-1561 г. актыўна ўдзельнічала ў падзеле Інфлянтаў на зоны акупацыі — нароўні з Расіяй, Швецыяй, Даніяй? Янушкевіч адчувае тут слабасць сваёй пазіцыі, аднак, паколькі тэзіс пра абарончую вайну ВКЛ супраць расійскага агрэсара з’яўляецца стрыжнем яго канцэпцыі, то ён прапануе даволі дзіўную ідэю: захват Інфлянтаў быў неабходны для абароны ад Расіі, перш за ўсё — полацка-віцебскага кірунку (3 7). Дастаткова зірнуць на карту, каб беспадстаўнасць гэтага погляду стала відавочнай. Дзе Полацк і Віцебск, і дзе — Дэрпт, Рыга і Рэвель…
Пры гэтым Янушкевіч кажа пра энтузіязм шляхты пры ўварванні ў Інфлянты (38), пра барацьбу ВКЛ за выхад да Балтыкі, пра эканамічныя інтарэсы ВКЛ у Інфлянтах (22). Такім чынам, ён ускосна прызнае, што адносна Інфлянтаў вайна была агрэсіўнай для ўсіх яе ўдзельнікаў — і Расіі, і Вялікага Княства Літоўскага, і Каралеўства Польскага, і Каралеўства Шведскага. Адзіная краіна, якая ў гэтым канфлікце займалася выключна абаронай — гэта Інфлянты. Для ВКЛ вайна, безумоўна, стала абарончай толькі пасля 1563 г., пасля страты Полацка. У 1558-1562 г. дзеянні ВКЛ у Інфлянтах пад азначэнне „абарончыя» аднесці цяжка.
Пералік падобных слабааргументаваных палажэнняў у канцэпцыі Янушкевіча можна было б пашырыць. Магчыма, іх было б менш, калі б аўтар або засяродзіўся толькі на вывучэнні ўплыву вайны на ўнутраную сітуацыю ў ВКЛ (што ў Янушкевіча, без сумневу, атрымалася), або прыцягнуў неабходную колькасць крыніц і літаратуры для вывучэння ваенных і дыпламатычных дзеянняў у 1550-60 г. Пакуль жа даводзіцца канстатаваць, што кнігу А. Янушкевіча як працу па ваеннай гісторыі і па гісторыі міжнародных адносінаў нельга прызнаць ва ўсім удалай. Але ў цэлым даследаванне заслугоўвае станоўчай ацэнкі і з’яўляецца істотным укладам і крокам наперад у вывучэнні Інфлянцкай вайны.
Санкт-Пецярбург
Аляксандр Філюшкін
[1] Бобышев В. И. Международные отношения в Восточной Европе в 30-80-е гг.ХVI в. / Автореф. дисс.… канд. ист. наук. Минск, 2001. С. 13-14.
[2] Kirchner W. The rise of the Baltic question. Westport, 1970. P. 94.
[3] Zernack K. Polen und Russland: Zwei Wege in der europäischen Geschichte. Berlin,1994. P.166,178.
[4] ViljantiA. GustavVasas ryskakrig 1554-1557. Stokholm, 1957. S.9.
[5] Frost R. The Northern Wars: War, State and Northeastern Europe: 1558-1721. Edinburg, 2000.
[6] Гэта ўласна Інфлянцкая вайна 1558-1561 г. з удзелам Інфлянтаў, Расіі, Вялікага Княства Літоўскага, Швеціі і Даніі, якая закончылася раздзелам Ордэна паміж Расіяй, Швецыяй, Даніяй і Вялікім Княствам Літоўскім; руска-літоўская вайна 1561-1570 г., дацка-шведская вайна 1563-1570 г., Маскоўская („Баторыева») вайна 1578-1582 г. і руска-шведская вайна 1578-1583 г.
[7] Филюшкин А. И. „Конструирование войны»: Изображение Ливонской войны в европейском и русском историческом нарративе // Восточная Европа в древности и средневековье: Проблемы источниковедения. ХVII Чтения памяти члена-корреспондента АН СССР Владимира Терентьевича Пашуто; IV Чтения памяти доктора исторических наук Александра Александровича Зимина. Москва, 19-22 апреля 2005 г. Тезисы докладов. Москва, 2005. Ч. II. С. 274-276; ён жа. „Bello Moscovitico» или „Ливонская война»? Эволюция исторической памяти о Ливонской войне в ХVI-ХХ вв. // Чтения по военной истории: Сборник статей / Отв. ред. Е. В. Ильин. СПб., 2006. С. 123-127. Дадзеная канцэпцыя таксама атрымала абгрунтаванне ў нядаўна апублікаванай манаграфіі: Filjushkin A. Ivan the Terrible: A Military History. London, 2008.
[8] Толькі згаданыя, але зусім ў недастатковай ступені выкарыстоўваюцца аўтарам асноўныя працы па гісторыі Лівонскай вайны: Angermann N. Studien zur Livländpolitik Ivan Groznyj’s. Marburg, 1972; Kirchner W. The rise of the Baltic question / Second edition. Westport, 1970; Donnert E. Der Livändische Ordenstritterstaat und Russland. Der Livändische Krieg und die baltische Frage in der europäischen Politik 1558-1583. Berlin, 1963; Rasmussen K. Die livländische Krise 1554-1561. Copenhagen, 1973; Svensson S. Den merkantia bakgrunden till Rysslands antal Livländska Ordensstaten. Lund, 1951; Tiberg E. Die politik Moskaus gegenüber Alt-Livland: 1550-1558 // Zeitschrift für Ostforschung. 1976. T.25. Idem. Zur Vorgeschichte des Livländischen Krieges: Die Beziehungen zwischen Moskau und Litauen 1549-1562. Uppsala, 1984; Urban W. The Livonian Crusade. Washington, 1981.
[9] Як прыклад перспектываў, якія адкрываюць архіўныя пошукі, падамо дзвеапошнія публікацыі дакументаў з фондаў РДАСА: жалаванай граматы Івана ІV Дэрпту 1558 г., якая пралівае святло на характар рускай заваёўніцкай палітыкіў Інфлянтах, і праектаў руска-крымскага ваенна-палітычнага саюза 1563-1564 г., пра які А. Янушкевич згадвае, але тэксты праектаў дагавора яму невядомыя, і таму развагі аўтара аказваюцца гіпатэтычнымі — гл.: Филюшкин А.И. Проекты русско-крымского военного союза в годы Ливонской войны // „В кратких словесах многой разум замыкающе…» / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко.СПб., 2008. С. 309-337; ён жа. Политическая практика московских властей вЛивонии в первые годы Ливонской войны (новые документы) // Studia Slavicaet Balcanica Petropolitana = Петербургские славянские и балканские исследования. 2008. № 1 (3). С. 77-88.
[10] Напрыклад: Herzog Albrecht von Preussen und Livland (1551-1557)/ Rehesten ausdem Herzoglichen Briefarchiv und deb Ostpreussischen Folianten / Bearb. Von St.Hartmann. Köln, Weimar, Wien, 2005.
[11] Archiv fur die Geschichte Liv-, Est- und Curlands. Quellen zur Ceschichle des Untergangs livländischer Selbständigkeit. Aus dem schwedichen Reichsarchive zu Stockholm / Hrsg. von С Schirren. Reval, 1861-1885. Bd.1-11.
[12] Bienemann F. Briefe und Urkunden zur Geschichte Livlands in der Jahren 1558-1562. Riga, 1865-1876. T. 1-5.