Дзмітры Віцько. Спробы рэспубліканцаў дамагчыся ўлады над войскам ВКЛ у 1697–1698 г.
Працяглыя войны Рэчы Паспалітай з туркамі і татарамі ў апошняй трэці XVII ст. і абавязак утрымліваць не такое ўжо і вялікае, але пастаяннае войска[1] абумовілі нарастанне супярэчнасцяў у адносінах паміж шляхецкім грамадствам і войскам ВКЛ, якія зводзіліся галоўным чынам да нявырашанасці двух асноўных пытанняў — выплаты заробку і жаўнерскіх злоўжыванняў. Абедзве праблемы не былі нечым прынцыпова новым і насілі ў Рэчы Паспалітай характар хутчэй хранічны, аднак сітуацыя на той час набыла сапраўды сур’ёзныя маштабы. У 1698 г. запазычанасць вялікакняскага скарбу перад войскам дасягнула 54 „чвэрцяў» (квартальных ставак заробку), і пагашэння яе не прадбачылася ні ў блізкай, ніўдалёкай перспектыве. У такіх умовах жаўнерскія рабункі выглядалі прынамсі лагічна, як і паблажлівыя да іх адносіны з боку вялікага гетмана. Такая сітуацыя непазбежна вяла да ўмацавання апазіцыі Сапегам, як дамінавальнага ў той час магнацкага дому, што яскрава прадэманстраваў канфлікт вакол кансістэнцый (пастояў) у духоўных уладаннях. Кульмінацыяй яго стала адлучэнне ад касцёла віленскім біскупам Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім у 1694 г. роду Сапегаў на чале з вялікім гетманам Казімірам Янам і вялікім падскарбіем Бенядзіктам Паўлам. Наступным буйным выступленнем апазіцыі супраць гегемоніі Сапегаў была канфедэрацыя часткі войска ВКЛ 1696 г., арганізаваная прыдворнай партыяй ужо пасля смерці Яна ІІІ Сабескага[2]. Адначасова рабіліся спробы заканадаўчага ўрэгулявання праблемы.
Рэформа кансістэнцый, закліканая абмежаваць жаўнерскія свавольствы, рэгулярна абмяркоўвалася на соймах, пачынаючы прынамсі з 1688 г.[3], але заўсёды сустракала супраціўленне з боку вялікага гетмана, пакуль нарэшце не ўвайшла ў канстытуцыю аб каэквацыі, прынятую на элекцыйным сойме 25 чэрвеня 1697 г. Невыпадкова і сама праграма каэквацыі (ураўнавання правоў), галоўныя пастулаты якой былі сфармуляваны яшчэ ў 60-я г. XVII ст. і ляглі ў аснову палітычнай праграмы канфедэрацыі войска ВКЛ 1661-1663 г. («Братэрскі Саюз»)[4], пад канец панавання Яна III Сабескага была падхоплена прыдворнай групоўкай на чале з віленскім біскупам. Соймавая канстытуцыя 1697 г. аб ураўнаванні правоў шляхты ВКЛ з правамі шляхты Каралеўства Польскага сёння дастаткова добра вядомая ў гістарычнай літаратуры[5]. Яна ўключае ў сябе шэраг даволі слаба звязаных паміж сабой рашэнняў, агульным момантам якіх было абмежаванне прэрагатываў цэнтральных ураднікаў княства (вялікага гетмана, вялікага падскарбія, канцлера і падканцлера), па ходу чаго ўносіліся таксама некаторыя змены ў працэсуальнае права, а само справаводства пераводзілася на польскую мову. У дадзеным выпадку нас цікавіць тая частка пастановы, якая датычыць рэгулявання скарбова-вайсковай сферы. Тут можна вылучыць два новыя моманты.
Па-першае, абмяжоўвалася ўлада над войскам вялікага гетмана, які ўжо больш не мог прызначаць войску кватэры ў адпаведнасці са сваім густам. На размяшчэнне (лакацыю) войска ВКЛ адводзіліся Гарадзенская, Аліцкая і Пінская эканоміі, Сакольскае лясніцтва з Каменнай, а таксама староствы і дзяржавы Берасцейскага ваяводства. Але размяшчаць там харугвы і вызначаць ім кансістэнцыю павінен быў не гетман, а спецыяльна прызначаная камісія (у склад якой увайшлі многія асабістыя ворагі К.Я. Сапегі). Кантраляваць дзейнасць камісараў павінен быў харужы ВКЛ Рыгор Антоні Агінскі, а ў яго адсутнасць — падстолі ВКЛ Лявон Казімір Агінскі[6].
Па-другое, падаткі, прызначаныя на ўтрыманне войска (чопавае, шэлежнае, манаполія тытунёвая, пагалоўнае татарскае і яўрэйскае), не ўносіліся да скарбу, а затрымліваліся ў паветах і выплачваліся потым непасрэдна дэпутатам ад харугваў. Прадугледжвалася т. зв. рэпартыцыя (размеркаванне) падаткаў на харугвы войска ВКЛ па паветах — кожная харугва замацоўвалася за канкрэтным паветам[7].
Вырашальным фактарам, які абумовіў прыняцце пастановы, была пагроза ўжывання сілы, паколькі большасць шляхты, якая прыбыла на элекцыю, рашуча падтрымала ўраўнаванне правоў. Сапежынцы, якія не адважыліся пратэставаць на сойме адкрыта, у той жа дзень прынялі маніфест, дзе выказалі нязгоду як з метадамі, пры дапамозе якіх была ўхвалена дадзеная пастанова, так і наогул паставілі пад сумненне патрэбу ў якім-кольвек ураўнаванні[8]. Дадатковыя перашкоды на шляху рэалізацыі каэквацыі стварыла падвойная элекцыя 27 чэрвеня 1697 г., калі на трон адначасова былі абраныя французскі прынц Франсуа Людовік дэ Канты і саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст. Прыхільнікі ўраўнавання правоў, на чале якіх стаялі дзеячы былой прыдворнай групоўкі (з часоўэлекцыйнага сойму больш вядомыя як „рэспубліканцы») 1 ліпеня 1697 г. утварылі канфедэрацыю, дзе выказалі пратэст супраць намінацыі дэ Канты каралём і вялікім князем, абавязаліся абараняць каталіцкую веру, цэласць Рэчы Паспалітай і прынятую на сойме пастанову[9]. У сваю чаргу Сапегі, якія 5 ліпеня падпісалі акт падтрымкі дэ Канты, прыступілі да абвешчанага 28 жніўня кантыстамі рокашу ў абарону вольнай элекцыі. Але выбраны ракашанамі кіраўніком іх узброеных сілаў К.Я. Сапега адмовіўся ўскласці на сябе гэтую функцыю[10]. У далейшым вялікі гетман працягваў займаць нерашучую пазіцыю (адмовіўся выслаць на дапамогу дэ Канты войска ВКЛ), што было абумоўлена як пагрозай узброенага выступлення апазіцыі, так і міжнародным ціскам, у першую чаргу з боку Расіі[11]. Паколькі кароннае войска падтрымала Фрыдрыха Аўгуста (каранаваўся 15 верасня пад імем Аўгуста ІІ) узамен за выплату ім часткі заробку, то ракашане засталіся практычна без вайсковых рэзерваў. Войску ВКЛ пад час элекцыі таксама была абяцана выплата часткі заробку — 3 333 333 злотыя, што адпавядала чатыром „чвэрцям»[12].
Падрыхтоўка рэспубліканцамі выступлення пачалася з некаторым спазненнем, паколькі іх лідэры спачатку ў поўным складзе выехалі на каранацыйны сойм у Кракаў (17 верасня — 1 кастрычніка 1697 г.), дзе прысутнічалі Агінскія, Пацеі, Вішнявецкія, Крышпіны, кодыньскія Сапегі, польны гетман Язэп Багуслаў Слушка і мсціслаўскі харужы Марцыян Дамінік Валовіч. Маршалкам сойму быў абраны менскі стараста Крыштап Станіслаў Завіша. Адсутнічалі ружанска-чарэйскія Сапегі і падканцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл. Сойм прызначыў на 2 студзеня 1698 г. у Берасці камісію для выплаты войску ВКЛ абяцанай каралём сумы[13]. Гэта давала рэспубліканцам важны козыр у барацьбе за войска.
