БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Фрыдман. „Цi не трэба спынiць агрэсiю ў Фiнляндыi…”


Крывавы ўзброены канфлiкт памiж Савецкiм Саюзам i Фiнляндыяй, вядомы пад назвай „зiмовая вайна» (фiн. Talvisota), пачаўся напрыканцы лiстапада 1939 г. i працягваўся амаль тры з паловай месяцы. За напад на Фiнляндыю СССР быў выключаны з Лiгi Нацый. Сiмпатыi мiжнароднай супольнасцi былi на баку маленькай паўночнай краiны, якая ўпарта змагалася з камунiстычнай супердзяржавай. Толькi коштам значнага напружання i велiзарных чалавечых стратаў[1] Савецкi Саюз выканаў уласную праграму-мiнiмум: мяжа памiж СССР i Фiнляндыяй была адсунута ад Ленiнграда з 32 да 150 кiламетраў. Паводле мiрнага пагаднення,у склад савецкай дзяржавы былiўключаны Карэльскi перашыек разам з горадам Выбарг (Viipuri) i шэраг iншых раёнаў Фiнляндыi. Акрамя таго, фiнскi ўрад вымушаны быў пагадзiцца даць СССР у арэнду на 30 гадоў паўвостраў Ханка (Hanko) з прылеглымі астравамi, дзе меркавалася стварыць савецкую ваенна-марскую базу[2]. Сотнi тысяч фiнскiх грамадзян пакiнулi анексаваныя Савецкiм Саюзам тэрыторыi[3]. Тым не менш, Крэмль не здолеў рэалiзаваць сталiнскую праграму-максiмум, якая прадугледжвала пераўтварэнне Фiнляндыi з незалежнай краiны ў цалкам падуладную Маскве „дэмакратычную рэспублiку» на чале з марыянеткавым „народным урадам» Ота Куусiнена (Otto Kuusinen)[4].

Для бальшавiцкага агiтпропа „зiмовая вайна» стала чарговым звяном у ланцугу сур’ёзных выпрабаванняў. Пасля заключэння савецка-германскага пакта аб ненападзе (23 жнiўня 1939 г.) ён мусiў растлумачыць савецкаму насельнiцтву карэнную змену ў адносiнах з былым „заклятым ворагам», якi раптам зрабiўся „надзейным сябрам». Праз некалькi тыдняў у цэнтры ўвагi апынулася вайсковая аперацыя Чырвонай Армii ў „вызваленых з-пад прыгнёту польскiх паноў» заходнiх раёнах Украiны i Беларусi. Пазней чарга дайшла ўрэшце i да „белафiнаў».

Калi падзеi ў Заходняй Беларусi i Заходняй Украiне разгортвалiся галоўным чынам паводле распрацаванага ў Маскве сцэнарыя, дык у „зiмовай вайне» Чырвоная Армiя нечакана сутыкнулiся з самаахвярным супрацiвам фiнаў, якiя перакрэслiлi савецкi план пераможнай прыкладна двухтыднёвай вайны[5]. У такiх абставiнах ад агiтпропа патрабавалiся асаблiвыя намаганнi, каб паказаць савецка-фiнскую вайну ў якасцi чарговай„ гiстарычнай перамогi» бальшавiкоў.

У гэтым артыкуле на прыкладзе асобных публiкацый беларускай прэсы спачатку будзе прадэманстравана, якiм чынам савецкая прапаганда iмкнулася сфармаваць у жыхароў БССР „адзiна правiльны» погляд на „зiмовую вайну». Аналiз сакрэтных паведамленняў Упраўлення НКУС па Мiнскай вобласцi дазволiць у далейшым прасачыць рэакцыю мясцовага насельнiцтва на канфлiкт памiж СССР i Фiнляндыяй i на яго адлюстраванне ў савецкiх сродках масавай iнфармацыi.

