БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Сяргей Клiмаў. Базыльяне на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага ў другой палове XVIII ст.

Уступ да прасапаграфii

У ХVIII ст. унiяцкая царква мела толькi адзiн мужчынскi манаскi ордэн — ордэн святога Базыля Вялiкага. Манахi-базыльяне на землях ВКЛ былi аб’яднаныя ў ордэнскую Лiтоўскую правiнцыю. Апошняя паўстала ў вынiку падзелу ордэна ў 1743 г. на дзве часткi: Лiтоўскую — св.Троiцы, i Польскую (цi Рускую) — св.Пакрова. Лiтоўская правiнцыя праiснавала да 1780 г. Згодна з падлiкамi гiсторыка М.Ваўрыка[1], яна мела каля 50 кляштараў i 20 мiсiянерскiх пляцовак, якiя абслугоўвалi ад 450 да 480 манахаў. На працягу даследаванага часу гэтыя лiчбы мянялiся, але нязначна. Пасля I падзелу Рэчы Паспалiтай з Лiтоўскай правiнцыi адпачкавалася асобная Беларуская (св.Мiкалая) правiнцыя базыльянаў. Яна дзейнiчала да пачатку XIX ст. i была потым скасаваная разам з iншымi правiнцыямi ў вынiку перападпарадкавання базыльянаў расiйскiм дзяржаўным уладам. На 1801 г. у Лiтоўскай правiнцыi налiчвалася, паводле М.Ваўрыка, 48 кляштараў i 394 манахаў, а ў Беларускай — 14 кляштараў i 104 базыльянаў[2].

Жыццёвы шлях кожнага базыльянiна ад нараджэння да апошняга дня фiксавалi дакументы правiнцый. Комплексная франтальная прапрацоўка захаваных матэрыялаў дазволiла персанiфiкаваць базыльянскi канклаў i быццам убачыць тых людзей.

З выяўленых прасапаграфiчных крынiц найбольш поўнымi аказалiся так званыя «Кнiгi навiцыятаў»[3] Быценьскага, Вiленскага i Беразвецкага кляштараў. У гэтых кляштарах-навiцыятах адбываўся прыём моладзi i яе падрыхтоўка да ўступу ў ордэн. Матэрыял размешчаны ў дзвюх асобных кнiгах in quarto ў скураных пераплётах. Першая кнiга[4] называецца: «Professionis Religiosa exado Probationis termino a notris Ja. in Noviciatu Bytenensi a = 1644 sequentibus usque a = 1701 Curmente; in noviciatu Vilnensi a = 1736 usque 1745 wrzente, in Berezweczensi 1764 ac sequentibus annis ad 29 Iuni 1779 anne tationes metrica № 1». Запiсы ў кнiзе зроблены ад рукi некалькiмi аўтарамi, на лацiнскай мове. Першых 16-цi старонак тома бракуе. На аркушах 17-69 пералiчаны паступленцы ў Быценьскi навiцыят з 1742 па 1779 г., а на аркушах 70-75 — спiс кандыдатаў Вiленскага навiцыяту з 1772 па 1774 г. Другая кнiга[5] мае назву: «Metrica OO. y Bratci ZSBW kongr. Troicy w monastyre noviciackim Berezweczskim R. 1763». Запiсы ў ёй зроблены ад рукi па-лацiнску i ахапляюць час з 1765 па 1795 г.

Абедзве кнiгi вялiся паводле аднаго ўзору i фiксавалi iмя i прозвiшча кандыдата, звесткi аб мясцовасцi, з якой той паходзiў (ваяводства або горад, назва парафii), станавую прыналежнасць, веравызнанне i ўзрост да прыёму ў навiцыят, дату ўступу ў ордэн у якасцi манаха — «складанне прафесii», iнфармацыю пра адукацыю i дату смерцi. У гэтым пералiку пакiнута без увагi пытанне пра набыццё ведаў i спецыяльную падрыхтоўку нэапрафеса да паступлення ў навiцыят. «Кнiгi навiцыятаў» не фiксавалi час атрымання адукацыi, а толькi падавалi пералiк вывучаных дысцыплiнаў. Пры гэтым, «Кнiгi» увесь час дапiсвалiся, аб чым сведчаць запiсы пра дату i месца смерцi манахаў, якiя даўно пакiнулi навiцыят.

Блiзкiмi па прызначэнню, але не раўназначнымi па аб’ёму iнфармацыi, з’яўляюцца так званыя «Кнiгi прафесiяў», у якiя ўласнаручна ўпiсвалiся тыя кандыдаты, што прымалi манаскi зарок. Удалося знайсцi толькi адну такую кнiгу: «Metrica professуw zakonu S.B.W. Provitincji Litewskiej Ruskiej i Wolyсskiej od r. 1674»[6]. Яна паходзiць з Быценьскага кляштару, мае фармат in octavo i скураны пераплёт. «Metrica» » змяшчае ў сабе запiсы кандыдатаў ад 1674 г. да пачатку XVIII ст. У ёй пададзены iмя i прозвiшча нэапрафеса, месца яго паходжання (звычайна толькi назва ваяводства), а зрэдку, калi неэапрафес быў шляхцiчам, занатоўваўся таксама ўрад цi чын бацькi. У большасцi выпадкаў падавалася месца i дата манаскага зароку, а таксама iмя iгумена (суперыора цi прэзідэнта) кляштару, у якiм гэта адбылося. Апрача польскiх тэкстаў кнiга мае i запiсы на старабеларускай мове, праўда мала.

