Алег Гардзіенка. Палітычны раскол на беларускай эміграцыі ў 1940-я г.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе і захадаў па рэпатрыяцыі на радзіму соцень тысяч вывезеных на прымусовыя працы на тэрыторыі Нямеччыны засталіся некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, якія не пажадалі вяртацца ў БССР. Пераважна гэта былі эмігранты 1944 г. — паліцэйскія, жаўнеры Беларускай краёвай абароны ды іншых ваенізаваных фармаванняў, работнікі адміністрацыі, нешматлікія прадстаўнікі інтэлігенцыі, а таксама сяляне, якія ўцякалі ад перспектывы трапіць пад савецкую ўладу. Да ix таксама дадаваліся працоўныя эмігранты, што выехалі ў Нямеччыну перад пачаткам або ў часе Другой сусветнай вайны, а таксама былыя ваеннапалонныя польскага войска, вызваленыя ў 1940-1941 г.
Дакладна падлічыць колькасць тых, хто не хацеў вяртацца на радзіму летам 1945 г., не ўяўляецца магчымым, паколькі большасць уцекачоў імкнуліся схаваць сваё беларуска-савецкае паходжанне. Яны перадусім стараліся запісацца грамадзянамі Польшчы, наяўнасць грамадзянства якой на 1 верасня 1939 г. ратавала ад прымусовага вывазу ў СССР. Тым не менш можна прыблізна ацаніць колькасць тых, хто не пажадаў вяртацца ў БССР. Міжнародная арганізацыя па ўцекачах (IRO) ацаніла колькасць расселеных з Нямеччыны ў іншыя краіны беларусаў у 25 тыс., прычым толькі 5145 запісаліся такімі[1]. Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, які ў 1945 г. апекаваўся рэгістрацыяй і ўладкаваннем суайчыннікаў у амерыканскай зоне акупацыі, ацаніў колькасць невяртанцаў у 75-100 тыс.[2].
Усе тыя людзі, якія не захацелі вярнуцца на радзіму і змаглі даказаць сваё права застацца на Захадзе, атрымлівалі статус перамешчаных асобаў, або Displaced Persons (DP). Яны сяліліся ў спецыяльных лагерах, якімі апекавалася ЮНРРА (Адміністрацыя Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні), якую з 1 ліпеня 1947 г. замяніла IRO. Лагеры DP арганізоўваліся паводле нацыянальнай прыкметы і мелі ўнутраную адміністрацыю. Жыхары лагераў забяспечваліся з боку ЮНРРА харчаваннем (з разліку ў сярэднім 2000-2300 калорый на дзень), вопраткай, абуткам і харчаваннем, якое часцей атрымлівалі сухім пайком[3]. У лагерах дзейнічалі школы, садкі, шпіталі, прафесійныя курсы, дазвалялася грамадская дзейнасць.
Беларускія лагеры былі створаны ў брытанскай і амерыканскай акупацыйных зонах. У французскай, з прычыны малой колькасці беларусаў, такіх лагераў не было.
У брытанскай зоне найбольшы лагер узнік летам 1945 г. у Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія). Ініцыятарам яго стварэння быў на той час грамадскі дзеяч Святаслаў Коўш. Ён жа стаў доўгачасовым камендантам гэтага лагера. На 1 студзеня 1947 г. колькасць насельнікаў лагера складала 568 чалавек, на 1 студзеня 1948 г. — 716 чалавек. У лагеры АВС-Ватэнштэт былі садок, пачатковая школа, Беларуская гімназія імя Багдановіча, як і ў іншых месцах, створаны праваслаўны прыход, а таксама дзейнічала беларуская каталіцкая парафія (а. Міхась Маскалік). У брытанскай зоне беларусы таксама жылі ў лагерах у Гановеры, Гослары, Гайдэнаў.
Аднак найбольшая колькасць нацыянальна свядомых беларусаў апынулася ў амерыканскай акупацыйнай зоне, а менавіта ў Баварыі. Першы беларускі лагер тут арганізаваны 6 чэрвеня 1945 г. у Рэгенсбургу грамадскім дзеячам Аляксандрам Русаком, які дзеля гэтага аб’ездзіў шмат баварскіх мястэчак і гарадоў — для адкрыцця лагера патрабавалася пэўная колькасць суайчыннікаў. З цягам часу ў Рэгенсбург з усёй цэнтральнай і паўднёвай Нямеччыны пачалі сцякацца зацікаўленыя ў такім гуртаванні беларусы[4]. Цягам лета — восені 1945 г. у лагеры былі арганізаваны прафесійныя курсы, дзіцячы садок, курсы беларусаведы, пачатковая школа, у снежні 1945 г. адкрыта Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, выпуснікі якой потым значна паўплывалі на жыццё эміграцыі наогул і арганізацыю беларускага жыцця ў пасляваеннай Нямеччыне.
Ад лета 1945 г. Рэгенсбург стаўі цэнтрам беларускай палітычнай прысутнасці. З капітуляцыяй Нямеччыны дзейнасць усіх палітычных і грамадскіх арганізацый, у тым ліку і тых, што эвакуяваліся з Беларусі, спынілася з увагі на рэпрэсіі саюзніцкай адміністрацыі. Каб не быць абвінавачанымі ў супрацоўніцтве з нацыстамі, спынілі дзейнасць Беларуская самапомач, Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне, Беларускае прадстаўніцтва, Саюз беларускай моладзі, Саюз вызвалення Беларусі. Спыніла выданне газета „Раніца», якая шмат зрабіла ў 1940-1944 г. для гуртавання нашых суайчыннікаў на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Ад красавіка 1945 г. фактычна бяздзейнічала і Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), якой дэлегаты Другога Усебеларускага Кангрэса (Мінск, 27.06.1944) даверылі права прадстаўляць беларускі народ на эміграцыі, г. зн. фактычна быць беларускім урадам на чужыне. У такой сітуацыі (спынення дзейнасці арганізацый) неабходна было шукаць новыя формы прадстаўніцтва суайчыннікаў на эміграцыі.
15 жніўня 1945 г. у офісе Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рэгенсбургу прайшоў сход палітычнага актыву, у якім удзельнічалі 12 чалавек. На сход прыехаў прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі з раднымі Барысам Рагулем і Сцяпанам Стаськевічам. Сход вёўАўген Калубовіч (Каханоўскі), які ахарактарызаваў перад прысутнымі палітычную сітуацыю. Калубовіч у сваім выступе зазначыў, што БЦР не можа ў наяўных варунках выконваць свае функцыі і прапанаваў, каб яна перадала новай арганізацыі — Беларускаму нацыянальнаму цэнтру — мандат на кіраванне справамі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне[5].
Астроўскі пагадзіўся з ідэяй стварэння БНЦ і нават прапанаваў на пасаду старшыні Міколу Абрамчыка — арганізатара беларускага жыцця ў Францыі ў 1930-я, а пад час вайны — кіраўніка Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне. Таксама было пастаноўлена перавесці з рахунка БЦР грошы для дзейнасці БНК.
Дзейнасць самой БЦР была прыпынена на ХІ Пленуме 23-24 верасня 1945 г. у Эшэрсбекене пад Вюрцбургам (пн.-зах. Баварыя). У паседжанні ўдзельнічалі Радаслаў Астроўскі, радныя Франц Кушаль, Аўген Калубовіч, Сымон Кандыбовіч, Пётр Орса, Станіслаў Станкевіч, а таксама грамадскія дзеячы Мікола Шчорс і Аляксей Сянькевіч.
