БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Andrew Wilson. Belarus: the Last European Dictatorship. Yale University Press, 2011. 256 p.


У наступным нумары (том 19, 2012)

Зацікаўленасць Эндру Уілсана Беларуссю прасочваецца з другой паловы 1990-х, калі ён надрукаваў раздзел “Myths of national history in Belarus and Ukraine” (“Міфы нацыянальнай гісторыі ў Беларусі і Украіне”) у кнізе G. Hosking and G. Schöpflin (eds.) “Myths and nationhood” (Hurst & Co., 1997). У гэтым раздзеле аўтар параўноўваў патэнцыял і аўтарытэтнасць нацыянальных міфаў у Беларусі і Украіне. Паводле Уілсана, калі ўкраінскія нацыянальныя міфы не вельмі пераканальныя і стабільныя, то беларускай нацыянальнай міфатворчасці “пры адсутнасці магутнага канкурэнтнага міфа аб колішняй дзяржаўнасці ці рэлігійнай выключнасці было надзвычай цяжка адпрэчыць усе панславісцкія і савецкія міфы” (197), што пры спробе звярнуцца да шматвяковай гістарычнай дзяржаўнасці беларускага народа пакінула Беларусь практычна без “неабходных крыніц легітымізацыі” (197). Уілсан таксама зазначаў, што беларусы “не маюць якой-небудзь выразна сваёй дзяржаўнай фармацыі да XX ст., каб да яе можна было апеляваць і ўсхваляць”, а таму, “каб усталяваць традыцыю дзяржаўнасці ў сярэднявечны перыяд… беларусы павінны пасунуць літоўскую гістарыяграфію, сцвярджаючы, што дзяржава, заснаваная Міндоўгам… была насамрэч беларускай, а не літоўскай (летувіскай)…” (188). Таму, згодна з Уілсанам, асобная беларуская ідэнтычнасць мае малыя магчымасці для развіцця паміж праваслаўнымі расіянамі і рыма-каталікамі палякамі ды літоўцамі (189). На падставе ўяўнай недастатковасці “наратыву асобнага развіцця беларусаў” Уілсан робіць выснову, што “беларускі “залаты век” не быў здольны павесці Беларусь шляхам, які б разыходзіўся з расійскай культурнай традыцыяй у доўгачасовай перспектыве” (193). Таму Уілсан лічыць беларусаў выключна савецкім стварэннем з чужой дасавецкай гісторыяй і ўспрымае Беларусь у межах расійскай культурнай прасторы.

Больш за дзесяць гадоў спатрэбілася, каб Эндру Уілсан вярнуўся да беларускай тэматыкі, напісаўшы гэтым разам манаграфію, якая прысвечаная выключна Беларусі. Ужо ў самым першым сказе кнігі аўтар сцвярджае, што амаль ніхто ў заходнім свеце не ведае пра наяўнасць нейкай дзяржавы паміж Польшчай і Расіяй, спасылаючыся на кнігу Чарльза Гранта “EU 2010: An optimistic vision of the future” (“ЕС 2010: аптымістычнае бачанне будучыні”), у якой Беларусь зноў жа ўспрымаецца як частка Расіі.

Выглядае, што манаграфіі давалася назва “Belarus: The Last European Dictatorship” (“Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура”) з мэтай зрабіць яе прывабным прадуктам на кніжным рынку. Пра камерцыялізаваны і рынкавы падыход да паказу кнігі яе патэнцыйным чытачам сведчыць і яе супервокладка, дзе сцвярджаецца, што гэта “першая англамоўная кніга, якая разглядае складаны шлях Беларусі да дзяржаўнасці і дэталёва даследуе яе палітыку і эканоміку пачынаючы з 1991 г.”. Гэткая рэклама ігнаруе прынамсі наступныя кнігі, выдадзеныя пасля 1991 г.: Jan Zaprudnik. “Belarus at a crossroads in history” (Westview Press, 1993); David Marples. “Belarus: a denationalized nation” (Harwood, 1999); Nelly Bekus. “Struggle over identity: the official and the alternative ‘Belarusianness’” (CEU Press, 2010). Цікава, што ў манаграфіі Уілсан спасылаецца на ўсе пералічаныя кнігі.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая мае на мэце паказаць грунтоўны агляд беларускай гісторыі да атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці. Другая факусуецца на сучаснай гісторыі і спрабуе даць адказы на тры галоўныя пытанні:

  • як Лукашэнка прыйшоў да ўлады,
  • як ён утрымлівае аўтарытарны рэжым і сёння,
  • “чаму Лукашэнка”, спрабуючы патлумачыць папулярнасць і палітычную жыццяздольнасць беларускага прэзідэнта.