Iнфармацыю пра нэапрафесаў, а затым i пра манахаў-прафесаў даюць i так званыя «Кнiгi памёрлых», у якiя, згодна з пастановамi базыльянскiх кангрэгацыяў, упiсвалiся звесткi аб памёрлых братах. На жаль, у большасцi гэтых кнiгаў звесткi вельмi лаканiчныя: iмёны, прозвiшчы i даты жыцця. Выняткам з’яўляецца «Katalog zmarlych»[7] з апошняй чвэрцi XVIII — першай чвэрцi XIX ст., якi змяшчае ў алфавiтным парадку бiяграфii памёрлых у тыя часы базыльянаў. «Катаlog» у скураным пераплёце, яго фармат in folio. Апрача ордэнскага iмя i прозвiшча тут ёсць звесткi пра духоўную кар’еру былых манахаў: дзень «складання прафесii», адукацыя (звычайна ў ордэне), займаныя пасады, дата i месца смерцi. На многiх базыльянаў ёсць кароткiя характарыстыкi маральна-этычнага зместу, а на саноўнiкаў ордэна яны больш разгорнутыя. Напрыклад, на а.Iосiфа Лепкоўскага, апошняга арцыбiскупа Смаленскага i Ануфрыеўскага архiмандрыта, дык пададзены i абставiны пахавання[8].

Зазначу, што ўсе пералiчаныя крынiцы паходзяць з калекцыi а. Паўла Дабрахотава, якая захоўваецца ў Архiве інстытута Расiйскай гiсторыi Расiйскай Акадэмii Навук у Санкт-Пецярбургу. У 40-я гады XIX ст. праваслаўны святар Павел Дабрахотаў, працуючы ў Жыровiцкай семiнарыi, стаў гаспадаром часткi архiву жыровiцкiх базыльянаў. Потым ён служыў у розных месцах на Беларусi i паўсюль папаўняў сваю калекцыю дакументамi былых базыльянскiх архiваў i унiяцкiх устаноў, якiм падпарадкоўвалася белае духавенства. Па смерцi Дабрахотава, а ён памёр у Расii ў сане бiскупа Аланецкага i Петразаводскага, яго архiў трапiў у Санкт-Пецярбург.

Пасля падпарадкавання базыльянаў расiйскiм дзяржаўным уладам у канцы XVIII — пачатку XIX ст. уся дакументацыя ордэна прыводзiлася ў адпаведнасць з патрабаваннямi расiйскага афiцыйнага справаводства. Аб’ём, прызначэнне i змест апошняга акрэслiў «Рэгламент», падпiсаны 3 лiстапада 1798 г. iмператарам Паўлам I[9]. Паколькi шэраг базыльянаў, паступiўшых у ордэн у другой палове XVIII ст., жылi i ў наступным стагоддзi, ёсць сэнс пазнаёмiцца i з расiйскай дакументацыяй.

Згодна з вышэйзгаданым «Рэгламентам», дакументы базыльянскiх кляштараў складалiся ў двух экзэмплярах. Першы захоўваўся ў кляштары, другi перадаваўся мясцоваму унiяцкаму бiскупу (арцыбiскупу), якi мусiў падаць яго ў Рыма-каталiцкi Дэпартамент Юстыцкалегii ў Санкт-Пецярбугу. З базыльянскiх дакументаў, дасыланых у Расiю, нас найбольш цiкавяць матэрыялы «Генеральных вiзiтацыяў». Асобным пунктам у iх пазначалiся дадзеныя аб манахах. Звычайна натавалiся iмя, прозвiшча, узрост, тэрмiн знаходжання ў духоўным сане, час, праведзены ў епархii, а для асобных базыльянаў падавалася i духоўная кар’ера (як у «Вiзiтацыi Берасцейскай епархii 1797-98 г.»[10]).

Самы шырокi спектр iнфармацыi ў расiйскiм справаводстве пачатку XIX ст. утрымлiваюць «Паслужныя спiсы» вышэйшых чыноў ордэна базыльянаў. Згодна з «Рэгламентам», iх штогод складалi бiскупы, у епархii якiх былi базыльянскiя кляштары. У гэтых дакументах падавалася iмя, прозвiшча, узрост, станавая прыналежнасць, месца нараджэння (звычайна губерня або краiна), адукацыя з пазначэннем часу i месца навучання, веравызнанне да прыёму ў навiцыят, працягласць знаходжання ў духоўным сане. Натуральна, што для расiйскiх уладаў дакументы складалiся па-расiйску. Адсюль шматлiкiя граматычныя памылкi ў справаздачах, асаблiва ў канцы ХVIII ст., — раней базыльяне ў сваiх дакументах ужывалi лацiну, а ў жыццi карысталiся мовай польскай, i да расiйскай не мелi нiякага дачынення.