1. „Падпальшчыкi вайны»: „белафiны» і „англiйска-французскiя iмперыялiсты»

27 снежня 1939 г. у Мiнску выйшаў чарговы нумар шматтыражкi „На рубеже». Друкаваны орган палiтаддзела Мiнскага аддзялення Заходняй чыгункi галоўную ўвагу аддаў „выбарам» у мясцовыя Саветы, што адбылiся 24 снежня. З апублiкаванага на першай старонцы паведамлення БелТА чытачы даведалiся пра савецкага грамадзянiна фiнскага паходжання Акселя Iванавiча Хiрвi, якi „з асаблiвай радасцю» аддаў свой голас у цягнiку „Мiнск — Днепрапятроўск». Хiрвi сцвярджаў, што ён, як i ўсе iншыя грамадзяне СССР, карыстаецца тымi „вялiкiмi правамi», якiя дае „сталiнская канстытуцыя», а таксама падкрэслiваў, што народы Савецкага Саюза i Фiнляндыi заўсёды жылi ў мiры i што савецкi народ прынясе фiнам „шчасце» i „свабоду»[6]. Атрымаць „шчасце» i „свабоду» фiнскiя працоўныя маглi, зразумела, толькi ў Савецкай Фiнляндыi. Паведамленне БелТА сведчыць пра тое, што савецкае кiраўнiцтва нават i пасля першага, вельмi няўдалага для СССР месяца вайны не пазбавiлася надзеi на саветызацыю паўночнага суседа.

3 цягам часу гэтая перспектыва рабiлася, аднак, усё больш i больш iлюзорнай. Пад уплывам складанага становiшча на фронце агiтпроп падрабязна паведамляў пра грунтоўныя ўмацаваннi на тэрыторыi Фiнляндыi i асаблiва пра „злачынствы белафiнаў». Яскравым прыкладам гэтай савецкай прапаганды можна лiчыць „лiст з фронту», якi надрукавала 28 студзеня 1940 г. шматтыражка „Кировец». Аўтар расказваў сваiм былым калегам — рабочым мiнскага станкабудаўнiчага завода iмя Кiрава — пра „вераломных белафiнаў», што дзейнiчаюць супраць чырвонаармейцаў „з-за вугла» i карыстаюцца тактыкай „выпаленай зямлi»[7].

Бальшавiцкая прэса iмкнулася таксама пераканаць насельнiцтва ў тым, што змаганне на поўначы iдзе не толькi з „белафiнамi», але i з „англiйска-французскiмi iмперыялiстамi». Пры гэтым дапамога, якую Англiя, Францыя цi Швецыя аказвалi Фiнляндыi i якая на самай справе абмяжоўвалася дыпламатычнай падтрымкай, пастаўкамi зброi і гуманiтарных рэчаў, а таксама дасылкай добраахвотнiкаў (пераважна шведаў), агiтпропам наўмысна значна перабольшвалася. Асаблiва непакоiлi Маскву, зразумела, неаднаразова паўтораныя, але так i не спраўджаныя абяцаннi Англii i Францыi ўмяшацца ў канфлiкт на баку Фiнляндыi[8]. На ролi „англiйска-французскiх iмперыялiстаў» у „зiмовай вайне» спынiўся, напрыклад, у падрабязным абагульняльным артыкуле „Блiскучая перамога сталiнскай палiтыкi мiру» батальённы камiсар А. А. Любiмаў. Жаночы часопiс „Работнiца і калгаснiца Беларусi» перадрукаваў гэты артыкул у другой палове сакавiка 1940 г. Гiсторыю канфлiкту памiж СССР i Фiнляндыяй аўтар характарызаваў наступным чынам:

„Верны задачам сваёй мiрнай палiтыкi совецкi ўрад яшчэ ўвосень мiнулага года прапанаваў Фiнляндыi адсунуць Совецка-фiнскую гранiцу на Карэльскiм перашэйку на некалькi дзесяткаў кiлометраў на поўнач ад Ленiнграда, узамен чаго Фiнляндыi была прапанавана перадача часткi тэрыторыi Совецкай Карэлii. Аднак, былы ўрад Каяндэра — Эрко[9], пад нацiскам англа-французскiх iмперыялiстаў, адхiлiў совецкiя прапановы, якiя адказвалi iнтарэсам безапаснасцi абодвух дзяржаваў. Разлiчваючы на „дапамогу» з боку англа-французскiх iмперыялiстаў плутакратычны ўрад Каяндэра — Эрко пачаў вайну замест мiрнага i разумнага ўмацавання адносiн са сваiм вялiкiм суседам.