Астроўскі ў дакладзе заявіў, што цяперашнія ўмовы не дазваляюць працягваць дзейнасць БЦР, але арганізацыю неабходна захаваць для нашчадкаў, на пэўны час прыпыніўшы дзейнасць, „каб <…> не даць бальшавікам магчымасці выкарыстаць перад заходнімі саюзнікамі фармальна тактычнае супрацоўніцтва з немцамі ў мэтах канчальнага знішчэння супрацьбальшавіцкага актыву»[6]. Ідэю Астроўскага падтрымалі ўсе ўдзельнікі сходу.
XI пленум БЦР фактычна прыпыняў на пэўны час дзейнасць арганізацыі, але пытанне пра гэта нават не ставілася на галасаванне. Юрыдычна БЦР працягвала існаваць і тэарэтычна магла быць адноўлена ў любы момант дэкрэтам Астроўскага. Тым не менш прэзідэнт БЦР добраахвотна сышоў у цень, уласнаручна вывеўшы на палітычную сцэну Міколу Абрамчыка.
Для большасці эмігрантаў, найперш уцекачоў 1944 г., Абрамчык быў новай і незнаёмай фігурай. Але ён здолеў прапанаваць ясную праграмуажыўлення палітычнага жыцця на эміграцыі: аднаўленне дзейнасці Рады БНР. Рада БНР была закансерваваная ад 1925 г. (ад Берлінскай канферэнцыі, што прызнала Мінск цэнтрам беларускай прысутнасці), а канчаткова прыпыніла дзейнасць са смерцю ў сакавіку 1943 г. у Празе Васіля Захаркі. Але перад смерцю Захарка перадаў Абрамчыку паўнамоцтвы старшыні Рады БНР: „Будучы доўга і моцна хворым, што можа прынесці хутчэй кепскі, чым добры канец майму жыццю, я гэтым перадаю Вам, пане Інжынер, становішча Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтым жа самым назначаю на становішча Сакратара Прэзідыуму Рады БНР Ларысу Антонаўну Геніюш. Усе абавязкі ляжаўшыя раней на мне згодна з пастановай Пленума Рады БНР накладаюцца цяпер на Вас пане Інжынер і на грамадзянку Геніюш»[7].
3 цягам часу вакол Абрамчыка аб’ядналася інтэлектуальная і грамадская эліта эміграцыі, у тым ліку і з былых паплечнікаў Астроўскага. Ідэя аднаўлення Рады БНР здавалася прывабнай, бо Рада не запляміла сябе супрацоўніцтвам з нацыстамі. У красавіку 1939 г. Васіль Захарка разам з Іванам Ермачэнкам падпісаў мемарандум на імя Гітлера з просьбай улічыць беларускае пытанне, але пазней старшыня Рады БНР згарнуў усе кантакты з берлінскімі чыноўнікамі. Асноўныя крокі па аднаўленні Рады БНР былі зроблены ў 1947 г.
У 1945-1946 г. беларуская эміграцыя ў Нямеччыне імкнулася скансалідавацца або, наадварот, ажыццявіла крокі, якія зрабілі гэтую кансалідацыю немагчымай. У пачатку 1946 г. было прынята рашэнне заснаваць структуру, якая аб’яднала б усіх эмігрантаў у Нямеччыне. 25 лютага 1946 г. у Рэгенсбургу прайшоў з’езд 52 прадстаўнікоў трох акупацыйных зон, на якім быў створаны Беларускі цэнтральны дапамогавы камітэт (БЦДК) на чале са святаром Мікалаем Лапіцкім. БЦДК стварылі, але паступова ўсе ключавыя пасады ў ім апынуліся ў руках прыхільнікаў Абрамчыка, а яго ідэйныя апаненты — Мікалай Шчорс, Аляксандр Багдановіч, Юры Стукаліч — паступова былі адхіленыя ад кіраўніцтва[8].
Адно з першых паседжанняў БЦДК скончылася скандалам. Янка Станкевіч звінаваціў грамадскага дзеяча Івана Касяка ў тым, што той пад час вайны напісаў данос у СД на бурмістра Мінска Іваноўскага[9]. Касяк патлумачыў, што данос быў напісаны як рэакцыя на данос, напісаны самім Іваноўскім на шэраг дзеячоў праваслаўнага веравызнання. У выніку Касяк выйшаў з камітэта, а разам з ім і шэраг яго паплечнікаў.
Паралельна са сваркамі ў БЦДК выбухнулі падзеі вакол стаўлення да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама разгарэўся лінгвістычны канфлікт, што істотным чынам паўплывала на палітычны падзел беларускай эміграцыі.
Лінгвістычны канфлікт
Нягледзячы на тое, што юрыдычна беларускія ўцекачы з Заходняй Беларусі былі абароненыя ад рэпатрыяцыі, над імі працягвала вісець небяспека быць высланымі ў СССР, у тым ліку і з той прычыны, што ў многіх заходніх чыноўнікаў слова Belarussia трывала асацыявалася са словам Russia ці з абрэвіятурай БССР, што ўспрымалася як прыналежнасць да СССР. У коле паплечнікаў Міколы Абрамчыка ўзнікла ідэя адысці ад этнонімаў Беларус і беларускі, вярнуўшы больш старажытныя і, на іх думку, больш адпаведныя тэрміны крывічы, крывіцкі. Выказвалася таксама думка, што назвы беларус і беларускі — гэта накінутыя Расіяй у сярэдзіне ХІХ ст. каланіяльнія тэрміны замест спрадвечных гістарычных. Усё гэта разам, на думку аўтараў праекта, павінна было дыстанцыяваць беларусаў ад Расіі і СССР. Найбольшым прапагандыстам такой ідэі быў Янка Станкевіч — у 1945 г. першы камендант беларускага лагера ў Рэгенсбургу. Станкевіч нават назваў гэты лагер Крывіцкім селішчам. Ідэяй замены прыметніка беларускі на крывіцкі прасякнуліся затым выкладчыкі Беларускай гімназіі Антон Адамовіч, Аляксандр Орса, Аўген Калубовіч, Парфіры Трысмакоў. Праз некаторы час гімназія нават змяніла назву на Крывіцкая (Беларуская), дайшло таксама да перайменавання прадметаў („Крывіцкая мова», „Гісторыя Крывіі»), а часам да выпраўлення вершаў пісьменнікаў (слова беларускі аўтаматычна замянялася на крывіцкі)[10].
Ідэя „Крывіі» паступова выйшла за межы гімназіі, частка эмігрантаў, найперш скаўцкая моладзь, таксама ўхваліла прапанову — пачалі стварацца моладзевыя арганізацыі, якія мелі ў назве слова крывіцкі (Крывіцкае студэнцкае згуртаванне, Згуртаванне крывіцкіх скаўтаў на чужыне і г. д.). 5 траўня 1946 г. на сходзе ў Рэгенсбургу Антон Адамовіч і Янка Станкевіч прачыталі даклад „Крывічы ці беларусы», дзе прапанавалі ў афіцыйных дакументах у дужках пасля этноніма беларусы пазначаць крывічы. Гэтая ініцыятыва таксама была прыхільна сустрэта ўдзельнікамі сходу[11].
