Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII w. (Уладзімір Падалінскі)
Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII wieku. Materiały XVIII konferencji Komisji Lituanistycznej przy Komitecie Nauk Historycznych PAN w dniach 22–23 września 2009 roku / Pod red. URSZULI AUGUSTYNIAK i ANDRZEJA ZAKRZEWSKIEGO. Warszawa: Wydawnictwo Neriton, 2010. 197 s.
Рэцэнзаванае выданне з’яўляецца зборнікам рэфератаў, агучаных на міжнароднай навуковай канферэнцыі, арганізаванай Інстытутам гісторыі права Варшаўскага ўніверсітэта, Гістарычным інстытутам Варшаўскага ўніверсітэта і Інстытутам гісторыі Поль скай акадэміі навук. Удзельнікі канферэнцыі з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны сканцэнтравалі ўвагу перадусім на аналізе дзейнасці найважнейшых сфераў шляхецкага самакіравання ў Рэчы Паспалітай — павятовых соймікаў і судаводстве. Разгледжаны і шляхецкія канфедэрацыі на землях Вялікага Княства Літоўскага.
Першая частка зборніка (4 тэксты) прысвечана пар ла-менцкай практыцы ў Кароне Польскай і Вялікім Княс тве. І. Хаіньска-Міка (Варшава) акрэслівае най важ нейшыя даследчыя праблемы ў вывучэнні па вя то вых соймікаў Кароны ў XVI–XVII ст. (13–23). Раз гле джаны не толькі праблемы, што ўжо закраналіся ў гіс тарыяграфіі, але і вызначаны новыя патэнцыйныя накірункі даследавання. На думку аўтара, гэта выданне крыніц (у т. л. і ў электронным выглядзе ў сеціве), вы вучэнне сойміка і як грамадскага інстытута, і як месца прэзентацыі сацыяльна-палітычных поглядаў шляхты, аналіз працэдуры працы (напр., спосаб абрання паслоў, дэбаты, прыняцце ўхвалаў), адлюстраванне кантактаў соймікаў з мяшчанствам і паміж самімі соймікамі ў розных рэгіёнах краіны. Актуальнай застаецца прабле матыка, звязаная непасрэдна са шляхтай, якая ўдзель нічала ў сойміках: даследаванне палітычных, суседска-сваяцкіх, кліентальных сувязяў лакальных парламентарыяў, вызначэнне шляхецкіх лідараў і груп уплыву, іх актыўнасці і ступені самастойнасці. Для лепшага разумення сацыяльна-палітычных пра цэ саў у Рэчы Паспалітай прапануецца звярнуцца да вывучэння стасункаў на ўзроўнях „пасол — выбарцы” і „соймік — сойм”. Заклікае аўтар і вярнуцца да планаў падрыхтоўкі слоўніка парламентарыяў Рэчы Паспалі тай (20). Асабліва хацелася б адзначыць ідэю наконт аналізу месца сойміка ў сістэме сацыяльнай камунікацыі між лакальнымі супольнасцямі і цэнтральнай уладай (points of contact, 23). І хоць І. Хаіньска-Міка падкрэслівае, што яе рэфлексіі датычаць толькі каронных соймікаў (13), але, на нашу думку, фактычна ўсе з прапанаваных даследчых накірункаў надзвычай актуальныя і для вывучэння павятовых соймікаў Вялікага Княства Літоўскага. Павятовым соймікам, як арганізацыйнай форме грамадскага (публічнага) жыцця Вялікага Княства ў часы панавання першых Вазаў, прысвечаны артыкул вы біт нага польскага гісторыка Г. Віснэра (25–33). Раз-глядаюцца пытанні іерархіі соймікаў, працэдуры іх склікання і працы, месца правядзення паседжанняў, складу і колькасці ўдзельнікаў. Не застаецца па-за ўвагай даследчыка спосаб прыняцця соймікавых ухвалаў і шляхі іх рэалізацыі непасрэдна на сойме. На заканчэнне коратка ахарактарызаваны такі палітычны інстытут, як Галоўны соймік Вялікага Княства Літоўскага (32).