Разгледжаныя вышэй расiйскiя крынiцы захоўваюцца ў фондах Мiнiстэрства ўнутраных спраў Расiйскай iмперыi[11]. Дакументаў, якiя б рэгiстравалi непасрэднае паступленне кандыдатаў у ордэн пасля 1795 г. («Кнiгi прафесiяў» i iнш.), пакуль не знойдзеныя. Пэўна, пасля скасавання пасады ордэнскага генерала (протаархiмандрыта) i падпарадкавання кляштараў мясцовым бiскупам у 1803 г., дакументацыю маглi збiраць у вунiяцкiх епархiяльных упраўленнях. Прыёмам у навiцыяты з 1817 г. загадвала Мiнiстэрства Духоўных спраў i Народнай асветы. Згодна з «інструкцыяй №1121» гэтага мiнiстэрства ад 15 красавiка 1817 г.[12], мясцовы бiскуп абавязваўся дасылаць пратакол з дакументамi кандыдатаў у Санкт-Пецярбург. Сярод iншых папераў ад кандыдата пажадана было атрымаць тлумачэнне матываў паступлення ў ордэн. Новы парадак прыёму ў ордэн у 1820-30-я г. дазваляў расiйскiм уладам уплываць на камплектаванне ордэна кiруючыся толькi сваiмi меркаваннямi[13]. Нагадаю, што месца захавання гэтых дакументаў пакуль невядомае.

Дадзеныя рэкрутацыi

Кiм былi людзi, якiя папаўнялi ордэн? Пры недахопе iнфармацыi i складанасцях iнтэрпрэтацыi наяўнай базы дадзеных адказ на гэтае пытанне не можа быць вычарпальны. Таму за мэту даследавання бралася не апiсанне асабовага складу ордэна, а вызначэнне асноўных тэндэнцый, панаваўшых цэлае паўстагоддзя, вельмi важнага ў гiсторыi базыльянаў. Па дынамiчнай сетцы, праз кожныя пяць гадоў, што прыкладна адпавядае захаванасцi i рэпрэзентатыўнасцi матэрыялу, былi выбраныя асабiстыя справы базыльянаў, якiя адбылi навiцыяты ў Быценi, Беразвеччы i Вiльнi. Атрымалася вось што.

А. Саслоўная i рэлiгiйная прыналежнасць

Па Быценьскаму навiцыяту даследавана 169 асабiстых спраў (1742-1779 г.), Беразвецкаму — 89 асабiстых спраў (1765-1795 г.) i Вiленскаму — 17 (1772-1774 г.).

Шляхта ў Быценьскiм i Беразвецкiм навiцыятах складала амаль 1/3 частку ўсiх кандыдатаў, а ў Вiленскiм — больш за палову. Магчыма, такая дыспрапорцыя тлумачыцца тым, што асабiстых спраў Вiленскага навiцыяту захавалася няшмат, i да таго ж ён быў навiцыятам другога тэрмiну: сюды пасля году першапачатковага выпрабавання пасылалiся навiцыi на другi год навучання.

Пры маёмаснай сацыяльнай неаднароднасцi шляхты немагчыма дакладна вызначыць, з якой катэгорыi гэтага стану паходзiў кожны патэнцыяльны базыльянiн. Інфармацыя аб канфесiйнай прыналежнасцi кандыдатаў трохi пашырае поле даследавання. Як вядома, у ордэн базыльянаў прымалiся як унiяты, так i рыма-каталiкi. Па трох навiцыятах канфесiйная дыферэнцыяцыя сярод шляхты выглядае так:

Быценьскi навiцыят Беразвецкi навiцыят Вiленскi навiцыят
57% 48% 55% 45% 70% 30%
pыма-каталiкi унiяты pыма-каталiкi унiяты pыма-каталiкi унiяты

Меншая частка кандыдатаў, прынятых у ордэн у другой палове XVIII ст., належала да мяшчанаў. Як i шляхта, мяшчане не былi аднародныя. Але базыльяне гарадскога паходжання канкрэтна вызначалi свой статус. Усе яны ў адпаведнай графе ўпiсалi «civis», што азначала жыхар горада, у адрозненне ад «incolae» — проста жыхар. Статус грамадзянiна прадугледжваў наяўнасць пасведчання аб паходжаннi з законнага ложа (так званага лiста аб добрым паходжаннi) i вызнання хрысцiянскай рэлiгii[14]. Далёка ня кожны жыхар горада меў статус «civis» i карыстаўся паўнапраўнасцю грамадзянiна. Амаль усе базыльяне гарадскога паходжання, асабiстыя справы якiх даследаваны, з’яўлялiся унiятамi. Вынятaк быў толькi адзiн — 17-цi гадовы рыма-каталiк Ісiдар Аўгустовiч з Вiльнi, якi паступiў у Вiленскi навiцыят у 1773 г. Больш чым палова гараджанаў (57%), якiя прыйшлi ў Быценьскi навiцыят, паходзiлi з Вiцебску. Шасцёра з iх паступалi памiж 1757 i 1762 г. ва ўзросце 17-21 гадоў, i толькi два, паступiўшыя ў 1773, былi старэйшыя: 31-гадовы Яўхiм Скрабоўскi i 30-цi гадовы Севярын Азарковiч. Апрача вiцяблянаў у Быценi прымалi i кандыдатаў з iншых гарадоў: з Чарэi (Барталамей Шышкоўскi, 27 гадоў), Бездзежу (Макар Месяц, 26 гадоў), Полацку (Алiмпiй Паплаўскi, 34 гады), Астрогу (Гервасi Сямкевiч, 21 год). У Беразвецкi навiцыят большасць гарадскiх кандыдатаў прыйшла з Глыбокага (3 кандыдаты ва ўзросце ад 17 да 19 гадоў паступiлi з 1782 па 1795 г.). Паходжанне 24-гадовага Iпацiя Любовiча дакладна не вызначана.

Найбольшую частку з даследаваных кандыдатаў у ордэн складалi сяляне. Iх канфесiйная дыферэнцыяцыя была наступная:

Быценьскi навiцыят Беразвецкi навiцыят Вiленскi навiцыят
46% 54% 62,5% 37,5% 100%
pыма-каталiкi унiяты pыма-каталiкi унiяты pыма-каталiкi унiяты

З 62 кандыдатаў, паступiўшых у Беразвецкi навiцыят памiж 1772 i 1795 г., 30% паходзiлi з сем’яў, у якiх мацi да шлюбу належала да шляхты. Як вядома, пасля шлюбу з нешляхцiчам шляхцянка губляла свае станавыя правы[15], таму можна дапусцiць, што дочкi небагатай шляхты бралi шлюб з блiзкiмi па свайму эканамiчнаму i палiтычнаму становiшчу баярамi. Выходзiць, вялiкая частка базыльянаў, якiя не належалi нi да шляхты, нi да гараджанаў, паходзiла з баяраў Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Цiкава, што ў рэкрутацыi ў ордэн не бралi ўдзелу сыны унiяцкага белага духавенства — парохаў. Базыльяне захоўвалi манаполiю на ўладу ў царкве i, здаецца, зусiм неахвотна ставiлiся да прыёму ў ордэн выхадцаў з белага духавенства.

В. Роля рэгiёнаў у рэкрутацыi i этнiчнае пытанне

Калi на мапе Вялiкага Княства Лiтоўскага знайсцi мясцовасць з назвай Быцень або Беразвечча i промнямi вызначыць накiрункi, адкуль прыходзiлi да iх навiцыятаў кандыдаты, дык атрымаецца раўнамерная радыяльная схема, ахапiўшая ўсю тэрыторыю дзяржавы, а нават некаторыя прылеглыя землi. Падлiчана, што за перыяд з 1742 па 1779 г. у Быценьскi навiцыят паступiлi людзi з больш чым паўсотнi асобных рэгiёнаў, не лiчачы назваў «малой радзiмы»: парафii, фальварку цi сялянскага двара. Назва рэгiёну падавалася аўтарамi тагачасных запiсаў па найменню горада, да якога прылягала мясцовасць паходжання кандыдата. Часам пазначаўся край. Сярод пералiчаных — Багемiя (4 кандыдаты), Галiцыя (1), Валынь (3), Курляндыя (1), Інфлянты (1), Мазовiя (1), Падляшша (2), Падолле (1), Жамойць (1). Але ўсё ж большая частка кандыдатаў паходзiла з тэрыторыi, якую абслугоўвала Лiтоўская правiнцыя базыльянаў. Самымi прадукцыйнымi па рэкрутацыi былi ваколiцы Берасця (18), Вiцебска (14), Наваградка (9), Пiнска (9), Слонiма (9). Найменш кандыдатаў далi паўночна-заходнiя землi ВКЛ (тэрыторый, якiя цяпер у складзе Лiтвы i Латвii): па 1-2 кандыдаты з рэгiёна. Сярэднiмi па колькасцi кандыдатаў былi тагачасныя ўкраiнскiя землi. Цiкава, што толькi адзiн кандыдат падаў сваё паходжанне «ex Alba Rusia».

Быценьскi навiцыят быў самы буйны i найбольш вядомы ў Лiтоўскай правiнцыi базыльянаў. З яго выйшла ўся ерархiя ордэна св. Базыля Вялiкага. Спецыяльная пастанова базыльянскай кангрэгацыi 1671 г. у Наваградку забараняла надаваць прэлатуру тым, хто не адбыў навiцыяту ў Быценi[16]. Можа таму геаграфiя рэкрутацыi другога буйнога навiцыяту ў Беразвеччы выглядае сцiплей. Пры адносна шырокай прадстаўленасцi рэгiёнаў (32), рэкрутацыя тут больш кампактная. У Беразвеччы амаль не сустракаюцца кандыдаты з украiнскiх зямель, затое добра прадстаўлены блiзкiя мясцовасцi: Ашмяны (15), Полацк (8), Менск (6), Вiцебск (6), Жамойць (5), Глыбокае (4) i г.д. Што да навiцыяту ў Вiльнi, дык там цяжка выявiць нейкiя тэндэнцыi з прычыны недастатковасцi крынiцаў.

