БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Максім Макараў. Важнае даследаванне пра гарады Беларусі і Ўкраіны


*Christophe von Werdt. Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien: okzidentalisierung der Ukraine und Weißrusslands im Spätmittelalter und in der fruhen Neuzeit. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2006. 326 S.

Праца швейцарскага гісторыка Крыстафа фон Верта прысвечана вывучэнню тых зменаў, якія адбыліся ў жыцці местаў Украіны і Беларусі ў эпоху позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Згаданая тэма мае дастаткова багатую гістарыяграфію, аднак рэцэнзаваная кніга вылучаецца на фоне іншых урбаністычных даследаванняў маштабнасцю пастаноўкі пытання. Фактычна гэта першая спроба стварыць цэльны вобраз еўрапеізацыі местаў усходнеславянскіх земляў ВКЛ і Каралеўства Польскага ў рамках асобнай манаграфіі. Паспрабуем паказаць асноўныя палажэнні працы і пракаментаваць іх там, дзе, на наш погляд, неабходна зрабіць заўвагі.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, заключэння, бібліяграфіі і персанальна-геаграфічна-прадметнага паказальніка. Тэкставы матэрыял арганічна дапаўняюць некалькі дзясяткаў карт, табліц і графікаў. Першы раздзел працы (1–28) выконвае функцыю ўводзінаў. Аўтар вызначае геаграфічныя і храналагічныя рамкі даследавання, робіць неабходныя тэрміналагічныя заўвагі і агаворвае агульныя прынцыпы падачы матэрыялу.

Даследчыка цікавіць гістарычная прастора тых рэгіёнаў былой Кіеўскай Русі, якія, як састаўная частка ВКЛ і Каралеўства Польскага, у эпоху позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу развіліся ў пераходную зону паміж лацінскай і праваслаўнай Еўропай. На думку аўтара, гістарычнае значэнне ВКЛ і Каралеўства Польскага заключаецца менавіта ў тым, што гэтыя дзяржавы сваёй палітычнай прасторай пераадолелі канфесійныя структурныя межы і працяглы час выступалі ў якасці краін-мастоў паміж захадам і ўсходам Еўропы. Гэтыя межы страцілі сваю значнасць, і тэрыторыі на ўсход ад іх пачалі еўрапеізавацца (7). Геаграфічныя рамкі даследавання, такім чынам, ахопліваюць усе ўсходнеславянскія землі ВКЛ і Польшчы акрамя тых, якія ў пачатку XVI ст. адышлі да Маскоўскай дзяржавы (8–9).

Пры вызначэнні храналагічных рамак працы К. фон Верт арыентуецца на гістарычныя стадыі фармавання пераходнай зоны. Ніжняя мяжа — гэта другая палова XIV ст. У Чырвонай Русі актыўны працэс еўрапеізацыі (будова сеткі каталіцкіх біскупстваў і парафій, стварэнне сістэмы кіравання па польскіх узорах, шматлікія „лакацыі” паселішчаў на нямецкім праве) пачаўся пасля ўключэння ў склад Польшчы. Для ВКЛ адпраўной кропкай гэтага працэсу можна лічыць Крэўскую унію 1385 г. У якасці верхняй храналагічнай мяжы аўтар абраў падзеі сярэдзіны XVII ст., калі змянілася гістарычная парадыгма развіцця рэгіёна і адносіны да Расіі пачалі адыгрываць у ім вызначальную ролю. Войны гэтага часу прынеслі пераходнай зоне сапраўдную катастрофу і ператварылі ў попел большую частку местаў, якія тут існавалі (п. 1.2.2).

У тэрміналагічных заўвагах аўтар адзначае, што лацінска-праваслаўная пераходная зона ў асноўным адпавядае тэрыторыі сучасных Украіны і Беларусі. Аднак пры апісанні падзей XIV — першай паловы XVII ст. ён практычна не ўжывае гэтыя назвы, бо яны напоўніліся сучасным сэнсам пазней. Тэрмін Заходняя Расія як спадчына імперскай гістарыяграфіі, на думку К. фон Верта, таксама не падыходзіць. Таму ён паслядоўна называе рэгіён даследавання Рутэніяй (Ruthenia) — лацінскім адпаведнікам тэрміна Русь, што трывала замацаваўся ў англамоўнай гістарыяграфіі (п. 1.3). Такі падыход адпавядае асноўнаму прынцыпу даследчыка, які ўслед за Юліушам Бардахам заклікае разглядаць месцкія паселішчы ў рамках гістарычных рэгіёнаў, а не сучасных дзяржаўных арганізмаў (23).

Згодна са сцверджаннем аўтара, месты Рутэніі былі тымі пунктамі, на абшары якіх працэс фармавання пераходнай зоны пачаўся раней за ўсё. Пад уладай польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх рэгіён быў уцягнуты ў працэс культурнага трансферта ці, іншымі словамі, „еўрапеізацыі” Еўропы. Складовай часткай гэтай з’явы быў працэс рэцэпцыі мадэлі еўрапейскага камунальнага места, які стаў прадметам даследавання К. фон Верта. Пад тэрмінам рэцэпцыя даследчык разумее не аднабаковы ўплыў, скіраваны з захаду на ўсход, а працэс узаемаадносінаў паміж мадэллю „горада” („burgstadt”), якая засталася ў спадчыну ад Кіеўскай Русі, і тыпам сярэднееўрапейскага прававога места (22). Аўтар не паглыбляцца ў дэталёвы разгляд гісторыі асобных населеных пунктаў, бо ў гэтым выпадку яму неабходна было б выкарыстаць неапублікаваныя архіўныя крыніцы. Мэта яго працы — стварыць агульны агляд развіцця местаў рэгіёна, які б інтэграваў вынікі нацыянальных даследаванняў і зрабіў унёсак у заходнюю гістарычную навуку (23–24).

У раздзеле 2 (29–49) даследчык разглядае гістарыяграфію пытання і крыніцы, выкарыстаныя пры напісанні кнігі. Аўтар паслядоўна паказвае асноўныя дасягненні, недахопы і ідэалагічны падтэкст разыходжанняў прац нямецкіх, польскіх, расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў XIX — пачатку XXI ст. (п. 2.1). Пры гэтым ён падкрэслівае, што беларускія месты аказаліся вывучанымі лепш, чым месцкія паселішчы Украіны, бо ўкраінскія даследчыкі з самага пачатку разумелі мінулае сваёй краіны галоўным чынам як гісторыю казацтва (32–33).

Як адзначае К. фон Верт, яго праца грунтуецца пераважна на апублікаваных крыніцах (44). Найбольш багатым комплексам друкаваных матэрыялаў могуць пахваліцца Львоў і Полацк (для XV ст.), якім у гэтым сэнсе значна саступаюць Вільня, Кіеў, Віцебск, Магі лёў і іншыя месты. Правядзенне даследаванняў ускладняецца тым, што захавалася толькі нязначная частка ў пераважнай большасці позніх актавых кніг магдэбургій рэгіёна, а запісы кніг Метрыкі ВКЛ рэдка сягаюць часу раней за 1480-я г. Кепскі стан захавання дакументальнай спадчыны местаў Беларусі і Украіны змушае даследчыка пры апісанні значных адрэзкаў часу абапірацца амаль выключна на нарматыўныя крыніцы, якія паказваюць стан рэчаў, што існаваў у тэорыі, а не на практыцы (47–49).

Пры разглядзе крыніц К. фон Верт выказвае меркаванне, што ўсе найбольш істотныя дакументы па гісторыі местаў рэгіёна даследавання са складу Метрыкі ВКЛ ужо апублікаваныя (46). З гэтым сцверджаннем мы не можам пагадзіцца. Метрыка налічвае каля 600 актавых кніг пераважна вельмі значнага аб’ёму, і „глыбінныя” пласты гэтага фонду па-ранейшаму застаюцца вывучанымі слаба. У 2006–2007 г. намі былі прагледжаны ўсе кнігі запісаў і судных спраў Метрыкі, якія датуюцца часам да 1654 г. Пры гэтым быў выяўлены шэраг раней невядомых істотных матэрыялаў па гісторыі местаў Падзвіння (пацвярджальны прывілей Суражу на віцебскае права 1576 г. з дадаткам пастаноў, якіх няма ў апублікаваных версіях дакумента; сведчанне 1582 г. пра наданне віцебскага права Веліжу; прывілей Уле на магдэбургскае права 1648 г.; дэкрэт Жыгімонта Вазы 1611 г., які раскрывае рэальную сістэму выбараў полацкімі мяшчанамі канфесійных частак магістрата[1], і інш.). Матэрыялы, якія не датычылі гісторыі Падзвіння, намі ўвогуле не браліся пад увагу, і можна ўпэўнена сцвярджаць, што патэнцыял неапублікаваных кніг Метрыкі ў вывучэнні гісторыі местаў Украіны і Беларусі яшчэ далёка не вычарпаны.

У раздзеле 3 (51–151) К. фон Верт спрабуе прасачыць працэс урбанізацыі абшару Рутэніі згодна з яго падзелам на гістарычныя рэгіёны. Ён слушна адзначае, што ў Рутэніі наяўнасць нямецкага месцкага права не можа служыць выключным фактарам пры вызначэнні паселішча як места. Такім крытэрыем аўтар прызнае права населенага пункта на рынкавы гандаль (54).

Даследчык пачынае агляд з заходніх ускраін рэгіёна. Раней за іншыя землі ў працэс унутрыеўрапейскай каланізацыі ўключылася Чырвоная Русь. Сляды нямецкіх каланістаў і нямецкага права тут прасочваюцца з другой паловы XIII ст. І хоць першыя дакладныя звесткі пра наданне магдэбургскага права Саноку адносяцца да 1339 г., можна ўпэўнена сцвярджаць, што абшчыны на нямецкім праве існавалі ва Уладзіміры, Львове і Перамышлі задоўга да гэтай даты (56–58). Пасля ўключэння Чырвонай Русі ў склад Польшчы прывілеі атрымала большасць местаў рэгіёна. Мэтай польскіх манархаў была інтэграцыя далучаных земляў у склад каралеўства. Гэтаму служыла заснаванне новых местаў на нямецкім праве і яго наданне ўжо існуючым паселішчам. Пасля 1434 г., калі ў Чырвонай Русі было ўведзена польскае права, значна павялічылася колькасць мястэчак, заснаваных шляхтай (59–62). Па шчыльнасці размяшчэння месцкіх паселішчаў рэгіён хут ка зраўняўся з Польшчай, але так і застаўся тэрыто рыяй малых і вельмі малых местаў. Для сярэдзіны XVII ст. К. фон Верт асцярожна ацэньвае долю месцкага на сельніцтва Чырвонай Русі ў 25–30% (67–68).

Адметнасцю Падляшша, як адзначае даследчык, з’яўляецца тое, што ў XV ст. тут атрымала шырокае распаўсюджанне хэлмінскае права. У перыяды знаходжання рэгіёна ў складзе Мазовіі абшчыны на гэтым праве, якія ахоплівалі толькі каталікоў, з’явіліся ў большасці старажытнарускіх „гарадоў” Падляшша. Пасля 1444 г. разам са зменай дзяржаўнай прыналежнасці мазавецкая парадыгма развіцця местаў была заменена літоўскай. Вялікія князі пачалі надаваць месцкім паселішчам рэгіёна звычайнае для ВКЛ магдэбургскае права. Іх наданні адрасаваліся ўсяму насельніцтву места, што дазволіла адысці ад сегрэгатыўнай сістэмы і стварыць адзіныя месцкія абшчыны (72–73). Другой асаблівасцю працэсаў урбанізацыі Падляшша было тое, што нават у XVII ст. каралеўскіх местаў і мястэчак тут было значна болей, чым прыватных (74, 76).

Наступны гістарычны рэгіён Рутэніі, вылучаны К. фон Вертам, — гэта ВКЛ у межах пасля 1569 г. У адрозненне ад Чырвонай Русі і Падляшша ён не знаходзіўся ў прамым кантакце з лацінскай Еўропай. Акрамя таго, у складзе ВКЛ апынуўся шэраг былых сталіц старажытнарускіх удзельных княстваў з уласнымі прававымі традыцыямі (77).

У працэсах урбанізацыі ВКЛ даследчык умоўна вылучае тры асноўныя этапы. Першы з іх ён датуе часам ад Крэўскай уніі да смерці Вітаўта. Пасля заключэння уніі вярхоўныя ўлады ВКЛ імкнуліся зрабіць сваю краіну як мага больш падобнай да Польшчы. Менавіта гэтым можна патлумачыць наданне ў 1387 г. магдэбургскага права Вільні па прыкладзе Кракава. На думку аўтара, яно было намінальным, паколькі не ішло гаворкі пра аўтаномію і самакіраванне жыхароў сталіцы. Нямецкае права атрымалі таксама Бярэсце ў 1390 г., Горадня ў 1391 г., Коўна ў 1408 г. і Трокі да 1413 г. (80–81). Часта яно надавалася не ўсім жыхарам места, а толькі каланістам каталіцкага веравызнання, пры дапамозе якіх улады ВКЛ спадзяваліся ўзмацніць гаспадарчы патэнцыял дзяржавы. Адыход ад сегрэгатыўнай сістэмы пачаўся толькі пасля смерці Вітаўта (83–84).

Сумненні выклікае ўказаны даследчыкам год надання магдэбургскага права Горадні. Беларускі гісторык Ю. Гардзееў пераканаўча даказаў, што гэтая дата (якой мы таксама раней прытрымліваліся) з’явілася ў выніку гіс та рыяграфічнага казусу, а места на самай справе атрымала нямецкае права толькі ў 1496 г.[2].

Другая стадыя працэсаў урбанізацыі ВКЛ, паводле К. фон Верта, прыпала на перыяд панавання вялікіх князёў Казіміра і, асабліва выразна, Аляксандра Ягелончыкаў. Афармленне ўпрывілеяванага становішча шляхецкага саслоўя, перанос гандлёвых шляхоў і ўзрастанне эка наміч нага значэння местаў паўночнай часткі ВКЛ пасля захо пу Ноўгарада войскамі Івана III, узброеныя кан флік ты з Маскоўскай дзяржавай і фіскальныя ін та рэсы гаспадарскага скарбу былі тымі фактарамі, якія вы значалі месцкую палітыку ўладаў ВКЛ гэтага часу (91). Дзяржаўная адміністрацыя спрабавала ўзмацніць месцкія паселішчы як гандлёвыя і мытныя цэнтры і шчод рай рукой раздавала ім пры-вілеі, якія часта мелі для местаў свой кошт у выглядзе штогадовых аплат за карыстанне магдэбургскім правам (89). У ходзе другога этапу магдэбургскае права было занесена далёка на ўсход ВКЛ. Яго атрымалі Полацк (1498), Мінск (1499) і іншыя месты (91–92). Як адзначыў даследчык, прывілеі Аляксандра Ягелончыка Віцебскай (1503) і Смаленскай (1505) землям таксама можна разглядаць як месцкія, бо яны адрасаваліся ўсяму насельніцтву зямлі, у тым ліку і мяшчанам (91).

Трэці этап урбанізацыі ВКЛ, вылучаны К. фон Вертам, характарызуецца карэннай перапрацоўкай зямельных адносінаў і паўстаннем на ўсёй тэрыторыі дзяржавы густой сеткі мястэчак. Першыя звесткі пра інвестыцыі шляхты ў заснаванне паселішчаў гэтага тыпу датуюцца 80-мі г. XV ст. Але сапраўдны бум месцкай каланізацыі ВКЛ прыпаў на другую палову XVI ст. Ён адбываўся на фоне правядзення „валочнай памеры” (1557), якая спрыяла манетызацыі эканамічных адносінаў (п. 3.3.3). На думку аўтара, стварэнне сеткі гарадскіх паселішчаў было інтэгральнай часткай аграрнай рэформы, а вялікі князь і шляхта разглядалі мястэчкі перш за ўсё як сродак атрымання прыбыткаў (100).

Крыстаф фон Верт адзначае, што ў XVI ст. у ходзе рэфармавання зямельных адносінаў амаль усе буйныя дзяржаўныя месты ВКЛ атрымалі магдэбургскае права (на ўсходзе краіны гэты працэс адбываўся са значным спазненнем). У той жа час мястэчкі зазвычай не карысталіся месцкім правам. Толькі каля 7% „лакацый” у ВКЛ было звязана з наданнем магдэбургскага права (104). Згодна з ацэнкай аўтара, у сярэдзіне XVII ст. доля месцкага насельніцтва ВКЛ складала каля 15%, але ўсяго 20–30% мяшчан жыло ў паселішчах з колькасцю жыхароў больш за 1 тысячу чалавек (108).

Па словах К. фон Верта (106), ён змясціў усе найбольш значныя месты ВКЛ, якія да сярэдзіны XVII ст. атрымалі магдэбургскае права, на карце № 8 (105). Але прапанаваная карціна не можа быць поўнай без уліку местаў Смаленшчыны, якія ў першай палове XVII ст. былі пераведзены на нямецкае права. Застаецца толькі пашкадаваць, што аўтар цалкам вывеў Смаленскае ваяводства ВКЛ па-за геаграфічныя рамкі сваёй працы.

Апошні рэгіён Рутэніі, які, на думку даследчыка, быў зонай непрамых і другасных кантактаў лацінскай і праваслаўнай Еўропы, складаецца з трох гістарычных частак — Валыні, Украіны і Падолля (109).

Заходняе Падолле з Камянцом, які ў 1374 г. атрымаў магдэбургскае права, у канцы XIV ст. увайшло ў склад Польшчы. У XVI ст. тут паўстала сетка мястэчак, але ініцыятыва стварэння асноўнай іх часткі з прычыны пастаяннай небяспекі татарскіх набегаў сыходзіла ад дзяржавы (110).

Астатнія землі рэгіёна да 1569 г. знаходзіліся ў скла-дзе ВКЛ. К. фон Верт піша, што тут існавала значная колькасць паселішчаў гарадскога характару, аднак рэальнымі цэнтрамі гаспадарчага жыцця да пачатку XVI ст. былі толькі Луцк, Уладзімір і Кіеў (117–118). Нямецкае права пранікла на валынска-ўкраінскую прастору дастаткова рана. Вядома, што ў пачатку XIV ст. арганізаваная па заходніх узорах абшчына існавала ва Уладзіміры. У 30–40-я г. XV ст. структуры такога тыпу паўсталі ў Луцку (1432), Крамянцы (1438) і Жытоміры (да 1444). На думку даследчыка, у гэтых выпадках наданні нямецкага права былі звязаны з барацьбой паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам, якія спрабавалі перацягнуць на свой бок месты рэгіёна, але цяжка сказаць, у якой ступені новыя парадкі былі ўведзены ў жыццё. Адпаведна ў 1497 і 1494–1498 г. Аляк-сандр Ягелончык надаў магдэбургскае права Луцку і Кіеву (119–120).

Як адзначыў аўтар, на Валыні шляхта пачала ўкладаць сродкі ў стварэнне мястэчак яшчэ ў канцы XV ст. Пік актыўнасці ў гэтым накірунку прыпаў на гады да і пасля Люблінскай уніі, калі мясцовым феадалам неабходна было спыніць адток людзей у месты Польшчы, дзе апошнія асядалі на значна лепшых умовах (122–124). У сярэдзіне XVII ст. доля месцкага насельніцтва Валыні магла набліжацца да 30% (126).

У дачыненні да працэсу ўрбанізацыі Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў у першай палове XVI ст., вельмі слаба асветленага крыніцамі, аўтар выказвае меркаванне, што ён працякаў прыкладна так, як і на Валыні (126). Люблінская унія 1569 г. дала новы імпульс унутранай каланізацыі Украіны, але сама гэтая каланізацыя стала інструментам экспансіі магнатаў (136). Наданне нямецкага права ў 80–90-я г. XVI ст. Корсуні, Праяславу і Чыгірыну было звязана з неабходнасцю ўзмацнення абароназдольнасці неспакойных паўднёва-ўсходніх межаў Рэчы Паспалітай (128). Да асаблівасцяў працэсаў урбанізацыі Украіны К. фон Верт адносіць таксама наступныя з’явы: канцэнтрацыю насельніцтва ў мястэчках, што было адзіным спосабам выжыць ва ўмовах частых татарскіх набегаў, і сезонныя ваганні колькасці жыхароў месцкіх паселішчаў, размешчаных на мяжы са стэпам (132–133).

Аўтар прыходзіць да высновы, што ў сярэдзіне ХVII ст., калі ў асобных частках Нідэрландаў, Італіі, Францыі і Нямеччыны доля месцкага насельніцтва дасягала 50–60%, Рутэнія працягвала заставацца адным са слаба ўрбанізаваных рэгіёнаў Еўропы (151).

У раздзеле 4 (152–249) К. фон Верт спрабуе прасачыць развіццё камунальных інстытутаў і права местаў Рутэніі ў ходзе працэсаў урбанізацыі. Ён падкрэслівае, што гэтае пытанне не можа разглядацца выключна праз прызму распаўсюджвання нямецкага права на землі сучасных Украіны і Беларусі, бо тут на працягу стагоддзяў суіснавалі розныя гісторыка-генетычныя тыпы месцкіх паселішчаў (154). Услед за Юліушам Бардахам даследчык вылучае два асноўныя іх тыпы: 1) места без ці, дакладней, да надання магдэбургскага права („burgstadt”); 2) места на магдэбургскім праве (159). Варта адзначыць, што з пункту гледжання такіх універсальных крытэрыяў феномена места, як мультыфункцыянальнасць ці сацыяльная дыферэнцыяцыя насельніцтва, аўтар не знаходзіць прынцыповых адрозненняў паміж імі (254). К. фон Верт паслядоўна разглядае два „ідэальныя” тыпы і спрабуе адказаць на пытанне, ці існавалі ў Рутэніі так характэрныя для Заходняй Еўропы месты ў форме аўтаномнай камунальнай абшчыны (159–160).

Пад тэрмінам „burgstadt” даследчык разумее той гісторыка-генетычны тып места, які развіўся з пасялення купцоў і рамеснікаў пад сценамі „бурга” (гэта — старажытнарускі город ці польскі grod у атачэнні пасадаў). Пераход да раннемесцкіх формаў у такім сацыяльным арганізме адбываецца тады, калі паселішча перастае быць выключна дапаможным прыдаткам „бурга” і становіцца гандлёвым цэнтрам сваёй акругі (160). Да гэтага тыпу адносілася большасць местаў Рутэніі, што засталіся ВКЛ і Польшчы ў спадчыну ад Кіеўскай Русі.

Далей К. фон Верт спрабуе прасачыць эвалюцыю ўнутранага ладу „бургштата” ў XV ст. на прыкладзе канкрэтнага населенага пункта. На яго думку для вырашэння пастаўленай задачы лепш за ўсё падыходзіць дамагдэбургскі Полацк, які з’яўляецца тыповым „бургштатам” і можа пахваліцца адносна добрай базай крыніц гэтай эпохі. Акрамя таго, у Полацку дастаткова рана адбылося станаўленне абшчыны з выразнымі камунальнымі рысамі (163).

Даследчык адзначае, што рэгіянальны земскі прывілей гарантаваў Полацку шырокую аўтаномію ў складзе ВКЛ і абараняў традыцыйнае старажытнарускае адзінства „горада” і зямлі. Адрасатамі гэтага дакумента з’яўляліся не толькі баяры, але, безумоўна, з моманту вылучэння з масы свабоднага насельніцтва, і мяшчане Полацка. Аўтар падрабязна аналізуе змены і дапаўненні, унесеныя ў тэкст Полацкага земскага прывілея ў 30–40-я г. XV ст., і прыходзіць да высновы, што пасля гэтых рэдакцый дакумент прадугледжваў для мяшчан правы, падобныя да баярскіх (164–168). Сведчаннем паступовага вылучэння мяшчан Полацка ў асобную сацыяльную групу, на думку К. фон Верта, з’яўляецца тое, што ў 40–60-я г. XV ст. яны ў шэрагу выпадкаў вялі перапіску з уладамі Рыгі без удзелу баяраў (172).

Аўтар слушна падкрэслівае значэнне падзей 1463 г., звязаных з увядзеннем васковай пячаткі, у справе афармлення асобнай мяшчанскай абшчыны і выказвае меркаванне, што ў Полацку яшчэ да надання магдэбургскага права мог існаваць войт, які ажыццяўляў уладу і суд у сферы гандлю (172–173). Чарговы этап сацыяльнай дыферэнцыяцыі насельніцтва Полацка быў звязаны з падзеямі 1486 г., калі баяры перасталі браць удзел у выплаце агульных падаткаў і фактычна выйшлі з калектыву „бургштата”, а мяшчане і іншыя катэгорыі насельніцтва ў адказ на гэта пачалі вырашаць месцкія справы без іх удзелу (173–174). Такім чынам, як адзначае даследчык, на працягу XV ст. полацкія баяры (земляўласнікі) і мяшчане (купцы) паступова разыходзіліся паміж сабой у сацыяльным і прававым плане. У ходзе гэтага працэсу мяшчане пачалі ствараць такія сепаратныя інстытуты, як васковая пячатка, асобныя сходы, дзясятнікі (177).

З некаторымі акцэнтамі, расстаўленымі аўтарам у гэтай частцы працы, нам цяжка пагадзіцца. Так, К. фон Верт схіляецца да высновы, што ў выпадку з полацкім земскім прывілеем меў месца не працяг традыцыі заключэння палачанамі дамоваў з удзельнымі князямі, а першасная аднабаковая дэлегацыя ім суверэнітэту з боку вялікага князя Вітаўта (165). На наш погляд, даследчык недаацэньвае ролю традыцыі полацкай дзяржаўнасці. У любым выпадку, палітычна-прававая аўтаномія Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ, гарантыяй якой быў прывілей, не можа разглядацца ў катэгорыях „падарунка” гаспадара сваім падданым. Вітаўт паслядоўна праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і не дзяліўся ўладай, калі для гэтага не было сур’ёзных прычын. Хутчэй за ўсё, дакумент, які ўтрымліваў і захоўваў асноўныя палажэнні полацкага права, мог з’явіцца ў выніку кампрамісу паміж вялікім князем і мясцовым грамадствам.

Аўтар не бачыць генетычнай сувязі паміж старажытнарускім вечам і агульнымі сходамі палачан літоўскай эпохі, згаданымі ў дэкрэце 1486 г. Ён невысока ацэньвае ролю такіх сходаў ва ўнутраным жыцці „бургштата” XV ст. (174–175). Сапраўды, у святле захаваных крыніц цяжка скласці пра іх цэльнае ўяўленне. Аднак пэўныя аналогіі можна знайсці ў вельмі падобным на Полацк дамагдэбургскім Віцебску. Да нашага часу дайшлі дзве ўхвалы (1531 і 1551), прынятыя віцебскім сходам-соймам, у працы якога ўдзельнічалі як баяры-шляхта, так і мяшчане. Яны былі складзены на полацкі ўзор і прысвечаны ўмовам утрымання землеўладальнікамі „пахожых” сялян[3]. Дакументы кнігі 228 Метрыкі ВКЛ сведчаць пра выкарыстанне Ухвалы 1531 г. і яшчэ аднаго мясцовага віцебскага закона (Ухвалы пра забарону захоўваць прыстасаванні для лоўлі баброў) у паўсядзённай судовай практыцы[4]. Пакінем пытанне пра пераемнасць паміж вечам і полацкім сходам XV ст., бо захаваныя крыніцы ўсё роўна не дазволяць выйсці за рамкі дапушчэнняў. Адзначым толькі, што абласны сход, які распрацоўваў і прымаў мясцовыя законы, мусіў адыгрываць ва ўнутраным жыцці места і зямлі значную ролю.

Далей К. фон Верт спрабуе прасачыць паходжанне інстытута войтаўства, які ў шэрагу „бургштатаў” Рутэніі з’явіўся задоўга да ўвядзення магдэбургскага права. Даследчык адзначае, што полацкі і віцебскі земскія прывілеі прадугледжвалі аўтаномны суд над мяшчанамі ў гандлёвых справах, і ў сувязі з гэтым звяртае ўвагу на па саду „гарадскога цівуна”, якая не ўваходзіла ў склад замкавай адміністрацыі. Існаванне такой пасады, на яго думку, было саступкай купецтву (182–183). Аўтар мяркуе, што войтаўства магло развіцца з цівунства, прычым каталізатарам афармлення гэтага інстытута сталі спецыяльныя патрэбы гандлёва-рамеснага насельніцтва (184). Заўвагі К. фон Верта адносна ролі цівуноў у жыцці Полацка вельмі істотныя, але зробленае ім абагульненне часткова грунтуецца на яўнай памылцы. На самай справе абедзве прыведзеныя ім цытаты пра „гарадское цівунства” (спас. 115, с. 182) паходзяць з тэксту прывілея Полацкай зямлі. У віцебскім прывілеі такая пасада ўвогуле не згадваецца[5]. Такім чынам, для дамагдэбургскага часу мы можам упэўнена казаць толькі пра існаванне цівунства ў Полацку і войтаўства (з 80-х г. XV ст.) у Віцебску.

Даследчык звяртае ўвагу на абмежаваны характар паўнамоцтваў войтаў дамагдэбургскіх местаў і адзначае, што яны вельмі рэдка станавілася выбарнымі органамі, легітымнасць якіх выводзілася не толькі ад вярхоўнай улады (186). Нягледзячы на гэта, такія войтаўствы з’явіліся падмуркам фармавання аўтаномных прававых акруг гарадоў Рутэніі (190).

Аўтар спрабуе акрэсліць, якім чынам у шэрагу „бургштатаў” развіліся асобныя мяшчанскія абшчыны і свае ўласныя сістэмы месцкага права. Яго ўвагу прыцягваюць Орша і Віцебск, дзе старажытныя парадкі ўтрымаліся да канца XVI ст.

Даследчык падрабязна разглядае прававое становішча насельніцтва дамагдэбургскай Оршы і адзначае, што ў 1559 г. тут адбылося аб’яднанне мяшчан у ка му ну, замацаванае прысягай удзельнікаў. Прычынай заключэння „саюзу” стала імкненне аптымізаваць кіраванне маёмасцю места ва ўмовах, калі значны аб’ём павіннасцяў негатыўна ўплываў на яго гаспадарчае жыццё.

Каб стабілізаваць становішча, мяшчане зафіксавалі на паперы крыніцы прыбыткаў сваёй абшчыны. Акрамя таго, грамада абрала войта і 6 прадстаўнікоў мяшчан, якія павінны былі распараджацца фінансамі і складаць справаздачы перад насельніцтвам (191–192). На думку аўтара, такая сістэма самакіравання была кардынальна зменена ў 1593 г. пры правядзенні ў Оршы валочнай памеры. Гаспадарскія рэвізоры прызначылі новага войта, які быў падпарадкаваны замкавай адміністрацыі, і чатырох сотнікаў. К. фон Верт піша, што ўстава 1593 г. цалкам пазбавіла войта судовых паўнамоцтваў і вывела з яго кампетэнцыі нават справы пра месцкія землі (195). Апошняе сцверджанне даследчыка з’яўляецца памылковым, бо ў тэксце дакумента гаворыцца літаральна адваротнае: „…межу на волокахъ къ месту помераныхъ, и застенковъ, и на сеножатехъ местскихъ, и о испашу, и о страву войтъ местский осудить”[6]. Войт павінен быў аддаваць палову судовых аплат велікакняскаму намесніку, але рашэнні ў падобных справах прымаў менавіта ён. Такім чынам, абмежаванне юрысдыкцыі войта, калі яно мела месца, было далёка не такім значным.

Даследчык звяртае ўвагу на тое, што праз год пасля атрымання магдэбургскага права (1620) аршанскія мяшчане склалі ўласны статут. Яго крыніцамі паслужылі нормы з судовай практыкі Кракава і Вільні, артыкулы Статута ВКЛ 1588 г. і ўласны вопыт аршанцаў. Дзейнасць мяшчан, на думку К. фон Верта, сведчыць пра жывучасць аршанскіх традыцый (196).

Далей аўтар пераходзіць да разгляду сістэмы месцкага права, якая склалася і функцыянавала ў Ві цебску. Ён адзначае, што віцебскі земскі прывілей прадугледжваў шырокі набор правоў для мясцовых баяр і мяшчан. Самі „местичи” — знак сацыяльнай і прававой дыферэнцыяцыі грамадства — з’явіліся ў Віцебску ў сярэдзіне XV ст., а ўжо ў канцы стагоддзя на чале іх абшчыны стаяў войт.

Паступовае разыходжанне інтарэсаў баяр і мяшчан прывяло да напружанасці ў адносінах паміж гэтымі сацыяльнымі групамі і вострага канфлікту 1541 г. (196–197). Аўтар выказвае меркаванне, што вярхоўныя ўлады ВКЛ зацвердзілі асобны статут для віцебскіх мяшчан яшчэ да 1555 г., але гэты дакумент не захаваўся і ніколі не быў апублікаваны (198). Даследчык аналізуе асноўныя нормы віцебскага месцкага права на падставе прывілеяў Суража (1570) і Улы (1577). Ён адзначае, што гэта права набыло ўстойлівыя формы і ў гатовым выглядзе імпартавалася ў іншыя месцкія паселішчы (198–199). К. фон Верт упэўнена гаворыць пра існаванне „ўласнага віцебскага месцкага права ці нават невялікай віцебскай сям’і месцкага права” (200).

Старонкі працы, прысвечаныя віцебскаму праву, пакідаюць прыемнае ўражанне. Аўтар добра разумее і апісвае сутнасць з’явы, але яго высновы ў некалькіх выпадках патрабуюць удакладненняў. Першае з іх тычыцца дакумента, які легітымізаваў уласную мадэль месцкага права ў самім Віцебску. Насуперак сцвярджэнню К. фон Верта, тэкст крыніцы захаваўся і быў некалькі разоў апублікаваны яшчэ ў дарэвалюцыйны час[7]. Гэта прывілей Жыгімонта Аўгуста віцебскім мяшчанам ад 6 чэрвеня 1561 г., які добра вядомы даследчыку (спас. 178, с. 198). Згаданыя вышэй прывілеі Суража (1570) і Улы (1577) былі створаны ў выніку перапрацоўкі і мадэрнізацыі тэксту гэтага дакумента[8].

Акрамя таго, у сваёй працы аўтар не закранае адной вельмі істотнай акалічнасці: тое, што галоўнай павіннасцю мяшчан на віцебскім праве была прэстыжная конная вайсковая служба. Да таго ж, у выпадку самога Віцебска вярхоўныя ўлады ВКЛ фактычна зраўнялі мяшчан у правах і абавязках з мясцовай шляхтай. Прывілей 1561 г. гарантаваў ім такія ж правы і вольнасці, „яко и князи, и бояре тамошъние <…> вживають”[9]. Можна сказаць, што віцебскія мяшчане, якія атрымалі амаль шляхецкі набор правоў, удзельнічалі ў працы мясцовага сходу-сойма і выконвалі рыцарскую службу, апынуліся нават у больш прывабных умовах, чым насельніцтва замкнутых у рамках аўтаноміі местаў на магдэбургскім праве. Бліжэйшай аналогіяй Віцебску другой паловы XVI ст. можа служыць прыклад польскага Плоцка, дзе ў 1237 г. мяшчанам былі нададзены правы мазавецкага рыцарства[10].

На думку К. фон Верта, насельніцтва „бургштатаў” Рутэніі паступова стала нагадваць заходняе мяшчанства. Там, дзе жыхары места атрымалі магчымасць распараджацца агульнай маёмасцю, з’явіліся камунальныя інстытуты, прызваныя кіраваць ёю, а ў Віцебску была створана нават уласная сістэма месцкага права. Аднак, як адзначае даследчык, пра камуналізм у „бургштаце” можна весці размову толькі часткова, бо тут не да канца вытрымліваюцца прынцыпы суверэнітэту і аўтаноміі мяшчанскай абшчыны ў адносінах да палітычнага і сацыяльнага атачэння (203–204).

Аўтар пераходзіць да разгляду магдэбургскіх местаў рэгіёна і спрабуе высветліць, у якім аб’ёме яны карысталіся камунальным суверэнітэтам. На прыкладах Магілёва, Кіева, Полацка і Львова ён намагаецца прасачыць, у якіх абставінах нямецкае права ўводзілася ў буйных местах Рутэніі і якімі элементамі камунальнага ладу характарызаваліся створаныя тут магдэбургіі (п. 4.3.1). Даследчык прыходзіць да высновы, што ў канцы XV — пачатку XVI ст. новыя парадкі ўваходзілі ў жыццё местаў Беларусі і Украіны з вялікімі цяжкасцямі. Спробы пашырыць суверэнітэт прававой мяшчанскай абшчыны на ўсю тэрыторыю места сутыкаліся з кансалідаванай пазіцыяй інстытутаў земскага кіравання, для якіх аўтаномія мяшчанства азначала матэрыяльныя страты, і актыўным супраціўленнем свецкіх і духоўных феадалаў, якія валодалі нерухомасцю на тэрыторыі „бургштата” (222).

Адносіны паміж абшчынай і ўладамі з’яўляюцца паказчыкам таго, у якой ступені яна здолела рэалізаваць свой камунальны суверэнітэт. У сувязі з гэтым пад пільную ўвагу аўтара трапляе пасада войта. Ён адзначае, што толькі асобныя магдэбургскія месты заходняй часткі Рутэніі здолелі так ці інакш паставіць войтаўства пад свой кантроль. На тэрыторыі Польшчы гэта ўдалося зрабіць мяшчанскім абшчынам Львова і Камянца-Падольскага, а ў ВКЛ — Камянца і Бельска (224–225). У большасці магдэбургій ВКЛ і Украіны пасада войта знаходзілася ў цеснай сувязі з органамі дзяржаўнага кіравання. Гэта было абумоўлена саступкамі на карысць велікакняскіх намеснікаў (Полацк, Віцебск) і неабходнасцю ўтрымання беспасярэдняга кантролю над насельніцтвам местаў, якія мелі важнае стратэгічнае і вайсковае значэнне (Дзісна, Бар). Даследчык нават лічыць магчымым казаць пра адметны „віленскі” тып войтаўства, шырока распаўсюджаны ў ВКЛ (226).

Для рэгіёна даследавання XIV — першай паловы XVII ст. К. фон Верт вылучае чатыры тыпы войтаўстваў. Першы з іх функцыянаваў у местах, дзе мяшчанская абшчына здолела інкарпараваць войтаўства, другі — дзе мяшчане мелі права прапаноўваць уладам кандыдатаў на гэтую пасаду, трэці — у паселішчах, дзе войт-шляхціч замяшчаў сабе лентвойтам, а чацвёрты — там, дзе гаспадарскія намеснікі ажыццяўлялі першасныя функцыі войта на ўмовах персанальнай уніі пасад (228–229). Аўтар прыходзіць да высновы, што магдэбургіі Рутэніі толькі ў асобных нешматлікіх выпадках здолелі рэалізаваць аўтаномію ў адносінах да ўладаў дзяржавы (229).

Даследчык таксама спрабуе вызначыць, у якой ступені магдэбургскія месты рэгіёна канстытуяваліся з боку саміх мяшчанскіх абшчын. Ён піша, што барацьбу мяшчан за свае прывілеі можна бачыць ужо на прыкладах Кіева і Полацка пачатку XVI ст. З другой паловы XVI ст. паходзяць звесткі пра вялікую зацікаўленасць саміх мяшчан у атрыманні адметнага прававога статусу. Просьбы да ўладаў дзяржавы пра наданне магдэбургскага права паходзілі ад мяшчанскіх абшчын Дзісны, Полацка (пасля 1579), Магілёва, Віцебска і іншых местаў (230–231). Такім чынам, у канцы XVI ст. магдэбургскае права стала не толькі інструментам велікакняскай палітыкі, але і аб’ектам, авалодаць якім намагаліся многія месцкія паселішчы (231). К. фон Верт таксама адзначае, што еўрапейскі прынцып „месцкае паветра робіць вольным” далёка не заўсёды выконваўся ў Рутэніі (п. 4.3.2.3), а шматлікія царкоўныя і шляхецкія юрыдыкі дэзынтэгравалі ўнутраную прастору местаў Рэчы Паспалітай (п. 4.3.2.4).

На думку даследчыка, галоўная прычына ўзнікнення цяжкасцяў пры ўвядзенні магдэбургскага права ў местах Рутэніі — тое, што тут пераважна мела месца не заснаванне новых паселішчаў, а пераўтварэнні ў старых цэнтрах з моцнымі ўласнымі традыцыямі (248).

Нягледзячы на асобныя заўвагі, кніга Крыстафа фон Верта заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Аўтар упершыню ў гістарыяграфіі стварыў цэльны вобраз эвалюцыі ўнутранага ладу местаў былой Кіеўскай Русі, што апынуліся ў складзе ВКЛ і Каралеўства Польскага. Вельмі істотна тое, што змены ў жыцці местаў Украіны і Беларусі паказаны даследчыкам у кантэксце агульнаеўрапейскіх працэсаў урбанізацыі і ўнутранай каланізацыі.

Рэцэнзент выказвае падзяку Дзмітрыю Ходзьку і Наталлі Шаркуновай за дапамогу ў перакладзе кнігі з нямецкай мовы.


[1] Літоўская Метрыка. Спр. 56, арк. 89адв.–92; спр. 67, арк. 247адв. –248; спр. 125, арк. 330–331; спр. 292, арк. 261–262адв.
[2] Гардзееў Ю. Заўвагі да праблемы даследаванняў гісторыі Гародні (на падставе выдання серыі „Памяць”. Гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна. Мінск, 1999) // Гістарычны альманах. 2002. Т. 6. С. 192–193.
[3] Варонін В. Заканатворчая дзейнасць віцебскіх абласных з’ездаў у першай палове XVI ст. (на прыкладзе ўстаў аб „пахожых” сялянах 1531 і 1551 г.) // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV–XVIII ст. Мінск, 2008. С. 55–57.
[4] Судебная книга витебского воеводы, господарского маршалка, волковыского и оболецкого державцы М. В. Клочко. 1533–1540 (Литовская Метрика. Кн. № 228. Книга судных дел № 9) / [публ. подгот. В. А. Воронин, А. И. Груша, И. П. Старостина, А. Л. Хорошкевич]. Москва, 2008. С. 69, 74, 359.
[5] Макараў М. Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча местаў Беларускага Падзвіння ў XIV — першай палове XVII ст. Мінск, 2008. С. 155.
[6] Літоўская Метрыка. Спр. 77, арк. 633; Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою Комиссиею. Т. 1. С.-Петербург, 1865. С. 253.
[7] Витебская старина / сост. и изд. А. П. Сапунов. Т. 1. Витебск, 1883. С. 61–67; Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1910. С. 367–371.
[8] Макараў М. Ад пасада да магдэбургіі… С. 85–91.
[9] Тамсама. С. 91–93, 187.
[10] Wyrozumski J. Dzieje Polski piastowskiej (VIII wiek — 1370). Krakow, 1999. S. 200, 202.
Наверх

Тэгі: , , ,