Не прайшло i трох месяцаў як фiнляндскi ўрад, у рэзультаце сакрушальнага ўдара гераiчнай Чырвонай Армii i Флота, вымушан быў адмовiцца ад сваёй авантуры»[10].

Любiмаў паўтарыў, такiм чынам, савецкае прапагандысцкае сцверджанне аб тым, што „агрэсiўная» Фiнляндыя напала на „мiралюбiвы» Савецкi Саюз, чый народ „нiколi не быў варожым да фiнляндскага народа»[11]. Францыя i Англiя — галоўныя ворагi СССР пасля пакта Молатава — Рыбентропа — падбухторылi фiнаў да ўзброенай барацьбы з магутным суседам гэтак жа, як яны ў свой час падштурхнулi Польшчу да вайны з Нямеччынай. I Польшчы, i Фiнляндыi „iмперыялiсты, якiя прызвычаены заграбаць жар чужымi рукамi», здрадзiлi i пакiнулi гэтыя краiны на волю лёсу[12].

Аўтар выказваў упэўненасць, што савецкая палiтыка ў дачыненні да Фiнляндыi крыстаецца ўсеагульнай падтрымкай насельнiцтва СССР. Супрацоўнiкi Упраўлення НКУС па Мiнскай вобласцi, наадварот, дакладна ведалi, што батальённы камiсар памыляецца. Яны ўважлiва сачылi за настроямi насельнiцтва i бачылi, што падзеi ў Фiнляндыi ўспрымаюцца мясцовымi жыхарамi досыць супярэчлiва.

Сакрэтныя паведамленнi НКУС, пра якiя гаворка пойдзе нiжэй i якiя, памiж iншым, утрымлiваюць каштоўную iнфармацыю пра метады працы гэтай установы на пачатку 1940-х г., трэба ўспрымаць у першую чаргу як адлюстраванне распаўсюджаных у грамадстве настрояў, а не як апiсанне канкрэтных учынкаў цi выказванняў, якiя на самай справе мелi месца.

2. „Нiводзiн дурань не верыць, што яны напал i на нас…»: „Абчуга» i вайна ў Фiнляндыi

Хоць БССР i знаходзiлася далёка ад тэатра ваенных дзеянняў, вайна непасрэдна закранула насельнiцтва рэспублiкi: чырвонаармейцы — выхадцы з Беларусi змагалiся і гiнулi на фронце, а эканамiчнае становiшча, напрыклад забеспячэнне прадуктамi харчавання, рэзка пагоршылася. Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi канстатавала ў сваiх сакрэтных паведамленнях на адрас першага сакратара Мiнскага абкама i гаркама КП(б)Б Аляксандра Мацвеева актывiзацыю „антысавецкiх i контррэвалюцыйных элементаў» у сувязi з „зiмовай вайной» i расказвала пра барацьбу з iмi. Так Мацвееў даведаўся пра справу маладога настаўнiка Аляксея М. (нар. 1914) з пасёлка Абчуга Крупскага раёна[13].

Аляксей М. мог яшчэ ў 1939 г. трапiць на фронт у Фiнляндыю. У гэтым годзе яго павiнны былi прызваць у войска. Настаўнiк, выхаванец Аршанскага педагагiчнага тэхнiкума, меў, аднак, iншыя планы i таму звярнуўся 21 лiстапада 1939 г. ужо трэцi раз да раённага ваеннага камiсара ў Крупках з лiстом, у якiм прасiў аб адтэрмiноўцы, падкрэслiваючы ўласны абавязак клапацiцца пра старых i хворых бацькоў. Змест лiста дазваляе зрабiць выснову, што хлопец знаходзiўся ў вельмi дрэнным псiхалагiчным стане i нават не выключаў самагубства. Органы НКУС, магчыма, і ўвогуле не зацiкавiліся б М., калі б не адна акалiчнасць. Настаўнiк узяў прыметнiк шчаслiвы ў словазлучэннi наша шчаслiвая краiна ў двукоссе i тым самым адразу ператварыў свой лiст у „контррэвалюцыйны дакумент», а сам зрабiўся „па-антысавецку настроеным элементам». Нягледзячы на гэты выпадак, М. i далей змог працаваць у школе разам з бацькам-настаўнiкам і не папоўнiў пакуль што рады чырвонаармейцаў.

