БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Пётр Кроль. Тактыка барацьбы войска Рэчы Паспалітай з казакамі ў 1591–1638 г.


У 1590-1648 г. войскі Рэчы Паспалітай былі вымушаны некалькі разоў сутыкнуцца з мяцежнымі казакамі. Гэта былі паўстанні Крыштафа Касінскага (1591-1593), Севярына Налівайкі (1595-1596), Марка Жмайлы ў 1625 г., Тараса Федаровіча ў 1630 г., Паўлюка (Павел Міхновіч Бут) у 1637 г., a таксама Яцака Астраніна i Дзімітра Гуні ў 1638 г. Ход і тактыка той барацьбы істотна адрозніваецца ад дзеянняў больш позняга перыяду. На гэта паўплываў новы фактар, які нівеляваў перавагу польскай конніцы над казацкай пяхотай, што існавала да таго часу. Гэта было з’яўленне ў казацкім войску татарскіх лятучых атрадаў (чамбулаў). Тыя атрады выконвалі такую самую ролю, як казацкія і лёгкія харугвы ў каронным войску: разведка, партызанскія баі, прыкрыццё галоўных сілаў, пераслед разбітага праціўніка. Цяпер казацка-татарскія войскі мелі тыя самыя, што і іхні праціўнік, армія Рэчы Паспалітай, два дасканалыя віды войска — конніцу і пяхоту, якія цудоўна дапаўнялі адна адну. Такая сітуацыя склалася ў 1648 г. Раней паўстанцы, пачынаючы барацьбу з Рэччу Паспалітай, вымушаны былі змагацца з яе арміяй без падтрымкі выдатнай татарскай конніцы. Гэтыя змаганні звычайна заканчваліся паразай казакоў, але толькі некаторыя з іх былі сапраўдным паражэннем казацкіх атрадаў. Як жа іх перамагала каронная армія, што пасля вельмі цяжкага, але пераможнага досведу 30-х г. XVII ст. атрымала цяжкую паразу ў 1648 г.? Як працякалі польска-казацкія змаганні ў 1591-1638 г., якую тактыку выкарыстоўвала на палях бітвы каралеўская армія, каб перамагчы праціўніка, што ўмеў абараняцца?

Перш чым перайсці да падрабязнага абмеркавання тактыкі, якую ўбарацьбе з казакамі выкарыстоўвалі каронныя войскі, разгледзім ход асобных паўстанняў. Як было ўжо сказана, першае з іх выбухнула ў 1591 г., a яго непасрэднай прычынай стала спрэчка паміж шляхцічам Крыштафам Касінскім і князямі Аляксандрам Вішнявецкім i Янушам Астрожскім за маёнтак Ракітная. Касінскі, абараняючы свае правы, узначаліў казацкі атрад, да якога далучыліся казакі і сяляне, і пачаў нападаць на землі Астрожскіх на Валыні. Урэшце, занепакоеная нарастальным „свавольствам», валынская, кіеўская і брацлаўская шляхта, разам з мясцовымі магнатамі, вырашыла палажыць гэтаму канец. Асноўная сутычка адбылася 2 лютага 1593 г. пад Пёнткам, недалёка ад Цуднова. Казацкія сілы налічвалі каля 5 тыс. чалавек, праціўнікі выставілі супраць іх войска ў такой самай колькасці. Гэтыя атрады складаліся з паспалітага рушання, слуг князёў Астрожскіх, а таксама набраных згаданымі князямі наёмнікаў з Польшчы і Венгрыі. Касінскі, убачыўшы войска праціўніка, спешна пакінуў горад баявым строем. Незразумела: ці ён хацеў адступіць, ці атакаваць праціўніка. Але атрады Астрожскіх заступілі яму дарогу і, такім чынам, бітва мусіла адбыцца. Спачатку казакі атрымалі пэўную перавагу над праціўнікам, перамагаючы атаку паспалітага рушання і прыносячы яму значныя страты, асабліва ў конях. Гэта выклікала паніку ў шэрагах шляхты, і яна пачала пакідаць поле бою. Тады ў атаку рушыў Януш Астрожскі. Ягоны адборны атрад конніцы, які налічваў некалькі соцень коней, здолеў разарваць шэрагі праціўніка i ўварвацца ўсярэдзіну. Сярод казакоў пачалася паніка, i яны ўжо не думалі абараняцца. Бязладнае адступленне хутка ператварылася ў забойства тых, што не здолелі ўцячы. Праз некалькі дзён Касінскі і казакі падпісалі капітуляцыю на ганаровых умовах. Аднак выявілася, што няўдалы казацкі гетман не збіраецца прытрымлівацца ўмоваў капітуляцыі. У траўні ён вырушыў на чале 2000 казакоў на Чаркасы, каб адпомсціць тамтэйшаму старасту, князю Аляксандру Вішнявецкаму. Але Вішнявецкі папярэдзіў атаку i на подступах да горада нанёс моцны ўдар казакам. Сярод загінулых апынуўся таксама Касінскі[1].

Чарговыя бойкі выбухнулі ўсяго толькі праз два гады пасля апісаных падзей. Паўстанне ўзначаліў Севярын (Сымон) Налівайка. Першыя сутычкі на Падоллі i Валыні прынеслі поспех паўстанцам. Праз некаторы час паўстанцы раздзяліліся натры згуртаванні: Налівайкі, Рыгора Лабады i Мацвея Савулы. Паўстанне ахапіла велізарныя абшары Рэчы Паспалітай (Валынь, Украіну, Беларусь), што варта звязваць не толькі з вайсковым талентам кіраўнікоў паўстання казакоў, але таксама з прытокам у іхнія шэрагі сялян, незадаволеных феадальным уціскам, які працягваў пашырацца, але, перш за ўсё, фактам удзелу каронных сілаў у малдаўскіх падзеях. Толькі напачатку 1596 г. да міратворчай акцыі далучыліся дзяржаўныя войскі. Знаходзячыся на чале толькі 10 ротаў конніцы, палявы гетман каронны Станіслаў Жулкеўскі хутка выцесніў з Валыні Налівайку, перамагаючы ў некалькіх сутычках яго раскіданыя атрады. Але трэба прызнаць, што казацкі важак у гэтай фазе змагання стараўся пазбягаць сутычак з прафесійным каронным войскам. Да больш сур’ёзных бітваў дайшло ў красавіку пад Белай Царквой, дзе паўстанцы імкнуліся разбіць згуртаванне князя Кірыка Ружынскага[2], якое налічвала 500 чалавек, і пазней пад Вострым Каменем, калі, адступаючы з-пад Белай Царквы, сам Жулкеўскі атакаваў табар злучаных сілаў Налівайкі i Савулы. Бітва закончылася паражэннем каронных сілаў, якія, нягледзячы на зацятыя і крывавыя атакі, былі не ў стане разарваць баявых шыхтоў праціўніка. Казакі адступілі за Дняпро пад Пераяслаў. Пасля прыходу падмацаванняў, каронных і ВКЛ, а таксама прыватных войскаў Жулкеўскі вырушыў супраць паўстанцаў. У траўні сілы Кароны і ВКЛ акружылі атрады Налівайкі і Лабады ва ўрочышчы Салоніца, недалёка ад Лубнаў, i пасля двухтыднёвай блакады вымусілі іх капітуляваць. Капітуляцыя была падпісана 7 чэрвеня. У той час, як паўстанцы пакідалі лагер, дайшло да разні, ад якой уратавалася зусім няшмат казакоў[3].

Чарговае паўстанне, пад кіраўніцтвам Марка Жмайлы, выбухнула ў 1625 г. Казакоў заспела знянацку хуткасць дзеянняў каронных войскаў, таму яны засяродзіліся на абароне. Гетман Станіслаў Канецпольскі распачаў кампанію ў палове верасня. Жмайла яшчэ не быў падрыхтаваны да дзеянняў, асабліва таму, што менавіта ў гэты перыяд рыхтаваўся да паходу… супраць Турцыі. Каронныя войскі 15 верасня пакінулі абоз пад Студзяніцай (паміж Чорным Шляхам і Кучманскім) і пад канец месяца спыніліся ў Белай Царкве. Спачатку ішлі перамовы (польскі бок не хацеў дапускаць нападаў казакоў на турэцкія сёлы і ўмешвання іх у справы Крыма). Гэтыя перамовы паўстанцы з Украіны зацягвалі, каб даць час сваім асноўным сілам падцягнуцца з Сечы. 11 кастрычніка нечакана пад Каневам з’явіўся Канецпольскі. Там, пасля чарговага раунда абмену пасольствамі і лістамі, казакі адступілі пад Крылаў, у напрамку войскаў Жмайлы. Услед за праціўнікам, які адступаў, каронны гетман выслаў групу харугваў пад камандай Яна Аджывол ьскага з мэтай затрымаць казакоў. Пад Мошнай адбылася сутычка, але палякам не ўдалося зламаць казацкую абарону. Неўзабаве атрады паўстанцаў напаткалі пры вусці Цыбульніка Жмайлу. Злучаныя сілы казакоўутварылі на адлегласці мілі ад Крылава добра ўмацаваны абоз. 25 кастрычніка Канецпольскі атакаваў гэты абоз. Казацкая конніца хутка была выціснута з перадполля, але штурм умацаваных пазіцый не ўдаўся. Ноччу Жмайла, пасля таго як уляглася паніка, што распаўсюдзілася пасля чуткі пра рыхтаваны назаўтра чарговы штурм, нікім не заўважаны, згарнуў абоз i вырушыў далей на поўдзень, у бок Курукаўскага возера. Манеўр адыходу быў праведзены па-майстэрску, і толькі пад раніцу Канецпольскі зарыентаваўся, што перад ім няма праціўніка. Тады ён кінуў у пагоню авангард пад камандай Стэфана Хмялецкага. Але той наткнуўся на пакінутыя на дзвюх пераправах моцныя казацкія згуртаванні, якія з поспехам спынілі марш. Каб адолець пераправы, Хмялецкі мусіў чакаць пяхоты. І толькі пасля шматгадзіннай пагоні і дзвюх сутычак на пераправах, пасля поўдня 26 кастрычніка, польскія войскі дагналі над возерам казацкі абоз, які ўжо паспеў размясціцца і як належыць падрыхтавацца да абароны. Канецпольскі, не разведаўшы мясцовасці, кінуў усе сілы ў атаку. Конніца патрапіла ў балота i на заліўныя сенажаці, сярод якіх быў размешчаны абоз, да гэтага дадаўся казацкі агонь. Гетман, зразумеўшы, што такім чынам не здолее захапіць табар, распачаў яго асаду. Але потым ён не адмовіўся ад перамоваў, якія ўрэшце закончыліся падпісаннем 5 лістапада замірэння, названага курукоўскім[4].

