BEKUS, NELLY. Struggle over Identity: The Official and the Alternative “Belarusianness”. Central European University Press, 2010. 306 p.
У наступным нумары (том 19, 2012)
Кніга Нэлі Бекус “Struggle over Identity: the Official and the Alternative “Belarusianness” – адметная праца, якая закранае маладаследаванае пытанне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Праз 20 гадоў пасля атрымання незалежнасці Беларусь застаецца своеасаблівым выпадкам сярод еўрапейскіх краін, у значнай ступені прыцягваючы міжнародную ўвагу наяўнасцю адзінага на кантыненце недэмакратычнага рэжыму. Цягам больш чым сямнаццацігадовага кіравання Лукашэнкі Захад так і не здолеў знайсці спосабы, каб заахвоціць афіцыйны Мінск да шчыльнейшага супрацоўніцтва, хоць Беларусь як наўпроставая суседка ЕС мае з шэрагам ягоных краін-удзельніц агульныя культурныя і гістарычныя традыцыі. Да нядаўняга часу беларускай тэматыкай у заходніх сацыяльна-палітычных навуках займаліся пераважна навукоўцы небеларускага паходжання. Гэтая тэндэнцыя пачала змяняцца цягам апошніх дзесяці гадоў, калі ў заходніх навуковых часопісах сталі з’яўляцца артыкулы даследчыкаў беларускага паходжання па тэматыцы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Праца Нэлі Бекус – першая кніга, прысвечаная беларускай ідэнтычнасці, напісаная навукоўцам беларускага паходжання і надрукаваная на Захадзе на англійскай мове.
Структурна кніга складаецца з шасці частак:
- нацыя ў тэорыі,
- паўстанне і развіццё беларускай нацыянальнай ідэі,
- посткамунізм у Беларусі,
- аргументы і парадоксы слабой нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў,
- барацьба вакол ідэнтычнасці,
- культурныя праявы супраць сацыяльнай рэіфікацыі.
Кніга мае на мэце ахапіць шырокі тэматычны спектр і складаецца з 28 раздзелаў, чатыры з якіх прысвечаны агляду тэорый. Такую структуру нельга назваць удалай, бо даволі цяжка змястоўна прааналізаваць ўсю заяўленую праблематыку ў межах 282 старонак кнігі (без уліку бібліяграфіі).
Першая частка ўяўляе сабой даволі падрабязны тэарэтычны агляд наяўных тэорый нацыі і дзяржавы. Другая частка прысвечана гістарычнаму агляду развіцця беларускай нацыянальнай ідэі, і чытач мае магчымасць зразумець яе вытокі. Апошнія сталі базай таго, што аўтарка называе “альтэрнатыўнай” версіяй беларускай ідэнтычнасці.
У частцы, прысвечанай камунізму і ягонаму ўплыву на нацыятворчы працэс, аўтарка паказвае другое разыходжанне паміж афіцыйнай і альтэрнатыўнай ідэнтычнасцямі, якое палягае ў розных ацэнках ролі савецкага панавання для беларускай нацыі. Нягледзячы на даволі падрабязныя апісанні развіцця беларускага народа як да, так і ў час Другой Сусветнай вайны, Бекус, аднак, не закранае значнага пласта адметнасцяў у развіцці, з якімі сутыкнулася пасляваенная Савецкая Беларусь, толькі каротка прыгадвае аднаго з беларускіх камуністычных лідараў – Пятра Машэрава.
Заходнія аўтары характарызуюць посткамуністычную Беларусь як няўдалы прыклад дэмакратызацыі і нацыяналізму, у той час як неразвітасць апошняга кампанента перадвызначыла няўдачу першага. Бекус лічыць, што насамрэч няўдача дэмакратызацыі Беларусі не мае нічога супольнага са слабасцю беларускай ідэнтычнасці. Наадварот, яна паказвае пэўную адаптацыю савецкай ментальнасці беларускім афіцыйным нацыянальным дыскурсам і пацвярджае гэта дадзенымі, якія сведчаць пра высокі ўзровень “нацыянальнага гонару”, што нельга лічыць слабой нацыянальнай ідэнтычнасцю. У гэтай чацвёртай частцы кнігі Бекус заяўляе пра трэцяе разыходжанне ў развіцці дзвюх беларускіх нацыянальных ідэй, моцна звязанае з абраннем першага і дагэтуль адзінага прэзідэнта краіны – Аляксандра Лукашэнкі. Ягонае асабістае бачанне гісторыі і трактаванне ім пэўных гістарычных падзей, паводле Бекус, падзялілі афіцыйны і альтэрнатыўны лагеры, у выніку чаго апошні сышоў у апазіцыю да цяперашняга рэжыму.
Гэтае разыходжанне больш падрабязна апісана ў пятай і шостай частках кнігі – “The struggle over identity” (барацьба вакол ідэнтычнасці) і “Cultural manifestation versus social reification” (культурныя праявы супраць сацыяльнай рэіфікацыі). Аўтарка падае прыклады канфлікту паміж афіцыйнай ідэалогіяй, якая прасякнула ўсе сферы беларускага грамадскага і культурнага жыцця, і альтэрнатыўнай ідэнтычнасцю, праявы якой існуюць пераважна нелегальна.
Галоўная ідэя кнігі – паказаць і патлумачыць карані дзвюх, паводле ацэнкі аўтаркі, розных беларускіх нацыянальных ідэнтычнасцяў, якія (су)існуюць і змагаюцца паміж сабой у беларускім грамадстве. Асноўнае разыходжанне аўтарка бачыць у розным успрыманні і розных ацэнках гістарычных перадумоваў для развіцця беларускай нацыі. Паводле Бекус, афіцыйная версія ўсхваляе савецкі перыяд і разглядае яго як першую форму праяўлення беларускай нацыянальнай ідэі, у той час як альтэрнатыўная версія звяртаецца да ранейшых праяваў нацыянальнай ідэі, звязвае беларусаў з сярэднявечным Вялікім Княствам Літоўскім, разглядае недаўгавечную БНР як першую фармацыю сфармаванай беларускай нацыі і лічыць пазнейшы савецкі перыяд часам разбурэння беларускай ідэнтычнасці. Розныя ацэнкі гістарычных падзей, звязаных з фармаваннем беларусаў як нацыі, паказаны не толькі ў кнігах па гісторыі, яны знаходзяць свае праявы ў іншых сферах грамадскага жыцця (тэатр, кіно, музыка і г. д.).
Кніга насамрэч уздымае вельмі вострую праблему, якая недастаткова даследавана і зазвычай няслушна інтэрпрэтуецца заходнімі аўтарамі. Аўтарка спрабуе патлумачыць розныя аспекты беларускага жыцця, на якія ўплываюць абодва дыскурсы, і таму яны не заўсёды зразумелыя для замежнікаў. І хоць не кожны можа пагадзіцца з тлумачэннем беларускай праблематыкі праз наяўнасць канкурэнтных / альтэрнатыўных ідэнтычнасцяў, даследаванне Бекус вельмі карыснае. Яна грунтоўна прааналізавала большасць даступнай літаратуры па дадзенай праблематыцы (як беларускай, так і замежнай) і вялікай колькасцю раздзелаў кнігі паказала складанасць і ўзаемазвязанасць элементаў, важных для даследавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Але пры такім дэталізаваным падзеле кнігі на раздзелы аўтарка не заўсёды магла аднолькава грунтоўна раскрыць тую ці іншую заяўленую тэму. Вось чаму некаторыя часткі кнігі занадта кароткія (ад паўтара да трох старонак), а таму недастаткова падрабязныя.
Іншая праблема, на якую неабходна звярнуць увагу, – транслітарацыя і выкарыстанне імёнаў. Хоць аўтарка і згадвае ва ўступе пра праблему з ужываннем назвы Беларусь (Belarus), якая ў савецкія часы называлася Byelorussia ці Belorussia, праблема куды большая за выкарыстанне назвы краіны. Яна вынікае з факта суіснавання дзвюх моў – беларускай і рускай – у статусе дзяржаўных. Хоць у кнізе гэтая асаблівасць і згадваецца, аўтарка пастаянна змешвае розныя варыянты транслітарацыі (часам выкарыстоўваючы кадыфікацыю Бібліятэкі Кангрэсу (LOC), часам – беларускую лацінку, але найчасцей – змешваючы іх у адным слове ці назве), а таксама непаслядоўна выкарыстоўваючы мовы, з якіх адбываецца транслітарацыя. Таму ў тэксце можна знайсці імёны той самай асобы, транслітараваныя розным спосабам, што для замежніка, які не валодае беларускай і / ці рускай мовамі, можа стварыць уражанне, што гаворка ў кнізе ідзе пра дзвюх або некалькі розных асобаў. Напрыклад, Францішак Багушэвіч на с. 60 пададзены як Bohusevič, а на с. 61 – як Bahushevich. Падобная праблема назіраецца і з перадачай тэрмінаў славянскага паходжання – так, слова шляхта пададзена ў некалькіх варыянтах: shlyakhta (с. 60) і szlachta (с. 63).
Тым не менш, кніга вартая ўвагі як беларускіх, так і асабліва замежных спецыялістаў, якія цікавяцца Беларуссю, і можа быць саліднай кропкай адліку для далейшых, больш дэталёвых, даследаванняў беларускай ідэнтычнасці ці, як гэта бачыць аўтарка, альтэрнатыўных версій беларускай ідэнтычнасці.
Прага
Ганна Васілевіч