Андрэй Янушкевіч. Нявыкарыстаныя шанцы рэваншу: ВКЛ у канцы Інфлянцкай вайны 1558–1570 г.
Напрыканцы 60-х г. XVI ст. Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў незайздросным становішчы. З аднаго боку, Інфлянцкая вайна выцягвала ўсе наяўныя сродкі і прыводзіла ВКЛ да комплекснага палітычнага і эканамічнага крызісу, з другога — Польшча, карыстаючыся крызісным становішчам, ціснула на патрэбу хутчэйшага заключэння міждзяржаўнай уніі. У папулярнай літаратуры і ў некаторых працах масцітых гісторыкаў нават вымалевалася просценькая схема, паводле якой перад ВКЛ стаяў выбар: або быць у саюзе з Польшчай, або быць паглынутай Масквой у выніку Інфлянцкай вайны. У якасці суверэннай дзяржавы, самастойнага і актыўнага суб’екта міжнародных адносінаў Княстваўжо не разглядалася… Гэтыя навязаныя, як правіла, нашымі суседзямі погляды саслужылі не найлепшую службу для зразумення сапраўднай сутнасці складаных палітычных працэсаў.
Сітуацыя, аднак, не была цалкам трагічнай. У гэты час у Княства з’явіўся цікавы шанец выправіць становішча і калі не перамагчы маскоўскага непрыяцеля, то прынамсі пераняць у яго ініцыятыву і паспрабаваць вярнуць страчаныя ў першай палове 60-х г. XVI ст. землі ў паўночна-ўсходняй Беларусі. Пераломным момантам стаў нечаканы захоп літоўскім найманым войскам на чале з польным гетманам Раманам Сангушкам Ульскага замка 27 жніўня 1568 г. Упершыню літоўскім жаўнерам пашчасціла авалодаць важным стратэгічным пунктам праціўніка. Калі зважаць на пасіўны, можна нават сказаць, млявы характар ваенных дзеянняў у другой палове 60-х г. XVI ст., гэта быў неверагодны поспех[1].
Узяцце Улы было вельмі важным сігналам, які мог пры належных дзеяннях перамяніць акцэнты палітычнага працэсу і перакінуць увагу з уніі з Польшчай на ваенныя справы. Адразу напрошваецца аналогія з Ульскай бітвай 1564 г., калі Мікалай Радзівіл Чорны згарнуў перамовы аб уніі на каронным сойме, абвясціўшы пра неабходнасць пільна заняцца ваеннымі справамі[2].
Міжнародная сітуацыя таксама спрыяла ВКЛ. У Швецыі памянялася ўлада ў выніку дэтранізацыі караля Эрыка і ўзыходжання на трон фінляндскага герцага Юхана, які быў жанаты на малодшай сястры Жыгімонта Аўгуста Катарыне. Гэта дазваляла спадзявацца на ператварэнне скандынаўскай дзяржавы з непрыяцеля ў трывалага саюзніка. З Асманскай імперыяй былі наладжаны прадуктыўныя кантакты, якія дазвалялі спадзявацца на заключэнне міру, які б абавязваў і Крымскае ханства да спынення рабаўнічых набегаў на паўднёвыя землі ВКЛ.
Здавалася, карта ідзе ў рукі ліцвінаў, і ў працяг поспеху пад Улай трэба падрыхтаваць наступленне на маскоўскія пазіцыі. Але ўзяцце Улы, наадварот, не зрабіла вялікага ўражання на кіраўніцтва ВКЛ і, як вынік — ніякіх значных дзеянняў па актывізацыі вайны не было праведзена. Чаму так сталася? Чаму ў варунках пагрозы страты суверэнітэту на карысць Польшчы кіраўнічная эліта ВКЛ не зрабіла адэкватных крокаў для ўмацавання становішча дзяржавы ў Інфлянцкай вайне, менавіта якая цягнула яе да нявыгаднай уніі з заходнім суседам? Увогуле, якая атмасфера панавала ў асяроддзі радных паноў, наколькі адэкватна яны ўспрымалі палітычную рэчаіснасць і бачылі перспектывы выхаду з крызіснай сітуацыі?
У ВКЛ, безумоўна, існавала групоўка, якую ў фармальным сэнсе можна назваць „ваеннай партыяй». Гэта перадусім тыя людзі, што па сваіх службовых абавязках былі непасрэдна звязаны з ваеннай сферай. Да яе, без сумневу, трэба прылічыць трох гетманаў. Інфлянцкі гетман і адміністратар (з 1566 г.) Ян Хадкевіч наладзіў сістэму абароны ў Інфлянтах і вызначыўся ініцыяваннем выправы пад Улу ў лютым — сакавіку 1568 г. Польны гетман Раман Сангушка, як толькі апынуўся на Полаччыне, імкнуўся ажыццяўляць актыўныя наступальныя аперацыі. Нарэшце, найвышэйшы гетман Рыгор Хадкевіч таксама выступаў за канцэнтрацыю ўвагі на ваенных справах, аднак з вышыні сваёй пасады больш рэалістычна ацэньваў сітуацыю з забеспячэннем войска неабходнымі фінансава-матэрыяльнымі сродкамі. Безумоўна, да сяброў „ваеннай» партыі трэба прылічыць такіх актыўных ротмістраў, як Юры Тышкевіч, Філон Кміта, Юры Зяновіч і іншых, г. зн. тых, хто рабіў кар’еру перадусім на вайсковай службе.