Праз пяць гадоў кароннаму гетману давялося зноў ваяваць з тым самым праціўнікам. У 1630 г. выбухнула паўстанне пад кіраўніцтвам Тараса Федаровіча. У канцы сакавіка мяцежныя казакі вырушылі з Сечы на Ўкраіну. 4 красавіка яны атакавалі размешчаныя ў Корсуні харугвы конніцы, якія пасля ўцёкаў рэестравых былі асуджаны на паражэнне. Тым больш што набок паўстанцаў сталі корсунскія мяшчане. У выніку кварцяныя адступілі на поўнач. Гэтая перамога павялічыла тэрыторыю паўстання. Але польскі бок зноў зрэагаваў імгненна.Ужо 17 красавіка каронны гетман пакінуў Бар. Тым часам харугвы, што адступалі з-пад Корсуні, злучыліся найперш з Самуэлем Лашчам, які ішоў у авангардзе асноўных сілаў, а пазней, пад Васількавам, з кашталянам камянецкім Станіславам Патоцкім. Яны спрабавалі стрымаць марш войска Тараса,але без поспеху. Аднак Федаровіч, занепакоены ўсё большай прысутнасцю праціўніка ў ваколіцах Кіева, прыняў рашэнне перайсці на Задняпроўе, разлічваючы на дапамогу тамтэйшага насельніцтва і адгарадзіўшыся Дняпром ад каронныхвойскаў. Пад час пераправы цераз раку казакі панеслі значныя страты праз дзеянні жаўнераў Патоцкага, якія імкнуліся перашкодзіць ім дасягнуць процілеглага берагу. У пачатку траўня на Задняпроўі з’явілася каронная армія. 14 траўня яна злучылася са згуртаваннем Станіслава Патоцкага і атакавала Тараса, які ў гэты час стаяў пад Пераяславам. Штурм, праведзены 17 траўня, закончыўся частковым поспехам. Спачатку кварцяным удалося выціснуць казакоў з занятых імі палявых умацаванняў і змусіць адступіць у горад. Аднак атака на валы горада закончылася паражэннем. Страты, падобна, былі вельмі значныя. У выніку такога абароту справы Канецпольскі, спрабуючы шчасця, два разы пачынаў асаду горада: адразу 24 траўня i потым 1 чэрвеня. Адначасова яму трэба было клапаціцца пра забеспячэнне сваіх камунікацыйных ліній і таксама пра тое, каб не дапусціць падмогі асаджаным. Некалькі разоў ён высылаў Лашча з даручэннем ачысціць тылы. Пад час адной з такіх акцый, калі нават сам каронны гетман вырушыў на дапамогу стражніку, казакі зрабілі вылазку, якая ледзь не скончылася захопам польскага абозу. Іншы экскурс казакоў завяршыўся захопам аднаго з шанцаў, што атачалі горад, i выцясненнем гэтак званай залатой роты, якая яго абараняла. Урэшце абодва бакі, стомленыя доўгай аблогай, перайшлі да перамоваў, якія скончыліся падпісаннем 8 чэрвеня чарговай польска-казацкай мірнай дамовы[5].

У 1637 г. выбухнула наступнае паўстанне. 16 снежня адбылася бітва пад Кумейкамі, якая завяршылася захопам казацкага абозу каронным войскам. Пад час гэтай кампаніі польскае кіраўніцтва па-майстэрску выкарыстала найважнейшы козыр конніцы — яе мабільнасць — i навяло праціўніка на думку пра ўступленне ў ваенныя дзеянні галоўных сілаў. Aтака закончылася перамогай, хоць камандзір казакоў Павел Бут, больш вядомы як Паўлюк, своечасова зарыентаваўся ў складанасці сітуацыі i стараўся абмінуць праціўніка, a па сутнасці — абысці яго правае крыло, напэўна, дзеля таго, каб ударыць з тылу або паспрабаваць прабіцца далей на поўнач[6].

Аднак перамога пад Кумейкамі не стала канцом процістаяння. Новыя сутыкненні пачаліся ў 1638 г., калі паўстанне перайшло на Задняпроўе. Спачатку польскім сілам, якімі камандаваў Станіслаў Патоцкі, удалося 5 — 11 траўня акружыць паўстанчыя войскі Яцака Астраніна пад Голтвай. Але казакі, выкарыстаўшы раздробленасць польскіх сілаў, разарвалі кальцо акружэння, у выніку чаго Патоцкі змушаны быў адступіць, каб выбавіць непрыяцеля з умацаванняў. Да наступнай сутычкі дайшло 16 траўня пад Лубнамі. Астраніна, які не чакаў нападу, атакавалі каронныя атрады і атрады рэестравых, і толькі дзякуючы жалезнай дысцыпліне і вайсковым здольнасцям сваіх падначаленых ён здолеў стрымаць атакі палякаў і адступіць пад покрывам ночы праз Лахвіцу ў Лукомль, а потым да ракі Слепарод. Пры адступленні яму яшчэ дапамагло тое, што Патоцкі быў заняты барацьбой з казацкім згуртаваннем, якое рухалася з усходу, каб сустрэцца з Астраніным. А крыху пазней, праз некалькі дзён, ён быў яшчэ вымушаны засяродзіць увагу на казацкіх атрадах, што перамяшчаліся ў тылах каронных войскаў. Іх выслаў камандзір паўстанцаў, каб перашкодзіць Патоцкаму ў сувязях з Кіевам і ў забеспячэнні каронных сілаў. 10 чэрвеня польскія сілы зноў знянацку напалі на Астраніна. Але яму зноў удалося без стратаў выйсці з цяжкага становішча, адступіўшы пад Жолнін. 13 чэрвеня яго дагналі дзве харугвы конніцы і напалі на яшчэ не ўмацаваны абоз. Харугвы, якімі камандавалі Патоцкі і Ярэма Вішнявецкі, смелай атакай (яе падтрымала нямецкая пяхота і драгуны) разарвалі строй вазоў i ўварваліся ў сярэдзіну казацкага лагера. Астранін уцёк, але Дзімітр Гуня і іншыя камандзіры авалодалі сітуацыяй, здолелі суняць паніку і злучыць разарваны ланцуг вазоў. Апынуўшыся ў пастцы, польскія жаўнеры тры разы ўзнаўлялі атаку, перш чым выбраліся па-за межы абозу. 21 чэрвеня паўстанцы, даведаўшыся пра прыход з-пад Кумеек пераможцы, кароннага палявога гетмана Мікалая Патоцкага, пакінулі пазіцыю пад Жолнінам і перабазаваліся ў больш зручнае для абароны месца — урочышча Старац. Аблога палявога абозу, які там быў арганізаваны, працягвалася ад 23 чэрвеня да 7 жніўня і скончылася капітуляцыяй паўстанцаў[7].

Завяршаючы агульны агляд бітваў, звернем увагу на тое, якія сілы накіроўвала Рэч Паспалітая на падаўленне казацкіх паўстанняў. За выняткам выпадку з бунтам Касінскага, гэта было кварцянае войска, якое звычайна складалася з некалькіх тысяч чалавек. Войска звычайна падтрымлівалі таксама моцныя магнацкія надворныя фармаванні. Гэтыя сілы складаліся пераважна з конніцы, пры невялікай падтрымцы пяхоты і драгунаў. Паўстанне Налівайкі падаўлялі атрады, якімі кіраваў каронны палявы гетман Станіслаў Жулкеўскі. У канчатковай фазе барацьбы яны налічвалі каля 5000 чалавек[8]. У 1625 г. палякі мелі 12 000 асабовага складу войска, у тым ліку 1500 пяхоты і каля 30 гармат. Праз пяць гадоў пад камандай Канецпольскага было ўжо каля 6000 жаўнераў, у тым ліку 1000 пяхоты i драгунаў і 2000 рэестравых казакоў. У 1637 г. Мікалай Патоцкі пад Кумейкамі камандаваў войскам у складзе блізу 4000 чалавек, з якіх было прыблізна 1000 драгунаў і пяхоты. Годам пазней, на пачатку барацьбы, камандуючы на Задняпроўі, ваяводзіч браслаўскі і палкоўнік Станіслаў Патоцкі камандаваў сіламі, якія складаліся з блізу 2600 кварцяных (у тым ліку 750 чалавек драгунаўі 160 пяхоты) i 4500 рэестравых казакоў. Пазней лічба вырасла амаль да 5200 чалавек кварцяных войскаў, у тым ліку 1500 драгунаў і пяхоты і 3000 рэестравых. На пачатку чэрвеня далучылася яшчэ 3150 надворных жаўнераў, якіх прывёў Ярэма Вішнявецкі, у тым ліку блізу 600 чалавек пяхоты i 15 гарматаў. 22 чэрвеня прыбылі чарговыя прыватныя атрады колькасцю больш чым тысяча і некалькі соцень жаўнераў, а на пачатку ліпеня падышлі яшчэ 2500 чалавек (1000 пяхоты і драгунаў і некалькі харугваў конніцы). Усяго ў палове ліпеня пад Старцам магло сабрацца 11 — 12 тысяч польскіх сілаў[9], якія падтрымлівалі прыблізна 4000 рэестравых казакоў.

Нашмат цяжэй даследаваць колькасць сілаў паўстанцаў. Касінскі перад бітвай пад Пёнткам меў блізу 5000 казакоў і сялян, але не ўсе яны знаходзіліся ўягоным абозе ўдзень сутычкі з сіламі Астрожскіх і шляхтай. У1596 г. казацкія войскі былі падзелены на тры атрады: Севярына Налівайкі, Рыгора Лабады і Савулы. Іхняе аб’яднанне адбылося толькі пад канец барацьбы, калі трэба было адбіваць наступ Жулкеўскага. Гэтыя аб’яднаныя сілы налічвалі тады 6 — 8 тысяч жаўнераў і шмат цывільных[10]. Колькасць казакоў значна павялічылася ў першай палове XVII ст., гэтаму спрыялі паходы на Маскву ў першых двух дзесяцігоддзях і рост насельніцтва Ўкраіны (у 1618 г. пад Масквой стаяла ўжо 20 000 казакоў, a ў хоцімскім паходзе ўдзельнічала ажно 40 000). У 1625 г. на паўстанцаў пад камандаваннем Марка Жмайлы знянацку напаў гетман Канецпольскі, у выніку чаго яны мелі даволі вялікія цяжкасці з аб’яднаннем сваіх сілаў, тым больш што на мабілізацыю сялян, якія да гэтай пары значна папаўнялі шэрагі паўстанцаў, не было часу. Падаецца, што колькасць казацкіх сілаў нязначна перавышала 10 000 чалавек. Асноўнай сілай паўстання 1630 г. былі, верагодна, сяляне. Характэрна, што паўстанцы пачалі супраціўляцца толькі на Задняпроўі, пасля таго як пакінулі Правабярэжжа. Тым часам менавіта на Правабярэжжы былі галоўныя казацкія асяродкі. На Задняпроўі знаходзіліся толькі 2 казацкія палкі (пераяслаўскі і міргарадскі) з сямі. Галоўныя сілы паўстанцаў сканцэнтраваліся ў Пераяславе. Нічога невядома пра іншыя буйныя асяродкі гэтагаруху. Можа, наватусе сілы паўстанцаў складалі менш чым 10 000, хоць колькасць іх магла быць і большая. Напрыклад, паводле меркавання маскоўскіх аўтараў, у Пераяславе сабралася блізу 37 000 казакоў. У1637 г. галоўным тэатрам вайсковых дзеянняў было Правабярэжжа, і адначасова паўстанцы мабілізавалі Задняпроўе. У паўстанні ўдзельнічалі мяшчане і сяляне. Магчыма, што колькасць паўстанцаў дасягала нават 15 — 18 тыс. У 1638 г. паўстанне на Правабярэжжы развівалася яшчэ слаба, не так, як на Левабярэжжы, дзе ўжо знаходзілася нават пара даволі моцных асяродкаў, утвораных з апорай пераважна на мяшчан і сялян. Аднак больш-менш інтэнсіўны ахоп абодвух берагоў Дняпра дазваляе меркаваць, што сілы паўстанчага руху маглі дасягаць нават 15 000 чалавек, і не выключана, што і больш. Гэтая максімальная колькасць датычыць часу, калі ўсе групы выступалі адначасова (травень — палова чэрвеня)[11]. Пасля паразаў першай паловы чэрвеня колькасць зменшылася, напэўна, да 10 000 чалавек, а можа, засталося нават і менш.