У другой палове студзеня 1940 г. ягонае становiшча рэзка пагоршылася. Прычынай таму стала напiсаная друкаванымi лiтарамi ўлётка, якую атрымаў 18 студзеня па пошце Крупскi райкам КП(б)Б. Канверт з улёткай быў адпраўлены з пасёлка Абчуга.

„Абчуга» — менавiта так назваў сябе невядомы аўтар — характарызаваўся Упраўленнем НКУС па Мiнскай вобласцi як „упалне пiсьменны чалавек», якi рытарычна пытаўся, цi не надышоў ужо час спынiць савецкую агрэсiю супраць Фiнляндыi. Абурэнне „Абчугi» выклiкала вельмi ненатуральнае сцверджанне бальшавiцкай прапаганды аб адказнасцi Фiнляндыi за пачатак вайны з СССР. Не падабалiся яму i савецкiя пастаўкi збожжа ў Нямеччыну. Рашуча асуджалiся таксама „галоднае галотнае жыццё», „крывавая вайна» i сталiнская рэпрэсiўная палiтыка. Пад канец аўтар празрыста намякаў на тое, што Чырвоная Армiя хутка паверне зброю супраць бальшавiцкага рэжыму.

Нкусаўцам трэба было як мага хутчэй выявiць i пакараць „Абчугу». Аляксей М. адразу трапiў пад падазрэнне. Не на яго карысць сведчылi таксама i дадзеныя параўнальнай экспертызы ўлёткi „Абчугi» i лiстападаўскага лiста настаўнiка ваеннаму камiсару. Каб сабраць дадатковыя ўлiкi, было вырашана пачаць актыўную аператыўную распрацоўку М., у якой былi задзейнiчаны „агент Вырвав» i „архiўны паведамляльнiк Маргарынаў». „Вырвав» атрымаў загад высветлiць сувязi настаўнiка i, акрамя таго, завербаваць агента, які павінен быў справакаваць падазраванага на выказванне аб становiшчы ў Фiнляндыi. Ад „Маргарынава», якi працаваў на пошце ў пасёлку Абчуга, НКУС чакаў iнфармацыі пра тое, цi набываў Аляксей М. 15 цi 16 студзеня канверт, у якiм улётка прыйшла ў Крупкi. Нарэшце, планавалася, што мясцовыя партыйная i камсамольская арганiзацыi пасадзейнiчаюць выкрыццю „ворага» тым, што даручаць М. напiсаць друкаванымi лiтарамi насценгазету, каб потым лёгка было параўнаць яго почырк з почыркам „Абчугi».

Пытанне, цi на самай справе Аляксей М. быў менавiта той асобай, якая ва ўлётцы пратэставала супраць вайны, абвiнавачвала бальшавiцкi агiтпроп у хлусні, знiшчальна крытыкавала ўнутраную i знешнюю палiтыку ўрада i тым самым кiдала выклiк савецкай уладзе, застаецца без адказу. Далейшы лёс настаўнiка невядомы. Хутчэй за ўсё, ён быў неўзабаве арыштаваны i жорстка пакараны.

3. У надзеi на савецкае паражэнне: „контррэвалюцыйныя настроi» ў Крупскiм i Заслаўскiм раёнах

8 лютага 1940 г.Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi прапанавала першаму сакратару Мацвееву абавязаць райкамы ў Крупках i Заслаўi тэрмiнова „ўзмацнiць масава-палiтычную і раз’ясняльную працу сярод насельнiцтва аб падзеях у Фiнляндыi» i пры гэтым звярнуць асаблiвую ўвагу на прапаганду ў мясцовых школах[14]. Неабходнасць гэтых iдэалагiчных мерапрыемстваў тлумачылася не толькi „дыверсiяй Абчугi», але i пашырэннем рознага роду „антысавецкiх» чутак, што ўзнiкалi, вiдавочна, не ў апошюю чаргу пад уплывам маруднага прасоўвання Чырвонай Армii ўглыб фiнскай тэрыторыi, а таксама савецкiх афiцыйных паведамленняў пра наздвычаныя ўмацаваннi ў Фiнляндыi („лiнiя Манергейма»)[15] i ўмяшанне замежных „iмперыялiстаў.