Але паступова аформіўся супраціў прыхільнікам замены этнонімаў. І першымі тут выступілі бацькі вучняў гімназіі. 27 чэрвеня 1946 г., пасля сканчэння першага навучальнага года, яны склалі ліст-пратэст, у якім выказвалі катэгарычную нязгоду з адмовай ад слоў беларус, беларускі. Пазней на ix бок сталі пераходзіць іншыя катэгорыі эмігрантаў, частка якіх толькі ў пасляваенных лагерах адчула сябе беларусамі. Гэта выкарысталі прыхільнікі Астроўскага і Івана Касяка, якія ўмела сыгралі на „беларускіх» настроях эмігрантаў, пачаўшы пазіцыянаваць сябе як „беларусы». Пабачыўшы небяспеку страціць прыхільнікаў, паплечнікі Абрамчыка далі задні ход. Рэдакцыя газеты „Беларускія навіны», якая была неафіцыйным органам Абрамчыка ў 1945 — першай палове 1947 г., нават надрукавала спецыяльны артыкул, дзе расстаўляліся ўсе кропкі над „і». У артыкуле звярталася ўвага на шкоднасць замены этнонімаў Беларусь і беларускі на Крывія і крывіцкі, што, на думку падпісантаў ліста, „можа прывесці да непаразуменняў на эміграцыі, а гэта вельмі небяспечна для беларускай грамады»[12].
Аднак словы Крывія, крывіцкі яшчэ доўга выкарыстоўвалі палітычныя апаненты. Ад 1947 г. слова крывічы пачало трывала атаясамлівацца з прыхільнікамі Рады БНР. Часам даходзіла да вострых канфліктаў. Так, на царкоўна-грамадскім свяце ў Міхельсдорфе (куды быў пераведзены лагер з Рэгенсбурга) у траўні 1948 г. беларускія скаўты, што трымалі сцяг з надпісам „Крывія», былі жорстка збітыя прадстаўнікамі царкоўнага камітэта — „беларусамі»).
Царкоўны канфлікт
Да лінгвістычнага канфлікту дадаўся і царкоўны, які яшчэ больш паўплываў на падзел беларускай грамады на Захадзе. Гэты канфлікт заключаўся ў стаўленні да юрыдычнай прыналежнасці Беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе, і ў прыватнасці да епіскапату БАПЦ.
БАПЦ, якая дэкларавала аўтакефалію пад час Царкоўнага сабору ў Мінску ў жніўні 1942 г., амаль адразу пасля капітуляцыі Нямеччыны распачала перамовы з Расійскай зарубежнай праваслаўнай царквой аб часовым пераходзе пад яе юрысдыкцыю. Галоўныя прычыны тлумачыліся незавершанасцю акта аўтакефаліі, эміграцыйным станам (Беларускі епіскапат лічыў, што аўтакефалія павінна быць абвешчана ў вольнай беларускай дзяржаве), становішчам беларускіх эмігрантаў у пасляваенных лагерах (зазначалася, што супольнымі высілкамі РЗПЦ, БПЦ і УАПЦ будзе прасцей апекавацца ўцекачамі). Але галоўнай прычынай было слабое фінансавае становішча беларускага асяродка. РЗПЦ была куды багацейшая і магла забяспечыць святароў як фінансава, так і людскімі рэсурсамі. Прыкладам, у Нямеччыне — а потым і ў ЗША — можна было адкрыць некалькі дзясяткаў, калі не соцень праваслаўных прыходаў, у якіх не хапала толькі настаяцеляў, а пэўную колькасць якраз і магла даць БАПЦ (летам 1944 г. з Беларусі эвакуяваліся больш за 70 святароў).
У лютым 1946 г. епіскапат РЗПЦ прыняў ерархаў БАПЦ у сваю юрысдыкцыю, і на саборы ў Мюнхене 7 траўня 1946 г. гэтае далучэнне было зацверджана юрыдычна. Скліканне ў Рэгенсбургу З’езда беларускіх праваслаўных вернікаў 5 траўня 1946 г., у якім удзельнічала 136 дэлегатаў з трох акупацыйных зонаў, нічога не дало, хоць удзельнікі з’езда стварылі для супраціву пераходу Беларускае праваслаўнае аб’яднанне (кіраўнік — Мікалай Лапіцкі) і прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ерархаў застацца незалежнымі, са сваім народам. У траўні 1946 г. Сінод БАПЦ быўліквідаваны, а замест яго ўтваралася Беларуская мітраполія пры РЗПЦ. Беларускія епіскапы атрымалі высокія пасады ў РЗПЦ: архіепіскап Філафей быў прызначаны вікарыем у Вісбадэне (амерыканская зона), Апанас — у Гамбургу (брытанская зона), епіскап Грыгорый (Барышкевіч) — у Бамбергу, епіскап Сцяпан (Сеўба) — у аўстрыйскім Зальцбургу, архіепіскап Венядзікт быўуведзены ў склад Сінода РЗПЦ[13]. Апроч таго, епіскапы вырашылі паказальна пакараць арганізатараў З’езда праваслаўных беларусаў. Мікалаю Лапіцкаму было забаронена адпраўляць службу, а Івана Касяка (аўтара рэзалюцыі) на тры гады пазбавілі святога прычасця.
Пераход епіскапаў БАПЦ у лона РЗПЦ выклікаў шок сярод беларускай грамады на Захадзе. Грамадскія актывісты працягвалі апеляваць да ерархаў, але епіскапы на заклікі не паддаваліся. Тым больш, што вонкава з пераходам ерархаў у склад РЗПЦ нічога не змянілася. Беларускі епіскапат лічыўся, ці прынамсі пазіцыянаваў сябе як незалежны ў РЗПЦ, якая займала бескампрамісную пазіцыю ў дачыненні да СССР і Маскоўскага патрыярхату.
Так, у адным з сваіх пасланняў епіскапат адкідаў абвінавачванні ў здрадзе беларускаму народу і звяртаў увагу на тое, што на Царкоўным саборы 1942 г. у Мінску было толькі выказана жаданне наконт аўтакефаліі, якая так і не была абвешчана, бо, на думку ерархаў, аўтакефалія абвяшчаецца пасля прызнання іншымі цэрквамі, а таксамаў вольнай беларускай дзяржаве. Сваё злучэнне з РЗПЦ (далучылася таксама Украінская аўтаномная праваслаўная царква без вернікаў) яны зноў тлумачылі як малітоўным злучэннем, так і неабходнасцю супольна лепш апекавацца справай рускіх, украінскіх і беларускіх уцекачоў з-пад савецкай улады. Сваё далучэнне да РЗПЦ яны тлумачылі геаграфічнай акалічнасцю: „Калі б апынуліся не на тэрыторыі Нямецкай Епархіі, падпарадкаванай Расейскаму Праваслаўнаму Зарубежнаму Сіноду, а на тэрыторыі напр. Грэцкай ці іншай Праваслаўнай Царквы, то мы былібзмушаныяўвайсціўтакія самыя суадносіны з Грэцкай ці іншай Праваслаўнай Царквой, як цяпер з Расейскай Зарубежнай Царквой»[14].
Прыкладна ад восені 1946 г. сярод беларускай грамады ў Нямеччыне акрэсліліся некалькі тэндэнцый у адносінах да пазіцыі епіскапаў. Частка эмігрантаў працягвала шукаць кампраміс з ерархамі, спадзеючыся на перамовы. БЦДК накіраваў некалькі дэлегацый на перамовы з епіскапатам. Так, Юры Стукаліч (Віцьбіч), Аляксандр Орса і Хведар Шыбут як прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэта ў Рэгенсбургу склалі мемарандум, у якім прасілі адмяніць забарону служыць Мікалаю Лапіцкаму, кіраўніку праваслаўнага прыхода ў Рэгенсбургу, ды акрэсліць сітуацыю з епіскапскай юрысдыкцыяй. Аднак мітрапаліт Панцеляймон адмовіўся прыняць беларускую дэлегацыю, а архіепіскап Венядзікт заявіў, што дзейнасць беларускіх ерархаў адзіна правільная і абмеркаванню не падлягае[15].