Суадносіны сілаў казакоў і палякаў трапна ілюструе ўжо класічнае выказванне Вільгельма Бэплана, але, безумоўна, тут ёсць перабольшванне: 200 коннікаў польскай кавалерыі ў бітве ў адкрытым полі здольныя пабіць 2000 конных казакоў, але пад прыкрыццём абозу 100 казакоў не баіцца 1000 палякаў[12].

Казацкая армія мела выдатную пяхоту, якая магла акапацца хутка і ўмела, дзякуючы гэтаму сіла яе супраціву ўзрастала настолькі, што казацкі абоз рабіўся практычна непрыступным для палякаў, якія мелі ў сваім распараджэнні толькі нешматлікую пяхоту. Таксама казакі па-майстэрску праводзілі дэмарш пад аховай абозу і бітвы ў абозным шыку. У пэўнай, аднак даволі абмежаванай, ступені табар быў таксамачыннікам руху, ён даваў магчымасць перасоўвацца пяхоце ў прысутнасці непрыяцеля, які меў у сваім распараджэнні моцную кавалерыю. Але ўсё ж казацкі абоз не ствараў для палякаў перашкоды, асабліва цяжкай для пераадолення. У казацкіх атрадах не было выразнага падзелу на конніцу і пяхоту. Казакі ваявалі пешшу ці конна, у залежнасці ад праціўніка. Можна было б сказаць, што казацкае войска было фармацыяй тыпу драгунаў. Аднак у бітвах з каронным войскам яны не адважваліся супрацьстаяць яму ў ад крытым полі, і калі ўжо ім даводзілася біцца конна, то ў сутычках з польскіміхаругваміяны не маглі разлічваць на поспех. Войскі Рэчы Паспалітай мелі ў сваім распараджэнні гусараў — пераломную кавалерыю, а таксама казацкія харугвы, здольныя самастойна ваяваць з казацкім абозам і пераследаваць ворага. Мелі яны таксама не вельмі шматлікую пяхоту, але затое значна лепш узброеную (мушкеты), а таксама артылерыю, больш моцную, чым казацкая. Узаемадзеянне гэтых розных войскаў спрыяла поспеху ў бітвах з казакамі.

Пад час бітваў на Салоніцы замкнутыя ў асаджаным абозе казакі выкарысталі сваю конніцу, каб накіраваць каронныя харугвы на засады. Так адбылося, між іншым, у сутычцы 28 траўня, калі з абозу выскачылі некалькі соцень казакоў, якія пайшлі ў атаку на роты пад камандай Ежы Струся. Іх хутка адцяснілі, і яны мусілі са стратамі вярнуцца ў абоз, а на іх спіны насядала каронная конніца[13]. Пасля чарговага паўстання казакі спрабавалі ставіць адпор у адкрытым полі перад абозам, куды можна было схавацца ў выпадку паражэння. Аднак апрача выкарыстання казакамі заблогаў і тэрыторыі, непрыдатнай для конніцы (яры), польскія пяхота і кавалерыя, якія дзейнічалі зладжана, здолелі адцясніць праціўніка ў табар[14].

Польская конніца, падтрыманая агнём пяхоты і артылерыі, часам магла даволі паспяхова атакаваць умацаваныя абозы праціўніка. Класічны прыклад такога бою — бітва пад Кумейкамі (16 снежня 1637 г.), калі гетману Мікалаю Патоцкаму ўдалося разбіць абоз, наносячы праціўніку сур’ёзныя страты і знішчаючы пярэднюю частку лагера, бо задняя здолела зноў самкнуцца і адступіць[15]. Аднак гэта, у прынцыпе, адзіны (апроч бітвы пад Пёнткам у 1593 г.) у тыя гады выпадак даволі значнай перамогі, хаця таксама не поўнай. Іншы прыклад пераможнай атакі на ўмацаваныя атрады паўстанцаў меў месца ў 1630 г. Паводле ананімнай справаздачы пра бітвы на Задняпроўі, Канецпольскі праз некалькі дзён пасля прыбыцця пад Пераяслаў з поспехам атакаваў два ўмацаваныя казакамі акопы. Казакі пасля кароткага супраціву адступілі ў горад[16]. Падобным чынам атакі, праведзеныя пазней на 8 гадоў, скончыліся толькі частковым поспехам. 16 траўня 1638 г. пад Лубнамі польскім харугвам удалося пранікнуць у табар, але казакі выцеснілі палякаў, не дапусціўшы разрыву абозу. Харугвы Патоцкага акружылі лагер і некалькі разоў ударылі па ім, пры падтрымцы агню гармат, пяхоты і рэестравых. Але тактыка, паспяховая пад Кумейкамі, на гэты раз аказалася неэфектыўнай. Хоць пару разоў удалося разарваць лінію вазоў, але на гэтым поспех скончыўся. Таксама пад Жолнінам (13 чэрвеня) маланкавая атака конніцы, праведзеная Ярэмам Вішнявецкім і Патоцкім, прывяла да разрыву лініі вазоў, i такім чынам атакуючыя праніклі ў лагер паўстанцаў. Гэта адбылося дзякуючы раптоўнасці і нечаканасці атакі, бо казакі яшчэ не паспелі добра акапацца. Частка паўстанцаў кінулася наўцёкі, але астатнім удалося закрыць лагер і адрэзаць шлях да адступлення. Толькі пасля трох атак, якімі кіраваў сам князь, польскай конніцы ўдалося вырвацца з пасткі[17].

Напрошваецца, аднак, пытанне: як удавалася конніцы пераадолець абаронную лінію, што складалася з некалькіх шэрагаў вазоў, якія або рухаліся (Пёнтэк, Кумейкі, Лубны), або стаялі (Жолнін)? Не захавалася падрабязных справаздач, дзе б апісвалася тактыка, выкарыстаная польскай кавалерыяй, ёсць толькі апісанне бітваў пад Кумейкамі і Лубнамі, а таксама аналагічныя сітуацыі, што датычаць бітваў каронных войскаў у ходзе адступлення з-пад Цэцоры (1620), паражэння на Жоўтых Водах і пад Корсунню (1648). Гэта дае пэўныя звесткі пра ўмацаванні абозаў, іх абарону і захоп.

Казакі для фармавання ўмацаванага абозу ўжывалі лёгкія і падарожныя вазы і каляскі, а таксама сялянскія параконныя вазы з драбінамі ці бартамі з лазовай пляцёнкі. Можа, выкарыстоўваліся нават больш цяжкія купецкія вазы, на якіх перавозіліся тавары, але іх, напэўна, было няшмат. Паколькі лёгкія вазы нескладана перакуліць, перасунуць або знішчыць агнём артылерыі, іх папярэдне абцяжарвалі пяском або зямлёй. Гэтыя вазы ставілі ў некалькі шэрагаў, a колькасць шэрагаў залежала ад велічыні арміі, колькасці павозак і магла даходзіць нават да дванаццаці. У працэсе перасоўвання вазы станавіліся адзін за адным так блізка, што коні амаль дакраналіся лбамі да папярэдніх вазоў. Часта пры набліжэнні непрыяцеля (і ўжо, напэўна, на прывалах) вазы счэплівалі ланцугамі, каб іх было цяжка разарваць. Адлегласці, гэтак званыя вуліцы, паміж шэрагамі павінны былі быць даволі шырокія, нават да 20 м, бо там размяшчаліся абаронцы лагера (некалькі тысяч чалавек), якія пад час адбівання атакі не маглі знаходзіцца перад лініяй вазоў. Акрамя таго, часта перад пагрозай бою колькасць шэрагаў вазоў здвойвалі. Такое здвойванне заключалася ў тым, што шэраг вазоў расчэплівалі напалову, дзелячы яго такім чынам на два, і адна з гэтых дзвюх частак уязджала ў прастору паміж шэрагамі вазоў. Павелічэнне адлегласцяў паміж асобнымі шэрагамі несла пэўную небяспеку, бо ў момант, калі праціўніку ўдавалася разарваць шэраг вазоў, ягоная конніца ўрывалася ў гэтыя „вуліцы» і, рухаючыся ўздоўж іх, нішчыла ўсё на сваім шляху. Падобны выпадак адбыўся пад Корсунню ў 1648 г., калі „Татары праз нашы трупы табарнымі вуліцаміўварвалісяўлагер, секлi, білі i рэшту табару разграміўшы, кінуліся рабаваць»[18].

Перамяшчэнне ў лагерным шыку патрабавала дакладных сінхронных дзеянняў, жалезнай дысцыпліны і спраўнасці. Казакі не толькі ўмелі такім чынам перамяшчацца, адбіваючы атаку ворага, але таксамаў выпад ку неабходнасці маглі замкнуць разарваны табар, так манеўруючы вазамі, каб яны зноў утварылі адно цэлае. Разрыў лагернага ланцуга і ўварванне ў сярэдзіну варожага атрада зусім не азначала, што лагер ужо здабыты, і гэта магло закончыцца толькі „адрывам» часткі вазоў. Астатнія, счэпленыя нанова, зноў уяўлялі крэпасць, якую цяжка ўзяць. У гэтым пераканаўся ў 1638 г. Станіслаў Патоцкі пад Лубнамі, а Ярэма Вішнявецкі пад Жолнінам. Вялікага ўмення патрабавала таксама само манеўраванне табарам, які налічваў сотні або нават тысячы павозак пад час перманентнай пагрозы з боку праціўніка.

Насуперак уяўленням такі лагер быў даволі мабільны. Дастаткова прыгадаць, як пад час адступлення з-пад Цэцоры польскі абоз пераадольваў у сярэднім каля 27 км у дзень. Трэба яшчэ дадаць, што марш гэты адбываўся ўначы, ва ўмовах баявых сутычак з татарамі. Варта бліжэй разгледзець уладкаванне гэтага лагера, бо ён мала чым адрозніваўся ад тых, якія ўладкоўвалі казакі. Шэрагаў было шэсць, кожны па 100 вазоў, счэпленых ланцугамі. Каб абараніць коней — галоўную цяглавую сілу, па вонкавым баку рухалася пяхота. Лагер меў таксама пярэдняе, задняе і бакавое забеспячэнне. На чале вялі спутаных разам коней, забраных у варожай конніцы. Яны павінны бы лі засланяць уражлівую на напад непрыяцеля пярэднюю частку табару і ўяўляць сабой свайго роду ўдарны таран. За коньмі рухаліся шэрагі вазоў. На пярэдніх вазах звычайна размяшчалі 5 невялікіх гармат і некалькі гакаўніц. Побач маршыравала 200 жаўнераў польскай пяхоты i 100 нямецкай. Па абодвух знешніх баках табару ішлі пастроеныя ўтры шэрагі спешаныя харугвы з набітай зброяй. Тыл табару абараняўся пры дапамозе пяці невялікіх гармат i 500 жаўнераў пяхоты. Раненыя і хворыя, а таксама запасы правізіі і пораху размяшчаліся ўсярэдзіне табару. Каб у выпадку варожага ўдару можна было хутка замкнуць праёмы спераду і ззаду паміж шэрагамі вазоў, вонкавыя шэрагі былі звычайна даўжэйшыя, чым унутраныя. Гэта былі найбольш слабыя месцы ўсяго шыку. У выпадку разрыву абароны ў гэтым месцы праціўнік мог не толькі лёгка пранікнуць усярэдзіну табару, але і ўехаць у апісаныя лагерныя „вуліцы». А гэта азначала разрыў шыку і паразу казакоў.