Варта прыгледзецца бліжэй да пазіцыі Р. Сангушкі. Ён быў адзіным сябрам гаспадарскай Рады (апрача Я. Хадкевіча), які непасрэдным чынам судакранаўся з вайной, стала знаходзячыся ў зоне баявых дзеянняў і ведаючы тым самым становішча на фронце з унутранага боку. Ён, у адрозненне ад іншых радных паноў, не быў песімістам адносна магчымасцяў ВКЛ узяць рэванш у Інфлянцкай вайне, пастаянна прапаноўваючы актывізаваць ваенныя дзеянні наступальнага характару. Вельмі цікава, што пасля ўзяцця Улы ён прапаноўваў, здавалася б, цалкам авантурную ідэю — ісці на Полацк, дзе, па яго звестках, не было на гэты час вялікага варожага гарнізону. Для гэтага Р. Сангушку было патрэбна баяздольнае і забяспечанае неабходным рыштункам войска. У палітычным плане ён з’яўляўся прыхільнікам цвёрдай улады, неабходнай перадусім для вырашэння пільных арганізацыйных праблем, звязаных з абаронай краіны, і прапаноўваў забыцца на некаторы час на „шляхецкія вольнасці» дзеля перамогі ў вайне з Маскоўскай дзяржавай[3]. Яшчэ адзін факт, які датычыць разгляданага часу — у кастрычніку 1568 г. польны гетман прапаноўваў Жыгімонту Аўгусту выправіць ганца ў Маскву для аднаўлення дыпламатычных кантактаў, аднак не дзеля замірэння з непрыяцелем, а для атрымання часу, неабходнага, каб належным чынам падрыхтавацца да вырашальнага ўдару па маскоўцах[4]. Як бачым, пазіцыю Р. Сангушкі адрознівае нацэленасць на пераможную вайну і канцэнтрацыю ўвагі на арганізацыі ваенных мерапрыемстваў.
На падобнай пазіцыі стаяў найвышэйшы гетман Р. Хадкевіч. Ён у сувязі з узяццем Улы спадзяваўся на хуткае вяртанне Жыгімонта Аўгуста ў Літву і ў выніку — на зварот да ваенных справаў («сам через себе таковых значных и статечных послуг их залецать…»)[5]. Аднак гэта былі дарэмныя спадзяванні для таго часу. Яны толькі выразней паказваюць, наколькі не валодалі палітычнай сітуацыяй асобныя прадстаўнікі Рады. Гетман слепа верыў, што вайна мае (або павінна мець) для гаспадара першаснае значэнне, асабліва пры відавочных поспехах літоўскай зброі. Ужо праз дзесяць дзён (19 верасня 1568 г.) пасля выказвання падобных меркаванняў Р. Хадкевіч мусіў з горыччу канстатаваць, што гаспадар не спяшаецца пераходзіць да актыўных дзеянняў на ваенным фронце, губляючы такі важны для авалодання ініцыятывай і пералому сітуацыі час: „Wiemy jaka prędka u niego w rzeczach wojennych odprawa, jako rychło pisarze jego piszą, jako się go panowie boją i onego słuchają, a nie tylko panowie na prośbę, ale właśni jego urzędnicy, starostowie i dzierżawcy imion jego nic więc uczynić nie chcą, owa jakie oremus, takie benedicite«[6]. У лістападзе 1568 г. ён выказаў ідэю заблакаваць блізкі да Улы замак Туроўля і найбольш паўднёвы ўмацаваны пункт маскоўцаў Сушу[7]. Аднак, на нашу думку, гэта быў свайго роду водкуп ад гетманскага патрабаванняў актывізацыі ваенных дзеянняў. У планы гаспадара не ўваходзіла ўцягванне ў новы абарот вайны і адмова ад рашэння пастаўленых унутрыпалітычных задач, галоўнай з якіх была канчатковая рэалізацыі уніі паміж Каронай і Княствам.
Канцэпцыя актыўных дзеянняў на ваенным фронце не атрымала падтрымкі з боку гаспадара, які, праўду кажучы, не любіў ваяваць і разглядаў ваенны ціск хутчэй як сродак дыпламатычнай гульні, чым самадастатковую зброю пры вырашэнні спрэчных пытанняў знешняй палітыкі. Не знаходзячы магчымасцяў для вядзення паспяховай вайны, ён бачыў выйсце з крызіснай сітуацыі, да якога прывяла Інфлянцкая вайна, у заключэнні уніі з Польшчай і павелічэнні з дапамогай заходняга суседа рэсурснай базы для ўдзелу ў вайне.
Лідэр гаспадарскай Рады М. Радзівіл Руды, выступаючы супраць унійнай палітыкі гаспадара, тым не менш, займаў пасіўную пазіцыю па пытанні ўдзелу ў вайне, бачачы ў ёй крыніцу ўсіх праблем Княства. Для яго выхад з вайны быў свайго роду абсалютнай панацэяй. Прыкладам, на прапанову гаспадара засекчы дарогі ў блізкія да Улы маскоўскія замкі М. Радзівіл Руды адказаў больш чым адмовай: „Што тэж твоя м(и)л(о)сть писал до нас у другомъ листе своемъ о запасечене дорогъ з Полоцка до Суши и до Туровли замковъ неприятелскихъ, якобы за божою помочъю козаками або яким фортелем могло ся што доброго справити, а неприятеля согнати с тых замков, о чом твоя м(и)л(о)сть не радишъ, абы мелъ быти неприятел дражненъ под тымъ часомъ посланя ку нему гонца нашого»[8]. Як бачым, нават пры спрыяльных абставінах на ваенным фронце ён выступаў за замірэнне з маскоўскім непрыяцелем.