Пазней забарона служыць з а. Лапіцкага ўсё ж была знятая, і ён, каб захаваць маналітны царкоўны прыход у Міхельсдорфе, спачатку адмовіўся ад супрацьстаяння, а праз некаторы час перайшоў на бок ерархаў. Наогул да канца 1946 г. на баку былых ерархаў БАПЦ апынуліся ўсе беларускія святары, за выняткам Сцяпана Войтанкі, Хведара Данілюка і Анатоля Кунцэвіча[16].
Неўзабаве да ўнутрыцаркоўных чыннікаў дадаліся знешнія фактары, якія канчаткова пахавалі ідэю захавання маналітнай беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе і прывялі да разгарання канфлікту. Па-першае, адыгралі ролю наладжванне сувязяў паміж прыхільнікамі Міколы Абрамчыка (і ім самім) з Ватыканам, а таксама недальнабачная папулярызацыя ідэі уніі на старонках прэсы. У „Беларускіх навінах» з’явілася некалькі артыкулаў, прысвечаных найбольш значным дзеячам уніі ў мінулым (Я. Руцкаму, Я. Кунцэвічу), а таксама вялікі артыкул пра важнасць адзначэння 350-х угодкаў Берасцейскай царкоўнай уніі. Для эмігрантаў, абсалютную большасць якіх складалі праваслаўныя выхадцы з Заходняй Беларусі, папулярызацыя уніі была калі не непрымальнай, то, як мінімум, непажаданай. Яны ў 1930-я г. падвяргаліся рэлігійнаму ўціску з боку польскіх царкоўных уладаў, у тым ліку праз папулярызацыю неауніі ў 1930-я, якая і ў той час разглядалася як масток пераходу з праваслаўя ў каталіцызм[17].
Паспрыялі разгаранню канфлікту і ўрачыстая сустрэча ў Рэгенсбургу дзеячамі з атачэння Абрамчыка расійскага епіскапа Мікалая Аўтаномава, што добраахвотна перайшоў ва ўніяцтва, а таксама „Пасланне апостальскага візітатара і адміністратара грэка-каталіцкай царквы ў Нямеччыне» Мікалая Ваякоўскага да беларусаў, апублікаванае 29 чэрвеня 1946 г. У гэтым пасланні, скіраваным „да ўсяго беларускага народу», Ваякоўскі заклікаў беларусаў гарнуцца да грэка-каталіцкай царквы ды ісці спавядацца менавіта да грэка-каталіцкіх душпастыраў, бо „яны з’яўляюцца адначасна і вашымі святарамі». Апеляваў М. Ваякоўскі і да папы, адзначаючы, што адзіны паратунак для беларусаў — адзінства з каталіцкай царквой[18].
Адкрыты заклік пераходзіць у унію дзеля далейшага збліжэння з каталіцкай царквой быў успрыняты часткай эміграцыі рэзка адмоўна, як адкрытая пагроза праваслаўю і ўмела выкарыстаны ў прапагандысцкіх мэтах праціўнікамі Абрамчыка. Падліло алею ў агонь сінхроннае стварэнне беларускіх грэка-каталіцкіх місій у Францыі, Італіі, Нямеччыне, Брытаніі, дзе колькасць беларускіх грэка-каталікоў (уніятаў) вымяралася адзінкамі. Палітычнымі праціўнікамі ўмела распускаліся чуткі пра наведванне Абрамчыкам і Б. Рагулем Ватыкана і пераход у ўнію, пра шчодрыя данацыі Ватыкана на беларускія справы „ўзамен на вырачэнне ад праваслаўя»[19].
Усе гэтыя фактары ўмела выкарысталі для сябе прыхільнікі Радаслава Астроўскага, які вярнуўся на палітычную арэну ўвосень 1946 г. Каб аднавіць страчаныя пазіцыі, Астроўскаму давялося тэрмінова шукаць нейкую апору, і ён вырашыў згуляць на антыўнійных папулярных настроях, абапершыся ў сваёй контрпрапагандзе на былых ерархаў БАПЦ. У кастрычніку 1946 г. ён наведаў лагер у Міхельсдорфе, дзе заклікаў падтрымаць епіскапаў РЗПЦ, назваўшы праціўнікаў іх пераходу „гоп-кампаніяй». Таксама Астроўскі апеляваў да таго, што „крывічы» прапагандуюць ідэі уніі, тым самым працуючы на шкоду праваслаўю. Прыгадаў ён і лінгвістычны канфлікт, заявіўшы пра небяспеку страты беларускай ідэнтычнасці ва ўгоду сумнеўнай ідэі „крывіцызму». Аналагічная агітацыя была разгорнута ў іншых беларускіх лагерах і групах[20].
Астроўскі як палітычны дзеяч працягваў карыстацца падтрымкай часткі эміграцыі і меў нямала паплечнікаў, якія не падтрымлівалі кола Міколы Абрамчыка. І гэтыя дзеячы (напрыклад, Мікола Шчорс і Іван Касяк, якія найбольш пратэставалі супраць „епіскапскай здрады») апынуліся перад няпростым выбарам: ці падтрымліваць Астроўскага, а гэта азначала тады часовую падтрымку епіскапату, ці працягваць супраціўляцца пераходу епіскапаў у склад РЗПЦ, на фоне пастаяннага звужэння кола супраціўленцаў. І яны выбралі першы варыянт, за што і атрымалі ў многім здзеклівую і несправядлівую мянушку „зарубежнікі».
Прыхільнікі Міколы Абрамчыка, у сваю чаргу, шукалі шляхі аднаўлення БАПЦ. Адзіна правільным рашэннем яны палічылі фарсіраванне падзей і аднаўленне БАПЦ у максімальна кароткія тэрміны, што і было зроблена ўжо пасля аднаўлення Рады БНР.
Тут на дапамогу ім павінна была прыйсці Украінская аўтакефальная праваслаўная царква. Упаўнаважаны ад БЦДК Аляксей Вініцкі наведаў 8 красавіка 1947 г. украінскага епіскапа Паладзія, які жыў у Рэгенсбургу на правах DP, ды пазнаёміў з наяўнай сітуацыяй. Аднак канкрэтных прапановаў зроблена не было — паралельна вяліся перамовы з мітрапалітам пінскім Аляксандрам (Іназемцавым), адзіным з ерархаў БАПЦ, які не прызнаў далучэння да РЗПЦ. Мітрапаліт Польскай праваслаўнай царквы Дзяніс (Валядзінскі) у свой час падараваў мітрапаліту Аляксандру грамату на апеку над Віленскай, Пінскай і Гарадзенскай епархіямі БАПЦ — тэрыторыямі, што ў 1920-1930-я г. уваходзілі ў склад Заходняй Беларусі і дзе існавалі прыходы ПАПЦ. Гэтым самым юрыдычна ПАПЦ дала дазвол на беларускую аўтакефалію. Аднак нечаканая смерць мітрапаліта Іназемцава 9 лютага 1948 г. у Мюнхене пахавала праект, які выглядаў юрыдычна беззаганным і мог стаць прымальным для ўсіх бакоў эміграцыі.
Тады беларускія дзеячы звярнуліся напрамую да мітрапаліта аднаго з крылаўУАПЦ Палікарпа (Сікорскага)[21]. УАПЦ пагадзілася паспрыяць беларускай аўтакефаліі і нават дэлегавала для гэтых мэтаў для беларусаў епіскапа Сяргея (Ахатэнку), які апекаваўся праваслаўнымі ў французскай зоне акупацыі.