Умовай спраўнага перасоўвання ў лагерным шыку быў выбар адпаведнай дарогі. Трэба было пазбягаць цяснін, значных лясных масіваў, водных перашкодаў, глыбокіх яроў. Значныя цяжкасці чакалі лагер пры пераправах цераз рэкі.

Казакі былі майстрамі ў выкарыстанні лагернага строю. Юзаф Нарановіч-Нароньскі пісаў у сярэдзіне XVII ст.: „А казакі ўкраінныя i бітвы табарам у полі даваць звыклі, мужна са сваім табарам пры агнявой стральбе праз войска прабівацца і яго разрываць»[19]. Такі лагер быў рухомай „крэпасцю», абапіраючыся на якую казакі маглі бараніцца або наступаць. Пра абаронныя якасці казацкага табару сведчаць прыклады практычна з усіх паўстанняў разгляданага перыяду. У 1625 г. шмат разоў прадпрымаліся атакі на казацкія табары. Але нават адрыўчасткі вазоў не спыняў пасоўвання лагера ў вызначаным напрамку. Перамогай не скончыліся ані атакі пяхоты, ані спробы ўзяць такі лагер пад час пераправы цераз раку. Тады адбылася толькі яго некаторая дэзарганізацыя, бо польскія харугвы разарвалі частку табару, але казакі „так, як раней, каляскі звязалі і моцна ўвесь свой лагер баранілі»[20].

Кароннаму войску цяжка было ўзяць табар, калі ён знаходзіўся на маршы. Можна ўявіць, як складана было здабыць яго пры размяшчэнні ў месцы, зручным для абароны. Фартыфікацыі, узведзеныя ў такіх выпадках казакамі, выклікалі здзіўленне і захапленне не аднаго прафесіянала. Абароназдольнасці табару спрыялі таксама адпаведныя ўмовы, бо казакі звычайна ставілі яго або на тэрыторыі, пакрытай лесам, або сярод балот і заліўных лугоў, або недалёка ад рэк. Пры нечаканым нападзе і акружэнні пад час маршу стараліся як мага лепш выкарыстаць прыдатныя для абароны тэрытарыяльныя ўмовы і розныя заслоны.

Як можна было здабыць такую крэпасць? Польскі бок, добра ўяўляючы цяжкасць гэтай задачы, стараўся перш за ўсё захапіць праціўніка знянацку і змусіць яго затрымацца ў месцы, нязручным для працяглай абароны. Каб дамагчыся больш павольнага руху табару або затрымаць яго, трэба было знішчыць коней, якія цягнулі вазы. Гэта прыводзіла да разрыву шыку або шэрагу, які павінен быў затармазіць, каб не ўтварыўся перапынак паміж нерухомым возам і тымі, якія рухаліся перад ім. Трэба было таксама выпрагчы забітых коней і замяніць іх новымі. Пад Кумейкамі ўласна штурм на вазы выглядаў наступным чынам. Адборныя харугвы конніцы ўдарылі ў бок табару, бліжэй да пераду, які і быў мэтай атакі. Першая атака кавалерыі нават не дасягнула лініі вазоў, а калі конніца адступіла, на полі бою засталіся драгуны, якія пачалі абстрэл праціўніка, не даючы яму ачомацца і падрыхтавацца да наступнай атакі конніцы, якая адбылася вельмі хутка „у палову, або менш малітвы да Найсвяцейшай Дзевы». Такую аперацыю паўтарылі тры разы, перш чым бок табару ўдалося разарваць у трэцяй частцы ягонай даўжыні.

Вядома, конная атака на вазы не была падобная на класічную атаку конніцы ў імклівым руху. Перад кавалерыстамі стаяла задача праз лінію вазоў уварвацца ўсярэдзіну лагера. Яны не маглі пераскочыць цераз шэрагі вазоў (гэта было фізічна магчымым, але не тады, калі вазы баранілі ўзброеныя агнястрэльнай і халоднай зброяй казакі), таму перш за ўсё вялася перастрэлка з пэўнай адлегласці (некалькіх метраў) і рабіліся спробы перакуліць або разламаць вазы. Верагодна, што конніца, як сцвярджае М. Гавэнда, абстрэлівала праціўніка з блізкай адлегласці, паражаючы яго з бандалетаў, пісталетаў і лукаў. Пазней жаўнеры падступалі да вазоў і стараліся іх захапіць з дапамогай халоднай зброі. Магчыма, што таксама выкарыстоўвалі ў такіх выпадках дрэўкавую зброю. Пра гэта ўспамінае Веспасіян Кахоўскі: „Ужо нашы войскі, змучаныя i стрэламі прарэджаныя, адпачываць пачалі, але ім на дапамогу іншыя гусарскія харугвы прыбылі <…>, за імі панцырныя харугвы многія і драгуны конныя населі на табар маскоўскі. Найперш коп’ямі тых, што бараніліся, білі, змяшаўшы каторых, адагналі ад вазоў”[21].

Потым, захапіўшы вазы, перакульвалі іх або адцягвалі ўбок, вызваляючы праход ўсярэдзіну табару. У праём праходзілі іншыя харугвы. Праёмы імкнуліся зрабіць у некалькіх месцах. Такую атаку можна было здзейсніць конна або спешыўшы конніцу. Менавіта так яна была праведзена пад Лубнамі ў 1638 г. Тады „усе гусарскія <…> спешыліся і так наступілі блізка на табар тых здрайцаў, што ледзь ўручную не секліся»[22]. Пасля разрыву першай лініі вазоў частка конніцы пачынала атаку наступнай лініі, а астатнія накіроўваліся ўправа і ўлева, урываючыся ў „вуліцы» паміж радамі. У такой сітуацыі казакі вымушаны былі пакінуць вазы першага шэрагу. Аднак жа ў момант, калі харугвы конніцы апыналіся паміж шэрагамі, яны гублялі свае перавагі — імпэт і дынаміку. У хаатычнай бойцы абодва бакі неслі найбольшыя страты, асабліва даставалася тым, што атакавалі, бо яны цярпелі націск з усіх бакоў. Казацкая пяхота, што змагалася за жыццё, у адчаі была вельмі грознай.

Лёс лагера таксама залежаў ад ходу бітвы на іншых участках. Калі конніца ўрывалася ўсярэдзіну лагера, лёс яго практычна быў вырашаны — лагер знішчаўся. Але калі казакам удавалася адбіць атаку, табар зноў замыкаўся, утвараючы палявую крэпасць. Аднак жа частка вазоў, раней захопленых палякамі, заставалася па-за лагерам. Адбывалася гэтак званае ўрыванне. Часта атакавалі таксама лоб табару як найменш абаронены.

Наколькі цяжка было разбіць табарны шык казакоў, сведчыць тое, што кароннае войска рабіла гэта вельмі рэдка. Таксама аблога абозу паўстанцаў звычайна канчалася дамовай аб замірэнні, а не захопам яго з дапамогай атакі[23].

Але калі кварцяным звычайна не ўдавалася разбіць галоўны лагер, то часта пры нападах на меншыя абозы або атрады, якія складаліся з менш дасведчаных людзей, яны мелі поспех. У ходзе асады Пераяслава ў 1630 г. Самуэль Лашч разбіў атрад Каробкі, які налічваў паўтары тысячы чалавек. Такі самы вынік мела сутычка з Дэцкам, што адбылася на некалькі дзён пазней. Яго 7-тысячны атрад перамог сам гетман Станіслаў Канецпольскі. Зноў жа, на восем гадоў пазней, у ходзе паўстання Астраніна, пасля бітвы пад Лубнамі 17-18 траўня адбылася сутычка з атрадам Івана Пуціўльца Муркі, у якім было каля 2600 чалавек, і нейкага Рэпкі. Казакі схаваліся ва ўмацаваным табары, але на другі дзень баёў ён быў узяты кварцянымі[24].

Калі ў гэтых некалькіх выпадках атакі на табары пад час маршу скончыліся поспехам, то ўжо ў 1625-1638 г. не было ніводнага выпадку захопу ўмацаванага казацкага абозу. Нядобразычліва настроены да казакоў ксёндз Шыман Акольскі, назіральнік ваенных дзеянняўу 1637-1638 г., так апісаў умацаванні, збудаваныя запарожцамі пад Старцам: Дзівіўся там не адзін інжынер з працы і ўмення тоўстага мужыка, гледзячы на грунтоўныя валы, шанцы, батарэі, заслоны; бо хоць бы кароннае войска хуткасцю сваіх коней i адданасцю сэрцаў змагло пераадолець іхнія ямы, перакопы, дзіркі, а грудзьмі зламала іхнія дубовыя палі i частаколы, прывалкі і валы мужна перайшло, яшчэ большых сілаў і новую адвагу трэба было мець, апанаваўшы іхнія валы, на тое, каб іх усярэдзіне дастаць»[25]. Абоз паўстанцаў знаходзіўся над Дняпром, які засланяў яго з захаду. З поўдня i ўсходу доступ да ўмацаванняў быў перакрыты паласой балотаў і ракой Сулай. З паўночнага боку казакі збудавалі дзве лініі ўмацаванняў. Першая з іх бегла ўздоўж балоцістай, не вельмі шырокай ракі Старац. Яна складалася з землянога вала, умацаванага дубовымі каламі, і бастыёнаў. Другая лінія была яшчэ больш магутная. Умацаванні знаходзіліся таксама ўсярэдзіне абозу[26].

Тут палякам асабліва даваўся ў знакі хранічны недахоп пяхоты: „Пяхоты амаль зусім няма, а яе нам трэба як найбольш», „а без пяхоты тут вайна ня можа скончыцца» — пісалі з-пад Жолніна ў 1638 г. Штурмы палякаў на казацкія фартыфікацыі амаль ніколі не канчаліся поспехам. Так было пад час асады Пераяслава ў 1630 г. і два разы пад Старцам на восем гадоў пазней. У 1625 г. Канецпольскі 29 i 31 кастрычніка не давёў да канца пачатыя штурмы, спыніўшы іх, як толькі зразумеў іх безнадзейнасць. Падаецца, што гэтыя дзве атакі на казацкія ўмацаванні Марка Жмайлы не мелі поспеху таму, што не былі належным чынам падрыхтаваныя. Асабліва гаворка ідзе пра другую атаку, праведзеную пасля маршу і пагоні за казацкім табарам, што адступаўу напрамку Курукоўскага возера[27].