Гаспадар абыякава паставіўся да прапанаванага Р. Сангушкам наступлення на Полацк, перакладваючы яго рэалізацыю на плечы абодвух гетманаў[9]. Яго задавальняла трывалае ўмацаванне на выгодным фарпосце, тым больш што пасля захопу Улы папярэднія дамоўленасці з маскоўскім кіраўніцтвам аб узнаўленні перамоваў аб міры маглі перастаць дзейнічаць[10]. Вядома, што ідэю ўмацавання ўУле падтрымаў таксама такі ўплывовы палітык, як Астафій Валовіч, які знаходзіўся ў гэты час пры гаспадару ў Варшаве. Ён меркаваў, што паспяховая рэалізацыя гэтага мерапрыемства залежыць ад прысутнасці палявога гетмана на месцы, адзначаючы, што кіроўная эліта павінна падыйсці да гэтай задач скансалідавана: „Пане Боже, дай, абы мы вси однакими очима на то (замацаванне ў Уле і адбудаванне там замка. — А.Я.) смотрели а (и) нелитовали кинути ся до поратованья таковое потребы» [11].
Такім чынам, Жыгімонт Аўгуст не адкінуў ідэю замірэння нават пры спрыяльных ваенных абставінах. Яе выкананню была падначалена дыпламатычная місія ўлана Букрабы ў лістападзе 1568 г., які выправіўся ў Маскву за глейтавымі лістамі для вялікіх паслоў з ВКЛ.
Цікава, што грамата для Букрабы, занесеная ў пасольскую кнігу Метрыкі ВКЛ, пазначана 30 ліпеня 1568 г.[12]. Гэта азначае, што яна была напісана адразу пасля вяртання Юрыя Быкоўскага з маскоўскага палону. Гэта адбылося якраз у ліпені 1568 г. Сам Букраба ў вуснай размове з маскоўскімі дыпламатамі паведамляў, што грамату да Івана Жахлівага па распараджэнні Жыгімонта Аўгуста яму выдалі радныя паны ў мястэчку Гародна, што на Падляшшы. Пра яго місію ведалі толькі чатыры чалавекі з кіраўнічнай эліты — М. Радзівіл Руды, Р. Хадкевіч, Я. Хадкевіч і А. Валовіч. Гэта было выклікана жаданнем захаваць яе ў таямніцы ад палякаў. Маскоўцы атрымалі наступнае тлумачэнне: польскі бок узамен за ваенную дапамогу спадзяецца атрымаць доступ да літоўскіх урадаў і землеўладанняў, на што ліцвіны прынцыпова не хочуць пагадзіцца. Таму замірэнне з Масквой не ляжала ў інтарэсе палякаў[13].
Улан Букраба, аднак, перасёк мяжу з Маскоўскай дзяржавай толькі 26 кастрычніка 1568 г.[14]. Чым быў выкліканы такі працяглы перапынак?
Магчыма, у Літве вырашылі пачакаць рэакцыі на ўзяцце Улы. Гэтая версія, у прынцыпе, добра ўпісваецца ў храналагічныя рамкі падзей[15]. З іншага боку, цалкам верагодна, што Букрабу магла спыніць эпідэмія чумы, якая разгулялася на Полаччыне восенню 1568 г. Як бы там ні было, літоўскі ганец урэшце выправіўся далей на ўсход.
Увесь ход знаходжання Букрабы ў межах Маскоўскай дзяржавы павінен быў паказваць мірныя намеры ліцвінаў. У рапартах маскоўскіх чыноўнікаў, запісаных у пасольскую кнігу, паведамляецца пра ўпрошванне ліцвінамі гаспадара заключыць мір[16]. Мяркуем, што гэта быў стары тактычны ход — паказаць мірныя намеры ліцвінаў у супрацьвагу агрэсіўным польскім, каб тым самым павялічыць шанцы на ўдалы зыход дыпламатычнай місіі.
На гэта былі накіраваны і словы ганца пра адсутнасць на межах літоўскага войска. Букраба ў прыватнай размове з маскоўскім прыставам Афанасіем Біцягоўскім паведаміў, што найвышэйшы гетман Р. Хадкевіч стаіць у Менску са сваім дваром[17], да польнага гетмана Р. Сангушкі, які знаходзіўся ў Бельмаках паблізу Чашнікаў, было накіравана дзве тысячы найманых жаўнераў. Акрамя таго, у Уле, дзе адбывалася аднаўленне замка, стаялі рота Станіслава Тарноўскага і перадыслакаваная з Віцебска казацкая рота Сямёна Бірулі[18].
Такая ацэнка арганізацыі абароны была блізкай да сапраўднага стану рэчаў. Таму на першы погляд перадача маскоўцам інфармацыі пра кепскае вайсковае забеспячэнне мае дзіўнаваты характар. Хто ж паведамляе непрыяцелю пра ўласную непадрыхтаванасць да абароны і адпору варожага нападзення? Аднак гэта мела сваю логіку ў тым, каб паказаць адсутнасць намераў ваяваць. Заўважым, праўда, што нават паведамленне пра дзве тысячы наймітаў прыводзіла маскоўцаў у спалох і прымушала іх думаць аб агрэсіўных планах ліцвінаў[19].
Самым інтрыгоўным момантам паслання Букрабы стала вітанне Івана IVяк„великого князя всеаРуси»[20]. Наздзіўленыя запыты маскоўскіх дыпламатаў літоўскі ганец адказаў, што „ему приказали царское имя говорити от короля радные паны» (вылучана намі. — А.Я.), якія выпраўлялі яго ў Маскву. На нашу думку, гэта было галоўнай хітрасцю Жыгімонта Аўгуста, дзякуючы якой ён быўупэўнены ўзаспакаенні на ваенным фронце. Царскі тытул не быў запісаны ў гаспадарскай грамаце, зразумела, каб не пакінуць маскоўцам прэцэдэнту для далейшага ціску ў дыпламатычных зносінах. Верагодна, гэтым можна вытлумачыць адсутнасць тэксту граматы ў маскоўскай пасольскай кнізе. Для яе ўпісання былі пакінуты два чыстыя аркушы, якія так і засталіся пустымі[21].
Гэтая акалічнасць, аднак, не перашкодзіла ўдаламу заканчэнню місіі Букрабы. У грамаце, якую Іван IV накіраваў Жыгімонту Аўгусту ў ад каз, была дадзена згода на спыненне ваенных дзеянняў і — што немалаважна — адмову ад будаўніцтва новых замкаў на акупаванай тэрыторыі ВКЛ: «Мы за твоим брата нашего писанием рать свою воротили и по всем своим пограничным городом бояром своим и наместником и воеводам и всем воинским людем в твою землю брата нашего войною входити и городов и мест заседати и новых городов ставити не велел, докуды послы твои брата нашего у нас будуть и меж нас дело доброе постановят»[22]. Цікава, што пад час місіі не было сказана ніводнага слова пра падзеі пад Улай. Ніхто не хацеў псаваць адносіны ў складаных унутрыпалітычных абставінах.
Букраба выканаў галоўную мэту сваёй місіі — ён атрымаў глейтавыя лісты для вялікіх паслоў з ВКЛ. Ужо 18 лістапада 1568 г. літоўскі ганец выехаў з Масквы, а 2 снежня перасёк мяжу паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ[23].
Гісторыя з тытулам яскрава паказвае, што для Жыгімонта Аўгуста іменаванне Івана Жахлівага рускім царом у нефармальнай форме не мела абсалютна прынцыповага значэння. Пры неабходнасці гэтая прыманка магла быць кінута маскоўскім палітыкам дзеля дасягнення пэўнай палітычнай мэты. У канцы 1568 г. такой мэтай было спыненне ваенных дзеянняў. Стабілізацыя на ваенным фронце была патрэбна гаспадару для рэалізацыі супольнага польска-літоўскага сойму, на якім прадугледжвалася заключэнне міждзяржаўнай уніі.
Адсюль выходзіла і нежаданне ісці на эскалацыю канфлікту нават пры спрыяльных абставінах на фронце. Як ужо згадвалася, Жыгімонт Аўгуст на звестку пра ўзяцце Улы адрэагаваў у цэлым стрымана, прапанаваўшы толькі замацавацца на выгодным плацдарме[24].
Аднак нават такая задача (адбудаванне Улы) была не па сілах для ліцвінаў. У кіраўніцтва адсутнічалі магчымасці і сродкі для хуткага ўзнаўлення спаленага пад час штурму замка. Найвышэйшы гетман не знаходзіў належнай падтрымкі ў справе павышэння абароназдольнасці памежных замкаў. Жыгімонт Аўгуст выступаў „за», аднак словы не падмацоўваў рэальнымі матэрыяльнымі сродкамі[25]. Р. Хадкевіч скардзіўся наігнараваннетакойважнайсправызбокуземлеўладальнікаў Полаччыны і Віцебшчыны: „Ponieważ za częstem pisaniem, prośbami W[aszej] M[iłości] tamci wszyscy panowie, których tam pobliżu są imiona, nie tylko nie dbają, aleś ani rozumieją, ani chcą tam do roboty zamku tamesznego (Улы. — А.Я.) ludzi posłać»[26]. Гэта было паказчыкам стану справаў — прысутнічала выразнае нежаданне аддаваць ўласныя рэсурсы на карысць дзяржавы, дбаючы толькі аб прыватных інтарэсах.
Сімптаматычна, што гэтая „хвароба» распаўсюдзілася і ў прыфрантавой зоне — там, дзе вайна непасрэдна ўплывала на жыццё мясцовага насельніцтва і прыбыткі землеўладальнікаў. Умацаванне абароны павінна было быць ix карэнным інтарэсам. Аднак, як бачым, перамагала думка, што ўсе выдаткі ідуць намарна. Падобнае ўсведамленне асабліва пашырылася пасля няўдалага збору вялікага паспалітага рушання пад Маладэчнам у 1567 г.
Паступова адбудова Улы распачалася. Земскі падскарбі М. Нарушэвіч атрымаў распараджэнне накіраваць на будаўніцтва ўсіх рабочых, якія з лета 1568 г. займаліся будоўляй новых замкавых умацаванняў у Чашніках, Вараночы і інш.[27]. Для Р. Хадкевіча забеспячэнне Улы ўсім неабходным стала на некаторы час галоўнай задачай: „Около потребъ вшеляких до забудованья замку на оном же копцу Ульскомъ, спешного и прудкого поратованья яко людми, жолнери, посохи для роботы, живности, пенезей потребуючи, около того сезде уставичне без перестаня в ден и в ночи не всипаючи пильность и старане працовитое чиню…»[28]. Ён перадаваў у заставу не толькі свае маёнткі, але і маёнткі сына, каб знайсці грошы для аплаты службы найманых жаўнераў і рабочых на замкавых будоўлях. Вядома, што найвышэйшы гетман адаслаў 300 чалавек з Быхава і Магілёва на работы ў верасні 1568 г.[29].
13 кастрычніка 1568 г. Р. Хадкевіч з задавальненнем канстатаваў, што „Ула добре се будуеть и вжо початок ее добрый ест», наракаючы адначасова на недахоп рабочых людзей і правіянту[30]. Земскі скарб рабіў усё магчымае, наймаючы людзей для працы у небяспечным рэгіёне. Сюды, у прыватнасці, былі выпраўлены падданыя з барысаўскіх, магілёўскіх, бабруйскіх, любашанскіх воласцяў[31].
Пасля ўзяцця Улы нічым не палепшылася фармаванне найманага войска, якое традыцыйна вялося з паважнымі цяжкасцямі. Аднак цяпер узніклі новыя праблемы, якія былі звязаны перадусім з паводзінамі ротмістраў і жаўнераў. Яны не ўпісваліся ў аніякія рамкі!
Прыкладна ў канцы верасня — пачатку кастрычніка 1568 г. да Р. Сангушкі былі накіраваны новыя ротныя фармаванні. Аднак яны так і не дайшлі да месца свайго прызначэння. 13 кастрычніка 1568 г. Р. Хадкевіч на запыты польнага гетмана адказваў, што папросту не ведае, куды падзеліся роты[32]. А 7 снежня 1568 г. земскі падскарбі М. Нарушэвіч паведамляў, што шмат хто з ротмістраў пасля атрымання „заслужоного» (заробку за службу) нават праз шэсць-восем тыдняў або не выехаў з Вільні, або невядома з якіх прычын выправіўся на Падляшша[33]. Такім чынам, карціна арганізацыі войска ВКЛ напрыканцы 1568 г. выглядала вельмі непрывабнай.
У такой сітуацыі інфармацыя аршанскага старасты Ф. Кміты, пададзеная 3 лістапада 1568 г., пра намеры маскоўцаўажыццявіць шырокамаштабную выправу супраць Віцебска вельмі занепакоіла радных паноў. У змястоўным паведамленні выбітнага разведчыка можна вылучыць чатыры асноўныя моманты:
1) шпегі і інфарматары прынеслі не падлеглыя сумненнюзвесткі пра збор на 6 снежня 1568 г. у Вялікіх Луках значнагамаскоўскага войска для нападу на Віцебск[34];
2) галоўная прычына ваеннай актывізацыі — стабілізацыя ўнутрыпалітычнага становішча ў Маскоўскайдзяржаве[35];
3) насельніцтва на памежжы Масковіі хоча міру іўсведамляе далейшую эскалацыю ваеннага канфлікту[36];
4) маскоўскія ўлады асцерагаюцца нападу літоўскаганайманага войска на Смаленск, перадусім з-за звестак правярбоўку новых найманых ротаў[37].
Рыгор Хадкевіч адразу пасля атрымання ліста Ф. Кміты адпісаў да старшых радных паноў М. Радзівіла Рудога і В. Пратасевіча. Ён быў сур’ёзна занепакоены, што з-за адсутнасці фінансавых сродкаў з серабшчыны 1568 г. няма магчымасцяў сфармаваць новыя роты: „Жолнеровъ <…> за тот податок теперешнии невеле <…>, а на болшии почот того податку звлаща теперешнеи первшое раты не вынесло и опошнего податку на болшии почот не вынесет, толко на тых же служебных»[38]. Канстатуючы малую колькасць войска для адпору праціўніка, ён праводзіў прамую аналогію з сітуацыяй у 1563 г., калі быў страчаны Полацк: „Людеи пенежныхъ мало, воиска земъского въ готовости не будет. <…> А так всеми ся видитъ, м(и)л(ос)тивые панове, чого боже не даи, абыхмо тоее зимы Витебска не страдали (страцілі. — А.Я.), <…> кгдыж братя н(а)ши обыватели здешнег(о) панъства яко сут(ь) поспешни до таковыхъ потреб, в(а)ша м(и) л(ос)т(ь) м(и)л(ос)тивыи п(а)не воевода виленъскии, рачиш тог(о) быт зведомъ, для чого и Полоцкъ в руки неприятелские пришол»[39].
У яшчэ адным лісце Р. Хадкевіча да М. Радзівіла Рудога, які, як можна зразумець, прызначаўся асабіста канцлеру і не павінен быць перасланы гаспадару, указвалася на сур’ёзную непадрыхтаванасць Віцебска да аблогі. Ён наракаў, што праблемы абароны памежных замкаў не сустрэлі адэкватнага разумення на мінулым Гарадзенскім сойме, і здымаў з сябе адказнасцьзамагчымы абаротпадзей: „АВитебскъ,м(и)л(ос) т(и)выи пане, яко естъ ωпатроны, праве страх и въспоменут может. <…> якомъ и на соиме недавно минуломъ не толко его кролевъскеи м(и)л(ос)ти ω томъ мовилом а на писме подалы, але и вашеи м(и)л(ос)ти паномърадамъ вси потребы замковъукраинныхъ подавалъ. Але все то пошло на сторону, кгдыж стараня ωпатренъя ни в чомъ не сталося»[40].
Усведамляючы такую трывожную сітуацыю, Р. Хадкевіч прапаноўваў склікаць паспалітае рушанне з ліку тых шляхцічаў, якія не паедуць на сойм, пры гэтым не чакаючы гаспадарскіх „ваенных лістоў», па прамым сваім распараджэнні: „Обывателемъ здешнего панства которые соиму не належат росказат имъ в готовости быт <…> естъ-ли того потреба вкажет а од мене писане в поветы доидет, тым же часом не ждучи другого писанъя од его кролевъские м(и)л(ос)ти, заразом до мене яко на кгвалт днем и ночю поспешилися”[41]. Гэта была цікавая прапанова ўзяць на сябе ініцыятывы ў надзвычайных абставінах, якая, зрэшты, не атрымала адэкватнага ўспрыняцця.
Наракаючы на разладжанасць дзеянняў кіраўніцтва ВКЛ, гетман трапна адзначыў галоўную праблему палітычнага крызісу ў дзяржаве: вядзенне вайны на два фронты — у Інфлянтах і ўсходнім памежжы ВКЛ і ўдзел у частых соймах, у тым ліку ў перадунійным з палякамі. Княства было занадта слабое, не мела рэсурсаў, каб эфектыўна займацца адразу трыма палітычнымі задачамі: вайной з Масковіяй, абаронай Інфлянтаў і уніяй з Польшчай. Толькі канцэнтрацыя сілаў на адным напрамку магла прывесці да паспяховай рэалізацыі адпаведнай задачы.
