Юры Туронак. Роля Мікалая Пахлябаева ў падрыхтоўцы замаху на Вільгельма Кубэ.
Паводле звестак Вячаслава Селяменева і Віктара Шымоліна, органы дзяржаўнай бяспекі закінулі на тэрыторыю акупаванай Беларусі дзесяць спецгруп, якія спрабавалі арганізаваць забойства генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ[1]. Аднак, акрамя жадання, усе іх намаганні былі безвыніковыя і не мелі дачынення да замаху, які здзейснілі падпольшчыца Марыя Осіпава і служанка Кубэ Алена Мазанік пад кіраўніцтвам камандавання партызанскага атрада „Дзімы», падпарадкаванага Разведупраўленню Генштаба Чырвонай Арміі, а не ведамству дзяржаўнай бяспекі[2].
Узнікае пытанне: па-першае, што абумовіла поспех атрада „Дзімы», асноўнай задачай якога была ваенная разведка і дыверсійная дзейнасць, а не рэалізацыя чэкісцкіх праектаў? Па-другое, чаму Осіпава, якую быццам яшчэ з восені 1941 г. пераследавала ідэя забойства генеральнага камісара, вырашыла дзейнічаць толькі пасля атрымання ўказання камандавання атрада „Дзімы», а не чэкісцкіх груп і атрадаў, з якімі яна супрацоўнічала? І ўрэшце, па-трэцяе, што паўплывала на Мазанік, якая паслядоўна адмаўлялася супрацоўнічаць з чэкісцкімі групамі, але хутка пагадзілася з патрабаваннем Осіпавай і камандавання атрада „Дзімы» і падклала забойную міну пад матрац Кубэ?
Доўгі час даследчыкам цяжка было высветліць гэтыя пытанні з прычыны заслоны сакрэтнасці, якая больш за паўстагоддзя ахутвала дзейнасць атрада „Дзімы» і яго камандавання. І калі многія падзеі партызанскага руху ў Беларусі вывучаліся да дробязяў, то інфармацыя пра атрад „Дзімы» замоўчвалася або публікаваліся агульныя і малаістотныя звесткі. Апошнім часам заслона таямнічасці крыху прыпаднялася. Гэта выкарыстаў Уладзімір Лота, якому пашанцавала папрацаваць у ваенным архіве. У 2005 г. вынікі сваіх доследаў пра забойства Кубэ і дзеянні камандавання атрада „Дзімы» Лота апублікаваў на старонках маскоўскай газеты „Красная Звезда», хоць, на жаль, апублікаваны матэрыял не дакументаваўся. Магчыма, яшчэ не надышоў час спасылацца на архіваліі гэтага атрада. Невыпадкова Яўген Бараноўскі, выдатны даследчык гісторыі партызанскага руху ў Беларусі, адзначыў у прадмове да першага выдання кнігі Селяменева і Шымоліна, што беларускія гісторыкі „не валодаюць усёй сукупнасцю матэрыялаў пра згаданы вышэй атрад»[3]. Такім чынам, і нашы звесткі не могуць быць вычарпальнымі.
Пад партызанскім псеўданімам „Дзіма» ў Беларусі дзейнічаў Давід Ільіч Кеймах. Нарадзіўся ён у 1906 г. у Адэсе, у сям’і краўца, скончыў Маскоўскі электратэхнічны інстытут, працаваў старшым інжынерам навукова-даследчай лабараторыі Галоўнага артылерыйскага ўпраўлення Чырвонай Арміі. Апошнія даваенныя гады працаваў разам з Рыгорам Ліньковым, абодва былі партыйнымі дзеячамі: Лінькоў — парторгам, а Кеймах — членам партбюро лабараторыі[4].
У верасні 1941 г. Лінькова прызначылі камандзірам, а Кеймаха — камісарам разведвальна-дыверсійнага атрада, які неўзабаве дэсантавалі ў Беларусь. Аднак дэсант быў няўдалы — людзі аказаліся раскіданымі малымі групамі на дзесяткі кіламетраў адна ад адной. Толькі праз месяц Лінькоў сустрэў Кеймаха і частку дэсантаваных людзей.
Ва ўмовах суровай зімы, адсутнасці сувязі з камандаваннем за лініяй фронту, у сувязі з недахопам ўзбраення і іншымі цяжкасцямі давялося раздзяліць атрад на дзве часткі — адной камандаваў Лінькоў, а другой — Кеймах. Але і гэтая „дэцэнтралізацыя» не палепшыла становішча, і ў другой палове лютага 1942 г. Кеймах са сваёй групай вярнуліся ў савецкі тыл.
Напрыканцы сакавіка 1942 г. Кеймах быў паўторна дэсантаваны ў Халопеніцкі раён Мінскай вобласці. Спачатку знаходзіўся ў складзе атрада Лінькова, але неўзабаве быў прызначаны ў самастойны атрад пад камандаваннем Васіля Шчарбіны. Пасля трагічнай смерці Шчарбіны (24.09.1942) Кеймах узначаліў атрад як яго адзінаначальнік, a ў кастрычніку быў прызначаны камандзірам гэтага атрада. Урэшце ў снежні 1942 г. атрад Кеймаха быў перанесены з Віленскай вобласці ў Лагойскі раён Мінскай вобласці. Тут было вызначана яго кіраўніцтва: камандзірам быў Давід Ільіч Кеймах, начальнікам штаба—Дзмітры Фёдаравіч Чупрыс, начальнікам разведкі і контрразведкі — Якуб Іванавіч Свентаржыцкі[5].