Паводле iнфармацыi НКУС, некаторыя сяляне з Крупскага i Заслаўскага раёнаў меркавалi, што фiны не толькi здолелi нанесцi вялiкiя страты Чырвонай Армii, але і нават занялi Ленiнград, дзеля забеспячэння бяспекi якога ўвогуле распачалася „зiмовая вайна». Працiўнiкаў савецкай улады асаблiва цешыў той факт, што Фiнляндыя, як сцвярджаў бальшавiцкi агiтпроп, карыстаецца значнай падтрымкай iншых „буржуазных» краiн. Чакалася, што яны ўжо вясной аб’яднаюць свае намаганнi i знiшчаць антысялянскі сталiнскi рэжым, няздатны перамагчы нават маленькую Фiнляндыю. Вынiкам вайны для СССР стане, з аднаго боку, страшэнная дэмаграфiчная катастрофа (краiна страцiць дзве трэці свайго насельнiцтва), а з другога — лiквiдацыя калгасаў i вяртанне да дабальшавiцкiх парадкаў[16].

Характэрна, што савецка-фiнская вайна ўзмацнiла i без таго наяўныя ў беларускiм грамадстве антысемiцкiя настроi i перш заўсё ўяўленнi пра мiфалагiчны „жыдоўскi бальшавiзм», якi нiбыта пануе ў Савецкiм Саюзе[17]. Так, селянiн М. Ш. з Крупскага раёна пагражаў, што калi трапiць на фронт, дык адразу пачне забiваць яўрэяў[18]. Жыхары вёскi Кiсялi Рагаўскога сельсавета (Заслаўскi раён) Д., К. i В. адзначалi, у сваю чаргу, поспехi фiнаў, жорстка крытыкавалi шапказакiдальнiцкiя настроi савецкай прапаганды i разглядалi „зiмовую вайну» ўвогуле як чарговае „жыдоўскае злачынства». Тым не менш, у канчатковую перамогу Фiнляндыi сяляне, вiдаць, не верылi i таму хацелi, каб Турцыя напала на СССР, знiшчыла савецкую ўладу i спынiла тым самым „пакуты» мясцовага насельнiцтва[19].

У сакавiку 1940 г. жыхароў Беларусi, якiя спадзявалiся на тое, што Фiнляндыя разам са сваiмi магутнымi саюзнiкамi здолее разграмiць Савецкi Саюз, чакала горкае расчараванне. Вайна скончылася хоць i пiравай, але перамогай СССР.

4. Мiрная дамова перамога Фiнляндыi?

Мiрнае пагадненне памiж СССР i Фiнляндыяй было заключана ў Маскве 12 сакавiка 1940 г. Падсумоўваючы вынiкi вайны, батальённы камiсар Любiмаў пiсаў у сваiм вышэйзгаданым артыкуле:

«Палiтыка англа-французскiх падпальшчыкаў вайны на паўночным усходзе Еўропы пацярпела крах. Наперакор падпальшчыкам вайны Совецкi Саюз забяспечыў сiлай тую безапаснасць сваiх гранiц, якой ён не па сваёй вiне не мог дабiцца на мiрных перагаворах. Цяпер поўнасцю забяспечана безапаснасць нашых паўночных гранiц, безапаснасць велiзарнейшага ў свеце рабочага цэнтра Ленiнграда, горада Мурманска i Мурманскай чыгункi. Доблесная Чырвоная Армiя, выконваючы волю совецкага народа, прарвала i знiшчыла „лiнiю Манергейма» з яе жалезабятоннымi ўмацаваннямi, пабудаванымi на сродкi i пры дапамозе замежных iмперыялiстаў i iх генеральных штабоў. Чырвоная Армiя i Чырвоны Флот яшчэ раз паказалi ўсяму свету, што няма такiх крэпасцей, якiя не маглi б узяць большэвiкi.