Другая частка (за выняткам раздзела 7) адрозніваецца добрай структурай і грунтоўным аналізам, абапіраецца на шырокую бібліяграфію, што ўключае значную колькасць мемуараў беларускіх палітыкаў, а таксама даследаванні беларускіх і замежных палітолагаў, і дае адказы на пытанні, пастаўленыя ў ёй. Лукашэнка паказваецца як пратэстны кандыдат, які, у адрозненне ад іншага пратэстнага кандыдата Пазняка (“кансерватыўнай аўтарытэтнай фігуры”), абапіраўся на савецкае мінулае, каб адпавядаць чаканням большасці простых людзей (160). Ягонае палітычнае даўгалецце тлумачыцца эфектыўным выкарыстаннем і мадэрнізацыяй асноўных аўтарытарных інстытуцый, што збольшага існавалі яшчэ пры Кебічы (167), аднаўленнем дзяржаўнай планавай эканомікі і паступовай зачысткай нацыянальнай палітычнай сцэны на юрыдычным, асабістым і інстытуцыянальным узроўнях, што мела вынікам кансалідацыю аўтарытарнай улады ў руках прэзідэнта. Папулісцкія захады Лукашэнкі таксама суправаджаліся істотным паляпшэннем жыццёвых стандартаў і даходаў насельніцтва ў параўнанні з першымі гадамі незалежнасці (242).

Аднак першая частка (да якой у гэтай рэцэнзіі мы далучаем і раздзел 7), што мае паказаць беларускую гісторыю, пакідае больш пытанняў, чым дае адказаў, асабліва з улікам спецыялізацыі Уілсана на гісторыі Усходняй Еўропы.

Па-першае, гістарычнай частцы бракуе якіх-небудзь першакрыніц і яна амаль выключна абапіраецца на другасныя крыніцы. Акрамя таго, нягледзячы на пачатковую мэту даць грунтоўны агляд беларускай гісторыі, Уілсан зазвычай згадвае нязначныя падзеі ці факты, што адхіляе чытача ад галоўнай ідэі. Таму спрошчанасць і павярхоўнасць пераважае ў змесце кнігі, у той час як грунтоўны аналіз, неабходны для ўсебаковага разумення тых ці іншых фактаў і падзей, часта адсутнічае. Напрыклад, пры згадванні ў тэксце Браніслава Тарашкевіча (124) не даецца тлумачэння асаблівасцяў ягонай кадыфікацыі беларускай мовы, яе моцных і слабых бакоў, яе лёсу і ўплыву на развіццё беларускай мовы. Замест гэтага згадваюцца арышты польскімі ўладамі Тарашкевіча як шпега. Падобным чынам стварэнне Беларускай ССР (96–105) паказана схематычна і павярхоўна без згадкі ролі некаторых ключавых постацяў (Мяснікова) і палітычных акалічнасцяў (барацьба паміж групай Мяснікова і беларускімі нацыянал-камуністамі). Акрамя таго, у гэтай частцы не тлумачыцца уплыў эвакуацыі цывільнага насельніцтва і адпаведных зменаў нацыянальнага характару рэгіёна на патэнцыйныя магчымасці беларускага нацыянальнага руху. Іншы прыклад – асвятленне нацыянальнага пытання, міжэтнічных стасункаў і адпаведнай статыстыкі, інтэрпрэтаваных як з гістарычнай, так і з сучаснай перспектыў (121). Падаюцца толькі некаторыя звесткі, у той час як тлумачэнне зместу адпаведнай дзяржаўнай палітыкі, што была прычынай менавіта такіх вынікаў, адсутнічае.