Палякі аддавалі перавагу іншай тактыцы барацьбы з добра ўмацаванымі абозамі праціўніка, a менавіта іх блакадзе. Фартыфікацыя непрыяцеля акружалася шанцамі, як гэта было на Салоніцы ў 1596 г., пад Пераяславам ў 1630 г., а таксама пад Голтвай, Жолнінам i Старцам у 1638 г. З улікам невялікай колькасці пяхоты можна меркаваць, што яна была задзейнічана для асады толькі некалькіх шанцаў або рэдутаў. Прагалы паміж імі закрывалі з дапамогай конных атрадаў. На Салоніцы польскія войскі размясціліся ў двух абозах па абодва бакі ўмацаванага лагера. У адным спыніўся гетман Стэфан Жулкеўскі, у другім жа — атрады, падпарадкаваныя Ежы Струсю. З трэцяга боку была выстаўлена стража, а з чацвёртага цягнуліся забалочаныя берагі Сулы, якія перашкаджалі пераправе вялікай колькасці людзей. Апрача таго, баючыся, што асаджаныя будуць імкнуцца незаўважна пакінуць пастку, частка войска несла стражу, а астатнія трымалі коней асядланымі. Усе дзеянні абмяжоўваліся тым, каб не дапусціць перадачы ежы і фуражу для асаджаных[28]. У 1630 г. войскі Канецпольскага ўзвялі некалькі шанцаў вакол горада, у якіх спынілася пяхота і частка конніцы. Галоўныя сілы гетман размясціў у раней здабытым казацкім абозе, які знаходзіўся недалёка ад горада. У шанцы паміж горадам і Дняпром спынілася рота конніцы, якая складалася з багатай шляхты, гэтак званая залатая рота. Менавіта яна стала мэтай адной з вылазак абаронцаў горада. Захвачаная знянацку, рота не магла супраціўляцца і была цалкам знішчаная. Гэта паказвае рэальныя ўмовы, у якіх вымушаны быў дзейнічаць гетман. Дзеля блакады сілаў Тараса Федаровіча ён мусіў ужываць, падобна як і ягоны папярэднік па пасадзе, конніцы[29].

Пад Голтвай i Жолнінам палякам не ўдалося змусіць праціўніка да капітуляцыі. У першым выпадку аблога добра ўмацаваных казацкіх пазіцый працягвалася ад 5 да 11 траўня. Астраніну ўдалося скарыстаць падзел сілаў рэгімэнтара Станіслава Патоцкага і атсутнасць сувязі паміж рэестравымі, якія дзвюма кампаніямі драгунаў і харугвай Гіяцынта Мялецкага пільнавалі процілеглы бераг Псёлу. Смелай атакай Астранін разбіў нікім не падтрыманых рэестравых і драгунаў, тым самым разрываючы блакаду горада, якая была для яго ўжо амаль пасткай. Пад Жолнінам казакі былі асаджаныя паміж 13 і 22 чэрвеня, a вырваліся з акружэння па мосце, збудаваным таемна ад палякаў, які Станіслаў Патоцкі не кантраляваў, і пераправіліся на бераг Сулы. Увогуле, кампанія 1638 г. паказала, як цяжка заблакаваць войскі паўстанцаў. Астранін некалькі разоў здолеў уцячы ад асады польскіх харугваў, што не было асабліва цяжкім, таму што польскія камандзіры кепска клапаціліся пра ахову праціўніка[30].

Блакада ўмацаванага казацкага абозу давала асаджаным нямала магчымасцяў пачаць супрацьдзеянне палякам, якія часта былі больш слабыя колькасна. Жадаючы заблакаваць праціўніка, каронныя войскі мусілі да пэўнай ступені рассяродзіць свае сілы. Праўда, магчыма, што палякі большасць сілаў трымалі ў адводзе, значная частка арміі была вылучана для асады шанцаў, а таксама для патрулявання прасторы паміж імі. Гэта выконвалі звычайна невялікія конныя атрады. Казакі, знаходзячыся ўасадзе, маглі дзейнічаць, сабраўшы сілы дзеля вылазкі пад абаронай надзейнай лініі сваіх сталых умацаванняў. З аднаго боку, у выпадку няўдачы гэтыя фартыфікацыі забяспечвалі паўстанцам эфектыўную абарону.  З  другога  боку,  нешматлікасць  сілаў,  якімі распараджаліся каронныя гетманы, змушала іх канцэнтраваць усе сілы на галоўным тэатры баявых дзеянняў, агаляючы свае тылы, што асабліва відавочна пад час кампаніі 1630 г., калі войскі Канецпольскага былі практычна адрэзаны на Задняпроўі[31].

Як слушна заўважыў Веслаў Маеўскі, „блакада была станам вельмі нетрывалай раўнавагі, яна нагадвала пільнаванне неразарванага снарада, які ў кожную хвіліну мог выбухнуць і накрыць таго, хто яго вартуе»[32]. Пад час аблогі казацкага табару на Салоніцы яго абаронцы некалькі разоў атакавалі харугвы войска Кароны і ВКЛ, якія трымалі асаду, але гэтыя атакі закончыліся беспаспяхова. Зусім інакш выглядала сітуацыя пад час дзеянняўу 1630 г. Два значныя выпады прынеслі казакам заўважныя поспехі. Спачатку 25 траўня паўстанцы, скарыстаўшы адыход ад горада часткі каронных сілаў пад камандай самога Станіслава Канецпольскага насустрач казацкаму атраду нейкага Дэцка, арганізавалі смелую вылазку. Атака на шанцы закончылася поспехам, хаця «наша пяхота з шанцаў мужна баранілася, але ўсё ж мусілі нашы з шанцаў да акопу ўступіць. Там жа ў шанцах узялі казакі гармату адну разбуральную „Сокал», палявую гарматку i хуткастрэльныя»[33]. Выцесненую з умацаванняў пяхоту падтрымалі дзве рэйтарскія харугвы, i тады ўдалося ўрэшце адсунуць напад. Тут на полі бітвы з’явіўся гетман, які вяртаўся пад Пераяслаў, але толькі пасля зацятага бою, які доўжыўся некалькі гадзін, казакі адступілі з польскага абозу[34]. Другім значным нападам казакоў была апісаная вышэй атака на шанец, які займала гэтак званая залатая рота. Таксама пад час блакады Нежына вясной 1631 г. каронныя войскі цярпелі паражэнне ад казацкіх нападаў[35]. У 1638 г. пад Голтвай Астранін па-майстэрску выкарыстаў раздзяленне ракой Псёл каронных войскаў Станіслава Патоцкага, што акружалі яго, і, выйшаўшы з горада, распачаў атаку размешчаных на другім беразе ракі рэестравых і драгунаў. Разбіўшы іх, адкрыў сабе шлях для адступлення. Атака была вельмі добра падрыхтавана. Сілы, якія знаходзіліся на процілеглым беразе ракі, злучаў з кароннымі войскамі мост, збудаваны побач з галоўным абозам. Астранін задзейнічаў у акцыі частку сваіх сілаў, падзеленых на дзве групы. Першая павінна была адрэзаць каронныя атрады ад моста і падмацаванняў, атакаваць іх і знішчыць, а другая, абышоўшы пазіцыі галоўных сілаў Патоцкага, мела задачу напасці на яго, каб адцягнуць увагу ад таго, што адбывалася на другім беразе. План цалкам удаўся. Рэестравых хутка ўдалося разбіць, i толькі драгуны, якія сцераглі шанец насупраць моста, пачалі рашуча супраціўляцца. Спробы Патоцкага прыйсці ім на дапамогу скончыліся нічым, бо паўстанцы збудавалі засекі на адзінай дарозе, якая вяла да моста. Тут варта напомніць, што казакам спрыялі тэрытарыяльныя ўмовы, бо Голтва ляжала сярод вялікіх лясоў. Лёс драгунаў вырашыўся канчаткова, калі яшчэ адзін атрад выканаў дыверсійны ўдар на польскі абоз, адцягваючы тым самым увагу Патоцкага. Палякі панеслі ў гэтай сутычцы сур’ёзныя страты. Былі дашчэнту знішчаны абедзве харугвы драгунаў. Атакуючыя таксама страцілі шмат людзей, колькасць якіх дасягала 1000 забітых і раненых. Аднак мэта была дасягнута: Астранін мог адступіць з Голтвы і атрымаў першую сур’ёзную перамогу, i гэта толькі праз месяц пасля вельмі значнай перамогі каронных войскаў пад Кумейкамі[36].

Гэта быў адзіны выпадак прарыву блакады сіламі паўстанцаў на працягу ўсяго польска-казацкага змагання. Пад Жолнінам ім удалося вырвацца з пасткі, пераправіўшыся на не заняты палякамі бераг Сулы, таксама як і таемна адысці з-пад Крылаваў 1625 г., але ўсе спробы прабіцца цераз польскую блакаду пад Старцам закончыліся няўдачай. Ужо ў першы дзень асады, 24 чэрвеня, была зроблена такая спроба. Пазней рабіліся намаганні ўцягнуць каронныя сілы пад казацкія ўмацаванні, каб потым з валоў нанесці ім значныя страты. З гэтай мэтай тагачасны камандуючы паўстанцамі Дзімітр Гуня вывеў частку сваёй пяхоты за ўмацаванні. Аднак гетман палявы каронны Мікалай Патоцкі, які тады кіраваў аблогай, не дазволіў уцягнуць сябе ў засаду. Не ўдалося таксама казакам правесці ў асаджаны абоз дапамогу пад камандай Філоненкі, апрача ўзаемадзеяння гэтай групы з асаджанымі. Аперацыя, якая магла змяніць лёс паўстання, была праведзена 6 i 7 чэрвеня, у ёй задзейнічалі ўсе сілы, што былі ў распараджэнні Гуні. Але яна скончылася стратай большай часткі людзей групы Філоненкі і ўсіх запасаў правіянту і фуражу, якія былі з імі, бо Патоцкі засяродзіўся перш за ўсё на падмацаваннях, якія падыходзілі па Дняпры, не атакуючы абозу паўстанцаў[37]. Пад Старцам польскія войскі не абмежаваліся толькі блакадай казацкіх умацаванняў (пра што была гаворка вышэй). „І амаль кожнага дня, без адпачынку, сутыкненні ваенныя і забойствы з абодвух бакоў бывалі. Рабілі гэта, каб свавольныя, адпачынку не маючы, порах свой нішчылі»[38]. Хоць гетман і не верыў у поспех запланаваных штурмаў і аддаваў больш увагі блакадзе казацкіх стаянак, аднак вырашыў усё ж зрабіць некалькі спробаў узяць умацаванні. Атака, праведзеная 14 ліпеня, закончылася няўдачай. Таксама закончыўся генеральны штурм, які загадала правесці камандаванне кароннымі войскамі 4 жніўня. Казакі, адбіваючы яго, выкарысталі пэўны прыём, які раней прыносіў ім поспех. „Скарысталі там свае здрадлівыя свавольныя штукі, бо выйшаўшы з акопу ў час наступу харугваў, яны паварочвалі свае самапалы да акопаў і па акопах стралялі, каб пры наступленні жаўнеры думалі, што гэта рэестравыя казакі, а каліўжо харугва мінула <…> з акопу па нашых [стралялі]»[39]. Пасля гэтых няўдач найлепшай тактыкай аказалася блакада, апрача таго, што казацкі абоз меў добрае воднае злучэнне Дняпром, паміж іншым, з Сечай. Досвед гэтых бітваў паказаў, што паўстанцы былі здольныя пабіць польскія сілы, але ніколі не маглі разбіць іх канчаткова. Казацкі агонь і наступ іх пяхоты наносіў паразу палякам, але праціўніку не хапала конніцы, каб яе ўдарамі змяніць паразу праціўніка ў пагром. Таксама палякі амаль не выкарыстоўвалі класічнай пагоні, бо яна была неэфектыўнай у дачыненні да паўстанцаў, якія зачыніліся ў табары, але іх кавалерыя даволі хутка даганяла казакоў пры адступленні, не давала ім спакою, затрымлівала іхні марш, каб урэшце акружыць. Гэтая немагчымасць для праціўніка адступіць пасля паражэння павінна была на яго ўздзейнічаць негатыўна, зніжаючы баявы дух. Невысокая якасць казацкай конніцы дапамагала польскім сілам, нават калі яны складаліся выключна з кавалерыі, дзейнічаць супраць яшчэ не пераможаных паўстанцаў. Гэта дазваляла палякам адчуваць сябе даволі бяспечна, паколькі нават у выпадку няўдачы ім звычайна не пагражаў контрнаступ, які мог бы замяніць паражэнне на поўны разгром[40].