7 траўня Разведупраўленне Генштаба прыслала ў атрад маёра Мікалая Пятровіча Фёдарава, які лічыўся памочнікам капітана Кеймаха. Вядома, што звычайна капітаны падпарадкоўваюцца маёрам, а не наадварот. Па гэтай прычыне прызначэнне Фёдарава выклікала ў атрадзе зразумелае напружанне — пакуль што Кеймах над ал ей камандаваў, але лічыўся з тым, што з часам будзе вымушаны падпарадкоўвацца вышэйшаму рангам Фёдараву. Пра гэта сведчыў службовы рост Фёдарава, які ў ліпені 1943 г. быў афіцыйна прызначаны намеснікам камандзіра атрада. Яго далейшае павышэнне ў значнай меры залежала ад паспяховага выконвання загадаў вышэйшага камандавання[6].
Атрад Кеймаха паспяхова выконваў дыверсійныя задачы, у прыватнасці на чыгунцы, але да другой паловы жніўня 1943 г. амаль не займаўся падрыхтоўкай замаху на генеральнага камісара Кубэ. Праўда, за час знаходжання ў Лагойскім раёне камандаванне атрада наладзіла сувязь з мінскай падпольшчыцай Марыяй Осіпавай, але пакуль што пытанне замаху імі не разглядалася. Ані Осіпава, ані людзі Кеймаха не ведалі, як прыступіцца да Кубэ, і хоць чулі пра яго служанку Алену Мазанік, аднак не былі з ёю знаёмыя і доступу да яе не мелі.
Такім чынам, яшчэ ў другой палове жніўня магчымасці Кеймаха і Осіпавай не былі большымі, чым у чэкісцкіх дыверсантаў, якія таксама спадзяваліся прыцягнуць Мазанік да замаху на Кубэ, на што яна не пагаджалася. Магчыма, тым, хто хацеў знішчэння Кубэ, давялося б адкласці свае намеры ў архіў няздзейсненых праектаў, калі б не нечаканае ўключэнне Мікалая Пахлябаева.
Мікалай Васілевіч Пахлябаеў быў дырэктарам нямецкага кінатэатра, але ў Мінску мала хто яго ведаў. Па сутнасці, нічога не ведала пра яго і сястра Алены Мазанік, Валянціна Шчуцкая, нягледзячы на яе блізкія дачыненні з Пахлябаевым. Гэтая акалічнасць дазваляла яму гаварыць пра сябе неабходнае — ніхто з мінскіх дзеячаў не мог праверыць ягоных персанальных звестак.
Пасля няўдалага замаху на Кубэ ў Мінскім гарадскім тэатры (22.06.1943) Пахлябаеў наладзіў сувязь з камандаваннем атрада „Дзімы». Мазанік, спасылаючыся на ягоныя звесткі, пісала ў сваіх успамінах, што Пахлябаеў няраз бываў у гэтым атрадзе[7]. Ён выдаваў сябе за дзеяча камуністычнага падполля, паўтараў свае біяграфічныя звесткі, імкнуўся зацікавіць камандаванне сваім уплывам на высокіх нямецкіх службоўцаў у Мінску і магчымасцямі антыфашысцкай дзейнасці.
Верагодна, у другой палове жніўня 1943 г. Пахлябаеў паведаміў камандаванню атрада пра сваю гатоўнасць арганізаваць сустрэчу Осіпавай з Мазанік. Згодна са сведчаннем Рамана Мачульскага, сакратара Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б і камандзіра партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны, пад час чарговага візіту Осіпавай у атрад Кеймах і начальнік разведкі і контрразведкі Свентаржыцкі раілі ёй сустрэцца з Пахлябаевым, з яго дапамогай пазнаёміцца з Мазанік і выведаць, ці згодна яна ўдзельнічаць у замаху на Кубэ[8].
Даручэнне камандзіраў атрада, па сутнасці, яшчэ нічога не вырашала. Яны не ведалі Пахлябаева, таксама не ведалі, што хаваецца за яго незвычайнай прапановай. Перш за ўсё, дзіўна гучалі персанальныя звесткі, якія распаўсюджваў Пахлябаеў. Пасля вайны іх апублікавала Мазанік: „Пахлябаеў да вайны служыў у Савецкай Арміі. У першыя дні вайны ён быў цяжка паранены. У непрытомным стане яго падабралі немцы і паклалі ў бальніцу для ваеннапалонных у Мінску. Пасля выздараўлення з дапамогай медсястры Пахлябаеў уцёк. Пазней яму ўдалося ўладкавацца на працу ў кінатэатры, дзе неўзабаве стаў дырэктарам»[9].
