Цімафей Акудовіч. Прынцып „трох правінцый” і ўніфікацыйныя тэндэнцыі на Чатырохгадовым сойме
Люблінская унія 1569 г., заключаная паміж дзвюма дзяржавамі — Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, — прадугледжвала існаванне падвойных дзяржаўных інстытутаў унутры Рэчы Паспалітай: асобных для кожнага суб’екта федэрацыі скарбу, войска, судовага заканадаўства. Аднак у другой палове XVIII ст. паскорыўся працэс уніфікацыі гэтай сістэмы. Першапачаткова ён ішоў шляхам упадабнення дзяржаўных структур Польшчы і ВКЛ, але з выбраннем на трон Станіслава Панятоўскага распачалося аб’яднанне асобных інстытутаў у агульнадзяржаўныя. Актывізаваліся таксама спробы поўнай ліквідацыі уніі, што выклікала незадаволенасць і супраціў беларуска-літоўскай шляхты[1]. Стварэнне агульнай Адукацыйнай камісіі і Пастаяннай рады ў 1770-я г., спробы кадыфікацыі права ў 1780 г. і, нарэшце, фармаванне на Чатырохгадовым (Вялікім) сойме 1788-1792 г. агульнадзяржаўных камісій скарбу, войска, паліцыі, замежных спраў і іншых — усё гэта паступова змяншала значэнне ВКЛ як асобнай дзяржаўнай адзінкі ў складзе Рэчы Паспалітай. Варта адзначыць, што ва ўсіх навуковых даследаваннях праблемы уніі паміж Польшчай і ВКЛ, асабліва ў перыяд Вялікага сойму (менавіта на ім польска-ліцвінскі канфлікт найбольш абвастрыўся), мяжой супраціву паміж федэралістамі (тымі, хто настойваў на нязменным захаванні пастаноў Люблінскай уніі) і ўніфікатарамі (прыхільнікамі аб’яднання Рэчы Паспалітай у адну дзяржаву) прызнавалася пытанне падвоенасці асобных дзяржаўных інстытутаў, і кожнае аб’яднанне чарговай камісіі ацэньвалася як перамога ўніфікатараў[2]. Такая ацэнка датычылася і аднаго з апошніх дакументаў, прысвечаных пытанню уніі — „Узаемных заручынаў абодвух народаў». Пры гэтым доўгі час па-за ўвагай гісторыкаў заставаўся той факт, што ў другой палове XVIII ст. у беларуска-літоўскай шляхты з’явіўся новы „фронт змагання» — тэндэнцыя, якая прадстаўляла ВКЛ толькі адной з трох правінцый Рэчы Паспалітай. Змаганне супраць гэтага новаўвядзення прывяло да пераасэнсавання уніі на новым узроўні пад час Чатырохгадовага сойму.
Прынцып падзелу Рэчы Паспалітай на тры правінцыі (Малапольшчу, Велікапольшчу і ВКЛ) натуральна вынікаў з тэрытарыяльнай структуры дзяржавы, дзе ВКЛ займала толькі 1/3 частку ад агульнай плошчы. Пры гэтым у акце Люблінскай уніі 1569 г. не было ніякіх згадак пра тры правінцыі[3], фігуравалі толькі Польшча і ВКЛ. Аднак у дзейнасці агульнага сойму праявілася канкрэтная адсылка да такога падзелу: на 120 каронных паслоў прыпадала 48 беларуска-літоўскіх. Гэта трохі болей, чым адна траціна. У 1673 г. такі натуральны падзел быў пацверджаны афіцыйна, калі паслы вырашылі кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай праводзіць у Горадні. Такім чынам, упершыню быў прадстаўлены прынцып не дуалізму (тут лепей сказаць: дамінантнага становішча Кароны, бо да гэтага часу соймы праводзіліся толькі ў Варшаве), а трайной структуры пабудовы Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці з новым прынцыпам два соймы адбываліся ў Варшаве (для Малапольшчы і Велікапольшчы), а трэці — у Горадні (для ВКЛ).
Такая патроенасць праяўлялася таксама і пры стварэнні агульных дэпутацый на соймах. Праўда, прагляд соймавых пастаноў пераконвае, што да другой паловы XVIII ст. такі падыход практыкаваўся вельмі рэдка[4]. Пакуль сойм заставаўся адзіным агульным дзяржаўным інстытутам у дзяржаве, дуалізм Рэчы Паспалітай рэдка сутыкаўся з прынцыпам трайнога падзелу паводле правінцый.
Сітуацыя змянілася, калі ў 1764 г. каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён быў цвёрдым прыхільнікам уніфікацыі і з самага пачатку свайго кіравання імкнуўся да злучэння дзяржаўных інстытутаў Польшчы і ВКЛ[5]. І хаця любыя спробы такога кшталту натыкаліся на адпор беларуска-літоўскіх паслоў, дзеянні караля прыносілі свой плён: у 1773 г. была створана першая агульная для Польшчы і ВКЛ установа — камісія нацыянальнай адукацыі[6]. Камісія складалася 3 8 камісараў. Пры гэтым у праекце ніяк не акрэслівалася іхдзяржаўная ці „правінцыйная» прыналежнасць. Прозвішчыкамісараў ішлі простым спісам: віленскі біскуп ІгнацыйМасальскі, плоцкі біскуп князь Станіслаў Панятоўскі, гнезненскі ваявода Сулкоўскі, падскарбій ВКЛ Яўхім Храптовіч,пісар ВКЛ Ігнацый Патоцкі, генерал падольскіх земляў Адам Чартарыйскі, каронны канцлер Андрэй Замойскі, капаніцкістараста Панінскі. З 8 камісараў 3 былі прадстаўнікаміВКЛ, што не адпавядала ані прынцыпу трох правінцый, аніроўнаму прадстаўніцтву Кароны і Літвы. Сёння складанасказаць, ці тут мела месца прынцыповае дыстанцыяваннеад цяжкага пытання, ці выпадковасць.
На сойме 1774 г. разгарэлася дыскусія аб стварэнні яшчэ аднаго агульнага органа — Пастаяннай рады, якая ўтрымлівала б у сваіх руках дзяржаўную ўладу ў перыяд паміж соймамі. Адным з істотных у дыскусіі было пытанне, колькі месцаў у будучай радзе павінны атрымаць прадстаўнікі ВКЛ. Ліцвіны (у прыватнасці, пінскі пасол Юзаф Кужанецкі і віленскі біскуп Ігнацый Масальскі) патрабавалі паловы месцаў[7]. Аднак у выніку доўгіх спрэчак у сакавіку 1775 г. было прынята рашэнне аб роўным прадстаўніцтве ў радзе ўсіх трох правінцый, што датычылася як сенатараў (па 6 ад кожнай правінцыі), так і шляхты (таксама па 6 ад кожнай правінцыі)[8].
У1776 г. былі ліквідаваныя вайсковыя камісіі і ўтвораны адзіны вайсковы дэпартамент. Скарбовыя камісіі засталіся асобнымі, бо на гэтым настойваў падскарбій ВКЛ Антоні Тызенгаўз. Ён жа выступіў супраць уніфікацыі судовага заканадаўства.
Партыя Тызенгаўза ў тым жа 1776 г. прапанавала праект стварэння ў ВКЛ 14 новых кашталяній з мэтай выраўняць колькасць сенатараў ад ВКЛ і Польшчы і такім чынам парушыць прынцып прадстаўніцтва трох правінцый у Сенаце. Але гэтая ідэя была адкінутая як палякамі, так і беларуска-літоўскай магнатэрыяй (у першую чаргу падканцлерам Храптовічам і наваградскім ваяводам Несялоўскім)[9].
Польскі гісторык Ежы Міхальскі лічыў, што Пастаянная рада дэфакта не парушала асобнасці беларуска-літоўскіх інстытутаў[10]. Тым не менш пасля стварэння такога ўплывовага органа ўлады сітуацыя пачала хутка мяняцца, што праявілася і ў паступовай замене дуалістычнай мадэлі на прынцып „трох правінцый». Адным з прыкладаў такіх зменаў можна лічыць соймавыя канстытуцыі: да гэтагачасу на вальных соймах Польшча і ВКЛ пісалі свае асобныя канстытуцыі, аднак з 1778 г. пачалі пісаць адну, агульную канстытуцыю[11].
А з пачатку 1780-х г. прынцып трох правінцый увогуле стаў пераважаць у соймавай практыцы. Гісторык Багуслаў Леснадорскі адзначаў: «Як вядома, Рэч Паспалітая ахоплівала дзве дзяржавы. Пазней з’явілася акрэсленне ў адзіночным ліку — „наша дзяржава». У практыцы шляхецкага сойму гэты падзел заціраўся. Вось жа, праглядаючы спіс асобаў, выбраных соймам у Пастаянную раду і соймавыя суды за 1782, 1784, 1786, 1788 г., бачым, што на месцы дзвюх дзяржаваў з’яўляецца паняцце некалькіх правінцый адной дзяржавы. Асобы запрашаюцца з ліку паслоў і сенатараў кожнай правінцыі, у роўнай колькасці ад кожнай. Было іх тры: Малапольшча, Велікапольшча і Вялікае Княства Літоўскае. Стаяць яны нароўні»[12].
На Чатырохгадовым сойме прынцып трох правінцый быў ужо відавочны. Усе дэпутацыі, якія абіраліся для падрыхтоўкі тых ці іншых праектаў, складаліся з роўнай колькасці прадстаўнікоў ад кожнай правінцыі.
У канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1788 г. паслы сойму вырашалі пытанне кіравання войскам (за некалькі дзён да гэтага было прынята рашэнне павялічыць яго да 100 тыс.). Рашэнне аб ліквідацыі агульнага вайсковага дэпартамента было прынята амаль адзінагалосна, а вось стварэнне новай вайсковай камісіі выклікала шмат спрэчак: беларуска-літоўскія паслы Корсак, Сівіцкі і Радзішэўскі патрабавалі асобнай камісіі для ВКЛ[13].
11 лістапада маршалак літоўскай канфедэрацыі Казімір Нестар Сапега, акрэсліваючы пазіцыю беларуска-літоўскай шляхты, нагадаў, што яшчэ ў 1764 г., пры заснаванні першых вайсковых камісій, яны ствараліся асобна для кожнай правінцыі. Таксама маршалак літоўскі адзначыў, што ў адпаведнасці з уніяй беларуска-літоўскія паслы маюць права патрабаваць асобнай камісіі, але, разумеючы выгоды адзінай для абодвух народаў інстытуцыі, яны гатовыя адмовіцца ад сваіх патрабаванняў пры ўмове, што ў агульнай камісіі будзе забяспечана роўнае прадстаўніцтва ад Кароны і Літвы[14]. У падтрымку К. Н. Сапегі выступілі падскарбій літоўскі князь Панятоўскі і ваўкавыскі пасол Павел Грабоўскі[15]. У выніку пад уплывам Сапегі адмову ад асобнай камісіі падтрымала абсалютная большасць паслоўз ВКЛ.
