Скочиляс, Ігор. Релігія і культура Західноï Волині на початку XVIII ст.: За материяламі Володимирського собору 1715 р. Львів, 2008 (Сяргей Каўн)
СКОЧИЛЯС, ІГОР. Релігія і культура Західноi Волині на початку XVIII ст.: За материяламі Володимирського собору 1715 р. Львів, 2008, 80 с.
Кніга Ігара Скачыляса „Рэлігія і культура Заходняй Валыні ў пачатку XVIII ст.: па матэрыялах Уладзімірскага сабору 1715 г.” створана на аснове вы-праўленнай і дапоўненай версіі ягонага ж артыкула. Улічваючы недастатковую распрацаванасць гісторыі ўніяцкай царквы апошняй трэці XVII ― першай чвэрці XVIII ст. ва ўкраінскай і беларускай гістарыяграфіях, існаванне шматлікіх стэрэатыпаў і састарэлых поглядаў на гэтую праблему, з выхадам гэтай кнігі можна звязваць яшчэ адзін крок у вывучэнні царкоўнай уніі.
Праца падзелена на 5 частак. Першая прысвечана праблеме „рускага ўніяцкага адраджэння” апошняй трэці XVII ― першай чвэрці XVIII ст. Аўтар імкнецца стварыць новую канцэпцыю развіцця культурных, сацыяльных і рэлігійныя працэсаў на ўкраінска-беларускіх землях Рэчы Паспалітай у вызначаны перыяд. Гэтая канцэпцыя, на думку аўтара, дазволіць перагледзець „чорную” легенду развіцця Украіны ў перыяд Руіны (1654–1687) і правесці параўнальны аналіз сацыякультурнага развіцця „Уніяцкай Украіны-Русі” і Гетманата (1687–1709) (5). Аўтар прапануе тэзіс пра „рускае ўніяцкае адраджэнне” як прадмову трыумфалізму Замойскага сабору 1720 г. Вызначальнай рэлігійнай парадыгмай гэтага перыяду, на думку аўтара, з’яўляецца маштабная мадэрнізацыя ўніяцкай царквы, арганізаваная вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Для гэтага паспяхова выкарыстоўваліся практыкі канфесіяналізацыі, што зрабіла XVIII ст. „залатым часам” у развіцці ўні яц кай царквы (6–7). Першая частка завяршаецца падрабязным аналізам архіўнай крыніцы ― збору актаў епар-хі яльнага сабору ва Уладзіміры 13–15 кастрычніка 1715 г. (10–11).
Другая частка нарыса прысвечана арганізацыйнай структуры Уладзімірскай епархіі ў пачатку XVIII ст. (згодна з матэрыяламі Уладзімірскага сабору 1715 г.). Вельмі падрабязна на падставе крыніцы аналізуецца палажэнне Уладзімірскага крыласа-афіцыялата ў 1715 г. Вельмі карыснымі для гісторыкаў Беларусі будуць апісанне берасцейскай часткі Уладзімірскай епархіі (12–13), а таксама статыстыка Берасцейскага крыласа-афіцыялата за 1729 г. (17–18). Аўтар прыходзіць да высновы, што ўніяцкім епіскапам не ўдалося дамагчыся поўнага дамінавання над праваслаўем. Адбываліся вострыя канфлікты за цэрквы (напрыклад, у Кобрыне ў 1647 г. за царкву Нараджэння Багародзіцы), а ў Берасцейскім крыласе-афіцыялаце яшчэ ў XVIII ст. паспяхова дзейнічалі шматлікія праваслаўныя царкоўныя брацтвы, цэрквы і манастыры (18–19).
У трэцяй частцы даецца апісанне саборнай практыкі Уладзімірска-Берасцейскай епархіі да Замойскага царкоўнага сабору 1720 г. Асаблівую увагу аўтар аддае дзейнасці ўладзімірскага ўніяцкага епіскапа Льва Кішкі ў 1711–1714 г. і падзеям Уладзімірскага памеснага сабору 13–15 кастрычніка 1715 г.
Чацвёртая частка кнігі — аналіз рэлігійнай і культурнай праграмы „памеснага сабору” 1715 г. Уладзімірскі сабор правёў кадыфікацыю і ўніфікацыю літургічных абрадаў уніятаў, узмацніў кантроль царквы за сакраментальнымі практыкамі (царкоўнымі шлюбамі, споведдзю і г. д.), прыстасаваў для мясцовых умоваў культ святога Язафата Кунцевіча, які нарадзіўся ў мяшчанскай сям’і і правёў маладыя гады ва Уладзіміры, пачаў праграму хрысціянізацыі праз засваенне ўніятамі палажэнняў катэхізіса, мадэрнізацыю органаў царкоўнага кіравання і адміністрацыйнага кантролю, сацыяльнае дысцыплінаванне і працэс „цывілізавання” парафіяльнага кліру.
У апошняй частцы кнігі даследуюцца „правілы” новастворанай Уладзімірскай епархіяльнай семінаріі. Аўтар абгрунтавана даказаў, што інстытуцыйнай базай для новастворанай семінарыі была Уладзімірская базыльянская калегія. Падрабязна аналізуюцца і 12 параграфаў статута, у якіх фармуляваліся патрабаванні да кандыдатаў у семінарыю, духоўныя, канфесійныя і матэрыяльныя асновы адукацыі святароў, змест праграмы заняткаў і г. д.
Аўтар змясціў у дадатку шэраг дакументаў — „Дзеянні і правілы сабору Уладзімірска-Берасцейскай епархіі 13–15 кастрычніка 1715 г.”, што ўяўляюць каштоўную крыніцу па гісторыі ўніяцкай царквы на тэрыторыі Украіны. Дадатак складаюць 5 частак: 1) уступная і завяршальная формулы чына сабаравання; 2) „дзеянні” сабору; 3) рэестр цэркваў і духавенства Уладзімірскага крыласа-афіцыялата; 4) 20 правілаў сабору; 5) статут Уладзімірскай епархіяльнай семінарыі (12 параграфаў) (47–71). Шкада, што адсутнічае археаграфічны і палеаграфічны аналіз надрукаванай крыніцы.
Праца І. Скачыляса не пазбаўлена некаторых недахопаў. Да іх можна аднесці, напрыклад, не зусім дакладнае вызначэнне геаграфічнага зместу тэрміна „Заходняя Валынь”: у розныя часы тэрмін „Валынь” адносіўся да рознай па памерах тэрыторыі. Напрыклад, горад Луцк (радзіма рэцэнзента) у розныя часы належаў як да „Усходняй Валыні”, так і да „Заходняй Валыні”, таму пажадана ў нарыс уключыць геаграфічныя карты. Наўрад ці апраўданае выкарыстанне словазлучэння „сармацкая Рэч Паспалітая” без двукосся і тлумачэнняў (6). Шэраг палажэнняў аўтарскай канцэпцыі маюць выгляд працоўнай гіпотэзы і пабудаваны на „навуковай інтуіцыі” аўтара (7). Украінскі даследчык не выкарыстаў многія працы па гісторыі ўніяцкай царквы беларускіх гісторыкаў (напрыклад, доктара гістарычных навук прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы С. В. Марозавай). Вывады, атрыманыя на аснове аналізу крыніц па гісторыі Украіны, могуць — толькі вельмі асцярожна — пераносіцца на гісторыю беларускіх земляў, і яны павінны быць або пацверджаны, або абвергнуты з дапамогай крыніц па гісторыі Беларусі.
Ігарам Скачылясам выканана важная праца па ўвядзенні ў навуковы зварот раней невядомай крыніцы, пададзены яе аналіз, сфармуляваны арыгінальныя (з апісаннем розных дыскурсаў і парадыгмаў) канцэпцыі развіцця ўніяцкай царквы ў апошняй трэці XVII ― першай чвэрці XVIII ст., што робіць яго кнігу прыкметнай пазіцыяй у гістарыяграфіі уніі, якая будзе запатрабавана і беларускімі гісторыкамі.
Мінск
Сяргей Каўн