Характарызуючы асобу Кеймаха, ягоны сябра Рыгор Лінькоў пісаў пасля вайны: „[Кеймах] вызначаўся дзіўнай здольнасцю ацэньваць людзей, іх погляды і паводзіны. Ён лёгка выяўляў падасланых немцамі правакатараў і шпіёнаў»[10]. Як жа паставіўся партызанскі камандзір да Пахлябаева, ягоных біяграфічных аповедаў і прапановы, якая мелася распачаць працэдуру замаху на Кубэ? Можам не сумнявацца ў тым, што Кеймах выкарыстаў усе даступныя яму магчымасці праверкі верагоднасці звестак Пахлябаева. Ужо на пачатку праверкі сумненні Кеймаха выклікала спасылка Пахлябаева на ягоны ўдзел у дзейнасці мінскага камуністычнага падполля, чаго не пацвердзіла ні Осіпава, ні іншыя падпольшчыкі. У такой сітуацыі Кеймах звярнуўся па інфармацыю пра Пахлябаева ў ваеннае ведамства ў Маскве, якое даслала наступную радыёграму: „Пахлябаеў Мікалай Васілевіч нарадзіўся 22 красавіка 1907 г. у вёсцы Кувыка Актарскага раёна Саратаўскай вобласці. Працаваў у Маскве на будаўніцтве электразавода. Вучыўся ў школе лётчыкаў, але быў выключаны з прычыны слабога здароўя. У 1937 г. паступіў у вышэйшую школу прафесійнага руху. У чэрвені 1940 г. накіраваны на працу ў аддзел культурна-масавай работы Ўсесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў. 25 чэрвеня 1941 г. Пахлябаева прызвалі ў Чырвоную Армію. Быў малодшым камандзірам, памочнікам палітрука. Знік без вестак пасля першых баёў з фашыстамі»[11].
Цяпер дапытлівы Кеймах ужо мог пераканацца, што персанальныя звесткі Пахлябаева не адпавядалі сапраўднасці. Па-першае, як сведчыла інфармацыя ваеннага ведамства, да вайны ён не служыў у Чырвонай Арміі. Па-другое, цяжка параненых чырвонаармейцаў нямецкія ахоўнікі, як правіла, прыстрэльвалі, а не адпраўлялі ў бальніцы. Па-трэцяе, бальніцы для савецкіх ваеннапалонных у Мінску не было, і таму Пахлябаеў не мог там лячыцца, а потым збегчы і схавацца, каб ўрэшце, пасля ўцёкаў, стаць дырэктарам кінатэатра.
Фальшывыя паказанні Пахлябаева ўспрымаліся Кеймахам як доказ яго імкнення змоўчыць перад падпольшчыкамі і камандаваннем атрада свае паводзіны ў нямецкім палоне і кантакты з паліцэйскімі ўладамі ў Мінску. А гэта выклікала абгрунтаванае падазрэнне Кеймаха, што, кажучы аб магчымасці прыцягнення Мазанік да замаху на Кубэ, Пахлябаеў выконваў даручэнне нямецкай службы бяспекі або дзейнічаў у рамках сваёй агентурнай сувязі, або ў доказ нібыта атрыманай інфармацыі аб незацікаўленні паліцэйскіх уладаў лёсам Кубэ. Такім чынам, камандаванне атрада павінна было ўпэўніцца, што паліцэйская ахова Кубэ будзе глядзець скрозь пальцы на дзеянні, якія былі б жаданым доказам ліквідацыі генеральнага камісара агентамі бальшавіцкай Масквы.
Кеймах апынуўся перад дылемай. З аднаго боку, ён мог праігнараваць прапанову Пахлябаева і адмовіцца ад рэалізацыі падазронага мерапрыемства, што, аднак, выключыла б магчымасць кантакту і супрацоўніцтва з Мазанік і ў выніку — ліквідацыі Кубэ. Але, з другога боку, ухваленне прапановы Пахлябаева не было бяспечным — раней ці пазней эсэсаўская змова супраць Кубэ магла быць выкрытая, і ў такім выпадку савецкія ўлады мелі б падставу абвінаваціць Кеймаха як сакрэтнага саўдзельніка ў рэалізацыі праектаў ворага, незалежна ад таго, ці былі яны ў інтарэсах Савецкай дзяржавы.
Разважаючы аб сваім становішчы, Кеймах вырашыў асабіста паведаміць кампетэнтным уладам у Маскве пра магчымую ініцыятыву нямецкай службы бяспекі, каб атрымаць дазвол на рэалізацыю прапанаванага праекта. 19 жніўня ён даслаў у Цэнтр радыёграму з просьбай дазволіць вылет у Маскву для асабістага даклада камандаванню[12]. Згоду Цэнтра на палёт у Маскву Кеймах атрымаў ужо 21 жніўня, аднак абяцаны самалёт чамусьці давялося чакаць амаль цэлы месяц. Нарэшце ў ноч з 13 на 14 верасня ён вылецеў з партызанскага аэрадрома, аднак у Маскву не даляцеў. Афіцыйнага паведамлення не было, а Лінькоў меркаваў, што самалёт, на якім ляцеў Кеймах, быў збіты немцамі ў раёне горада Вялікія Лукі[13].
Такое меркаванне было цалком верагодным і, наколькі вядома, ніхто не імкнуўся выявіць іншую прычыну трагедыі—сярод вялікай колькасці ахвяр нямецка-савецкай вайны гэтая смерць наўрад ці была заўважана. Дарэчы, і магчымасць архіўных і іншых доследаў доўгі час была вельмі абмежавана. Таму інтрыгуе заўвага Лоты, што акалічнасці гібелі Кеймаха былі „недастаткова яснымі». Щ меў ён на ўвазе замах на жыццё Кеймаха? Гэтага Лота не піша, але дапускае магчымасць такога фіналу. Дарэчы, небеспадстаўна.
Пасля смерці Кеймаха яго намеснік Мікалай Фёдараў хутка ліквідаваў дзейны штаб атрада. Шэф штаба Дзмітры Чупрыс меўся быць пераведзены ў суседнюю партызанскую брыгаду „Штурмавая», а начальнік разведкі і контрразведкі Якуб Свентаржыцкі знік без вестак. Гаспадаром становішча зрабіўся Фёдараў. Як пратэжэ Разведупраўлення Генштаба яго не хвалявалі сумненні Кеймаха, смерць якога развязала яму рукі. Фёдараў актыўна кіраваў дзеяннямі Осіпавай, якая здолела пераканаць ці прымусіць Алену Мазанік выканаць забойства Кубэ.
На гэтым скончылася роля Пахлябаева — ён пазнаёміў Осіпаву з Мазанік, пасля чаго больш не ўдзельнічаў у падрыхтоўцы замаху.
Ужо ў палове 1950-х г. на Захадзе пачалі з’яўляцца сенсацыйныя публікацыі пра нібыта сумеснае змаганне Арміі і Бяспекі за лаўры з нагоды забойства Кубэ[14]. Аднак беларускія гісторыкі доўгі час не закраналі гэтага пытання, і толькі ў апошнія гады яно стала прадметам іх увагі. Выпадае, аднак, заўважыць, што допыты ўдзельнікаў замаху — Марыі Осіпавай, Алены Мазанік і іншых адбыліся ў кастрычніку 1943 г. не толькі ў кабінетах Генштаба, але і на Лубянцы, дзе кіраўнікі органаў дзяржбяспекі маглі паспяхова ўплываць на паказанні апытваных удзельнікаў. Гэтага не адбылося, а стрыманая пазіцыя кіраўніцтва НКУС / НКДБ дазволіла ім засведчыць вырашальны ўдзел Разведупраўлення арміі і пастаўленага ім Фёдарава.
Апошнім словам Разведупраўлення па пытанні замаху была справаздача, адрасаваная яго начальніку генерал-лейтэнанту Ф.Ф. Кузняцову.
Вось яе тэкст, апублікаваны Ўладзімірам Лотам (прыводзіцца ў арыгінале):
Доклад по вопросу об организации убийства гитлеровского генерального комиссара Белоруссии Кубе
Организаторы и исполнители операции:
Убийство Кубе организовал командир диверсионно-разведывательной группы 2-го отдела РУ ГШ КА майор Федоров Николай Петрович, псевдоним Колокол.
Главным посредником и организатором убийства Кубе явилась Осипова Мария Борисовна, псевдоним Черная, резидент Колокола в Минске. Вторым посредником и связником между Черной и Галей был директор минского кинотеатра Николай Похлебаев. Исполнителем убийства Кубе является Мазаник Елена Григорьевна, псевдоним Галя.
О подготовке и выполнении операции знали перечисленные выше пять человек.
Як бачым, Разведупраўленне паведаміла свайму начальству, што пра падрыхтоўку і рэалізацыю замаху на Кубэ ведалі пяць чалавек, аднак у справаздачы былі пералічаны чатыры — Фёдараў, Осіпава, Пахлябаеў і Мазанік. Навошта ваенным разведчыкам спатрэбілася замоўчваць перад уладамі пятага ўдзельніка? Не будзем адгадваць, ці меўся ім быць Кеймах, Свентаржыцкі, Шчуцкая ці нехта іншы — для разгляданай ролі Пахлябаева вялікага значэння гэта не мае. Больш цікава тое, што ніхто з супрацоўнікаў Разведупраўлення не назваў псеўданіма Пахлябаева, які, відаць, толькі пасля вайны быў прыдуманы і з’явіўся ў аповесцях Осіпавай, Мазанік і іншых публіцыстаў.
Здаецца, начальства органаў дзяржбяспекі не палемізавала з заключэннем Разведупраўлення Генштаба і не было супраць надання Марыі Осіпавай, Алене Мазанік і Надзеі Траян ганаровага звання Героя Савецкага Саюза, тым больш што было яно вынікам рашэння Сталіна. Аднак кіраўніцтва органаў бяспекі мела свой, адрозны ад высноваў Разведупраўлення, погляд на генезіс замаху, і не лаўры былі яго прычынай. Але ў ваенных умовах абгрунтаваць яго было складана, і вывучэнне гэтага пытання адкладвалася на больш спрыяльны, пасляваенны, час.
Доследы працягваліся пад кіраўніцтвам Лаўрэнція Цанавы, які з траўня 1943 да лютага 1951 г. быў наркамам / міністрам дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР. Аднак у першыя пасляваенныя гады беларускія чэкісты не змаглі высветліць новых акалічнасцяў, якія пацвярджалі б іх падазрэнні ў нямецкай правакацыі. Амаль усе ўдзельнікі і сведкі забойства Кубэ, акрамя вывезеных на самалёце ў Маскву, ужо ў першыя дні пасля ягонай смерці былі выяўлены Вялікай спецыяльнай камісіяй пад кіраўніцтвам крымінальнага саветніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі (RSHA) штандартэнфюрэра СС Паўля Бандорфа (Bohndorf) і загінулі ў падвалах СД. Без вестак знік Пахлябаеў, загінуў і Фёдараў (паводле афіцыйнай версіі—у баі з карнікамі), а Траян не бралася пад улік — яна не здолела прыцягнуць Мазанік да супрацоўніцтва і таму, нягледзячы на сваё жаданне, не мела рэальнага дачынення да забойства Кубэ.
Такім чынам, беларускім чэкістам засталіся больш ці менш абгрунтаваныя здагадкі і падазрэнні. Усё ж мелі яны нядрэнны практычны эфект. Пад уплывам магутнага Цанавы і яго ведамства Осіпава, Мазанік і Траян амаль 15 гадоў не прызнаваліся ўладамі БССР гераінямі замаху на Кубэ, аб чым сведчыла татальнае маўчанне пра іх подзвіг у выдаваных тым часам у БССР кнігах і часопісах[15]. Праўда, у красавіку 1946 г. мінскі часопіс „Работніца і сялянка» змясціў здымкі гэтых ардэнаносных жанчын з апісаннем ix ваенных заслуг перад Савецкім Саюзам, у якім, аднак, ніводным словам не згадваўся іх удзел у ліквідацыі генеральнага камісара (гл. рэпрадукцыю тэксту. ).
Калі б беларускія чэкісты ў той час мелі доступ да нямецкай архіўнай дакументацыі, якой могуць (калі захочуць) свабодна карыстацца сённяшнія даследчыкі, яны не губляліся б у здагадках і падазрэннях адносна змовы афіцэраў СС супраць Кубэ, ці адносна існавання ў атрадзе „Дзімы» агентуры СД. Яны належным чынам ацэньвалі б мастацкія аповесці Мазанік пра тое, як яна перахітрыла ахоўнікаў рэзідэнцыі Кубэ, бо ведалі б, што зялёнае святло для гэтага запаліў Гімлер, які адхіліў прапанову Кубэ аб арганізацыі аховы ягонай рэзідэнцыі вернай яму камандай і загадаў пакінуць эсэсаўскіх ахоўнікаў, падпарадкаваных ворагу Кубэ і галоўнаму рэжысёру замаху — начальніку СС і паліцыі Готбергу і мінскай службе бяспекі СД. Ведалі б чэкісты і пра асабістыя кантакты Мазанік з нямецкім службоўцам Стэфанам Тыльнерам і шмат чаго іншага[16].
Пасля смерці Сталіна (5.03.1953) і разгрому цягам 1953 г. кіраўніцтва органаў дзяржбяспекі ў Савецкім Саюзе ўзнікла новае становішча, якое дазваляла ігнараваць стаўленне гэтага ведамства да пытання забойства Кубэ. Аднак выпрацоўка новай яго версіі зацягнулася яшчэ на некалькі гадоў — не так проста было даказаць беспадстаўнасць падазрэнняў органаў адносна арганізацыі замаху.
Толькі пасля XX з’езда КПСС (1956) улады Беларускай ССР ухвалілі версію замаху, пададзеную ў заключнай справаздачы Разведупраўлення Генштаба. Пад гэтую версію пачалі падганяцца ўсе неабходныя і адпаведныя абставіны арганізацыі і выканання забойства Кубэ. Нарэшце Осіпава, Мазанік і нават Траян былі прызнаны бясспрэчнымі гераінямі замаху, што павінны былі даказаць даследчыкі, а ў выпадку адсутнасці доказаў — засведчыць прапаганда.
Новым гераіням улады раілі пісаць успаміны (чым найбольш карысталася Мазанік), іх подзвіг праслаўлялі пад дыктоўку уладаў пісьменнікі і публіцысты, ствараліся кінафільмы, ладзіліся сустрэчы з школьнай моладдзю.
Адначасова пачаўся перагляд гісторыі — выпраўляліся сцвярджэнні, якія не адпавядалі патрэбам новай міфалогіі.
Бадай, у першую чаргу гэта датычыла Пахлябаева з увагі на яго ролю ў замаху. Ужо ў пяцідзесятыя гады, калі супрацоўнікі Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытута гісторыі АН БССР рыхтавалі фундаментальнае даследаванне пра мінскае падполле, не былі знойдзены доказы падпольнай дзейнасці Пахлябаева, і ў выніку, разглядаючы пытанне замаху на Кубэ, яго імя было замоўчанае[17]. Праз трыццаць гадоў імя Пахлябаева не з’явілася і ў энцыклапедыі „Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне». Не ўсе прафесійныя гісторыкі былі згодныя хлусіць.
Аднак аказалася, што без Пахлябаева не злучаецца створаная ў мінскіх кабінетах канструкцыя замаху на Кубэ. У прыватнасці, немагчыма было растлумачыць прычыну нечаканага зацікаўлення Кеймаха і Свентаржыцкага магчымасцю кантакту і супрацоўніцтва з Аленай Мазанік, чаго безвынікова дабіваліся Траян, Хахлоў і іншыя групы чэкістаў.
Па гэтай прычыне ўзнікла неабходнасць ачысціць біяграфію Пахлябаева ад фактаў, якія ўспрымаліся б як надуманыя, неверагодныя. Невядома, хто ў Мінску кіраваў гэтай працэдурай. Так ці інакш, Мазанік выправіла свае ўспаміны, апублікаваныя ў 1958 г. Між іншым, мінская бальніца для ваеннапалонных была заменена лагерам, што больш адпавядала тагачасным рэаліям. Паводле Мазанік, паранены Пахлябаеў трапіў у палон ужо пад час першых баёў непадалёк ад заходняй граніцы[18]. Такім чынам, пададзены ёю час і месца паланення Пахлябаева наогул адпавядалі цытаваным звесткам ваеннага камандавання.
У 1993 г. Вячаслаў Кебіч, тагачасны старшыня Савета Міністраў ужо не савецкай Рэспублікі Беларусь, вырашыў адзначыць 50-ю гадавіну забойства Кубэ. 22 верасня ён запрасіў Марыю Осіпаву і Алену Мазанік і разам са словамі павагі і падзякі ўручыў ім кветкі і грашовыя прэміі[19]. Амаль адначасова пачалася легітымацыя ўдзелу Пахлябаева ў мінскім камуністычным падполлі, на што з 1950-х г. не рашаліся строгія партыйныя даследчыкі.
У 1995 г. імя Пахлябаева было ўключана ў спіс удзельнікаў мінскага падполля, апублікаваны ў зборніку „Мінскае антыфашысцкае падполле». У прыватнасці, былі пададзены гады яго нараджэння (1907) і смерці (1943), тэрмін падпольнай дзейнасці (люты — кастрычнік 1943)[20].
Дакументальнай падставай гэтага рашэння мелася быць захаваная ў Нацыянальнам архіве РБ справаздача Осіпавай аб падпольнай рабоце ў Мінску ад 13 кастрычніка 1945 г., якая, між іншым, змяшчала звесткі пра імкненне Пахлябаева ўзарваць афіцэрскае казіно на фабрыцы-кухні і два нямецкія кінатэатры ў Мінску[21]. Аднак за гэтымі намерамі не ішлі рэальныя дзеянні. Неабходна дадаць, што толькі пад канец жніўня 1943 г. Осіпава пазнаёмілася з Пахлябаевым і таму аб яго дыверсійных намерах магла ведаць, хутчэй за ўсё, ад яго самога. Раней згаданыя ёю звесткі лічыліся недастатковымі для прызнання Пахлябаева ўдзельнікам падполля.
Афіцыйнае прызнанне Пахлябаева членам антыфашысцкага падполля паўплывала на зацікаўленне беларускіх даследчыкаў яго асобай і дзейнасцю, якая ўрэшце надавала сэнс усяму сцэнарыю замаху. Такім чынам, наспела неабходнасць папулярызацыі амаль невядомага героя, у тым ліку ўсталявання мемарыяльнай дошкі на фасадзе дома № 2 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску, дзе пры немцах знаходзіўся кінатэатр, у якім працаваў Пахлябаеў.
Пачаліся новыя адкрыцці і ўдакладненні ў яго біяграфіі. Калі ў першым выданні кнігі Селяменева і Шымоліна „Охота на гауляйтера» (2006) Пахлябаеву прысвячалася мінімальная ўвага, ужо ў другім яе выданні (2007) была змешчана яго кароткая біяграфія і здымак. Не спасылаючыся на крыніцу, аўтары пісалі, што Пахлябаеў трапіў у палон летам 1942 г., а не пасля першых баёў з фашыстамі, пра што паведамлялі маскоўскае ваеннае ведамства, Мазанік і сам Пахлябаеў[22].
Біяграфічныя неадпаведнасці працягваліся друкавацца і ў „Народнай газеце». 3 лістапада 2006 г. газета змясціла інфармацыю Мікалая Дуброўскага, паводле якога цяжка паранены Пахлябаеў лячыўся ў шпіталі, што размяшчаўся ў сельгасакадэміі ў Горках, і быў выкуплены ў немцаў за пяць курыных яек[23].
Новыя звесткі паведаміў у ліпені 2008 г. начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі на мітынгу з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць Пахлябаева. Паводле Карачэўскага, Пахлябаеў быў паранены ў баі пад Магілёвам (бой адбываўся з 3 да 26 ліпеня 1941 г. — Ю.Т.), трапіў у палон і быў адпраўлены ў лагер для ваеннапалонных у Мінску, адкуль уцёк і ўдзельнічаў у падполлі, між іншым, уваходзіў у падпольную групу „Чорнай» (Осіпавай)[24]. Аднак Осіпава ніяк не пацвердзіла прыналежнасць Пахлябаева да яе падпольнай групы.
Як бачым, час і месца паланення Пахлябаева даследчыкі называюць па-рознаму, і шукаць аптымальную версію наўрад ці трэба—наколькі вядома, пакуль што не знойдзена адпаведная архіўная дакументацыя яго паланення і паводзінаў у нямецкім палоне. Магчыма, таму за апошнія 65 гадоў вывучэнне фактаў біяграфіі гэтага чалавека не пасунулася ні на крок наперад. Прапануючы свае версіі, толькі адна Мазанік спасылалася на словы самога Пахлябаева. Астатнія аўтары — Селяменеў, Шымолін, Дуброўскі і Карачэўскі — не лічылі магчымым спаслацца на крыніцу пададзенай інфармацыі.
Аднак нават дакументальнае пацверджанне месца і часу паланення Пахлябаева яшчэ не вырашыла б асноўнага пытання: чым ён заслужыў такую незвычайную ў тагачасных умовах дапамогу з боку немцаў, як транспарт, вылучаны для дарогі ў Мінск, і медычную апеку, тым больш што згодна з загадам Вярхоўнага камандавання Вермахта аб камісарах ад 6.06.1941 г. палонныя палітрукі павінны былі неадкладна знішчацца. І наўрад ці мог сябе пацешыць тым, што быў толькі памочнікам палітрука. Немцы ж Пахлябаева выратавалі і даручылі адказныя задачы. Пакуль што адзіную магчымасць высвятлення гэтага пытання даюць акалічнасці завяршэння ягонага лёсу.
Па гэтым пытанні першай выказалася Мазанік. У 1958 г. яна пісала, што пасля смерці Кубэ на мінскім вакзале гестапаўцы арыштавалі Пахлябаева, які вярнуўся з камандзіроўкі ў Ліду. Разам з ім арыштавалі Мікалая Фурца, які 21 верасня адвозіў Осіпаву і Мазанік у партызанскі раён. Але тады Мазанік так закончыла сваё паведамленне: „Пра далейшы лёс мне нічога невядома»[25].
Аднак у сваёй „дакументальнай» аповесці „Возмездие», першае выданне якой выйшла ў 1981 г., Мазанік заявіла: «Праз два дні пасля вераснёўскіх падзей (маецца на ўвазе замах на Кубэ. — Ю.Т.), калі мы яшчэ жылі на хутары каля Янушковічаў, зайшоў да нас Фёдараў… (і) сказаў: „Загінуў Пахлябаеў. Дакладней, яго схапілі разам з Фурцам… Тут жа (на мінскі вакзал. — Ю.Т.) падышла машына, іх, звязаных, кінулі ў кузаў. Праз некалькі хвілін Пахлябаева і Фурца ўжо вялі па турэмным панадворку. Нашы людзі бачылі, як іх катавалі. Падпольшчыкі маўчалі. Не здолеўшы нічога дазнацца, фашысты іх закатавалі»»[26].
Узнікае пытанне, чаму ў 1958 г. Мазанік не спаслалася на цытаваную інфармацыю Фёдарава аб смерці Пахлябаева. Папросту таму, што аб яго лёсе ні Фёдараў, ні іншыя падпольшчыкі і партызаны нічога пэўнага ведаць не маглі, a цытаванае „сведчанне» Мазанік, а ў нашы дні таксама Селяменева і Шымоліна пра іх пакаранне гестапаўцамі адлюстроўвала не больш як жаданне кампетэнтных дзеячаў, якія, відаць, такім чынам імкнуліся паказаць Пахлябаева як савецкага патрыёта, пакаранага фашыстамі за ўдзел у забойстве Кубэ.
Гэткую надуманасць абвяргае пратакол камісіі Бандорфа, якая не прызнала Пахлябаева і Фурца ўдзельнікамі замаху і не назвала іх у ліку арыштаваных падпольшчыкаў[27]. Магчыма, іх расстралялі, але не як удзельнікаў замаху, а толькі як супрацоўнікаў СД, якія зашмат ведалі і павінны былі змоўкнуць назаўсёды.
Так былі замецены сляды па-майстэрску арганізаванай паліцэйскай аперацыі, якая нагадвала вядомую Гляйвіцкую правакацыю СС[28]. І калі гэтая правакацыя была высветлена на Нюрнбергскім працэсе, то створаны кіраўніцтвам СС міф пра забойства Кубэ маскоўскімі агентамі жыве даволі паспяхова і ў нашы дні.
Затое, у адрозненне ад Пахлябаева, Давід Кеймах меўся быць назаўсёды выкраслены з гісторыі партызанскага руху ў Беларусі. Яго імя ніколі не згадвалася ў беларускіх савецкіх і постсавецкіх энцыклапедыях, у тым ліку і ў выдадзенай у 1990 г. спецыяльнай энцыклапедыі „Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.», тады як усе гэтыя выданні паслядоўна змяшчалі біяграмы Фёдарава, які толькі давяршыў распачатую Кеймахам справу. Маўчалі выдаўцы і аўтары фундаментальных прац па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі, якія, як правіла, не згадвалі імя Кеймаха або замянялі яго псеўданімам „Дзіма». Рэдкім выключэннем у гэтай кампаніі дэзінфармацыі былі звесткі Рамана Мачульскага.
Аднак найбольш інтрыгавальным было стаўленне Осіпавай, якая, згодна з тэндэнцыяй уладаў БССР, імкнулася выкрасліць са сваёй біяграфіі ўсе кантакты з Кеймахам. Ані ў сваіх успамінах „Лицом к лицу», ані пад час допытаў на Лубянцы ў кастрычніку 1943 г. яна не спасылалася на Кеймаха і Свентаржыцкага, якія ёй даручылі звязацца з Пахлябаевым і праз яго — з Мазанік, што было зыходным пунктам усёй працэдуры замаху[29]. Паводле Осіпавай, яна не патрабавала ўказанняў і парадаў, а пазнаёміцца з Пахлябаевым ёй дапамог падпольшчык Кулікаў.
Не будзем згадваць, што было прычынай такога стаўлення да Давіда Кеймаха. Адзначым толькі—у апошнія гады знікла блакада маўчання пра гэтага партызанскага камандзіра, і гэта павінна паспрыяць выяўленню ўсёй праўды пра яго дзейнасць і лёс.