Аўтар спрабуе паказаць не толькі беларускую версію гісторыі Беларусі, але і інтэрпрэтацыі яе суседзямі. Аднак гэткі падыход выглядае шкодным для самой ідэі кнігі, бо менавіта беларуская інтэрпрэтацыя гісторыі краіны мела ўплыў на палітычныя выбары, якія рабіліся беларусамі цягам апошніх дваццаці гадоў, калі калі гісторыя вызвалілася ад палітычнага/ідэалагічнага кантролю і ў пэўнай ступені стала вызначаць кірункі развіцця беларускага грамадства. Таму выбар Уілсана паказаць разнастайнасць трактовак беларускай гісторыі (уключна з бачаннем яе суседзямі) адсоўвае ўласна беларускую версію гісторыі, робячы яе другаснай, у выніку чаго і аўтар, і чытач трапляюць у пастку з розных інтэрпрэтацыяў, імёнаў і падзей. Таму ў некаторых выпадках назвы падзей ці груп, а таксама імёны асоб пераблытаныя, няслушна напісаны, патлумачаны неналежным чынам ці па-рознаму згаданыя ў розных частках тэксту манаграфіі. Найістотнейшая памылка – тое, што дрыгавічы (адзін з трох племянных саюзаў, што ляглі ў аснову этнагенэзу беларусаў) які пераблытаны з драўлянамі (адным з славянскіх плямёнаў, што жыло на тэрыторыі сучаснай Украіны). У выніку ў кнізе замест гісторыі дрыгавічоў змешчана гісторыя драўлян (15). Імя вялікага князя Гедыміна няправільна пададзена як па-беларуску, так і па-польску (23); імя вялікага князя Вітаўта даецца ў польскім варыянце, хоць напісана, што гэта – беларускі варыянт (24). Прыклады няслушнай транслітарацыі – такія тэрміны, як краёўцы (у кнізе krayovtsi), мяшанка (meshanka), касцёл (kostol) і г. д. Такая блытаніна з імёнамі мае шэраг іншых наступстваў для разумення замежным чытачом беларускай гісторыі. Імёны выдатных постацяў Вялікага Княства Літоўскага пададзены ў літоўскай версіі (напрыклад, Mindaugas, Vaišelga, Albertas Goštautas), а іх беларускіх адпаведнікаў няма, хоць першакрыніцы, на якія Уілсан у гэтай частцы кнігі не спасылаецца, даюць іх у беларускім варыянце. Гэткая практыка робіць Міндоўга, Войшалка, Альбрэхта Гаштаўта чужымі для беларускай гісторыі і выключае іх з беларускага гістарычнага наратыву. У выніку спроба паказаць беларускую гісторыю ў шырэйшым кантэксце аказалася няўдалай, бо розныя трактаванні не дапамагаюць шараговаму чытачу ўсебакова зразумець прапанаваную тэматыку, а таксама асэнсаваць сапраўдную значнасць той ці іншай асобы ці падзеі для Беларусі і яе гісторыі.