5 чэрвеня 1948 г., у дзень св. Еўфрасінні Полацкай, у Канстанцы ў французскай зоне акупацыі пад старшынствам епіскапа УАПЦ Сяргея прайшоў саборык праваслаўных беларусаў (вернікаў БАПЦ), скліканы з ініцыятывы новастворанага Беларускага часовага праваслаўнага рэлігійнага камітэта ў Нямеччыне (старшыня — протаерэй Сцяпан Войтанка). У саборыку ўдзельнічалі протаерэі Ананій Сагайдакіўскі, Барыс Маслоўскі, Якаў Мефодзіўскі, дыякан Уладзімер Піндзюра — усе ўкраінцы, а таксама беларускія праваслаўныя вернікі. Удзельнікі саборыка заявілі пра пераемнасць традыцыі БАПЦ ад абвяшчэння аўтакефаліі мітрапалітам Мелхіседэкам у 1922 г., а таксама прызналі пастанову пра абвяшчэнне БАПЦ, прынятую на Царкоўным саборы ў Мінску ў 1942 г. Таксама саборык сцвердзіў кананічнасць БАПЦ праз наданне незалежнасці тром епархіям — Віленскай, Гарадзенскай і Пінскай, атрыманай ад мітрапаліта варшаўскага Дзяніса. Саборык пастанавіў „працягваць дзейнасць БАПЦ на эміграцыі пад часовым кіраўніцтвам епіскапа УАПЦ Сяргея (Ахатэнкі) да моманту з’яўлення двух епіскапаў-беларусаў»[22].
Такім чынам БАПЦ, вонкава захоўваючы незалежнасць, часова перайшла ў персанальную унію, праз епіскапа Сяргея, з УАПЦ. У юрысдыкцыю епіскапа Сяргея перайшлі беларускія святары Анатоль Кунцэвіч, Хведар Данілюк, Сцяпан Войтанка (ён узначаліў кіраўніцтва справамі БАПЦ), дыякан Уладзімір Зялінскі, высвечаны пад час саборыка ў святары Міхась Шчурко, а таксама ўкраінскі святар Аляксандр Казлоўскі-Майсеенка.
5 чэрвеня 1948 г. таксама было падпісана пагадненне паміж Радай БНР і БАПЦ у асобе Сяргея (Ахатэнкі), згодна з якім справа высвячэння епіскапаў павінна была ўзгадняцца з кіраўніцтвам Рады[23].12 красавіка 1949 г. Урад БНР разаслаў ліст па ўсіх сваіх прадстаўніцтвах на Захадзе (ЗША, Брытанія, Францыя, Канада, Аргенціна, Швецыя, Бельгія і Аўстралія) з патрабаваннем прызнаць „БАПЦ пад кіраўніцтвам Сяргея (Ахатэнкі) за адзінапраўную Беларускую праваслаўную царкву»[24].
Апроч таго, Рада БНР прыняла рашэнне аб высвячэнні будучага беларускага епіскапа. Паколькі духоўных асобаў не было, было вырашана выбраць кандыдата са свецкіх дзеячаў, і такім дзеячам стаў намеснік старшыні Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі, сябра прэзідыума Рады БНР Уладзімір Тамашчык[25]. Рашэнне пра гэта было прынята на паседжанні прэзідыума Рады БНР 14 сакавіка 1949 г. 23 красавіка 1949 г. Тамашчык прыняў манаскі пострыг пад імем Васіля, праз дзень епіскапам Сяргеем быў высвечаны ў ерадыякана, а 5 чэрвеня ў Цюбінгене рукапакладзены ў сан ераманаха[26].19 снежня 1949 г. у Розенгайме, дзе ён жыў, ераманах Васіль быў высвечаны ў епіскапы БАПЦ пад тытулам епіскапа віленскага.
Аднаўленне БАПЦ Радай БНР раззлавала як прыхільнікаў Астроўскага, так і праціўнікаў паскоранага шляху аднаўлення аўтакефаліі. Яшчэ да высвячэння Васіля ў епіскапы яны імкнуліся не дапусціць гэтага. Астроўскі спецыяльна адведаў мітрапаліта Палікарпа (Сікорскага), заклікаўшы яго не дапусціць хіратаніі. Тое ж самае спрабаваў рабіць і архіепіскап Апанас (Мартас). 15 снежня 1949 г. выйшла Пастанова беларускага епіскапату ў „справе ўмяшаньня украінскага епіскапату ва ўнутраныя справы Беларускай Праваслаўнай царквы на эміграцыі». Ерархі зазначалі, што яны цалкам суверэнная структура на Захадзе, цалкам самастойная ў сваіх рашэннях, і заклікалі УАПЦ перастаць умешвацца ў беларускія царкоўныя справы[27]. Зварот падпісалі архіепіскап Венядзікт, архіепіскап Філафей, епіскап Апанас, а таксама святар Мікалай Лапіцкі[28].
Стаўленне БЦР да праблемы беларускіх ерархаў кардынальным чынам змянілася менш чым праз год, калі беларускі актыў перабраўся ў ЗША (Мікалай Лапіцкі, Іван Касяк ды інш.) і патрэба ў падтрымцы Беларускай мітраполіі РЗПЦ, якая засталася ў Нямеччыне, знікла. 15 верасня 1950 г. яны выдалі адозву, у якім беларускія епіскапы абвінавачваліся ў здрадзе нацыянанальным і рэлігійным інтарэсам. БЦР прыйшла да высновы, што „беларускі народ у сучасны момант не мае сваёй вышэйшай ерархіі, бо за такую нельга лічыць ні беларускіх ерархаў у РЗПЦ, ні БАПЦ, ні маскоўскі патрыярхат, ні прадстаўнікоў былой ПАПЦ»[29]. У лістападзе 1950 г. прыход св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (яго ўзначаліў Мікалай Лапіцкі) перайшоў у юрысдыкцыю канстанцінопальскага патрыярхату. Цяпер канфлікт БАПЦ — прыхільнікі РЗПЦ перарос у канфлікт БАПЦ — прыхільнікі юрысдыкцыі сусветнага патрыярхату.
Аднаўленне Рады БНР
У 1947 г. прыхільнікі Радаслава Астроўскага зрабілі спробу аднавіць свае пазіцыі ў беларускіх лагерах. Не маючы магчымасці вярнуцца ў структуры БЦДК і яго прадстаўніцтвы, яны стварылі паралельныя грамадскія структуры. На З’ездзе прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Міхельсдорфе 27 чэрвеня 1947 г. была створана Беларуская міжлагерная рада (БМР), старшынёй якой быў абраны Міхась Ігнатовіч[30].
Удзельнікі з’езда заклікалі прызнаць БМР „за адзіны орган, што мае права рэпрэзентаваць беларускія асяродкі, аб’яднаныя ў БМР, перад амерыканскімі ўладамі, ЮНРРА, IPO і г. д., а таксама перад арганізацыямі іншых нацыянальнасцяў». БМР было дадзена даручэнне „ўрэгуляваць паасобныя галіны жыцця ў беларускіх лагерах і асяродках». Сядзібай Урада БМР стаў Міхельсдорф.