Разбiўшы белафiнскiя цвярдынi, адданыя сыны Радзiмы, адважныя воіны краiны соцыялiзма сталi цвёрдай нагой на Карэльскiм перашэйку, ператварыўшы яго з ударнага кулака супроць Ленiнграда ў мiрную совецкую тэрыторыю. Лiквiдаваны адзiн з небяспечнейшых ачагоў вайны, якi замежныя iмерыялiсты годамi стваралi на фiнляндскай тэрыторыi, падрыхтоўваючы вайну супроць Совецкага Саюза i разлiчваючы запалiць ваенны пажар на ўсiм Скандынаўскiм поўвостраве»[20].

Перамога над Фiнляндыяй бачылася Любiмаву, такiм чынам, адначасова i перамогай над „iмперыялiстамi» Англii ды Францыi, якiя пацярпелi „жорсткае палiтычнае паражэнне». Гэтым „ворагам савецкага пралетарыяту» аўтар супрацьпастаўляў нацысцкую Нямеччыну i падкрэслiваў, што апошнiя падзеi „садзейнiчаюць умацаванню мiра ва ўсходняй Еўропе»[21].

У прэсе адзначалiся „пачуццё глыбокай радасцi» i „новая хваля палiтычнага ўздыма», якую мiрная дамова выклiкала ў СССР, а таксама захапленне „працоўных усiх краiн, усяго перадавога чалавецтва, якое бачыць у Совецкiм Союзе несакрушальны аплот мiра»[22]. Пра энтузiязм насельнiцтва паведамляла ў другой палове сакавiка 1940 г. i Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi: грамадзяне радавалiся мiру i спадзявалiся на тое, што цяпер дакладна палепшыцца забеспячэнне таварамi[23]. Дзякуючы разгалiнаванай сетцы iнфарматараў органы НКУС ведалi нават пра iнтымныя дэталi: пра тое, напрыклад, што жонка старшынi Астрашыцкага сельсавета П. П. 13 сакавiка адмыслова падрыхтавала ў гонар мiру „добрую закуску» да вячэры, а цырульнiк В. з мястэчка Астрашыцкi Гарадок з той жа прычыны выказваў надзвычайнае задавальненне, загадаў сваёй жонцы зварыць „добры абед» i падрыхтаваць гарэлку. Жонка пагадзiлася i пайшла насустрач мужу, чаго яна ў звычайны дзень, як стала вядома нкусаўцам, не зрабiла б[24].

З пункту гледжання НКУС становiшча, аднак, працягвала заставацца нездавальняльным, бо „антысавецкiя i контррэвалюцыйныя элементы» не спынiлi свае „варожыя выпады» i пасля заканчэння ваенных дзеянняў. Яны крытыкавалi эканамiчную сiтуацыю ў рэспублiцы i асаблiва тое дрэннае становiшча, якое склалася ў галiне забеспячэння насельнiцтва прадуктамi харчавання. Асобныя грамадзяне лічылі, што СССР перамог Фiнляндыю з дапамогай Нямеччыны i, як меркаваў, у прыватнасцi, бухгалтар школы медсясцёр з Барысава С. Ш., разлiчваецца за гэта з немцамi пастаўкамi збожжа. Выкладчыца той жа школы В. Л. скардзiлася, што працоўныя церпяць ад знешней палiтыкi бальшавiцкага ўрада: у той час як збожжа i iншыя тавары вывозяцца за мяжу, у самiм СССР справы пагаршаюцца i людзi вымушаны ўначы займаць месца ў чэргах па хлеб[25].

Адносна мiрнага дагавора сярод „контррэвалюцыйных элементаў», паводле дадзеных НКУС, не было згоды. Калi адны грамадзяне абвiнавачвалi Крэмль у тым, што ён не давёў вайну да поўнага разгрому праціўніка, дык iншыя лiчылi патрэбным аддаць належнае фiнам, якiя мужна змагалiся супраць Чырвонай Армii, i звярталi ўвагу, у прыватнасці, на лёс „народнага ўрада» Кусiнена, якi так i не прыйшоў да ўлады ў Фiнляндыi[26]. Брыгадзiру калгаса „Чырвоны будаўнiк» Мiнскага раёна С. К. асаблiва не падабалася тое, якiм чынам у СССР асвятлялiся ваенныя дзеяннi. За падзеямi за мяжой С. К. сачыў ужо даўно i меў меркаванне, што агiтпроп наўмысна ашуквае насельнiцтва. Брыгадзiр прыгадваў, што яшчэ ў 1935 г. савецкая прэса ўсхваляла поспехi Эфiопii ў вайне з Iталiяй. Тая вайна скончылася, як вядома, перамогай Iталii. Гэты выпадак, вiдавочна, не дазваляў С. К. зрабiць адназначныя высновы наконт сапраўднай сiтуацыi ў Фiнляндыi[27].