У такіх умовах прызнанне Сапегамі ўлады Аўгуста ІІ у канцы лістапада 1697 г. было як ніколі своечасовым. Вялікі гетман накіраваў каралю ліст з дэкларацыяй вернасці, а 23 лістапада публічна абвясціў, што прызнае яго ўладу. Аўгуст ІІ адказаў яму лістом ад 12 снежня, у якім абяцаў выплаціць войску грошы, дзеля чаго запрасіў Сапегу прыехаць у Варшаву на 9 студзеня 1698 г.[14].
Гэтае прызнанне пазбаўляла законных падставаў запланаванае рэспубліканцамі ўзброенае выступленне. Аднак план ужо быў прыведзены ў дзеянне. Ролі размеркаваліся наступным чынам: Рыгор Антоні Агінскі спрабуе перацягнуць на свой бок войска, а віцебскі кашталян Міхал Казімір Коцел арганізуе зборы паспалітага рушання. Асноўная барацьба разгарнулася на поўначы княства; крыху пазней паспалітым рушаннем выступілі ўсходнія (беларускія) паветы.
Агінскі пачаўз таго, што накіраваўлісты да размешчаных на Жамойці харугваў, заклікаючы іх не падпарадкоўвацца вялікаму гетману і прыслаць у Каралявец сваіх дэпутатаў па атрыманне абяцанага каралём заробку, які ён нібыта будзе выдаваць, што, аднак, ніяк не паўплывала на жаўнераў[15]. Адначасова 19 кастрычніка 1697 г. на паспалітае рушанне ў Расені сабралася частка жамойцкай шляхты за універсалам свайго харужага Казіміра Заранка, але без каралеўскіх „віцяў». Было вырашана „стаяць пры каралі» і абараняць каэквацыю. Асаблівую трывогу ў шляхты выклікала тое, што дэ Канты, як было заяўлена, „аціраецца ля балтыйскіх берагоў каля межаўЖамойцкага княства»[16]. Але на нелегальны па сутнасці з’езд з’явілася недастаткова шмат шляхты, таму было вырашана перанесці яго на 26 лістапада, накіраваўшы пакуль да Аўгуста ІІ паслоў з дэкларацыяй вернасці.
На скліканае паўторна паспалітае рушанне накіраваліся адначасова Рыгор Антоні Агінскі, які рухаўся з Тыльжы (Прусія) з дзвюма сотнямі прыхільнікаў, і стольнік ВКЛ Юры Станіслаў Сапега, сын гетмана, які ішоў з Коўна з тысячным аддзелам (рэйтары, драгуны, татары і інш.). Напярэдадні, 22 лістапада, пад Коўнам адбылося генеральнае кола (хаця прысутнічала толькі частка войска), на якім стольнік абвінаваціў Агінскага, што той „удзіраецца ў гетманскія функцыі», і папрасіў у войска падтрымкі, абяцаючы дамагацца выплаты заробку. Жаўнеры прысягнулі вялікаму гетману, што ніколі яго не пакінуць. Рыхтаваўся прыбыць у Расені і сам К.Я. Сапега, які спыніўся непадалёк у Гіртокалі. Агінскі спачатку накіраваўся ў Юрбарк, дзе падкупіў рэйтарскую харугву ротмістра Клята, потым — у Больсі, дзе далучыў„фаварызуючую» сабе панцырную харугву Я.Б. Слушкі, адтуль — у Тэльшы, дзе стаяла гусарская харугва таксама палявога гетмана. З гэтымі харугвамі Агінскі прыбыў у Расені. Там у вызначаны час сабралася нібыта 16 тыс. чалавек (лічба, адназначна, завышаная. — Дз.В.), „дзе ўбіла сабе шляхта ў галаву <…> пра паноў Сапегаў, што яны ворагі Айчыны, паколькі войска на лакацыю не выпраўляюць, канстытуцыі каэквацыйнай супраціўляюцца». Калі ж у Расені прыбыў Ю.С. Сапега, не прадпрымаючы, аднак, пакуль ніякіх дзеянняў, то Агінскі і Заранак справакавалі сутыкненне шляхты з яго жаўнерамі. У баі загінула па некалькі чалавек з абодвух бакоў, у тым ліку Сямашка, паручнік панцырнай харугвы М.Ф. Сапегі, і ротмістр рэйтарскай харугвы Рэнкен. Паўтары сотні жаўнераў на чале з Сапегам выратаваліся ўцёкамі, уцяклі таксама татары, астатнія здаліся „на імя Рэчы Паспалітай»[17].
Гэты поспех паклаў пачатак стварэнню рэспубліканцамі ўласнага войска, аснову якога склалі харугвы, загітаваныя Агінскім па дарозе ў Расені, частка жамойцкага паспалітага рушання і жаўнеры Сапегі (рэйтары і драгуны), вымушаныя здацца, — усяго каля тысячы чалавек. Пасля гэтага пачалася барацьба за кантроль над астатняй часткаю войска. На тым жа з’ездзе прынялі пастанову, адпаведна якой забаранялася выплачваць грошы дэпутатам ад войска па асігнацыях вялікага гетмана[18]. Потым Агінскі са сваімі фармаваннямі пачаў аперацыю супраць харугваў войска ВКЛ, размешчаных у Шавельскай эканоміі. Рэгімэнтар Катоўскі на чале некалькіх харугваў, што стаялі ў Янішках, паспеў своечасова пакінуць кватэры і сысці да вялікага гетмана. Агінскі, аднак, пераняў панцырныя харугвы Я.А. Вішнявецкага і М.Ф. Сапегі, a ў Трышках — рэгімэнт пяхоты польнага гетмана Слушкі. Шмат хто пераходзіў на яго бок добраахвотна. Сабраўшы такім чынам, паводле ўласнай ацэнкі, больш за 30 харугваў, Агінскі заклаў абоз у Шадаве (Упіцкі павет), дзе ў студзені 1698 г. выдаў маніфест да ваяводстваў і паветаў ВКЛ, скіраваны супраць Сапегаў[19]. У маніфесце ён абвінаваціў вялікага гетмана ў выкарыстанні войска для расправы з палітычнымі апанентамі, парушэнні шляхецкіх правоў, аспрэчыў яго ўладу, якая „абярнулася на згубу», і абвясціў сябе генеральным рэгімэнтарам войскаў ВКЛ. Той факт, што Сапегі прызналі каралём і вялікім князем Аўгуста ІІ, на думку Агінскага, яшчэ не з’яўляўся дастатковым аргументам для спынення барацьбы, паколькі Сапегі не прызналі каэквацыі. Таму шляхта заклікалася на дапамогу рэспубліканскаму войску (для Жамойцкага княства і Упіцкага павета на 25 студзеня 1698 г. было прызначана паспалітае рушанне). Таксама з Шадава Агінскі рассылаў лісты да шляхты розных паветаў з заклікамі скінуць „цяжкае ярмо з далікатнага Айчыны, маці нашай, карку» і просьбамі выправіць яму на дапамогу павятовыя харугвы[20]. 29 студзеня ён зрабіў рэйд на Анікшты (Вількамірскі павет), дзе стаяла 6 харугваў (панцырныя, татарскія і казацкія) пад камандаваннем У. Бяляўскага, якія спрабавалі супраціўляцца, але хутка здаліся[21].
