Głogowska, Helena. Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki (Валянцiна Грыгор’ева)
GŁOGOWSKA HELENA. Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki. Białystok. 1996. 238.
Беларуская гiстарыяграфiя да гэтага часу так i не звярнула належнай увагi на праблему развiцця нацыянальнай культуры пад час I сусветнай вайны i ў першае дзесяцiгоддзе пасля яе. Нейкiм чынам гэта знаходзiць сваё апраўданне: складаны перыяд, складанасцi з крынiцамi. А калi i звярталiся да мiнулага Беларусi гэтага гiстарычнага перыяду, то гiсторыкi вылучалi на першы план больш важкiя, на iх погляд, праблемы: вайна, акупацыя, бежанства, палiтычныя працэсы. Культура, як гэта было i ў жыццi, i не толькi ў гэты трагiчны для Беларусi час, адсоўвалася на апошнi план. А часцей, як гэта назiралася ва ўсiх абагульняючых працах, ёй зусiм не хапала месца i ўвагi. Вось чаму з’яўленне кнiгi, прысвечанай гiсторыi беларускай культуры ў 1914 — 1929 г., заслугоўвае самай высокай па-хвалы i пiльнай увагi гiсторыкаў.
Няма нiчога дзiўнага ў тым, што да гiсторыi Беларусi зноў звяртаюцца польскiя даследчыкi. Бо, як слушна пiша аўтар кнiгi, гiстарычныя лёсы Беларусi i Польшчы цесна сплялiся, i не толькi праз змены межаў, але i праз фармаванне двух народаў i iх культур. Аўтар ставiць перад сабой даволi складаную задачу: разгледзець культурнае развiццё Беларусi, абуджэнне самасвядомасцi беларусаў у кантэксце агульных тэндэнцый еўрапейскай цывiлiзацыi. I гэты падыход дазваляе разглядаць гiстарычны працэс у Беларусi не iзалявана, а як складовую частку агульнаеўрапейскага гiстарычнага працэса. Падыход, можа, i не зусiм нечаканы для беларускай гiстарыяграфii, але, пагодзiмся, даволi новы i неабходны.
Даследаванне Алены Глагоўскай увабрала ў сябе многiя добрыя традыцыi, характэрныя для польскай гiстарыяграфii наогул: грунтоўная навуковая база, кампазiцыйная стройнасць працы, лагiчнасць i даходлiвасць выкладання матэрыялу. Аўтар не пакiдае па-за сваёй увагай нi лiтаратуру, выдадзеную ў Савецкай Беларусi ў 20-я г., нi даследаваннi беларускiх аўтараў больш позняга перыяду, у тым лiку i сучасныя. Не ўпершыню звяртаецца да праблем беларускай гiсторыi першай паловы XX ст. i польская гiстарыяграфiя. Хаця лiтаратуры, прысвечанай гэтаму перыяду, не вельмi шмат, але ёсць сярод яе i манаграфiчныя творы (J.Turonek. Białoruś pod okupacią niemiecką. Warczawa — Wrocław, 1989; M. Rudzińska-Froelichova. Uwagi nad literatura białoruska. W-wa, 1936 i iнш.) i навуковыя артыкулы (A.Derugo, J. Golabek, E. Maliszewski i iнш.). Пэўная ўвага надаецца творам, што выдавалiся ў розныя гады ў беларускiх эмiграцыйных колах Заходняй Еўропы i Амерыкi: V.Seduro. The Byelorussian Theater and Drama. New York, 1955; A.Adamowich. Oposition to Sovietization in Belorussian Literature (1917 — 1975). New York. 1958; U. Hłybinny. Dola bielaruskaje kultury pad Sowietami. München, 1958 i iнш.
Абапiраючыся на дакументальныя крынiцы (зборнiкi дакументаў, матэрыялы архiваў г. Мiнска i Вiльнi), успамiны сучаснiкаў падзей, аўтар змог аб’ектыўна ацанiць усё тое, што было апублiкавана яе папярэднiкамi, незалежна ад iх партыйнай прыналежнасцi, месца знаходжання, адносiн да аналiзуемых праблем. Яна знаходзiць памiж гэтымi, часта палярнымi, пунктамi погляду сваё бачанне праблемы, iмкнучыся, i не беспаспяхова, каб яно адпавядала гiстарычным рэалiям. Свае думкi i высновы аўтар не навязвае чытачу, а проста распавядае, як iшоў той цi iншы працэс, дае магчымасць дасведчанаму чытачу самому знаходзiць гiстарычную праўду.
Праца насычана лiчбамi, прозвiшчамi, падзеямi. Але гэта не абцяжарвае ўспрымання матэрыялу. Статыстычныя дадзеныя згрупаваны ў 27 таблiцах, што дазваляе аўтару больш наглядна i абгрунтавана выкладаць свае пазiцыi. Праца мае паказальнiк iмёнаў, поўны спiс выкарыстанай лiтаратуры i архiў-ных крынiц па праблеме, дапаўняецца фотаiлюстрацыямi. Несумненна, што праца А.Глагоўскай «Białoruś. 1914-1929: Kultura pod presją polityki» павiнен заняць адпаведнае месца ў гiстарыяграфii Беларусi першай паловы XX стагоддзя i па-трабуе перакладу на беларускую мову.
Менск
Валянцiна Грыгор’ева