[1] 1 У артыкуле разглядаюцца наступствы канфлікту Кубэ з шэфам СС і паліцыі ў Беларусі групэнфюрэрам Готбергам,абумоўленасць якога пададзена ў кнізе аўтара „Беларусь пад нямецкай акупацыяй», Мінск, 1993 (гл. раздзел „Метады акупацыі ў Беларусі»).
[2] 2 Селеменев В., Шимолин В. Охота на палача. Минск, 2007;Лота В. Операция „Возмездие» // Красная Звезда. Москва,2005. №№ 2-5.
[3] 3 Селеменев В., Шимолин В. Охота на гауляйтера. Минск, 2006.С. 4.
[4] 4 Тут і далей пра Д. Кеймаха: Линьков Г. Партизанская дружба.Воспоминания о боевых делах партизан-евреев. Москва, 1948.С. 36-44; Лота В. Операция „Возмездие»; Партизанское формирование Белоруссии в годы Великой Отечественной войны(июнь 1941 -июль 1944). Минск, 1983.
[5] 5 Мачульский Р. Вечный огонь: Партизанские записки. Минск,1978. С. 227.
[6] 6 Фёдараў Мікалай Пятровіч нарадзіўся 15 чэрвеня 1915 г. увёсцы Кайвакса Наўгародскай губ. Скончыў Ленінградскую артылерыйскую школу (1936), вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзе (1940-1941). З 1941 г. на фронце, удзельнік абароны Масквы. 3 траўня 1943 г. удзельнік разведвальна-дыверсійнага атрада „Дзімы», а з ліпеня 1943 г. намеснік яго камандзіра Давіда Кеймаха, удзельнічаў у падрыхтоўцы забойства В. Кубэ. Ca студзеня 1944 г. камандзір партызанскага атрада на тэрыторыі Ўкраіны і Польшчы, загінуў 17 красавіка 1944 г. у баі каля горада Хэлм. Герой Савецкага Саюза.
[7] 7 Мазаник Е. Г. Казнь фон Кубе — гаулейтера Белоруссии // Партизанские были: Сборник записок, дневников и воспоминаний. Москва: Воениздат, 1958. С. 479.
[8] 8 Мачульский Р. Вечный огонь: Партизанские записки. С. 228.
[9] 9 Мазаник Е. Г. Казнь фон Кубе — гаулейтера Белоруссии. С.479.
[10] 10 Линьков Г. Партизанская дружба: Воспоминания о боевыхделах партизан-евреев. С. 39.
[11] 11 Лота В. Операция „Возмездие».
[12] 12 Тамсама.
[13] 13 Линьков Г. Партизанская дружба: Воспоминания о боевыхделах партизан-евреев. С. 44.
[14] 14 Хохлов Н. Право на совесть. Посев, Франкфурт-Майн, 1957.С. 93-94.
[15] 15 Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945): Бібліяграфічны паказальнік літаратуры (1941— 1971) / Дзярж. б-ка БССР імя Леніна, Ін-т гісторыі АН БССР. Мінск, 1980.
[16] 16 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 124—147; тамсама спасылкі на нямецкую дакументацыю.
[17] 17 Аб партыйным падполлі ў Мінску ў гады Вялікай Айчыннайвайны // Звязда. 1960. 3—24 чэрв.
[18] 18 Мазаник Е. Казнь палача // Сквозь огонь и смерть: Сборник воспоминаний об обороне Минска / Сост. В. Карпов. Минск,1970. С. 256.
[19] 19 Вечерний Минск. 1993. 27 сент.; Свабода. 1994. 1-7 лют.
[20] 20 Мінскае антыфашыскае падполле / Камітэт па Архівах і Справаводстве Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1995. С. 100.
[21] 21 НАРБ. Ф. 4, воп. 33а, спр. 659, арк. 27.
[22] 22 Селеменев В., Шимолин В. Охота на палача. С. 147.
[23] 23 Подзвіг не забыты // Народная газета. 2006. 3 ліст.
[24] 24 Минский курьер. 2008. 2 июля.
[25] 25 Мазаник Е. Г. Казнь фон Кубе — гаулейтера Белоруссии.С. 480.
[26] 26 Мазаник Е.Г. Возмездие: Документальная повесть. Минск,1981. С. 169.
[27] 27 Заключительное донесение по вопросу о покушении нагенерального комиссара Белорусии Вильгельма Кубе // 7дней. 2003. № 24.
[28] 28 Уначы з 31 жніўня на 1 верасня 1939 г. СС арганізавала правакацыйны напад на нямецкую радыёстанцыю ў пагранічным з Польшчай горадзе Гляйвіц (цяпер Глівіцэ), уякім удзельнічалі апранутыя ў польскую уніформу эсэсаўцыі вязні канцэнтрацыйнага лагера. Гітлер выкарыстаў гэты напад як прычыну агрэсіі на Польшчу. Пазней усе ўдзельнікі нападу, з эсэсаўцамі ўключна, былі расстраляныя.
[29] 29 Осипова М. Лицом к лицу // Сквозь огонь и смерть: Сборник воспоминаний об обороне Минска / Сост. В. Карпов. Минск, 2007. С. 170.