М. Радзівіл Руды пераадрасаваў лісты Кміты і Хадкевіча Жыгімонту Аўгусту. Адказ гаспадара прымусіў сябе доўга чакаць і быў дадзены толькі 6 снежня 1568 г. З яго можна зразумець, што канцлер і віленскі ваявода не ўнёс нейкіх новых прапаноў па вырашэнні праблем абароны, заклікаючы толькі звярнуць пільную ўвагу на стан справаў на ўсходнім фронце. Радзівіл непакоіўся за браслаўска-друйскі напрамак, які адкрываў дарогу на Вільню. Гаспадарскі пісар Мацей Савіцкі, які быў даверанай асобай літоўскага канцлера, інтэрпрэтаваў яго паводзіны так, быццам бы той адмыслова не паведамляў гаспадару пра сур’ёзнае становішча на фронце, каб не сарваць планаванае скліканне супольнага сойму[42].
Сам гаспадар асабліва не ўстрывожыўся паведамленнямі аб небяспецы маскоўскага ўдару. Жыгімонт Аўгуст загадаў Хадкевічу ўзмацніць пільнасць, больш спадзеючыся на боскую дапамогу. На яго думку, для трымання абароны на першы час павінна хапіць тых вайскоўцаў, якія знаходзяцца пры польным гетмане і ў замках [«chocia trocha ludzi naszych w onym kraju jest«). На дапамогу ён прапанаваў накіраваць князя Андрэя Курбскага, якому, маўляў, з’яўляцца на сойм не было вялікай патрэбы. Гаспадар выказаўся супраць склікання паспалітага рушання, лічачы, што падобная непаслядоўнасць у дзеяннях улады выкліча негатыўную рэакцыю ў грамадстве: „Urosła by trwoga między ludźmi w Państwie tamesznym około niepośpieszenia do Woginia na zjazd”[43]. З’езд у Воіню павінен быў знайсці рашэнні для ўсіх праблем — у тым ліку і праблемы арганізацыі абароны ў зоне баявых дзеянняў[44].
Чым была выклікана такая спакойная пазіцыя гаспадара? Спадзяваннямі на ўдалы зыход місіі Букрабы? Нежаданнем мяняць планы і заключыць урэшце унію? А можа, Жыгімонт Аўгуст трактаваў паведамленні з мяжы як своеасаблівую дэзінфармацыю, выкліканую імкненнем пэўнага кола радных паноў перапыніць працэс заключэння уніі? Дакладнага адказу на гэтыя пытанні даць нельга. Усе версіі могуць быць верагоднымі.
Увогуле, схема дзеянняў паводле Жыгімонта Аўгуста выглядала проста: спачатку сойм, потым — вайна. Калі ў Любліне ўрэшце на пачатку 1569 г. распачаўся супольны польска-літоўскі сойм, нішто не магло адарваць яго ад унійных спраў. У гэты час на фронце адбылася вельмі цікавая падзея, якая, здавалася, зноў дае Княству цікавы шанец звярнуцца да ваенных справаў. 11 студзеня 1569 г. літоўскі атрад на чале з Аляксандрам Палубінскім нечакана для ўсіх захапіў добра ўмацаваны маскоўскі замак Ізборск, які знаходзіўся на мяжы Пскоўскай зямлі з Інфлянтамі. Упершыню за ўсё XVI ст. ліцвіны захапілі ўмацаваны пункт на маскоўскай тэрыторыі.
Аднак кіраўнічая эліта ВКЛ, ужо занятая соймавымі справамі ў Любліне, нібы не заўважыла такога прыкметнага здарэння. Р. Хадкевіч занепакоіўся, што захоп Ізборска толькі раззлуе маскоўцаў і прывядзе іх да агрэсіўных дзеянняў у адказ: „Кггдыж тот неприятел <…> таковых речей николи терпети не звыкъ <…>; якобы за сплошенствомъ нашимъ тот неприятель, будучи тымъ подбуронъ, в чомъ умыслу своего злого не довел, а шкоды и упаду Речи нашой Посполитой не принес постерегать»[45]. Гэтага ж, маючы на ўвазе, у прыватнасці, пагрозу для Віцебска, баяўся і А. Валовіч[46].
Р. Сангушка, бачачы незацікаўленасць цэнтра абарончымі справамі, ужо ў канцы 1568 г. хацеў з’ехаць з войска, каб не прапусціць важныя падзеі на супольным сойме, якія датычыліся падначаленага яму Брацлаўскага ваяводства і непасрэдна яго маёнткаў на Ўкраіне. Гаспадару і А. Валовічу давялося ўпрошваць Р. Сангушку застацца ў раёне ваеннага фронту. Жыгімонт Аўгуст нават паабяцаў урэшце выдаць брацлаўскаму ваяводу доўгачаканы прывілей на польнае гетманства[47]. Да той пары Р. Сангушка толькі выконваў абавязкі на гэтым урадзе. Пасля ізборскіх падзей для кіраўнічай эліты заставанне Р. Сангушкі на фронце з’яўлялася, па сутнасці, адзінай гарантыяй бяспекі ў зоне баявых дзеянняў. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, Р. Сангушка ў сакавіку 1569 г. ад’ехаў з паўночна-ўсходняй Беларусі, перакладаючы абарону на плечы мясцовых шляхецкіх лідэраў, такіх, як Б. Корсак і Ю. Зяновіч.
У паводзінах Р. Сангушкі, як у люстэрку, адбілася развіццё сітуацыі на ваенным фронце. Прыехаўшы ў зону баявых дзеянняў з вялікім імпэтам, дасягнуўшы тут значных поспехаў, ён паступова расчароўваўся ў выніках сваіх дзеянняў, бачачы, што падтрымка з боку цэнтра з цягам часу толькі памяншаецца аж да поўнага ігнаравання стану спраў на фронце.
Інфлянцкая вайна так і не сканцэнтравала ўвагу кіраўніцтва дзяржавы, скатваючыся на другасны план перад перспектывай уніі з Польшчай і пашырэннем шляхецкіх вольнасцяў. Навідавоку палітычная слепата кіраўнічай эліты ВКЛ, а менавіта няслушны выбар алгарытму палітычнага дзеяння, калі Вайна і Унія ўвязваліся як прычына і наступства. Адсутнічала разуменне (можа, толькі апрача Яна Хадкевіча), што адкласці унію дапаможа толькі выйграная вайна, ці хаця б эфектная перамога. Вядома, з іншага боку, катастрафічна бракавала фінансава-матэрыяльных сродкаў для вядзення вайны, усведамлялася неабходнасць з-за гэтага прыцягнення знешняй дапамогі. Аднак пры жаданні нават такую неспрыяльную сітуацыю можна было б пераламаць. Што перашкаджала заможнаму магнацтву праявіць ініцыятыву і ўхваліць збор вайсковых почтаў з уласных маёнткаў? У 1565 г. такі прыклад падаўЯ. Хадкевіч, выставіўшы 1200 коннікаў за ўласны кошт[48]. Яго ніхто, па вялікім рахунку, не падхапіў. Увесь час вайны мы бачым, што прыватны інтарэс пераважаў над публічным. Адсюль — надзея пры абароне Полаччыны і Віцебшчыны толькі на мясцовых землеўладальнікаў (у галоўных магнатаў тут не было маёнткаў), адсюль — выхад магнатаў у паспалітае рушанне 1567 г. аднымі з апошніх, толькі пасля выезду ў войска самога гаспадара, адсюль — паталагічнае імкненне Рады да замірэння, не зважаючы на інтарэсы суверэнітэту дзяржавы. Ён, дарэчы, таксама трактаваўся праз прызму тых жа прыватных інтарэсаўусяго толькі як самы эфектыўны метад захавання сваіх палітычных і эканамічных уплываў.
Сістэма кіравання ВКЛ была наладжана так, што без прысутнасці гаспадара яна пераставала працаваць як след. Пасля таго як Жыгімонт Аўгуст ад’ехаў на сталае пражыванне ў Карону, кіраўнічая эліта ВКЛ увесь час была абцяжарана вяртаннем „бацькі-апекуна» замест пошуку альтэрнатывы ў выглядзе аўтаномнага вядзення палітыкі. Мы бачым адсутнасць лідэра сярод літоўскай палітычнай эліты. Пасля смерці М. Радзвіла Чорнагаў 1565 г. ніхто не здолеў заняць яго месца і паспрабаваць весці адрозную ад гаспадарскай палітычную лінію. Гэты комплекс сіроцтва яшчэ больш аслабляў дзяржаву і перакідваўся на іншыя слаі грамадства.
Добра заўважны маўклівы сабатаж нешматлікіх самастойных адміністрацыйных ініцыятыў Рады — на шляхту яе распараджэнні не рабілі вялікага ўражання. Узяць хаця б для прыкладуяе заклікі выходзіць у войска ў лютым 1563 г., калі стала вядома аб шырокамаштабным наступленні маскоўцаў на Полацк[49]. Магнаты нават абяцалі шляхцічам заплаціць грошы як наймітам! Аднак ініцыятыва радных паноў была цалкам праігнаравана.
Усплывае яшчэ адна важная праблема, якая патрабуе далейшага дэталёвага вывучэння — залішняя збюракратызаванасць і зарэгламентаванасць рэляцый паміж дзяржаўнымі органамі ўлады і шляхецкім грамадствам, якое без гаспадарскіх распараджэнняў і соймавых пастаноў не хацела рабіць захады дзеля выратавання Айчыны ад знешняй небяспекі.
Узяцце Улы ў жніўні 1568 г. не змяніла палітыкі кіраўніцтва ВКЛ у Інфлянцкай вайне. У тым, што не адбылося пералому сітуацыі, вінаваты перадусім суб’ектыўныя фактары: нежаданне Жыгімонта Аўгуста звяртацца да праблемы вайны і пасіўнасць кіроўнай эліты, якая не здолела праявіць патрэбную ініцыятыву. Атрыманы Р. Сангушкам шанец быў страчаны. Хто ведае, магчыма, актывізацыя дзеянняў на ваенным фронце прывяла б да таго, што блізкая унія з Польшчай мела б іншы фармат, чым яна займела ўлетку 1569 г. у Любліне…
[1] Важнасць гэтай падзеі была адзначана А. Валовічам, які паведамляў Сангушку,што ўзяццем Ульскага замка „доброго Речи Посполитой зьеднал, так иж и ве Влошех вже, малюючи Улу, кролеви его милости посылают»: Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie / Wyd. B. Gorczak i Z. Luba-Radzimiński T.VII. Lwów, 1910. S. 306 (далей — AS).
[2] Źródłopiżma do dziejów unii / Wyd. T. Działyński. T. II. Poznań, 1856. S. 351-352.
[3] AS. T. VII. S. 293.
[4] Ibidem. S. 197.
[5] Ibidem. S. 288.
[6] Ibidem. S. 294.
[7] Ускосна гэта пацвярджаецца ў лісце Жыгімонта Аўгуста да М. Радзівіла Рудога ад 2 снежня 1568 г.: Listy króla Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Oprac., wstęp i koment. I. Kaniewska. Kraków, 1999. S. 556 (далей — Listy).