Нацыянальная прыналежнасць кандыдатаў не паддаецца дакладнаму вызначэнню. Пры паступленнi ў навiцыят нацыянальнасць не пазначалася. У XVIII ст. i самаго паняцця «нацыя» у сучасным сэнсе гэтага слова не iснавала. Для ордэнскай дакументацыi дастаткова было мясцовасцi, адкуль паходзiў кандыдат. Усе назвы запiсвалiся так, як iх падаваў сам паступленец. На жаль, месца ранейшага пражывання кандыдата не сведчыць пра яго этнiчную прыналежнасць. Калi запiсана ex Alba Rusia, Bohemia, Curland, Mazovia, Livonia, Samogitia i г.д., то гэта кажа толькi пра геаграфiчнае паходжанне, а не пра наяўнасць беларускiх, польскiх, чэшскiх цi лiтоўскiх каранёў.

У нiводным з трох даследаваных навiцыятаў Лiтоўскай правiнцыi не было абмежаванняў цi, наадварот, прывiлеяў па этнiчнай прыкмеце пры паступленнi. Гэта пацвярджаецца шырокай геаграфiяй рэкрутацыi. Афiцыйнае расiйскае справаводства, на старонкi якога трапiлi базыльяне ў канцы XVIII ст., таксама не акцэнтавала ўвагi на этнiчную прыналежнасць кандыдатаў i прафесаў ордэна. Ускосныя звесткi ёсць у вызначэннi сацыяльнага i геаграфiчнага паходжання: «з лiтоўскiх дваран», «з дваран Вiцебскай губернi», «з беларускiх нараджэнцаў», «з каралеўства Польскага». Аднак для тэрыторыi, на якой жылi розныя народы, такое вызначэнне iхнай этнiчнай прыналежнасцi не можа лiчыцца дакладным.

Найблiжэй да этнiчнай iдэнтыфiкацыi базыльянаў падышлi расiйскiя «Паслужныя спiсы вышэйшых асобаў ордэна базыльянаў у Беларускай правiнцыi за 1816 г.»[17]. Тут з 39 вышэйшых саноўнiкаў 100 % аказалiся асобамi, як запiсана, «из польской фамилии». Некаторыя з гэтых базыльянаў трапiлi ў «Паслужныя спiсы чыноў Беларускай правiнцыi за 1827 г.»[18], што дазволiла атрымаць дадатковыя звесткi i засумнявацца ў iх польскiм паходжаннi. Шасцёра базыльянаў, на якiх удалося атрымаць дадатковыя звесткi, паходзiлi з шляхты, адпаведна 1 — з Магiлеўскай губернi, 2 — Вiцебскай, 1 -Менскай, 2 — Лiтоўскай. Уся iх духоўная кар’ера, як i астатнiх 33 асобаў з ерархii Беларускай правiнцыi, была звязаная выключна з тэрыторыяй былога Вялiкага Княства Лiтоўскага. Як нараджэнцы згаданых губерняў, яны не маглi належаць да этнiчных палякаў, бо на гэтай тэрыторыi выхадцам з Кароны не дазвалялася набываць зямлю i займаць пасады з часоў ВКЛ. У дадзеным выпадку можна гаварыць адно аб прыналежнасцi базыльянаў «польских фамилий» (як шляхты былога ВКЛ) да «палiтычнага народу» былой Рэчы Паспалiтай. Здаецца, для расiйскага чынавенства i iх справаводства вызначальную ролю мела тое, што чалавек некалi належаў да шляхты iншай краiны, карыстаўся польскай мовай i быў рыма-каталiком. Нiхто не браў пад увагу факта, што ранейшая паланiзацыя верхнiх слаёў Вялiкага Княства ў сферы культуры не касавала этнiчнай самабытнасцi беларусаў i лiтоўцаў[19].

У «Дзённiку Полацкага Сафiйскага кляштару базыльянаў»[20] захавалася такая гiсторыя. У 1773 г. у ордэн збiраўся ўступаць сын полацкага падчашага Адам Мiшуна. Гэтаму працiвiлiся ягоныя родныя, якiя прыехалi ў Беразвецкi навiцыят адгаворваць сына ад духоўнай кар’еры. Вось якi дыялог адбыўся памiж мацi i сынам. Мацi: «Адалку, што табе з таго, што станеш русiнам i будзеш як мужык насiць сярмягу?» Адказ сына: «Нiчога крыўднага ў тым няма, што стану русiнам, бо русiн ёсць такi ж самы, як i рымлянiн (рыма-каталiк — С.К.), а калi год навiцыяту i буду насiць сярмягу, то ў гэтым нiчога дзiўнага, бо ксяндзы-бернандыны, рэфарматы, капуцыны ўсё жыццё ходзяць у сярмягах, а нiхто з iх не насмяхаецца, хiба што толькi дурнi»[21]. Як бачым, прыналежнасць да пэўнага народу ў канцы XVIII ст. вызначалася ў першую чаргу веравызнаннем i насiла палiтычны характар.