Прыхільнікі Абрамчыка таксама працягвалі сваю дзейнасць і ад пачатку 1947 г. скіравалі асноўную ўвагу на аднаўленне Рады БНР, якая б замяніла б сабой Беларускі нацыянальны цэнтр. Яшчэ ўвосень 1946 г. быў праведзены шэраг гутарак з найстарэйшымі грамадскімі дзеячамі, „каб пры аднаўленні БНР ахапіць як мага шырэй актыў палітычных і грамадскіх дзеячоў». Аднак правесці выбары было немагчыма з прычыны падзелу беларускай грамады і знаходжання ў лагерах DP, таму вырашылі ўвесці „у склад Рады БНР кожнага грамадска-палітычнага дзеяча, які сваёй ранейшай дзейнасцю заваяваў аўтарытэт сярод беларускай грамады». Усяго спіс уключаў 72 чалавекі[31].
6 ліпеня 1947 г. у лагеры Остэргофен[32] быў праведзены сход грамадскага актыву, на якім прайшлі перавыбары ў Беларускі нацыянальны камітэт. У склад БНЦ увайшлі Васіль Кендыш, Антон Адамовіч, Алесь Вініцкі, Франц Кушаль, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Леў Гарошка, Барыс Рагуля, Станіслаў Грынкевіч, Станіслаў Станкевіч, Аляксандр Стагановіч ды інш.
Адзін з своеасаблівых аглядаў моцы прыхільнікаў БНР прайшоў увосень 1947 г. у Марбургу пад час агульнага сходу беларускіх студэнтаў, на якім было створана Цэнтральнае беларускае студэнцкае аб’яднанне на чужыне. На з’ездзе, на якім прысутнічаў і шэраг грамадскіх дзеячаў, была выказана поўная падтрымка Міколу Абрамчыку, які афіцыйна ў пасяджэнні не ўдзельнічаў, але вёў актыўныя перамовы ў кулуарах.
Леанід Галяк ва ўспамінах пісаў: «М. Абрамчык выступіў з думкай аб аднаўленні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Для мяне стала ясна, што гэта было ўжо пастаноўлена раней, а цяпер гэтая прапанова праводзіласяўжыццё. М. Абрамчык запрапанаваў мне належанне да Рады БНР і я згадзіўся таму, што лічыў, што адзін з прэтэндэнтаў на ачаленне эміграцыі скампрамітаваўся падтрымліваннем епіскапскай здрады (Р. Астроўскі) і дзеля гэтага другі (М. Абрамчык) згодна спартоваму правілу перамог „уоковэрам» праз тое, што ягоны канкурэнт сам сябе дыскваліфікаваў»[33].
На іншым паседжанні ў беларускім лагеры ў Марбургу 1 лістапада 1947 г., уякім удзельнічалі45 чалавек, з’явіўся шанец схіліць палітычных апанентаў да згоды. На гэтым сходзе прысутнічалі Франц Кушаль, Пётра Манькоўскі, Аляксандр Орса, Барыс Рагуля, з іншага боку — Іван Касяк, Святаслаў Коўш, Міхаіл Ігнатовіч. Мікалай Шчорс, які трымаўся нейтралітэту, выступіў з заклікам кампрамісу паміж БЦДК і БМР. Шчорс раскрытыкаваў выступ І. Касяка, у якім той справабаў апраўдаць беларускіх епіскапаў. Але надзеі на кампраміс канчаткова былі пахаваныя пасля рэзкіх выступаў Барыса Рагулі і Пётры Манькоўскага. Рагуля выказаўся зняважліва пра прысутнага на нарадзе архіепіскапа Філафея, а Манькоўскі заявіў, што ніякага пагаднення быць не можа ды звінаваціў Юрку Віцьбіча (аднаго з ідэолагаў палітычных апанентаў) у напісанні даносаў і пасквіляў. 1 лістапада 1947 г. стала канчаткова ясна, што пагаднення сярод двух розных флангаў на эміграцыі не будзе.
Рада БНР была адноўлена 28 снежня 1947 г. на паседжанні грамадскага актыву ў Остэргофене, што быў прысвечаны 30-м угодкам Першага Усебеларускага Кангрэсу. 72 грамадскія дзеячы склалі прысягу вернасці БНР на рукі яе прэзідэнта[34].
У Дэкларацыі Рады БНР пералічваліся асноўныя прынцыпы адноўленай Рады БНР: змаганне за незалежнасць, абвешчанае на І Усебеларускім Кангрэсе і Актам 25 сакавіка 1918 г.; непрызнанне БССР за форму беларускай дзяржаўнасці, непрызнанне міжнародных дамоў наконт Беларусі, падпісаных урадамі Польшчы, СССР і БССР. Таксама звярталася ўвага на тое, што адзінапраўным і найвышэйшым прадстаўніком дзяржаўніцкай волі беларускага народа павінен выступаць Урад БНР на падставе мандата ад І Усебеларускага Кангрэсу, a прэзідэнт БНР з’яўляецца найвышэйшым прадстаўніком суверэнных правоў беларускага народа[35].
Прэзідэнт БНР таксама абвяшчаўся праўным і адзіным найвышэйшым прадстаўніком беларускага народа. Адначасна ён з’яўляўся і старшынёй Рады БНР. Да ягонай кампетэнцыі належала: рэпрэзентацыя БНР перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых народаў; пакліканне сяброў Рады БНР, прызначэнне прадстаўнікоў БНР пры ўрадах і нацыянальных прадстаўніцтвах іншых народаў; прызначэнне і адкліканне прэм’ер-міністра БНР; зацверджанне складу Рады міністраў БНР.
Да кампетэнцыі Рады БНР належала: прыняцце і змена Статута Рады, ратыфікацыя заключаных дагавораў, выпрацоўка палітычнай лініі і тактыкі дзеяння, прыняцце законаў, выбары органаў Рады, прадстаўленне прэзідэнту Рады кандыдатаў у сябры Рады і прапановы аб іх адкліканні. Паседжанні Рады павінны былі склікацца „па меры патрэбы», аднак мінімум раз на шэсць месяцаў прэзідэнтам, у яго адсутнасць яго намеснікам, або прэзідыумам Рады ці на жаданне Урада БНР ці 1/5 сяброў Рады. Пастановы прымаюцца звычайнай большынёй галасоў, у выпадку роўнасці вырашаў голас старшыні. Пастановы Рады зацвярджаліся прэзідэнтам БНР, у выпадку незацверджання іх яны могуць быць прынятыя паўторна 3/4 галасоў.
Прэзідыум Рады БНР, згодна са статутам, абвяшчаўся выканаўчым органам Рады БНР, прэзідыум павінен быў весці справы Рады ў перыяд паміж сесіямі, выконваць яе пастановы і склікаць Раду на сесіі.
Урад БНР ствараўся для вядзення выканаўчай працы. Прадугледжавалася, што на яго чале стаіць прэм’ер-міністр, вызначаны і адкліканы прэзідэнтам БНР. Патрэбную колькасць міністраў набіраў кіраўнік Урада і прадстаўляў іх на зацверджанне прэзідэнта БНР. Была таксама выпрацаваная прысяга радных БНР, а таксама засноўваўся Суд Рады БНР, які рэгуляваў спрэчкі паміж сябрамі Рады БНР, што ўзнікалі з прычыны іх удзелу ў Радзе (§21 Статута), а таксама ў яго кампетэнцыю ўваходзіла выключэнне з Рады.
Урад БНР быў сфармаваны толькі ў чэрвені 1948 г. пад час ІІ сесіі БНР. Першы ўрад узначаліў Вітаўт Тумаш, ён жа быў і міністрам аховы здароўя. Аўген Каханоўскі — першы віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў. Праз некалькі тыдняў Тумаш падаў у адстаўку, і ўрад узначаліў Аўген Каханоўскі-Калубовіч.