Адначасова пачалася „вайна пасольстваў». Пасольства да Аўгуста ІІ з Жамойці, абранае на тым самым з’ездзе паспалітага рушання, атрымала інструкцыю (3 снежня) з патрабаваннямі склікання коннага сойму для барацьбы са злоўжываннямі і суду над вялікім гетманам. Паслы атрымалі найвышэйшую аўдыенцыю 14 студзеня 1698 г. У гэты ж дзень кароль прыняў Ю.С. Сапегу як пасла ад войска ВКЛ, абранага на генеральным коле пад Коўнам. Стольнік прасіў караля выклікаць Р.А. Агінскага на свой суд, а таксама перакласці праз універсалы пытанне кансістэнцыі войска ВКЛ на рашэнне ўсёй Рэчы Паспалітай, г. зн. да сойму, паколькі каэквацыя ператварылася для рэспубліканцаў у зручную падставу, каб пакідаць шэрагі войска. 17 студзеня Аўгуст ІІ прыняў паслоў таксама ад войска Агінскага, якія настойвалі на выплаце ім жалавання, „просячы пры тым, каб каэквацыя не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ў войску была, і каб імя „таварыш» вярнулася да ранейшага першынства, таксама каб кола генеральнае войска ВКЛ на ўзор каронных вернута было»[22].
Паралельна з падзеямі на поўначы княства збіралася паспалітае рушанне беларускіх ваяводстваў і паветаў (Віцебскага, Аршанскага, Мсціслаўскага), сілы якіх у сярэдзіне студзеня 1698 г. злучыліся ў сапежынскай Чарэі. Шляхта засяродзілася на рабаванні ўладанняў ненавісных магнатаў у Аршанскім павеце. Да Аўгуста ІІ было накіравана пасольства на чале з віцебскім земскім суддзёй Тодарам Лукомскім, які 16 лютага ў прамове да караля абвінаваціў Сапегаў у рознага роду злачынствах і злоўжываннях, запатрабаваў склікаць конны сойм, на які выдаць позвы да ракашанаў, а войска на гэты час, г. зн. да сойму, перадаць пад уладу іншага „правадыра», пад якім ўгадваўся Агінскі[23]. Ідэя коннага сойму ў арсенале антысапежынскай апазіцыі была не новая, у свой час такі варыянт разглядаўся Янам ІІІ Сабескім і прыдворнай групоўкай, аднак тады каралю не хапіла падтрымкі большасці соймікаў[24]. Цяпер жа падобная ініцыятыва знізу была, мякка кажучы, несвоечасовай: Аўгуст ІІ імкнуўся як мага хутчэй пагадзіцца з ракашанамі, усталяваць мір у краіне і распачаць баявыя дзеянні супраць Асманскай імперыі.
Кароль схіліў Сапегаў і частку рэспубліканцаў да перамоваў. 24 студзеня К.Я. Сапега, які прыбыў незадоўга да гэтага ў Варшаву, даў каралю пісьмовыя гарантыі міру, дзе прызнаў каэквацыю[25]. Падпісанне Сапегамі з часткай рэспубліканцаў 28 студзеня 1698 г. у Варшаве на гэтых умовах мірнага пагаднення ў цэлым можна ацаніць як перамогу апошніх, якім, аднак, гэтага ўжо здавалася мала[26]. Назаўтра ў каралеўскім палацы памірыліся К.Я. Сапега і Я.Б. Слушка, вялікі і польны гетманы. Аўгуст ІІ выдаў універсалы да войска Агінскага і паспалітага рушання, дзе абвясціў, што ўсе падданыя прызналі яго ўладу, і загадаў вярнуць вялікаму гетману адабраныя ў яго харугвы, а шляхту распусціць па дамáх. Да астатніх „непрымірымых» (М.Д. Валовіча і інш.) былі накіраваны каралеўскія лісты з заклікам садзейнічаць мірнаму працэсу[27]. „Генеральны рэгімэнтар» быў пастаўлены ў складанае становішча. Універсалы, на падставе якіх у канцы 1697 — пачатку 1698 г. склікалася паспалітае рушанне, выдаваліся не ад імя караля, г. зн. не мелі законнай сілы. Прыняцце Агінскім улады над войскам ці яго часткай таксама не мела пад сабой законных падставаў. Ірэгулярныя фармаванні, якія не падпарадкоўваліся ўладзе гетмана, разглядаліся як „свавольныя купы»; іх дазвалялася „зносіць» як павятоваму паспалітаму рушанню, так і войску. Пасля каралеўскага універсала, у выпадку непадпарадкавання, „генеральны рэгімэнтар» канчаткова апынаўся па-за законам.
Агінскі не падпарадкаваўся. Пад яго ўладай была палова войска, пераважна харугвы „нацыянальнага строю». Ён распараджаўся ім „як новы гетман», размяшчаў на кватэры, выдаваў асігнацыі. Спачатку цяжар яго ўтрымання лёг на староствы і Шавельскую эканомію, потым „генеральны рэгімэнтар» перавёў сваё войска на захад Жамойці і размясціў у сапежынскіх уладаннях. Абоз быў закладзены ў Шкудах. Даведаўшыся пра яго набліжэнне, мясцовае насельніцтва пакінула свае дамы і сышло ў Прусію і Курляндыю[28]. Дзеянні Агінскага па-ранейшаму знаходзілі падтрымку сярод шляхты тых паветаў, дзе дамінавалі радыкальныя рэспубліканцы, сфера ўплываўякіх пашырылася.
Міжусобіца ў ВКЛ стала пытаннем, вынесеным на разгляд рады сената, якая сабралася 30 студзеня 1698 г. Сенат прызначыў пасярэд ніцкую місію ў складзе К.К. Бжастоўскага, Я.Б. Слушкі і Р. Ляшчынскага для перамоваў з лідэрамі рэспубліканскага войска і шляхты. У адпаведнасці з атрыманай інструкцыяй пасярэднікі павінны былі весці перамовы ў першую чаргу з войскам, якому прапанаваць амністыю і выплату каралём часткі заробку. Дзеля гэтага прызначалася новая камісія ў Горадні на чале з мальбаркскім ваяводам Я. Е. Пшэбяндоўскім. У адпаведнасці з рашэннем сената заробак мог быць выплачаны толькі ўтым выпадку, калі жаўнеры „вернуцца да вайсковай дысцыпліны і адно — не два будуць войскі». У той жа час сенатары зыходзілі з сумнеўнага дапушчэння, што перамовы са шляхтай (рэспубліканцамі) не павінны выклікаць вялікіх цяжкасцяў, бо два асноўныя патрабаванні — прызнанне Сапегамі караля і каэквацыі — на дадзены момант выкананы. Але на ўсялякі выпадак для схілення на свой бок іх вярхушкі кароль дазволіў пасярэднікам абяцаць вакантныя пасады[29].
Адначасова, у адпаведнасці з каралеўскім загадам, на грамнічных сойміках шляхта абрала камісараў для перамоваў з войскам наконт выплаты жалавання. Вось толькі камісары прыбылі не пад Горадню, дзе знаходзіўся гетман з абозам, а… у Шкуды! Там 22 лютага 1698 г. былаўтворана скіраваная супраць К.Я. Сапегі канфедэрацыя войска і шляхты ВКЛ[30]. Сярод патрабаванняў канфедэратаў— конны сойм, выплата заробку, права жаўнераў самім выбіраць сабе паручнікаў і інш. Без выплаты заслуг войска адмаўлялася ісці на вызначаныя паводле каэквацыі кватэры. Больш за ўсё дасталося татарам, якія падлягалі выключэнню з кампуту як „здраднікі», а на наступным сойме павінны былі быць пазбаўлены ўладанняў. Месца татарскіх харугваў у кампуце павінны былі заняць „шляхецкія». Канфедэрацыю замацавалі прысягай. З пасольствам да Аўгуста ІІ ад войска выехалі Антоні Млажэўскі, таварыш гусарскай харугвы Я.Б. Слушкі, Міхал Сакалоўскі, таварыш гусарскай харугвы Д.М. Слушкі, і Адольф Ян Гротуз, капітан рэгімэнта пяхоты Я.Б. Слушкі[31].