С. Лакальная персанiфiкацыя

Пагодзiмся з тым, што некаторыя старонкi жыцця базыльянаў так i застануцца неразгорнутымi. Не ставячы на мэце ўглядзецца ў твар кожнага з iх, паспрабуйма вызначыць на такiм няпростым дысперсным полi зноў-такi толькi тэндэнцыi. Лакалiзуем геаграфiю даследавання межамi аднаго ваяводства, Мсцiслаўскага, i паглядзiм, хто i адкуль прыходзiў у ордэн базыльянаў. Пры даследаваннi ўдалося выявiць пяць асобаў, якiя паходзiлi з Мсцiслаўскага ваяводства i паступiлi ў навiцыяты памiж 1767 i 1794 г.

1. Антонi Сураж. Нарадзiўся ў 1721 г. Шляхцiч. Рыма-каталiк. Бацькi: Мiхаiл i Кацярына з Глускiх. Да навiцыяту вывучаў рыторыку. Ва ўзросце 34 гадоў паступiў у Быценьскi навiцыят. У 1767 г. атрымаў святарства. Выконваў абавязкi пракуратара ў кляштарах: Быценi (2 гады), Вiльнi (2 гады), Бязводзiчах (3 гады), Барунах (2 гады), Суткове (1 год). Тры гады знаходзiўся ў Гарадзенскiм кляштары. Памёр у 1791 г. у Глушнянскiм кляштары. Быў здатны да гаспадаркі i высокамаральны[22].

2. Нiкадзiм Франскевiч. Нарадзiўся ў 1754 г. Шляхцiч. Грэка-каталiк. Бацькi: Антонi i Настася. У 1771 г. паступiў у Быценьскi навiцыят. Вывучаў: лацiнскую мову (1 год у Тараканскiм кляштары i 1 год у Жыровiцкiм), рыторыку i фiласофiю (3 гады ў Жыровiцах), тэалогiю (2 гады ў Беразвецкiм кляштары). Выконваў абавязкi настаўнiка ў Вiльнi, Жыровiцах. Быў прэфектам школы i прафесарам фiзiкi ў Вiльнi. Памёр у Менску[23].

Род Франскевiчаў згадваецца ў выпiсах з «Гродзкiх i земскiх кнiгаў» Мсцiслаўскага ваяводства пад 1665 г. у сувязi са справай земянiна Яна Франскевiча, якi спрабаваў захапiць маёнтак Сохана[24]. Насельнiцтва Сохана да 1772 г. належала да унiяцкай парафii Полацкай дыяцэзii[25]. У 1733 г. пiсар Вялiкага Княства Лiтоўскага Ігнацi Лапацiнскi ў сваiм «Dyarуuszy эycia» у сувязi з падзеямi ў Мсцiславе згадвае мсцiслаўскага крайчага Фларыяна Франскевiча, якi акурат тады атрымаў годнасць суддзi ад Казiмiра Каменскага[26].

3. Язэп Асмалоўскi. Нарадзiўся ў 1734 г. Шляхцiч. Грэка-каталiк. Бацькi: Мiкалай i Марыяна. Паходзiў з парафii ў Лазавiцах. Ва ўзросце 36 гадоў паступiў у Быценьскi навiцыят. У 1773 г. атрымаў святарства. У Лаўрышаўскiм кляштары вывучаў маральную тэалогiю (2 гады). Выконваў абавязкi пракуратара ў Жыровiцкiм кляштары, працягваючы дасканалiцца ў навуках[27].

Род Асмалоўскiх згадваецца ў выпiсах з «Гродзкiх i земскiх кнiгаў» Мсцiслаўскага ваяводства ў сувязi з пажарам крычаўскай фартэцыi ў 1655 г., калi ў замку згарэла iхная супольная з земянiнам Паўлам Данiловiчам асадная клець[28].

4. Апалiнары Скухар. Нарадзiўся ў 1750 г. Шляхцiч. Рыма-каталiк. Бацькi: Тодар i Дамiцэла з Пушкiных. У 1772 г. у Вiленскiм навiцыяце высвячаны на святара. Вывучаў маральную тэалогiю ў Лаўрышаўскiм кляштары. Выконваў абавязкi скарбнiка i кiраўнiка хору ў Беразвецкiм кляштары. За неадпаведнасць маральным патрабаванням (абвiнавачаны ў п’янстве) быў двойчы адхiлены ад абавязкаў — «дысперсаваны». У канцы жыцця выконваў абавязкi пракуратара ў Радашкавiцкiм кляштары. Памёр у 1804 г.[29].

Род Скухараў згадваецца ў 1655 г. у выпiсах з «Гродзкiх i земскiх кнiгаў» Мсцiслаўскага ваяводства як зямяне з вёскi Басценавiчы[30].

5. Себасцян Жукоўскi. Нарадзiўся ў 1777 г. Шляхцiч. Грэка-каталiк. Бацькi: Ян i Разулiя. У 1794 г. у Беразвецкiм навiцыяце прыняў манаскi зарок[31].

Род Жукоўскiх згадваецца ў выпiсах з «Гродзкiх i земскiх кнiгаў» Мсцiслаўскага ваяводства пад 1655 г. у сувязi са справай зямянкi Хрысцiны Жукоўскай i ейнага маёнтка Яркаўшчызна[32]. (Да 1772 г. гэта была унiяцкая парафiя Полацкай дыяцэзii) [33].

Кепская захаванасць базы крынiцаў па Мсцiслаўскаму ваяводству не дазваляе дакладна iдэнтыфiкаваць шляхту, папаўняўшую базыльянаў. Аднак, улiчваючы пэўную статычнасць тагачаснага грамадства, можна дапусцiць, што статус пералiчаных шляхецкiх родаў не быў высокi. Хутчэй за ўсё, гэта небагатая шляхта, якая не займала вышэйшых урадаў ваяводскай адмiнiстрацыi. Адсутнасць звестак пра склад сям’i i размеркаванне спадчыннай маёмасцi не дазваляе гаварыць аб эканамiчнай матывацыi пачатку духоўнай кар’еры. Безумоўна, на выбар жыццёвага шляху ўплывалi пануючыя ў грамадстве стэрэатыпы i ментальныя ўстаноўкi. У згаданым раней «Дзённiку» полацкага кляштара ёсць сведчанне полацкага падкаморага пана Зяновiча, якi ў маладыя гады, маючы за прыклад двух асабiста знаёмых яму «godnych pralatуw» з базыльянаў, сабраўся i сам уступаць у ордэн[34].

У Мсцiслаўскiм ваяводстве ў другой палове XVIII ст. дзейнiчала 5 базыльянскiх кляштараў: Ануфрыеўскi, Бязводзiцкi, Малашкавiцкi, Марыявiльскi i Пустынкаўскi. Два з iх у розныя часы мелi манахаў-настаўнiкаў для адукацыi свецкай i кляштарнай моладзi. У Ануфрыеўскiм кляштары ў 1754 г. а. Апанас Марцынкевiч выкладаў рыторыку пяцём базыльянам[35]. У 1798 г. той жа кляштар «сваiм коштам» утрымлiваў 15 вучняў i аднаго настаўнiка. Выкладалiся тут руская i польская граматыка, арыфметыка, рукапiсанне i iнш.[36]. У другiм мсцiслаўскiм кляштары Пустынкаўскiм да 1803 г. iснавала парафiяльная школа, дзе 10 дзяцей вучылiся рускай i польскай граматыцы ды спевам у будынку царквы[37]. Пазней у кляштары (1818 г.) выкладалася маральная тэалогiя[38].

Пэўна ж, блiжэйшыя бызыльянскiя кляштары паўплывалi на адукацыю i выбар жыццёвага шляху асобных жыхароў ваяводства. Зразумела, адбывалася гэта можа не так непасрэдна, а ў складаным перапляценнi з iншымi прыкладамi i абставiнамi. Выхадзец з заможнай мсцiслаўскай шляхты Ігнацi Лапацiнскi, бацька якога валодаў маёнткам Лапацiн з больш чым 250 падданымi[39], у сваiм «Dyaryuszy эycia» другой паловы XVIII ст. нiводнага разу не згадвае базыльянаў. Ягоная адукацыя пачалася дома з вывучэння лацiны, працягвалася ў кармелiтаў у Мсцiславе, а потым — у пiяраў у Вiльнi. Лапацiнскi дае i своеасаблiвы рэйтынг навучальных устаноў: у пiяраў у Вiльнi атрымлiвалi адукацыю дзецi багатай шляхты, а ў вiленскiх iезуiтаў — дзецi магнатаў i вышэйшых асобаў дзяржавы (Радзiвiлы, Пацы i iнш.)[40]. На езуiцкiх студыях у Вiльнi знаходзiлiся i аднагодкi Лапацiнскага — сыны вышэйшых чыноў мсцiслаўскай адмiнiстрацыi Галынскiя i Цеханавецкiя[41].

* * *

Адсутнасць параўнаўчых даследаванняў i нераспрацаванасць сацыяльнай гiсторыi манаскiх ордэнаў i каталiцкага касцёлу ў Беларусi наогул не дазваляе аб’ектыўна вызначыць ролю i месца базыльянаў у грамадскiм жыццi краiны другой паловы XVIII ст. Мiж тым, заўважныя поспехi базыльянаў у справе адукацыi на пачатку наступнага стагоддзя (у 1803 г. па лiку вучняў у сваiх школах ордэн далёка выперадзiў не толькi езуiтаў i пiяраў, але i акадэмiчныя школы[42]) дазваляюць казаць пра значны патэнцыял, набыты Ордэнам за папярэднiя часы. Пасля 1751 г., калi на недахопы ў адукацыйнай дзейнасцi базыльянаў справядлiва наракаў Ватыкан[43], ордэн Базыля Вялiкага здолеў за непрацяглы час арганiзаваць эфектыўную сiстэму перманентнай адукацыi i падрыхтоўкi сваiх прафесаў i кандыдатаў да прыёму ў манахi. Шырокiя магчымасцi атрымання ведаў — а для базыльянаў заўсёды былi зарэзерваваныя месцы ў калегiумах De Propaganda Fide i ў Грэцкiм у Рыме, у езуiцкай семiнарыi ў Брунсбергу (Нямеччына), у Вiленскiм унiверсiтэце ды Галоўнай семiнарыi[44], а таксама забарона займаць ордэнскiя пасады без абавязковай папярэдняй шасцiгадовай працы ў якасцi настаўнiка[45], усё гэта спрыяла таму, што ордэн займеў салiдную аснову i пазней атрымаў статус «ордэна адукацыйнага»[46]. У слаба выяўленай iнтэлектуальнай структуры тагачаснага грамадства базыльяне разам з iншымi адукацыйнымi манаскiмi ордэнамi сфармавалi своеасаблiвую «клерыкальную iнтэлiгенцыю», якая займала даволi высокую ступень у ерархiчнай лесвiцы Вялiкага Княства Лiтоўскага. Вядомы дэмакратызм рэкрутацыi ў ордэн даваў шанец людзям самых розных грамадскiх слаёў павысiць свой сацыяльны статус, праз адукацыю i ўласныя высiлкi заняць высокае месца ў унiяцкай канфесiйнай элiце.