Мікола Гарошка быў вызначаны другім віцэ-прэм’ерам і міністрам народнай гаспадаркі, др Станіслаў Грынкевіч — міністрам унутраных спраў, Францішак Кушаль — міністрам вайсковых спраў, Аляксандр Орса — міністрам культуры і веравызнанняў, Антон Адамовіч — міністрам прэсы і інфармацыі, Леанід Галяк — міністрам юстыцыі, Лявон Рыдлеўскі — міністрам працы і сацыяльнага забеспячэння, Гіпаліт Паланевіч — дзяржаўным сакратаром[36].
На гэтай жа сесіі Рады БНР быў прыняты дакумент, які рэгламентаваў замежную палітыку Рады. Згодна з дакументам, Рада БНР, імкнучыся „да аднаўлення беларускай дэмакратычнай дзяржавы, абвешчанай Радай БНР гістарычным Актам 25 сакавіка 1918 г.», заяўляла свае правы на Кёнігсберг і Усходнюю Прусію, бо гэта „павінна быць справядлівай рэкампенсатай за ўсе каласальныя знішчэнні Беларусі і беларускага народу, спрычыненыя нямецкім гітлерызмам у часе другой сусветнай вайны, і што б дало магчымасць доступу Беларусі да мора, канечнага для ейнага эканамічнага развіцця. Гэтае дамаганне абгрунтоўваецца яшчэ і тым, што на тэрыторыю Усходніх Прусаў, прылучанай сёння да РСФСР, прымусова пераселеная апошнімі гадамі савецкімі ўладамі вялікая колькасць беларускага жыхарства з этнаграфічнай Беларусі»[37].
Таксама Рада БНР заяўляла пра падтрымку барацьбы ўсіх паняволеных народаў Расіі і пра гіпатэтычны саюз з іншымі дзяржавамі, напрыклад, стварэнне беларуска-балтыйска-скандынаўскага блока[38]. Пра існаванне БЦР не казалася ні слова.
Аднаўленне БЦР
Радаслаў Астроўскі ў снежні 1947 г. выдаў спецыяльны зварот „Беларусы і беларускі» з заклікам спыніць усе спрэчкі ды правесці выбары ў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва — арганізацыю, якая павінна была, паводле Астроўскага, аб’яднаць усе беларускія сілы на эміграцыі[39].
У студзені 1948 г. з’явіўся зварот да беларускай эміграцыі, падпісаны былым сенатарам польскага сойму Васілём Рагулем, паслом Юрыем Сабалеўскім, доктарам Міколам Сцяпанавым, сябрам Рады БНР у 1918-1920 г. Міколам Шылам ды камендантам беларускага лагера ў Ватэнштэце Святаславам Каўшом. Падпісанты звароту заклікалі падтрымаць стварэнне Цэнтральнага прадстаўніцтва беларускай эміграцыі і правесці ўяго выбары.
выбары ў Цэнтральнае прадстаўніцтва беларускай эміграцыі адбыліся ў красавіку, але 25 сакавіка 1948 г. Радаслаў Астроўскі проста аднавіў дзейнасць БЦР у адказ на аднаўленне Рады БНР.
БЦР таксама прызнавала акт 25 сакавіка 1918 г., дзейнасць Рады у 1918-1925 г., але лічыла, што дзейнасць Урада БНР была прыпынена ў 1925 г. Сваю легітымнасць БЦР выводзіла ад пастаноў Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў, прызнаючы правільным прыпыненне дзейнасці БЦР на ХІ пленуме 24 верасня 1945 г. Аднаўленне Рады БНР групай палітычнага актыву на з’ездзе ў Остэргофене БЦР не прызнавала, лічачы гэтую палітычную групу самазванцамі.
9 траўня 1948 г. у Эльвангене прайшоў ХІІ пленум БЦР, на якім рашэнне аб аднаўленні дзейнасці было аформлена юрыдычна. БЦР называлася спадкаемцай пастановаў Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў і адзіным годным прадстаўніком беларускага народа ў сучаснасці; таксама адзначалася, што БНЦ не выканаў ускладзеных на яго абавязкаў і стаў прыдаткам „крывіцкага руху». Аднаўленне Рады і Урада БНР называлася фікцыйнымі рэпрэзентацыямі.
У ХІІ пленуме БЦР удзельнічалі 48 чалавек. Згодна са статутам Астроўскі быў абраны прэзідэнтам БЦР на чатырохгадовы тэрмін. Першым віцэ-прэзідэнтам стаў Васіль Рагуля, другім віцэ-прэзідэнтам — Мікалай Шчорс. Старшынёй Рады міністраў быў абраны Юры Сабалеўскі, сакратаром БЦР — Іван Касяк. Былі таксама размеркаваныя і „міністэрскія партфелі»: Эмануіл Ясюк стаў міністрам замежных спраў, Юры Стукаліч (Віцьбіч) — міністрам прэсы і прапаганды, Мікалай Сцяпанаў — міністрам культуры і асветы. Аляксандр Русак — міністрам фінансаў, Сцяпан Шнэк — міністрам Краёвай абароны, Іван Касяк — міністрам унутраных спраў, Мікалай Мінкевіч — міністрам аховы здароўя і грамадскай апекі[40]. Усяго раднымі БЦР на 9 траўня 1948 г. былі 32 чалавекі, у тым ліку В. Рагуля, Ю. Сабалеўскі, Я. Кіпель, І. Касяк, епіскап Апанас (Мартас), Пётр Орса, а. Мікалай Лапіцкі, Часлаў Найдзюк, М. Шчорс.
Асновай праграмы БЦР была ўзятая Другая рэдакцыя Статута БЦР, прынятая 14-17 студзеня 1945 г. у Берліне. Паводле гэтай рэдакцыі, БЦР абвяшчалася „адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народу, пакліканым Другім Усебеларускім Кангрэсам у Менску». Галоўным палітычным заданнем вызначалася „арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змагання за вызваленне Беларусі і здабыццё сваёй незалежнасці». Сцвярджалася, што БЦР ажыццяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусі[41]. Паводле арт. 3 Статута, паўнамоцтвы БЦР павінны былі працягвацца да Трэцяга Усебеларускага Кангрэсу, які Рада абавязана склікаць неадкладна пасля вызвалення Беларусі.
На чале БЦР знаходзіўся прэзідэнт, які павінен быў прадстаўляць Раду перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых дзяржаваў.
Заканадаўчым органам БЦР абвяшчаўся Пленум Рады на чале з прэзідыумам (старшыня, намеснік і сакратар, што выбіраліся тэрмінам на адзін год), у склад якога ўваходзілі ўсе сябры БЦР (агульны лік сяброў не павінен быў перавышаць 25 чалавек). Да кампэтэнцыі Пленума Рады належалі: перагляд Статута БЦР; выбар кандыдатаў на наступнікаў прэзідэнта БЦР; разгляд і прыняцце праграмы і палітычнай лініі БЦР; ратыфікацыя ўмоў з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі; прадстаўленне прэзідэнту БЦР кандыдатаў у радныя і прапановы аб адкліканні радных і г. д.
Выканаўчым органам БЦР абвяшчалася Калегія, у склад якой уваходзілі кіраўнікі ўсіх аддзелаў БЦР і шэф Калегіі. Калегія павінна была выконваць усю працу БЦР у розных галінах, вызначаных Пленумам і прэзідэнтам.