Можна назіраць, як групы польскай конніцы, звычайна з некалькіх харугваў, што падтрымліваліся драгунамі, дзейнічалі самастойна, як перадавая стража, як групы нечаканага нападу або пераследу, спрабуючы адабраць у праціўніка ініцыятыву і стварыць лепшыя ўмовы для дзеяння сваіх галоўных сілаў. У 1596 г. Станіслаў Жулкеўскі ў пачатковы перыяд баёў меў у сваім распараджэнні толькі 10 ротаў, з якімі паспяхова ваяваў з Налівайкам. А пазней выправіў князя Кірыка Ружынскага з 500 коннікамі для назірання за дзеяннямі непрыяцеля і паражэння невялікіх груп паўстанцаў[41].

Пад час баёў у 1630 г. Канецпольскі вылучаў самастойныя згуртаванні конніцы, перад якімі ставілася задача разбіваць невялікія групы паўстанцаў і не дапускаць іх да злучэння з сіламі Тараса Федаровіча ў Пераяславе. Яны таксама мелі заданне вызваляць камунікацыйныя лініі каронных войскаў. Гэтае заданне выконвала група Самуэля Лашча. У ходзе кампаніі 1637 г. мы маем дачыненні з дзеяннямі, якія забяспечвалі марш кварцянага войска з-пад Корсуні да Сахноўкі. Перадавая стража пад камандай таго ж Самуэля Лашча выканала тады зваротны манеўр у напрамку Драбаўкі, якая ляжала на правым беразе Росі. Адтуль казацкая група нейкага Харосцеля, што знаходзілася там і налічвала 1500 чалавек, магла пагражаць польскім камунікацыйным лініям, а атакуючы і нішчачы пераправы на Росі, магла таксама ўскладняць манеўраванне галоўных сілаў гетмана Мікалая Патоцкага. Праціўнік, аднак, не дазволіў заспець сябе знянацку і аказаў рашучы супраціў. Але ўрэшце, напалоханы з’яўленнем польскіх харугваў, адступіў у напрамку на Мошны[42]. У траўні 1638 г. Станіслаў Патоцкі выправіў ротмістра Гераніма Хшанстоўскага з 1000 рэестравых казакоў на заданне: здабыць кантроль над пераправамі на Дняпры, а таксама разбіць свавольныя казацкія групы, якія дзейнічалі ў раёне ракі, знішчаючы там камунікацыйныя лініі каронных войскаў[43].

Вылучаныя групы конніцы атрымлівалі заданне стрымліваць марш праціўніка або акружыць яго. Пад канец кампаніі ў 1596 г. Жулкеўскі, хочучы перашкодзіць табару непрыяцеля адступіць у стэп, вылучыў са сваіх сілаў групоўку конніцы пад камандай Ежы Струся, якая абышла паўстанцаў, размешчаных у Лубнах, і ў адпаведны момант з’явілася ў іх за спінай. Стараста браслаўскі змог настолькі запаволіць марш табару, што на месца паспела падцягнуцца ўся армія Кароны і ВКЛ і казакі былі вымушаныя затрымацца[44]. У1625 г. гетман Станіслаў Канецпольскі выслаў супраць казакоў, якія адступалі, 10 харугваў пад кіраўніцтвам Яна Аджывольскага, які 13 кастрычніка дагнаў іх пад Мошнай і напаў на табар праціўніка. Аднак гэта былі не галоўныя сілы Марка Жмайлы, а толькі трохтысячны атрад. Але апроч гэтага Аджывольскі не здолеў яму перашкодзіць адступіць, нягледзячы на свой пэўны поспех (адарванне часткі табару)[45]. Падобны характар мелі таксама дзеянні групы Стэфана Хмялецкага раніцою 31 кастрычніка. Гетман даверыў яму заданне тармазіць марш праціўніка, „каб дагнаўшы іх [казакоў] інфеставаў і забаўляў іх, пакуль бы сам [Канецпольскі] з войскам не падышоў, і зноў гэтыя дзеянні мелі толькі частковы поспех, бо харугвы конніцы вымушаны былі два разы сутыкацца з атрадамі паўстанцаў, якія Жмайла пакінуў на пераправах з мэтай запаволіць марш каронных сілаў. Не ўдалося, такім чынам, Хмялецкаму затрымаць табар, тым больш што ён мусіў чакаць прыходу нямецкай пяхоты, каб перамагчы казакоў, якія абаранялі пераправу[46]. Пасля бітвы пад Кумейкамі (16 снежня 1637 г.) гетман палявы Мікалай Патоцкі выслаў у пераслед за праціўнікам толькі што прыбылы полк конніцы Станіслава Патоцкага, які акружыў Паўлюка ў Баравіцы[47]. Пасля сутыкнення пад Лубнамі ў 1638 г. (17 траўня) дзве харугвы польскай конніцы пад камандай Пятра Камароўскага, паручніка палявога гетмана, перш за ўсё выявілі атрад Пуціўльца і Муркі, які налічваў 2500 чалавек, a потым звязалі яго бітвай да таго часу, пакуль не падышлі галоўныя сілы. Гэта дазволіла Станіславу Патоцкаму сабраць астатнюю конніцу разам з гарматамі і акружыць праціўніка ў нязручным для абароны месцы[48]. Калі гэта адбывалася, Астраніна пры адступленні даганялі харугвы Е. Гіжыцкага, М. Паўлоўскага і А. Казаноўскага, іх падтрымлівалі некалькі соцень рэестравых. Заданнем гэтых харугваў было звязаць Астраніна бітвай і затрымаць яго адступленне. Гіжыцкі даволі хутка выкрыў праціўніка і значна ўскладніў яму адыход, спрыяючы гэтым перамозе польскіх войскаў над атрадамі Муркі і Пуціўльца. Падобная сітуацыя паўтарылася ў чэрвені. Станіслаў Патоцкі выслаў некалькі харугваў конніцы пад камандай Марка Гдэшыньскага і Гіяцынта Мялецкага з заданнем затрымаць марш Астраніна, які адыходзіў з-пад Слепароду, і таксама заняць мост на Суле. За гэтае другое заданне польскія атрады ледзь не заплацілі поўным паражэннем, але падтрыманыя згаданымі харугвамі Гіжыцкага, Паўлоўскага і Казаноўскага, а таксама драгунамі, усё ж змаглі захапіць ужо падпалены казакамі мост[49].

Роля самастойных груп кавалерыі абмяжоўвалася не толькі падобнымі дзеяннямі. Дзеля стратэгічных мэтаў яны выкарыстоўвалі таксама прывабліванне праціўніка з дапамогай адыходу высунутай уперад стражы, што наводзіла казакоў на галоўныя польскія сілы. Так менавіта адбылося ў дзень бітвы пад Кумейкамі, калі Лашч, адыходзячы, цягнуўза сабой табар Паўлюка, які ішоўза ім проста на падрыхтаваную да бою армію гетмана Мікалая Патоцкага[50]. Падобным чынам дзейнічала таксама група Пятра Камароўскага, наводзячы Пуціўльца на войска рэгімэнтара Станіслава Патоцкага.

У ходзе дзеянняў супраць паўстанцаў вельмі важным быў маланкавы захоп пераправаў. Гэта рабілася, каб праціўнік не паспеў знішчыць мастоў і грэбляў, што магло дазволіць яму ўхіліцца ад бою або пераследу. У1596 г. у ходзе дзеянняў пад Лубнамі згуртаванне конніцы Ежы Струся павінна было, між іншым, перарэзаць мост на Суле і не выпускаць з горада сілаў Налівайкі. Пад час ваенных дзеянняў мост захапілі харугвы конніцы, якія ішлі ў перадавой стражы[51]. У снежні 1637 г. Самуэль Лашч разбіўу Нятрэбцы згуртаванне некалькіх соцень казакоў і ўстанавіў кантроль над вельмі важнай са стратэгічнага пункту погляду пераправай на Росі пад Сахноўкай[52]. Пад час кампаніі наступнага года Станіслаў Патоцкі пасля бітвы пад Лубнамі (17 траўня) загадаў харугвам Гіжыцкага, Паўлоўскага і Казаноўскага (іх падтрымлівалі некалькі соцень рэестравых), якія даганялі казакоў пры адступленні, узяць мост пад Міргарадам. Аперацыя не мела выніку ў сувязі з прыходам на месца бою Пуціўльца і Муркі[53]. Гэтая сітуацыя паўтарылася 12 чэрвеня. Патоцкі, зноў даганяючы Астраніна, выправіў Гдэшыньскага з некалькімі харугвамі для захопу моста на Суле. Казакі ix пабілі, але група Гіжыцкага, падтрыманая драгунамі, адкінула паўстанцаў, захапіла ўжо падпалены імі мост і патушыла пажар[54].

Хуткасць і манеўранасць харугваў конніцы прыводзіла да таго, што заспетыя знянацку невялікія казацкія групы станавіліся здабычай польскіх конных атрадаў. Часам таму, што казакі не паспявалі атабарыцца, а іншы раз таму, што маленькія лагеры з невялікай сілай агню не з’яўляліся моцнымі праціўнікамі. У лютым 1596 г. колькасна слабейшыя харугвы, якімі камандаваў Жулкеўскі, хутка далі раду атрадам, вылучаным з галоўных сілаў Налівайкі, а ў красавіку роты Ружынскага і Яна Караля Хадкевіча разбілі пад Каневам полк запарожцаў Крыштафа Крэмпскага, які пільнаваў пераправу[55]. У 1630 г. Самуэль Лашч падобным чынам перамог атрад нейкага Каробкі, a пазней — Дэцка (хоць гэты раз на дапамогу Дэцку прыйшоў сам гетман). На сем гадоў пазней Самуэль Лашч ударыў па групе Скідана ў Мошнах. Сустрэўшы супраціў, адразу пайшоў у атаку на галоўныя сілы Кізіма, якія перапраўляліся цераз Дняпро, і разбіў іх[56]. У наступным годзе, 11 чэрвеня, Геранім Хшанстоўскі, які нёс варту на пераправах цераз Дняпро, выслаў 250 рэестравых пад камандай Захарыя Ягатынскага i Міхала Залеўскага супраць групы „гультайства» на 4000 чалавек Нестара Бардачэнкі і нейкага Саломы, якая накіроўвалася на Кіеў. Рэестравыя, падтрыманыя татарскай і валоскай харугвамі Самуэля Лашча (400 коннікаў), хутка разабраліся з праціўнікам, спусціўшы яго ў Днепр. 22 чэрвеня гетман Мікалай Патоцкі знянацку заспеў пад Старцам казацкія атрады, якія яшчэ не паспелі ўвайсці ў лагер, і разбіў іх. Таксама, яшчэ раней, былі лёгка ліквідаваныя асобныя групы казакоў сіламі Станіслава Патоцкага „кучкі, якія цягнуліся да Астраніна «[57].