Такім чынам, другі раз (першым прэцэдэнтам было абмеркаванне Статута Пастаяннай рады) прадстаўнікі ВКЛ ставілі ўмову роўнай колькасці паслоў у агульным органе ўлады. Прычым у другім выпадку Сапега трактуе такую пазіцыю як саступку шляхты ВКЛ, абумоўленую разуменнем нязручнасці дзвюх асобных камісій. Як і ў 1775 г., такая прапанова выклікала незадаволенасць польскіх паслоў. Праблема была новай, бо калі камісіі існавалі асобна, не ўзнікала пытання, колькі і якіх паслоў там мусіць быць. Цяпер жа патрабаванне беларуска-літоўскіх паслоў — прытрымлівацца ўнійнай дамовы, захоўваць роўныя правы ВКЛ з Польшчай — відавочна не адпавядала інтарэсам палякаў, якія не хацелі разумець, чаму насельнікі адной траціны дзяржавы прэтэндуюць на палову ўлады ў ёй.
Так, брэст-куяўскі пасол Ігнацый Закшэўскі ў сваім выступе зазначыў: „Калі хочуць, каб камісія два гады ў Кароне, а два гады ў Літве працавала, то дазволю сабе заўважыць, што ў такой меры альтэрната сойму павінна быць для ix правілам, калі ж хочуць альтэрнаты адносна роўнасці асобаў, то тады, калі прыйдзе час да падаткавання, каронныя правінцыі змогуць ад яе [Літвы. — Ц. А.] жадаць роўна палову падаткаў»[16]. Польскія паслы пагаджаліся толькі на адну трэцюю частку прадстаўніцтва беларуска-літоўскай шляхты ў камісіі, спасылаючыся на тое, што такі ўнёсак робіць Літоўская правінцыя ў агульны скарб Рэчы Паспалітай.
Па выніках галасавання з перавагай у 54 галасы быў прыняты дакумент, у адпаведнасці з якім вайсковая камісія мусіла збірацца кожны трэці раз у Вялікім Княстве Літоўскім. Камісія складалася з 18 асобаў, з якіх дзве траціны — цывільныя асобы, траціна — вайсковыя, гэта значыць гетман і пяць вайсковых асобаў. На чале камісіі мусіў стаяць адзін з чатырох гетманаў (вялікі і палявы каронныя, вялікі і палявы літоўскія), кожны па тры месяцы. Пры гэтым адзначалася, што гетман, які кіруе камісіяй у пэўныя тры месяцы, не мае права займацца іншымі справамі. Астатнія пяць ваенных членаў камісіі павінны быць з радавітай шляхты, тры з якіх паходзяць з Польшчы, а два — з Літвы. Пры гэтым забаранялася выбранне ў камісію прадстаўнікоў аднаго дому. Дванаццаць цывільных камісараў пароўну прадстаўлялі ўсе тры правінцыі Рэчы Паспалітай (па 4 ад кожнай правінцыі), з іх 3 сенатары і 9 „са стану рыцарскага», з умовай, што яны не знаходзяцца на актуальнай ваеннай службе[17].
28 лістапада 1788 г. па прапанове пінскага пасла Мацея Бутрымовіча быў вызначаны асобны час для разгляду спраў Літоўскай правінцыі: па гэтым пытанні камісія мусіла збірацца праз дзень[18]. А 13 снежня сойм канчаткова вырашыў, што паседжанні вайсковай камісіі будуць адбывацца, як і прапаноўваў К. Н. Сапега, у соймавых гарадах — Варшаве і Горадні.
Такім чынам, у адной камісіі было ўведзена ажно тры розныя прынцыпы прадстаўніцтва: гетманаў, у адпаведнасці з уніяй, было па 2 і кіравалі яны па чарзе; з 5 членаў камісіі 2 было з ВКЛ, такім чынам уводзіўся прынцып 3:2, нешта сярэдняе паміж дуалізмам і падзелам на тры правінцыі; а 12 цывільных камісараў (сярод якіх беларуска-літоўскіх прадстаўнікоў была траціна) якраз і ўвасаблялі прынцып трох правінцый.
Сітуацыя з новым статусам ВКЛ як адной з трох правінцый хаця і выглядала натуральнай (як адзначана вышэй, гэты прынцып выкарыстоўваўся з XVII ст.), але была незразумелай беларуска-літоўскім паслам. Пры абмеркаванні падатковай сістэмы ў снежні 1789 г. маршалак К. Сапега выгукнуў: „Калі народ Літоўскі далучаўся да Уніі, не ўваходзіўу падданства Кароне, але роўны злучаўся з роўным, жадаючы разам усе праходзіць цяжкасці. <…> Але вельмі фальшывая і невядома адкуль узятая максіма, нібы з-за таго, што Каралеўства Польскае дзеліцца на 3 правінцыі, з якіх адну складае Вялікае Княства Літоўскае, гэта значыцца Літоўская правінцыя: у трэцяй частцы да ўсяго павінна разглядацца, не пытаючыся, ці гэта ёсць справядлівая прапорцыя…»[19].
Наступны ўздым дыскусіі па гэтым пытанні адбыўся ў 1791 г.
8 чэрвеня 1791 г. на паседжанні сойму канстытуцыйнай дэпутацыяй быў пададзены праект аб стварэнні агульнай камісіі паліцыі. Троцкі пасол Сівіцкі адразу ж вынес прапанову — стварыць асобныя камісіі для кожнай з трох правінцый. Яго падтрымалі віленскі пасол Корсак і смаленскі Антоній Сухадольскі[20]. Улічваючы, што ні Малапольшча, ні Велікапольшча не патрабавалі сабе асобных камісій і не хацелі іх мець, такую прапанову Сівіцкага можна лічыць тактычным ходам з мэтай дамагчыся асобнага інстытута выключна для ВКЛ[21]. Корсак аформіў гэтую ініцыятыву беларуска-літоўскіх паслоў як прапанову да канстытуцыйнай дэпутацыі, аднак тая адкінула прапанову на падставе таго, што стварэнне асобнага інстытута не адпавядае Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. Таксама не падтрымала ініцыятыву Сівіцкага і Корсака літоўская правінцыйная сесія.
17 чэрвеня Сівіцкі яшчэ раз унёс прапанову аб стварэнні асобных камісій. Смаленскі кашталян А. Сухадольскі зноў падтрымаў троцкага пасла. Адкідаючы прэтэнзіі канстытуцыйнай дэпутацыі аб неадпаведнасці гэтай прапановы Статуту аб праўленні (Канстытуцыі 3 траўня), ён сцвярджаў, што ІІІ артыкул Канстытуцыі падцвярджае для шляхты ўсе былыя правы, статуты і прывілеі, адпаведна сярод іх — і Люблінскую унію. А гэта азначае, што стварэнне агульнай камісіі — незаконнае[22].
Аднак у дадзенай сітуацыі абаронцы асобнасці ВКЛ апынуліся ў значнай меншасці. Супраць выступіў кароль, які заклікаў Літоўскую правінцыю саступіць у імя агульнага дабра[23]. Жамойцкі пасол Тышкевіч прапанаваў для заспакаення гонару беларуска-літоўскай шляхты стварыць альтэрнату для камісіі паліцыі, і кожнае трэцяе яе паседжанне праводзіць у ВКЛ. Не падтрымаў Сівіцкага і маршалак Сапега. Пры гэтым ён адзначыў, што ніколі не адступаў ад абароны уніі, але цяпер сумняваецца, што гэты праект мае дачыненне да уніі, апрача таго правінцыйная літоўская сесія не прыйшла да агульнага меркавання па гэтым пытанні, а таму адзінай пазіцыі таксама няма[24]. Літоўскі маршалак прапанаваў пачаць галасаванне, і калі праект агульнадзяржаўнай камісіі будзе адхілены, тады ў яго будуць уносіцца праўкі, датычныя асобнасці камісіі ў ВКЛ. Але гэтага не здарылася — прыхільнікі ўніфікацыі перамаглі з вялізным адрывам: 17 сенатараў супраць 3, 83 паслы супраць 10. (Відаць, што паслоў на гэтай сесіі было няшмат, а паслоў ВКЛ — асабліва: з 83 — толькі 17 чалавек прадстаўлялі ВКЛ. Пры гэтым цікава, што сярод 10 прыхільнікаў асобнасці камісіі 3 паслы былі каронныя[25].) Такім чынам была створана адзіная камісія паліцыі, у якой прадстаўніцтва ВКЛ складала 1/3 ад агульнай колькасці членаў[26].
У гэтай сітуацыі дзіўным выглядае тое, што значная частка беларуска-літоўскіх паслоў перайшла на бок прыхільнікаў аб’яднання (17 — за, 7 — супраць). Падтрымалі караля ў дадзеным пытанні жамойцкі пасол Тышкевіч і, што самае незвычайнае, — маршалак літоўскай канфедэрацыі Сапега. Найверагодней, прычынай тут было тое, што сапраўды гэтае пытанне не вельмі датычылася уніі: паўнамоцтвы камісіі паліцыі распаўсюджваліся толькі на каралеўскія гарады, а такіх у ВКЛ было няшмат.
Найбольш цвёрдай была пазіцыя паслоў ВКЛ у дачыненні да камісіі скарбу: усе соймікавыя інструкцыі, акрамя наваградскай і слонімскай, патрабавалі захавання асобнай скарбовай камісіі. Пагаджалася на стварэнне агульнай скарбовай камісіі толькі аршанская шляхта, аргументуючы гэта тым, што ашчаджаныя грошы могуць пайсці на войска[27].
Выконваючы волю свайго павета, аршанскі пасол Крыштаф Мяшкоўскі яшчэ 18 сакавіка 1791 г., пасля прачытання Бутрымовічам справаздачы аб рэвізіі скарбу ВКЛ, прапанаваў на разгляд сойму праект аб злучэнні абодвух скарбаў — кароннага і ВКЛ[28]. Аднак гэтая прапанова была адхілена. Напэўна, настрой шляхты ВКЛ па гэтым пытанні быў вядомы і польскім паслам, бо калі 7 кастрычніка на паседжанні прагучала прапанова аб стварэнні праекта скарбовай камісіі, кракаўскі пасол Русоцкі прапанаваў спачатку вызначыць — ці гэта будзе адна, агульная камісія, ці дзве адасобленыя[29] (сам пры гэтым заявіў, што з’яўляецца прыхільнікам адзінай камісіі). Аршанскія паслы К. Мяшкоўскі і Людвік Гутакоўскі ў адпаведнасці з патрабаваннем аршанскай інструкцыі зноў прапанавалі сойму праект стварэння агульнай скарбовай камісіі. Завязалася доўгая дыскусія, якая заняла тры дні паседжанняў: 7, 14 і 17 кастрычніка 1791 г. За адзіную камісію прамаўлялі ў асноўным кракаўскі пасол Русоцкі і валынскі Свентаслаўскі. Адстойваў права ВКЛ на асобную камісію К. Н. Сапега. Літоўскі маршалак грунтаваў сваю пазіцыю на тым, што беларуска-літоўская шляхта не мае права адкідаць нормы, якія ўведзены не імі, а іх продкамі, і ў такім жа выглядзе павінны быць перададзены нашчадкам. У выніку на бок Сапегі перайшоў урэшце і аршанскі пасол Гутакоўскі. Ён патлумачыў гэта тым, што, убачыўшы адзінадушнасць літоўскай правінцыі, палічыў сябе абавязаным адысці ад пунктаў аршанскай інструкцыі і стаць на агульную пазіцыю паслоў ВКЛ.
Па невядомых прычынах бок прыхільнікаў аб’яднання камісій заняў жамойцкі пасол Маўрыцый Францішак Карп. Ён матываваў гэта тым, што калі ўжо створаны агульныя камісіі паліцыі, войска і адукацыі, то адпаведна мусіць быць агульнай і камісія скарбу[30].
Тым часам паміж 7 і 14 кастрычніка адбыліся дзве правінцыйныя сесіі ВКЛ, на якіх шляхта адзінагалосна вырашыла бараніць асобнасць сваёй скарбовай камісіі, пра што Сапега і паведаміў на паседжанні сойму 14 кастрычніка[31].
Даведаўшыся пра гэтую пастанову, Згуртаванне сяброў Статута аб праўленні, якое аб’ядноўвала найбольш актыўных і ўплывовых прадстаўнікоў „патрыятычнай» партыі, пастанавіла не шкодзіць намерам беларуска-літоўскіх паслоў[32].
На абарону Вялікага Княства стаў і троцкі кашталян Казімір Канстанцін Плятэр. Ён сцвярджаў, што ВКЛ трэба разглядаць не як адну з трох правінцый адзінага цела Рэчы Паспалітай, а як адзін з двух народаў, што калісьці былі злучаныя вячыстай уніяй[33].
Убачыўшы, што перамагчы супраціў беларуска-літоўскай шляхты амаль немагчыма, на бок Сапегі нечакана сталі асноўныя прадстаўнікі рэфарматарскай плыні. Каб пераканаць валынскага пасла Пінінскага ў неабходнасці прыняць патрабаванне ВКЛ, каронны маршалак Станіслаў Малахоўскі выказаў упэўненасць, што яшчэ пры ягоным жыцці Літоўская правінцыя сама ініцыюе аб’яднанне скарбовых камісій[34]. Таму цяпер, на яго думку, не варта занадта моцна працівіцца жаданням паслоў ВКЛ. Дыскусіі былі настолькі гарачыя, што інаўроцлаўскі пасол Трабухоўскі нават абвінаваціў караля ў большай любові да Літоўскай правінцыі як да малой радзімы: „Ведаю, міласцівы кароль, што цябе зямля літоўская нарадзіла і вырасціла, вялікую маем удзячнасць да той зямлі, якая выдала такі парастак, з якога заквітнела святая постаць айчыны нашай. Але і тое ведаю, што цябе Народ сумесна паклікаў на трон, усе тры правінцыі ёсць дзецьмі тваімі»[35].
Кароль у такой сітуацыі вымушаны быў адказваць, і ён таксама стаў на бок беларуска-літоўскіх паслоў: „Дазволю сабе прадбачыць, што думка мая спраўдзіцца: у хуткім часе самі абывацелі ліцвіны, пагодзячыся, схіляцца да таго, што ёсць жаданнем Кароннай правінцыі… Заклінаю вас, на шчасце айчыны, каб зважалі, што да заканчэння Сойму няшмат часу засталося з гледзішча важных аб’ектаў, якія яшчэ трэба вырашыць»[36]. Да гэтых слоў далучыўся люблінскі пасол Адам Казімір Чартарыйскі. Убачыўшы, што ў адрозненне ад папярэдніх разглядаў (камісіі паліцыі, пытанняў падатку) беларуска-літоўскія паслы выступаюць адным фронтам і гатовыя абараняцца да апошняга, Станіслаў Аўгуст і астатнія рэфарматары вырашылі адступіць. Верагодна, гэтае пытанне яны і не лічылі вельмі істотным, бо скарбовая камісія заставалася апошнім асобным міністэрствам ВКЛ, а таму (як казаў і Малахоўскі, і кароль) мусіла калі-небудзь уліцца ў агульнадзяржаўную камісію.
Тым не менш 17 кастрычніка спрэчкі прадоўжыліся. Каронныя паслы, у першую чаргу валынскія, працягвалі настойваць на стварэнні агульнай камісіі, беларуска-літоўскія — адстойвалі права на асобную, а Станіслаў Аўгуст і С. Малахоўскі заклікалі ўсіх да кампрамісу. Выхад з гэтай сітуацыі знайшоў люблінскі пасол Станіслаў Патоцкі. Ён прапанаваў гарантаваць паслам ВКЛ роўную колькасць скарбовых міністраў і камісараў у адзінай камісіі. Такім чынам былі б задаволеныя і польскія паслы, бо ўтваралася адзіная камісія, і беларуска-літоўскія, бо ў адрозненне ад іншых камісій тут яны мелі б не 1/3 галасоў, а палову. Прапанова зацікавіла паслоў ВКЛ. Сапега папрасіў адтэрмінаваць прыняцце рашэння на два дні для правядзення літоўскай правінцыйнай сесіі.
20 кастрычніка 1791 г. К. Н. Сапега абвясціў на сойме, што пасля двух паседжанняў правінцыйнай сесіі шляхта ВКЛ пагадзілася прыняць прапанову люблінскага пасла Патоцкага[37].
Адначасова паводле рашэння сесіі быў падрыхтаваны праект дакумента аб рэгуляванні ўзаемаадносінаў паміж Каронай і ВКЛ (найперш — у скарбовым пытанні) пад назвай „Узаемныя заручыны абодвух народаў» („Zaręczenie wzajemne obu narodów»).
Як высветліў гісторык Адольфас Шапока, праект дакумента быў напісаны аршанскім паслом Ксаверыем Хамінскім і наваградскім ваяводам Юзафам Несялоўскім. Гэтыя асобы былі выбраныя невыпадкова: абодва належалі да каралеўскай партыі, неаднаразова ўдзельнічалі ў соймах, былі вопытнымі і паважанымі ў Вялікім Княстве людзьмі (першаму на той момант было 56, другому — 63 гады).
„Заручыны» складаліся з 5 пунктаў.
Камісіі скарбу і войска мусяць мець роўную колькасць паслоў ад Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. У камісіі паліцыі (як гэта і было прапісана ў папярэдніх дакументах) заставалася толькі 1/3 паслоў ВКЛ, але такая сітуацыя «як вынік добраахвотнай згоды Вялікага Княства Літоўскага не можа ніколі служыць як „praeiudicatum» (прэцэдэнт) для Вялікага Княства Літоўскага, і ўсе магістратуры, якія б Рэч Паспалітая ў будучым часе супольна для абодвух народаў складала, ва ўсіх іх роўная колькасць асобаў як з Кароны, так і з Вялікага Княства Літ. павінна быць выбрана»[38]. Такім чынам, ліцвіны патрабавалі сабе палову месцаў не толькі ў камісіі скарбу, а таксама ў вайсковай камісіі і ва ўсіх астатніх інстытутах, створаных соймам.
ВКЛ мусіла мець такую ж колькасць міністраў і ўраднікаў, як і Карона, з тымі ж тытуламі і абавязкамі.
Кіраваць ваеннай і скарбовай камісіямі павінны былі па чарзе прадстаўнікі ВКЛ і Кароны, у роўных адрэзках часу.
Грамадская скарбовая каса ў ВКЛ заставалася асобнай ад кароннай.
У ВКЛ ствараўся асобны ад кароны скарбовы суд (складзены з асобаў, што не ўваходзілі ў скарбовую камісію), які мусіў на падставе законаў Вялікага Княства займацца пытаннямі, звязанымі са скарбам у ВКЛ.
У канцы праекта адзначалася, што „Узаемным заручынам» надаецца статус inter pacta conventa, гэта значыць дакумент станавіўся найвышэйшым законам на ўзроўні кардынальных правоў, і яму поруч з кардынальнымі правамі павінны былі прысягаць манархі пры ўступленні на трон[39].
Супраць „Узаемных заручынаў» выступіў толькі валынскі пасол Войцех Свентаслаўскі. Ён сцвярджаў, што ВКЛ мае права толькі на 1/3 месцаў у дзяржаўных камісіях — у адпаведнасці са сваім унёскам у дзяржаўны скарб. Да таго ж патрабаванне паловы месцаў у вайсковай камісіі супярэчыць праекту стварэння гэтай камісіі, прынятаму на першай кадэнцыі сойму. Але Свентаслаўскі не атрымаў падтрымкі. Пераконваць яго ў неабходнасці саступіць ліцвінам узяліся К. Н. Сапега, люблінскі пасол С. Патоцкі, познанскі пасол Цэлестын Сакалоўскі і гнезненскі Адам Бранікоўскі. Урэшце палымяную прамову сказаў сам Станіслаў Аўгуст, у якой заклікаў польскіх паслоў адмовіцца ад сваёй прынцыповасці, адкінуць рацыянальныя разважанні і даць згоду[40]. Пасля гэтага адбылося галасаванне, і праект быў прыняты адзінагалосна.
Такім чынам, змагаючыся за асобную скарбовую камісію, паслы ВКЛ дамагліся зусім іншага: была ўзаконеная роўная колькасць паслоў Польшчы і ВКЛ ва ўсіх створаных структурах Рэчы Паспалітай.
Адно з сур’ёзных дасягненняў „Узаемных заручынаў» палягала ў тым, што ў гэтым дакуменце была пераломлена тэндэнцыя лічыць ВКЛ адной з трох правінцый. Да гэтага моманту ўсё ішло ў напрамку поўнай уніфікацыі Рэчы Паспалітай, якая мусіла быць падзеленай на тры правінцыі, злучаныя паміж сабой не дамовамі, а фактам прыналежнасці да ўнітарнай дзяржавы на правах яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Так была створана Пастаянная рада, так арганізоўваліся дэпутацыі на соймах, так утварыліся камісіі паліцыі і войска. І таму прапанова С. Патоцкага аб захаванні за ліцвінамі паловы месцаў у скарбовай камісіі лічылася адзінкавай саступкай паслам ВКЛ, якая не ўплывала на агульную сітуацыю ў дзяржаўнай сістэме. „Заручыны» ж перакручвалі ўсё наадварот і падавалі камісію паліцыі (у якой беларуска-літоўская шляхта мела 1/3 галасоў) як адзіную саступку патрабаванням польскіх паслоў.
Важнасць гэтай падзеі разумелі і сучаснікі. Адзін са стваральнікаў Канстытуцыі 3 траўня, ксёндз Гуга Калантай пісаў: „Шляхетная, а хутчэй братэрская ахвяра каронных правінцый усё аблегчыла. Былі абноўленыя паміж Літвой і Каронай святыя шлюбы уніі, была прынята памятная ўхвала, паводле якой на ўсе ўрадавыя магістратуры павінна была абірацца палова грамадзян літоўскіх, а палова каронных, хоць Літва параўнальна з Каронай не складае і трэцяе часткі ані ў насельніцтве, ані ў багацці»[41].
Аднак пасля Калантая — на працягу ХІХ і амаль усяго XX ст. — гэты вельмі істотны вынік „Узаемных заручынаў» забыўся. Польскі гісторык В. Смаленскі ў сваім даследаванні „Апошні год Вялікага сойму», разглядаючы „Узаемныя заручыны абодвух народаў», палічыў іх не больш чым пагадненнем па пытаннях скарбовай камісіі[42]. Аналагічнай пазіцыі прытрымліваліся і польскія гісторыкі ХХ ст. С. Кутшэба[43], О. Галецкі[44], В. Архімовіч[45], Б. Леснадорскі[46], Е. Лоек[47]. Належным чынам значэнне „Узаемных заручынаў» у змаганні паслоў ВКЛ за свае правы было ацэнена толькі ў 1980-я г. у працах Ежы Мальца[48] і Юліюша Бардаха[49].
Падсумоўваючы, можна сказаць, што прынцып трох правінцый існаваў у Рэчы Паспалітай яшчэ з XVII ст. і грунтаваўся на тым, што ВКЛ займала ў новастворанай дзяржаве 1/3 частку тэрыторыі і было прыблізна роўнае кожнай з дзвюх іншых частак. Але неабходнасць разглядаць ВКЛ як трэцюю частку агульнай дзяржавы ўзнікала толькі пры вырашэнні агульных пытанняў і ў дзейнасці агульных дзяржаўных структур, а іх да XVIII ст. было няшмат. Найперш гэта быў агульны сойм, дзе паслы ВКЛ займалі 1/3 месцаў, а з 1673 г. мелі права альтэрнаты — правядзення кожнага трэцяга сойму Рэчы Паспалітай у Горадні.
Сітуацыя пачала кардынальна мяняцца з сярэдзіны XVIII ст., калі ў Рэчы Паспалітай сталі актыўна стварацца агульнадзяржаўныя органы. Гэта прывяло да таго, што прынцып трох правінцый пачаў пераважаць над зафіксаваным у Люблінскай уніі дзяржаўным дуалізмам. Канфлікты з гэтай прычыны разгарэліся на Чатырохгадовым сойме пры стварэнні новых агульных органаў. Прычым беларуска-літоўскія паслы амаль заўсёды адступалі перад патрабаваннямі палякаў задаволіцца 1/3 галасоў у той ці іншай камісіі. У такой сітуацыі нечаканасцю выглядае прыняцце 20 кастрычніка 1791 г. „Узаемных заручынаў», дзе было афіцыйна зацверджана, што ва ўсіх новаствораных органах дзяржаўнай улады, акрамя камісіі паліцыі, беларуска-літоўскія паслы будуць складаць палову.
Вось жа можна казаць, што ў пэўным сэнсе „Узаемныя заручыны абодвух народаў» не проста захоўвалі унію, але пераводзілі яе наякасна новы ўзровень: ад сістэмы дуалізму, г. зн. раздваення дзяржаўных інстытутаў, да сістэмы роўнага прадстаўніцтва ў агульных камісіях. Важнасць гэтага падыходу падкрэсліваецца той акалічнасцю, што ВКЛ складала толькі адну трэцюю частку ад агульнай плошчы Рэчы Паспалітай. Наколькі гэты прынцып апраўдаў бы сябе і ці не выклікаў бы ён пярэчанняў з боку Польшчы — невядома, бо ўжо праз чатыры гады Рэч Паспалітая знікла з карты Еўропы. Але фактам застаецца тое, што беларуска-літоўскія паслы, выкарыстоўваючы кампрамісную пазіцыю палякаў (якая ў пэўнай меры абумоўлівалася недахопам часу), здолелі ў апошні момант атрымаць болей, чым яны маглі разлічваць на працягу Вялікага сойму, і вярнулі прынцып уніі ў арганізацыю дзяржаўнага апарату Рэчы Паспалітай.
[1] Malec J. Szkice z dziеjów federalizmu i myśli federalistycznej w czasach nowożytnych. Kraków, 1999. S. 61.
