БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Віталь Скалабан (5.08.1947 — 20.08.2011)

20 жніўня ў Мінску на 65-м годзе пасля цяжкай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі гісторык, энцыклапедыст, архівіст, загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Віталь Скалабан. Ён нарадзіўся ў 1947 г. у вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і, дзе вітаў дух гісторыі і краязнаўства. Хутчэй за ўсе ад бацькі, вясковага настаўніка, гісторыка і краязнаўцы да Віталя перайшло захапленне мінулым Беларусі, якое стала яго жыццём і прафесіяй.

Як прафесійны гісторык і, галоўнае, як даследчык гісторыі Беларусі ён сфармаваўся ў колішнім Ленінградскім універсітэце, які скончыў у 1970 г. Калі мы толькі пазнаёміліся, а гэта было больш за 20 гадоў таму, я не ведаў, чаму ён так цёпла, з настальгічнымі ноткамі ўзгадваў Ленінград-Пецярбург. Пазней зразумеў. Гэта было юнацтва, студэнцтва, далучэнне да беларушчыны, вернасць якой ён пранёс праз усё жыццё. Менавіта там ён пазнаёміўся з вядомым дзеячам беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху Яўсеем Канчарам і пачаў вывучаць гісторыю Усебеларускага з’езда 1917 г. як падзею, што значна паўплывала на фармаванне дзяржаўнасці Беларусі. Увогуле тэма дзяржаўнасці была адной са стрыжнёвых у яго даследчыцкіх планах і пошуках. Намнога пазней, ужо ў час „перабудовы”, у Мінску, калі быў зняты грыф сакрэтнасці з фонду Беларускай Народнай Рэспублікі, В. Скалабан упершыню ў некалькіх нумарах „Беларускага гістарычнага часопіса” надрукаваў пратаколы Усебеларускага з’езда, а ў 2010 г. мемуары Я. Канчара. Яны паказваюць, якім няпростым і пакручастым быў шлях да дзяржаўнасці. Тэме дзяржаўнасці, толькі ўжо на савецкай аснове, прысвечаны зборнік дакументаў „Временное рабоче-крестьянское советское правительство Белоруссии” (2005), які не страціў сваёй актуальнасці і цяпер і ў падрыхтоўку якога дзядзька Віталь унёс шмат энергіі, сіл, часу. Тэму дзяржаўнасці закранала і яго кандыдацкая дысертацыя „Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918 — сакавік 1919 г.”, якую ён абараніў у 1987 г., ужо будучы вопытным, прафесійным даследчыкам.

Дзяржаўнасць для яго была не абязлічанай. Ён добра разумеў, хто і як рабіў гісторыю. Дзякуючы яго намаганням і пошукам сёння мы можам даведацца больш пра постаці Ф. Шантыра, Ф. Турука, У. Фальскага, А. Вазілы, У. Ігнатоўскага ды іншых грамадска-палітычных дзеячаў. На ўдакладненне звестак з асабістага, грамадскага, палітычнага жыцця той ці іншай асобы ён ніколі не шкадаваў часу. Шукаў нашчадкаў праз знаёмых, інтэрнэт, ладзіў з імі перапіску і быў вельмі задаволены, калі яму дасылалі ўспаміны, нейкія дакументальныя сведчанні ці якую іншую інфармацыю. У дачыненні да людзей для яго не было дробязяў.

Для яго станаўлення як гісторыка, энцыклапедыста вялізную ролю адыграла праца ў выдавецтве „Беларуская энцыклапедыя” імя П. Броўкі, дзе ён пачаў працаваць як рэдактар, а потым быў загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі. Менавіта энцыклапедыя дала яму магчымасць пашырыць гарызонты, пазнаёміцца з вучонымі, журналістамі, пісьменнікамі, выдаўцамі, дзеячамі мастацтва, кіна- і тэлерэжысёрамі, палітыкамі, якія сталі потым яго суаўтарамі, знаёмымі, сябрамі, аднадумцамі, калегамі.

На мой погляд, стыль В. Скалабана сфармавала энцыклапедыя, з яе патрабаваннямі лаканізму, дакладнасці вызначэнняў, праверкі фактаў, падзей. Дзядзька Віталь ніколі не гнаўся за кідкай фразай, не намагаўся ўразіць чытача ажурнасцю і хітраспляценнем думак, высокімі словамі. Аднак у гэтым знешнім лаканізме і прагматызме адчувалася і пульсавала ўнутраная напружанасць думкі і доўгія пошукі аднаго, але самага неабходнага і патрэбнага слова, адной, але знешне і ўнутрана завершанай фразы, абзаца і ўсяго тэксту. Такі стыль ён называў „прыгожым пісьменствам” і заўсёды вельмі паважліва і ўдумліва ставіўся да кожнага слова, кожнага радка.

Захапленне прыгожым пісьменствам прывяло яго да драматургіі. Я памятаю, які рэзананс у Мінску выклікала яго дакументальная драма „У жніўні 36-га”, пастаўленая ў фармаце „тэатра п’есы” на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў лістападзе 2002 г. Напэўна, з таго часу ні адна пастаноўка не збірала столькі людзей. Маленькі тэатр не змясціў усіх ахвотнікаў, давялося прыстаўляць крэслы… Гэта была спроба паказу гісторыі тэатральнымі сродкамі. Эпізод з жыцця класікаў (Янкі Купалы і Якуба Коласа), адлюстраваны ў п’есе — гэта драма ў айчыннай гісторыі і гісторыя ў драме. Віталь Скалабан заўсёды адзначаў, што ў Нацыянальным архіве знаходзяцца матэрыялы, якіх хопіць на дзясяткі такіх драм, трэба толькі ўбачыць, прыйсці і ўзяць. Але не кожны знойдзе і не кожны ўбачыць…

На 60-годдзі Віталя Скалабана Адам Восіпавіч Мальдзіс, віншуючы юбіляра, назваў яго „Рыцарам беларускай архівістыкі”. Аднак чаму толькі архівістыкі? Архівістыка, архівы, архіўная справа, якой ён прысвяціў апошнія гады свайго жыцця — гэта толькі невялічкі, але мо адзін з найбольш плённых і, на жаль, апошніх этапаў жыцця і працы дзядзькі Віталя. Ён не толькі сам працаваў, але і яго супрацоўнікі працавалі і раслі прафесійна. Прафесійныя архівісты заўсёды бачылі і адзначалі бездакорную археаграфічную апрацоўку тэкстаў, зробленую В. Скалабанам, што сведчыць пра яго высокі прафесіяналізм. Дзясяткі зборнікаў дакументаў, архіўныя і міжархіўныя даведнікі выкананы на высокім археаграфічным узроўні. Прычым яны выйшлі за межы дакументаў толькі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Расійскія, украінскія, нямецкія архівісты і гісторыкі дасылалі дакументы ў запланаваныя да выдання зборнікі „пад Скалабана”, таму яны маюць высокі навуковы ўзровень і шырока вядомыя ў Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Нямеччыне, Ізраілі.

Віталь Скалабан спрычыніўся і да адраджэння навуковага краязнаўства, фактычна знішчанага ў Беларусі ў 1930-я г., стаў адным з заснавальнікаў і актыўным аўтарам „Краязнаўчай газеты”, выношваў канцэпцыю „Беларускай энцыклапедыі краязнаўства”.

Гісторык, архівіст, энцыклапедыст, драматург, літаратуразнавец Віталь Скалабан ні ў савецкі час, ні ў час „перабудовы”, ні ў апошнія гады не вагаўся, на якой мове пісаць, думаць, размаўляць. Гэты яго стрыжань, цвёрдасць, перакананасць у тым, што „будам жыць”, а таксама тое, што зроблена гэтым чалавекам, яскрава характарызуюць „Рыцара беларускай архівістыкі”.

Анатоль Вялікі

Тэгі: