Brakel, Alexander. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. (Сяргей Новікаў)
BRAKEL, ALEXANDER. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung. Ferdinand Schöningh: Paderborn — München — Wien — Zürich, 2009. — 426 S.
Манаграфія маладога нямецкага даследчыка Аляксандра Бракеля па рэгіянальнай гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны выдадзена на падставе доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай трыма гадамі раней ва ўніверсітэце імя Ёгана Гутэнберга ў г. Майнцы (Нямеччына).
Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі Заходняй Беларусі — усходніх ускраін (крэсаў) былой II Рэчы Паспалітай і новаўтворанай Баранавіцкай вобласці, дзе з 1939 да 1944 г. вызначальнымі былі падзеі савецкай анексіі, нямецкай акупацыі і пасляваеннай саветызацыі.
Аўтар манаграфіі слушна зазначае, што на працягу двух перадваенных гадоў і трох гадоў нямецкай акупацыі мясцовае насельніцтва адной з беларускіх тэрытарыяльных адзінак (Баранавіцкая вобласць і акруга Баранавічы) знаходзілася ў фокусе антаганістычных светапоглядаў дзвюх сістэм і перажыло цяжкія наступствы панавання дзвюх улад. Даследчык вылучае мясцовае насельніцтва ў якасці галоўнага прадмета вывучэння цягам пяці гадоў, не пакідаючы па-за рамкамі сваёй грунтоўнай працы шэраг пытанняў, якія да гэтага часу спецыяльна не разглядаліся не толькі ў нямецкай, але і ў беларускай гістарыяграфіі.
Манаграфія з’явілася вынікам шматгадовага плённага навуковага пошуку, прамежкавыя звесткі пра які айчыннаму чытачу былі вядомы з публікацый нямецкага аўтара ў беларускім друку. Зазначым, што дакументальная база для даследавання выяўлена ў 84 фондах архіваў у Баранавічах, Берліне, Брэсце, Варшаве, Людвігсбургу, Мінску і Фрайбургу.
Работа складаецца з уводзінаў, 5 частак (некаторыя з іх падзелены на раздзелы і больш дробныя падраздзелы), заключэння ў форме прадстаўлення вынікаў даследавання. Завяршаюць працу скарачэнні, спіс крыніц і літаратуры, імянны спіс.
Ва „Уводнай частцы» (1-14) аўтар праводзіць агляд даследаванняў, якія прама ці ўскосна закраналі асобныя аспекты гісторыі Заходняй Беларусі ў савецкія часы і ў часы нямецкай акупацыі, і характарызуе дакументальныя крыніцы. У значнай ступені абгрунтаваным можна лічыць зварот аўтара да прац польскіх гісторыкў Ю. Туронка і Б. Мусяла, нямецкіх даследчыкаў Х. Герлаха, Б. К’яры, П. Коля, амерыканскага гісторыка М. Дзіна, а таксама беларускіх навукоўцаў — С. Барадзіна, І. Яленскай, А. Кавалені, М. Літвіна, Я. Разенблата, І. Сервачынскага. З іх разгляду вынікае, што ў сучаснай гістарыяграфіі нямецкі даследчык упершыню праводзіць параўнальны аналіз гістарычных падзей у перадваенны і ваенны час на тэрыторыі адной Баранавіцкай вобласці.
У другой частцы „Крэсы ўсходнія ў ІІ Рэчы Паспалітай» (15-27) аўтар выяўляе прыкметы нацыянальнага характару мясцовага насельніцтва, паказвае яго моўныя і канфесійныя адметнасці. Аўтар абгрунтоўвае тэзу аб тым, што ў пачатку 1930-х г. у Наваградскім ваяводстве гэтыя дзве катэгорыі прыкмет не былі пастаяннымі і вагаліся: 550 тыс. чалавек лічылі сваёй мовай польскую, але толькі 420 тыс. спавядалі рымска-каталіцую рэлігію; 413 тыс. размаўлялі па-беларуску, але 542 тыс. мясцовага насельніцтва былі праваслаўнымі вернікамі. У мясцовых яўрэяў такіх адрозненняў не назіралася. У польскія часы ў крэсах у выніку правядзення пэўнай дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай меншасці польскія ўлады садзейнічалі „абвастрэнню грамадскага клімату» (24).
Трэцяя частка даследавання „Баранавічы ў гады Другой сусветнай вайны» (29-33) змяшчае кароткі агляд галоўных падзей на тэрыторыі Баранавіч і вобласці ў пачатку вайны. 3 верасня 1939 г. тут пачалі адбывацца падзеі, якія пакінулі істотны след у гісторыі насельніцтва Баранавіцкай вобласці, у склад якой у студзені 1940 г. былі канчаткова ўключаны 27 беларускіхраёнаў. З момантуяеўваходжанняўсклад БССР пачалася „маштабная саветызацыя» былых „усходніх крэсаў». У чэрвені 1941 г. Баранавіцкая вобласць трапіла ў цэнтр вайны светапоглядаў. Тэрыторыя Баранавіцкай вобласці, на якой у верасні 1941 г. быў створаны акруговы камісарыят Баранавічы, уключала Наваградак, Клецк, Ляхавічы, Мір, Нясвіж, Новую Мыш, Стоўбцы і г. Баранавічы.
Разам з усталяваннем улады вобласць апынулася ў сферы значнай трансфармацыі, звязанай, па-першае, з вынішчэннем яўрэяў на тэрыторыі захопленых „усходніх крэсаў»; па-другое, з пачаткам разгортвання партызанскага руху; па-трэцяе, у сувязі з ростам уплыву барацьбы польскага супраціўлення Арміі Краёвай. У тых умовах немцы праводзілі сваю палітыку ўсімі наяўнымі сродкамі і з усёй жорсткасцю (32). Але гвалт і жорсткасць былі толькі адной часткай нямецкай акупацыйнай палітыкі. Акупанты спрабавалі таксама рознымі спосабамі ўключыць мясцовае насельніцтва ў сістэму новых адносін. Такое становішча цягнулася да 8 ліпеня 1944 г., калі Баранавічы былі вызвалены ад нямецкіх захопнікаў і пачаўся этап рэсаветызацыі вобласці.
Чацвёртая частка „Нацыянальная палітыка і нацыянальныя канфлікты» (35-145) уключае два раздзелы, тут заслугай А. Бракеля з’яўляецца спроба высвятлення адносін паміж палякамі, яўрэямі і беларусамі ў час савецкага і нямецкага панавання і выяўлення галоўных прычын тых канфліктаў. У першым раздзеле размова ідзе пра нацыянальную палітыку савецкай улады з 1939 да 1941 г. З усталяваннем савецкай улады былі распачаты акты гвалту ў дачыненні да асобнай часткі грамадства, у першую чаргу „старой польскай эліты» (43), якая разглядалася ў якасці „класавых ворагаў» (45). Агульная колькасць высланых з тэрыторыі Баранавіцкай вобласці восенню 1939 г. складала 16 693 чал. У пачатку 1940 г. адбыліся новыя хвалі дэпартацыі. У працэнтных адносінах 63,5% ад усіх дэпартаваных на ўсход складалі палякі, 22,2 — яўрэі, 7,9 — украінцы і толькі 6,3% — этнічныя беларусы. Аўтар прыходзіць да высновы, што ў ходзе дэпартацый адбывалася шчыльнае перапляценне розных катэгорый дэпартаваных па палітычных, сацыяльных і этнічных прыкметах, але датычылася гэта галоўным чынам палякаў, а не яўрэяў і беларусаў.
Для абгрунтавання сваіх дзеянняў савецкая ўлада актыўна праводзіла прапагандысцкую і кадравую палітыку, ухваляючы вызваленне рабочых і сялян ад „панскай» капіталістычнай эксплуатацыі (58). У кадравай палітыцы савецкая ўлада прытрымлівалася прынцыпу прыцягнення на новыя пасады выхадцаў з усходняй Беларусі — усходнікаў (69). Асаблівая ўвага аддавалася школьнай і адукацыйнай палітыцы. Бальшавікі пры гэтым, з аднаго боку, зыходзілі з агульнага доступу ўсіх сацыяльных слаёў да адукацыі, а з другога — хацелі праз школьную палітыку ўплываць на культуру карэннага насельніцтва, якое асабліва цярпела ў польскія часы.
Цікавым падаецца нам матэрыял, у якім А. Бракель даследуе пытанне аб супрацоўніцтве яўрэяў з органамі савецкай улады. Да канца 1940 г. у Баранавіцкую вобласць было накіравана 8606 „усходнікаў», з якіх чатыры тысячы былі беларусамі, наступныя тры тысячы — рускімі, і толькі 875 яўрэямі (89). У гэтым аспекце гісторык прыходзіць да абгрунтаванай высновы, што разгляд яўрэяў як „савецкіх калабарантаў» — не больш чым стэрэатып (90).
Адказваючы на пытанне пра адносіны паміж нацыянальнымі групамі ў гады панавання савецкай улады, даследчык зыходзіць з тэзы аб магчымасці існавання пэўнага канфлікту ў сувязі з падзелам грамадства на пераможцаў і пераможаных, прыхільнікаў і праціўнікаў новага парадку. Лінія падзелу пры гэтым праходзіла ў значнай ступені з улікам сацыяльных крытэрыяў. Пагаршэнне жыццёвых умоў для розных катэгорый насельніцтва даволі хутка прывяло да сітуацыі, калі першапачатковае захапленне савецкай уладай пачало зніжацца як сярод часткі беларускага, так і яўрэйскага насельніцтва (94).
У другім раздзеле паказана нацыянальная палітыка нямецкіх акупантаў з 1941 да 1944 г. Пры гэтым аўтар зыходзіць з тэзы, што нацыянальнае пытанне нямецкія нацыянал-сацыялісты разглядалі не так, як бальшавікі. Калі для апошніх гэтае пытанне разумелася скрозь прызму імкнення да роўнасці ўсіх народаў, дык ідэолагі нацыянал-сацыялізму вызначалі ролю кожнага народа ў адпаведнасці з расавай тэорыяй. Аўтар паказвае трагічную гісторыю яўрэяў акругі Баранавічы, дзе агульная колькасць знішчаных яўрэяў складала 32-43 тыс., у тым ліку ад 8500 да 14 000 чалавек у саміх Баранавічах (106). Шукаючы адказ на пытанне аб стаўленні мясцовага насельніцтва да праяваў Халакосту, аўтар прыходзіць да высновы, што даволі складана даць адзіную абагульняльную ацэнку пазіцыі і адносінам неяўрэйскага насельніцтва да лёсу яўрэяў. У час нямецкай акупацыі антысемітызм не стаў для мясцовага насельніцтва тым фактарам, які паскорыў бы „працэс вынішчэння яўрэяў» (119).
Як паказвае прыклад акругі Баранавічы, у немцаў фактычна не існавала адзінай пазіцыі адносна палякаў і беларусаў, хаця ў пачатку 1942 г. практычна ўсе вядучыя функцыі на ўзроўні мясцовага кіравання замест палякаў выконвалі беларусы. У гэтым аспекце даволі важны вывад аўтара, які сведчыць пра фактычную адсутнасць „вялікіх нацыянальных канфліктаў». Тыя канфлікты, якія ўсе ж такі адбываліся паміж палякамі і беларусамі, мелі сацыяльнае ці рэлігійнае паходжанне. Адным з адказаў на такі стан была нямецкая палітыка, „у тысячу разоў горшая» за савецкую ўладу (145).
Надзвычай цікавая пятая частка працы „Формы супрацоўніцтва з уладамі» (161-244). Сутнасць такога супрацоўніцтва раскрываецца на розных фактах добраахвотнай кааперацыі з савецкай уладай у 1939-1941 г. і кааперацыі з нямецкай уладай у гады акупацыі ў 1941-1944 г. Гісторык лічыць, што і савецкая, і нямецкая ўлады кіраваліся адзіным правілам — пошукам падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. Пры гэтым аўтар свядома не выкарыстоўвае тэрмін калабарацыя, уводзячы замест гэтага такія дэфініцыі, як супрацоўніцтва і кааперацыя.
Разглядаючы формы супрацоўніцтва з савецкай уладай, аўтар падзяляе гэтую сферу на некалькі палёў, дзе магла адбывацца сумесная работа мясцовага насельніцтва з новай уладай. У выніку атрымлівалася шырокая панарама розных відаў кааперацыі ў палітычнай, адміністрацыйнай і гаспадарчай сферах жыцця былых крэсаў усходніх. На думку аўтара, усталяванне нямецкай акупацыйнай улады з’явілася для значнай часткі насельніцтва той вяхой, якая сведчыла пра спыненне прымусовага прыцягнення сялян у калгасы, ганенняў вернікаў, забароны рэлігіі і дзейнасці цэрквы. Але ў хуткім часе мясцовае насельніцтва было вымушана пайсці на прымусовую кааперацыю і з нямецкай уладай. Аўтару не ўдалося вызначыць тых фактараў, якія прывялі да добраахвотнага супрацоўніцтва і кааперацыі, з прычыны недахопу дакументальных крыніц (193). Аўтар не абыходзіць увагай і даволі складанае пытанне ў сферы супрацоўніцтва — удзел у злачынствах тых мясцовых жыхароў, хто пайшоў служыць у дапаможную паліцыю. Агульная колькасць мясцовых паліцаяў у акрузе Баранавічы за гады нямецкай акупацыі складала 2263 чал. (195), якія мелі непасрэднае дачыненне да многіх злачынстваў нямецкіх акупантаў на тэрыторыі акругі Баранавічы.
Важным у гэтай частцы падаецца нам тое, што аўтар спрабуе высветліць галоўныя прычыны ўзброенага супрацоўніцтва мясцовага насельніцтва з немцамі. Сярод тых, хто ішоў на службу да немцаў, былі такія, хто кіраваўся палітычнымі матывамі ўступлення ў дапаможную паліцыю. На думку аўтара, існавалі дзве процілеглыя групы. Першая ўключала ў сябе беларускіх нацыяналістаў, якія праз службу на немцаў бачылі магчымасць весці таксама барацьбу ca сваімі ідэйнымі праціўнікамі. Менавіта ва ўзброеных паліцэйскіх фармаваннях ім бачыўся першы крок да стварэння ўласнага беларускага войска (203). Другую групу складалі палякі, якія супрацоўнічалі з акупантамі па нацыянальных перакананнях, у першую чаргу з мэтай вяртання „ўсходніх крэсаў», страчаных у 1939 г. Таму дзеля атрымання зброі палякі ўступалі адначасова і ў нямецкую паліцыю, і ў польскую Армію Краёвую.
З узмацненнем актыўнасці партызан з сярэдзіны 1942 г. значна ўзраслі шэрагі паліцэйскіх фармаванняў. Аўтар выяўляе важную тэндэнцыю: у параўнанні з першым годам нямецкай акупацыі практычна зніклі добраахвотнікі, таму немцам даводзілася звяртацца да мераў прымусовага рэкрутавання (205).
Адносіны беларускіх нацыяналістаў з акупантамі аўтар раскрывае на прыкладах супрацоўніцтва нямецкай акупацыйнай улады і такіх утварэнняў, як Беларуская нацыянальная самапомач (206-210), Беларуская самаахова (210-212), Саюз беларускай моладзі (214-219), Беларуская цэнтральная рада (219-220), Беларуская краёвая абарона (220-224). Пры гэтым аўтар прыводзіць дакладныя звесткі пра ўдзел у гэтых утварэннях жыхароў Баранавіцкай акругі. Цікавым нам падаецца і факт дыскусіі ў дачыненні да агульнай колькасці беларускай моладзі, якая ўваходзіла ў склад СБМ. На думку А. Бракеля, на тэрыторыі акругі Баранавічы агульная колькасць удзельнікаў гэтага саюзу не перавышала трох тысяч чалавек (215).
Разглядаючы факты добраахвотнай кааперацыі і супрацоўніцтва ў сферы гаспадаркі, аўтар перакананы, што пад нямецкай акупацыяй колькасць тых, хто вымушаны быў пайсці на „прымусовае супрацоўніцтва», значна перавышае лічбу мясцовых грамадзян, хто нёс службу ў паліцыі аховы ці быў уключаны ў сферу мясцовага кіравання. Асновай для рэкрутавання на акупаванай тэрыторыі служыла распараджэнне А. Розенберга аб увядзенні абавязковай працоўнай павіннасці для жыхароў Рэйхскамісарыята Остланд ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў, тады як для яўрэяў гэтыя рамкі былі пашыраны з 15 да 60 гадоў. Тут неабходна звярнуць увагу чытача на недакладнасць, дапушчаную аўтарам у дачыненні да даты выдачы распараджэння: гэта было не 5 верасня 1941 г. (225), а на месяц раней[1].
Аўтар паказвае агульную карціну прыцягнення мясцовага насельніцтва да прымусовай працы. Калі немцам удалося дэпартаваць у райх з акругі ўвогуле каля 17 тыс. чалавек, што складала 14% ад вывезеных на прымусовыя работы з тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь, дык да канца 1943 г. на тэрыторыі акругі Баранавічы было зарэгістравана 134 тыс. чал. мясцовай рабочай сілы, з якой 95 тыс. былі заняты ў сельскай гаспадарцы (237). На заканчэнне А. Бракель прыходзіць да высновы, што нават пры ўмове наяўнасці фактаў добраахвотнага супрацоўніцтва часткі насельніцтва з савецкай і нямецкай уладамі імкненні немцаў да прымусовага і гвалтоўнага выкарыстання мясцовага насельніцтва былі непараўнальна большымі, чым у Саветаў (244).
Шостую частку даследавання аўтар прысвячае розным праявам незадаволенасці і супраціву мясцовага насельніцтва, якія мелі месца ў Баранавіцкай вобласці ў гады савецкай улады і ў час нямецкай акупацыі (245-380). Аналізуючы асобныя факты непрыняцця савецкай улады і арганізаванага супраціўлення ёй пасля ўключэння „ўсходніх крэсаў» у склад Савецкай Беларусі, а таксама параўноўваючы ix з маштабамі ўзброенага супраціву на беларускай зямлі нямецкім акупантам, гісторык прыходзіць да высновы, што толькі ў гады нямецкай акупацыі ўзброенае супраціўленне набыло адметныя маштабы (246).
Паказваючы прычыны незадавальнення савецкай палітыкай у галіне сельскай гаспадаркі, А. Бракель аналізуе ход савецкіх пераўтварэнняў на вёсцы, дзе пасля верасня 1939 г. пачала шырока праводзіцца сацыялістычная калектывізацыя шляхам стварэння калгасаў і саўгасаў. Аўтар пры гэтым зазначае, што некаторыя беларускія даследчыкі, не прыводзячы дакладных фактаў, сцвярджаюць, што большасць батракоў і беднае сялянства выступалі выключна за стварэнне калгасаў. Аднак аўтар перакананы ў тым, што гэты працэс у Баранавіцкай вобласці ішоў вельмі марудна. Вобласць хоць і была лідарам па правядзенні калектывізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аднак на 1 чэрвеня 1941 г. у калгасы і саўгасы ўвайшлі толькі 6,5% ад усіх сялянскіх двароў (261). Асаблівае непрыняцце выклікала ў насельніцтва стварэнне калгасаў.