Здавалася б, для напісання такой вялікай працы была б неабходнай істотная пераацэнка ранейшага погляду на даступны гістарычны матэрыял. Але са зместу кнігі не вынікае, што Уілсан зрабіў такую пераацэнку, бо аўтар дагэтуль сумняваецца ў тым, што беларуская інтэрпрэтацыя гісторыі, нягледзячы на ўсе яе недахопы і магчымую непрывабнасць, была і ёсць ключавым элементам для развіцця беларускага грамадства. Хоць, нягледзячы на адрозненні паміж “афіцыйнай” і “альтэрнатыўнай” інтэрпрэтацыямі гісторыі, у пошуку “залатога веку” беларускага народа абедзве збольшага аддаюць гэтую ролю Вялікаму Княству Літоўскаму, Уілсан сцвярджае, што ў беларускім грамадстве ВКЛ “мае малы сучасны рэзананс” (138) і разглядае беларусаў як прадукт ХХ ст. Замест спробы знайсці сувязі паміж мінулым і сучаснасцю Беларусі, ён адразу ж звяртаецца да гісторыі ў версіі суседзяў, нібы міжволі ставячы пад пытанне аргументацыю беларускага гістарычнага наратыву і паўтараючы свой падыход больш чым дзесяцігадовай даўніны (“Адносная талерантнасць, праяўленая раннімі літоўцамі, азначала, што першапачаткова Русь [у тэксце Rus] не мусіла развіваць ідэнтычнасць у неспрыяльных умовах” (34) ці “У адрозненне ад пазнейшых часоў усходнія славяне дамінавалі ў гарадскім насельніцтве, але не ў кожным горадзе – у Вільні была рутэнская [у тэксце Ruthenian] частка ў паўночна-ўсходняй частцы горада”). Акрамя таго, паказваючы ў раздзеле 7 шматэтнічнасць насельніцтва беларускай тэрыторыі, Уілсан ускосна заяўляе пра дагэтуль няскончанае фармаванне беларусаў як нацыі. Таму, як і больш за дзесяць гадоў таму, ён спрабуе паказаць слабасць беларускай ідэнтычнасці, што існуе выключна ў межах расійскай культурнай прасторы, падкрэсліваючы, што “ўсходнеславянскія ідэнтычнасці расплывістыя і ўзаемна перасечныя” (121). Больш за тое, у тэксце заўважныя міжвольныя сумневы Уілсана ў здольнасці беларускага нацыянальнага элемента да асіміляцыі меншасцяў ва ўмовах беларускай нацыянальнай дзяржавы (якой Рэспубліка Беларусь з’яўляецца як паводле заканадаўства, так і паводле структуры насельніцтва). У раздзеле 7 аўтару не ўдалося паказаць элементы канструкту беларускай ідэнтычнасці, і таму ён не выконвае адведзеную яму ролю мосту паміж першай і другой часткамі кнігі.

Адносна інтэрпрэтацыі некаторых адметнасцяў беларускага грамадства, такіх, як, напрыклад, рэлігійны фактар ці цывілізацыйны падзел, Уілсан спрабуе спекуляваць, перабольшваючы іх рэальнае значэнне. Напрыклад, згодна з аўтарам, беларускія нацыяналісты – “расчараваны гістарычнымі факталагічнымі супярэчнасцямі” і таму спрабуюць знайсці “кампенсацыі ў абсалюце”. Развіваючы гэтую думку, Уілсан сцвярджае, што “ідэя псеўдаімперскай Беларусі, што заснавала Літву [у тэксце Litva], давала адпор Масковіі, дасягала мораў і калісьці разлягалася на абшары паміж імі, атрымала малы сучасны рэзананс” (138). Больш за тое, аўтар падкрэслівае, што гэта была ідэя, якую б “ваяўнічы каталік” Зянон Пазняк спрабаваў рэалізаваць у выпадку, калі б атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. Згодна з Уілсанам, магчымае вяртанне да вытокаў такім спосабам раскалола б насельніцтва яшчэ больш, чым палітыка Лукашэнкі, і патэнцыйна спрычынілася б да моцнага напружання ў стасунках з Расіяй на цывілізацыйнай аснове, што, паводле аўтара, было б “абсурдна негістарычным” (138). Гэткага кшталту ацэнкі –своеасаблівая экстрапаляцыя на беларускую рэчаіснасць адметнасцяў суседніх краін (напрыклад, Польшчы ці Расіі), дзе рэлігія выступае значным кансалідоўным фактарам. Уілсан падбірае адпаведныя цытаты і факты, каб у пэўнай ступені пацвердзіць свае высновы, не даючы, аднак, нейкіх спасылак на тое, як гэта адбываецца насамрэч.

У спробе сутыкнуць дыяметральна супрацьлеглыя падыходы Пазняка і Лукашэнкі, Уілсан падкрэслівае, што апошні прапагандаваў для Беларусі ролю “фарпоста славянства”, і далей спекулюе прыкладам “Лініі Сталіна”, трактуючы яе як “апору Расіі”. Аўтар слушна кажа пра тое, што “Лінія Сталіна” ніколі не мела той гісторыі, якую беларускія ўлады спрабуюць ёй прыпісаць. Але ён ігнаруе той факт, што “Лінія Сталіна” разглядаецца Лукашэнкам як частка паказу гераічнай барацьбы менавіта беларускага народа і яго выключнай ролі ў спыненні нямецка-фашысцкай агрэсіі і выратаванні савецкіх народаў, калі не ўсёй Еўропы ад пагрозы нацызму. Таму, як гэта ні парадаксальна, бачанне гісторыі Лукашэнкам не ёсць прарасійскім, як гэта сцвярджае Уілсан, але падобна, як у выпадку Пазняка, – беларусацэнтрычным, хоць і з іншымі акцэнтамі і міфамі.

Неабходна аддаць належнае аўтару за ягоную спробу выкарыстоўваць беларускія варыянты для геаграфічных назваў і ўласных імёнаў, хоць і на падставе кадыфікацыі Бібліятэкі Кангрэсу (LOC). Аднак, згадка пра асаблівасці беларускай мовы не ідзе далей за кароткае апісанне “трох версій беларускай мовы”: тарашкевіцы, наркамаўкі і трасянкі. Пры гэтым аўтар абмінае той факт, што беларуская дзяржава разглядае іх як праявы адной мовы, падкрэсліваючы неабходнасць уніфікаванага падыходу да перадачы вуснай мовы ў пісьмовых тэкстах. Больш за тое, Уілсан чамусьці абмінае лацінку, згадваючы яе толькі ў кантэксце марных спробаў Яна Станкевіча адаптаваць лацінскі алфавіт у якасці асноўнага правапісу (124). Але нават гэтая згадка базуецца на няслушным пастулаце, бо Станкевіч разглядаў кірыліцу як асноўны алфавіт. Аднак лацінка, хоць у трохі мадэрнізаваным выглядзе, атрымала афіцыйнае прызнанне беларускай дзяржавы для выкарыстання ў транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў. Гэткае прызнанне можна разглядаць і як шырэйшае прызнанне дзяржавай лацінкі як важнага складніка, што разам з іншымі адлюстроўвае багацце беларускай мовы. Таму абмінанне Уілсанам лацінкі выглядае істотным недахопам у разуменні як лінгвістычнай спадчыны беларускай мовы, так і яе патэнцыялу яе развіцця ў беларускім грамадстве і беларускай дзяржаве. Вось чаму, хоць аўтар і выкарыстоўвае беларускую транслітарацыю ўласных імёнаў і геаграфічных назваў і спрабуе знайсці найлепшыя адпаведнікі для перадачы беларускіх гукаў і правапісу, адсутнасць згадак пра лацінку выглядае значнай недапрацоўкай у асвятленні аўтарам моўнай тэмы.

У дадатак да недахопаў, прыгаданых вышэй, у манаграфіі ёсць шэраг іншых дробных памылак і недакладнасцяў, такіх, як недакладнае цытаванне крыніц (напрыклад, кніг: М. Долбилов и А. Миллер (ред.). “Западные окраины Российской империи. Historia Rossica” (Москва, 2006); З. Шыбека. “Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002)” (Мінск, 2003); В. Булгакаў і інш. “Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі” (Вільня, 2006) ці відавочна памылковы подпіс пад фотаздымкам №8, дзе паказаны мінскі касцёл св. Сымона і Алены (фотаздымак падпісаны як “момант дэманстрацый у снежні 2010”, хоць здымак відавочна летні і паходзіць хутчэй за ўсё з 1980-х, бо на касцёле яшчэ няма крыжоў).

Нягледзячы на ўсе гэтыя недахопы, кніга Эндру Уілсана ўяўляе з сябе частку вялікай і патрэбнай працы ў прасоўванні беларускіх даследаванняў на Захадзе. Больш за тое, яе важнасць палягае ў спробе аўтара звесці разам гісторыю і паліталогію і такім чынам звязаць ацэнку мінулага і сучаснасці Беларусі. Але пры гэтым манаграфія патрабуе выпраўленняў, а яе першая частка і раздзел 7 вымагаюць сур’ёзнай дапрацоўкі.

Мы б хацелі спадзявацца, што выпраўленая версія кнігі Эндру Уілсана не будзе мець пералічаных вышэй недахопаў, з тым, каб гэтая манаграфія стала ў адзін шэраг з найлепшымі ўнёскамі ў беларускія даследаванні, створанымі заходнімі аўтарамі.

Кірыл Касцян (Брэмен), Ганна Васілевіч (Прага)

Наверх

Тэгі: ,