Citko, Lilia. “Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok, 2006 (Ігар Клімаў)
CITKO, LILIA. „Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2006. 509 s.
Хроніка Быхаўца належыць да т. зв. беларуска-літоўскіх летапісаў, што ўзніклі ў XV–XVI ст., і лічыцца іх найбольш познім і цікавым помнікам, адметным сваёй сакавітай мовай і шэрагам унікальных гістарычных звестак. Уведзены ў навуку ў 1-й палове ХІХ ст., сёння рукапіс хронікі беззваротна страчаны (яго сляды губляюцца ўжо ў 1850-я г.) і вядомы толькі паводле адзінай публікацыі, здзейсненай правінцыйным гісторыкам-рамантыкам Т. Нарбутам у 1846 г. Нарбут быў вядомы як стваральнік фальсіфікатаў па гісторыі даўняй Літвы, таму і апублікаваная ім Хроніка спачатку выклікала падазрэнні ў сваёй сапраўднасці, але пазней яны былі абвергнутыя. Сам рукапіс уяўляе сабой транслітарацыю XVІІ ці XVІІІ ст. польскім пісьмом больш ранняга кірылічнага арыгінала (магчыма, 2-й паловы XVІ ці пачатку XVІІ ст.)[1], слядоў якога ў іншых крыніцах не адшукана (за выключэннем Хронікі М. Стрыйкоўскага, які, мяркуецца, карыстаўся спісам, блізкім да Хронікі Быхаўца, і шырока цытаваў яго).
Як ні дзіўна, такі важны летапісны помнік дагэтуль амаль не прыцягваў увагі лінгвістаў. У беларускім мовазнаўстве яму прысвечаны фактычна толькі адзін артыкул А. Жураўскага, які рознабакова, хоць і сціс-ла, акрэслівае моўныя асаблівасці летапісу[2]. Беларускіх даследчыкаў, напэўна, стрымлівала як адсутнасць арыгінала помніка, так і адметная ўкраінская афарбоўка арфаграфіі перапісчыка. Паказальна, што і цяпер беларускія мовазнаўцы абыходзяць маўчаннем на яўнасць украінскай арфаграфіі ў гэтым спісе[3]. Магчыма, у сувязі з гэтым Жураўскі заўважыў, што „мова помніка як асобная праблема спецыяльна ніколі не вывучалася”[4].
Недахоп у лінгвістычным вывучэнні Хронікі Быхаўца нарэшце ліквідавала капітальная мовазнаўчая манаграфія беларускай даследчыцы з Беласточчыны Ліліі Цітко. Яе праца ўяўляе сабой дэталёвы аналіз мовы выдатнага помніка разам з індэксам усіх яго словаформаў (266–321), а таксама публікацыяй тэксту (353–509) паралельна як ва ўжо вядомай лацінкавай версіі, так і ў кірылічнай рэканструкцыі, здзейсненай на падставе гэтай версіі самой даследчыцай. У сваёй рэканструкцыі яна адмовілася ад выкарыстання літар ѣ і ъ, што не перадаваліся польскім пісьмом, а літару ь ужывала толькі для пазначэння мяккасці (349–352).
Ва ўводным раздзеле (9–39) аўтарка абмяркоўвае структуру і канцэпцыю працы, падае кароткія агляды гісторыі ВКЛ і Случчыны, дзе, як мяркуецца, узнік помнік, нарыс моўнай сітуацыі ў краіне і развіцця кірылічнага пісьменства і старабеларускай літаратуры, а таксама беларуска-літоўскага летапісання. Яна акрэслівае (34–39) і папярэдні стан вывучэння помніка.
У наступным раздзеле (40–49) аналізуецца арфаграфія помніка з улікам даўніх прыёмаў перадачы кірылічнай графікі польскім пісьмом і яго магчымых уплываў пры транслітарацыі. Дарэчы, лацінкавае пісьмо помніка ў некаторых выпадках лепш адлюстроўвае рысы жывой мовы параўнальна з кірылічнай арфаграфіяй. Сярод іншых графічных з’яў разглядаюцца выкарыстанне вялікай літары, напісанні разам і асобна, а таксама памылкі пісьма.
У трэцім раздзеле даследуюцца фанетычныя і фаналагічныя рысы хронікі (50–81). У іх прысутнічаюць як іншамоўныя элементы (царкоўнаславянскія, польскія), так і ўсходнеславянскія дыялектныя рысы (пераход [’e] > [o], зацвярдзенне шыпячых, [r] і [c’], вымаўленне [γ], блытаніна літар w i ł (zabyw — zabył), u i w (y wbaczył), спецыфічнае старабеларускае еканне (kniażety, pamietay, petsot, baczeczy), прадстаўленае, аднак, у помніку не вельмі шырока, кантракцыя (hodny, druhi), пратэзы [v-], [h-], [j-], сляды гемінацыі і інш.). Сярод іх звяртае на сябе ўвагу пераход прасл. *ě як у [e], так і ў [i]: гук на месцы *ě перадаецца літарамі e, ie, i. Напрыклад, для слоў wera, werity суадносіны такіх напісанняў складаюць 5 / 1 / 8 (і 2 разы błahowirny, 1 раз bławerny). Хутчэй за ўсё, у арыгінале, які транслітараваў лацінкай перапісчык, на месцы *ě выступалі літары е ці ѣ, а ў яго маўленні — гук [і]. Відаць там, дзе перапісчык бачыў е, ён пакідаў гэтую літару, а ѣ замяняў на і. Дыскусійным застаецца ў такім выпадку значэнне літар ie пасля зычных — такое спалучэнне можа перадаваць [’e] ці нават нейкі дыфтонг кшталту [ie]. Іншая выразная з’ява помніка — зацвярдзенне зубных [t], [d], [p], [b], санантаў [l], [m], [n], [w]: dowodyt, dety ‘дзеці’, byty ‘быць’, mety / mity ‘мець’, pryity ‘прыйсці’, otpustył і інш. Напрыклад, інфінітыў ужываецца ў помніку амаль толькі з фіналлю —ty — 124 выпадкі супраць 3 выпадкаў фіналі —ti (s. 187), хаця і фіналь —t’ / —t адзначана 23 разы (188). Праўда, зацвярдзенне зубных [p], [b] і санантаў прадстаўлена ў многіх іншых пазіцыях (напрыклад, перад [e]) не вельмі надзейнымі напісаннямі: napered, teper, Pap(i)eża, peśni; bitw(i)e, Wołodymi(e)r і інш., якія могуць быць толькі фактамі арфаграфіі [неахайнасць перапісчыка, які прапускаў літару i перад галоснай (у спалучэнні ie), у т. л. у сярэдзіне слова: posyłaet (пры posyłaiet), upadywaet і інш., што даследчыца лічыць прыкладам кантракцыі (65), але гэта прасцей тлумачыць толькі як асаблівасць транслітарацыі]. Дарэчы, А. Жураўскі разглядаў выкарыстанне ў помніку польскай літары y замест кірылічнай літары и толькі як арфаграфічную асаблівасць хронікі (напрыклад, злучнік і амаль заўжды перадаецца літарай y)[5] і не звязваў гэта з украінскім уплывам. Тым не менш, наяўнасць такой вельмі выразнай з’явы як *ě > і некаторых марфалагічных асаблівасцяў дазваляюць бачыць у помніку ўсё ж зацвярдзенне зычных перад пярэднімі галоснымі, што ўласціва ўкраінскім гаворкам. Магчыма, перапісчык быў украінцам ці ўраджэнцам паўднёва-заходняй Брэстчыны, аднак гэта яшчэ не сведчыць пра ўкраінскае паходжанне аўтара твора. У той жа час у помніку прыкладаў акання адзначана няшмат (57), а выпадкаў дзекання ўсяго два (Dziawiłtowskim, widziaczy, 71), мала таксама і прыкладаў асіміляцыйнага аглушэння (dwanatcatoie, a-wet ‘а ведзь’ і інш., 78). Таму трэба дапускаць, што якраз яны разам з рэфлексам прасл. *ě > e былі ўласцівыя мове арыгінала, з якім працаваў перапісчык. Між тым, даследчыца падобнай высновы не робіць, цалкам адносячы мову помніка да беларускага паўднёва-заходняга дыялекту і звязваючы яе з заходнепалескімі гаворкамі (81, 200, 262–263)[6], хоць аўтар не мог быць адначасова носьбітам і тых і другіх гаворак.
Чацвёрты раздзел працы прысвечаны аналізу марфалогіі помніка (82–200), у якой пры панаванні ўсходнеславянскай стыхіі адзначаецца адметны царкоўнаславянскі ўплыў і слабы польскі. Даследчыца пільна апрацавала матэрыял па змяняльных часцінах мовы, падаўшы вынікі свайго аналізу ў выглядзе табліц з усімі прыкладамі і дэталёвымі (гістарычнымі і дыялектнымі) каментарамі да іх. У табліцах формы, узятыя з помніка, супастаўлены са старажытнаславянскімі формамі, што робіць асабліва нагляднай эвалюцыю марфалагічнай сістэмы. Яе асаблівасцю з’яўляецца: а) захаванне клічнага склону; б) трывалае выкарыстанне канчаткаў —омъ/-емъ у давальным склоне множнага ліку (городомъ, княземъ) і канчаткаў —охъ/-ехъ у месным склоне множнага ліку (на местцохъ, въ конехъ) для назоўнікаў асноў на ŏ- і jŏ-; в) спецыфічнае праяўленне катэгорыі адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці (параўн. 119–120, 256), складванне якой яшчэ не завершана: у множным ліку вінавальны склон = назоўнаму склону (городы, пенязи, жены, дети і інш.), а вінавальны склон = роднаму склону толькі для асоб мужчынскага роду: пановъ, князей, людей, воеводъ, хоць мужы 3 разы — мужей 1 раз; г) канчаткі —ое/-ее ў родным склоне жаночага роду адзіночнага ліку для ад’ектыўных часцін мовы (тое, которое, своее, великое, пятое, хоць часам тут выступаюць і канчаткі —ой/-ей: do swoiej, bozskoy ‘боскай’); е) канчатак —мъ у 2-й асобе множнага ліку прэтэрыта (ведаемъ, бачымъ, возвратымъ ся), але ў імператыве з ім канкуруе канчатак —мо (poiedmo, zmowmo); 1-я асоба множнага ліку ўмоўнага ладу ўтвараецца толькі з дапамогай часціцы быхмо; ё) частковае захаванне формаў аорыста і сляды імперфекта ды перфекта (169–179), што абумоўлена традыцыйнай мовай летапісу; ж) прыслоўі адкуль, покуль — па 1 разе (пры звычайным одтол (-е, -я, -і), одколе). Некаторыя з гэтых асаблівасцяў (г, е, ж) характарызуюць марфалагічную сістэму помніка, куды перапісчык мог умешвацца мінімальна, як беларускую, а не ўкраінскую. Верагодна, уплывам украінскага маўлення перапісчыка абумоўлена з’яўленне ў давальным-месным склонах зваротнага і асабовага займеннікаў формаў собі / себі і тобі — 16 і 4 разоў (пры собе / себе і тобе / тебе — 13 і 10 разоў), а таксама пашырэнне ў назоўным склоне множнага ліку прыметнікаў канчатка —іі/-ыі (kniazi ruskij, wiernyi raby) пры наяўнасці тут канчатка —ие/-ые (kniazi ruskiie, panowie litowskije). Але канчатак —іі/-ыі можа быць толькі архаізмам, архаічнасць жа вельмі ўласцівая мове летапісаў.
Тэмы двух наступных раздзелаў манаграфіі Л. Цітко вельмі рэдка з’яўляюцца ў працах беларускіх мовазнаўцаў пры апісанні мовы канкрэтнага тэксту — гэ та аналіз словаўтваральнай сістэмы помніка і яго анамастыкі, вельмі багатай у летапісным творы. У пятым раздзеле даследчыца дэталёва аналізуе словаўтваральныя тыпы і фарманты (201–233). Матэрыял згрупаваны ёю паводле часцін мовы, катэгарыяльных значэнняў фармантаў і, нарэшце, паводле асобных фармантаў. У сваім аналізе лінгвістка нямала ўвагі аддае пытанню матываванасці- нематываванасці фармантаў, актыўнасці-неактыўнасці асобных спосабаў словаўтварэння і падзельнасці-непадзельнасці марфем. У шостым раздзеле аналізуецца ўсходнеславянская і літоўская антрапанімія і тапанімія помніка (234–253).
У заканчэнні (254–265) аўтарка падсумоўвае вынікі свайго даследавання ў галіне фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і анамастыкі; асобны параграф складае вылучэнне рэгіяналізмаў у мове і вызначэнне польскіх уплываў (не вельмі моцных). Сярод рэгіяналізмаў хронікі можна адзначыць паслядоўнасць формы —ма ў творным склоне лічэбнікаў (двома, шестма, дванацатма, двадцатма, тысячма). Магчыма, гэтая і іншыя асаблівасці, адзначаныя вышэй, дазволяць у будучым больш дакладна лакалізаваць паходжанне аўтара хронікі.
Праца беларускай лінгвісткі з Польшчы дае вычарпальны аналіз мовы цікавага і малаладаследаванага да нядаўняга часу помніка. Вучонай можна хіба што параіць выкарыстоўваць дапаможнікі не толькі па беларускай дыялекталогі, але і па ўкраінскай таксама, асабліва калі яна ставіць сабе задачу вызначыць мясціны ўзнікнення хронікі. У „руськай” мове ВКЛ мяшаліся беларускія і ўкраінскія рысы, а ў арфаграфіі помніка, у дадатак, прысутнічае яскравы ўкраінскі ўплыў. Аднак такі ўплыў — яўна другасны, як было паказана ў дадзенай рэцэнзіі. Праца Л. Цітко выканана на самым высокім узроўні, у найлепшых традыцыях польскай школы гістарычнага мовазнаўства і, трэба спадзявацца, увойдзе ў набытак беларускай лінгвістыкі. Даследаванне будзе вельмі карыснае для беларускіх вучоных, а скла дзены Л. Цітко словапаказчык і зробленая ёю рэканструкцыя тэксту летапісу дапамогуць у далейшым вывучэнні беларуска-літоўскага летапісання.
Мінск
Ігар Клімаў
[1] Магчыма сам летапіс узнік у 1542–43 г., гл.: Морозова Н. К вопросу о времени создания Хроники Быховца // Slavistica Vilnensis. 2000. С. 137–141 (Kalbotyra, 49/2).
[2] Жураўскі А. І. Хроніка Быхаўца // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 596–598.
[3] Так, у двух беларускіх водгуках на рэцэнзаваную манаграфію Л. Цітко ўвага на ўкраінізмы помніка ўвогуле не звернута (гл. рэцэнзіі Н. Паляшчук // Беларуская лінгвістыка. 2010. Вып. 65. С. 145–150 і М. Свістуновай // Веснік БДУ. Сер. 4. Фі лалогія; Журналістыка; Педагогіка. 2010. № 2. С. 91–92), а асаблівасці яго мовы акрэслены як рэгіяналізмы (Паляшчук, с. 148).
[4] Жураўскі А. І. Op. cit. С. 598.
[5] Жураўскі А. І. Op. cit. С. 597. Але ў польскім пісьменстве XVI–XVII ст. злучнік і часта перадаваўся празу.
[6] Такія высновы падтрымліваюць і іншыя беларускія даследчыкі (напрыклад, Свістунова, с. 92).
Наверх