Калi С. К. скептычна ставiўся да бальшавiцкай прапаганды, дык яго калега У. Л. з калгаса „КIМ» Смалявiцкага раёна i некаторыя iншыя грамадзяне былi ўпэўнены, што СССР вымушаны быў пагадзiцца на мiрную дамову, бо сутыкнуўся з магутнымі ўмацаваннямi i страцiў у вайне зашмат чырвонаармейцаў[28]. Л. глядзеў на „зiмовую вайну» ўвогуле як на вялiкую авантуру, ад якой Савецкаму Саюзу, дзе толькi прызвычаiлiся багата выхваляцца, лепш было б устрымацца, улiчваючы магутнае ўзбраенне і добрую падрыхтоўку фінскага войска[29].

Цiкава, што ў другой палове сакавiка 1940 г. знаходзiлiся асобы, якiя адкідалі красамоўныя савецкiя афiцыйныя паведамленнi пра канчатковую перамогу над „белафiнамi» як чарговую хлусню агiтпропа i верылі, што сапраўдным пераможцам з „зiмовай вайны» выйшла Фiнляндыя, перад якой бальшавiкi капiтулявалi[30]. Калгаснiк Б. В. з Чырвонаслабадскога раёна нават меркаваў, што фiны гарантавалi сабе ў вынiку вайны бесклапотнае iснаванне за савецкi кошт: яны будуць толькi ляжаць i есцi, а савецкiя працоўныя будуць забяспечваць iм гэты дабрабыт[31].

Высновы

Запланаваная крамлёўскiмi стратэгамi маленькая хуткая перамаганосная вайна ператварылася ўзацяжную крывавую бойню i падарвала прапагандысцкi мiф аб „непераможнасцi» Чырвонай Армii.

Бальшавiцкi агiтпроп iмкнуўся давесцi савецкаму насельнiцтву, што СССР не вядзе барацьбы з фiнскiмi працоўнымi, а наадварот, „вызваляе» апошнiх ад прыгнёту „антынароднага буржуазнага ўрада», якi з падачы i пры дапамозе Францыi ды Англii „вераломна» распачаў вайну супраць Савецкага Саюза. Перамога над „крыважэрнымi белафiнамi» ўсхвалялася адначасова як трыумф у змаганнi з „англiйска-французскiм iмперыялiзмам».

У БССР „зiмовая вайна» выклiкала шырокi рэзананс як у гарадах, так i на вёсцы. Упраўленне НКУС па Мiнскай вобласцi, у прыватнасцi, паведамляла аб „контррэвалюцыйных элементах», што абуралiся пагаршэннем эканамiчнага становiшча ў час вайны, насцярожана ставiлiся да савецкiх паведамленняў аб сiтуацыi на фронце або давалi волю сваiм антысемiцкiм пачуццям, ускладаючы адказнасць за вайну на „жыдоў». Зусiм не жадаючы таго, агiтпроп абудзiў у пэўных па-антысавецку настроеных жыхароў Беларусi надзею на тое, што „белафiны» разам з Англiяй, Францыяй ды iншымi ворагамi СССР сапраўды перамогуць бальшавiкоў. Iх спадзяваннi на „вызваленне» звонку не знiклi i пасля заключэння мiрнага дагавора памiж Савецкiм Саюзам i Фiнляндыяй. Яны паважлiва ставiлiся да Фiнляндыi, якая аказала супрацiўленне савецкай агрэсii, а некаторыя яшчэ нават у другой палове сакавiка 1940 г. верылі, што фiны перамаглi ў гэтай вайне. Надалей апантаныя працiўнiкi бальшавiзму разлiчвалi галоўным чынам на гiтлераўскую Нямеччыну, якая, на іх думку, у савецка-фiнскай вайне дапамагла СССР перамагчы Фiнляндыю, а ў будучай вялiкай вайне, улiчваючы прадэманстраваную ў канфлiкце на поўначы слабасць i непадрыхтаванасць „непераможнай» Чырвонай Армii, зробiць з савецкай уладай тое, чаго не наканавана было зрабiць „белафiнам»[32].