Значна цяжэй даводзілася кароннай конніцы ў сутычках з галоўнымі казацкімі сіламі, якія перасоўваліся ў лагерным шыку. Такія сутычкі рэдка былі паспяховымі для палякаў, часам толькі часткова. Пад Вострым Каменем 4 красавіка 1596 г. Жулкеўскаму, які ў сваім распараджэнні меў каля трох тысяч чалавек, галоўным чынам конніцы, апрача таго, што табар паўстанцаў быў акружаны і шмат разоў атакаваны з усіх бакоў, не ўдалося яго ані разарваць, ані нават затрымаць. 31 кастрычніка 1625 г. недалёка ад Курукава кавалерыя Стэфана Хмялецкага пару разоў знянацку нападала на казацкі табар пад час руху і разрывала яго. Аднак жа паўстанцы, нанова замкнуўшы табар і пакінуўшы на волю лёсу адарваную яго частку, зладжана і хутка адыходзілі[58]. Нашмат больш драматычны ход мела бітва пад Лубнамі, што адбылася 16 траўня 1638 г. Польскія сілы, якімі камандаваў Станіслаў Патоцкі (каля 6000 жаўнераў i рэестравых), нечакана напалі на ўчастку, які выбралі самі, на лагер Астраніна. Першая атака закончылася адарваннем і захопам двухсот вазоў. Казакам, аднак, удалося наладзіць парадак, і чарговыя атакі конніцы, спешаных драгунаў і рэестравых гаслі пад агнём абаронцаў. На гэты раз быў паўтораны тактычны ход, які з поспехам выкарысталі на некалькі месяцаў раней пад Кумейкамі — складаная атака харугваў конніцы, пасля незакончанай атакі якіх у бітву ўступала артылерыя і спешаныя атрады Патоцкага. Аднак, апрача самаахвярнасці каронных войскаў і ўдалага разрыву пару разоў табарнага шыку, разбіць праціўніка не ўдалося. Ноч спыніла бітву, а да раніцы паўстанцы адышлі[59].

Рухавасць польскай конніцы i яе перавага ў сутычках у адкрытым полі прывялі да таго, што казакі мелі значныя клопаты з канцэнтрацыяй сваіх раскіданых сілаў. У 1637 г. Лашч, пабіваючы на пераправе цераз Дняпро перадавыя атрады Кізіма, таксама не дазволіў гэтай групе злучыцца з Паўлюком[60]. У траўні 1638 г. падмога, якая пад камандай Пуціўльца і Муркі спяшалася да Астраніна, была знішчана палякамі. Той самы лёс напаткаў групы Сякеравога, Скідана, a ўжніўні — і Філоненкі[61]. Зразумела, што здараліся выпадкі, калі такія напады на падмогу не ўдаваліся. У 1637 г. Скідан адбіў атакі Лашча і злучыўся з Паўлюком[62]. Не атрымаўся ў чэрвені 1638 г. напад Хшанстоўскага на групу казакоў, якая плыла Дняпром. Гэта былі рэшткі атрада Нестара Бардачэнкі, што адступалі з-пад Кіева[63].

Магчымасці самастойнай групы конніцы значна ўзрасталі тады, калі яна мела падтрымку рухомага „люду агністага» — драгунаў. Цікавым прыкладам дзеянняў такога камбінаванага атрада, калі былі выкарыстаны перавагі двух відаў войскаў — аператыўнасць конніцы i сіла агню ўзброенай мушкетамі пяхоты, была бітва, якая адбылася 31 кастрычніка 1625 г. пад Курукавам. Харугвы конніцы тады падтрымала нямецкая пяхота. Казакі спрабавалі затрымаць марш польскіх войскаў, паставіўшы на шляху, па якім яны рухаліся, групы да 2000 чалавек кожная на моцных пазіцыях, галоўным чынам на пераправах. Агонь казакоў быў вельмі значны для харугваў конніцы, якія спрабавалі ўхапіць перад абозу, таму выкарысталі лепш узброеную за праціўніка нямецкую пяхоту. Мушкетны агонь змусіў паўстанцаў пакінуць свае выгодныя пазіцыі, а на адкрытай прасторы па іх ударыла конніца, закончыўшы справу. Яна гнала рассеянага праціўніка аж да наступнай перашкоды, потым затрымалася, чакаючы сваёй пяхоты, і ўсё паўтарылася[64].

Аднак казакі былі жорсткім праціўнікам і апрача выкарыстання неспрыяльных ўмоваў для ўласных актыўных дзеянняў (як у аператыўным, так і ў тактычным сэнсе) усё ж спрабавалі перахапіць ініцыятыву, і гэта ім часта ўдавалася. У1596 г. яны рашуча пазбягалі сутычак з сіламі Жулкеўскага, стараючыся адыходзіць у стэпы. У 1625 г., дзейнічаючы імгненна, іх заспеў знянацку гетман Канецпольскі. Казакі не былі падрыхтаванымі да бою, таму хутка здаліся. Аднак зусім па-іншаму пачыналіся новыя паўстанні. Тры чарговыя пачаліся з наступлення казакоў. У1630 г. Тарасу Федаровічу ў сутычцы пад Корсунню ўдалося прымусіць некалькі харугваў да адступлення. Але ягоны марш на Кіеў не змог запаволіць хуткасць рэакцыі польскага боку, хаця ў дадзеным выпадку найбольш істотнае значэнне мела прысутнасць ва Ўкраіне значных каронных сілаў, накіраваных сюды на адпачынак пасля закончанай вайны ў Прусіі. Паўстанне 1637 г. пачалося чарговым наступам супраць палякаў. Тое самае адбылося годам пазней. Казакі, бачачы значную перавагу войскаў Рэчы Паспалітай, стараліся пазбягаць сутычак у адкрытым полі. Затое яны выкарыстоўвалі лагерны строй, сваю найбольш эфектыўную тактыку супраць непрыяцеля, які меў добрую кавалерыю. Пад час абароны лагера яны не былі пасіўнымі, але пастаянна рабілі вылазкі, некалькі з якіх (паміж іншым, пад Пераяславам у 1630 г. i пад Голтвай у 1638 г.) прывялі да значных паразаў польскіх войскаў. У другім выпадку паражэнне было такім, што Станіслаў Патоцкі, зняверыўшыся ў поспеху блакады, пастанавіў адцягнуць свае атрады ў глыбіню Задняпроўя і гэтым справакаваць выхад праціўніка з яго добра ўмацаваных пазіцый[65].

Істотна спрыяла поспеху паўстанняў тое, што гэта была сапраўдная народная вайна. Баявыя дзеянні пачыналі казакі, але да іх хутка далучаліся мяшчане і сяляне, асабліва насельнікі слабод. „Казакам штодзень войска па тысячы ці дзве прыбывае, а да нас ніхто» пісаў з-пад Жолніна (чэрвень 1638 г.) афіцэр Вішнявецкага. Калі Астранін стаяў у раёне верхняй Сулы, прыток мясцовых мужыкоў прынёс яму павелічэнне арміі ў тры разы[66]. У той час, калі палякі вялі асаду галоўных сілаў паўстанцаў, збіраліся новыя групы і спяшаліся на дапамогу асаджаным (1638), дзейнічалі таксама лініі сувязі (1630,1638).

Выдатны прыклад такой вайны засведчыла другая палова траўня 1638 г. У Лукомлі спыніўся Астранін на чале галоўных казацкіх сілаў, яго атрады пераразалі лініі сувязі кварцяных войскаў, якія знаходзіліся ў ваколіцы Лубнаў і злучалі горад з Пераяславам і пераправамі цераз Дняпро. Іншыя групы паўстанцаў знішчалі гэтыя пераправы, ліквідуючы шлях з Пераяслава, дзе стаяў Хшанстоўскі з вернымі Рэчы Паспалітай рэестравымі, на Правабярэжжа, адкуль мог падысці гетман Мікалай Патоцкі. На заходнім беразе Дняпра таксама было спакойна. На поўдні збіраў сілы Скідан, а на поўначы пад Кіевам — Салома. Хапалася за зброю Гуманшчына. Даходзілі звесткі пра паўстанне на паўночным Задняпроўі. Хуткасць дзеянняў мабільных польскіх груп прывяла ўрэшце да разгрому паўстання або знішчэння большасці значных атрадаў паўстанцаў[67]. Аднак гэта было трывожным папярэджаннем для каронных войскаў на будучыню. Нельга было прадбачыць, ці заўсёды можна будзе перамагчы гэтыя сілы раней, чым яны пойдуць на густа заселеныя раёны Ўкраіны, бо тады польскія атрады будуць вымушаны змагацца з паўстаннем, якое агорне ўсё Прыдняпроўе.

У 1596-1638 г. бітвы вяліся ва ўмовах асаблівага тупіка, хісткай раўнавагі, цяжка было некаму з бакоў дабіцца рашучай перавагі. Апрача колькаснай перавагі на полі бою каралеўскіх войскаў толькі кампанія 1596 г. і блакада Старца ў 1638 г. прывялі да поўнай перамогі польскага боку, a ў другім выпадку да замірэння на ўмовах уладаў Рэчы Паспалітай. Адбылося гэта, аднак, пасля цяжкай і крывавай кампаніі, пад час якой польская перамога праз пэўны час зусім не здавалася асабліва надзейнай. У 1625 i 1630 г. ваенныя дзеянні закончыліся, з польскага пункту гледжання, кампрамісамі ў выглядзе дамоваў з непераможанымі казакамі. Гэтымі кампрамісамі скончыліся цяжкія баі з умацаваным у лагерах праціўнікам. Але ва ўмовах такога тупіка палякам усё ж удавалася пад час кампаній 1596-1638 г. акружаць паўстанчую армію, адразаючы яе ад рэзерву, якім было насельніцтва Прыдняпроўя.

Аднак у выніку пераможныя кампаніі дадавалі польскаму боку пэўнасці ў сваіх сілах. Дзякуючы мабільнай і вопытнай конніцы ўдавалася перамагаць у сутычках з казакамі, нават калі даводзілася змагацца з лагерам. Конныя харугвы хутка выяўлялі праціўніка, затрымлівалі ягоны марш, акружалі і змушалі да капітуляцыі галоўным чынам з дапамогай блакады. З досведу гэтых дзеянняў вынікала відавочная для абодвух бакоў ісціна, што калі паўстанцы з Запарожжа перасунуцца на „воласці» — гэта стане для палякаў вельмі небяспечным, бо будзе пагражаць павелічэннем сілаў паўстанцаў у шмат разоў дзякуючы прытоку дабравольцаў. Полымя паўстання, аднойчы запаленае, раз за разам аднаўлялася, вынікам чаго былі, прынамсі, працяглыя і зацятыя кампаніі.