Пасля гэтага пачаліся перамовы паміж павятовымі камісарамі і войскам. Варта адзначыць, што ўіхудзельнічалі камісары толькі пяці паветаў: Ашмянскага (маршалак і палкоўнік Крыштап Зяновіч, войскі Юры Каменскі), Браслаўскага (маршалак і палкоўнік Казімір Бяганскі), Мсціслаўскага (харужы і палкоўнік Марцыян Валовіч), Віцебскага (гараднічы Стафан Косаў) і Жамойці (цівуны біржанскі Стафан Карп і ўжвенцкі Францішак Ушэбароўскі). Войска прадстаўлялі па два дэпутаты і намеснік ад 11 гусарскіх і панцырных харугваў, маёр Матэуш Юры Ромер як дэпутат ад усіх агулам рэйтарскіх харугваў і чацвёра дэпутатаў (капітанаў) рэгімэнта пяхоты Я.Б. Слушкі[32]. Казацкія, валашскія, драгунскія харугвы ў разлік не прымаліся. Камісары настойвалі на скасаванні запазычанасці па заробку, абгрунтоўваючы гэта шматлікімі рабункамі, якія чынілі жаўнеры. У выніку 3 сакавіка 1698 г. камісары ад імя ўсяго ВКЛ заключылі трактат з войскам Агінскага (т.зв. Шкудскі трактат), на падставе якога яно адмовілася ад 48 заслужаных „чвэрцяў» і павінна было задаволіцца чатырма (разам з „каралеўскімі» атрымлівалася восем). Ён павінен быў уступіць у сілу толькі пасля зацвярджэння на будучым конным сойме. Выплата заробку прадугледжвалася толькі тым жаўнерам, якія на працягу трох тыдняў прыбудуць пад камандаванне „генеральнага рэгімэнтара»[33]. Усё гэта было заклікана легітымаваць фармаванні Агінскага і паставіць па-за законам войска, якое захавала вернасць вялікаму гетману. У дадатак камісары выбралі ад сябе Юрыя Каменскага паслом да Аўгуста ІІ[34] і выдалі універсал да войска ВКЛ пад камандаваннем К.Я. Сапегі, заклікаючы яго да пераходу на бок Агінскага[35]. Назаўтра ў шкудскім касцёле камісары і вайскоўцы замацавалі канфедэрацыю і трактат прысягай.
Праз тыдзень у Крожах прайшлі перамовы Язэпа Багуслава Слушкі, як прызначанага каралём і сенатам пасярэдніка, з дэлегатамі сканфедэраванага войска, якіх было больш за дзесятак (верагодна, па адным ад кожнай з харугваў, што падпісалі трактат. — Дз.В.). Апошнія, у адпаведнасці з атрыманай інструкцыяй, наадрэз адмовіліся заключаць мірнае пагадненне і адступаць ад канфедэрацыі; не дапамог і ўласнаручны ліст Аўгуста ІІ, прэзентаваны Слушкам. Расчараваны польны гетман пісаў да К.С. Радзівіла, што „калі б і анёл з неба сышоў, то нічога б не пераканаў»[36].
Сканфедэраванае войска начале з Агінскім праз Крэтынгу, Рэтава і Таўрогі выйшла да Юрбарка, адкуль зрабіла спробу наступлення на Вільню з мэтай забяспечыць рэспубліканцам кантроль над Трыбуналам ВКЛ. У канцы сакавіка 1698 г. пад Коўнам яго сустрэў з часткаю войска Ю.С. Сапега, накіраваны бацькам з генеральнага кола, якое адбылося пад Горадняй і дзе войска пацвердзіла гетману сваю вернасць. У літаратуры сутракаюцца цьмяныя звесткі пра сутыкненне пад Коўнам, дзе Агінскі нібыта пацярпеў паражэнне[37]. На самай справе галоўныя сілы ў бой не ўступалі. Падзеі ж развіваліся наступным чынам. З сапежынскага боку ў Коўна загадзя, пакуль яго не заняў Агінскі, былі накіраваны 20 харугваў (рэйтарскія, драгунскія, татарскія і пяхота) — да 2 тыс. чалавек з чатырма палявымі гарматамі. Спачатку 23 сакавіка прыйшлі харугвы пад камандаваннем Станіслава Паплаўскага, назаўтра прыбыў і прыняў агульнае камандаванне Ю.С. Сапега. Калі 28 сакавіка войска Агінскага наблізілася да Чырвонага Двара, маючы намер пераправіцца праз Невяжу, стольнік вывеў сваіх жаўнераў за горад і заняў пазіцыі ў міжрэччы Віліі і Невяжы, але не стаў перашкаджаць пераправе. Да Агінскага выправіліся паслы даведацца, „што за прычына яго руху да Коўна», і атрымалі адказ, што мэта паходу — Вільня, куды войска ідзе, каб забяспечыць „устанаўленне новага права (каэквацыі. — Дз.В.)» у Трыбунале ВКЛ. Назаўтра Сапега вызначыў сваім жаўнерам пазіцыі па левым беразе Віліі, размясціўшы ў замку артылерыю. Войска Агінскага, якое наблізілася да ракі, было сустрэта папераджальным агнём з гармат. Потым, аднак, пачаліся перамовы. З сапежынскага боку былі накіраваны паслы, якія фармальна прадстаўлялі войска і звярталіся да вайскоўцаў-канфедэратаў. Апошнія пачулі на свой адрас папрок, што „даравалі заслугі» цэлага войска, а таксама прапанову адступіць як ад „генеральнага рэгімэнтара», так і ад вялікага гетмана, абраць супольна сабе маршалка і дамагацца выплаты „заслуг» у поўнай меры. Невядома, якое ўражанне на канфедэратаў зрабіла сапежынская дыпламатыя, скіраваная на тое, каб унесці раскол у шэрагі войска рэспубліканцаў, але, прынамсі, патрэбны час яна выйграла. Справа ў тым, што Агінскі меў колькасную перавагу, да таго ж, паводле сведчання, сярод яго людзей панаваў энтузіязм[38]. Але ў справу ўмяшалася прырода — на Віліі пачаўся крыгаход, які ўскладніў пераправу. Калі Агінскі павёў войска ад Коўна ўверх па Віліі на начлег і апынуўся ў цесным месцы каля ракі, сапежынцы яшчэ раз безвынікова абстралялі яго з гармат і зрабілі спробу абрабаваць абоз. Дзеля гэтага драгуны Сапегі праз Вілію абстралялі рэспубліканцаў такім чынам, каб адрэзаць іх ад вазоў, у той час як іншыя ахвотнікі з ліку рэйтараў і татараў перабраліся цераз раку і пачалі іх рабаваць. Валашскія і пешыя харугвы Агінскага адбілі гэтую спробу, прычым з боку сапежынцаў загінула некалькі чалавек, больш за дзесятак было паранена. Пасля гэтага Сапега адвёў сваё войска да Мерачы, а Агінскі — да Кейданаў[39].
Спроба Агінскага прабіцца да Вільні аказалася няўдалай, але рэспубліканцы ўсё ж здолелі забяспечыць сабе колькасную перавагу пад час рэасумпцыі Трыбунала. Дзеля гэтага імі на 14 красавіка 1698 г. быў скліканы з’езд паспалітага рушання шляхты ВКЛ. На вызначаны дзень у Вільню з’ехалася шляхта з навакольных паветаў (пераважна ашмянская) і выправы з усходніх. Быў праведзены ўсеагульны попіс шляхты, якой, паводле Я. Аляшэўскага, сабралася 4-5 тыс. чалавек[40]. Таму Рыгор Агінскі вырашыў не спяшацца, даслаўшы з Кейданаў у Вільню пакуль толькі 10 харугваў на чале з братам Лявонам. Сама рэасумпцыя прайшла надзвычай згодна, маршалкам „аднастайнымі галасамі» быў абраны віцебскі кашталян Міхал Казімір Коцел, а склад Трыбунала аказаўся пераважна рэспубліканскім[41]. Віленскі з’езд шляхты ВКЛ прыняў 14 красавіка 1698 г. маніфест, які ўтрымліваў рознага роду абвінавачанні супраць Сапегаў[42], а таксама пастанову, якая канчаткова аформіла ўсталяванне ў ВКЛ двоеўладдзя.