[1]Analecta OSBM, Roma, 1979, 36, 40.
[2]Таксама, 55.
[3]Назва, прынятая ў справаводстве рыма-каталіцкіх манаскіх ордэнаў.
[4]Архив Санкт-Петербургского Филиала Института Российской истории Российской Академии Наук, Колл. 52, д. 11.3.21 (Добр. 361). Далей – Архив СПбФ ИРИ РАН.
[5]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.3.22 (Добр. 362).
[6]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.3.37 (Добр. 377).
[7]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.2.2 (Добр. 305).
[8]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.2.2 (Добр. 305), л. 151.
[9]Краткие известия о положении базилианского ордена и разных переменах в его управлении от 1722 до 1811 г. Л. Сульжинского // Труды Киевской Духовной Академии, 1868, Т. 4, 110.
[10]Российский государственный исторический архив, Ф. 824, оп. 2., д. 115. Далей – РГИА.
[11]РГИА, Ф. 797, оп. 6, 824, оп. 2.
[12]Archivum Państwowe w Lubline. Szgn. ak. 745.
[13]З 11 навіцыятаў Пачаеўскага кляштара Грэка-каталіцкая Духоўная калегія дазволіла Літоўскай кансісторыі дапусціць да прыняцця манаскага зароку толькі трох спаборнікаў, аб якіх былол вядома, што яны паходзяць з сем’яў уніяцкіх святароў (Ліст мітрапаліта Булгака да таварыша міністра Народнай адукацыі Д.М. Блудава, 5 чэрвеня 1830 г. – РГИА, Ф. 797, оп. 6, д. 22753, л. 2).
[14]Bardach, Juliusz, Historia ustroju I prawa polskiego, Warszawa 1983, 93.
[15]Доўнар-Запольскі, М.В., Гісторыя Беларусі, Мінск 1994, 107.
[16]Археографический сборник, Вильно 1900, Ч. 12, 105.
[17]РГИА, Ф. 797, оп. 6, д. 23136.
[18]РГИА, Ф. 824, оп. 2, д. 264.
[19]Bardach, Juliusz, Historia ustroju I prawa polskiego, 186.
[20]Археографический сборник, Вильно 1874, Т. Х.
[21]Таксама, 376.
[22]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.2.2 (Добр. 305), л. 265 об.
[23]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.2.2 (Добр. 305), л. 57 об .
[24]Историко-юридические материалы (далей – ИЮМ), Вып. 25, Витебск, 1894, 498.
[25]Kołbuk, W. Kościoły wschodnie na ziemach dawnej Rzeczypospolitej, 1772-1914, Lublin 1992, 250.
[26]Biblioteka Warszawska, 1855, T. III, 397.
[27]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.3.21 (Добр. 361), л. 50 .
[28]ИЮМ, Вып. 25, Витебск, 1894, 478.
[29]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.2.2 (Добр. 305), л. 251 .
[30]ИЮМ, Вып. 25, Витебск, 1894, 487.
[31]Архив СПбФ ИРИ РАН, Колл. 52, д. 11.3.21 (Добр. 361), л. 71 .
[32]ИЮМ, Вып. 25, Витебск, 1894, 490.
[33]Kołbuk, W. Kościoły wschodnie, 248.
[34]Археографический сборник, Вильно 1874, Т. Х, 376.
[35]Analecta OSBM, Roma, 1979, 94.
[36]РГИА, Ф. 824, оп. 2, д. 117, л. 66 об.
[37]РГИА, Ф. 823, оп. 2, д. 3030, л. 7 об.
[38]РГИА, Ф. 797, оп. 6, д. 23116, л. 102.
[39]Slównik geograficyny Królewstwa Polskiego, T. V, Warszawa 1884, 716.
[40]Biblioteka Warszawska, 1855, T. III, 411.
[41]Таксама, 411.
[42]Beauvois, Daniel, Szkolnictwo polskie na ziemaiach Litewsko-ruskich 1803-1832, Rzym-Lublin 1991, T. 1, 148.
[43]Петров, В., очерк истории базилианского ордена // Труды Киевской Духовной Академии, 1871, Т. 2, 149.
[44]Encyklopedyja Powszechna, Warszawa 1860, T. 2, 1073.
[45]Петров, В., очерк истории базилианского ордена, T. 1, 340.
[46]Beauvois, D., Szkolnictwo polskie, T. 2, 185.

Наверх

Тэгі: ,