Рашучае непрыняцце мясцовым насельніцтвам нямецкай палітыкі пасля захопу тэрыторыі Баранавіцкай вобласці выявілася ў арганізацыі савецкага партызанскага руху, які быў вызначальнай прыкметай не толькі барацьбы, але і захавання савецкага ўплыву на заходняй тэрыторыі. На думку аўтара, сімвалічным знакам перыяду нямецкай акупацыі Баранавіцкай вобласці стала партызанская вайна. Паводле нямецкіх дакументаў, актыўная дзейнасць партызан на гэтай тэрыторыі стала фактам толькі з вясны 1942 г. (286). А. Бракель лічыць, што да ліку важных адметнасцяў партызанскай барацьбы на тэрыторыі акругі адносіцца стварэнне першага яўрэйскага атрада пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх. Апрача таго, нямецкі аўтар не пагаджаецца з думкай, якая пануе ў беларускай гістарыяграфіі, быццам летам 1942 г. існаваў„маналітны, скаардынаваны і баяздольны рух супраціўлення» (288).
Разглядаючы развіццё партызанскага руху з восені 1942 да пачатку 1943 г., нямецкі аўтар прыходзіць ад важнай высновы: за той час не толькі павялічылася колькасць партызан, узмацнілася іх баяздольнасць, але і пазначыўся важны элемент у савецкім партызанскім руху — падпарадкаванне суцэльнай веры ідэям камуністычнай партыі. Той час быў адметны таксама тым, што на тэрыторыі Баранавіцкай акругі ўзнікла альтэрнатыўная група барацьбітоў — польскае ўзброенае падполле Арміі Краёвай (312). Хаця і савецкі партызанскі рух, і польскае ўзброенае падполле бачылі сваім галоўным ворагам нямецкіх акупантаў, аднак мэты ў іх былі рознымі ў дачыненні да палітычнага і тэрытарыяльнага лёсу Заходняй Беларусі ў пасляваенны час: для ўдзельнікаў польскага супраціву „крэсы» павінны былі заставацца польскімі, савецкі бок бачыў тут толькі камуністычную перспектыву (315). Да канца 1943 г. разам з узрастаннем уплыву савецкага партызанскага руху відавочным фактам станавілася і ўзмацненне напружанасці з фармаваннямі Арміі Краёвай.
У далейшым гэта вылілася ў зацятую ўзброеную барацьбу паміж падраздзяленнямі Арміі Краёвай і фармаваннямі савецкіх партызан. Узброеная напружанасць паміж імі захоўвалася практычна да канца нямецкай акупацыі Баранавіцкай вобласці. На думку аўтара, на тэрыторыі акругі Наваградак падпольныя часці Арміі Краёвай заставаліся моцным і баяздольным узброеным кулаком польскага падполля (331).
Значэнне партызанскай вайны А. Бракель спрабуе высветліць на аснове дакументальных фактаў, выяўленых ім у розных архівах і правераных у гістарыяграфічных крыніцах. Паводле дакументаў і найноўшых нямецкіх даследаванняў, не вытрымлівае крытыкі сцвярджэнне савецкай гістарыяграфіі аб тым, што менавіта партызанскі рух вымагаў размяшчэння ў тыле значных вайсковых сілаў немцаў. Па сучасных падліках гэтая лічба не пераўзыходзіла 3,8% ад нямецкіх салдат. Аспрэчвае аўтар і лічбу ад колькасці немцаў, забітых партызанамі ў нямецкай тылавой зоне. На думку А. Бракеля, на працягу вайны савецкія партызаны і падпольшчыкі забілі менш нямецкіх салдат, чым іх гінула цягам аднаго месяца на ўсходнім фронце (каля 60 тыс. чал.). Хаця на прыкладзе Баранавіцкай вобласці, як падкрэслівае аўтар, неабходна весці размову пра адзін з мацнейшых цэнтраў савецкіх партызан на тэрыторыі Беларусі (341).