[1] Толькi паводле афiцыйных, значна занiжаных, савецкiх дадзеных у час вайны загiнулі каля 49 000 чырвонаармейцаў. Фiнляндыя страцiла ў той жа час прыкладна 25 000 чалавек(сярод iх прыкладна 1000 цывільных асоб). Osmo Jussila, Seppo Hentilä, Jukka Nevakivi. Politische Geschichte Finnlands seit 1809: Vom Großfürstentum zur Europäischen Union. Berlin, 1999.S. 214.
[2] Цыт. паводле: Andreas Doepfner. Finnlands Winterkrieg 1939/40. Dokumentation aus neutraler Sicht. Zürich, 1990. S. 144-147, тут: s. 144f.
[3] Фiнскiя даследчыкi зыходзяць з таго, што колькасць прымусовых перасяленцаў перавысіла 400 000 чалавек. Jussila О., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 214.
[4] Пра гісторыю савецка-фінскай вайны гл., наприклад: Jussila O., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 204-214.
[5] Jussila O., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 207.
[6] БЕЛТА. В поезде // На рубеже. 27 снежня 1939. № 135 (321). С 1.
[7] Лапидус Я. Г. Письмо с фронта // Кировец. 28 студзеня 1940. № 2 (416).С. 2.
[8] Jussila O., Hentilä S., Nevakivi J. Politische Geschichte Finnlands seit 1809. S. 206f., 209f.
[9] Айма Каяндэр  (Aimo Cajander, 1879-1943) — прэм’ер-мiнiстр Фiнляндыi (1937-1939); Юха Эрко (Juho Erkko, 1895-1965) — мiнiстр замежных справаў ва ўрадзе Каяндэра.
[10] Любiмаў А. А. Блiскучая перамога сталiнскай палiтыкi мiра // Работнiца i калгаснiца Беларусi. 1940. № 6. С. 1-2, тут: с. 1.
[11] Тамсама, с. 2.
[12] Тамсама.
[13] ДАМВ [Дзяржаўны архiў Мiнскай вобласцi]. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 246-249.
[14] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 84-86, тут: арк. 86.
[15] Маюцца на ўвазе фінскія абарончыя збудаванні на Карэльскім перашыйку. Маршал Карл Густаў Манергейм (Carl Gustaf Mannerheim, 1867-1951) у час вайны быў галоўнакамандуючым Узброеных Сiл Фiнляндыi.
[16] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 84-86.
[17] Падрабязней гл.: Alexander Friedman. Die Vorstellung „jüdische Sowjetmacht». Antisemitismus  und Antibolschewismus in Sowjet Weißrussland Ende der 1920er — Anfang der 1940er Jahre // Thomas M.Bohn (Hg.), Belarus’ zwischen Ost und West. Von der polnisch-litauischen Union zum russisch-sowjetischen Imperium [публiкацыя запланавана на 2010].
[18] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 86.
[19] Тамсама, арк. 84.
[20] Любiмаў А. А. Блiскучая перамога сталiнскай палiтыкi мiра. С. 1.
[21] Тамсама, с. 2.
[22] Тамсама. Гл. таксама: Нахмановiч Р. Падпальшчыкi вайны пралiчылiся. Адабраем палiтыку совецкага ўрада // Работнiца i калгаснiца Беларусi.1940. № 6. С. 3.
[23] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 242-245, 257-259, тут: арк. 242, 243, 257.
[24] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 242.
[25] Тамсама, арк. 244.
[26] Тамсама, арк. 244, 258.
[27] Тамсама, арк. 244, 245.
[28] ДАМВ. Ф. 1п. Воп. 1а. Спр. 120. Арк. 244, 245, 258.
[29] Тамсама, арк. 245.
[30] Тамсама, арк. 244, 258.
[31] Тамсама, арк. 258, 259.
[32] Гл. падрабязней: Alexander Friedman, Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919 bis 1941, Saarbrücken 2009 (доктарская дысертацыя, публiкацыя запланавана на першую палову 2011г.).

Наверх

Тэгі: