БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Seredyka, Jan. Kunigaikštytė ir plikbajoris: Zofija Radvilaitė-Dorohostaiska ir Stanisławas Tymińskis. Vilnius, 2010 (Марцэлі Косман)


SEREDYKA, JAN. Kunigaikštytė ir plikbajoris: Zofija Radvilaitė-Dorohostaiska ir Stanisławas Tymińskis / [iš lenkų kalbos vertė VYTAUTAS DEKSNYS]. Vilnius: Vilniaus pedagoginio universiteto leidykla, 2010. 199 [1] p.

Ян Серадыка (1928–2008), знакаміты даследчык гісторыі XVII ст., сузаснавальнік апольскага гіс та-рычнага асяродку, рэктар Вышэйшай педагагічнай школы і гарачы энтузіяст ператварэння яе ва ўніверсітэт, нарадзіўся ў Мазовіі, адносна непадалёк ад межаў даўнейшага Вялікага Княства Літоўскага, на землі якога кінула сямнаццацігадовага падлетка ваенная віхура ўвосень 1945 г. Больш як пяць гадоў ён правёў у Пінску на Палессі, там зведаў цяжар непасільнай працы, там страціў брата, пра магілу якога клапаціўся да канца жыцця, дбаючы пра ўстаноўку на ёй надмагільнага помніка. Праз шмат гадоў ён здзейсніў сваю мару — наведаць краіну маладосці. У маім архіве зберагаецца касета з фільмам, знятым на відэакамеру пад час сплаву па Піне і Ясельдзе. Шмат гадоў мы размаўлялі з ім пра Пінск — ягоны (і Рышарда Капусціньскага) з часоў акупацыі, а таксама мой, з якім я меў магчымасць пазнаёміцца незадоўга да 1980 г. ды параўнаць яго вобраз са старымі крыніцамі, паўсталымі ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады, — перш чым спадар Ян падзяліўся са мной сваімі ўражаннямі ад згаданых адведзін на схіле жыцця.

На Беларусі яго сустрэла таксама ўсеагульнае прызнанне калег-даследчыкаў у сувязі з урачыстасцямі з нагоды чатырохсотгоддзя выхаду твора „Hippica, ці Кніга пра коней”, напісанага маршалкам ВКЛ Крыштафам Манвідам Дарагастайскім (1562–1615). Першае польскамоўнае выданне гэтай кнігі выйшла ў Кракаве ў 1603 г., чарговыя выданні датаваліся 1620, 1647, 1700, прыкладна 1730 і 1861 гадамі. Да юбілею было выдадзена старанна падрыхтаванае і прыгожа аздобленае перавыданне ў перакладзе на беларускую мову (з уключэннем рэпрадукцыі некалькіх старонак арыгінальнага выдання), у прадмове да якога Серадыка быў ушанаваны як знаўца пытання і аўтар кнігі, у якой памянёны гістарычны персанаж быў адным з трох галоўных герояў.

Згаданая кніга апольскага гісторыка была першай грунтоўнай манаграфіяй, прысвечанай Дарагастайскаму. Крыху пазней фрагменту яго біяграфіі прысвяціў сваю ўвагу дасведчаны спецыяліст у галіне старапольскай культуры Алойзій Сайкоўскі[1]. Але найвыдатнейшым знаўцам гэтай тэматыкі сярод даследчыкаў гісторыі Рэчы Паспалітай XVII ст. застаецца Ян Серадыка. Дзякуючы гэтаму даробку ён назаўсёды ўвайшоў не толькі ў польскую, але і ў беларускую, а таксама літоўскую гістарыяграфію. З ім кансультаваліся рэдактары мінскага перавыдання „Гіпікі”, ён сам быў надзвычай зацікаўлены працай, за якую яны ўзяліся, і быў запрошаны на ўрачыстасці, арганізаваныя ў родных мясцінах маршалка з нагоды своеасаблівай беатыфікацыі залічанага да выдатных сыноў беларускай зямлі „вялікага патрыёта” (азначэнне з прадмовы да памянёнага юбілейнага перавыдання).

Ян Серадыка вядомы перш за ўсё як даследчык старапольскага парламентарызму і панавання Жыгімонта III Вазы. Кніга ж, якая так зацікавіла беларусаў і літоўцаў, займае ў яго багатым даробку асаблівае месца. Ён сам адзначаў у прадмове да яе першага, арыгінальнага выдання: „Мае ранейшыя навуковыя інтарэсы ахоплівалі пераважна гісторыю Рэчы Паспалітай канца XVI — першай паловы XVII ст., з асаблівым акцэнтам на развіццё польскага парламентарызму. Бытавыя моманты я закранаў толькі павярхоўна. У маіх планах не было спецыяльных даследаванняў на гэтую тэму. Таму гэтая кніга з’явілася ў немалой ступені выпадкова. Яе задума ўзнікла ў той момант, калі, пераглядаючы ў варшаўскім Галоўным архіве старадаўніх актаў перапіску літоўскіх магнатаў, я быў заінтрыгаваны загалоўкам так званай цыдулы пры адным з лістоў Крыштафа Дарагастайскага, маршалка вялікага літоўскага ў 1597–1615 г., з якой адназначна вынікала, што жонка маршалка, Соф’я Радзівіл, здраджвала яму са Станіславам Тыміньскім, адным са шляхецкіх прыдворных Дарагастайскага”[2].

З таго моманту (а здарылася гэта недзе ў 1960 г.) мінула багата часу, перш чым апольскі даследчык распачаў працу над манаграфіяй, якая працягвалася шмат гадоў і запатрабавала асаблівай дапытлівасці і шматлікіх кансультацый (аўтар закрануў у сваім даследаванні больш як дваццаць айчынных і замеж ных шляхецкіх родаў). Плёнам, аднак, стала выдатная кніга. Чаму ж да Серадыкі ніхто не ўзяўся за рас працоўку такой удзячнай тэмы? А таму, што гэта запа тра бавала велізарнай працы, карпатлівых пошукаў у рас цярушаных крыніцах. Так з’яві лася самая асабістая кніга польскага гісто ры ка. З’яві лася і… ста ла чакаць публікацыі. Затрымка мела дзве прычыны — аб’ектыўную і суб’ектыўную. Першая была звязана з бягучым палітычным становішчам у Польшчы ў 1990 г. і… тагачаснымі прэзідэнцкімі выбарамі, на якіх была зарэгістравана ў якасці кандыдата і нават выйшла ў другі тур таямнічая постаць нейкага Станіслава Тыміньскага — цёзкі паводле імя і прозвішча таго самага палюбоўніка жонкі літоўскага маршалка з XVII ст.

Пэўна, для любога аўтара гэта была б ідэальная нагода для папулярызацыі сваёй кнігі, на што я ў свой час звярнуў увагу ў загалоўку прысвечанага Серадыкаваму твору эсэ[3]. Для любога, але не для Серадыкі, які вырашыў хоць трохі счакаць. Але ўлетку 1991 г. аўтара напатка ла цяжкая хвароба, якая на пэўны час выбіла яго з нармальнага рытму працы. Кніга выйшла з друку толькі ў 1995 г., але раней была прадстаўлена на навуковых паседжаннях у шэрагу акадэмічных асяродкаў Польшчы, у прыватнасці ў Познані і Торуні[4].

Аўтар грунтоўна ўлічыў гістарычны кантэкст, заглыбіўся ў выдатна знаёмыя яму таямніцы старапольскага заканадаўства і супаставіў тэорыю з практыкай. Прадмет яго ўвагі, вядома ж, — любоўны трыкутнік, але цэнтральнае месца ў ім заняў Дарагастайскі — у пэўным сэнсе ахвяра сувязі паміж жонкай і шляхцічам, якому ён давяраў. Падзеі разгортваюцца ў першыя гады XVII ст. Структура кнігі ўзорная з пункту гледжання дынамікі выкладу, як і належыць спрактыкаванаму выкладчыку ВНУ. Тэкст узбагачаны шматлікімі спасылкамі, якія адсылаюць да крыніц і літаратуры, а таксама шмат дзе дапаўняюць асноўны аповед.

Першы з шасці раздзелаў, уводны, мае назву „Dramatis personae”. У ім раскрываюцца вобразы Дарагастайскага і Радзівілаў. Дробнамаянтковы шляхціч Тыміньскі, відавочна, ніякіх звестак пасля сябе не пакінуў.

Раздзел II („Раман Соф’і і Станіслава”) апісвае хаду падзей, абапіраючыся на матэрыялы пазнейшага расследавання, праведзенага падманутым мужам. Шукаючы адказы на пастаўленыя пытанні, аўтар не толькі звяртаецца да юрыдычнай сферы, але і з веданнем справы аналізуе медыцынскія пытанні, у чым яму дапамаглі кансультацыі спецыялістаў, сярод якіх пачэснае месца заняў Збігнеў Куневіч, аўтар аналагічнай манаграфіі („Барбара Радзівіл”), а таксама метадалагічнага даследавання („Пра біялагічнае вымярэнне гісторыі”). Памяці менавіта гэтага вучонага Серадыка прысвяціў сваю кнігу пра княгіню і яе каханка. У гэтай працы навуковага характару не бракуе і белетрыстычных матываў, якія выдатна надаліся б якой аповесці або сцэнарыю мастацкага фільма. Мы маем справу з аўтэнтычнай літаратурай факта. У свой час, амаль чвэрць стагоддзя таму, я напісаў, што варта было б угаварыць Яна Серадыку выпусціць значна большым тыражом новую, „аблегчаную” версію кнігі пра гэты старапольскі раман, прыбраўшы з яе разгорнутыя спасылкі і да т. п.[5].

Пра дынаміку дзеяння і нарастанне драматургічнага напружання сведчаць загалоўкі чарговых раздзелаў: „III. Выкрыццё каханкаў”, „IV. Суд над Тыміньскім”. Назва чарговага, пятага раздзела («„Уз’яднанне” мужа і жонкі») вельмі трапна ўтрымлівае ў сабе двукоссе, таму што муж застаўся апанаваны недаверам і намагаўся пакараць здрадніцу, ад чаго яго стрымліваў толькі страх перад разгневанымі на яго Радзівіламі. Тыя выказвалі досыць слушныя прэтэнзіі, адзначаючы, што Дарагастайскі не быў такі прынцыповы ў выпадку з першай жонкай, калі нярэдка заплюшчваў вочы на здрады. Абвінавачвалі яго і ў тым, што сам ён уяўляў сабой далёка не ідэал у сямейным жыцці. Сапраўднае паяднанне адбылося праз нейкі час, калі абое сужэнцаў наблізіліся да магілы; пра гэта гаворыцца ў раздзеле VI „Так мінае людская хвала і драма”.

Першае і дагэтуль адзінае польскае выданне „Княгіні і бедняка” мела тыраж 1000 экзэмпляраў і выйшла ў сціплым, хоць для тых часоў і тыповым, графічным афармленні. Яно стала падзеяй — але толькі ў вузкім навуковым коле. Аўтар не паклапаціўся пра перавыданне, затое працягваў вывучаць біяграфію галоўнага, хоць і не названага ў загалоўку, героя кнігі. Ён апублікаваў некалькі артыкулаў — пра „выхаванне” жонкі Крыштафам[6], яго знаходжанне ў Ніжняй Сілезіі[7], завяшчанне[8] і ваенныя паходы[9], а таксама пра прававую культуру літоўскіх магнатаў[10]; яшчэ адзін тэкст быў падрыхтаваны ім да друку незадоўга да смерці ў сярэдзіне 2008 г.

Выдавецтва Віленскага педагагічнага ўніверсітэта апублікавала „Княгіню і бедняка” ў перакладзе на літоўскую мову тыражом 500 экзэмпляраў — высокім як для тамтэйшых рэалій. Да выдання была напісана змястоўная прадмова, прысвечаная аўтару і яго навуковай творчасці. Гэта прыгожы і да таго ж карысны жэст з боку віленскіх гісторыкаў дзеля ўшанавання памяці польскага даследчыка, спадчына якога ў значнай ступені датычыць гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Ян Серадыка двойчы, у 1971 і 1972 г., ездзіў у Вільню у некалькімесячныя навуковыя камандзіроўкі. У гэтых паездках ён грунтоўна вывучыў фонды ўніверсітэцкай, акадэмічнай і Нацыянальнай (Рэспубліканскай) бібліятэк. Плёнам гэтых выездаў былі некаторыя артыкулы, шмат матэрыялаў знайшлі адлюстраванне ў чарговых яго кнігах; для польскага ж гістарычнага асяроддзя Серадыка падрыхтаваў і апублікаваў (рэдкасць для нашых часоў) грунтоўны дакументальны артыкул, упершыню прапанаваны на паседжанні секцыі сацыяльна-гістарычных навук Апольскага таварыства сяброў навукі[11]. Будучы ў Вільні, ён не толькі праводзіў час у бібліятэках. Вольныя хвіліны выкарыстоўваў для наведвання такіх блізкіх кожнаму гісторыку мясцін — ад Замкавай гары, Кафедральнай плошчы, Старога Горада да касцёлаў і цвінтароў (Роса, Бернардзінскія і Антокальскія могілкі). Ён таксама завязаў трывалыя кантакты з мясцовымі даследчыкамі. Яны далі свой плён у будучыні, і адной з праяваў гэтага стала кніга „Kunigaikštytė ir plikbajoris”.
Познань

Марцэлі Косман


[1] Sajkowski A. Opowieści misjonarzy, konkwistadorow, pielgrzymow i innych świata ciekawych. Poznań, 1991. S. 223–236 (раздзел: Z Dorohostaj do Neapolu albo marszałka litewskiego doświadczenia nie tylko podrożnicze).
[2] Seredyka J. Księżniczka i chudopachołek. Zofia z Radziwiłłow Dorohostajska — Stanisław Tymiński. Wydawnictwo Uniwersytetu Opolskiego // Studia i Monografie. № 225. Opole, 1995. S. 7.
[3] Kosman M. Romans Tymińskiego // Przegląd Humanistyczny. R. XLI. № 5 (344). Warszawa, 1997. S. 173–177. Адсылаю таксама да абмеркавання беларускага выдання „Гіпікі” на старонках „Studiow Źrodłoznawczych” (т. XLVI, 2008, с. 198 і далей).
[4] Гл.: Seredyka J. Zofia Radziwiłłowna. Z dziejow obyczajow na Litwie w okresie wczesnego baroku // „Sprawozdania Toruńskiego Towarzystwa Naukowego” za rok 1990. Toruń, 1990. S. 18–23.
[5] Romans Tymińskiego… S. 176.
[6] Instrukcje wychowawcze Krzysztofa Dorohostajskiego dla żony Zofii Radziwiłłowny // Duktem czasow. Księga pamiątkowa ku czci Profesora Mariana Kaczmarka. Opole, 1996. S. 291–303.
[7] Krzysztof Dorohostajski na Dolnym Śląsku // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobotka. R. 51, № 1/3. Wrocław, 1996. S. 350–356.
[8] Testament Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Aere perennius. Profesorowi Gerardowi Labudzie dnia 28 XII 2001 w hołdzie. Poznań, 2001. S. 227–240.
[9] Militaria Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Litwa w epoce Wazow. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Warszawa, 2006. S. 355–371.
[10] Kultura prawna magnatow litewskich w XVI i XVII wieku // Kultura polityczna w Polsce. T. II: Przeszłość i teraźniejszość. Poznań, 1996. S. 33–46.
[11] Źrodła do dziejow Polski i Litwy okresu przedrozbiorowego w bibliotekach Wilna i Leningradu (Tekst referatu) // Sprawozdania Opolskiego Towarzystwa Przyjacioł Nauk. Seria A. Nr 10 (1973). Wrocław, 1974. S. 37–48.
Наверх

Тэгі: ,