Пэўная ўвага ў манаграфіі аддадзена малавывучаным пытанням, звязаным у тым ліку з наступствамі партызанскага руху для мясцовага мірнага насельніцтва. Даследчык імкнецца выявіць тыя стратэгіі паводзінаў, якія ва ўмовах фактычнага знаходжання мірнага насельніцтва паміж сіламі савецкага ўзброенага супраціўлення, байцамі падраздзяленняў Арміі Краёвай і службамі нямецкага акупацыйнага рэжыму садзейнічалі выжыванню мірнага насельніцтва ва ўмовах ваеннай паўсядзённасці на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.
Заключная частка „Жыццё ва ўмовах панавання двух рэжымаў» (381-387) знаёміць чытача з высновамі, да якіх прыйшоў у даследаванні А. Бракель. Насельніцтва Заходняй Беларусі перажыло Другую сусветную вайну як наступствы панавання двух рэжымаў — спачатку савецкага, потым нямецкага. Большасць жыхароў не адчула сябе звязанымі ні з савецкай, ні з польскай дзяржавамі. Савецкая палітыка насіла рысы „маналітнасці», паколькі мясцовыя ўлады выконвалі ўказанні Мінска і Масквы, тады як нацысцкая палітыка выконвалася рознымі арганізацыямі (Вермахтам, цывільнай уладай, службамі СС). Аднак галоўныя адрозненні аўтар бачыць ва ўмовах, у якіх дзейнічалі савецкія і нямецкія органы ўлады: немцы праводзілі сваю палітыку ва ўмовах працяглай, жорсткай і стратнай вайны, а савецкая ўлада дзейнічала пры мірных абставінах. У час нямецкай акупацыі мясцовае насельніцтва знаходзілася ва ўмовах напружанага трохкутніка: нямецкай акупацыйнай улады і дзвюх антаганістычных падпольных груп — савецкага партызанскага руху і польскага ўзброенага супраціўлення. Увогуле такая ваенная штодзённасць садзейнічала расколу грамадства. Пры гэтым аўтар аспрэчвае думку вядомага нямецкага гісторыка Б. К’яры аб „суцэльнай атамізацыі ваеннага грамадства» (387). Пасля трохгадовай нямецкай акупацыі для большасці стала відавочным, што практычна кожны быў гатовы заплаціць любую цану, каб да людзей зноў вярнулася мірнае жыццё.
Такім чынам, даследчыку ўдалося ў абсалютнай большасці паспяхова рэалізаваць пастаўленыя задачы і прапанаваць нямецкамоўнаму чытачу даволі поўную карціну штодзённага жыцця беларускага насельніцтва Баранавіцкай вобласці ў 1939-1944 г. Несумненная заслуга А. Бракеля палягае ў працягу навуковага пачыну, закладзенага ў другой палове 1990-х г. Б. К’яры па даследаванні гісторыі „ваеннай штодзённасці» Беларусі. Важнай адметнасцю працы з’яўляецца выяўленне сутнасці бальшавіцкай і нацысцкай палітыкі, паказанай аўтарам на прыкладзе рэгіянальнай гісторыі Беларусі і падмацаванай вялікім колам новых дакументальных крыніц. Унікальнай адметнасцю навуковага даследавання можна лічыць удалую спробу правядзення параўнальнага аналізу наступстваў той палітыкі, якую праводзілі розныя дзяржавы для жыцця беларускіх грамадзян ва ўмовах мірнай і ваеннай штодзённасці. У працы абгрунтаваны тэзіс аб важнасці выяўлення спецыфікі існавання беларускага грамадства ва ўмовах панавання розных палітычных рэжымаў. Грунтоўная манаграфія А. Бракеля, несумненна, павінна паслужыць імпульсам для далейшага вывучэння рэгіянальнай гісторыі Беларусі ў гады нямецкай акупацыі. Адной з актуальных задач для сучаснай беларускай навукі з’яўляецца яе пераклад на беларускую мову.
Мінск
Сяргей Новікаў
[1] Дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі (далей LVVA). P-70. Apr. 5. Lieta 7. L. 20 op.: Verordnung über die Einführung der Arbeitspflicht in den besetzten Ostgebieten, vom 5. August 1941.