[8] Ibidem. S. 556.
[9] „Ино розумеем, иж пан Виленский (Рыгор Хадкевіч. — А.Я.) вже ест в Менску, порозумевайсе, твоя милость, и способяй в люди от его милости. А што ку послузе нашой и потребъ Речи Посполитой з милости ку нам, пану своему, окажеш, тым болшую вдячность в ласце нашой познаеш» (AS. T. VII. S. 297).
[10] Такі падыход відаць ужо ў віншавальным лісце ад 5 верасня 1568 г.: Ibidem. S. 285-286. Гл. таксама: Ibidem. S. 297.
[11] Ibidem. S. 287.
[12] Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского / Ред. М. А. Оболенский, И. Н. Данилович. Т. I. Москва, 1843. С. 272-274.
[13] Сборник императорского Русского исторического общества. Т. 71: Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. 1562-1571 гг. С.-Петербург, 1892. С. 578-579 (далей — РИО).
[14] Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dz. V.Sygn. 2045. K. 4.
[15] Па звестках літоўскай разведкі, маскоўцы сапраўды рыхтавалі аперацыю павяртанні Улы, якой перашкодзіла эпідэмія чумы. Замест гэтага пад Віцебскнакіраваўся атрад маскоўскіх вайскоўцаў, які пасля бясплённага трохтыднёвагастаяння пад горадам вярнуўся на сваю тэрыторыю. Падрабязней: Янушкевіч А.Вялікае княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг. Мінск, 2007. С. 109.
[16] „Упросили Литва у короля, чтоб послал посланца к государю к московскому отом, чтоб велел послом итти к себе о миру» (РИО. Т. 71. С. 573).
[17] Пацверджанне гэтаму: AS. T. VII. S. 292-295.
[18] РИО. Т. 71. С. 573, асабліва 575.
[19] Гл. ліст Ф. Кміты да Р. Хадкевіча ад 3 лістапада 1568 г.: Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Kórniku. Rkps 1536. K. 385-386 (далей — BKórn).
[20] РИО.Т. 71. С. 578.
[21] Гл.: Тамсама. С. 579.
[22] Тамсама. С. 581.
[23] Тамсама. С. 580, 582.
[24] AS. T. VII. S. 285-286.
[25] Рыгора Хадкевіча асабліва выводзіла з сябе тое, што Жыгімонта Аўгуста больш турбавала будаўніцтва Тыкоцінскага замка ў Падляшшы для сваіх дворскіх патрэбаў. Гл.: Ibidem. S. 293.
[26] Ibidem. S. 293-294.
[27] Ibidem. S. 287. Надзвычай паказальная фраза з ліста Р. Хадкевіча: „мел был дво рянин его кролевское милости послан быть з листы господарьскими, выгоняючи подданых ку работе замку на Уле» (Ibidem. S. 290).
[28] Ibidem. S. 288-289.
[29] Ibidem. S. 295.
[30] Ibidem. S. 299.
[31] Ibidem. S. 290.
[32] Ibidem. S. 298.
[33] Ibidem. S. 308-309.
[34] „Певне а непохибне отовсель и отовсего его панства дороги зготованы до Витебска и люд увесь зъ ближних его панствъ збираеться к Лукам. <…> До Ордъ, до Казани, Азторохани, до Нагаи до всих послал и до Черемисы луговое <…>Всим тым воискам казал на день Светого Николы становитися в Луках Великих. <…> З ыншое ж стороны от шпекгов певных ведомость маю и не однокротно прибегаючи дають ведать, же деи люд великии збираеть, дороги полесом и по болотамъ увезде выправлены и выготовлены, а нигде инде толькодо Витебска» (BKórn. Rkps 1536. K. 385-386).
[35] „Причину до воины даючи, иж деи княз великии (Іван IV. — А.Я.) зъ землею ся своею умирыл, опричнину зламал, з детьми своими и с князми паны и со всими бояры и всими землями своими впокоил, з митрополитами и владыками угодившися и прощавшися на неприятеля деи своего поднести саблю блгословенство взял» (BKórn. Rkps 1536. K. 386).
[36] „Воина деи певне будет, естли деи што тепер через того гонца (Улана Букрабу. — А Я.) не постановити, о што деи вси люди к богу руки подносячи просять абы покои был, а панъства ся гдрьские вмирыли. <…> Посланцы мои выведалися иж деи тому посланцу гдрьскому вси люди вельми рады и просять бога омир и о покой» (BKórn. Rkps 1536. K. 386).
[37] „Есть же деи люд в Дорогобужю, о котором и первеи слышат(ь) было, з воеводою Морозовым. Тот деи люд стерегут Смоленска, бо деи в них тая ведомостьне одменяеться, што отсель з Орши маеть впасти люд великии под Смоленскои к Дорогобужю, и то деи ведають, иж тут на люди служебные езные и козаки п(е)н(е)зи дають. Для того деи коло Смоленска увезде и дороги засечено»(BKórn. Rkps 1536. K. 385-386).
[38] BKórn. Rkps 1536. K. 229-230.
[39] BKórn. Rkps 1536. K. 230.
[40] Archiwum Główne Aktów Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dz. V.Sygn. 2045. K. 4.
[41] BKórn. Rkps 1536. K. 230.
[42] Listy. S. 559.
[43] Ibidem. S. 558.
[44] Ibidem. S. 551, 558.
[45] AS. T. VII. S. 316.
[46] Ibidem. S. 314.
[47] Ibidem. S. 306.
[48] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной России, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Т. 1. Вильна, 1870. С. 138-140.
[49] Lietuvos Metrika. Kn. 564: (1553-1567) / Parengė A. Baliulis. Vilnius, 1996. P. 139-140.