У артыкуле Робертаса Юргайціса (Вільня) робіцца спроба праз характарыстыку дзейнасці сойміка Віленскага павета ў 1717–1795 г. паказаць карэляцыю шля-хецкага парламентарызму і самакіравання (35–53). Аўтар не звязвае інстытут павятовых соймікаў выключна з дзейнасцю сойма Рэчы Паспалітай, а паказвае, што паступова крышталізаваліся новыя функцыі соймікаў, якія на лакальным узроўні канцэнтравалі найважнейшыя паўнамоцтвы шляхецкага самакіравання. Пры гэтым розныя віды соймікаў падзяляюцца на два тыпы: звязаныя з парламентарызмам (перадсоймавыя, перадканвакацыйныя, перадэлекцыйныя, рэляцыйныя) і з самакі раваннем (элекцыйныя, гаспадарчыя і трыбунальскія). На аснове статыстычных метадаў даследавання Р. Юргайціс аналізуе інтэнсіўнасць дзейнасці віленскага сойміка (працягласць соймікавых сесій, перыядычнасць і час іх правядзення), на якую непасрэдна ўплывала функцы янаванне такіх інстытутаў, як сойм і Галоўны Трыбунал. У выніку робіцца да волі важная выснова, што ў дзейнасці сойміка Віленскага павета значна пераважалі функцыі шляхецкага самакіравання, а ўзмацненне тэндэнцый самакіравання ў дзейнасці соймікаў было звязана з больш інтэнсіўнай дзейнасцю сойма і якасным скачком у развіцці парламентарызму Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. (52). Безумоўна, цікава было б праверыць па доб ныя высновы на матэрыяле соймікаў з іншых рэгіёнаў Вялікага Княства. Заўважым, што асобная ўвага аддадзена месцу віленскага сойміка ў іерархіі павятовых соймікаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (38–42). Самы аб’ёмны матэрыял зборніка належыць беларускаму даследчыку Андрэю Радаману (Мінск) і прысвечаны шляхецкаму самакіраванню ў Новагародскім ваяводстве ў 1565–1632 г. (55–103). Пасля кароткага агляду пытанняў, звязаных з месцам правядзення соймікаў Новагародскага, Слонімскага і Ваўкавыскага паветаў, колькасцю іх удзельнікаў і кіраўнікамі паседжанняў, аўтар пераходзіць непасрэдна да вывучэння сфераў шляхецкага самакіравання. Перадусім на аснове шырокай базы крыніц аналізуюцца ваенныя, гаспадарчыя, судовыя і адміністрацыйныя функцыі мясцовых соймікаў. Падрабязна разглядаецца дзейнасць элекцыйных і дэпутацкіх соймікаў. Важна, што атрыманыя звесткі дазволілі А. Радаману збольшага адлюстраваць асабісты склад лакальнай палітычнай эліты, яе палітычную і прававую культуру, шляхі кар’ернага росту. На думку аўтара, характэрнымі рысамі палітыка-прававой культуры мясцовай шляхты (прынамсі, яе палітычна актыўнай часткі) былі павага да права і даволі высокія патрабаванні да маральных якасцяў і ўзроўню адукацыі лідараў рэгіянальных шляхецкіх эліт (97). Вельмі важнай падаецца і выснова пра тое, што частка сярэдняй шляхты Новагародскага павета не хацела быць проста кліентэлай магнатаў, а прэтэндавала на самастойную ролю ў палітычным жыцці (101). Сапраўды, ужо наспела неабходнасць на сучасным узроўні даследаваць пытанне аб існаванні самастойнага шляхецкага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVI — пачатку XVII ст. і паставіць пад сумнеў тэзу аб выключна пасіўнай ролі сярэдняга і дробнага шляхецтва Вялікага Княства ў тагачасных грамадска-палітычных працэсах.
Наступны блок даследаванняў (таксама 4 тэксты) закранае практыку судаводства ў Рэчы Паспалітай. Эва Дубас-Урвановіч (Беласток) разглядае кароннае судаводства ў час першых двух бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (107–117). На яе думку, у часы першага бескаралеўя (1572–1574) узніклыя канфедэрацыі і каптуровыя суды былі найперш выражэннем клопату шляхты аб унут ранай бяспецы і сведчаннем яе здольнасці да самаарганізацыі ў крызісны момант (110, 112). А ўжо на каранацыйным сойме Генрыха Валуа ў 1574 г. быў прапанаваны праект рэформы судовай сістэмы ў Кароне Польскай. Прычым аўтар падкрэслівае генетычную сувязь дадзенага праекта з ідэямі экзекуцыйнага руху, асабліва ардынацыі 1563 г., аснову якіх складала імкненне стварыць вышэйшую судовую інстанцыю, незалежную ад караля. Для другога бескаралеўя (1574–1576) ужо было характэрна распаўсюджанне сярод шляхты планаў грунтоўнай судовай рэформы (114). Згод на з Э. Дубас-Урвановіч, першыя бескаралеўі мелі надзвычайнае значэнне для паглыблення дыскусіі пра стан правасуддзя ў краіне. Матэрыялы, сабраныя ў артыкуле, датычаць выключна каронных земляў. Аднак хочацца спадзявацца, што і ў беларускай гістарыяграфіі актывізуюцца даследаванні, прысвечаныя ідэям ды праектам рэформы судаводства Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI ст. Крыху іншы погляд на ідэі рэфармавання судовай сістэмы ў Рэчы Паспалітай прапануе Наталля Старчанка (Кіеў) (119–132). Укра-інская даследчыца ставіць даволі правакацыйнае пытанне: а ці сапраўды валынская шляхта ў канцы XVI ст. патрабавала выпраўлення судаводства? На падставе аналізу дзейнасці судоў Валынскага ваяводства ў часы першых трох бескаралеўяў аўтар спрабуе вызначыць асаблівасці развіцця канфліктаў у мясцовым шляхецкім грамадстве і месца судовых ды пазасудовых механізмаў у іх улагоджанні. Н. Старчанка выступае з гіпотэзай, што грунтоўная рэформа судовай сістэмы была ідэалістычным праектам, які нават у выпадку рэалізацыі неабавязкова мусіў змяніць сітуацыю у судаводстве (123). Справа ў тым, што, на думку даследчыцы, афіцыйныя суды выконвалі функцыю свайго роду „тэатра” (proscenium) для прававога прызнання пазіцыі кожнага з бакоў канфлікту, бо на самай справе спрэчкі паміж шляхтай вырашаліся праз палюбоўныя суды (123, 131). Важнай падаецца і прапанова наконт неабходнасці пераацэнкі погляду пра неправавы характар шляхецкага грамадства ранняга Новага часу (131). Рэферат Віялеты Зялецкай (Торунь) прысвечаны разгляду судовых спраў аб спадчыне паміж блізкімі сваякамі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIII ст. (133–142). Адна з пастаўленых задач — далейшае падрабязнае даследаванне праблемы ўдзелу жанчын у наследаванні па бацьку і іх рэальны ўдзел у распараджэнні нерухомай маёмасцю (142). Мэтай артыкула Томаша Цясельскага (Аполе) стаў падрабязны паказ механізмаў выкарыстання Вялікіх (Галоўных) і Скарбовых Трыбуналаў Кароны Польскай і Вялікага Княства ў палітычнай барацьбе ў 1740-я г. (143–172). Асаблівая ўвага аддадзена падзеям 1749 г., калі ўпершыню ў Рэчы Паспалітай дайшло да зрыву новага Вялікага Трыбуналу ў Кароне.
Нарэшце, у асобную частку зборніка вылучаны артыкул літоўскай даследчыцы Р. Шмігельскітэ-Стукене (Вільня), прысвечаны складу і сферы дзейнасці лакальных органаў канфедэрацыі Вялікага Княства Літоў скага ў 1792–1793 г. (175–189). У выніку аналізу персанальнага складу лакальных канфедэрацый Вялікага Княства робіцца выснова, што большасць іх кіраўніцтва належала да павятовай палітычнай эліты і быў распаўсюджаны прынцып выбарнасці ўраднікаў. Праўда, фактычна не разгледжана, наколькі свабоднымі ад знешняга (расійскага) уплыву былі гэтыя выбары. Што датычыць паўнамоцтваў мясцовых канфедэрацый, то, як добра паказала Р. Шмігельскітэ-Стукене, яны выконвалі судовыя, фіскальныя і адміністрацыйна-паліцэйскія функцыі.
Вызначаны аб’ём дадзенай рэцэнзіі абумовіў яе даволі аглядны характар. Разам з тым спадзяемся, што мы падштурхнулі спецыялістаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, бліжэй пазнаёміцца са зместам рэцэнзаванага выдання. Высокі навуковы ўзровень усіх матэрыялаў, змешчаных у зборніку, адназначна дазваляе назваць яго важкім унёскам у вывучэнне сацыяльна-палітычнай гісторыі Рэчы Паспалітай XVI–XVIII ст.
Мінск
Уладзімір Падалінскі