[2] Гэта датычыцца як гісторыкаў ХІХ ст. (Kalinka. Sejm Czteroletni. T. 1,2.Kraków, 1880. Ponowne wydanie: Warszawa, 1991; Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1897), так і даследаванняў ХХ ст., ажно да пачатку 90-х г. (Kutrzeba S. Unia Polski z Litwą. Lwów, 1914); Balzer O. Tradycya dziejowa unii polsko-litewskiej. Lwów — Warszawa,1919; Konopczyński W. Dzieje Polski nowożytnej. T. 2. Warszawa, 1936; Leśnodorski B. Dzieło Sejmu Czteroletniego (1788-1792). Studiumhistoryczno-prawny. Wrocław, 1951; Łojek J. Konstytucja 3 maja. Lublin,1981).
[3] Volumina legum (далей VL). T. 2. Petersburg, 1859. S. 92.
[4] VL. T. 5. Petersburg, 1860. С. 64; VL. T. 6. Petersburg, 1860. S. 53.
[5] Бардах Ю. Канстытуцыя 3 мая і „Ўзаемныя заручыны Абодвух Народаў» 1791 г. // Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2002. С. 370.
[6] VL. T. 8. Petersburg, 1860. S. 152.
[7] Malec J. Szkice z dziejów federalizmu… S. 72.
[8] VL.T.8.S.66.
[9] Michalski J. Zagadnienie Unii polsko-litewskiej w czasach panowania Stanisława Augusta // Zapiski Historyczne. T. LI. Z. 1. Warszawa, 1986.S. 109.
[10] Ibidem. S. 106.
[11] VL. T. 8. S. 575.
[12] Leśnodorski B. Dzieło Sejmu Czteroletniego (1788-1792). Studium historyczno-prawne. Wrocław, 1951. S. 238.
[13] Dyaryusz seymu ordynacyinego pod zwiąkiem Konfederacyi Generalney Oboyga Narodów w Warszawie rozpoczętego roku pańskiego 1788. W Warszawie w drukarni nadwornej Jego Królewskiej Mości i prześwietnej Komisji Edukacji Narodowej. 1788 Т. I. Сz. I. S. 40 (далей Diariusz Łuszczewskogo).
[14] Diariusz Łuszczewskogo. S. 35.
[15] Diariusz Łuszczewskogo. S. 39.
[16] Diariusz Łuszczewskogo. S. 40.
[17] VL. T. 9. S. 53.
[18] Malec J. Szkice z dziejów federalizmu… S. 93.
[19] AGAD. Archiwum Sejmu Czteroletniego (ASCz). Cпр. 5. С. 20. Сесія 199.1 XII 1789.
[20] Gazeta Narodowa i Obca. 1791. № 47. 9 чэрвеня.
[21] Michalski J. Zagadnienie unii polsko-litewskiej… S. 115.
[22] AGAD. ASCz. Спр. 14. С. 542. Сесія 17 VI 1791.
[23] Тамсама.
[24] Gazeta Narodowa і Obca. 1791. № 50. 22 чэрвеня.
[25] AGAD. ASCz. Спр. 14. С. 284. Сесія 17 VI 1791.
[26] VL. Т. 9. Petersburg, 1859. S. 277.
[27] Цэнтральная бібліятэка Літоўскай акадэміі навук (далей BLAN).Ф. 233. Спр. 126. С. 118.
[28] Gazeta Narodowa і Obca. 1791. № 24. 23 сакавіка.
[29] Gazeta Narodowa і Obca. 1791. № 82. 12 кастрычніка.
[30] Даследчык Ежы Міхальскі лічыў, што ў Карпа маглі быць нейкія асабістыя прычыны супярэчыць агульнай пазіцыі ягонай правінцыі. Michalski J. Zagadnienie unii polsko-litewskiej… S. 118.
[31] Gazeta Narodowa і Obca. 1791. № 83. 15 кастрычніка.
[32] Skałkowski A. Towarzystwo przyjaciół konstytucji 3 maja // Pamiętnik Biblioteki Kórnickiej. Warszawa, 1930. № 2. S. 61.
[33] AGAD. ASCz. Спр. 22. Сесія 14 X 1791.
[34] Gazeta Narodowa і Obca. 1791. № 84. 19 кастрычніка.
[35] Тамсама.
[36] Тамсама.
[37] Gazeta Narodowa і Obca. 1791. № 85. 22 кастрычніка.
[38] VL. Т. 9. S. 316.
[39] Тамсама.
[40] AGAD. ASCz. Спр. 22. Сесія 14 X 1791. S. 304.
[41] Kołłątaj H. O ustanowieniu і upadku Konstytucji Polskiej 3 maja. T. IV. Paryż, 1793. S. 23.
[42] Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Reprint 1897 r. Poznan, 2006.S. 127. Хаця ў іншай працы гісторык звярнуў увагу на тое, што „Узаемныя заручыны» сталі важным дакументам сярод прынятых на Чатырохгадовым сойме: Smoleński W. Studia histоryczne. Poznań. 1897. S. 73.
[43] Kutrzeba S. Unia Polski z Litwą. Lwów, 1914. S. 209.
[44] Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. T. II. Kraków, 1919. S. 353.
[45] Тамсама. S. 8.
[46] Тамсама. S. 240.
[47] Łojek J. Konstytucja 3 maja. Lublin, 1981. S. 34.
[48] Malec J. Problem stosunku Polski do Litwy w dobie Siejmu Wielkiego (1788-1792) // Czasopiśmo Prawno-Historyczne. T. 34. Z. 1.1982. S. 47.
[49] Бардах Ю. Канстытуцыя 3 мая… С. 396.