Ад рэдактараў
15-ы том БГА прысвечаны ваеннай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў шырокіх часавых межах — ад першых войнаўз Маскоўскай дзяржавай да падзелаў Рэчы Паспалітай. Тэматычны і храналагічны выбар невыпадковы. На працягу ХVІ-ХVІІІ ст. землям сучаснай Беларусі належала надзвычай важная роля ў ваенным супрацьстаянні Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы. З самага пачатку заходняй экспансіі Маскоўскай дзяржавы беларускі абшар ваенных дзеянняў набываў што разу большае значэнне для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, а ад моманту заключэння Люблінскай уніі — і для Рэчы Паспалітай у цэлым. Тут вырашаліся лёсы барацьбы не толькі за лакальнае дамінаванне, але і за гегемонію ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе наогул. І хоць большасць войнаў названага перыяду былі для ВКЛ абарончыя, а калі і ініцыяваліся ім, то з мэтай здабычы страчаных раней земляў (інтэрвенцыйная вайна Жыгімонта ІІІ сыходзіла не з урадавых колаў ВКЛ), найбольшую чалавечую і гаспадарчую даніну гэтая барацьба збірала з абшараў, на якіх вялася, і найчасцей — з Беларусі.
Уплывы тых войнаў на дзяржаву і грамадства яшчэ неабходна усебакова вывучаць, аднак пра іх характар і маштабы ўжо можна меркаваць на падставе шэрагу даследаванняў, якія выявілі разбурэнне гаспадаркі і значныя скарачэнні колькасці жыхароў як у зонах ваенных дзеянняў, так і па-за імі. Устаноўлена, напрыклад, што найбольшыя дэмаграфічныя страты (да 2/3 усяго складу і больш) панеслі ўсходнія і паўночныя паветы ВКЛ у выніку вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай у 1654-1667 г. У Літве толькі на 1790 г. узнавілася тая колькасць насельніцтва, якая існавала да сярэдзіны ХVІІ ст. Апрача дэмаграфічнага рэгрэсу войны прыводзілі да зменаў структуры насельніцтва — як у нацыянальным (прыкладам, на Смаленшчыне пасля вайны 1632-1634 г. і пасля 1654 г.), так і ў сацыяльным плане (непапраўныя страты беларускага мяшчанства ў выніку згаданай вайны 1654-1667 г. ды інш.).
Гістарычны досвед памежжа, дзе нішто не гарантавала бяспекі, прымусіў насельніцтва засвоіць свае стратэгіі выжывання. Хоць некаторыя гарады Беларусі пад час непрыяцельскіх нападаў прадэманстравалі ўзорную вернасць сваёй дзяржаве, мясцовая шляхта і мяшчане ў крытычнай сітуацыі часта маглі пераходзіць на бок мацнейшага, дэманструючы лаяльнасць новаму суверэну.
Прэзентаваныя ў томе артыкулы ахопліваюць самае шырокае кола пытанняў — ад вызначэння храналагічных рамак вайны, геаграфічнай лакалізацыі тэатра баявых дзеянняў ды асвятлення канкрэтных войнаў і пытанняў тактыкі барацьбы з пэўным праціўнікам да праблемы мабілізацыйных магчымасцяў і рэалізаваных высілкаў, кар’еры і вайсковай чыннасці асобных выбітных камандзіраў, а таксама такіх не зусім мілітарных аспектаў, як дэструкцыйная дзейнасць жаўнерскіх саюзаў ва ўласным краі, роля войска ў барацьбе партый эліты за ўладу, і да т. п.
Гэты спецыяльны том БГА і паводле складу аўтараў (колькасны парытэт), і паводле спрычыненасці да выдання стаў беларуска-польскім. Чытачы не атрымалі б яго без падтрымкі Гістарычнага Інстытута Варшаўскага Універсітэта, кіраўніцтву якога выказваем шчырую ўдзячнасць.
Міраслаў Нагельскі Генадзь Сагановіч