Зыходзячы з палажэнняў гэтага Статута, Беларуская Цэнтральная Рада мелася заняць нішу Рады і Урада БНР, дзейнасць якіх спынілася, на іх думку, у 1925 г., і павінна была стаць галоўным прадстаўніком і прадстаўніцтвам беларускага народа на эміграцыі.
Аднак аднаўленне Рады і Урада БНР у 1947-1948 г. скарэктавала яе дзейнасць. Кожная з арганізацый імкнулася даказаць свае правы на рэпрэзентацыю беларускага народа на эміграцыі, а таксама права супрацоўніцтва з замежнымі чыноўнікамі і спонсарскімі арганізацыямі.
Такім чынам ў траўні 1948 г. канчаткова аформіліся два цэнтры гуртавання беларускай эміграцыі: Рада БНР і Беларуская Цэнтральная Рада. Прычым гэта не быў палітычны раскол двух светапоглядаў. І прыхільнікі Радаслава Астроўскага, і прыхільнікі Міколы Абрамчыка былі патрыётамі-незалежнікамі, вызнавалі ідэалы 25 Сакавіка і лічылі галоўнай мэтай змагання стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы з усімі яе дэмакратычнымі атрыбутамі, негатыўна ставіліся да бальшавізму і не прызнавалі БССР, лічачы яе калоніяй Масквы, а прадстаўніцтва БССР у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый фікцыяй.
Аднак карані расколу палягалі ў рэчышчы міжасабовых дачыненняў і персанальных амбіцый лідараў, а не ў ідэалагічных супярэчнасцях іх праграм, што паказала далейшая амаль пяцідзесяцігадовая гісторыя расколу, якая скончалася ў 1995 г. са смерцю апошняга прэзідэнта БЦР Міхася Зуя.
[1] IRO Press Release № 231/1 of the 22nd of October, 1951.
[2]Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мінск, 1993. С. 159.
[3]Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950 г. Нью-Ёрк — Беласток, 1994. С. 23.
[4] Пазней пачалі арганізоўвацца беларускія лагеры ў іншых месцах. Паводле звестак Беларускага цэнтральна-дапамогавага камітэта, на канец 1946 г. беларусы пражывалі ў больш чым 20 беларускіх і інтэрнацыянальных лагерах. У амерыканскай зоне акупацыі на канец 1946 г. беларусы жылі ў Остэргофене, Хохенфэлсе, Кобургу, Ашафенбургу, Этлінгене, Фогенштраўсе ды інш. У канцы ліпеня 1946 г. лагер з Рэгенсбурга быў пераведзены ў Міхельсдорф пад Камам (ля чэшскай мяжы).
[5]Максімюк Я. Беларуская гімназія… С. 45.
[6]Пратакол паседжаньня Беларускай Цэнтральнай Рады ў Эшэрсбэкене (Нямеччына) з дня 23-24 верасьня 1945 г. З архіву БЦР. Царква св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
[7]Тэстамент Васіля Захаркі. Копія захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы-музеі імя Скарыны ў Лондане.
[8]Адкрыты ліст да беларускай грамадзкасці ад 14 лістапада 1947 г.Юрыя Стукаліча // Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі. 1988. Сьнежань. № 62. С. 128-130.
[9] Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. ЗША, 1983. С. 62.
[10]Белямук М. Лёсу свайго не мінеш. Вільня, 2006. С. 62
[11]Белямук М. Лёсу свайго не мінеш. С. 63.
[12]Беларускія навіны (Парыж). 1947. 25 сакавіка. № 2.
[13] Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Ёрк, 1956. С. 145.
[14]Адозва беларускіх праваслаўных епіскапаў да Беларускай праваслаўнай эміграцыі // Летапіс беларускай эміграцыі. 1986. Красавік —травень. № 36.
[15]Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы… С 144.
[16]Падзел беларускай эміграцыі // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. Рэлігійныя справы. Лос-Анджэлес, 1968. С. 45.
[17]Больш падрабязна гл. у працах а. Аляксандра Надсана: Надсан А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. Менск, 2006.112 с.; Надсан А. Pro patria aliena: Кляштар беларускіх марыянаў уДруі (1924-1938). Менск, 2006.160 с.
[18]Пасланне да беларусаў. Цыт. паводле: Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. С. 105-107.
[19]Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы… С. 144-146.
[20][Вініцкі А.?] Падзел беларускай эміграцыі // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. Рэлігійныя справы. Лос-Анджэлес, 1968. С. 46.
[21] У кастрычніку 1947 г. на з’ездзе ў Ашафэнбургу адбыўся раскол, ад УАПЦ была адлучаная частка епіскапаў на чале з Грыгорыем (Агійчуком), якая ўтварыла сваю праваслаўную царкву.
[22]Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (на выгнаньні). Authorized by Metropolitan Andrew. Compiled by the Consistory of BAO Church. [Б. м.], 1983. С. 11.
[23]Ліст Рады БНР да архіепіскапа Сяргея Ахатэнкі ад 5 кастрычніка1967 г. Паводле: Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы… C. 77.
[24]Ліст прэм’ер-міністра Ураду БНР А. Каханоўскага да епіскапа Сяргея (Ахатэнкі) ад 12 красавіка 1949 г. Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы… C. 23. У тым жа лісцеАўген Каханоўскі раіў епіскапу Сяргею беспасярэдне „карэспандэваць у беларускіх царкоўных справах з усімі прадстаўніцтваміЎраду БНР».
[25]Разглядаліся таксама кандыдатуры журналіста Уладзіміра Бортніка і вайсковага дзеяча Міколы Дзямідава.
[26]Жыццяпіс іераманаха Васілія Тамашчыка // Збор дакумантаў сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы… С. 95.
[27]Пастанова беларускага епіскапату // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ч. ІІ. С. 93.
[28]Пастанова беларускага епіскапату…
[29]Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы… С. 156-157.
[30]Беларуская міжлягерная рада // Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі…Ч. ІІІ. Арганізацыі. Лос-Анджэлес, 1968. С. 25.
[31]Праект рэарганізацыі Рады БНР. 14 лютага 1968 г. 7 с. Архіў БНР.
[32]Беларускі лагер у Остэргофене быў створаны ўвосень 1946 г. Пазней сюды пачалі пераязджаць беларусы (у асноўным прыхільнікі „крывічоў») з іншых лагераў, у тым ліку і з Міхельсдорфа, не задаволеныя палітычнымі прыхільнасцямі яго кіраўніцтва. Тут была заснавана газета „Бацькаўшчына», часопіс „Сакавік», дзейнічала Беларуская гімназія (дырэктар — Лявон Савёнак). Лагер праіснаваў да лета 1949 г., калі быў пераведзены ў Розенгайм.
[33]Галяк Л. Успаміны. Кн. 2. С. 82.
[34]Юрэвіч Л. Архіў Рады БНР // Запісы БІНІМ. 2008. № 31. С. 118.
[35]Дэклярацыя Рады БНР // Бацькаўшчына. 1948. 22 лютага.
[36]Інструкцыя № 1 „Прадстаўніком Ураду БНР у розных дзяржавах сьвету» з Канцылярыі БНР.
[37]Сэсія Рады БНР: Паведамленне беларускага прэсбюро // Бацькаўшчына. 1948. 4 ліпеня.
[38]Сэсія Рады БНР.
[39]Тэкст быў выдадзены і распаўсюджваўся ў выглядзе ўлёткі.
[40]Паводле загадаў Радаслава Астроўскага. З архіва БЦР.
[41]Статут Беларускае Цэнтральнае Рады (другая рэдакцыя). З архіва БЦР.