Фармальна, паводле пастановы ад 14 красавіка 1698 г., зграмаджэнне шляхты на з’езд адбылося дзеля ўтрымання „вольнай элекцыі, а ў Трыбунале — новага права каэквацыі ВКЛ». У выпадку невыканання нават аднаго з пунктаў каэквацыі было вырашана накіраваць супраць парушальнікаў павятовыя выправы, якія павінны былі аб’яднацца для сумесных баявых дзеянняў з войскам Р.А. Агінскага, за якім прызнавалася годнасць „генеральнага рэгімэнтара». Дзень склікання выправаў павінен быў прызначыць сваімі універсаламі М.К. Коцел як генеральны палкоўнік ваяводстваў і паветаў ВКЛ[43]. У выпадку неабходнасці ім жа склікалася ўсеагульнае паспалітае рушанне. Пацвярджаўся Шкудскі трактат ад 3 сакавіка 1698 г., які павінен быўувайсці ўсілу пасля зацвярджэння на будучым конным сойме. Тэрмін, вызначаны ім для пераходу войска на бок Агінскага, быў працягнуты яшчэ на чатыры тыдні. З аднаго боку, прызнаваўся кампут войска ВКЛ 1690 г., а вялікі гетман абвінавачваўся ў найманні харугваў звыш вызначанай ім колькасці, з іншага — захоўваліся харугвы, утвораныя рэспубліканцамі, а ix ротмістры павінны былі атрымаць ад караля адпаведныя лісты на камандаванне імі. Была зроблена спроба рэалізацыі палажэння аб рэпартыцыі: аўтары пастановы адзначылі, што харугвы войска, якое знаходзілася на іх баку, „на ваяводствы і паветы ніжэй выражаным спосабам разбіраем» (сам „спосаб» у далейшым тэксце адсутнічае. — Дз.В.). Права выдачы харугвам асігнацый было нададзена Коцелу як генеральнаму палкоўніку ВКЛ (пастанова аб каэквацыі не рэгламентавала гэтага пытання, але, паводле логікі, выдаваць асігнацыі харугвам павінен быў гетман. — Дз.В.). Праблема заключалася ў тым, што шляхта па паветах не абрала яшчэ камісараў для разлікаў з войскам[44].
Рашэнні першага Віленскага з’езда шляхты ВКЛ 1698 г. засведчылі, што ў ВКЛ усталявалася двоеўладдзе. Фактычна ў войску яно існавала яшчэ з канца 1697 г. Цяпер жа ўлада самаабвешчанага генеральнага рэгімэнтара Р.А. Агінскага была пацверджана. Але галоўнае, што была ўсталявана новая пасада генеральнага палкоўніка ВКЛ з надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі. Так, М.К. Коцел, які ім стаў, атрымаў права склікаць паспалітае рушанне і павінен быў займацца выплатай заробку войску. Фактычна Агінскі і Коцел падзялілі паўнамоцтвы вялікага гетмана, а апошні да таго ж прыўлашчыў сабе каралеўскае права склікання паспалітага рушання.
16 красавіка, практычна адначасова з Трыбуналам, у Варшаве павінен быў пачацца пацыфікацыйны сойм, закліканы прывесці да ўсеагульнага замірэння на аснове прызнання ўсімі групоўкамі ўлады Аўгуста ІІ (частка польскіх магнатаў яшчэ не адступіла ад рокашу) і пакласці канец палітычнаму крызісу, выкліканаму бескаралеўем. Рэспубліканцы зрабілі ўсё магчымае, каб сарваць сойм, які кароль паводле іх жадання не захацеў ператварыць у конны. Паслы з шасці паветаў ВКЛ адсутнічалі, яшчэ дзевяць паслоў з чатырох паветаў і Жамойці выйшлі з пратэстацыяй[45]. Рэспубліканцы былі настроены рашуча і хацелі расправы над Сапегамі, а не замірэння.
У гэты самы час Рыгор Агінскі, затрыманы ў Коўне пільнай патрэбай збору „даніны» з горада, паспрабаваўз 16харугвамі другі раз прабіцца да Вільні. З Горадні насустрач яму рушыў канюшы ВКЛ Міхал Францішак Сапега, сын вялікага гетмана, маючы прыблізна такую ж колькасць харугваў. 29 красавіка Агінскі спыніўся пад Жыжморамі ў Троцкім ваяводстве і стаў рыхтавацца да бітвы, пашыхтаваўшы войска. Аднак ні ў гэты дзень, ні ў наступны ніякай бітвы пад Жыжморамі, насуперак распаўсюджанаму ў гістарыяграфіі меркаванню[46], не адбылося. Паводле найбольш поўнага апісання падзеяў, у войску Агінскага ў ноч з 29 на 30 красавіка нібыта адбыўся бунт, пра што намеснікі харугваў своечасова папярэдзілі „генеральнага рэгімэнтара». У выніку Агінскі ў суправаджэнні 150 або 200 прыхільнікаў спешна пакінуў войска і накіраваўся да Вільні. Як высветлілася потым, „бунт» быў інспіраваны самімі афіцэрамі, у той час як значная частка жаўнераў нічога не падазравала пра сваю „здраду» Агінскаму[47]. Да канюшага адразу ж былі накіраваны паслы з капітуляцыяй. Раніцай 30 красавіка войска рэспубліканцаў перайшло на бок Сапегі. Паводле крыху іншай версіі, змовай былі ахоплены былыя сапежынскія харугвы, а „рэгімэнтара» папярэдзілі пра небяспеку тыя, што яму спачувалі[48]. Агінскі, у пагоню за якім пайшлі татары, не спыняўся, пакуль не прыбыў у Рыконты пад Вільняй і не сустрэў брата Лявона, што рухаўся са сваімі харугвамі яму насустрач. Рэспубліканцы страцілі ўвесь абоз, які быў цалкам разрабаваны. З набліжаных да Агінскага людзей быў схоплены татарамі і 12 траўня расстраляны ў Горадні паводле прыгавору вайсковага кола рэгент канцылярыі рэспубліканцаў Караль Белазор, за што пазней Трыбунал ВКЛ завочна прысудзіў Міхала Сапегу да баніцыі[49]. Пакуль жа канюшы з трыумфам вярнуўся ў Горадню і здаў камандаванне бацьку, які размясціў усё войска ад Горадні да Берасця на вызначаных паводле каэквацыі кватэрах.
Такое дастаткова лёгкае вяртанне кантролю над мяцежнымі харугвамі стала магчымым дзякуючы таму, што ў войску Агінскага (некаторыя харугвы перайшлі ў свой час на яго бок вымушана) заставалася шмат сапежынскай вайсковай кліентуры. Прыбыўшы ў Вільню, Рыгор Агінскі са сваімі прыхільнікамі, а таксама паслы ад паспалітага рушання і рэспубліканскіх харугваў, якія стаялі ў Вільні, занеслі 5-6 траўня ў Трыбунал ВКЛ пратэстацыі на дзеянні Сапегаў і тых „дэзерціраў», што перайшлі на іх бок пад Жыжморамі. У пратэстацыі Агінскага пералічаны ўсе галоўныя, на яго думку, вінаватыя ў тым, што адбылося, харугвы і іх намеснікі: гусарская харугва Д.М. Слушкі (намеснік — Ян Дубянецкі), панцырная Ю.С. Сапегі (намеснік — Уладзіслаў Бяляўскі), панцырная М.Ф. Сапегі (намеснік — Юры Казімір Невельскі), панцырная К.А. Пацея (намеснік — Зыгмунт Дзяконьскі), панцырная М. Сесіцкага (намеснік — Антоні Такажэўскі[50]), панцырная Я.А. Вішнявецкага (намеснік — Абрам Пашкевіч), казацкая Б. Якавіцкага і валашская Мужэнкі. Апрача харугваў Пацея і Вішнявецкага ўсе астатнія ротмістры і намеснікі так ці інакш былі звязаныя з Казімірам Янам Сапегам. Аўтары пратэстацыі прапанавалі ім на працягу шасці тыдняў пакінуць вялікага гетмана, у адваротным выпадку пагражалі інфаміяй і канфіскацыяй маёнткаў[51]. Акрамя таго, ананімнае апісанне падзеяў пад Жыжморамі дадае, што змова ўзнікла першапачаткова ў чатырох харугвах: панцырнай Ю.С. Сапегі, панцырнай М.Ф. Сапегі, панцырнай Я.А. Вішнявецкага і гусарскай Ю.Б. Слушкі[52]. Старыя сувязі выявіліся ў дадзеным выпадку мацнейшымі за вымушаную прысягу.
Далейшыя падзеі развіваліся наступным чынам. Агінскі з рэшткамі войска (харугвамі, што былі ў Вільні) рушыў праз Вількамір і Кейданы на Жамойць, дзе заклаў абоз пад Юрбаркам і спрабаваў аднавіць сілы. На гэты раз стаўка была зроблена на павятовыя выправы, якія прыбывалі пад Юрбарк, пераважна з беларускіх паветаў, і ўліваліся ў шэрагі яго войска. 22 ліпеня 1698 г. Агінскага, які меў 25 харугваў, атакаваў пад Юрбаркам і ўшчэнт разбіў Ю.С. Сапега (каля 30 харугваў[53]). У бітве з абодвух бакоў загінула разам каля 150 чалавек. З іх блізу сотні — сапежынскія татары, якія атакавалі першымі. Пасля ўступлення ў бітву асноўных сілаў Сапегі галоўны націск па-ранейшаму прыпадаў на татараў, якія сутыкнуліся з упартым супраціўленнем часткі павятовых харугваў, асабліва ашмянскіх. Аднак большая частка войска Агінскага на чале з правадыром выратавалася ўцёкамі ў Прусію.
Бітва пад Юрбаркам была, па сутнасці, першым буйным сутыкненнем за два гады ўзброенага супрацьстаяння, бо да гэтага справа абмяжоўвалася дробнымі сутычкамі. Відавочна, існавала ўнутранае непрыняцце такога варыянта і разуменне адказнасці за развязванне братазабойчай вайны, якое даволі доўга стрымлівала бакі ад уступлення ў бойку, што можна было заўважыць пад Коўнам і Жыжморамі (а таксама пазней пад Горадняй). Абодва бакі імкнуліся стрымлівацца ад рэзкіх рухаў і адсочвалі дзеянні праціўніка, выкарыстоўваючы любую нагоду, каб абвінаваціць адзін аднаго ў раздзіманні грамадзянскай вайны. Пасля таго як расколу войску быўпераадолены,першымі не вытрымалі Сапегі. Спакуса раз і назаўсёды вырашыць праблему гвалтоўным шляхам прынесла цалкам адваротны эфект.
Пасля Юрбарка рэспубліканцы пачалі масавую прапагандысцкую кампанію, мэтаю якой быў роспуск войска ВКЛ. М.К. Коцел выдаў універсалы, якімі прызначыў на 7 жніўня соймікі для абрання паслоў на з’езд у Вільні[54]. На скліканым 14 жніўня шляхецкім з’ездзе ВКЛ „праблема» войска знаходзілася на першым месцы. Прынятая ў першы дзень працы з’езда пастанова рэзка крытыкавала войска ВКЛ, якое не датрымала канфедэрацыі, заключанай у Шкудах, перайшло пад Жыжморамі на бок Сапегаў, а цяпер пад Юрбаркам увогуле „падняло руку на маці сваю Айчыну». Пасля гэтага нічога болей не заставалася, як яго распусціць: „тады за войска яго мець не хочам, як Рэчы Паспалітай непатрэбнае, і паслугі іх міласцяў ніякай не патрабуем». Аднак паколькі рэспубліканцы ратыфікавалі Шкудскі трактат (на першым Віленскім з’ездзе), то спачатку жаўнеры павінны былі атрымаць гарантаваныя ім чатыры „чвэрці», а пасля роспуску — абяцаныя каралём грошы. Забяспечыць выплату і пракантраляваць роспуск войска было вырашана арыгінальным спосабам — пры дапамозе паспалітага рушання, на якое шляхта павінна была сабраць і прывезці з сабою вызначаныя на войска падаткі[55]. Рушанне было ўхвалена на 15 кастрычніка пад Горадню. Фактычна гэта была падрыхтоўка да вайны. І час для мабілізацыі быў выбраны спрыяльны — у верасні войска ВКЛ з вялікім гетманам начале выпраўлялася ваяваць з туркамі.
Тактыка рэспубліканцаў у арганізацыі ўзброенай барацьбы супраць дамінавання Сапегаў на працягу першага года панавання Аўгуста ІІ зазнала істотныя змены, пачаўшыся ад спробаў перацягнуць на свой бок войска і пазбавіць улады над ім вялікага гетмана, у выніку чаго ў войску ВКЛ адбыўся раскол, пераходзячы да фармавання ўласных узброеных сілаў з павятовых выправаў і заканчваючы скліканнем усеагульнага паспалітага рушання. Пад час працяглага „стаяння» паміж Лаўнам і Пузавічамі ў Гарадзенскім павеце Сапегі былі блізкія да расправы над рэспубліканскім паспалітым рушаннем і вяртання сабе палітычнай гегемоніі ў ВКЛ, якую яны імкліва страчвалі. Але, як вядома, умяшальніцтва дасланага Аўгустам ІІ саксонскага войска на чале з Я.Г. Флемінгам перакрэсліла такі варыянт развіцця падзеяў[56]. У выніку перамоваў 20 снежня быўзаключаны„Трактат Рэчы Паспалітай з войкам ВКЛ», падпісаны вялікім гетманам, камісарамі ад войска, пасярэднікамі (К. Бжастоўскі і Я. Флемінг) і камісарамі ад паветаў ВКЛ. Паводле яго, усе панцырныя, рэйтарскія, казацкія і татарскія харугвы распускаліся; з кампуту 1690 г. пакідалася толькі 2620 чалавек пяхоты і 1140 драгунаў. Дэпутаты, выбраныя харугвамі перад іх роспускам, павінны былі атрымаць заслужанае жалаванне (толькі 4 чвэрці) на будучых грамнічных сойміках, кожная харугва ў прызначаным сабе паводле рэпартыцыі павеце[57]. Фактычна, гэта азначала канец дамінавання ў ВКЛ групоўкі Сапегаў, мілітарная перавага якіх была ліквідавана, а палітычныя пазіцыі ў большасці паветаў падарваныя. Самі магнаты з гэтым не пагаджаліся, спрабуючы выконваць у княстве ранейшую ролю, што і прывяло іх праз два гады да канчатковай паразы.
Войска ВКЛ (Р. А. Агінскага), гусарскія і панцырныя харугвы*
Грамадзянская вайна ў ВКЛ. Баявыя дзеянні на поўначы Княства ў 1697-1698 г.
[1] Вялікае Княства Літоўскае рэгулярнага войска фармальна не мела. Харугвы, якія вербаваліся на пачатку вайны, з завяршэннем яе падлягалі роспуску, хаця на практыцы гэта не заўсёды выконвалася. У канцы XVII ст. колькасць войска ВКЛ вагалася ад 12 тыс. ставак заробку (10 тыс. чал.) у 1683 г. да 8,5 тыс. ставак (больш за 7 тыс. чал.) пасля 1690 г.: Rachuba A. Siły zbrojne Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVII wieku // Przęgląd Wschodni. T. III. Z. 3 (11). 1994. S. 399; Wimmer J. Wojsko Polskie w przededniu wojny północnej (1699-1702) // Studia i Materiały do Historii Sztuki Wojennej. T. I.1954. S. 342; Wojtasik J. Ostatnia rozprawa zbrojna z Turkami i Tatarami w 1698 r. // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T. XIII. Cz. I.1967. S. 81-83.
[2] Утвораная 14 кастрычніка пад Пружанай (капітулявала 27 лістапада 1696 г.) канфедэрацыя была, паводле ўражання сучаснікаў, мерапрыемствам дрэнна прадуманым. Cтаўка на асабістыя ўплывы, інтрыгі і грошы каралевы, а таксама аператыўныя захады вялікага гетмана не дазволілі лідэрам апазіцыі задзейнічаць у поўнай меры незадаволенасць шляхты Сапегамі. Адсутнічаюць праграмныя дакументы з выразна акрэсленымі „пунктамі», а палітычны фон канфедэрацыі схаваны за патрабаваннямі выплаты заробку войску. Камандуючы сіламі канфедэратаў харужы ВКЛ Р.А. Агінскі тытулаваўся ў дадзены час „генеральным рэгімэнтарам», што было першай з яго боку спробай аспрэчыць уладу вялікага гетмана над войскам.
[3] Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė vidaus karo išvakarėse: didikų grupuočių kova 1690-1697 metais. Vilnius, 2000. P. 103-107.
[4] Rachuba A. Konfederacja Kmicicowska i Związek Braterski wojska litewskiego w latach 1660-1663. Warszawa, 1989. S. 145-148,158-161.
[5] Лаппо И.И. Уравнение прав Великого Княжества Литовского и Короны Польской в 1697 году // Записки русского научного института в Белграде. Вып. 1. Белград, 1930. C. 53-67; Malec J. Coaequatio iurium stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego z Koroną Polską w 1697 r. // Acta Baltico-Slavica. T. 12. 1979. S. 203-215; Wasilewski T. Walka o zrównanie praw szlachty litewskiej z koroną od unii Lubelskiej do początku XVIII wieku // Zapiski Historyczne. T. LI. Z. 1. 1986. S. 45-62; Woliński J. Koekwacja praw na Litwie 1697 r. // O naprawę Rzeczypospolitej XVII-XVIII / Pod red. J. Gierowskiego (i in.). Warszawa, 1965. S. 189-192; Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystės… P. 245-259; Idem. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystės ir Lenkijos Karalystės teisių sulyginimo — coaequatio iurium — įstatymo priėmimas 1697 m. // Lietuvos valstybė XII-XVIII a. / Red. Z. Kiaupa, A. Mickevičius. Vilnius, 1997. P. 325-338; idem. Sejmiki nowogródzkie w okresie bezkrólewia 1696/1697 r. a nadanie językowi polskiemu statusu urzędowego w Wielkim Księstwie Litewskim // Między Zachodem a Wschodem / Pod red. J. Staszewskiego p in.). Toruń, 2002. S. 209-214.
[6] Coaequatio jurium una cum ordinatione judiciorum tribunalitiorum, et repartitione, locationeque exercituum Magni Ducatus Litvaniæ. [b. m. i r.]. K. C.
[7] Ibid.K.B.
[8] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego / Oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2006. T. I.2006. S. 338.
[9] Ibid. S. 341-343.
[10] Rachuba A. Sapieha Kazimierz Jan Paweł // Polski Słownik Biograficzny (PSB). T. XXXV/1. Z. 144. S. 42.
[11] Усе перыпетыі постэлекцыйнай барацьбы ў Рэчы Паспалітай падрабязна разглядае Я. Вайтасік: Wojtasik J. Walka Augusta II z obozem kontystowsko-prymasowskim w pierwszym roku panowania (1697-98) // Przegląd historyczny. T. LX. Z. 1. 1969. S. 24-44. Пра ролю Расіі і захады рэспубліканцаў па атрыманні расійскай дапамогі гл.: Королюк В.Д. Избрание Августа II на польский престол и русская дипломатия // Ученые записки института славяноведения. Т. III. 1951. C. 176-219; Sliesoriūnas G. Jono Bokiejaus pasiuntinybė į Maskvą 1697-1699 metais ir Rusijos karinės intervencijos į Lietuvos Didžiąją Kunigaikštystк 1697-1698 metais problema // Lietuvos istorijos metraštis. 2004 (2005). № 1. P. 57-76.
[12] Разам на войскі ВКЛ і Каралеўства Польскага прадугледжвалася 10 млн.злотых, трэцяя частка з якіх — на войска ВКЛ; адсюль такая лічба: Voluminа legum (VL). T. 5. Petersburg, 1860. S. 461. Дэ Канты абяцаў К.Я. Сапегу дзве„чвэрці»: Rachuba A. Sapieha Kazimierz Jan Paweł // PSB. T. XXXV/1. Z. 144. S. 42.
[13] VL. T. 6. Petersburg, 1860. S. 12.
[14] Bublioteka Czartoryskich w Krakowie (BCz). Rkps. 190. nr 17. S. 77; Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (AGAD). Dokumenty Papierowe. Sygn. 1235.K. 1-2. Насамрэч пасля прызнання Сапегамі Аўгуста ІІ ні рэспубліканцы, нікароль ужо не былі зацікаўленыя ў выплаце заробку войску.
[15] Lietuvos Mokslij Akademijos centrine biblioteka (LMAB). F. 17. B. 177. P. 118; Narbutt J. Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskigo i Augusta II, królow panujących w Polsce. T. II. Wilno, 1842. S. 8.
[16] AGAD. Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. II. Ks. 69/16. K. 200-201; LMAB. F. 17. В.177.P. 118v.
[17] LMAB. F. 17. В. 177. P. 119-119v; Narbutt J. Op. cit. S. 11-18. Сапега імкнуўся пазбегнуць сутыкнення і нават не загадаў абараняцца.
[18] LMAB. F. 17. В. 177. P. 119.
[19] LMAB. F. 17. В. 177. P. 120-121; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ўг. Мінску (НГАБМ). Ф. 1733, Воп. 1, Спр. 14, Aрк. 241 адв. — 242 адв. (Універсал Р.А. Агінскага да шляхты Пінскага павета, 19 студзеня 1698 г.). Паводле К. Завішы, Агінскі меў 28 харугваў: Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy… S. 193.
[20] BCz. Rkps. 190. nr 23. S. 90 (Ліст Р.А. Агінскага да шляхты пэўнага павета, 19 снежня 1697 г.); НГАБМ. Ф. 1733, Воп. 1, Спр. 14, Aрк. 252-252 адв. (Ліст яго ж да шляхты Пінскага павета, 15 студзеня 1698 г.).
[21] LMAB. F. 17. В. 177. P. 121; Narbutt J. Op. cit. S. 20; Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy…S. 194.
[22] BCz. Rkps. 190. nr 22. S. 89-89v; AGAD. AR. Dz. VI. nr II-79. K. 28; AGAD, Archiwum Branickich z Suchej, Sygn. 46/60. K. 342-344.
[23] AGAD. Archiwum Zamojskich. Sygn. 3055. K. 22; Pomniki dziejów Polski wieku siedemnastego / Wyd. A. Podgórski. T. I. Wrocław, 1840. S. 246.
[24] Rachuba A. Litwa wobec projektu zwołania sejmu konnego w 1695 r. i walki Sapiehów z biskupem Brzostowskim // Zapiski Historyczne. T. LI. Z. 1.1986. S. 63-82.
[25] AGAD. Archiwum Branickich z Suchej. Sygn. 41/55, K. 94-94v.
[26] AGAD. Archiwum Branickich z Suchej. Sygn. 46/60, K. 347, 350. „Аднак тое з Літвы чуваць, што ні да чаго прыступіць не хочуць, аж [пакуль] наперад Трыбунал паводле каэквацыі [не] адсудзяць».
[27] Manifest Bogu, Światu y Oyczyźnie, przez Iaśnie Wielmożnego Ie[g]o M[iło]ści Pana Kazimierza Iana Hrabie na Bychowie, Zasławiu y Dąbrownie Sapiehę, woiewodę wileńskiego, hetmana w[ielkiego] W.X.L. do powszechney wiadomości podany roku 1699. [b. m., 1699]. K. D-D1; НГАБ. КМФ № 18. Cпр. 149. Aрк. 42-42 адв.; НГАБ.Ф. 1733, Воп. 1, Спр. 14, Aрк. 240 адв. — 241 адв.; AGAD. Dokumenty Papierowe. Sygn. 1242. K. 1.
[28] Narbutt J. Op. cit. S.20.
[29] AGAD. Archiwum Branickich z Suchej. Sygn. 41/55. K. 93v-94 (Інструкцыя ад 8 лютага 1698 г.). У дадатак Аўгуст ІІ даручыў падстолію ВКЛ Л.К. Агінскаму дапамагаць Я.Б. Слушку ў перамовах з рэспубліканцамі.
[30] Lietuvos Valstybės Istorijos Archyvas (LVIA). F. 8 SA. B. 43. K. 277-281v. У арыгінале дакумент мае назву „Канфедэрацыя войска яго каралеўскай міласці ВКЛ з Рэччу Паспалітай»; унесены ў кнігі Трыбунала ВКЛ пад назвай „Канфедэрацыя войска ВКЛ з Рэччу Паспалітай ВКЛ».
[31] Biblioteka Narodowa w Warszawie (BN). Rkps. III 9085. S. 107-109 (Адказ караля на інструкцыю паслоў, сакавік 1698 г.). Яшчэ да заключэння канфедэрацыі войска выслала да караля Ладзяту, таварыша гусарскай харугвы Д.М. Слушкі,і Шчасновіча, таварыша панцырнай харугвы М.Ф. Сапегі, але тыя „да дамоў сваіх падобна паад’язджалі», за што былі абвешчаны здраднікамі і пазбаўлены гонару: LVIA. F. 8 SA. B. 43. K. 280.
[32] LVIA. F. 8 SA. B. 43, Арк. 275-276v. Паводле Ю. Нарбута, войска, што заставаласяпад уладай гетмана, таксама дасылала дэлегатаў на перамовы, што малаверагодна: Narbutt J. Op. cit. S. 22.
[33] LVIA. F. 8 SA. B. 43. K. 271-275v; AGAD. AR. Dz. II. Ks. 27. S. 112-115.
[34] BN. Rkps. III 9085. S. 105-107 (Адказ караля на інструкцыю камісараў, 22 сакавіка 1698 г. у Гданьску). Ні камісары, ні войска падтрымкі ў караля незнайшлі. Аўгуст ІІ адмовіў паслам ад войска ў скліканні коннага сойму і пацвердзіў жаданне, выказанае ў перадсоймавых інструкцыях да паветаў ВКЛ,каб яно прыйшло да адзінства пад уладай сваіх правадыроў: BN. Rkps. III9085.S. 107-109.
[35] LMAB. F. 17. В. 177. Арк. 122.
[36] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 14651. K. 30.
[37] Morawski K.M. Pierwsze kroki Augusta Mocnego w Polsce // Przegląd współczesny. 1939. № 1. S. 49; Rachuba A. Sapieha Jerzy Stanisław// PSB. T. XXXV/1. Z. 144.S 19; Слесарунас Г. Феадальная вайна 1697-1702 // Энцыклапедыя гісторыіБеларусі. Т. 6. Кн. 2. C. 28.
[38] «Ахвота была ў людзях яго міласці пана Агінскага, так што крычалі: „Хадзем да іх, нават калі б адзін аднаго і забіць»»: НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 261. Арк. 21адв. У Агінскага, па завышаных дадзеных, было 6 тыс. чалавек, уключаючы „ахвотніка пад харугвай Жамойцкага княства»: LMAB. F. 17. В. 177. Арк. 123.
[39] НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 261. Арк. 21-21 адв.; LMAB, F. 17, В. 177. Арк. 123.
[40] [Oleszewski J.] Abrys domowej nieszczęsliwosci i wnętrznej niesnaski, wojny Korony Polskiej i Wielkiego Księstwa Litewskiego pro informatione potomnym następującym czasom wyraśony anno 1721 / Wyd. F.K. Kluczycki. Kraków, 1899. S. 5.
[41] Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697-1794):spis / Pod red. A. Rachuby; oprac. A. Rachuba i P.P. Romaniuk przy współpr. A. Macuka i J.Aniszczenki. Warszawa, 2004. S. 28-31; AGAD. AR. Dz. II. nr 1850. K. 7-8. Асобныя дэпутаты-сапежынцы былі пазбаўлены паўнамоцтваў. Напрыклад, адсутнічалі дэпутаты з Коўна, дзе дырэктарам грамнічнага сойміка быў мясцовы земскі суддзя Адам Прозар. У сваім маніфеце, прынятым у дзень рэасумпцыі Трыбунала, рэспубліканцы пазбавілі яго палітычных правоў за тое, што адважыўся ездзіць з пасольствам да Сапегаў з просьбай накіраваць войска супраць Агінскага: AGAD. AR. Dz. II. nr 1849. K. 6.
[42] LVIA. F. 8 SA. B. 43. K. 190-193v; AGAD. AR. Dz. II. nr 1850. K. 1-4; AGAD. AR. Dz. II.Ks. 32. K. 103-107.
[43] LVIA. F. 8 SA. B. 43. K. 185v. Дадзеная пасада, не прадугледжаная правам, была ўведзена рэспубліканцамі самавольна; канчаткова ліквідаваная соймам толькіў 1717 г.
[44] LVIA. F. 8 SA. B. 43. K. 184-189v; AGAD. AR .Dz. II. nr 1849. K. 1-8.
[45] Dyaryusz sejmu patificationis zaczętego w roku 1698 dnia szesnastego kwietnia. [b.m. i r.]. K. A-B2; Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy… S. 194-195.
[46] Powidaj L. Wojna domowa Sapiehów z szlachtą litewską w ostatnich latach XVII i na początku XVIII wieku // Przegląd polski. 1872/73. R. 7. T. 2. Z. 4. S. 79; 79; Dom Sapieżyński / Oprac. E. Sapieha. Warszawa, 1995. S. 396; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 2. C. 28.
[47] BCz. Rkps 188. nr 64. K. 2-3 (S. 360-362).
[48] LMAB. F. 17. В. 177. Aрк. 123 адв. Правадніком змовы быў нібыта Ігнатовіч,таварыш харугвы М.Ф. Сапегі, які адстаў ад войска і трапіў у рукі сапежынцаў, але потым быў адпушчаны і прыехаў у Жыжморы.
[49] Rachuba A. Sapieha Michał Franciszek // PSB. T. XXXV/1. Z. 144. S. 105.
[50] «як зачыншчык усіх бунтаў».
[51] НГАБ. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 14. Aрк. 453-456.
[52] BCz. Rkps. 188. nr 64. K. 2 (S. 360).
[53] Больш за 10 рэйтарскіх і драгунскіх, 14 татарскіх, 4 панцырныя і 4 гарматы.
[54] AGAD. AR. Dz. II. nr 1855. K. 1. Уласна кампанія пачалася нават загадзя, як толькі стала вядома пра напад Ю.С. Сапегі на адну з размешчаных пад Вялёнай жамойцкіх харугваў, што адбыўся непасрэдна перад юрбаркскай баталіяй. Паводле іншай версіі, гэтая харугва (120 коней) была акружана і ўзята ў палон без бою: AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 13939/V. K. 42.
[55] AGAD. AR. Dz. II. nr 1856; BCz. Rkps. 192. nr 56. K. 353-369.
[56] Б. Дыбась, які падрабязна разглядае падзеі ў ВКЛ напрыканцы 1698 г., выказвае суменні, што вынікі перамоваў маглі быць іншыя нават без уліку саксонскага фактару, бо рэспубліканцы мелі колькасную перавагу. На самай жа справе вынікі імавернай бітвы, калі б яна пачалася, прадказаць ніхто не браўся,але варта мець на ўвазе, што баявыя здольнасці войска ВКЛ былі на парадаквышэй паспалітага рушання.
[57] Dybaś B. W sprawie traktatu puzewickiego z 1698 roku i jego następstw // Zapiski Historyczne. 1988. T. LIII. Z. 3-4. S. 88-91; Acta stanów Wielkiego Xięstwa Litewskiego na pospolite ruszenie vigore laudum wileńskiego 14 Augusti 1698, postanowionego między Ławnem a Puzewiczami w powiecie Grodzieńskim zgromadzonych Anno Domini 1698 dnia 21 decembris. Wilno, 1699. K. 2-3v. Фактычна справа аплатывойска адкладалася рэспубліканцамі „на святое ніколі»; ні тады, ні пазнейжаўнеры грошай не пабачылі. Шляхту такі варыянт цалкам задавальняў:відаць, скасаванне запазычанасці перад войскам спрыяла росту папулярнасцірэспубліканцаў. Роспуск войска быў, па сутнасці, незаконны (у абыход сойму), не кажучы пра тое, што зніжалася і без таго невысокая абароназдольнасць краіны.
Грамадзянская вайна ў ВКЛ. Баявыя дзеянні на поўначы Княства ў 1697-1698 г.