Пераклад Бярнарды Івановай


[1] Пра паўстанне гл.: W.A. Serczyk, Na dalekiej Ukrainie. Dzieje Kozaczyzny do 1648 roku, Kraków 1984, s. 88-93; С. Леп’явко, Козацькі війни кінця XVI ст. в Україні, Чернігів 1996, s. 45-82; С.Р. Лях, Повстання 1591-1593, w: Українське козацтво. Мала енциклопедія [далей УK], Київ — Запоріжжя 2002, s. 385-387.
[2] Гэтая бітва мела даволі цікавы ход. Налівайка вырашыў абавязкова выбавіць Ружынскага з горада і захапіць горад у той час, калі князь будзе заняты барацьбой з табарам Савулы, які шыхтаваўся на подступах. Бітва адбылася ўвечары. Ружынскі не дазволіў паўстанцам напасці знянацку, ён вывеў супраць іх дзве свае харугвы і ўдарыў па табары. Здабыўшы яго, распачаў пагоню за разбітым, на яго меркаванне, непрыяцелем. У гэты час Налівайка з асобным атрадам затаіўся перад адной з брамаў горада. Мяшчане адчынілі яму браму, і ён заняў горад. Склалася наступная сітуацыя: Ружынскі трымаў у сваіх руках абоз, а казакі Налівайкі — горад. Аднак князь вярнуўся і здолеў прабіцца да замка, які абараняла венгерская пяхота. На досвітку камандзір казакоў, даведаўшыся пра марш Жулкеўскага, скамандаваў адступленне, не атакуючы абароненага замкавым мурам Ружынскага.
[3] Пра паўстанне Налівайкі гл.: W.A. Serczyk, s. 124-136; С. Леп’явко, s. 131-224; С.Р. Лях, Повстання 1594-1596, w: УK, s. 387-389.
[4] W.A. Serczyk, s. 256-264; M. Грушевский, Історія Украіни-Руси, Киïв 1995, t. 7, s.543-561; L. Podhorodecki, Stanisław Koniecpolski ok. 1592-1646, Warszawa 1978, s.135-144; С.Р. Лях, Повстання 1625, w: УK, s. 389-391.
[5] Termina sprawy wojennej, która się toczyła na Ukrainie z Kozaki zaporoskimi od 24 marca A. 1630, AGAD, AR II, nr 1025; M. Грушевский, t. 8, s. 98–119; L. Podhorodecki, s. 255-268; В.О. Щербак, Народні рухи на України напередодні визвольнoї війни 1648-1654 рр, Киïв 1989, s 28-41; W. Tomkiewicz, Powstanie kozackie w r. 1630, Warszawa 1930.
[6] W. Tomkiewicz, Bitwa pod Kumejkami (16 XII 1637), „Przegląd Historyczno-Wojskowy» t. IX, 1936/1937, s. 239-261; M. Gawęda, Powstanie kozackie 1637, Zabrze 2007.
[7] M. Грушевский, т. 8, s. 291-311; W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki (1612-1651), Warszawa 1933, s. 21-35; A. Borowiak, Powstanie kozackie 1638 r., w: Staropolska sztuka wojenna. Prace ofiarowane Profesorowi Jaremie Maciszewskiemu, pod red. M. Тagielskiego, Warszawa 2002, s. 57-84.
[8] J. Wimmer, Wojsko i skarb Rzeczypospolitej u schyłku XVI i w pierwszej połowie XVII w., „Studia i materiały do historii Wojskowości», t.14,1968, cz. 1, s. 15-16. У пачатковай фазе змагання Жулкеўскі меў 10 ротаў кварцяных, але калі ён распачаў аперацыю на Задняпроўі, яго сілы складаліся з 3220 гусараў (30 ротаў), 1338 казакоў (12 ротаў), 800 пяхоты (4 роты). Гэтыя сілы падтрымлівалі 1100 жаўнераў ВКЛ пад камандай Багдана Агінскага. Гл. S. Żółkiewski do J. Zamoyskiego, Ostropole 9 III 1596, w: Listy Stanisława Żółkiewskiego1584-1620, wyd. T. Lubomirski, Kraków 1868, s. 69-70; [J. Bielski], Joachima Bielskiego dalszy ciąg Kroniki polskiej zawierającej dzieje od 1587 do 1598 r., wyd. F. M. Sobieszczański, Warszawa 1851 [далей Bielski] s. 277.
[9] J. Wimmer, Wojsko i skarb, s. 42,57, 66-67; W. Majewski, Walki z Kozakami w l. 1591-1653, w: Działania militarne w Polsce południowo-wschodniej, red. W. Wrуblewski,Warszawa 2000, s. 111-117; A. Borowiak, s. 60, 70, 78.
[10] С. Жулкеўскі да Жыгімонта III, абоз пад Сапогам 21 V 1596, w: Pisma Stanisława Żółkiewskiego, wyd. A. Bielowski, Lwów 1861, s. 151. Гетман паведамляў, што казацкія войскі налічваюць 6000 чалавек, але толькі 2000 з іх здольныя дабою. R. Heidenstein (Dzieje Polski, t. I, Petersburg 1857, s. 377) паведамляе пра 8000 казакоў.
[11] W. Majewski, Walki, s. 104,111-112,114-117; M. Грушевский, t. 7, s. 543-545; t. 8,s. 291-310.
[12] Eryka Lassoty i Wilhelma Beauplana opisy Ukrainy, przekł. Z. Stasiewska i S. Meller, pod red. Z. Wójcika, Warszawa 1972, s. 110.
[13] Bielski, s. 278.
[14] Diariusz ekspedycji ukrainnej z Kozakami zaporoskiemi w roku 1625 [далей: Diariusz 1625] w: Zbiór pamiętników historycznych o dawnej Polszcze wydanych oraz listamioryginalnemi królów i znakomitych ludzi w kraiu naszym, wyd. J. U. Niemcewicz, t. 6,Lwów 1833, s. 150-152.
[15] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 252-256,260-261; M. Gawęda, s. 115-191.
[16] Termina sprawy wojennej, AGAD, AR II, nr 102 5, s. 1.
[17] A. Borowiak, s. 66,72-73. Адной з прычын паразы пад Жолнінам былі паводзіны жаўнераў, якія пасля разрыву табару палічылі перамогу канчатковай і кінуліся рабаваць. Сам князь таксама, замест таго каб закончыць справу, кінуўся ў пагоню за казакамі, што адступалі ў балоты. Гэта дало магчымасць Гуню прытушыць паніку ў сваіх атрадах і арганізаваць контрудар.
[18] Аповед аднаго недабітка-мушкецёра з-пад рэгімэнту пана Генрыка Дэнгоффa аберштэра аб погроме паноў гетманаў пад Корсушю, у: Relacje wojenne z pierwszych lat walk polsko-kozackich powstania Bohdana Chmielnickiego okresu „Ogniem i mieczem» (1648-1651), oprac. M. Nagielski, Warszawa 1999, s. 122.
[19] Józef Naronowicz-Naroński, Budownictwo wojenne, pod red. Tadeusza Nowaka, Warszawa 1957, s. 178.
[20] T. Żurkowski, Żywot Tomasza Zamojskiego kanclerza wielkiego koronnego, wyd. Aleksander Batowski. Lwów 1860, s. 99.
[21] W. Kochowski, Historia panowania Jana Kazimierza, Poznań 1859, cyt. za M. Gawęda,s. 157.
[22] A. Borowiak, s. 68.
[23] Апісанне казацкага лагера зроблена на падставе: M. Gawęda, s. 55-68; І.С. Стороженко, Богдан Хмельницкий і воєнне мистецтво у Визвольній війні укранського народу середини XVII століття, Дніпропетровськ 1996, s. 61-69;R. Majewski, Cecora rok 1620, Warszawa 1970, s. 202-213.
[24] AR II, nr 1025, s. 2; A. Borowiak, s. 67-68.
[25] Sz. Okolski, Kontynuacya dyaryusza wojennego, wyd. K.J. Turowski, Kraków 1858,s. 141.
[26] A. Borowiak, s. 77.
[27] Diariusz 1625, s.150-152,155-156; W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki, s. 31.
[28] J. Bielski, s. 276-279. Больш падрабязна на тэму асады табару на Саланіцы гл.: С. Леп’явко, s. 209-214.
[29] AR II, nr 1025, s. 2; Львівський літопис [Была выкарыстана версія гэтага летапісу ў Інтэрнэце па адрасе http://litopys.org.ua/index.html].
[30] A. Borowiak, passim.
[31] ARII,nr1025.
[32] W. Majewski, Taktyka w walkach polsko-kozackich 1625-1638, „Rocznik Przemyski.Historia Wojskowości», t. XL, 2004, s. 8.
[33] AR II, nr 1025, s. 2.
[34] Ibidem; M. Грушевский, t. VIII, s.112-113, В.О. Щербак, s. 37.
[35] Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы в трех томах, Москва 1954, т. I, s. 100, 102, 107-108, 110, 114; M. Грушевский, т. 8, s.128.
[36] Sz. Okolski, Kontynuacya, s. 99-141. A. Borowiak, s. 64-65.
[37] Sz. Okolski, Kontynuacya, s.168-173; W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki, s. 34; A.Borowiak, 79-81.
[38] Sz. Okolski, Kontynuacya, s. 148.
[39] Ibidem, s. 166.
[40] W. Majewski, Taktyka w walkach, s. 9-10
[41] R. Hejdenstein, Dzieje Polski od śmierci Zygmunta Augusta do roku 1594, t.I, wyd. W.Spasowicz, tłum. M. Gliszczyński, Petersburg 1857, s. 366; С. Леп’явко, s. 202.
[42] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 246; M. Gawęda, s. 121-124
[43] Sz. Okolski, Kontynuacya, s.126-127; W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki, s. 25; A.Borowiak, s. 69.
[44] С. Леп’явко, s. 208.
[45] Diariusz 1625, s.146.
[46] S. Żurkowski, s. 99. У „Diariuszu 1625″ (s. 152-153) не хапае інфармацыі на тэму гэтага пераследу Хмялецкага. Затое ёсць упамінанне пра перадавую стражу, што складалася з палка конніцы падкаморыя падольскага Станіслава Патоцкага, якую ў апошняй фазе падтрымлівалі харугвы Януша Тышкевіча.
[47] Sz. Okolski, Kontynuacya, s. 64-65; M. Gawęda, s 192.
[48] Ibidem, s. 113-115; A. Borowiak, s. 67-68.
[49] A. Borowiak, s. 67, 72.
[50] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 248-249; M. Gawęda, 133-134.
[51] J. Bielski, s. 276; R. Hejdenstein, s. 375.
[52] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 246; M. Gawęda, s. 122.
[53] Sz. Okolski, Kontynuacya, s.111,113; A. Borowiak, s. 67.
[54] W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki, s. 28; A. Borowiak, s. 72.
[55] J. Besala, Stanisław Żółkiewski, Warszawa 1988, s. 109-110, С. Леп’явко, s. 197-198і 202.
[56] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 247-248.
[57] A. Borowiak, 71-72, 75-76.
[58] S. Żurkowski, s. 99.
[59] A. Borowiak, s. 66.
[60] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 248.
[61] W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki, s. 27-28, 30, 34-35.
[62] W. Tomkiewicz, Bitwa, s. 247-248.
[63] A. Borowiak, s. 76.
[64] Diariusz 1625, s. 152-155.
[65] Sz. Okolski, Kontynuacya, s. 99-102,105; A. Borowiak, s. 64-65.
[66] W. Tomkiewicz, Jeremi Wiśniowiecki, s. 26-27, 31.
[67] Ibidem, s. 25; M. Грушевский, т. 8, s. 297-299.

Наверх

Тэгі: , , ,